Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Вучэбна-метадычнае аб’яднанне вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь па гуманітарнай адукацыі зацвярджаю

Вид материалаДокументы

Содержание


3.1. Літаратура XIX ст. – якасна новы этап у развіцці нацыянальнай літаратуры.
3.2. УКРАІНСКАЯ ЛІТАРАТУРА ПЕРШАЙ ПАЛавіны ХІХ ст.
3.2.2. Украінскі рамантызм.
Віктора  Забіли
3.2.3. Творчасць Тараса Шаўчэнкі.
Подобный материал:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13

3.1. Літаратура XIX ст. – якасна новы этап у развіцці нацыянальнай літаратуры.


Паняцце новай украінскай літаратуры і яе вызначальныя рысы. Кантэкст эпохі. Перыядызацыя. Літаратурныя напрамкі і іх сінкрэтызм

Асноўныя заканамернасці развіцця літаратурнага працэсу ў XIX стагоддзі, літаратурна-эстэтычныя напрамкі. Значэнне літаратурнай крытыкі, гістарычнай і літаратуразнаўчай думкі, іншакультурных уплываў.

Агульнаеўрапейскія тэндэнцыі і нацыянальная спецыфіка: травесційнасць класіцызму, фрагментарнасць сентыменталізму, асветніцкі кампанент і жыццесцвярджальнасць у рамантызме, «натуральная школа» ў рэалізме і інш. Фалькларызм літаратуры, асаблівасці жанравых мадэляў. Сувязь літаратуры з грамадскім і нацыянальна-адраджэнскім рухам. Роля перыядычных выданняў у арганізацыі літаратурнага жыцця краіны.

3.2. УКРАІНСКАЯ ЛІТАРАТУРА ПЕРШАЙ ПАЛавіны ХІХ ст.



3.2.1. Украінскі класіцызм.

Асаблівасці функцыянавання ўкраінскага класіцызму ў літаратуры. Аспрэчванне ўскладненай сістэмы эстэтычных ідэалаў Барока, роднаснасць з Рэнесансам, Антычнасцю.

Асноўны эстэтычны ідэал класіцызму – краса і веліч. Рацыяналізм, нарматыўнасць, рэгламентацыя ў мастацтве і ў літаратуры. Закон трох адзінстваў у драматургіі. Тэорыя трох стыляў, патрабаванні яснасці, чысціні, афарыстычнасці мовы. Іерархія жанраў (дыдактычная паэма, ода, байка, сатыра). Жанры нізкія і высокія. Арыентацыя ва ўкраінскай літаратуры пераважна на нізкія жанры (найчасцей у паэзіі). Найбольш значныя прадстаўнікі ўкраінскага класіцызму: І.Котляревский, П. Гулак-Артемовський, Г. Квітка-Основ’яненко.

Асветніцтва як ідэйны рух XVIII – пачатку XIX ст., яго светапоглядная платформа (ідэя эвалюцыі грамадства шляхам маральна-этычнага прасвятлення, культ «разумнага чалавека», вера ў сілу розуму і асветы, сцвярджэнне каштоўнасці першаснага, прыроднага стану, супрацьстаянне чалавека сацыяльнага і чалавека этычнага, прыроднага). Роля універсітэтаў у Львове, Кіеве, Харкаве, Нежынскай гімназіі вышэйшых навук. Літаратурна-мастацкія часопісы «Харьковский Демокрит», «Украинский вестник», «Украинский журнал», альманахі «Утренняя звезда», «Запорожская старина», «Ластівка», «Сніп», «Молодик», «Русалка Дністровая». Ацэнка літаратурнага працэсу А. Бадзянскім, М. Максімовічам, М. Кастамаравым, І. Вагілевічам, Я. Галавацкім. Уплыў Французскай рэвалюцыі, напалеонаўскіх войнаў на актывізацыю вызваленчых рухаў ва ўсходне- і заходнеўкраінскіх землях.

Асветніцкі рэалізм і свядомая арыентацыя на масавага чытача, устаноўка на мастацкую праўду, на паказ канкрэтнага жыцця ў яго будзённых праявах. «Чалавек з народа» як асноўны аб’ект мастацкага асэнсавання і звязаная з гэтым аднабаковасць мастацкага паказу. Сувязь літаратуры з фальклорнай эстэтыкай і народным светаўспрыняццем.

Бурлескна-травестыйная паэзія. “Енеіда” і “Пісня на Новий 1805 рік” як узоры жанраў і нормаў украінскай вершаванай літаратуры 10–30 гадоў ХІХ ст. “Енеїда” і наследаванні: этнаграфічны матэрыял у паэмах П. Білецького-Носенка “Горпинида” (1818), Степана Александрова “Вовкулака” (1848); разважальны гумар у творы Порфирія Кореницькаго “Вечорниці” (30 – 40-я гг.); адступленне ад бурлескнага камізму ў творы Якова Кухаренка “Харко, запорозький кошовий”, гістарычнае напаўненне паэмы (пачатак 40-х гадоў). Агульнае і адметнае з «Энеідай» І. Катлярэўскага. Пераспеў старагрэчаскай пародыі «Батрахаміямахія» ў паэме К. Думитрашка “Жабомишодраківка”.

Побытава-этнаграфічная драматургія пад уплывам традыцыі
І. Катлярэўскага. Оперы П. Котлярова “Любка, або сватання в селі Рихмах” (1835), Я. Кухаренка “Чорноморський побит” (1836), С. Писаревського “Купала на Івана” (1838), К. Тополинського (Тополі) “Чари” (1834).

Іван Котляревський (1769 – 1838). Творчая біяграфія пісьменніка, удзел у грамадскім і культурным жыцці Украіны. Праца над паэмай “Енеїда”, аўтарская задума, гісторыка-палітычны падтэкст, элементы класіцыстычнай паэтыкі. Гісторыя публікацыі твора, бытаванне ў рукапісных версіях, пазнейшыя рэдакцыі (1798 – 1842). Бурлеск і травестацыя, іх сувязь з жанравымі асаблівасцямі твора. Фалькларызм твора як адна з праяваў мастацкага рэфарматараства І. Катлярэўскага. Прырода смеху ў паэме. Патрыятызм, сацыяльная тэндэнцыйнасць, народнасць, аптымізм твора. Вершаваны памер, моўнае багацце.

Гісторыка-літаратурнае значэнне “Пісні на новий 1805 год пану нашому і батьку князю Олексію Куракіну ” (1804). Маральна-этычная пытанні.

І. Катлярэўскі – пачынальнік новай украінскай драматуріі. Асаблівасці жанру “Наталки Полтавки” (1819) як «маларасійскай оперы». Характар драматычнага дзеяння, сістэма вобразаў-персанажаў, сацыяльная скіраванасць твора і сутнасць сатыры. Сцэнічнае жыццё твора, опера М. Лысенкі “Наталка Полтавка” (1889).

Москаль-чарівник” (1819) – першы вадэвіль украінскай драматургіі XIX ст. Маральна-этычныя і грамадска-палітычныя праблемы ў творы.

Роля творчасці І. Катлярэўскага ў развіцці ўкраінскай драматургіі.

І. Катлярэўскі і Беларусь. “Енеїда” і беларуская «Энеіда навыварат». Наталка Полтавка і беларуская драматургія: творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы (тыпалагія жанру, мастацкіх прыёмаў).

Петро Гулак-Артемовський (1790 – 1865). Станаўленне пісьменніка, асветніцкая дзейнасць у Харкаўскім універсітэце. Літаратурная дзейнасць: пераклады з Дж. Мільтана, Ж. Расіна, Гарацыя, пераклады з Бібліі. Байкі П. Гулака-Артамоўскага і баечная традыцыя еўрапейскай літаратуры. Функцыі сцвярджэння, высмейвання і запярэчання ў байках. Гулак-Артамоўскі і Красіцкі.

Балады «Твардоўскі» і «Рыбак». П. Гулак-Артамоўскі і А. Міцкевіч. Сувязь балад з народнай творчасцю і заходнееўрапейскай літаратурай.

Євген Гребінка (1812 – 1848). Педагагічная, выдавецкая дзейнасць, супрацоўніцтва з перыядычнымі выданнямі. Літаратурная слава байкапісца, асаблівасці жанру байкі. Традыцыі народнай сатыры, засваенне творчага вопыту Г. Скаварады, І. Катлярэўскага, П. Гулака-Артамоўскага. Творчасць на ўкраінскай і рускай мовах: “Очи черные”, “Човен”, “Українська мелодія”. Паэмы па фальклорных матывах, паэтызацыя мінулага: “Богдан”, “Гетьман Свирговський”, “Украинский бард”.

Сцвярджэнне пазіцый «натуральнай школы» ў апавяданнях і аповесцях Зборнік “Рассказы пырятинца” (1837), уплыў гогалеўскіх «Вечеров на хуторе близ Диканьки». Гістарычныя творы – аповесці “Нежинский полковник Золотаренко” (1842), раман “Чайковский” (1843).

Григорій Квітка-Основ’яненко (1778 – 1843). Біяграфічныя звесткі пра пісьменніка і яго ўдзел у грамадскім і культурным жыцці Харкава. Роля ў арганізацыі часопісаў «Украинский вестник», «Украинский Демокрит», «Украинский журнал».

Квітка-Аснаўяненка – пачынальнік прозы ў новай украінскай літаратуры. Жанравы і ідэйна-тэматычны спектр творчасці. Бурлескна-рэалістычныя аповесці і апавяданні. Апавяданні “Солдацький портрет” (1833) — сатыра на расійскую крытыку, што не прымала саму ідэю літаратурнай творчасці на ўкраінскай мове. “Мертвецький Великдень” (1834), “Ось тобі й скарб” (1834): фальклорныя элементы ў творах, паяднанне фантастыкі і рэальнасці, літаратурныя рэмінісцэнцыі.

Аповесць “Конотопська відьма” (1833). Нацыянальная самабытнасць і камізм як сцвярджальны пачатак. Перакрыжаванасць некалькіх сюжэтных ліній як кампазіцыйная асаблівасць твора.

Сентыментальна-рэалістычныя творы. Мінулае, сучаснасць і будучыня ў аповесці “Маруся” (1834). Маральна-этычныя інтэнцыі. Прынцып выпадковасці і спосабы фальклорнай (казкавай) тыпізацыі. Патрыятычная аснова твора. Аповесць “Сердешна Оксана”. Сугучнасць з паэмай Т. Шаўчэнкі «Кацярына». Новы тып жанчыны. Рысы псіхалагізму ў аповесці.

Раман “Пан Халявський” як узор сямейна-хранікальнага рамана з жыцця ўкраінскага грамадства ХVІІІ ст. Роля асветы і выхавання ў рамане, думкі аўтара пра неабходнасць змен у грамадстве. Эвалюцыя творчага метаду пісьменніка ў творы.

Квітка-Аснаўяненка – драматург. Пытанні магчымай творчай сувязі камедыі Гогаля «Рэвізор» з яго п’есай “Приезжий из столицы, или Суматоха в уездном городе” (1827). Дылогія пра Шальменку: крытычны пафас, набліжэнне да канцэпцыі народнага героя. М. Някрасаў пра твор. Опера “Сватання на Гончарівці” (1835). Традыцыі Катлярэўскага ў творы. Жанравыя асаблівасці камедыі. Гумар і гратэск у п’есе.

Роля Квіткі-Аснаўяненкі – пачынальніка ўкраінскай прозы ў дасягненнях украінскай літаратуры другой пал. ХІХ ст.


3.2.2. Украінскі рамантызм.

Рамантызм як з’ява сусветнага літаратурнага працэсу, умовы яго ўзнікнення і развіцця. Асноўныя рысы рамантызму як мастацкай сістэмы. Тыпалагічная суаднесенасць украінскага рамантызму з асноўнымі ідэйна-мастацкімі пазіцыямі сусветнай рамантычнай мастацкай сістэмы. Нацыянальныя асаблівасці. Культываванне нацыянальнага элементу ў тэмах і формах, узмацненне гістарызму ў літаратуры. Узбагачэнне жанравай палітры.

Асноўныя гурткі рамантычнай арыентацыі: харкаўская школа рамантыкаў, “Руська трійця”, Кірыла-Мяфодзіеўскае брацтва. Віды грамадска-культурнай дзейнасці, выдавецкая і народна-асветніцкая работа. Удзел украінскіх рамантыкаў у барацьбе за нацыянальнае самавызначэнне.

Пераклады з іншых літаратур. Украінская тэматыка ў рускай і польскай літаратурах як адзін з імпульсаў да арыгінальнай творчасці па-ўкраінску.

Фалькларызм украінскай рамантычнай літаратуры. Белетрызацыя народнапаэтычных сюжэтаў і матываў, спецыфічнае засваенне фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу ў прозе і драматургіі. Паяднанне прынцыпаў розных мастацкіх сістэм – рамантычнай, сентыменталісцкай, рэалістычнай.

Асаблівасці сентыменталізму ва ўкраінскай літаратуры, яго арганічная ўключанасць у літаратурны працэс і разам з тым неаформленасць у асобны літаратурны напрамак. Увага да псіхалогіі асабістасці, да ірацыянальных глыбінь душы. «Кордацэнтрычнае» адгалінаванне ў развіцці ўкраінскай філасофскай думкі, яго сувязь з развіццём літаратуры.

Харкаўская група рамантыкаў. Дзейнасць гуртка І. Срезневського (1812-1880). Філасофская канцэпцыя рамантычнай плыні ў А. Мятлінскага, М. Кастамарава, арыентацыя на ідэі Гегеля і Гердэра. Разуменне мовы як чынніка самабытнасці народа. Захапленне “Історією Русів” і народнымі думамі.

Амворосій Метлинський (1814 – 1870). Зборнік А. Мятлінскага (псеўд. Могила, 1814 – 1870) “Думки…” (1839). Спалучэнне элементаў асветніцкага рэалізму і рамантызму. Казацтва як эстэтычны ідэал. Прыёмы рамантычнага пісьма: кантраст, вобраз-сімвал. Трагізм сітуацыі. Дыдактычна-побытавая, пейзажная лірыка. Перакладчыцкая дзейнасць.

Микола Костомаров (1817 – 1885). Праца М. Кастамарава «Гістарычнае значэнне народнай паэзіі». Ранняя вершаваная творчасць пад псеўданімам Іерэмія Галка. Зборнікі “Українські балади” і “Вітка”. Мастацкае асэнсаванне мінуўшчыны, паэтычны антрапамарфізм, маральна-этычныя матывы ў баладах. Грамадзянскія матывы лірыкі. Драматычныя творы – першыя ўзоры гісторыка-рамантычнай драматургіі ў новай літаратуры. Драматычная паэма “Сава Чалий”, трагедыя “Переяславська ніч”. Зварот да шэкспіраўскіх і шылераўскіх традыцый. Дэкаратыўнасць гістарычнага фону, ускладненасць канфліктаў. Наследаванне народнай творчасці ў прозе. Імкненне да стварэння «поўнай літаратуры».

Левко Боровиковський (1806 – 1889). Апрацоўка жанру балады. Байранічны тып героя, рамантычныя антыноміі ў яго вершах. Абагульнены вобраз Украіны «казацкіх гадоў» як краіны ідэальных герояў. Жанравыя асаблівасці зборніка “Байки і прибаютки…” (1852).

Эстэтызацыя кахання ў рамантычнай лірыцы Віктора  Забіли (1808 – 1869) і Михайла Петренка (1817 – 1862). Лірызм душэўнага перажывання, сусветны сум як эмацыйны фон унутранага стану лірычнага героя. Культ пачуцця, касмічнае светаўспрыманне ў жанры раманса. В. Забіла: “Соловей”, “Гуде вітер вельми в полі”; М. Пятрэнка: цыкл “Небо”“Дивлюсь я на небо, тай думку гадаю…”.

Здабыткі харкаўскіх рамантыкаў як перакладчыкаў. Узнаўленні «Краледворскага рукапісу», твораў А. Міцкевіча, А. Пушкіна, В. Жукоўскага.

Галіцкая група рамантыкаў. Пачаткі нацыянальнага абуджэння ў Заходняй Украіне; рамантычны дух грамадскай і літаратурнай дзейнасці «Руської трійці» ў Львове. Альманах “Русалка Дністровая” (1837).

Фалькларыстычная, этнаграфічная, літаратурная, перакладчыцкая дзейнасць М. Шашкевіча, І. Вагілевіча, Я. Галавацкага. Іх арыгінальная творчасць: эпічна-гістарычная паэзія, пейзажная, інтымная лірыка. Паэтызацыя казацтва, ідэалізацыя народнага правадыра і яго ролі ў гісторыі. Светапоглядныя перадумовы рамантычнай творчасці галіцкіх пісьменнікаў.

Маркіян Шашкевич (1811 – 1843). Шматграннасць творчай спадчыны (паэт, празаік, публіцыст, крытык, перакладчык). М. Шашкевіч і «Руська трійця». Каларытны вобраз аўтара-патрыёта ў грамадзянскай лірыцы. Матывы нацыянальна-культурнага адраджэння. Эпічна-гістарычная паэзія: паэтызацыя казацтва, ідэалізацыя народнага правадыра і ягонай ролі ў гісторыі: “О Наливайку”, “Хмельницького обступленіє Львова”, “Болеслав Кривоустий під Галичем”. Вобраз лірычнага героя ў пейзажнай і інтымнай лірыцы як якасна новая рыса ўсёй украінскай паэзіі дашаўчэнкаўскага часу. Наватарства прозы пісьменніка: “Олена”, “Русланові псалми”. М. Шашкевіч як папярэднік Івана Франка.

Іван Вагилевич (1811 – 1866). Удзел у згуртаванні «Руська трійця», фалькларыстычная, этнаграфічная, літаратуразнаўчая і перакладчыцкая дзейнасць. Арыгінальная творчасць на ўкраінскай і польскай мове. Патрыятычны пафас, праблема правадыра і народа ў паэме “Мадей”. Фальклорна-казачныя элементы ў рамантычнай баладзе “Жулин і Калина”.

Яків Головацький (1814 – 1888). Роля Якава Галавацкага ў выданні “Русалки Дністрової”. Рамантычныя вершы, літаратуразнаўчыя і фальклорна-этнаграфічныя артыкулы ў альманаху “Вінок русинам на обжинки” (1846 – 1847). Прытчава-алегарычны верш “Весна”. Грамадска-культурны маніфест “Руський з руським пострічався” (частка верша “Братові з-за Дунаю”) і яго значэнне ў культурным аб’яднанні ўкраінскага народа.

Кіеўская група рамантыкаў. Эстэтычныя і светапоглядныя асновы дзейнасці.

Михайло Максимович (1804 – 1875) як этнограф, выданні зборнікаў народных песень (1827, 1834, 1848), іх уплыў на рамантычную літаратуру. Удзел М. Максімовіча, М. Кастамарава, П. Куліша, Т. Шаўчэнкі ў стварэнні Кірыла-Мяфодзіеўскага брацтва. “Книги буття українського народу” як ідэалагічная платформа братчыкаў. Іх асноўныя светапоглядныя канцэпцыі: вера ў будучыню («прачнуцца… славянскія народы… праўда і вера запануюць» – М. Кастамараў), народаўладдзе, федэратыўны саюз вольных славянскіх народаў. “Книги буття як калектыўны (ананімны) твор літаратурна-публіцыстычнага жанру, уплыў на яго мастацка-публіцыстычнай працы А. Міцкевіча «Кніга польскага народа і польскага пілігрымства».

Украінская тэма ў творчасці рускіх пісьменнікаў першай палавіны XIX ст. Гісторыя Украіны ў мастацкім асэнсаванні К. Рылеева: дума «Багдан Хмяльніцкі» (1822), паэмы «Вайнароўскі» (1824), «Налівайка» (1825). Байранічная паэма А. Пушкіна «Палтава». Гістарызм, этнаграфізм «украіназнаўчай» расійскай прозы: А. Сомаў, Я. Аладзьін, А. Пагарэльскі, В. Нарыжны, М. Кавалеўскі, М. Семянтоўскі, А. Шахоўскі і інш.

Польскія пісьменнікі-рамантыкі і ўкраінская літаратурная традыцыя. Аб’ектыўныя і тэндэнцыйныя падыходы да агульнай гісторыі двух народаў: гайдамацкі рух, Калііўшчына. Прысутнасць элементаў украінскай этнаграфіі, фальклору, народазнаўчыя апекты ў творах «Марыя» А. Мальчэўскага, «Замак Каніўскі» (1828) С. Гашчынскага, «Казацкіх аповесцях» (1837) М. Чайкоўскага, украінская мова ў творах Тымка (Хамы) Падуры і інш.

Казацкая рамантыка ў іншых літаратурах – славянскіх, французскай, нямецкай.

3.2.3. Творчасць Тараса Шаўчэнкі.

Тарас Шевченко (1814 – 1861) – геній Украіны, званар нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення ўкраінскага народу. Завяршэнне ў творчасці Шаўчэнкі працэсу станаўлення новай украінскай літаратуры, пачатак новай эпохі ў яе гісторыі. Шматграннасць творчай дзейнасці Шаўчэнкі: паэт, празаік, драматург, мастак. Творчасць Шаўчэнкі – якасна новы этап у развіцці ўкраінскага рамантызму. Дэмакратычныя прынцыпы творчасці Шаўчэнкі, роля паэта ў ідэйна-эстэтычнай барацьбе за нацыянальна-гуманістычныя асновы ўкраінскай літаратуры. Перыядызацыя творчасці. Значэнне спадчыны Шаўчэнкі для еўрапейскай літаратуры і культуры.

Ранні перыяд творчасці (1837 – 1843). Жыццё Шаўчэнкі да выкупу з прыгону, выкуп, навучанне ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Творчыя кантакты. “Кобзар” 1840 года. Тэма ролі паэта ў жыцці народа: “Думі мої”, “Перебендя”, На вічну пам’ять Котляревському” (1838). Канфлікт у пасланні “Думи мої, думи мої…” (1839), бытаванне твора ў народзе. Погляды ранняга Шаўчэнкі на паэзію ў творы “Перебендя”.

Матывы тугі і смутку ў ранніх лірычных творах: “Тече вода в синє море”, “Тяжко-важко в світі жити”. Жанр думкі ў творчасці паэта, яго наватарства, характар лірычнага персанажа ранніх думак. Асаблівасці прысвячэнняў і пасланняў. Верш “На вічну пам’ять Котляревському”; тэма роднай мовы і бацькаўшчыны ў творы.

Вершаваныя пасланні на гістарычныя тэмы (“До Основ’яненка”, “Н. Маркевичу”), вершы і героіка-рамантычныя паэмы (“Іван Підкова”, “Тарасова ніч”, “Гамалія”).

Перадумовы стварэння паэмы “Гайдамаки” (1841). Узвелічэнне масавага паўстанцкага руху; сістэма вобразаў у паэме і праблема народна-паэтычнай ідэалізацыі лёсу героя. Кампазіцыя твора. Ацэнкі паэмы ва ўкраінскім і замежным літаратуразнаўстве. Асаблівасці вобразнага мыслення Шаўчэнкі ў творах на гістарычную тэматыку

Наватарства Шачэнкі – аўтара балад “Причинна”, “Тополя”, “Утоплена”. Асаблівасці жанру балады ва ўкраінскай літаратуры ўвогуле і ў Шаўчэнкі – у прыватнасці.

Сацыяльна-бытавыя паэмы ранняга перыяду. Паэма “Катерина” (1838). Трактоўка маральна-этычных прынцыпаў народнага жыцця і аналіз грамадскіх абставін. Сістэма вобразаў у паэме. Гуманізм, нацыянальна-сацыяльныя абагульненні, драматызм сюжэта. Паэтыка твора.

Зварот пісьменніка да рускай мовы на пачатку 40-х гадоў XIX ст. у паэмах і драматычных творах. Паэма “Слепая”. Паглыбленне трагічнага вобразу жанчыны. Пошукі героя, які б праславіў “свободу на рабской земле”: рамантычная паэма “Тризна” (1843).

Драматургія Шаўчэнкі. Рамантычная трагедыя “Никита Гайдай” (1841), патрыятычныя і вольналюбівыя ідэі аўтара. Рамантычны, сацыяльна-бытавы канфлікт у драме “Назар Стодоля”. Традыцыі і наватарства ў драме. Сувязь твора з драматургіяй Катлярэўскага і Кастамарава.

Другі этап творчасці: перыяд “Три літа” (1843 – 1847). Наведанне Шаўчэнкам Украіны ў 1843 – 1844 гадах. Уражанні ад паездкі – аснова ідэйна-творчага «прасвятлення» паэта. Лірыка 1843 – 1845 гг. Новыя рысы балад часу “Трьох літ” (“Лілея”, “Русалка”). Напружаныя роздумы над лёсам украінскага народа (“Розрита могила”, “Чигирине, Чигирине”, “Чого мені важко”). Вершы-прысвяченні “Гоголю”, “Заворожи мене, волхве”. Цыкл “Давидові псалми” (1845). Ідэя адказнасці перад народам: “Минають дні, минають ночі.”. Вобраз «новай сям’і» ў творы “Заповіт”.

Сацыяльна-палітычныя паэмы. Паэма “Сон” (1844). Кампазіцыя твора. Роля кантрастаў і алагізмаў у творы. Паэма “Кавказ” як “великий вибух чуття” (І. Франко). Вобраз Праметэя – сімвал непераможнасці народа. Ідэйна-мастацкае значэнне твора для развіцця жанру ўкраінскай паэмы. Паэма “Єретик”. Ідэя яднання славянскіх народаў. Трагізм і аптымізм, героіка і сатыра ў творы.

Пасланне “І мертвим, і живим…”. Жанр паслання, традыцыі і наватарства. Пафас твора, ідэя кансалідацыі нацыі, афарыстычнасць выказванняў.

Паэма “Великий льох” – адзін з найбольш складаных твораў Шаўчэнкі. Жанр «містэрыі», алегарычнысць і сімвалічнасць вобразаў. Цэнтральны сімвал – сімвал гераічнага мінулага ўкраінскага народа.

Сацыяльна-бытавыя паэмы “Наймичка”, “Сова”. “Відьма”, “Невольник”. Тэма маральнай чысціні, глыбіні мацярынскай любові ў паэмах.

Жыццё і творчасць перыяду турэмнага зняволення і высылкі (1847 – 1857). Удзел Шаўчэнкі ў Кірыла-Мяфодзіеўскім брацтве. Разгром брацтва, арышт Шаўчэнкі.

Цыкл вершаў “У казематі” (1847). Тэматычная разнастайнасць. Жанравае і моўна-паэтычнае багацце твораў. Патрыятычныя, лірычныя, народна-песенныя «пазатурэмныя» матывы.

Высылка ў Орск. Працяг творчасці насуперак забароне. Роспач і аптымізм, матывы суму па Бацькаўшчыне (“Лічу в неволі дні і ночі”). Форма ўспамінаў, унутранага маналогу: “Мені тринадцятий минало”, “Не гріє сонце на чужині”, “І золотої і дорогої”, “Хіба самому написать”.

Патрыятчныя матывы, новае бачанне Украіны (“А. О. Козачковському”, “І виріс я на чужині”, “Якби ви знали, паничі”). Матывы любові да ўсіх заняволеных народаў: “У бога за дверима лежала сокира”.

Эвалюцыя жанру паэмы перыяду выгнання: “Варнак (1848), “Марина” (1848).

Другі арышт, следства, паўторная забарона пісаць.

Перыяд 1857 – 1861 гг.: вызваленне, знаходжанне ў Ніжнім Ноўгарадзе, Маскве. Новыя рысы паэтычнай творчасці.

Паэма “Неофіти” (1857). Ідэйны кірунак твора. Алегарычнасць вобразаў. Няскончаная паэма “Юродивий” (1857). Барацьба за «слова праўды», паказ расправы царызму над удзельнікамі нацыянальна-вызваленчага руху. Праслаўленне ахвярнасці барацьбы за волю.

Трыпціх паэта “Доля”, “Муза”, “Слава” – самаўсведамленне гонару, сумлення і непахіснасці паэта-грамадзяніна.

Жыццё ў Пецярбургу. Праца ў Акадэміі мастацтваў. Уздым рэвалюцыйнага настрою. Слова паэта “на сторожі рабів німих” (“Подражаніє ІІ Псалму”). Вобраз сякеры, заклікі да рэвалюцыі (“Я не нездужаю…”, “О люди, люди небораки”). Патрыятычны пафас твора “Осії. Глава ХІХ”.

Падарожжа ва Украіну у 1859 г. Трэці арышт. Вяртанне ў Пецярбург. Сацыяльна-філасофская паэма “Марія”. Велічны вобраз Богамаці. Услаўленне “святої сили всіх святих”, гуманістычны пафас паэмы.

1860 год у творчасці Шаўченкі. Рэлігійная і біблейская сімволіка ў вершах “І Архімед, і Галілей…” і “Світе ясний! Світе тихий” (1860). Вершы-мініяцюры (“Ой діброво, темний гаю!”, “Подражаніє сербському” і інш). Фальклорныя стылізацыі (“Над Дніпровою сагою”, “Тече вода з-під явора”). Матыў смерці (“Чи не покинуть нам, небого?”). Эвалюцыя матываў ад помсты да ўседаравання (“Молитва”, “Хоча й лежачого не б’ють”, “І день іде, і ніч іде”, “Бували війни і військові чвари”). Прароцтвы будучыні (“Сон”, “Ісаія. Глава 35”).

Проза. Рускамоўныя аповесці Тараса Шаўчэнкі (1853 – 1857). Выкрыццё прыгонніцтва ў аповесці “Княгиня”, лёс інтэлігенцыі ў аповесці “Музыкант”. Праблемы маралі, этыкі і выхавання ў аповесцях “Художник”, “Несчастный”, “Капитанша”, “Близнецы”. Аўтабіяграфічныя элементы ў прозе Шаўчэнкі.

Журнал” як твор мемуарна-публіцыстычнага характару (дзённік пісьменніка). Грамадска-палітычныя, эстэтычныя, філасофскія і літаратурна-крытычныя прынцыпы Шаўчэнкі ў “Журнале”.

Смерць Шаўчэнкі. Пахаванне. Перапахаванне на Украіне. Шаўчэнка ў ацэнцы навукоўцаў і пісьменнікаў. Шаўчэнка і руская літаратура. Творчасць Тараса Шаўчэнкі як феномен сусветнай літаратуры.

Шаўчэнка і Беларусь: кантактна-тыпалагічныя сыходжанні. Беларусь у лёсе Тараса Шаўчэнкі. Шаўчэнкаўскія традыцыі ў беларускай літаратуры. Янка Купала і Тарас Шаўчэнка. Максім Багдановіч – даследчык паэзіі Тараса Шаўчэнкі. Пераклады Шаўчэнкі на беларускую мову.