Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Вучэбна-метадычнае аб’яднанне вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь па гуманітарнай адукацыі зацвярджаю

Вид материалаДокументы

Содержание


5.4. Агульныя тэндэнцыі літаратурнага працэсу
Подобный материал:
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13

ПОСТАЦІ


Олесь Гончар (1918 – 1995). Жыццёвы і творчы шлях. Грамадская дзейнасць на карысць развіцця нацыянальнай культуры. Першы перыяд творчасці: “Прапороносці” (1946 – 1949). Новы крок на творчым шляху: “Людина і зброя” (1960), “Тронка” (1963). Этапны раман “Собор” (1968). Чалавечнасць як творчае крэда. Неарамантычная школа М. Кацюбінскага – Ю. Яноўскага –  А. Даўжэнкі ў індывідуальным творчым стылі празаіка. Навелістычны эпас. Трыпціх пра каханне “Модри камінь” (1946), “За мить шчастя” (1964), Плацдарм” (1981). Унутраны дыялог паміж навеламі “Соняшники” (1950) і “Кресафт” (1963), “Геній в обмотках” (1986).

Паэтыка ваеннага цыклу твораў, маштабнасць і шматузроўневасць закранутых праблем і іх мастацкага ўвасаблення. Дылогія “Людина і зброя” (1960): тонкае дыпламатычнае майстэрства паяднання сучаснага і нацыянальна-гістарычнага, патрыятызм пісьменніка.

Своеасаблівасць падыходу да асэнсавання сучаснасці ў раманах “Тронка” (1963), “Твоя зоря” (1980). Пакутніцкі лёс рамана“Собор”. Афіцыйная забарона твора, палеміка вакол яго. Грамадзянская мужнасць аўтара ў асаблівасцях сюжэту, маральна-этычнай праблематыцы, пабудове характараў. Ідэйныя канцэпты твора; кампазіцыя (роль устаўных навел і інш.); інтэлектуалізацыя сімволікі. Лірызм і псіхалагізм пейзажу, колеру, ёмістасць метафары – прыкметы рамантычнага пісьма творцы. Паяднанне рамантычных сродкаў і эстэтыкі неараэлізму ў аповесцях і навелах зборніка “Далекі вогнища” (1987).

Літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя выступленні Алеся Ганчара. Пісьменнік як абаронца ўкраінскага слова “Про наше письменство” (1972), “Письменницькі роздуми” (1980), “Чим живемо” (1991). Алесь Ганчар як прыклад барацьбіта за Духоўнасць.

Творчасць А. Ганчара ў ацэнках Ч. Айтматава, Ю. Бондарава, Э. Межэлайціса, К. Сіманава, І. Шамякіна, Міхала Романа. Творы А. Ганчара ў перакладах на беларускую мову.

Стылёвыя паралелі з Я. Брылём, І. Шамякіным, У. Караткевічам.

Павло Загребельний (1924 – 2009). Пачатак творчага шляху пісьменніка: навелы і аповесці 1950-х гадоў. “Думи про невмирущого” (1957) як рамантычнае праслаўленне подзвігу салдата, які загінуў у канцлагеры, але не скарыўся нацыстам. Манументаль-эпічны стыль рамана “Розгін” (1976) – своеасаблівай энцыклапедыі псіхалагічна-маральных праблем грамадства ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Расшырэнне афіцыйных поглядаў на гісторыю Кіеўскай Русі. Філасофская аналітычнасць гісторыка-псіхалагічных раманаў “Диво” (1968), “Первоміст” (1972), “Смерть у Києві” (1973). Адметнасці кампазіцыі, канфліктаў і характараў у цыкле.

Майстэрства пісьменніка ў распрацоўцы тэмы «жанчына ў гісторыі нацыі»: “Євпраксія” (1975), “Роксолана” (1980). Працяг мастацкага асэнсавання ўкраінскай старажытнасці: палеміка з папярэднікамі і ўласныя «дыялогі з гісторыяй Украіны» ў рамане “Я, Богдан” (1983). Антытэзіс украінскай душы ў рамане “Тисячолітній Миколай” (1991). Асуджэнне пэўных тэндэнцый да зніжэння «маральнага градусу» сучаснага грамадства ў рамане “Південний комфорт” (1984), аповесцях “Гола душа” (1992). Зварот да прыёмаў “химерної прози”, паэтыкі экспрэсіяністычнага пісьма: “Левине серце” (1978), “Попіл снів”, (1995). Шырыня зацікаўленняў пісьменніка ў часе і прасторы (ад мінулага да сучаснасці, ад старажытнай Русі да культур Усходу і Захаду).

Тыпалагічныя паралелі з Л. Талстым, І. Франко, А. Франсам.

Ліна Костенко (нар. 1930). Творчы дэбют: першыя зборнікі вершаў “Проміння землі” (1957), “Вітрила” (1958), “Мандрівки серця” (1961). Рамантыка ранніх твораў і супраціў таталітарнай сістэме. Хваля «рэсталінізацыі» ў дачыненні да мастацтва ў краіне. Шаснаццацігадовая забарона на друкаванне твораў Л. Кастэнкі.

Водгукі мастацкага светаўспрымання Лесі Украінкі, Ф. Петраркі, неакласічныя традыцыі М. Рыльскага, М. Зэрава, культуралагічныя вобразы і эмблематыка ў далейшай творчасці паэтэсы. Зборнікі “Над берегами вічної ріки” (1977), “Неповторність” (1980), “Сад нетанучих скульптур” (1987). Інтэлектуальная насычанасць творчасці: зборнік “Вибране” (1989). Гармонія ўраўнаважанасці, лірызм, вышуканасць формы як рысы паэтыкі Л. Кастэнкі. “Ненастанна екзистенційність самоти” (І. Франко) як дамінантная рыса мастацкай індывідуальнасці паэтэсы.

Гістарызм вершаванага рамана “Маруся Чурай” (1979). Індывідуальна-аўтарскае разуменне легенды і рэальнасці. Зварот да этнакультурных кампанентаў як сродак узмацнення нацыянальна-патрыятычнага пафасу твора, псіхалагізацыі аповеду. Шматпланавасць канфліктаў, выразнасць характараў.

Тыпалагічныя паралелі з Б. Ахмадулінай, Н. Мацяш, В. Коўтун, Р. Баравіковай, Л. Дранько-Майсюком. Пераклады твораў Л. Кастэнка на беларускую мову.

Василь Cтус (1938 – 1985). Жыццёвы і творчы шлях паэта – няскоранага змагара за волю Украіны. Праваабарончая дзейнасць В. Стуса, складанасці з выданнем яго твораў, рэпрэсіі супраць паэта. Арышт у 1972 г. Паўторны арышт у 1980 г. Выступленні ў абарону паэта акадэміка А. Сахарава. Замежныя выданні твораў В. Стуса: зборнікі “Зимові дерева” (1970), “Свіча в свічаді” (1977), “Палімпсести” (1986).

Праца над збіраннем твораў паэта і іх даследаванне, здзейсненыя сынам В. Стуса Дмытром Стусам. Шасцітомнае выданне твораў В. Стуса, у якім прадстаўлены паэзія, проза, пераклады, драматычныя творы, літаратурна-крытычныя артыкулы, эпісталярый пісьменніка (1999).

В. Стус як класічны ўзор шаўчэнкаўскага тыпу стаіцызму, як голас і сумленне нацыі. “Караюсь, мучуся, але не каюсь” Кабзара і вершы В. Стуса “Крізь сотні сумнівів я йду до тебе…”, “Господи, гніву пречистого…”. Шырыня праблематыкі твораў паэта. Трагізм нацыянальнай гісторыі (“За літописом Самовидця”), барацьба за нацыянальную ідэю (“Яка нестерпна рідна чужина”), грамадзянскае крэда сучасніка і творчы абавязак пісьменніка (“Не одлюби свою тривогу ранню”, “Останній лист Довженка”), матыў трагічнага кахання (“Весняний вечір”), пытанне экзістэнцыйнага выбару чалавека – “закинутої в світ самотньої людини” (“Як добре те, що смерті не боюсь я….”). Філасафічнасць дыялогу-дыспуту паэта з Украінай (“О Боже мій, така мені печаль…”, “Докучило, нема мені Вітчизни…”, “О земле втрачена, явися…”, “Не можу я без посмішки Івана” і інш.). Індывідуальна-мастацкае напаўненне сімвалаў, антытэз, аксюмаронаў у творчасці паэта. Асаблівасці рытмікі і формы верша В Стуса.

Дмитро Павличко (нар. 1929). Пачатак творчасці, звязаны са Львовам. Першы зборнік “Любов і ненависть” (1953), выяўленне тэмпераментнасці думкі і пачуцця аўтара. Выразная грамадзянская пазіцыя, абвостранае пачуцё патрыятызму аўтара. «Ідэалагічна шкодны» зборнік “Правда кличе” (1958), тыраж якога быў знішчаны. «Кіеўскі перыяд» у творчасці пісьменніка. Праца над развіццём украінскага кінамастацтва, актыўны ўдзел у мацаванні творчых кантактаў з заходнееўрапейскай і сусветнай культурай (работа рэдактарам у часопісе «Всесвіт»). Дыспуты Д. Паўлычкі з Б. Алійныкам пра шляхі развіцця Украіны. Этапныя зборнікі “Гранослов” (1968), “Таємниці твого обличчя” (1979), “Покаяльні псалми” (1994) і інш.

Мастацкая індывідуальнасць паэта: паяднанне ў творчасці нацыянальных традыцый усходу і захаду Украіны, канкрэтнасці, строгасці карпацкай готыкі і шырыні мастацкага светабачання стэпавай Украіны. Стылёвыя асаблівасці: сплаў нацыянальнай традыцыі (Т. Шаўчэнка, І. Франко, М. Рыльскі), лірызму фальклорнай плыні, вопыту сусветнага паэтычнага мастацтва. Высокая культура верша, філасафічнасць, энергія інтэлектуальнага пошуку, адданасць класічным формам верша (санеты, тэрцыны, хоку, рубаі і інш.).

Уклад Д. Паўлычкі ў развіццё ўкраінска-беларускіх культурна-літаратурных кантактаў. Санеты Янкі Купалы ва ўзнаўленні Д. Паўлычкі. Творы Д. Паўлычкі ў перакладзе на беларускую мову.


5.4. АГУЛЬНЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ ЛІТАРАТУРНАГА ПРАЦЭСУ
канца ХХ – пачатку ХХІ ст.


Літаратура часу перабудовы. Даследчыцкая праца навукоўцаў. Літаратура «расстралянага бяссмерця». Мадэрнізм і постмадэрнізм ва ўкраінскай літаратуры канца ХХ ст.

Актыўнае ўвядзенне ў метадалогію літаратуразнаўчага аналізу напрыканцы стагоддзя паняццяў постмадэрнізм, дыскурсіўнасць, «неаміфалагізм», фенаменалогія, кампаратывізм.

Рэнесансны імпульс «шасцідзесятніцтва» і навацыі ў літаратурным працэсе. Львоўскі літаратурны андэграунд 1970-х гадоў (група творцаў з аб’яднання “Скриня”), далейшыя авангардысцкія пошукі паэтаў 1980-х (В. Герасым’юк, І. Рымарук, І. Малковіч), празаікаў (Ю. Выннычук, В. Мэдвідзь, Я. Пашкоўскі, А. Забужка і інш.). Літаратурныя згуртаванні як паэтычны неаавангард канца стагоддзя: “Бу-Ба-Бу” (Ю. Андруховіч, В. Небарак, А. Ірванец), “Лу-Го-Сад” (І. Лучук, Н. Ганчар, Р. Садлоўскі і інш.), “Пропала Грамота” (С. Лыбань, Ю. Пазаяк, В. Недаступ), “Нова дегенерація” (С. Працюк, І. Анрусяк, І. Цыпердзюк). Творчасць пісьменнікаў памежжа ХХ і ХХІ ст. (С. Жадан, Р. Скіба, Ю. Бедрык, Мар’яна Саўка, Марыянна Кіяноўская, А. Галета, Г. Крук, Н. Федарак і інш.). «Станіслаўскі феномен» (Ю. Андруховіч, Т. Прахаська, Ю. Іздрык і інш.).

Змаганне неаавангардыстаў з папярэднікамі. Карнавалізацыі і травеставанне як спосаб аспрэчвання заідэалагізаваных стэрэатыпаў у творах маладых паэтаў. Хуткаплыннае і вечнае ў жыцці і паэзіі. Пошукі і знаходкі празаікаў. Раман жахаў “Московіада” Ю. Андруховіча, фантастычны раман “Матріополь” В. Тарнаўскага, крымінальны раман “Я, зомбі” Л. Канановіча. Натуралістычныя, сюррэалістычныя, гатычныя тэксты В. Мэдвідзя (“Льох”), А. Ульяненкі (“Сталінка”), А. Жоўны (“Партитура на могильному камені”), Ю. Гудзя (“Не-Ми”), А. Ірванца (“Рівне/Ровно”), «школьныя аповесці» Любка Дэраша.

Перагукі і палеміка падчас пераломаў у светаўспрыманні творцаў. Эстэтычныя платформы і «выклічныя тэксты» неаавангардыстаў. Суб’ектыўнае і аб’ектыўнае процістаянне жанраў і стылёвых плыняў. Супярэчнасці развіцця неаавангардысцкай плыні.

Здабыткі ўкраінска-беларускага культурнага і літаратурнага ўзаемадзеяння перыяду дзяржаўнай незалежнасці Украіны і Беларусі.

Праца па ўзмацненні кантактаў паміж нацыянальнымі культурамі прадстаўнікоў старэйшага пакалення (Д. Паўлычка, Р. Лубкіўскі, У.Яварыўскі – Н. Гілевіч, В. Рагойша, М. Тычына, Т. Кабржыцкая і інш.). Новыя ўзроўні і формы ўзаемадзеяння ў асяроддзі пакалення маладзейшых творцаў (А. Ірванец, У. Арлоў, А. Хадановіч і інш.). Стан мастацкага ўзаемаперакладу, навуковага і літаратурна-крытычнага ўзаемнага асэнсавання дасягненняў сучаснай літаратуры і літаратурнай класікі.

Роля літаратурнага перыядычнага друку, таварыства «Беларусь — Украіна», Пасольства Украіны ў папулярызацыі ўкраінскай літаратуры ў Беларусі.