Асадчая Алена Вадзімаўна, настаўнік беларускай мовы І літаратуры дуа сярэдняя школа №28 г

Вид материалаДокументы

Содержание


Мэта і задачы праекта
Удзельнікі праекта
Асноўныя тэарэтычныя палажэнні
Апісанне выніковай мэты праекта
Подобный материал:
  1   2   3   4   5   6   7



Адукацыйны праект “Як вучыць паспяхова”


Праект

ВЫКАРЫСТАННЕ ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЫ УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ, ГЕАГРАФІІ, ГІСТОРЫІ ЯК СРОДКУ ПАТРЫЯТЫЧНАГА ВЫХАВАННЯ ВУЧНЯЎ”


Асадчая Алена Вадзімаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 28 г.Магілёва”


Магілёў, 2010

УВОДЗІНЫ


У творах беларускай мастацкай літаратуры закладзены вялікі выхаваўчы патэнцыял, які, на жаль, не ўдаецца поўнасцю рэалізаваць на ўроках па прадмеце па прычыне недаравальна малой колькасці гадзін. У праграме адзначана: “Галоўная мэта навучання прадмету – далучэнне школьнікаў да багацця беларускай і сусветнай мастацкай літаратуры, эстэтычнае спасціжэнне вучнямі свету, складанасці чалавечых узаемаадносін і на гэтай аснове – выхаванне асобы з глыбока гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым, высокакультурным пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі, адданасцю агульначалавечым ідэалам, асобы з выразна выяўленымі творчымі схільнасцямі, здатнай успрыманне прыгажосці (эстэтычнае ўспрыманне) ператварыць у стымул маральнага ўдасканалення, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця”. Па прычыне неадпаведнасці паміж аб’ёмам твораў, прапанаваных для вывучэння, і колькасцю гадзін, адведзеных на гэты працэс, асабліва ў старэйшых класах, гэтых мэт у большасці выпадкаў удаецца дасягнуць толькі часткова.

Беларуская літаратура адносіцца да прадметаў культуралагічнага цыклу, у яе рамках паслядоўна і сістэматычна адбываецца далучэнне вучняў да мастацтва. Родная літаратура каштоўная сваімі ідэямі і тым асобасным сэнсам, які маюць сюжэт літаратурнага твора, мастацкія вобразы, адносіны і стаўленне самога аўтара да герояў і падзей, да жыцця і свету. Працэс пазнання літаратуры як мастацтва арганічна звязаны з працэсам фарміравання сістэмы каштоўнасных арыентацый вучня, адносін яго да жыцця, да людзей, працэсам усведамлення сябе асобай.

Увага да вывучэння творчасці Уладзіміра Караткевіча, якая прасякнута моцным патрыятычным пафасам, дапамагае вучням спасцігнуць эстэтычныя асаблівасці беларускага мастацкага слова, а таксама вырашыць актуальныя задачы не толькі літаратурнай адукацыі, але і ўсяго навучальнага працэсу ў цэлым.


АКТУАЛЬНАСЦЬ ТЭМЫ ПРАЕКТА


Галоўная мэта сістэмы адукацыі любой краіны – фарміраванне грамадзяніна-патрыёта. Без гэтага немагчыма існаванне самой дзяржавы. Адукацыя павінна выконваць сацыякультурную місію фарміравання нацыі. Гэтая місія выкананая толькі тады, калі існаванню этнасу (мовы, культуры, а за імі і дзяржаўнасці) нічога не пагражае.

Патрыятычнае выхаванне дапамагае чалавеку вызначыцца, хто ён, грамадзянінам якой дзяржавы з’яўляецца, якія задачы ставіць у жыцці. Галоўная мэта сапраўднага патрыятычнага выхавання – фарміраванне асобы, якая будзе імкнуцца да самарэалізацыі і паляпшэння свайго дабрабыту як складовай часткі дабрабыту сваёй Бацькаўшчыны. Толькі ў такім выпадку ідэі патрыятычнага выхавання будуць садзейнічаць вырашэнню агульнанацыянальных задач.

Творы Уладзіміра Караткевіча – выдатны сродак патрыятычнага выхавання вучняў, пісьменнік глыбока распрацаваў тэму любові да роднага краю, самаадданага служэння яму. Аўтар яшчэ на пачатку творчасці заявіў пра тое, што будзе пісаць пра прыгажосць Беларусі і адкрые яе для беларусаў. Часцей за ўсё патрыятычную тэму пісьменнік распрацоўвае ў творах на гістарычную тэматыку.


МЭТА І ЗАДАЧЫ ПРАЕКТА


Мэты праекта:

1. Выхаванне ўстойлівых маральных і светапоглядных якасцей вучняў, духоўнасці, унутранай культуры, пачуцця нацыянальнай годнасці, гонару за сваю Радзіму праз выкарыстанне творчай спадчыны У.Караткевіча на ўроках беларускай мовы, геаграфіі, гісторыі.

2. Павышэнне тэарэтычнага ўзроўню мыслення падлеткаў у працэсе асэнсавання мастацкіх і публіцыстычных твораў У.Караткевіча.

У працэсе дасягнення пастаўленых мэт важна вырашыць наступныя задачы:
  1. Стварыць умовы, якія дазволяць:
  • развіваць інтарэс вучняў да культуры, гісторыі Беларусі, творчасці Уладзіміра Караткевіча;
  • выхоўваць у вучняў чалавечую годнасць, адказнасць за лёс Радзімы, паважлівае стаўленне да гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі;
  • удасканальваць уменне аналізаваць літаратурныя творы з улікам іх жанравай спецыфікі і мастацкай цэласнасці, аўтарскай пазіцыі, а таксама звестак па гісторыі і культуры;
  1. Распрацаваць метадычныя рэкамендацыі па патрыятычным выхаванні вучняў праз выкарыстанне твораў Уладзіміра Караткевіча на ўроках беларускай мовы і літаратуры, геаграфіі, гісторыі.

У межах праекта канкрэтныя віды дзейнасці, накіраваныя на дасягненне пастаўленых мэт, умоўна згрупіраваны па наступных кірунках:

1. Удасканаленне навучальнага працэсу.

2. Падрыхтоўка метадычных распрацовак:

а) Планы-канспекты ўрокаў, слайды-прэзентацыі, раздатачны матэрыял.

б) Метадычны дапаможнік ў электронным выглядзе.

в) Зборнікі практыкаванняў у электронным выглядзе.


УДЗЕЛЬНІКІ ПРАЕКТА


1. Вучні 9-11 класаў.

2. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, геаграфіі, гісторыі.

3. Адміністрацыя навучальнай установы.

АСНОЎНЫЯ ТЭАРЭТЫЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Востра стаіць праблема патрыятычнага выхавання маладога пакалення, станаўлення асобы, якая валодае якасцямі грамадзяніна-патрыёта. Гэта надзвычай важна зараз, калі з’яўляюцца асобныя выпадкі перараджэння патрыятызма ў нацыяналізм, калі ў вялікай ступені страчана сапраўднае значэнне і разуменне інтэрнацыяналізму, у грамадскай свядомасці шырока распаўсюдзіліся абыякавасць, эгаізм, цынізм, нематываваная агрэсіўнасць, непаважлівае стаўленне да дзяржавы і сацыяльных інстытутаў.

Паняцце “патрыятызм” выкарыстоўваецца ў навуковай літаратуры на працягу стагоддзяў. Сутнасць яго звязваецца не толькі з асобным маральным прынцыпам або якасцю чалавека, а з сукупнасцю рыс сацыяльна-маральнай асобы, што і дазваляе лічыць патрыятызм неад’емнай яе часткай.

Праблема патрыятычнага выхавання з’яўлялася прадметам значнай колькасці даследаванняў вучоных. Розныя яе аспекты разглядаліся ў працах В.Р.Бялінскага, К.А.Гельвецыя, М.А.Дабралюбава, М.М.Карамзіна, Г.Кершэнштэйнэра, Я.А.Каменскага, Л.І.Лепелецье і інш. У педагогіцы савецкага перыяду вывучэннем пытанняў патрыятычнага выхавання школьнікаў займаліся І.А.Каіраў, В.А.Сухамлінскі, В.І.Шахненка, І.Ф.Харламаў і інш. Сёння захоўваецца ўстойлівы інтарэс да даследавання патрыятычнага выхавання дзяцей. У даследаваннях А.В.Бяляева, С.М.Віннікавай, І.М.Глазуновай, А.М.Зайчыкава, А.Ю.Чыбісава і іншых вызначана залежнасць патрыятычнага выхавання вучняў ад сацыяльна-эканамічных умоў і патрэб грамадства, распрацаваны педагагічныя аспекты патрыятычнага выхавання школьнікаў, выяўлены заканамернасці і прынцыпы, змест, формы, метады патрыятычнага выхавання.

Важнейшым сродкам як выхавання ўвогуле, так і патрыятычнага з’яўляецца мастацкая літаратура. У сучасных умовах сувязь “патрыятызм –літаратура – дзіця” даследавана ў плане тэорыі недастаткова. Прычыны гэтага навідавоку: маладое пакаленне стала намнога менш чытаць. Літаратуры, як сродку выхавання, не надаецца неабходнай увагі.

Усё гэта абумоўлівае наяўнасць супярэчнасцей паміж патрэбамі грамадства і дзяржавы ў патрыятычным выхаванні вучняў і тэндэнцыямі зніжэння ўзроўню выхаванасці грамадзян; паміж значнымі тэарэтычнымі напрацоўкамі і вопытам устаноў адукацыі па патрыятычным выхаванні школьнікаў ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці і зніжэннем выхаваўчага патэнцыялу школы.

Патрыятычнае выхаванне – гэта сістэматычная і мэтанакіраваная дзейнасць па фарміраванні ў дзяцей высокага патрыятычнага ўсведамлення, пачуцця вернасці сваей Айчызне, гатоўнасці да выканання грамадзянскага абавязку і канстытуцыйных абавязкаў па абароне інтарэсаў Радзімы. Патрыятычнае выхаванне накіравана на фарміраванне і развіцце асобы, якая валодае якасцямі грамадзяніна-патрыёта Радзімы, а таксама здольная паспяхова выконваць грамадзянскія абавязкі ў мірны і ваенны час.

Творчасць Уладзіміра Караткевіча для рэалізацыі праекта абрана невыпадкова. Яна займае асаблівае месца ў нашай культурнай спадчыне. “Роўнага яму няма і наўрад ці ўжо будзе, замяніць яго ў нашай літаратуры не можа ніхто. Ужо хоць бы таму, што ніхто з такім бляскам не спалучае ў нас талент празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, эсэіста, гісторыка. Ён быў аднолькава таленавіты ва ўсіх літаратурных жанрах, што, можа, натуральна для літаратуры мінулага, але рэдка сустракаецца ў сучаснай”, – так ацэньвае творчасць Уладзіміра Караткевіча Васіль Быкаў. На думку А.Мальдзіса, Уладзімір Караткевіч узвысіўся, стаў эпахальнай з’явай не толькі ў гісторыі беларускай літаратуры ці беларускай культуры, але і ў фарміраванні нацыянальна-гістарычнай свядомасці беларусаў. Творчасць пісьменніка прадстаўлена на ўсіх этапах літаратурнай адукацыі. У 5-9 класах школьнікі знаёмяцца з асобнымі творамі аўтара, у 11 класе вывучаецца манаграфічная тэма “Уладзімір Караткевіч”. Яе складаюць біяграфія пісьменніка, яго лірыка і раман “Каласы пад сярпом тваім”. Але застаюцца па-за ўвагай многія творы аўтара, у якіх закладзены вялікі выхаваўчы патэнцыял. Так, фактычна не вывучаецца драматычная спадчына пісьменніка, аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”, раман “Чорны замак Альшанскі”, нарысы, прысвечаныя беларускім гарадам і вёскам (у прыватнасці, “Мсціслаў”), у якіх цікава і захапляюча, з вялікай любоўю расказваецца пра гісторыю гэтых мясцін, пра людзей, якія сваёй дзейнасцю іх праславілі. Але і раман “Каласы пад сярпом тваім”, які вывучаецца ў 11 класе, на нашу думку, павінен знайсці сваё месца і на ўроках па гісторыі Беларусі. На думку навукоўцаў, у гэтым творы У.Караткевіч дасягнуў дакладнасці ў адлюстраванні гістарычнай эпохі, глыбока, па-філасофску асэнсаваў яе, выявіў аналітычны падыход да вывучэння канкрэтных фактаў вызваленчага руху і яго асноўных сіл, стварыў высокамастацкі раман з яркімі вобразамі і адметным стылем. Таму зварот да яго на ўроку гісторыі дазволіць вучням больш глыбока асэнсаваць месца гэтай падзеі ў агульнай гісторыі беларусаў.

Такім чынам, прапануецца выкарыстоўваць фактычны матэрыял з твораў У.Караткевіча на ўроках беларускай мовы ў 5-11 класах. У якасці дадатковага матэрыялу на ўроках гісторыі магчыма выкарыстоўваць урыўкі з раманаў “Каласы пад сярпом тваім”, “Зброя”, п’есы “Кастусь Каліноўскі” (паўстанне 1863 года). Дазволіць стварыць уяўленне пра тагачасны побыт беларусаў аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”. Таксама магчымы зварот да рамана “Чорны замак Альшанскі”, апавяданняў (“Кніганошы”, “Сіняя-сіняя”), да фільмаў, знятых па творах Уладзіміра Караткевіча (у прыватнасці, “Каласы пад сярпом тваім”, “Дзікае паляванне караля Стаха”).

На ўроках геаграфіі магчыма выкарыстанне эсэ пісьменніка. Ён шмат падарожнічаў, уражанні ад вандровак ляглі ў аснову многіх твораў, у якіх пісьменнік апявае беларускія гарады, расказвае пра тое, якія помнікі ў іх ёсць, якія людзі праславілі той ці іншы горад.

Улічваецца і яшчэ адна акалічнасць. Л.Талстой быў упэўнены: “У кожным мастацкім творы самым важным, самым каштоўным і пераканальным для чытача з’яўляюцца ўласныя адносіны аўтара да жыцця...”. У.Караткевіч выяўляў асаблівую прыхільнасць да гісторыі роднай краіны. Ён жыў думкай пра повязь уласнага лёсу з лёсам Беларусі. Праз любоў да канкрэтнага куточка роднай зямлі, малой радзімы, ён уздымаўся да самаадданай і самаахвярнай любові да Радзімы. Пісьменнік паказаў, што ў яго народа была ў мінулым свая багатая гісторыя. Вытокі народнага, нацыянальнага У.Караткевіч бачыў у гістарычным. Ён уваскрашаў гераічныя і трагічныя старонкі свайго краю.

Актуальнай з’яўляецца роля творчай спадчыны У.Караткевіча як дзейснага сродка фарміравання духоўнасці, патрыятызму, грамадзянскасці, культуры міжасобасных і міжнацыянальных адносін, якія маюць вялікае значэнне ў сацыяльна-грамадзянскім і духоўным развіцці асобы. Узвышаныя пачуцці патрыятызму і нацыянальных святынь, засяроджаныя ў мастацкіх творах аўтара, умацоўваюць любоў да радзімы, фарміруюць пачуццё адказнасці за яе лёс, незалежнасць, захаванне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, развіваюць высакароднасць і годнасць асобы. Творы У.Караткевіча аказваюць моцны ўплыў на абуджэнне патрэбнасна-эмацыянальнай сферы, што садзейнічае прывязанасці да родных вытокаў, беражліваму і паважліваму стаўленню да гісторыка-культурнай спадчыны Радзімы, спараджае пачуццё гонару за дзейнасць знакамітых асоб. Творы пісьменніка, іх мастацкія вартасці, эстэтычная аўтарская пазіцыя, увасобленая ў мастацкіх вобразах, дапамогуць старшакласнікам глыбей зразумець і адчуць гістарычны лёс свайго народа, асаблівасці яго менталітэту і светабачання.

Літаратурны матэрыял скіраваны на паглыбленне і пашырэнне ведаў, набытых на ўроках беларускай літаратуры па вывучэнні творчасці У.Караткевіча, больш грунтоўнае далучэнне вучняў да нацыянальнай гісторыі.




ЭТАПЫ РЭАЛІЗАЦЫІ ПРАЕКТА


Этапы


Мяркуемы вынік

Метады

Тэрміны

Этап 1.

Дыягнастычны

1) Вызначэнне праблемнага поля ў межах праектнай дзейнасці.

псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, збор інфармацыі

2010 год

Этап 2.

Падрыхтоўчы

1) Вывучэнне канцэптуальных ідэй, асноўных прынцыпаў, арганізацыйна-педагагічных умоў, форм і метадаў выхаваўчай работы для рэалізацыі праекта.

2) Вызначэнне зместу работы над праектам.

3) Арганізацыя работы праблемнай групы настаўнікаў.

4) Распрацоўка рэкамендацый па выкарыстанні твораў У.Караткевіча на ўроках беларускай мовы, геаграфіі, гісторыі.

5) Падрыхтоўка матэрыяльнай базы для ажыццяўлення праекта.

апытанне, маніторынг



2010-2012 гады

Этап 3.

Асноўны

1) Збор матэрыялаў, іх апрацоўка, сістэматызацыя і адаптацыя.

2) Распрацоўка метадычных матэрыялаў для ажыццяўлення праекта.


маніторынг аналіз


2011-2013 гады

Этап 4.

Выніковы

1) Апрабацыя метадычных распрацовак на ўроках беларускай мовы, геаграфіі, гісторыі.

2) Распрацоўка метадычных рэкамендацый для настаўнікаў па выкарыстанні творчай спадчыны У.Караткевіча на ўроках беларускай мовы, геаграфіі, гісторыі.

тэсціраванне, анкетаванне, маніторынг

2013-2014 гады