Валянцін Акудовіч мяне няма: роздумы на руінах чалавека
Вид материала | Документы |
СодержаниеМІХАСЬ СТРАЛЬЦОЎВусьцішнасьць быцьця |
- План: Зачын Гістарычнае І нацыянальнае Рэлігійнае І нацыянальнае Уласна нацыянальнае, 1477.7kb.
- Човен на Млечным Шляху, 4882.42kb.
- Асэнсаванне творчасці І асобы У. Караткевіча пісьменніка І чалавека, 356.44kb.
- 1. Прадмет, функцыі І задачы гістарычнай наукі, 1183.69kb.
- Реферат на тему: Середні віки Л. Українки Зміст, 404.2kb.
- Уладзімір Караткевіч Нават не ведаеш з чаго пачаць пісаць. Столькі пра яго гаварылі,, 151.31kb.
- Новата тайна история, 1873.16kb.
- Файл утрымлівае канчатковы варыянт спісу пытанняў на які вы мусіце адказвуць у час, 734.26kb.
- Крыніцы вывучэння. Канцэпцыі гістарычнага працэсу, 1915.94kb.
- Усістэме агульнай сярэдняй адукацыі музыцы належыць асаблівая роля, 463.78kb.
МІХАСЬ СТРАЛЬЦОЎ
Вусьцішнасьць быцьця
Але ж і болей чым імгненьне
Ня прыме вечнасьць ад цябе.
Міхась Стральцоў
Увесь Ён — нязбыўны сум з прычыны непазьбежнасьці вяртаньня ў нежытво.
Мы ўсе прамінаем гэты шлях, але да пэўнае пары лішне не смуткуем з такога наканаваньня. А ён ці не ад пачатку ўзяў занадта блізка да сэрца неадпрэчнасьць сьмерці — і тым жыў. І таму так жыў, як жыў і пісаў пераважна з тае нагоды, што трэба будзе памерці (калі не фанабэрыўся, не падрабляўся, не блазнаваў).
Раней я думаў, што ягоная засяроджанасьць на татальнай прысутнасьці сьмерці ў жыцьці паходзіць ад хранічнай любові да жыцьця. Толькі гэта, здаецца, не зусім так. Жыцьцё ён, натуральна, любіў, але ня больш хваравіта, чым нехта іншы. А вось адчуваў яго — з усімі пахамі, фарбамі, гукамі, — як мала хто яшчэ. З гэтага фатальна абвостранага ўспрыняцьця існага і вынікала такое ж вострае пачуцьцё непазьбежнасьці страты ўсяго, што ёсьць “пад гэтым небам сінім і любімым”. Адсюль нязбыўны сум і нават у сьпякоту падняты каўнер, якім ён атуляўся ад сьцюжы за сьпіной, адсюль жанчыны і віно, як марная вымога сагрэць заўсёды восеньскае сэрца, адсюль і сьцішаны дакор, вымаўлены на паваротцы ў вечную засень: мой сьвеце ясны...
“Ёсьць таленты... што самі нібы ўвасабленьне пакутнага духу, адрынутага паводле нейкай незразумелай прычыны ад самога жыцьця і асуджаныя трапятацца ў вечнай празе зьліцца зь ім”.
Ён не стамляўся (і ў траве, і на асфальце) выглядаць жыцьцё, прагнучы адшукаць вечнае вымярэньне сваёй прысутнасьці ў ім, але ўсюды з-за нечага паўставала нішто. Найдалей ад нішто было дзяцінства, і ён не аднойчы ўцякаў з даросласьці туды — у свае раньнія ды маладыя гады. Аднак і там заўжды нешта (ці нехта) канала: само дзяцінства, юнацкае каханьне, дзед Міхалка...
Кажуць, у яго было шмат жанчын. Напэўна, гэта насампраўдзе так, бо ён не любіў жанчын. Ён толькі пэрсаніфікаваў жыцьцё ў той ці іншай жанчыне і такім чынам “заляцаўся да жыцьця” “ў вечнай празе зьліцца зь ім”. Але чым тужэй згортваўся ў каханьні, тым тужлівей ападаў на сэрца сум. Бадай, з гэтага амаль адчайнага суму ён мог здагадацца, што той, хто хаваецца ад тэрору небыцьця ў каханьне — самахоць прысьпешвае сваю невараць, бо чалавек найперш памірае ў жанчыне, а ўжо потым — сам у сабе... Ён не здагадаўся, хоць сэрцам адчуваў небясьпеку і таму доўга не трываў жанчыну побач, хаваўся ад адной за другую, ці сыходзіў ад усіх да мужчын (сяброў) і віна.
Чульлівы і пяшчотны, ён шукаў у сяброўстве абароны і прытулку, а разам з тым непадманнага духоўнага хаўрусу, агульнай інтэлектуальнай прасторы, урэшце — высакароднага чыну.
І вобраз дружбы —
даўні й нягоркі.
Бо мы ж яшчэ, напэўна,
не забылі,
Як некалі яе адну любілі —
Ну, дружбу, нашу.
Помняцца спатканьні
Дзьвюх нашых душ.
Любоўныя расстаньні
Адна з адной. Да заўтра.
Ненадоўга.
(“Прыехаў сябра”)
Але як цялесны саюз з жанчынай, так і духоўная мужчынская зьвязь істотным чынам не мянялі пэрспэктыву небыцьця. Хованкі ў каханьні набліжалі да сьмерці, хованкі ў сяброўстве трохі адсланялі яе, аднак ні тое, ні другое не яднала з жыцьцём. Яднала хіба — віно; праўда, ненадоўга, і таму віна трэба было многа, і ўсялякі раз, калі яно закончвалася, гульня таясамасьці экзістэнцый (ягонай і жыцьця) перапынялася яшчэ вялікшай тугой...
Жыцьцё, сьмерць, каханьне, сяброўства, віно... Засталося — слова...
Ці слова было наперадзе ўсяго: і сродкам і мэтай жыцьця?
А калі адно спосабам не-магчымасьці жыць?
Часам мне здаецца, што ён нарадзіўся ня жыць, а выглядаць сьмерць (у восеньскай смузе, у ціўканьні сініцы, “у мінулым, сёньняшнім, наступным”). Крэмзаньне паперы “прозай” ці “вершамі” было ўсяго толькі адным з спосабаў (а, можа, як для яго, то і адзіным) гэтай “не-магчымасьці жыць”. І ці не таму ён кангеніяльны, тоесны свайму скрушанаму лёсу/генію там, дзе ў яго адрэфлексавана разьвітаньне, расстаньне, кананьне; там, дзе памірае маладым Максім Багдановіч (“Загадка Багдановіча”); там, дзе памірае дзед Міхалка (“Адзін лапаць, адзін чунь”); там, дзе гіне ЎСЁ — вяпрук, жыцьцё, надзея (“Смаленьне вепрука”).
Дух сьмерці лунае над гэтым геніяльным апавяданьнем, напоўненым пахамі, фарбамі і гукамі нежытва: “Ідуць ужо халады, бяруцца прымаразкі — падаюць інеем сырыя туманы. Чарсьцьвее зямля, і цёмным, ільсьняна халодным зяленівам б’е ў вочы парадзелая пры дарозе трава. Ужо выпетрала зябліва, пасівела ў гародчыках і пазванчэла бадыльлё, і панішчымніла паветра. Неба ўдзень ужо ніжэй прыпадае, цісьнецца да зямлі. Яшчэ выганяюць на пашу кароў — далей ад вёскі, у лес. Пад вечар жывёла ня хоча вяртацца ў хлеў, цаляе адбіцца ў прапахлае бульбоўнікам і сьцюдзёным капусным водарам поле”.
У “Смаленьні вепрука” ён перажыў свой мэтафізычны сыход. Тут невараць урэшце запанавала ўсюды і найперш у ім самім. Ён сам быў тым, хто забівае, ён сам зь сябе склаў ахвярнае вогнішча і сам быў тым ахвярным дымам, што завершыў яшчэ адзін кругазварот быцьця.
З тым дымам ён і адышоў у нябёсы, “а душа ўзяла і засталася”, затрымалася на нейкі час і вярэдзіць маю душу ягоным сумам па немагчымасьці інакш пазьбегнуць сьмерці, як толькі памерці.