Асэнсаванне творчасці І асобы У. Караткевіча пісьменніка І чалавека

Вид материалаДокументы

Содержание


Ён быу майстрам
Гучыць верш У.Караткевіча «На Беларусi Бог жыве»
1-ая. Цi любiце вы творчасць Караткевiча так, як любiм яе мы? 2-ая.
У выкананнi чытальнiкаў гучыць верш «Беларуская песня».
Подобный материал:

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Установа адукацыі “Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж”


Літаратурная гасцёўня


Быў. Ёсць. Буду.


да 80-годдзя Ул. Караткевiча


Мэта: асэнсаванне творчасці і асобы У.Караткевіча – пісьменніка і чалавека;

Выхаванне патрыятызму, любові да літаратуры, пачуцця нацыянальнай і чалавечай годнасці;

развіццё эстэтычнага густу, крытычнага мыслення, умення мастацкага чытання твораў.

Абсталяванне: партрэк У.Караткевіча, выстава твораў пісьменніка, мультымедыйны цэнтр.

Музычнае суправаджэнне: паланэз Агінскага “Развітанне з Радзімай”, музыка Я. Глебава з кінааповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”


/Тытульны слайд/


/Слайд 2/

Выкладчык:

Ён шчырэў адзiн за ўсiх…

І зрабiлася болей на адну зорку

У сузор’i cлавутых iмёнаў

Беларушчыны.

Уладзiмiр Караткевiч прыйшоў,

Каб сцвердзiць жывучасць

І трываласць духу беларускага,

Усеабдымнасць крывiцкага розуму

Ён быу дойлiдам,

Якi узводзiу светлы гмах,

Цвёрды мур для беларускай душы…

Ён быу майстрам цяжкой

І няўдзячнай справы –

Лучыў ланцуг часiн парваных,

Шчырэў адзiн за ўсiх.

Ён быу майстрам

I чаляднiкам у сябе ж самога,

Бо памагатых не меў.

Небяспечнай была справа,

Якой аддаў леты свае

Беларускi генiй.

Ён быу аратым,

Якi араў дзiрваны

Бяспамяцця і знявагi,

Крыўды і абразы.

Ён быу сейбiтам,

Якi сеяў зерне любовi

Да ўсяго роднага, наскага,

Крывiцкага.

Ён сеяў зерне думкi,

А такое зерне дае

Рунь надзеi.

Усявышнiм пасланы быў нам

Уладзiмiр, сын Сямёнаў,

Каб не забылiся,

Што мы – беларусы

Што мы – народ,

Варты ўвагi сусветнага людства.

Гiсторыю твораць асобы.

Уладзiмiр Караткевiч

Тварыў нашу гiсторыю.

Ён зрабiу свой вольны пераказ

Аповесцi старасветчыны

I пераказ гэты быў дакладны,

Бо пераказаны сэрцам,

Закаханым у беларускасць,

Сэрцам аднаго

З найлюбімейшых сыноў Беларусi.

Зямны і даступны ў штодзённым бытаваннi

Уладзiмiр Караткевiч быў недаступны

Падчас размоў з вечнасцю,

Калi адкрывалiся яму

Вяршынi чорныя iсцiны і сэнсу.

Ён падставiў сваё iнтэлігенцкае плячо

Пад непамерную ношу,

Якую неслi Кастусь Калiноускi

I Янка Купала.

Ён нёс i не гнуўся.

Ён нёс свой крыж,

Ён нёс крыж i за нас.

/Слайд 3/

Будзьма любiць Беларусь –

I быць адданымi,

Як Уладзiмiр Караткевiч,

Каб вярнулася святло

У душы нашыя,

Каб цемра ад нас адвярнулася.

На развiтанне нястомны працаўнік,

Як трохзор’е,

Як трохзярняцце,

Абранiў трохслоўе:

Быў. Ёсць. Буду.

Гукнём жа услед глыбiннадумцу,

Гукнём яму ў вячнiну:

Быў. Ёсць. Будзеш!

Будзеш!

Будзеш!

/Р. Барадулiн/


/Слайд 4-5/

Музыка Я. Глебава з кінааповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”


Чытальнiк:

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мiльярды двухногiх.

За ўсiх, хто ўздымае цяжкiя разоры,

Хто ў гарачым пекле металу,

За ўсiх, хто змагаецца з небам і морам,

За жывых i за тых, што сканалi.

За ўсiх, хто крывёю пiша

У нязгодзе

З рабства подлай дарогай,

Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы

Паўстане нават на Бога.

За ўсiх, хто курчыцца ў полымi вёсак,

Хто ратуе краiну ад краху,

За ўсiх, хто бясстрашна глядзiць у нябёсы

З барыкады,

З пушчы

І з плахi.

Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,

З яе ўсмешкаю ветлай,

І ўсё ж узводзiць – нясцерпна далёкi –

Храм наш агульны i светлы.

А калi ён горда заззяе ў зенiце –

Напарушны – узнясецца ў неба,

Вы з распятага сэрца кроплю вазьмiце.

Апошнюю.

Болей не трэба.

І няхай яна недзе збоку, недзе на ганку,

Дагарае і дзяцей не страшыць

На гранiце любові,

На гранiце свiтанку,

На гранiце памяцi нашай.


(Рэзка ўключаецца дынамiчная музыка).

У паўзмроку вiдаць маленькае ззянне. Яно льецца з калыскi, якую гайдае нечыя рука. Ля калыскi – чатыры постацi: Белая, Блакiтная, Залатая, Цёмная.


Белая: Сёстры, мы заўсёды стаiм ля калыскi тых, хто дапаможа не толькi асобным людзям, а i цэламу народу стаць на ногi.


Чорная: Якi вы судзiце яму лёс?


Блакiтная: Самы слаўны.


Залатая: Але i самы цяжкi.


Белая: Ён будзе дарыць людзям дабро.


Чорная: (у ярасцi) Ён будзе блукаць далёка ад роднай зямлi!..


Блакiтная: I вернецца да яе. I давеку застанецца.


Залатая: А iмя яму – Уладзiмiр Караткевiч.


(Постацi павольна знiкаюць) Ззянне разлiваецца ў яркае святло.


Чытач:

Беларусь! Зялёная, залатая!

Край мой светлы, што выпiў мора пакут!

Да апошняй бярозы благаслаўляю

Светлы дзень, калi я нарадзiўся тут.


/Слайд 6/

Вядучы:

Нарадзiўся Уладзiмiр Сямёнавіч Караткевiч 26 лiстапада 1930 года ў г. Орша Вiцебскай вобласці. Яго бацька паходзiў са старадаўняга шляхецкага роду. Прадзед па лінii мацi камандаваў атрадам у паўстаннi 1863 г. i быў расстраляны па загаду Мураўёва. Неардынарнай асобай быў дзед будучага пiсьменніка Грынкевіч Васiль Юльянавiч. Ён валодаў вялiкай духоўнай і фiзiчнай сiлай, бязмернай энэргiяй i яркай дасцiпнай мовай. Ён перадаў унуку патрыятызм, гонар, годнасць, характэрныя iхняму роду. Дзякуючы, яму Уладзiмiр палюбiў гiсторыю.

Дзяцiнства хлопчыка, як i многiх яго равеснiкау, было абпалена вайной. Ён трапiў у iнтэрнат і доўгi час не ведаў, дзе яго бацькi. Некалькi разоў ён уцякаў з iнтэрната на фронт.

Уладзiк зведаў голад i холад i ўсе нястачы першых пасляваенных гадоў. Iншы раз было так холадна, што «часам хацелася памерцi, абы толькi цябе пахавалi ў печцы».

Кiеўскi перыяд. Уладзiмiр Караткевiч вучыўся на фiлалагічным факультэце Кiеўскага ўнiверсiтэта. Беларускi юнак быў душою курса.

Пазней ён скончыу Вышэйшыя лiтаратурныя i сцэнарныя курсы ў Маскве, вярнуўся ў Мiнск.

/Слайд 7/

Нястомны вандроўнiк і працаўнiк, лiтаратар, якi няспынна працаваў над сабой, чалавек невычарпальнага гумару, якi ўмеў смяяцца, як дзiця, усёй душой любiў родных людзей, родную зямлю.

Ужо ў час вучобы ў Кiеве Уладзiмiр Караткевiч вырашае прысвяцiць сваё жыццё служэнню Беларусi, вяртанню свайму народу гiстарычнай памяцi. Каб гэта ад яго залежала, прызнаваўся аўтар «Дзiкага палявання караля Стаха», то кожнага вучня, пачынаючы з дзясятага класа, ён пасылаў бы на якi час у iншую рэспубліку, каб той адчуў тугу па сваiм, каб рос патрыётам. Пазней у лiсце да Максiма Танка ён прызнаваўся: «Дзецi дрэнна ведаюць гiсторыю. А мне б хацелася, каб людзi раптам адкрылi мора паэзii ў беларускай гiсторыi».


Чытыч:

Цяжкi крыж, але вельмi пачэсны,

Пералiць на свае аркушы

Казку мудрую, простую песню

Кветку матчынай чыстай душы.


Чытач:

Нашы свечы ў капальнях продкаў палаюць.

Мы для ўнукаў павiнны дарогу прабiць

Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе,

Хто забыў сваю мову – усё згубiў.


Чытач:

Выконваецца верш «Мокрыя травы».

/Слайд 8/

Я сумую па радзiме,

Па яе лугах і нiвах,

Па трыпутнiку, што гладзiў

Ногi збiтыя мае,

Па укропе на гародзе,

Рэчках, цiхiх і лянiвых,

I па сопкай белай бульбе,

Што на стол яна дае.

/Слайд 9/

Я сумую па радзiме…

Бачу цiхiя паляны,

Цёплы мёд яе малiны

Адчуваю на губах.

Ты – мая лясная казка

У красе доўгачаканай,

Ты – мая святая песня,

Свет адзiны ў вачах.

/Слайд 10/

Просты свет, дзе дрэмлюць хаты,

Дзе раса на травах спее,

Дзе ў росных шатах чуцен

Гiвала пяшчотны свiст.

Дзе наўсцяж канавы мокрай

/Слайд 11/

Пышны кураслеп жаўцее,

I купае тлусты лопух

У вадзе мясiсты лiст.

Мокры край. Дажджы i сонца.

Вiльгаць сонечнага лета.

/Слайд 12/

Жарабя бяжыць па лузе,

Радасна задраўшы хвост.

Цэлы век вiсiць вясёлка

Над краiнай мокрай гэтай,

І глядзяць спакойна конi

На нябесны дзiуны мост.

Я сумую па радзiме,

Як каханы па дзяўчыне,

Я жадаю ўвесь прыпасцi

Проста да яе рукi,

Да грудзей – тугiх узгоркаў,

/Слайд 13/

Да вачэй – азёраў сiнiх,

І замерцi ў пацалунку

На гадзiны i вякi.


/Слайд 14/

Гучыць паланэз Агінскага – спачатку гучна, пасля фонам.


Вядучы:

Следам за Уладзiмiрам Караткевiчам мы з гонарам i пачуццём уласнай годнасцi называем наш дарагi беларускi край «зямлёй пад белымі крыламi» - белымi крыламi буслоў.

/Слайд 15/


Чытальнiк (дзяўчына):

«Вясна. Над усёй нашай краiнай, наставiўшы белыя ветразi крылаў, планiруюць буслы, iх многiя i многiя тысячы, хто лiчыў?

На вiльчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на калонах былых разбураных палацаў, на слупах каплiц сярод маладога зялёнага жыта – гнёзды паўсюль.

/Слайд 16/

I таму мне здаецца, што ў гэтыя, i не толькi ў гэтыя днi зямлю нашу, Беларусь, можна назваць зямлёю пад белымi крыламi. Вось так i планiруюць, планiруюць буслы. Ветразi iхнiя раскрылены над дрэвамi, пушысты хвост, як веерам, накрыў выцягнутыя ногi, а мне пад iхнi палёт асаблiва добра думаецца пра Беларусь, нашу з вамi зямлю».


Чытальнік (хлопец):

/Слайд 17/

Буслы, буслы, ляцiце дарогай прамою

На зарослыя пальмамi берагі,

Раскажыце, што над вялiкай ракою

Ёсць народ, што нiколi не крыўдзiў другiх,

Што бязмерным гонарам я ганаруся

І мацнее штодзённа мая любоў,

Бо скупая зямля маёй Беларусi

Не раджала рабоў i не мела рабоў.


Вядучы:

«У яго было вялiкае чалавечае сэрца. Ён быў з лiку тых сапраўды рэдкiх цяпер «бяссрэбранiкаў», што любяць адно: аддаваць, адорваць, радаваць iншых, нiчога не патрабуючы ўзамен.

I ён аддаваў, налева і направа, адорваў, беручы з сваёй шырокай душы, скарбонкi свайго багатага таленту.

/Слайд 18/

Кiм ён быу? Паэтам, празаiкам, драматургам, эсэiстам, публiцыстам, лiтаратурным крытыкам, перакладчыкам цi сцэнарыстам?

Ён быў Чалавекам. Чалавекам, якi бясконца любiў людзей сваёй зямлi i свята верыў у тое, што на зямлi гэтай жыве Бог».


Гучыць верш У.Караткевіча «На Беларусi Бог жыве»

/Слайды 19-28/


Гучыць дынамiчная сучасная мелодыя. Выходзяць чатыры дзяўчыны. Бяруць чорныя капелюшы, танцуюць, становяцца спiной. Кiдаючы капелюшы ў залу, паварочваюцца з пытаннямi.


1-ая. Цi любiце вы творчасць Караткевiча так, як любiм яе мы?

2-ая. Цi любiце вы творчасць Караткевiча?

3-яя. Цi любiце вы творчасць?

4-ая. Цi любiце вы ?!


Вядучы:

/Слайд 29/

Першы зборнiк паэта «Матчына душа» пабачыў свет у 1958 годзе i адразу стаў сведчаннем таго, што ў лiтаратуру прыйшоў арыгiнальны паэт са сваiмi тэмамi, вобразамi, з адметным бачаннем свету.

У 1960 годзе з’явiўся верш «Дзяўчына пад дажджом». Апошнi яго радок – страшнае прароцтва, якому суджана было збыцца праз 26 гадоў.


Чытач выконвае верш «Дзяўчына пад дажджом»

/Слайд 30/

Над лесам, над садам дзiкiм

Дожджык забалбатаў,

I ўспыхнулi раптам гваздзiкi

У нетрах абмытых траў.

Цёплыя кроплi скачуць

Па залацiстай лазе.

Дожджык – «царэўна плача»,

Сонца ў кожнай слязе.

З нiзкай цёплай адрыны,

Учуўшы ласкавы капёж,

У лёгкай сукенцы дзяўчына

Выбегла проста пад дождж.

Кроплi яе цалавалі

Палка, пяшчотна, да слёз,

Вусны дзяўчыны хапалi

Срэбра з ясных нябёс.

Дожджык зрабiў сваё цуда,

Ён абляпiў, як мог,

Плечы, маленькiя грудзi,

Гнуткiя лiнii ног.

Бэзам з садоў павявала,

Вечна хацелася жыць.

Дзяўчына ад шчасця спявала.

……………………………….

Стронцый быў у даждажы.


Вядучы:

Быў час, калі Караткевiча абвiнавачвалi ў безнадзейнасцi, чорнай меланхолii, нават у захапленнi гiсторыяй. Быў маскоўскi перыяд жыцця, вучоба на Вышэйшых лiтаратурных курсах, затым – на сцэнарных. I – творы, творы… Галерэя сюжэтаў, вобразаў, яскравых i незабыўных, арганiчная i сакавiтая мова, якую хочацца пiць, як крынiчную ваду, удыхаць, як гаючае паветра.


Чытач выконвае верш «Мова».


Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калiсь

Вавiлонскую Вежу Адам

I няўмольна сальюцца мовы зямлi

У адну, няродную нам.

I мая безвыходна пойдзе ў змрок,

У атрутны, як вечнасць, цень,

Трапяткая i сiняя, як васiлёк,

Гарачая, як прамень.

Я нi шчасця, нi будучых дзён не жадзён

Хай пятля, хай памерцi ў пятлi,

Хай не будзе нi шчасця, нi будучых дзён,

Калi ў iх не будзе цябе.

Сiрата па з’едлiвай волi багоў,

Гiнучы мой карабель,

Хай не будзе свiтання ў народа майго,

Калi досвiткам здрадзiць табе.

Ад палеткаў райскiх лёгкай ступой

Збочу я да пякельных катлоў,

Калi першы ж ангел на мове маёй

Мне не скажа: «Братка, здароў!»

I няхай да мяне не прыйдзе вясна,

Песня, шчасце, кaханне, спакой,-

Усё адно не змяняю твой чорны праснак

На атруту пшанiцы чужой.

Ты мой ясны хлеб i каханы май,

Песня продкаў, нашчадкаў палi,

Без цябе, не з табой – не патрэбен мне рай

На душы. У небясi. На зямлi.

Вядучы:

Варты жалю той, хто не ведае былога дня i таму не можа разабрацца ў сённяшнiм i прадбачыць будучыню. Абыякавы да мiнулага не мае аніякай iнтэлектуальнай перавагi над жывёлай i таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым i фiзiчную смерць. Усё адно хто гэта – чалавек цi народ – так сцвярджае вуснамi Вiктара Калiноўскага аўтар рамана «Каласы пад сярпом тваiм». Яго шчырая грамадзянская пазiцыя выражана ў запамiнальных вобразах яго герояў.


(Выходзяць навучэнцы, якiя прадставяць лiтaратурных герояў. У руках кожнага – адпаведны твор).

/Слайд 31/

Я – Андрэй Беларэцкi («Дзiкае паляванне караля Стаха»). «I паўсюль я бачыў гора народнае, бачыў брудных дзяцей, бачыў сляпых жабракоў, бачыў гора народа майго, даражэй за якi – я зараз ведаю гэта – у мяне не было нiчога на свеце».


Я – Пятрок Ясюкевiч («Сiняя – сiняя».)

«Зямля – зямля! З атлусцелымi панамi, з бяздушнымi ўладарамi душ, з хлуснёй, са спаласаванымi мужыкамi, з апляванай, забароненай мовай.

Але яшчэ i з паплавамi, і з сiнiмi вербалозамi на берагах рэк. Няхай няшчасная, няхай забiтая і абылганая, але свая, але свая, найлепшая ў свеце».


Я – Антон Космiч («Чорны замак Альшанскi»).

«Хто не памятае мiнулага, хто забывае мiнулае – асуджаны зноў перажыць яго. Безлiч разоў».


Я – Андрэй Грынкевiч («Нельга забыць»).

«Не, продкi не адышлi. Яны тут i заўжды будуць тут: як песня, якую мы атрымалi ад iх, як iхнiя радасць i боль. Яны расквiтнеюць усмешкай на нашых вуснах, i iхняя журба – гэта наша журба.

…Продкi мае любыя, мiр вам.

…Прыйдзе дзень, i мяне не будзе. Але будзе вечнай зямная цеплыня».


Я – Алесь Загорскi («Каласы пад сярпом тваiм»).

«Радзiма мне даражэй за ўсё. I калi радзiме маёй дрэнна – мне таксама нямiла нiчога, акрамя радзiмы. Не балiць нiчыя бяда, акрамя яе бяды. Я тут не на тое, каб дрыгнуць нагою ды сказаць: «Я тут праездам. Я тут нарадзiўся i тут спадзяюся памерцi».


Я – Севярын («Чазенiя»).

«Хай коратка, але жыць. Заваёўваць магчымасць вышэйшай дабраты, жыцця дзеля iншых, а не адбiраць у iх магчымасцi гэтага жыцця. Укаранiцца на камянiстым, неўладкаваным беразе жыцця, мудра, уладна, пяшчотна свiдраваць каранямi зямлю. Араць яе для будучынi».


Я – Юрась Братчык («Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi»).

«Раз ужо я з’явiўся на зямлю – я стану тут. Бiцца буду не на жыццё, а на смерць. Казаць буду пра тое, што ёсць. Чалавек i якое месца яго на Зямлi ў Сусвеце, дзе, пэўна, ёсць шчаслiвейшыя. Пра Мужнасць, пра Здзек, пра Веды, пра Доблесць казаць буду…»


У выкананнi чытальнiкаў гучыць верш «Беларуская песня».

/Слайд 32/

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Неман на захадзе помнiць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскiх дрэмлюць суровыя вежы

I вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокi Дняпро.

Ты ляжыш там, дзе сiняя Прыпяць ласкава вiецца,

Дзе Сафiя плыве над Дзвiною, нiбы карабель…

Там, дзе сэрца маё з першым промнем, як молат заб’ецца,

Калi б нават сляпым i глухiм я прыйшоў да цябе.

Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокiя зоры,

Над ракою чырвонай i цьмянай палет кажаноу,

Белы ветразь на сiнiх, на гордых, як моры, азёрах,

I бары-акiяны, i неба – разлiвы iльноў.

Дзе мой край?

Там, дзе людзi нiколi не будуць рабамi,

Што за полiўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асiлкi-хлапцы маладымi ўзрастаюць дубамi,

А мужчыны, як скалы, - ударыш, i зломiцца меч.

Дзе мой край?

Там, дзе мудрыя продкi ў хвоях паснулi,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сiвыя матулi –

Як жнiўё з павуцiннем i добрае сонца ўгары.

Там звiняць неўмiручыя песнi на поўныя грудзi,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клiнок,

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калi сонца з зямлёю ў апошнi заглыбяцца змрок.

Ты – наш край.

Ты – чырвоная груша над дзедаўскiм домам,

Лiстападаўскіх знiчак густых фасфарычная раць.

/Слайд 33/

Ты – наш сцяг, што нiкому, нiкому на свеце, нiкому

Не дамо абсмяяць, апаганiць, забыць цi мячом зваяваць.

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полi

I апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.

/Слайд 34/

Мы клянёмся табе, што ніколi,

Ніколi,

Ніколi,

Так, ніколi не кiнем,

Не кiнем,

Не кiнем цябе.


Вядучы:

/Слайд 35/

Уладзiмiру Каpаткевiчу прырода дала вочы, якiя прагна бачылi ўсё на зямлi, ногi, якiя жадалi абшару i сэрца, якое хацела чагосьцi незвычайнага. Караткевiч катэгарычна не згаджаўся са званнем «рамантыка», якое ўпарта яму прысвойвалi. Але хто iншы, як не рамантык, мог аддаць увесь ганарар гандляру галубамi на Старажоўскiм рынку за тое, каб той выпусцiў прыгажуноў на волю. Сведкi ўспамiнаюць: Караткевiч браў кожнага голуба з клеткi i трыумфальна ўзнiмаў увысь – ляцi! А тыя птахi вярталiся звычайным шляхам да гаспадара, у яго клеткi.

Вядучы:

/Слайд 36/

Уладзiмiр Караткевiч, па словах Адама Мальдзiса, «Быў розны – як i яго вочы. Часта вясёлы i гарэзлiвы – тады яго нязмушаны смех гучаў гучна, раскацiста. Часам задуменны і сумны – асаблiва калi сустракаўся з праявамi чалавечай дурасцi і кар’ерызму. Часам – у апошнiя гады жыцця – раздражнёны i гнеўны. Але заўсёды сумленны i высакародны.


Выкладчык лiтаратуры:

Мне давялося сустрэцца з Уладзiмiрам Караткевiчам пасля выхаду яго рамана «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi», калі я была студэнткай Гродзенскага ўнiверсітэта iмя Я. Купалы. Нас падкупiў пiсьменнік сваёй душэўнай шчырасцю i адкрытасцю. З першых хвiлiн сустрэчы здавалася, што мы даўно з iм асабiста знаёмы. Гэта быў цiкавы субяседнiк, акцёр, якi здолеў захапiць нас цёплай, сардэчнай гутаркай, сваiмi роздумамi пра Беларусь i наш народ. Некалькi разоў аўдыторыя ўзрывалася выбухамi смеху, таму што, мабыць, нiхто, як Караткевiч, не ўмеў жартаваць. Ён дарыў нам свае аўтографы, якiя мы збераглi на ўсе жыццё.

/Слайд 37/

Сам пiсьменнік падкрэслiў у сваiм прозвiшчы Карат – бо i маё дзявочае прозвiшча было Каратай. «Давайце шукаць каранi», - прапанаваў Уладзiмiр Сямёнавiч.


Вядучы:

/Слайд 38/

Уладзiмiр Караткевiч любiў нашу Навагрудчыну i неаднаразова бываў тут. Навучэнка каледжа Макрушыч Таццяна запiсала ўспамiны сваiх родных Усюкевiчаў Уладзiмiра Вячаслававiча і Таццяны Мiкалаеўны.


(Навучэнка знаёміць з успамiнамi. (Дадатак 2)).


Чытальнiк:

/Слайд 39/

Быў змагаром суровым,

Ворагам быу сталёвым,

Рыцарам чалавечнасцi

Над прорвай страшных баёў.

Я не ўцякаў нiколі

У вечнай бiтве за волю,

Браў тое, што мне належала,

I тое, што не маё.

Меў я толькi радзiму:

Гушчы, палеткi, вежы,

Ясную песню жаўранка

У моры надрэчных траў.

Песня мне не належала,

Голас мне не належаў,

Слова мне не належала –

I ўсё я ў змаганнi ўзяў.

Бронзай гучала зброя,

Срэбрам звiнела слова.

Зброяй i песняй такою

Здолеў я ўсё ўзяць,

I толькi не ўзяў адзiнага –

Маёй адзiнай любовi.

Не мог у руках затрымаць.

Я не плямiў нiколi

Рукi бязвiннай крывёю,

Не плямiў маною песню

I словам здраднiцкiм – рот.

Я воiнам быў нястомным

З жорсткасцю i хлуснёю,

I без забрала, да смерцi

Бiўся за просты народ.

Я ведаю: я загiну,

Загiну i не ўваскрэсну,

I ўсё ж за народы змагацца

Пакiну кагорты свае,

I будуць магутнымi словы,

I пераможнымi – песнi,

Нават тады, калi прахам

Стануць косцi мае.


Вядучы:

Пiсьменніка не стала 25 лiпеня 1984 года. Незадоўга да сваёй смерцi ён, нiбы развiтваючыся, наведау блiзкiя i дарагiя яму мясцiны.

Яму не было прысвоена званне народнага пiсьменніка. Але жыу ён – як народны. I хавалi яго – як народнага.

А перад гэтым Караткевiч закончыў складанне зборнiка паэзii «Быў. Ёсць. Буду…» У кнізе, як у кроплi вады, выявiўся ўвесь паэт – крыштальна чысты, даверлiвы, адкрыты, захоплены жыццём. I адначасова мудры, засяроджаны ў сабе, трагiчны.

/Слайд 40/

Ва ўступным слове да зборнiка Рыгор Барадулiн зазначыў: «Ты пiсаў, як дыхаў. Сваiм асабiстым прыкладам творцы паказаў узор служэння Радзiме, Народу, Мове».


Чытальнiк:

/Слайд 41/

Памiраю i веру

Калiсьцi над светлымi водамi,

Над свабоднай зямлёю

I над Белаю Руссю маёй

Шчасце сонцам заззяе,

I слова нашчадка свабоднага

Мае раны загоiць

Гаючай жывою вадой.


Чытальнiк:

Бог пайшоў. Жыццё iдзе пад кручу.

Але йдзi i не губляй спакой.

Ёсць замест прыватнай неўмiручасцi

Бессмяротнасць нацыi тваёй.

Ты памрэш. Але ў бязмежным свеце

Будуць працвiтаць твой Люд i Край…

Вер, што ў гэтым, вер, што толькi ў гэтым

Шчасце пасмяротнае i рай.


Вядучы:

/Слайд 42/

Свой апошнi прытулак нястомны працаўнiк і вандроўнiк знайшоў на Маскоўскiх могiлках, непадалёку ад Мележа і Макаёнка. У адпаведнасцi з яго апошняй воляй над магiлай узнёсся сцiплы і велiчны палявы камень. Скульптар А. А. Анiкейчык захаваў яго натуральную прыгажосць, аздобiўшы толькi бронзавым аўтографам пiсьменніка i бронзавым калоссем.

А найлепшай эпітафiяй маглi б быць словы Адама Мальдзiса: «Тут ляжыць вялiкi чалавек Белай Русi, апостал нашай духоўнасцi, непараўнальны мастак 20 стагоддзя Уладзiмiр Караткевiч».


(Гучыць сцiшаная музыка, падаюць лiсты).


Чытач:

У векавечнай бацькаўшчыне клёны

Нячутна пачынаюць аблятаць

На рыжую траву, на мох зялёны,

На веснiцы, на цiхi стаў, на гаць.

Зямля глядзiць азёрамi-вачыма

На ясны свет, што стане ў красе.

Як чыста, бы святло абшары вымыла,

Як цiха – быццам знiклi людзi ўсе.

Адвечная мая! У сцюдзёных росах,

Як летась, як мiльёны год таму…,

Ляцяць на ветры косы рыжай восенi,

I клiча лiсцяў жоўты сум зiму.

На вуснах стыне горкi смак рабiны,

Цалую iх, халодныя як лёд.

О вы, што будзеце iсцi з дзяўчынай

Пад тымi ж клёнамi праз сотню год,

Цi зразумееце, што мы кахалi,

Што зніклi так, як знiкнеце i вы,

Што векавечны толькi край, i далеч,

І жоўты лiст на зеленi травы,

Што ў векавечнай бацькаўшчыне клёны

Тысячагоддзi будуць аблятаць

На рыжую траву, на мох зялёны,

На веснiцы, на цiхi стаў, на гаць,

Што нездарма яна з асiнак рудых,

Калi iдзеш увосень па зямлi,

Раняе золата пад ногi людзям,

Каб мы яе любiлi i бераглi.


Вядучы:

/Слайд 43/

Нiбы наказ, нiбы запавет, гучаць радкi з цудоўнай кнiгi нарысаў «Зямля пад белымi крыламi», звернутыя да будучых чытачоў: «Вы маладыя. Вы паглядзiце многае ў свеце. А перш за ўсё вам трэба ведаць свой, самы для нас прыгожы край. Ездзiце. З экскурсiямi, да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мiлай, ласкавай няяркай краiны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песнi. I, галоўнае, пазнаеце свой гасцiнны, добры, горды i таленавiты народ.

Я не мог напiсаць аб усiм i ўсiх, i хай яны мне прабачаць.

I вы прабачце мне за доўгую размову. Калi пачнеш прызнавацца ў любовi да самага дарагога – скoнчыць тое прызнанне амаль немагчыма.

…Любiце гэтую святую зямлю аддана i да канца. Iншай нам не дадзена, дый непатрэбна.

Але калi вам, дарагiя мае дзяўчаты i хлопцы, захацелася пасля прачытанай кнiгi прайсцi па шляхах нашай Беларусi, нашай зямлi пад белымi буслiнымi крыламi, пахадзiць гэтымi дрымучымi дубровамi, праплысцi гэтымi поўнымi рэкамi, - буду лiчыць, што работа мая зроблена. Буду шчаслiвы.

Бывайце ж шчаслiвы я i вы.


Вядучы:

Хто не спазнаў лiтаратуры нашай велiчы,

Хто на гiсторыю з пагардаю глядзiць,

Таму параю я: чытайце Караткевiча,

Каб на Радзiме ды манкуртамi не быць.

Зямля пад белымi крыламi ў нас – адзiная

Мы – каласы пад лёсу вечнага сярпом –

Ладдзёю Роспачы плывём, але – з Радзiмаю,

Чарнобыль попелам пасыпаў – мы жывём.

Хай чорны замак нас палохае скляпеннямi,

Хай на дрыкгантах Стах са свiтаю iмчыць,-

Упарта, годна, як усходнiя чазенii,

Жылi – жывём – i ў пакаленнях будзем жыць!

Дождж Леанiдаў над зямлёй пральецца безлiччу

Агнiстых зорак… Загадаць бы нам паспець

Высокай, чыстай, яснай зорцы Караткевiча

I у вяках, i ў нашай памяцi гарэць.

Выкладчык:

Творчасць Уладзіміра Караткевіча, які заўчасна пайшоў з жыцця, займае ў сучаснай беларускай літаратуры асаблівае і, бадай, нікім іншым сур’ёзна не аспрэчанае месца. Ён і сам прыйшоў, можна сказаць, на не занятую нікім, вольную “тэрыторыю” ў нацыянальнай прозе і павёў сябе вольна, нескавана, але ўпэўнена. Думаю, што вы з вялікай карысцю для сябе прачытаеце яго аповесці і раманы, вершы і драмы, якія кожным радком дыхаюць гісторыяй. Караткевіч здолеў вярнуць беларусам у мастацкай форме іх мінулае. Дазволіў ганарыцца тым, што мы жывём на гэтай зямлі. Ён абудзіў нашу нацыянальную годнасць. Ул.Караткевіч – гэта светач нашай эпохі, вялікі патрыёт зямлі беларускай. Ён глыбока распрацаваў тэму нацыянальнай гісторыі. І гэтым яго творчасць застанецца назаўсёды ў памяці людской. Гэтым ён шануецца сярод многіх-многіх тысяч чытачоў. Беларусь і яе народ могуць ганарыцца тым, што ў нашай гісторыі быў, ёсць і будзе чалавек, які стаў у першыя шэрагі на шляху ўсясветнай чалавечнасці. “Калі ёсць у народа такія – не згіне ніколі народ!”

/Слайд 44 (заключны)/


Літаратура

  1. Р. Барадулін. І коскі з месца не зрушу. Беларусіка. – 2000.№16, с.7-30.
  2. А. Мальдзіс. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мінск. Мастацкая літаратура, 1990.
  3. А. Ліс. Цяжкая дарога свабоды. Мінск.Мастацкая літаратура, 1994.
  4. В. Шчадрына. Уладзімір Караткевіч і яго творчасць у еўрапейскім культурным аспекце навук. Беларусіка. 2000 - №15 с. 63-67.