Уа “Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П. М. Машэрава” Факультэт беларускай філалогіі І культуры

Вид материалаДокументы

Содержание


Актуальнасць тэмы даследавання.
Мэта даследавання
Для рэалізацыі тэмы вырашаюцца наступныя задачы
Агляд літаратуры па тэме даследавання.
Аб'ект даследавання.
1. ЭЛЕМЕНТЫ ФЭНТЭЗІ Ў ТВОРЧАСЦІ КЛАСІКАЎ к. ХІХ-ХХ стст. ЯК ПЕРАДГІСТОРЫЯ ЖАНРУ Ў АЙЧЫННАЙ ЛІТАРАТУРЫ
2. Жанрава-тэматычная разнастайнасць беларускай фантастычнай прозы на прыкладзе творчасці паасобных аўтараў
2.2. Творчыя навацыі сержа мінскевіча
Подобный материал:

УА “Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П.М. Машэрава”


Факультэт беларускай філалогіі і культуры


Кафедра беларускай літаратуры


ЖАНРАВАЯ РАЗНАСТАЙНАСЦЬ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ФЭНТЭЗІЙНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Курсавая работа па беларускай

літаратуры студэнткі

ІІІ-га курса 53-й групы

ФБФК

Князевай Кацярыны Васілеўны


Навуковы кіраўнік: к.ф.н., дацэнт

Русілка В.I.


Віцебск 2007

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ …….3-10

1. ЭЛЕМЕНТЫ ФЭНТЭЗІ Ў ТВОРЧАСЦІ КЛАСІКАЎ к. ХІХ-ХХ ст. ЯК ПЕРАДГІСТОРЫЯ ЖАНРУ Ў АЙЧЫННАЙ ЛІТАРАТУРЫ..............

2. ЖАНРАВА-ТЭМАТЫЧНАЯ РАЗНАСТАЙНАСЦЬ БЕЛАРУСКАЙ ФЭНТЭЗІЙНАЙ ПРОЗЫ НА ПРЫКЛАДЗЕ ТВОРЧАСЦІ ПААСОБНЫХ АЎТАРАЎ..............................................53-102
  1. Найноўшая навуковая фантастыка (1995-2005гг.).. ……53-76
  2. "Жаночая" плынь ў беларускай фантастыцы …...77-88
  3. Кіберпанк і творчасць А. Паўлухіна …...89-102

ЗАКЛЮЧЭННЕ …....103-105

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ…………………………..106-109

УВОДЗІНЫ


Жанр фэнтэзі ў сусветнай літаратуры. Праблема азначэння паняцця. Функцыянаванне літаратуры ў канцы ХХ ст. было адзначана буйным ростам такой неадназначнай з’явы, як "фэнтэзі", якое з часам стала процілеглай плынню ў адносінах да НФ – навуковай фантастыкі (фактычна, гэта дзве асноўныя плыні, на якія падзяляецца ўся фантастычная літаратура). У межах аднаго кірунку, а з 60-х гг. і жанру, развіваюцца дзесяткі разнавіднасцяў, аб’яднаных ідэяй існавання Чарадзейнай краіны. Краіны Цудаў, дзе няма перашкодаў для выяўлення свайго "я", якое часта па-абывацельску марнее ў невядомасці.

Не знаходзячы ў рэальнай жыццёвай аснове глыбінных духоўных апораў, якія б не толькі ўмацоўвалі сучасны ўнутраны стан народа і чалавека, але і давалі выйсце ў заўтрашні дзень, літаратура пачынае шукаць іх у фальклоры, міфалогіі, містыцы, утопіях. Тут яна знаходзіць падтрымку ў сучасным сусветным літаратурным кантэксце. І гэта для творцаў начасцей мае большае значэнне, чым ацэнка творчасці самім жыццём, яго зместам і яго патрэбамі. Калі і чаму людзі губляюць цікавасць да навакольнага жыцця і імкнуцца ў казачны свет? На гэтае пытанне рускі крытык Ул. Губайлоўскі адказвае наступным чынам: “Калі яны (людзі) гэтае жыццё не разумеюць і баяцца яго, як нечага незнаёмага і чужога. Свет фэнтэзі наскрозь зразумелы і ясны, паколькі ён замкнёны і вычарпальны. Гэта свет фармальнай свабоды” [32, с.184].

Фантазія – неад'емная ўласцівасць чалавека. Са старажытных часоў яна выступае як універсальны сродак спасціжэння таямніц свету і стварэння яго ўпарадкаванай мадэлі.

У старажытнасці фантазія знаходзіла ўвасабленне найперш у міфалогіі і казачным эпасе. Тагачасны міф - своеасаблівая навука, бо ў ім у алегарычнай форме змяшчаліся веды пра навакольны свет. Напрыклад, у "Іліядзе" Гамера, паэмах Гесіёда, адлюстроўвалася тэорыя развіцця Сусвету, яго эвалюцыя. Увогуле, фантастыка прысутнічае ў літаратуры на ўсім працягу яе існавання. Яскравы прыклад з літаратуры Сярэднявечча - утопіі Т. Мора і Т. Кампанелы як мара пра ідэальнае грамадства. "Фантастычнае – гэта метафара жыцця, што дазваляе ўбачыць яго з новай, нечаканай кропкі гледжання" (Ч. Айтматаў).

Адметнасць фэнтэзі – адсутнасць навуковасці, паказ новага, але павернутага ў мінулае быцця. Аўтару няма неабходнасці тлумачыць дэталі новага свету, мяркуецца, што чытач знаёмы з імі, бо, “паводле дамоўленасці”, гэты свет – адзіны. Вось адно з найбольш трапных і кароткіх азначэнняў фэнтэзі: літаратура мяча і магіі.

На думку С. Собалева, “фэнтэзі – гэта ўяўленне урбанізаванага чалавека тэхнагеннай цывілізацыі і індустрыяльнага свету пра быт, норавы і міфалагічную свядомасць чалавека Сярэднявечча” [36, с.51]. Пад тэхнагеннай цывілізацыяй крытыкам разумееца разрыў цесных сувязей з прыродай, спроба чалавека стаць Гаспадаром.

А. Мароз лічыць, што “... у фэнтэзі, як правіла, пачынаюць з чыстай старонкі і будуюць новы свет. Ён можа пераняць некаторыя рысы нашага свету (намерана ці падсвядома), альбо свету нейкага літаратурнага твора, але гэта адбываецца толькі дзеля надання яму некаторага спецыфічнага “паху” пазнавання”[33, с.31].

Аўтары фэнтэзі ствараюць новае быццё, якое знешне мала адрозніваецца ад НФ: па форме – гэта такі ж злепак рэчаіснасці. Праўда, ён крыху змешчаны ў мінулае: яго дух складаюць сярэднявечныя легенды, фантазіі, рыцарскі кодэкс чэсці, элементы быту. Аднак, калі ў сярэднявеччы ўсё гэта было сутнасцю, то ў фэнтэзі – становіцца толькі фонам, дэкарацыяй, у межах якой дзейнічаюць іншыя грамадскія, індывідуальныя, прасторава-часавыя законы.

Спачатку сфарміравалася разнавіднасць “толкіенаўскага” фэнтэзі – ТФ (ад імя самога мэтра). У тыя часы (1930-я гг.) чалавек успрымаўся ў Краіне Цудаў як чужынец, прыхадзень, з’ява новага свету, а чароўныя жыхары саступалі яму месца. Так пачыналася эра людзей. Менавіта гэта з’яўлялася момантам рэалізацыі сувязі Краіны Цудаў і рэальнасці. У сярэдзіне 1950-х гг. узнікла новая хваля папулярнасці жанру, якая не захацела мірыцца з тым, што Запаветная Краіна ўжо памерлая. Было здзейснена тое, на што не адважыўся Дж.Р.Р. Толкіен: чалавек аб’яўлены натуральным чароўным жыхаром. Тым самым з рэальнасцю парвалі канчаткова.

Затым падключылася раней самастойная галіна “гераічнага”, ці “авантурнага” фэнтэзі (найбольш яркі прыклад – раманы пра Конана-варвара). З 60-ых гг. жанр падпаў пад сур’ёзнае рэфармаванне: мяняюцца прыярытэты, фарміруецца “класічнае” фэнтэзі – КФ (М. Муркок, Р. Жалязны, Эн Макэфры, А. Нортан і інш.), з’яўляецца “пытанне пра “жаночае” фэнтэзі” (У. ле Гуін). "Класічнай" гэта разнавіднасць названа ў кантэксце далейшага літаратурнага працэсу, калі з’яўляецца рад твораў, што цяжка супастаўляюцца з жанрам фэнтэзі наогул.


На рускай і беларускай глебе далей з’яўляюцца фальклорнае фэнтэзі (дзе сюжэт твора грунтуецца на нацыянальнай міфалогіі), гістарычнае фэнтэзі, гумарыстычнае фэнтэзі, дэтэктыўнае і нават тэхнапанк (калі паралельна суіснуюць тэхнагенная цывілізацыя і казачна-фантастычны свет) і кіберпанк (плынь тэхнапанку, якая займаецца апісаннем і распрацоўкай адносін паміж чалавекам і інфармацыйнай структурай). Вядуцца эксперыменты з "магічным рэалізмам", далёкія ад лаціна-амерыканскага сэнсу тэрміна; "навуковым" фэнтэзі, што ў 60-я гг. сышоў “на нет”, але трывала замацаваўся ў нас у выглядзе асобных элементаў. Немалы пласт складаюць і творы “ўмоўнага” фэнтэзі (калі чытач стартуе ў рэальных часе і прасторы, а затым трапляе ў Краіну Цудаў), што часта знешне прымыкаюць да фэнтэзійнага жанру.

Актуальнасць тэмы даследавання. Абумоўлена недастатковай колькасцю літаратуразнаўчых прац, прысвечаных абранай тэме і пашырэннем фэнтэзійнай прозы ў цяперашні час; неабходнасцю аб'ектыўнага асэнсавання стану і перспектыў беларускіх разнавіднасцей жанру, іх ролі ў сучасным літаратурным працэсе. Усё гэта спрыяе выяўленню цэласнасці карціны сучаснай беларускай літаратуры.

Мэта даследавання - прасачыць асноўныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця, прааналізаваць жанрава-тэматычную разнастайнасць, разгледзець станаўленне беларускай фэнтэзійнай прозы.

Для рэалізацыі тэмы вырашаюцца наступныя задачы:
  • раскрыць адметнасць фэнтэзійнай фантастыкі як мастацкага метаду;
  • асэнсаваць ролю асобных аўтараў у развіцці беларускага фэнтэзі;

- даследаваць вобразную сістэму і жанрава-тэматычныя адметнасці айчыннай
фэнтэзійнай прозы.

Агляд літаратуры па тэме даследавання. Даследаванне грунтуецца на метадалагічнай базе, якая ствараецца ў беларускім літаратуразнаўстве. Пры напісанні курсавой працы выкарыстоўваліся крытычныя артыкулы беларускіх літаратуразнаўцаў, змешчаныя ў часопісах "Крыніца", "Полымя", "Маладосць" і іншых перыядычных выданнях. Значная ўвага была звернута на грунтоўныя працы літаратуразнаўцаў А. Бельскага, Г. Зенавай, В. Шумко (які спецыялізуецца ў асноўным на даследаванні рускамоўнага фэнтэзі), артыкулы А. Паўлухіна, С. Мінскевіча і інш. Пры вывучэнні творчасці таго ці іншага пісьменніка выкарыстоўваліся адпаведныя крытычныя артыкулы.

Таксама мы звярталіся да літаратурна-крытычных артыкулаў некаторых расійскіх пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў (А. Мароз, С. Собалеў і інш.). Разам з тым пры напісанні працы былі выкарыстаны некаторыя вучэбныя выданні па гісторыі і тэорыі літаратуры.

Такім чынам, пры стварэнні дадзенай працы аўтар імкнуўся прасачыць развіццё і разгледзець перспектывы беларускай фэнтэзійнай прозы, зрабіць спробу яе комплекснага агляду і аналізу.

Аб'ект даследавання. Аб'ектам даследавання выступаюць беларускамоўныя мастацкія творы айчынных пісьменнікаў, напісаныя пераважна ў жанры фэнтэзі. Разам з тым складанасць жанравай класіфікацыі і неаднастайнасць у вызначэнні крытэрыяў таго ці іншага напрамку фэнтэзійнай літаратуры абумовілі таксама аналіз твораў, у якіх прысутнічалі толькі асобныя элементы фэнтэзі. На нашу думку, зварот да твораў, напісаных у сумежных жанрах ( сацыяльная і псіхалагічная фантастыка, містычнае апавяданне і інш.), дазволіў больш поўна раскрыць карціну сучаснай беларускай фэнтэзійнай прозы, выявіць яе адметнасці, даследаваць некаторыя заканамернасці развіцця. У сваім даследаванні мы звярталіся як да аналізу творчасці паасобных аўтараў, якая ў айчыннай літаратуры фэнтэзі прадстаўлена найбольшай колькасцю твораў (Р. Баравікова, С. Мінскевіч, А. Казлоў, А. Бычкоўскі і інш.), так і да асобных фантастычных твораў іншых аўтараў, што дазволіла правесці як тыпалагічнае параўнанне прозы розных аўтараў, так і комплексны аналіз творчасці пэўнага пісьменніка. У асобных выпадках прыводзяцца паралелі з творчасцю некаторых замежных фантастаў.


1. ЭЛЕМЕНТЫ ФЭНТЭЗІ Ў ТВОРЧАСЦІ КЛАСІКАЎ к. ХІХ-ХХ стст. ЯК ПЕРАДГІСТОРЫЯ ЖАНРУ Ў АЙЧЫННАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Беларуская літаратура, як вядома, развівалася запознена ў параўнанні з сусветным літаратурным працэсам, што тлумачыцца няпростым гістарычнам шляхам беларускай нацыі. Аднак, аглядаючы беларускую прозу к. ХІХ-ХХ стст., можна заўважыць некаторыя элементы фэнтэзійнай літаратуры ў творчасці асобных пісьменнікаў (А. Міцкевіча, Я. Баршчэўскага, В. Ластоўскага, У. Караткевіча).

Фэнтэзійная фантастыка з даўніх часоў прысутнічала ў беларускай культуры, бо шчыльна звязана з фальклорам і веравызнаннямі. Стварэнне мастацкіх твораў на аснове народных легенд і паданняў абумоўлівае іх рамантызавана-фантастычны змест і наяўнасць казачных, чароўных элементаў. Так, Адам Міцкевіч у сваіх баладах прадстаўляе сваю інтэрпрытацыю легенды пра горад, што праваліўся пад зямлю, і на месцы якога ўтварылася возера (“Свіцязь”), выкарыстоўвае элементы містыцызму, што носяць характар сімвалізму (“Ліліі”), і пераўтварэння чалавека ў іншую істоту (“Рыбка”). Пераход ад жыццёва-рэальнага да таямніча-фантастычнага, сувязь з фальклорнымі традыцыямі (як, напрыклад, у асобных раздзелах паэмы “Пан Тадэвуш”) – гэта тыя рысы рамантызму як мастацкага метаду, якія часта рэалізуюцца ў жанры фэнтэзі.

Найбольш ярка беларуская міфалогія адлюстравана ў самым значным творы Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Зыходзячы з пастулату, што проза Баршчэўскага не датычыць непасрэдна ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Беларусі, але мае сувязь з рэччу больш важнай, а менавіта з духам і паэзіяй народа, і што толькі ядро апавяданняў належыць народу, а ўвесь астатні малюнак – фантазія аўтара, - мы можам гаварыць пра стварэнне аўтарскага іншасвету, фантастычнай, выдуманай Беларусі, Краіны Цудаў. У гэтай краіне можна сустрэць і ваўкалакаў, і пярэваратняў, і чарнакніжнікаў, і цмокаў, і волатаў. Чараўніцтва, хоць і не ўсім даступна, але з’яўляецца неад’емнай і прызнанай часткай гэтага іншасвету.

У 1923 г. ў часопісе “Крывіч” быў апублікаваны твор Вацлава Ластоўскага “Лабірынты”. Аўтар не даў яму жанравага азначэння. Сённяшнія даследчыкі літратуры разышліся ў яго вызначэнні. Я Лецка пісаў, што гэта – фантастычная аповесць. А. Сідарэвіч – прыгодніцка-гістарычная, а Ю. Пацюпа лічыць, што “Лабірынты”, у найбольш вузкім і канкрэтным сэнсе, ёсць нацыянальная ўтопія. Сам тэрмін “утопія” перакладаецца з грэчаскай мовы як месца, якога не існуе. У філасофіі ўтопіяй называецца выява мадэлі прыдуманага грамадства, якое ўвасабляе пэўны сацыяльны або тэхнічны ідэал.

Для эпохі асветніцтва характэрна вялікая колькасць утапічных твораў. Новая беларуская літаратура таксама стварыла міф пра свой, уласна беларускі, “залаты век”. Для сённяшняга чытача-беларуса паўстае сапраўдны казачны вобраз краіны, якая знаходзіцца тут, у знаёмых мясцінах, але ж у ёй наша мова жыве. Вось мы ўжо маем сюррэалістычны вобраз Беларусі – краіны-мары, краіны-казкі. “Можна гаварыць пра вельмі спецыфічную трансфармацыю ўтапічнай ідэі пра “залаты век” на беларускай глебе. Ідэальнае мінулае не прайшло. “Залаты век” вечна працягваецца, толькі краіна-мара знаходзіцца ў іншым вымярэнні”, - лічыць крытык В.У. Барысенка [8, с. 8].

В. Ластоўскі дапаўняе, канкрэтызуе гэтую нацыянальную ўтопію. Ён называе месца знаходжання фата-марганы. Яна – у полацкіх падземных лабірынтах. Пад зямлёй – вечна жывыя старцы, якія, кажучы словамі Янкі Купалы, “не кранулі косы змен”. І паколькі тэма для разважанняў, акрэсленая творам, мае больш культурна-нацыянальны, а не сацыяльны характар, то мы можам гаварыць пра адметныя фэнтэзійныя рысы аповесці, што займае пагранічнае становішча паміж утопіяй і НФ. У творы назіраецца паяднанне гістарычнага і фантастычнага. З аднаго боку, архетыпы страдаўняй міфалогіі – аснова нацыянальнай ментальнасці. А па Ластоўскім атрымліваецца, што “ў мінуўшчыне – не толькі карані нашай ментальнасці, там і аснова сённяшніх навуковых адкрыццяў”[8, с. 9].


Цікавую асацыяцыю прапанаваў А. Хадановіч: “Караткаевіч – Толкіен” у кантэксце стварэння новых мастацкіх сусветаў. Жыццяздольных сусветаў, якія ў выніку робяцца нечым большым, чым проста літаратурнай фікцыяй, ушчэнт абвяргаючы тэзу Арыстоцеля пра мастацтва, якое ёсць толькі мімезісам, толькі перайманнем прыроды. Даследчык піша: “… існуе суцэльна іншая Беларусь. Віртуальная краіна, якой, найхутчэй, ніколі не існавала. Але гэта краіна, у якой хочацца пажыць, грамадства, якога хочацца дамагчыся. Ідэальная Беларусь Уладзіміра Краткевіча, населеная шляхетнымі рыцарамі, сімпатычнамі прайдзісветамі, выпівахамі і вылівахамі, мужнымі патрыётамі, нацыянальна свядомымі арыстакратамі з паэтычнымі здольнасцямі” [30, с. 106]. Сутнасную розніцу Хадановіч угледзеў у тым, што Толкіен, як шчыры хрысціянін, сціпла ўхіляўся ад спаборніцтва з Творцам на зямлі, прыдумаўшы паралельную тэорыю са сваімі мапамі, мовамі. Караткевіч жа “дзёрзка паставіў магічны эксперымент проста ў краіне, якую меў пад рукой, - і эксперымент аказаўся паспяховым. Зямля “пад белымі крыламі” караткевічаўскай магіі нарэшце з’явілася на палітычнай мапе свету, а мова чым далей, тым болей пачала нагадваць фэнтэзійна-эльфійскую: сярод яе носьбітаў усё меней беларусаў Багушэвіча і ўсё болей гарадскіх інтэлектуалаў, якія на дзіва падобныя да герояў Караткевіча” [30, с. 106].

Для творчасці Уладзіміра Караткевіча характэрны не толькі гістарызм, зварот да мінулага Беларусі, але і наданне ёй асобных міфалагічных рыс праз зварот да прымхаў, вераванняў, забабонаў тагачаснага чалавека. Крытык А. Ненадавец у сваім артыкуле “”Міфалогія ў творах Уладзіміра Краткевіча” засяроджвае ўвагу на тым, “што ў творах пісьменніка самі паняцці “чарадзейка”, “чараўнік”, “знахар”, “варажбіт” амаль не адрозніваюцца па сэнсе, хаця тут былі, адпаведна свае тонкасці, выпрацаваныя шматвяковым практычным вопытам народа”[27, с. 136]. Многае з жыцця чараўнікоў ахутвалася флёрам таямнічасці для таго, каб лішні раз падкрэсліць адрозненне злых варажбітоў ад звычайных людзей. “Аднак адчуваецца, што народным дарадцам было шкада паміраючых, кім бы яны на самой справе ні былі, але пераступіць мяжу забароненага адвечнымі канонамі не асмельваліся”, - зазначае Ненадавец [27, с. 137]. У якасці прыкладу аўтар узгадвае эпізод з рамана “Каласы пад сярпом тваім”, у якім сын забівае бацьку, які, паводле ягоных перакананняў, быў злосным чараўніком. У некаторых выпадках Ул. Караткевіч выводзіць з усеагульнага вядзьмарства-чарадзейства нейкую ўжо не міфічную, а сацыяльна-карную ўсемагутную з’яву, якая магла помсціць багатым і злым, бязлітасным і сквапным. Хоць, не сакрэт, што само чарадзейства разглядалася ім, як сацыяльная з’ява супраціву (Раўбіч), але ж тут яна яшчэ больш узмацнялася. Напрыклад, у легендзе “Маці ветру” аўтар сабраў разам праказу і жах, дзеянні ведзьмакоў і жывёльны страх людзей перад такой хваробай-пошасцю.

Зразумела, што на самай справе Ул. Караткевіч, “ажыўляючы” рэчаіснасць ХІХ ст., імкнуўся зрабіць яе як мага больш праўдзівай, каб у яе паверыў нават самы пераборлівы чытач. Нам здаецца, што ў некаторых выпадках пісьменнік робіць так, што яго героі надта вераць ва ўсялякае чарадзейства, нячысцікаў, цуды, якія быццам бы адбываліся (ці маглі адбывацца) на тутэйшай зямлі. Ул. Караткевіч паказаў вераванні тагачаснага чалавека і іх уплыў на жыццё “з народнага пункту гледжання на з’явы, на акаляючы свет, на існаванне нейкіх міфічна-дэманалагічных персанажаў”[27, c. 145]. І праз гэтую веру герояў адкрываў дзверы ў чароўны свет і чытачу.


Аднак у большасці выпадкаў нават тыя нешматлікія элементы, якія б можна было прыпісаць фэнтэзійнаму жанру, маюць хутчэй містычны ці міфалагічны пачатак, што звязана з уплывам такога мастацкага метаду, як рамантызм, у беларускай літаратуры к. ХІХ – пач. ХХ стст.

У больш шырокім часавым зрэзе "беларуская літаратура характарызуецца звычайна як літаратура, у якой вельмі выразна выяўляецца адчуванне непасрэднай звязанасці чалавека з рэальнай жыццёвай асновай, з матэрыяльным, рэчыўна-канкрэтным", - піша даследчык Я. Гарадніцкі [12,с.41], падкрэсліваючы разам з тым, што "рэальнай дадзенасцю канцэптуальнага поля сучаснага літаратуразнаўства з'яўляецца прызнанне шматвектарнасці літаратурнага развіцця, асабліва ў дачыненні да XX ст."[12, с.45]. Са свайго боку адзначым, што, хутчэй за ўсё, сваю ролю ў запаволеным развіцці беларускай фэнтэзійнай прозы адыграла дамінанта беларускай мовы ў паэзіі над прозай і ўплыў сучасных рускамоўных шаблонаў т.зв. КФ і умоўнага фэнтэзі на творчасць беларускіх аўтараў.


Трэба адзначыць, што беларускай літаратуры ўласціва трагедыйнасць светапогляду, абумоўленая гістарычнымі варункамі існавання беларускага народа. Шматлікія войны; Курапаты, Хатынь, Чарнобыль, сталінізм, фашысцкая навала, экалагічнай катастрофа – асноўныя чыннікі, паводле А. Адамовіча, што наклалі трагедыйны адбітак на беларускае светаўспрыманне. Гэта абумовіла вострасацыяльны характар прозы апошніх дзесяцігоддзяў.

У жанры гратэску і антыўтопіі напісаны апавяданні з кнігі "Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў" Алега Мінкіна і аповесць "Смута" Андрэя Федарэнкі. Такім чынам, фантастычныя творы 1980-90-х гг. адлюстроўваюць трывогу аўтараў за будучыню планеты, лёс чалавецтва. Некаторыя з іх маюць антываенную скіраванасць, утрымліваюць крытыку розных бакоў жыцця, асвятляюць маральна-этычныя, экалагічныя праблемы.


Са станоўчых з'яў пачатку новага тысячагоддзя адзначым выданне часопіса "Фантаст" у дадатку да "Маладосці". Сёння там актыўна друкуецца плеяда маладых аўтараў: Алесь Аляшкевіч, Серж Мінскевіч, Алесь Бычкоўскі, Андрэй Паўлухін, Раіса Баравікова. "Жанр фантастыкі найболып прыдатны для творчых навацый маладых пісьменнікаў: ён дазваляе эксперыментаваць, шукаць новыя стылёвыя і вобразныя магчымасці адлюстравання рэчаіснасці і маралі, паспрабаваць вынайсці рэцэпт жыцця да лепшага становішча", - тлумачыць зварот да фантастыкі маладых аўтараў крытык Г. Зенава [15, с. 16].


2. ЖАНРАВА-ТЭМАТЫЧНАЯ РАЗНАСТАЙНАСЦЬ БЕЛАРУСКАЙ ФАНТАСТЫЧНАЙ ПРОЗЫ НА ПРЫКЛАДЗЕ ТВОРЧАСЦІ ПААСОБНЫХ АЎТАРАЎ

2.1. ВЫРАЗНАЯ БЕЛАРУСКАСЦЬ І ВЫХАВАЎЧЫ АСПЕКТ ТВОРЧАСЦІ Р. БАРАВІКОВАЙ


Вельмі плённа ў жанрах псіхалагічнай і дзіцячай фантастыкі працуе Раіса Баравікова, па ініцыятыве якой у часопісе "Маладосць" стаў выходзіць дадатак "Фантаст", што прыкметна актывізавала дзейнасць айчынных фантастаў. У 2002 г. ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшла кніга фантастычных апавяданняў Р. Баравіковай "Вячэра манекенаў". У сваіх творах пісьменніца, як правіла, не пераносіць дзеянне ў касмічную прастору, не абцяжарвае сюжэт празмернай сацыялізацыяй і напружаным імкненнем спасцігнуць таямніцу чалавечага існавання. Для прозы Р. Баравіковай характэрны псіхалагізм, вострасюжэтнасць, мяккі гумар, наяўнасць інтымна-аўтарскага пачатку, а таксама філасафічнасць і выразная беларускасць, якая выяўляецца ў персанажах апавяданняў, месцах разгортвання падзей, звароце да беларускай міфалогіі. У фэнтэзійным жанры пісьменніца праявіла сябе, надрукаваўшы невялікую трылогію для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту “З казак старога астранаўта” (2005). Касмічныя прыгоды і жыццёвыя калізіі, авантурны сюжэт, у якім галоўнымі персанажамі з’яўляюцца людзі, наяўнасць рэальнага свету побач з выдуманым, нязмушаная, лёгкая мова – усё гэта дае падставы аднесці твор да жанру дзіцячай фантастыкі. Аднак філасафічнасць думак, закладзеных у кожным апавяданні трылогіі, адсутнасць навуковасці і “загружанасці” тэхнічнымі тэрмінамі, так характэрнымі для НФ, робіць зразумелым тое, чаму пісьменніца назвала сваё “Касмічнае падарожжа” чытаннем-фэнтэзі.

У першым апавяданні “Гальштучнік” галоўныя героі трылогіі Сымон, бартавы батанік, і доктар Савіч разам з камандай касмалёта трапляюць на планету, дзе прысутнічаюць формы жыцця. Ужо ў самім апісанні асяроддзя бачна нацыянальная платформа пісьменніцы і яе адносіны да багаццяў прыроды Беларусі: “Першае ўражанне было такое, нібыта мы трапілі ў Белавежскую пушчу ці Бярэзінскі запаведнік. Альбо і ўвогуле нейкі агромністы здзічэлы сад дзе-небудзь пад Нароўляю, ці пад Слуцкам”[6, с. 86]. Мясцовыя жыхары выглядалі як дзікія продкі людзей. З вопраткі на іх былі толькі чорныя гальштукі-бабачкі, якія былі тут абсалютна не дарэчы. Гаварылі дзікуны на нейкай незразумелай мове, аднак доктар Савіч хутка ўступіў з імі ў гутарку і стаў перакладаць астатнім членам каманды. Аказалася, што мова гэта лацінская, а самі жыхары далёка не такія дзікія, якімі здаваліся гасцям планеты. Як яны патлумачылі доктару, вакол – сапраўдная цывілізацыя з вялізнымі будынкамі, транспартам, фабрыкамі, магазінамі. Толькі ўсё гэта – будучыня, якая пакуль з’яўляецца проста ідэяй. Наспеў час адлятаць і на развітанне адзін з мясцовых жыхароў падарыў доктару Савічу свой гальштук. Потым доктар патлумачыць, што гальштук – гэта “Праграма, завезеная на Зялёную планету прадстаўнікамі адной з самых высакаразвітых сусветных цывілізацый. Усё выключна проста. Таму хто носіць гэты гальштук, спачатку выдаецца міраж, мара жыцця. [...] Але ўсякую мару трэба ўвасобіць у жыццё, зрабіць явай. І гэта прадугледжана Праграмай. Яна выдае ўстаноўкі, падрабязнае тлумачэнне, як і што трэба рабіць, каб гэтую мару здзесніць”[6, с. 88]. Гэта празрысты намёк на філасофскую тэорыю, што кожны чалавек мае сваё прадвызначэнне і шлях па жыцці, толькі часта выбірае не тыя кірункі і губляе мэту. Тут жа ў зародку і ідэя краіны-утопіі, дзе кожны жыхар мае роўныя магчымасці, бо кожнаму абяцана свая асабістая мара.

Доктар таксама атрымаў ад Праграмы свой міраж – ён павінен быў знайсці другую Зямлю, а таксама планету, на якой знаходзіцца “машына часу”. Яму ніхто не паверыў, і мара засталася няздзейсненай. Доктар доўгі час насіў гальштук, не здымаючы. Але аднаго разу падарунак жыхара зялёнай планеты трапіў да касмічнай жывёлы, што жыла ў Савіча дома. Жывёла ператварылася на птушку з чорнай палоскай на шыі. Так доктар згубіў магчымасць атрымліваць устаноўкі ад Праграмы, а на свет з’явілася новая птушка – Гальштучнік.

Другое апавяданне “Зямля-2” з’яўляецца працягам падзей, што апісваліся ў “Гальштучніку”: каманда ў складзе знаёмых нам доктара Савіча, батаніка Сымона, капітана Антона Верашчакі і псіхолага Галі выпраўляецца на пошукі копіі Зямлі, якая, як падказала раней доктару яго Праграма, знаходзіцца у сузор’і Дзевы. Прыгоды пачынаюцца з таго, што на караблі знаходзіцца чужы – хлопчык Арцём Нічыпаровіч. Разам з ім уся каманда і прылятае на “Зямлю-2”, якая нечакана аказваецца абсалютна дакладнай копіяй роднай планеты. Настолькі дакладнай, што тут героі сустракаюць сваіх знаёмых, суседзяў, знаходзяць свае рэчы. Саміх герояў тут таксама пазнаюць. Аднак Сымона нешта насцярожвае: вочы людзей свецяцца ліловым ззяннем. Не, гэта не Зямля! Тлумачэнне прыходзіць ад псеўда-знаёмай доктара Савіча – Лоры. Планета, на якую яны трапілі, копія Зямлі, а людзі на ёй – клоны зямлян. Толькі клоны бессмяротныя. Ім нават сон не патрэбен. Іх жывіць энергія ядра планеты – адсюль ліловае ззянне ў вачах. Лора папярэджвае гасцей пра небяспеку, што пагражае ім на “Зямлі-2”, і просіць узяць яе з сабою. Ёй хочацца таксама, як і людзям, спаць і бачыць сны, хочацца спасцігаць новае. Аднак па меры аддалення ад планеты сілы пакідаюць яе. Лора памірае, ад яе застаецца толькі невялічкі ліловы хрусталік, што ззяў у яе вачах. Праз нейкі час з яго вырасце дзіўнае кветка на дачы доктара Савіча. А пакуль каманда вяртаецца на родную планету, пахаваўшы Лору ў космасе, без аніводнага доказу існавання “Зямлі-2”. Дый навошта доказы? Калі стала зразумелым галоўнае: чалавеку замест бяссмерця дадзены цудоўны дар – магчымасць спасцігаць нешта новае, пранікаць у яшчэ не зведанае, не замыкацца ў шкарлупіне свайго свету, якой бы надзейнай аховай яна ні была.

Апавяданне “У садах Семіраміды - няўтульна” – пра пошукі доктарам Савічам і астатнімі “машыны часу”. У гэтым падарожжы да вядомых нам герояў далучаецца старшы пілот Ганс Мюлер з Саксоніі. У адным з дыялогаў апавядання Раіса Баравікова, фантазіруючы на тэму “беларусы ў космасе”, выяўляе свой гонар за краіну, у якой жыве, свае спадзяванні на будучыню, сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. Ганс цікавіцца: “А чаго вы, беларусы, такія прагныя да розных такіх сенсацый? Ледзь не ўвесь космас аблёталі! Вы хоць шыльдачкі пакідаеце на планетах – “Тут былі беларусы”?! – Разумееш, Ганс, - і Антон задумаўся. – Беларусь – невялікая па памерах краіна. Хто на Зямлі згадае пра нас, калі мы самі пра сябе не нагадаем. Чым больш сенсацыйных адкрыццяў мы робім, тым больш пра нас ведаюць”[6, с. 100].

У выніку падарожжа, у рукі герояў трапляе старажытны іншапланетны артэфакт – вялізнае металічнае вуха. Але падчас вяртання гэтае вуха сплюснула так, што тое ператварылася на звычайную бляху. Сымон прапанаваў падарыць яе Арцёму Нічыпаровічу. “У простай рэчы можна не пабачыць галоўнага”[6, с. 105]. А для хлопчыка сплюснутае вуха сталася сапраўдным скарбам. Як раз Арцём са сваім сябрам Алікам і раскрылі тайну артэфакта. Пралезшы праз вуха, яны трапілі ў старажытны Вавілон, адзін – у выглядзе елачкі, другі – як салавей. Пабывалі ў садах Семіраміды, “павандравалі” па пясках. Вярнуцца ў свой час ім дапамог астраном з Вавілонскай вежы. Хлопцы прапанавалі яму пабываць у будучыні, у Беларусі. Але астраном адмовіўся, бо вуха дае выхад у маленькую частачку свету, а Вавілон – гэта цэлы сусвет. “У кожнага чалавека свой Вавілон” [6, с. 107], - вывеў Сымон, калі Арцём распавёў яму пра свае прыгоды, і заспяшаўся знайсці тое вуха. Але артэфакт бясследна знік.


2.2. ТВОРЧЫЯ НАВАЦЫІ СЕРЖА МІНСКЕВІЧА


Серж Мінскевіч – трыццацівасьмігадовы пісьменнік, карэнны мінчук, скончыў філалагічны факультэт БДУ, працаваў у газеце “Культура”, быў рэдактарам аддзела мастацкага перакладу ў часопісе “Першацвет”, зараз з’яўляецца маладым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Творчасць Сержа Мінскевіча ў галіне фантастыкі (у прыватнасці - фэнтэзі) характарызуецца філасафічнасцю, мадэрновасцю, спалучэннем старых, правераных традыцый, вобразаў, сімволікі з высакаякаснымі прыгодніцкімі сюжэтамі кампутаровых гульняў (квэсты).

Да касмічнага фэнтэзі можна аднесці і эксперымент С. Мінскевіча ў сферы дзіцячай літаратуры – фантастычную аповесць “Забаўкі для малодшых” (1995). У межах авантурна-прыгодніцкага сюжэту пераплятаюцца элементы традыцыйнага ТФ (наяўнасць магічнага артэфакту – чароўнай палачкі; праўда для навуковай стылізацыі яна называецца “сінтэзатарам ідэі”, альбо “дзэйхатонам”), КФ (гаспадаранне рэлігіі падмяняецца “практычнай магіяй”, шаманствам, абрадамі, што ўжо паспелі згубіць першапачатковы сэнс; богі сталі простым інструментам у руках людзей) і нават гумарыстычнага фэнтэзі. Знакавым момантам становіцца тое, што богі ў створанай аўтарам рэальнасці з’яўляюцца змадэляванымі на ўзор людзей звышыстотамі. Галоўны герой апавядання Франціш Карэза, што вёз дамоў падарунак імператара Тарабянгосы – сінтэзатар ідэі, трапляе на планету-“звярынец” Валадаркі-сігома. Карэза сустрэўся з мясцовым мудрацом Старым Д’яблам, і той распавёў яму гісторыю краю: “Зусім маладым я сінтэзаваў жывую клетку са штучных матэрыялаў. Я першы пачаў рабіць біяробатаў – бяскрыўдных памочнікаў чалавека. Аднойчы мая 18-гадовая дачка сарвалася са стромкай скалы. Я цалкам зрабіў яе нанава! [...] Яны (ворагі) праніклі ў нашыя сакрэты і пачалі штампаваць сігомаў як ідэальных жаўнераў, як звышзброю. Мы ж рабілі сігомаў на ўзор чалавека. [...] Усе недахопы, усе заганы людзей, узмоцненыя ў некалькі разоў, выявіліся ў сігомаў. [...] Кожны “цягнуў у свой бок”: я – сігом, я самы, самы, самы!.. Яны знішчылі амаль усіх людзей і біліся паміж сабою, пакуль не засталося толькі тры сігомы.[...] Мая дачка абвясціла сябе валадаркай. Нейкім цудам яна захавала маленькі куток лесу і перасяліла туды рэштку людзей...”[22, с. 79-80]. Цяпер галоўны герой, як некалі Стары Д’ябал, імкнецца палепшыць жыццё “здзічэлых” насельнікаў “Звярынца”. Але ў яго не атрымліваецца прабіцца скрозь “панцыр” эгаістычных і па-вырварску нізменных каштоўнасцей мясцовых жыхароў. Толькі адзін прадстаўнік племені Дзікіх Звяроў – Ружовы бусел – спасцігае ўвесь гуманізм памкненняў Франціша. Стрыжнёвай ідэяй праходзіць думка пра самастойнае паступовае развіццё чалавецтва без умяшальніцтва знешніх сіл, думка, укладзеная ў вусны Мірэі, Валадаркі: “Пакуль бацькі не будуць абараняць сваіх сыноў, пакуль брат не будзе стаяць за брата, за сястру, чалавек за чалавека, і пакуль сам ЧАЛАВЕК не будзе лічыць сябе НЕЗАЛЕЖНЫМ і ВОЛЬНЫМ, людзям не патрэбны твае падарункі. [...] Пройдзе час – і людзі стануць такімі, як ты!”[22, с. 95].


У аснову рамана-фэнтэзі “Сад замкнёных гор” (2004), дзе пераплятаюцца рэлігійна-прыпавесційныя матывы, элементы аркады і квэста, пакладзена ідэя існавання зямных цывілізацый пасля сусветнай катастрофы.

Пасля падзення на планету вялікага касмічнага карабля, усё, што засталося жывым, спусцілася углыб зямлі пад самым кратарам, утварыўшы цэлыя ярусы гарадоў-цывілізацый: вемасуты, звонгі, апраханцы і інш. Уверсе ж, над імі, на дне кратару, знаходзілася крыніца новага жыцця – чароўны Сад. Жыццё падземных жыхароў аднастайнае, бруднае, жорсткае. Наспеў момант карэнных зменаў, пошукаў выйсця. “Стабільнасць існуючай сістэмы немагчыма для фэнтэзі: функцыяй героя з’яўляецца адраджэнне традыцыі ці яе знішчэнне”[37, с. 95]. Тут мы сутыкаемся з тыповай для жанру класічнага фэнтэзі з’явай – ідэяй выбранца-шукальніка (альбо авантурыста): “У кожнага народа адзін раз за жыццёвы цыкл нараджаецца пакліканец. Яго цікаўнасць мацнейшая за ягоны лёс”[26, с. 7]. Галоўны герой рамана вемасут Даляшорзах Інйорм пайшоў па Шляху ўверх, каб, знайшоўшы выхад, вывесці вемасутаў з долу. Гэта надзвычай моцны, несапсаваны амаральнасцю і жорсткасцю жыцця пад зямлёй, шчыры і адданы малады чалавек. Яго жыццё ад нараджэння абараняе Спіральная Замова Замоў, з ім заўсёды побач духі яго племені і голас старэйшага вешчуна, які накіроўвае па Шляху.

Цікавы і загадкавы вобраз вандроўнага філосафа, які прыўносіць у раман элемент магічнасці і нават гумару: “Я Оярэт-С Кіфандоарвай-Міц, вольны маг і філосаф. Апошнім часам жыў на сметніку і думаў над пабудовай свету. Я без лішняй сціпласці скажу, што раскрыў тайну стварэння вас... Мяне. Сусвету! – пры гэтым галава яго моцна захісталася, напэўна, каб зацвердзіць справядлівасць сказанага. – А вы, шаноўны спадар, першы, хто звярнуўся да мяне, і я вас узнагароджу... [...] сваёй тэорыяй!”[26, с. 26]. Оярэт-С надаваў вялікую ўвагу Слову, яго магічнай, стваральнай сіле. У адрозненне ад усіх тэхнічных сродкаў, узгаданых у творы, Слова станавілася наймацнейшай зброяй, бо яно ўплывала на ўнутраныя формулы рэчаў, перапраграмоўвала іх. Таму філосаф на развітанне, акрамя папяровага пакунка з семем чароўнага яблыка, даў галоўнаму герою яшчэ і наступную параду: “Пішыце вершы і ідзіце сваім Шляхам”[26, с. 27]. Быццам ведаў, што хутка Даляшорзах стане перад выбарам.

Лінія доўгу пакліканца цесна пераплецена з лініяй кахання. Палкая прыгажуня і барацьбітка Руата Наяроч прызнала першынства над сабой за галоўным героем, стала яго заваёвай. Але каханне Даляшорзаха засланіла яго Шлях, і Руата пакінула любімага за яго слабасць і здраду доўгу, далучылася да яго ворагаў. І вось у крычычнай сітуацыі, перад тварам смерці вемасут узгадаў параду філосафа і праспяваў Руаце пра сваё каханне, але было позна. Затое сіла слова ўздзейнічала на блакітнавокую дзяўчыну племені апраханцаў, адзіную, што засталася ў жывых, дзякуючы Даляшорзаху. Менавіта яе брама, што адкрывае ўваход у Чароўны Сад, прапусціць праз сем гадоў (магічная лічба, што харатэрна для ТФ і КФ) да яе каханага. Руату ж брама знічтожыла, бо ўваход дазволены толькі праведнікам.

Там, ужо ў Садзе, стаўшы, дзякуючы магічнаму яблыку Оярэта-С, мужам і жонкай (варыятыўная рэмінісцэнцыя з Бібліі), яны змаглі выжыць. Нягледзячы на ўмову, што Сад выбірае мацнейшага з дваіх гаспадароў, а другога забівае. Яны сталі адным цэлым, і гэтае цэлае збіралася стаць крыніцай новага жыцця. Блакітнавокая Сэйна радавалася: “Мы з табой “плюсікі” і “мінусікі” інфармацыі, і як нам пашанцавала, што табе і мне дадзена жыць у адным свеце і нашы коды аднолькавыя, мы разумеем адно аднаго. Як цудоўна, што хітрыя “плюсікі” і “мінусікі”, нашы “так” і “не” дазваляюць нам кахаць” [26, с. 30]. За гэтай выдуманай умоўнасцю Саду хаваецца тое, што робіць чалавека чалавекам: адказнасць за сябе і за іншых, вернасць свайму Шляху, здольнасць і вялікае шчасце кахаць.


Працягам, альбо сіквэлам да “Сада замкнёных гор” стаў раман “Зорныя гульні” (2005). Сам аўтар акрэсліў жанр гэтага твора як касмічнае фэнтэзі. Па сутнасці, “Зорныя гульні” – гэта пашыраная рэдакцыя для дарослых аповесці “Забаўкі для малодшых”. Толькі да першапачатковай лініі прыгод Ружовага Бусла далучаецца другая сюжэтная лінія – касмічная вайна паміж дарнейцамі на чале з правіцельніцай Мірэяй і Арганізацыяй Кантролю Жаданняў. Удзельнікам і першапрычынай вайны стаў ужо вядомы нам Франціш Карэза, альбо Белая Кашуля, які на самай справе з’яўляецца сынам Першага канцлера планеты Сад замкнёных гор Даляшорзаха Ін-Йорма – Фрайцінам. Яго Вялікасць прынц Чэвар быў незадаволены тым, як распараджаўся Фрайцін падарункам былога імператага – дзэйхатонам (ці чароўнай палачкай), і патрабаваў выдачы артэфакту назад. Мірэя і яе госць адмовіліся.


У аснову апавядання Ларысы Рублеўскай "Дзеці гамункулуса" (1999), дзе пераплятаюцца міфы і сучаснаць, пакладзена легенда пра чарнакніжніка пана Твардоўскага, стваральніка штучнага чалавека - гамункулуса. "Дзеці гамункулуса" Л. Рублеўскай - "аповесць-міф", дзе ідэальнае, фантастычнае раствараецца ў рэальным, у соцыуме... Праз ідэю прагрэсіруючай бездухоўнасці міф прасціраецца на сучаснасць, упісваецца ў кантэкст рэальнасці" (В. Локун) [18, с.266]. Такім чынам, аповесць Л. Рублеўскай пра бездухоўнасць і дэградацыю грамадства можна назваць сацыяльным міфам. А пераход з рэальнасці ў выдуманы свет дае падставы аднесці гэты твор да ўмоўнага фэнтэзі.

Гераіню - маладую жанчыну Віку - выпраўляюць у службовую камандзіроўку ў суседнюю прыбалтыйскую рэспубліку. Па прыездзе ў горад яна заўважае дзіўныя рэчы: немагчымасць патрапіць да блізкага мора, млявасць мясцовых жыхароў і супрацоўнікаў завода, на які Віка прыехала па дэталі: "Ну што яны ўсе ў гэтым горадзе такія млявыя, такія бледныя!" [28, с.25]. Камандзіроўка зацягваецца, бачна, што Віку хочуць затрымаць.

Дзяўчына выпадкова знаёміцца з айцом Петэрам, які распавядае гісторыю пра побыт у горадзе чарнакніжніка пана Твардоўскага і шэраг загадкавых з'яў, якімі ён суправаджаўся: "Жабінае кугіканне, гучнае, як брэх шалёных сабак, і жудаснае, як скавытанне ваўкоў у Піліпаўку" [28, с.30]. Галоўнае ж у тым, што чарнакніжнік стварыў штучнага чалавека -гамункулуса. Пра апошняе Віка даведваецца ўжо з вуснаў паплечніка айца Петэра (самога ксяндза неўзабаве выдалілі з касцёла) семінарыста Марціна: "Пасля таго, як з горада з'ехаў чарнакніжнік Твардоўскі, у студні з'явіўся гамункулус... Ён пазбаўлены душы, а для існавання павінен нейкім чынам атрымліваць духоўную энергію..." [28, с.43].

Як неўзабаве высвятляецца, горад літаральна запаланёны гамункулусамі, якія, імкнучыся атрымаць чарговую порцыю чалавечай энергіі, выбіраюць ахвярай Віку. Дзяўчына з дапамогай Марціна разгадвае намеры гэтых істотаў, але яны не паспяваюць збегчы і трапляюць у рукі гамункулусаў. I толькі духоўнасць Марціна выратоўвае людзей: "Марцін лупіў іх па пысах, біў у адвіслыя жываты, а яны, усе каржакаватыя, поўныя жывёльнай сілы, расступаліся перад ім у жывёльным страху..." [28, с.61].


Галіна Багданава (нар. ў 1961 г. ў Крычаве, скончыла журфак БДУ, аспірантуру Беларускай акадэміі мастацтваў). Аўтар кніг прозы "Папяровыя замкі", "Чалавек без адраса", "Дом іхняе мары".


Аповесць "Паляванне на Любаву" (1989-99) - прыклад сакральна-псіхалагічнай фантастыкі, якая даволі пашырана ў сусветнай фантастычнай літаратуры: такім творам цалкам уласціва адлюстраванне мінулага, якое ў ёй атрымлівае новую інтэрпрэтацыю і асэнсаванне. Да найболыных вартасцей падобных твораў даследчыкі адносяць услаўленне аўтарам мінулага сваёй краіны, папулярызацыю гісторыі.

У аповесці, у якой сучаснасць як бы раствараецца ў мінулым, дзяўчына-крывічанка Любава праз закляцце атрымлівае здольнасць аднаўляцца ў будучыні - тут аўтаркай выкарыстоўваеццца тэорыя адзінства і непарыўнасці часу. "Абсалют гэта заўжды замкнёнае кола, замкнёная прастора, пачатак дэградацыі. Кажуць, усё, што ад Бога, развіваецца па спіралі. Д'ябал жа ўсім і заўсёды прапануе кола, усяго толькі замкнёнае кола, знак безвыходнасці, дэградацыі, небыцця," - піша ў дзённіку Юрась Любчык, паэт, інтэлектуал, які, на жаль, таксама не змог супрацьстаяць злу [5, с.26].

Другая назва аповесці - "Інтымная хроніка часоў бязвер'я" - сведчыць пра ўласцівыя твору элементы сацыяльнай фантастыкі: Любава, якая першы раз жыла ў часу бязвер'я, калі хрысціянства пачало выцясняць паганства, двойчы ўцелаўляецца ў будучыні, у 20-м стагоддзі. Першы раз - у 1930-я гг., страшныя рэпрэсіямі; другі - у 1990-я, калі адбыўся крах адной сацыяльна-эканамічнай фармацыі, а другая яшчэ не з'явілася. Тры прыходы на зямлю Любаву - сімвала любові і чысціні - тры няшчасці, бо тройчы людская зайздрасць, хцівасць дазваляюць злым сілам разарваць чароўныя пацеркі дзяўчыны і загубіць яе, пазбаўляючы эпоху шанцаў на выратаванне любоўю.

Усялякая крайнасць - зло, сцвярджае Г. Багданава. Любаве супрацьстаіць Прававерны, чалавек, які высушыў сваю душу імкненнем наблізіцца да Бога. Гэтым ён аддаліўся ад людзей, узненавідзеў іх, стаўшы ўрэшце ўвасабленнем д'ябальскага пачатку. Прававерны стварыў памагатых, Барана і Ліса - жывёл у чалавечым абліччы, якія, згубіўшы Любаву ў яе першым жыцці, пераследуюць і губяць дзяўчыну і ў дваццатым стагоддзі.


Адзначым цікавую галерэю вобразаў, якімі аб'ядноўваюцца ў адно цэлае часы паганства і сучаснасці, знітаваныя адвечнай барацьбой добрага і злога. Цэнтральнае месца ў ёй займае вобраз Любавы - лірычны і псіхалагічна глыбокі, запамінальны сваёй шчырасцю і адданасцю дабрыні. "Зорка, далёкая мая, родная! Мой апошні прытулак у Сусвеце! ...Я ведаю, прыйдзе час і я зноў стануся самым святлом, зеленавата-бурштынавым ззяннем, жывым пульсуючым вострым промнем і палячу, паімчу туды, у бездань..." - звяртаецца да космасу як абсалютнай ісціны дзяўчына, якая разумее сваю наканаванасць [5, с.67]. Цікава, што падзеі ў аповесці падаюцца праз успрыманне розных асоб (Любавы, Прававернага, сяржанта Мацакані, мастака Сініцына, Барана), што паглыбляе псіхалагічныя характарыстыкі герояў, стварае адмысловую панараму падзей.

На высокім узроўні знаходзіцца і паэтыка аповесці. Г. Багданава стварыла сапраўды яскравыя і запамінальныя карціны як далёкага крывіцкага мінулага, апісаўшы не толькі побыт, вераванні і звычаі тагачасных людзей, але і раскрыўшы іх характары, светапогляд найперш праз адаптацыю да новай - хрысціянскай - веры. Аб'ектыўна і псіхалагічна вытрымана паказана сучаснасць, складаная і супярэчлівая эпоха хвалі беларускага адраджэння канца 1980-х - пач. 1990-х гг. Пісьменніца не ідэалізуе ні тагачасную наменклатуру, ні апазіцыйных дзеячаў, разумеючы, што "праўда не можа быць чорнай альбо белай, праўда - гэта заўсёды паўтоны".

Любава не можа выратаваць дабрынёй грамадства, якое патанае ў п'янстве і бяздушнасці. Людзі нават не заўважаюць яе знікнення: "Я адлятаю... Людзі, я ўсё адно застаюся ў вашых мроях і снах" [5, с.91].

Фантастычнай прозе Г. Багданавай характэрны міфалагізм, зварот да культурнай спадчыны беларускага народа (пра гэта сведчыць і фэнтэзійнае апавяданне-эсэ "Космас Драздовіча", прысвечанае творчасці беларускага мастака і касмолага). Адметнасцю яе твораў з'яўляюцца лірычны пафас і глыбіня партрэтных характарыстык герояў. "Гісторыя, па Г. Багданавай, гэта пастаяннае вяртанне на "кругн своя". Пісьменніца шукае ратавання ў духоўным сінкрэтызме хрысціянства, якое ў беларускай літаратуры апошняга дзесяцігоддзя становіцца, можна сказаць, універсальнай ідэалогіяй" (В. Локун) [35, с.268].

Фінал твора нагадвае аповесць "Сінія кветкі" А. Федарэнкі, апавяданне "Страшны суд" А. Гары: герой пасля ўсіх неверагодных здарэнняў раптам вяртаецца ў рэальнасць. У "Дзецях гамункулуса" дзяўчына прачынаецца і заўважае звыклую карціну: блізкае мора, заклапочаных сваімі справамі людзей. Няўжо ўсе прыгоды з гамункулусам былі сном? Магчыма, але на вакзале Віка сустракаецца з Марцінам.

Такім чынам, у сваім Л. Рублеўская закранае перадусім пытанні духоўнасці і маральнасці чалавека, якія найболыл церпяць у варунках сучаснасці, што спрыяе распаўсюджванню агрэсіі і бяздушнасці: "бяда ў тым, што людзі ў апошнія гады перасталі даражыць тым, што яны - людзі. Аказалася, што гамункулусам быць... зручна. А чалавекам - небяспечна і турботна. I мяжа між чалавекам, які не верыць у бессмяротнасць уласнае душы і яе боскі пачатак, і бяздушнай істотай усё вузейшая" [35, с.44].

Адзначым, што для творчасці Л. Рублеўскай у цэлым уласцівы зварот да міфалагічнай спадчыны. Пра гэта сведчыць, напрыклад, яе кніга "Старасвецкія міфы горад Б.".

Такім чынам, у сучаснай беларускай фантастыцы мэтазгодна вылучаць т. зв. "жаночую" плынь, найболып характэрнымі асаблівасцямі якой з'яўляюцца вострасюжэтнасць, глыбіня партрэтных характарыстык герояў (як правіла, галоўным персанажам з'яўляецца жанчына), зварот да міфалогіі, а таксама багатая сімволіка твораў. У цэлым "жаночая" фантастычная проза, па нашым меркаванні, мае выразны ўхіл у бок перадусім фэнтэзійнай літаратуры (найперш т. зв. "фолькфэнтэзі"). Разам з тым для яе, як і для ўсёй сучаснай беларускай фантастыкі, характэрна двуадзіная скіраванасць: у далёкае мінулае і ў будучыню. Пра натуральнасць такой з'явы ў свой час добра напісаў рускі фантаст I. Яфрэмаў: "У гістарычнай фантастыцы мы ўзнаўляем вобразы людзей па вядомых жыццёвых абставінах і фактычным ходзе мінулага гістарычнага працэсу. У навуковай фантастыцы будучыні мы робім адваротнае: размяшчаем вядомыя нам псіхалагічныя тыпы, іх мысленне, іх уяўленні пра свет у выдуманае асяроддзе жыцця, мадэлюючы гістарычны працэс будучыні з яго людзьмі і грамадствам" [77, с.198].


Літаратура:
  1. Аляшкевіч А. Век вадаліва // Маладосць. – 2004. – №7. – С. 48-113.
  2. Багданава Г. Космас Драздовіча // ЛіМ. – 2004. – 10 верас. – С. 9.
  3. Багданава Г. Паляванне на Любаву // Полымя. – 1997. – №12. – С. 14-96.
  4. Багун В. Дзеці духа ветру (апавяданне-фэнтэзі)// Маладосць. – 2004. – №11. – С. 6-19.
  5. Баравікова Р. Вячэра манекенаў: Апавяданні. – Мн. – 2002. – 186с.
  6. Баравікова Р. 3 казак старога астранаўта//Маладосць. – 2005. – №З. – С.86-107.
  7. Баравікова Р. Шкляныя горы, альбо Праграміст Чароўнай даліны //
    Маладосць. – 2004. – №10. – С. 107-120.
  8. Барысенка В.У. В.Латоўскі як культуролаг ва ўтопіі "Лабірынты"// Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Сер.4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. - 2000. - N1.-С.7-9.
  9. Бельскі А. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў (80-90-я гг.). – Мн. – 1997. – 255с.
  10. Бельскі А. Сучасная літаратура Беларусі. – Мн., 2001. – 127с.
  1. Бычкоўскі А. Муары Лідлу // Маладосць. – 2005. – №11. – С. 40-47.
  2. Бычкоўскі А. Апавяданні // Маладосць. – 2004. – №12. – С. 57-73.
  3. Гарадніцкі Я. А. Мастацкі свет беларускай літаратуры XX ст. – Мн. – 2005. – 206с.
  4. Гісторыя беларускай літаратуры 20 ст.: У 4 т. Т. 2. – Мн. – 1999. – 903с.
  5. Гісторыя беларускай літаратуры 20 ст.: У 4 т.Т. 4.Кн.2. – Мн. – 2003. – 975с.
  6. 3енава Г. Фантастыка ў бел. апавяданнях 80-90-х гг.//Веснік БДУ. Серыя 4. – 1999. – №12. – С. 14-18.
  7. Казлоў А. Дзеці ночы - служкі зла // Маладосць. – 1999. – №3. – С.45-119.
  8. Казлоў А. Мінск і воран, Парыж і здань// Маладосць. – 2003. – №2. – С. 13-56.
  9. Локун В. На духоўным пераломе: Агляд прозы апошніх гадоў // Полымя. – 2002. – №9/10. – С. 246-268.
  10. А. Мінкін:[Матэрыялы аб жыцці і творчасці]// Крыніца. – 2001. – №5. – С. З-54.
  11. Мінкін А. Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў. – Мн. – 1994. – 141с.
  12. Мінскевіч С. Апавяданні //Маладосць. – 2004. – №12. – С. 44-56.
  13. Мінскевіч С. Забаўкі для малодшых: Фант. аповесць // Першацвет. – 1995. – №7. – С. 51-95.
  14. Мінскевіч С. Зорныя гульні (касмічнае фэнтэзі) // Маладосць. – 2005. – №11. – С. 79-107.
  15. Мінскевіч С. Літаратурны працэс і інфармацыйныя тэхналогіі //Роднае

слова. – 2005. – №6. – С. 74-76.
  1. Мінскевіч С. Па слядах яе вялікасці фантастыкі // Маладосць. – 2005. – №3. – С.115-118.
  2. Мінскевіч С. Сад замкнёных гор: Раман//Маладосць. – 2004. – №1. – С. 5-65.
  3. Ненадавец А. Міфалогія ў творчасці Уладзіміра Караткевіча // Маладосць. – 2005. – №11. – С. 135-145.
  4. Паўлухін А. Ці існуе беларуская фантастыка? // Маладосць. – 2004. –№5.
  5. Рублеўская Л. Дзеці гамункулуса // Полымя. – 2000. – №7. – С. 20-65.
  6. Хадановіч А. Уладзімір Караткевіч і філязофскі камень// ARCHE Пачатак. – 2006. – №1-2. – С. 138-143.
  7. Володихин// Знамя. – 2005. – №7. – С. 227-229.
  8. Губайловский В. Обоснование счастья: О природе фэнтэзи и первооткрывателе жанра// Новый мир. – 2002. – №3. – С. 174-185.
  9. Латынина А. Сверхчеловек или нелюдь// Новый мир. – 2006. – №4. – С. 135-142.
  10. Мороз О. Споры, размышления// Тамелорн. – 1995. – №2. – С. 31.
  11. Новодворская// Новое время. – 2004. – №8. – С. 42.
  12. Соболев С. О фэнтэзи// Двести. – 1995. – №6. – С. 51.
  13. Шумко В. В. Генезис, развитие жанра фэнтэзи и его современное

состояние // Веснік ВДУ. – 2002. – №2. – С. 95-104.
  1. Шумко В.В. Современная белорусская фантастика// Молодежь и наука в ХХІ в. – Вит., 2004. – Вып. №1. – С. 138-143.



С. 48 Як не паддзімай са спіны вецер, але самога сябе не абгоніш. […] Бачу – спяшаешся. Ты не з людскога асяродку. Не з гэтага пераблытана-заблытанага свету. Ты, дзевушка, іншая, лепшая за нас. Хоць і віднеецца на табе пячатка смутку. Толькі ж усё праходзіць, усё мінае. Пройдзе і гэта…

55“Сёння ноччу Поўня забярэ ў мяне цялеснае ўбранне і растворыцца, растане, расцячэцца плоць мая па лугавінах, па дрэвах і валунах каля Асінаўскага замка. І зноўку бясконцае бадзянне прывідам па руінах і развалінах былога памесця. Абрыдлае падзямелле з кажанамі і павукамі – мой прыстанак. Дакуль, да якога часу? Хто б мне падказаў, няхай бы параіў, як знайсці вечны супакой. У сваёй зямлі, сярод сваіх продкаў. Я стамілася ад усяго і ўсіх. Помста, з якой існавала раней, выпарылася, нібы раса пад паўдзённым сонцам, і засталася пустэча. Вынішчаючы жывое, узвальваеш тым самым на сябе непамерны груз, які давіць, што магутны прэс. Трэба зноў навучыцца дараваць. Раней жа я гэта ўмела”

56 Пайшоў ужо другі год, як кожную ноч Поўня, вырасшы з сярпочка месяца, зыркае ў мільёны вокан кватэр мінчан і нястомна шукае дзяўчыну, у целе якой так удала і надзейна схаваўся ад яе прывід князёўны Кацярыны. Поўня шукае, шукае… А большасць маладзіц, адчуваючы тое падсвядома, завешваюць на ноч шыбы фіранкамі.

У 1923 г. ў часопісе “Крывіч” быў апублікаваны твор Вацлава Ластоўскага “Лабірынты”. Аўтар не даў яму жанравага азначэння. Сённяшнія даследчыкі літратуры разышліся ў яго вызначэнні. Я Лецка пісаў, што гэта – фантастычная аповесць. А. Сідарэвіч – прыгодніцка-гістарычная, а Ю. Пацюпа лічыць, што “Лабірынты”, у найбольш вузкім і канкрэтным сэнсе, ёсць нацыянальная ўтопія.