Беларускі дзяржаўны універсітэт

Вид материалаДокументы

Содержание


Агульная характарыстыка работы
Асноўны змест дысертацыі
Главе 1 «Рытмічная арганізацыя паэтычнага тэксту»
Раздзел 1.3. «Рытмічная арганізацыя як элемент паэтыкі верша
Глава 2 «Рытмічная структура верша ў паэзіі Р. Барадуліна»
Раздзел 2.2. «Шлях да тонікі»
Раздзел 2.3. «Верлібр»
Раздзел 2.4. «Эўфанічныя фактары вершавай структуры»
Глава 3 «Семантыка метрыка-рытмічнай арганізацыі верша ў творчасці Р. Барадуліна»
Спіс апублікаваных работ
Дуброўскі аляксандр уладзіміравіч
Дубровский александр владимирович
Aliaksandr dubrouski
Подобный материал:

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ


УДК 882.6(092)(043.3)+801.6(043.3)


ДУБРОЎСКІ


Аляксандр Уладзіміравіч


Паэтыка Рыгора Барадуліна:

рытмічная арганізацыя верша




10.01.01. – беларуская літаратура,

10.01.08. – тэорыя літаратуры. Тэксталогія


Аўтарэферат

дысертацыі на атрыманне вучонай ступені

кандыдата філалагічных навук


Мінск – 2003

Работа выканана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце


Навуковы кіраўнік: доктар філалагічных навук, прафесар


Рагойша В.П.,

Беларускі дзяржаўны універсітэт,

кафедра тэорыі літаратуры


Афіцыйныя апаненты: доктар філалагічных навук

Яскевіч А.С.,

Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы

НАН Рэспублікі Беларусь,

аддзел тэорыі літаратуры


кандыдат філалагічных навук, дацэнт

Шпакоўскі І.С.,

Беларускі дзяржаўны педагагічны

універсітэт, кафедра беларускай

літаратуры


Апаніруючая арганізацыя Гомельскі дзяржаўны універсітэт

імя Ф. Скарыны


Абарона адбудзецца 14 лістапада 2003 г. у 14.00 на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 02.01.12 у Беларускім дзяржаўным універсітэце (220050, Мінск, вул. К. Маркса, 31, філалагічны факультэт, аўд. 62; тэл. вучонага сакратара: 222-33-66).


З дысертацыяй можна азнаёміцца ў Фундаментальнай бібліятэцы БДУ (Мінск, пр-т Ф. Скарыны, 4).


Аўтарэферат разасланы 13 кастрычніка 2003 г.


Вучоны сакратар савета

па абароне дысертацый

доктар філалагічных навук,

прафесар А.І. Бельскі

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ


Актуальнасць тэмы дысертацыі. Рытмічная арганізацыя верша – адзін з найбольш даследаваных прадметаў унутры вершазнаўчага прадметнага кола. Разам з тым, спрэчкі вакол гэтай тэмы ніколі не сціхаюць. Лічыцца, што вершазнаўства знаходзіцца ў стане перманентнага крызісу. Існуюць разнастайныя метадалогіі, якія, на жаль, часам аказваюцца няздольнымі да супрацоўніцтва і ўзаемаўзбагачэння, якое магло б даць відавочны плён. Найбольш актуальнай застаецца праблема семантыкі рытмічнай арганізацыі.

Паэзія Рыгора Барадуліна з’яўляецца значным культурным феноменам, а ў грунтоўным даследаванні гэтага феномена адчуваецца недахоп. Прычына гэтага – складанасць мастацкай сістэмы паэта. Адным з найбольш складаных узроўняў паэтыкі Р. Барадуліна ўяўляецца рытмічная арганізацыя верша. Гэты кампанент стылю пазначаны выразнай індывідуальнасцю, а майстэрства Р. Барадуліна ў галіне вершавання не выклікае сумненняў. Бясспрэчна, творчасць гэтага аўтара – значны ўклад беларускай літаратуры ў еўрапейскую, таму айчыннае літаратуразнаўства зацікаўлена ў як мага больш поўным тэарэтычным асэнсаванні мастацкіх здабыткаў Р. Барадуліна. Даследаванне рытмікі павінна стаць падмуркам для больш глыбокага разумення культурнага значэння яго паэзіі.

Сувязь работы з навуковымі праграмамі і тэмамі. Дысертацыйная работа з’яўляецца спецыяльным даследаваннем па рытмічнай арганізацыі як кампаненце паэтыкі верша. Яна цесна звязана з уключанай у дзяржаўны план навуковай тэмай кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта – «Тыпалогія сродкаў мастацкага выяўлення ў мастацкай літаратуры і фальклоры» (загад № НДР – 735 ад 20.02.2001).

Мэта і задачы даследавання. Мэта дадзенай работы – выявіць спецыфіку рытмічнай арганізацыі верша ў паэзіі Рыгора Барадуліна і на дадзеным матэрыяле высветліць заканамернасці функцыяніравання рытмічнай арганізацыі як кампанента паэтыкі верша.

Задачы:
  • апісаць і прааналізаваць спектр версіфікацыйных форм у паэзіі Р. Барадуліна;
  • высветліць асаблівасці эвалюцыі паэтычнай сістэмы Р. Барадуліна на ўзроўні рытмічнай арганізацыі верша, растлумачыць гэтыя асаблівасці;
  • ахарактарызаваць структуру верша ў кожнай з сістэм вершавання, у якіх працуе аўтар, выявіць іх узаемадзеянне;
  • паказаць узаемадзеянне рытмічнай арганізацыі з іншымі ўзроўнямі паэтыкі верша (эўфонія, сінтаксіс, слоўная вобразнасць);
  • класіфікаваць і прааналізаваць сэнсаўтваральныя сродкі на ўзроўні метрыка-рытмічнай арганізацыі.

Аб’ект і прадмет даследавання. Аб’ектам даследавання з’яўляецца паэзія Рыгора Барадуліна. Прадметам даследавання з’яўляецца рытмічная (метрыка-рытмічная) арганізацыя як кампанент паэтыкі верша.

Метадалогія і метады даследавання. У дысертацыі разгляд рытмічнай арганізацыі верша абапіраецца на тэарэтычныя палажэнні і практычныя вывады прац вядомых даследчыкаў Б.В. Тамашэўскага, В.М. Жырмунскага, У.Я. Халшэўнікава, М.Л. Гаспарава, К. Тараноўскага, В.С. Баеўскага, І.Д. Ралько, В.П. Рагойшы і інш.; выкарыстаны агульнатэарэтычныя работы па літаратуразнаўству Ю.М. Лотмана, Я.Р. Эткінда, П.А. Руднева, Б.Ф. Ягорава, В.Я. Халізева, Ю.І. Мінералава, А.М. Андрэева, О. Ханзэн-Лёвэ і інш.

Названыя аўтары часам належаць да розных навуковых школ, але актуальнай бачыцца неабходнасць ва ўзаемаўзбагачэнні розных метадалогій. Так, абапіраючыся на асноўныя палажэнні «індуктыўна-статыстычнага» вершазнаўства («гаспараўская» школа), мы не капіруем яго метадалогію, а выпрацоўваем свой падыход, што стала магчымым дзякуючы спалучэнню здабыткаў названай навуковай традыцыі са здабыткамі іншых традыцый (прадстаўленых, напрыклад, імёнамі Ю.М. Лотмана і Я.Р. Эткінда).

Пастаўленае пытанне пра семантыку метрыка-рытмічнай арганізацыі запатрабавала выпрацоўкі ўласнай методыкі аналізу і ўласнай класіфікацыі сэнсаўтваральных сродкаў на ўзроўні метрыка-рытмічнай арганізацыі. Адпаведную методыку можна назваць комплексным шматаспектным падыходам, бо яна ўлічвае адрозненне функцыянальных і структурных характарыстык метрычнага і ўласна рытмічнага ўзроўняў вершавай арганізацыі і прадугледжвае вычляненне максімальнай колькасці сэнсавыяўленчых рытмаўтваральных прыёмаў – з аднаго боку – і адрозных адна ад адной сэнсавыяўленчых функцый метра (кампазіцыйнай і кумулятыўнай) – з другога. Методыка базіруецца на асобных прыватных распрацоўках у гэтай галіне, вядомых па працах вышэйназваных навукоўцаў.

Навуковая навізна і значнасць атрыманых вынікаў. Дысертацыя з’яўляецца першым даследаваннем рытмічнай арганізацыі верша Р. Барадуліна.

Прапанавана новая методыка аналізу семантыкі метрыка-рытмічнай арганізацыі, заснаваная на адрозненні функцыяніравання метра і рытму ў паэтыцы верша і як мага больш поўнай класіфікацыі сэнсавыяўленчых сродкаў на гэтых узроўнях.

Практычная значнасць вынікаў. Вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны: для далейшых навуковых распрацовак пры вырашэнні тэарэтычных праблем літаратуразнаўства ўвогуле і вершазнаўства ў прыватнасці; у педагагічнай практыцы: пры чытанні лекцыйных курсаў і на практычных занятках па літаратуразнаўству, у падрыхтоўцы спецкурсаў і спецсемінараў. Апублікаваныя вынікі дысертацыі могуць стаць асновай для напісання студэнтамі курсавых і дыпломных работ.

Асноўныя палажэнні дысертацыі, якія выносяцца на абарону:

1. Эвалюцыя метрыка-рытмічнага ладу паэзіі Р. Барадуліна адбывалася ў накірунку ад класічнай сілаба-тонікі да больш разняволеных форм танічнага верша. Гэта тлумачыцца: 1) арыентацыяй на прасадычныя заканамернасці беларускай мовы; 2) устаноўкай на агульную мадэрнізацыю паэтычнай сістэмы ў літаратурна-культурным кантэксце; 3) імкненнем да ўзбагачэння і паглыблення ўсяго вобразна-семантычнага ладу паэзіі, у прыватнасці, праз вызваленне ад сталых семантычных афарбовак сілаба-танічных памераў, якія склаліся гістарычна.

2. Эвалюцыя метрыка-рытмічнай арганізацыі верша Р. Барадуліна не прыводзіць да поўнага разрыву з традыцыяй, а дэманструе плённае супрацоўніцтва з ёй: аўтар творча звяртаецца да традыцыі, пры неабходнасці выкарыстоўваючы ў мастацкіх мэтах сталыя формы і іх семантыку. Пры гэтым нават традыцыйныя формы вершавання ў творчасці Р. Барадуліна праходзяць праз пэўныя структурныя змены; зварот да традыцыі кожны раз адбываецца на новым якасным узроўні, што ўвасабляецца ў з’яўленні пераходных версіфікацыйных форм і ў трансфармацыі класічных форм.

3. Эўфанічная арганізацыя тэксту (у шырокім сэнсе) з’яўляецца адным з дамінантных кампанентаў стылю Р. Барадуліна; гэтым тлумачыцца, у прыватнасці, малая колькасць верлібраў у яго паэзіі. Наяўнасць форм, пераходных ад верлібру да іншых сістэм вершавання, робіць неабходным увядзенне такіх тэрмінаў, як рыфмоід ці квазірыфма. Дамінантнасць эўфоніі тлумачыць таксама, што найбольш ужывальнай танічнай формай у Р. Барадуліна з’яўляецца дольнік, які, у адрозненне ад больш свабодных форм (тактавік, акцэнтны верш), валодае больш выразнымі магчымасцямі ў плане эўфанічнай (рытмічнай) сугестыі; больш раскаваныя формы танічнага верша знаходзяцца на мяжы (ці амаль на мяжы) рытмічнага адчування чытача, што зніжае іх сугестыўныя магчымасці.

4. Сэнсавыяўленчыя ролі метра і рытму ў вершы супрацьлеглыя. Рытм падкрэслівае своеасаблівасць, індывідуальнасць тэксту; метр падкрэслівае тыповасць, прыналежнасць да той ці іншай традыцыі. Таму мы вылучаем кумулятыўную функцыю метра – функцыю захавання пэўных семантычных афарбовак, якія асацыіруюцца з канкрэтнымі творамі, напісанымі тымі ці іншымі памерамі, і з якіх складаецца семантычны арэол памеру. Яшчэ адна функцыя метра (звязаная з семантыкай) – кампазіцыйная.

5. Рытм рэалізуе сваю сэнсавыяўленчую функцыю праз наступныя сродкі і прыёмы: рытмічныя сігналы (прыёмы: вар’іраванне стопнасці , сцяжэнні і нарашчэнні ў сілаба-тоніцы, адхіленні рытму рэальных слоўных націскаў ад ідэальнай метрычнай схемы, вар’іраванне рытмічных форм у дольніку, вар’іраванне рытму словападзелаў; асаблівы прыём – рытмічная цытата), рытмічная афарбоўка (тыя ж самыя прыёмы), сінтаксічныя аспекты рытму (прыёмы: сінтаксічная паўза, сінтаксічны перанос, сінтаксічнае разгортванне). Пэўныя прыёмы могуць мець функцыю лагічнага вылучэння ці функцыю эмфатычнага вылучэння (што адпавядае «паэтыцы выяўленчасці» або «паэтыцы выразнасці»).

Асабісты ўклад суіскальніка. Дысертацыя выканана аднаасобна. Аўтарам дысертацыі ўпершыню падрабязна прааналізаваны шырокі спектр версіфікацыйных форм і эвалюцыя рытмічнай арганізацыі верша ў паэзіі Р. Барадуліна. Паказана роля розных увасабленняў культурнага кантэксту ў фарміраванні паэтыкі канкрэтнага аўтара, творчасць якога раней не даследавалася ў такім разрэзе. Абгрунтавана палажэнне аб тым, што рытмічная арганізацыя з’яўляецца актыўным кампанентам стылю, які фарміруе разам з іншымі ўзроўнямі паэтыкі мастацкі змест твора. Прапанавана мадэль аналізу сэнсаўтваральных сродкаў метрыка-рытмічнай арганізацыі.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі. Матэрыялы дысертацыі разглядаліся на пасяджэннях кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта (пратаколы № 7 ад 2 чэрвеня 2002 г. і № 4 ад 10 снежня 2002 г.). Прамежкавыя і канчатковыя вынікі даследавання былі апрабіраваны на наступных навуковых канферэнцыях: «54-ая навуковая канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў БДУ» (БДУ, Мінск, 1997 г.); «55-ая навуковая канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў БДУ» (БДУ, Мінск, 1998 г.); «V Рэспубліканская навуковая канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў Рэспублікі Беларусь» (Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я.Купалы, Гродна, 1998 г.); «56-ая навуковая канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў БДУ» (БДУ, Мінск, 1999 г.); «57-ая навуковая канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў БДУ» (БДУ, Мінск, 2000 г.); «Філалагічныя навукі: маладыя вучоныя ў пошуку» (БДУ, Мінск, 2001 г.); «V Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 80-годдзю БДУ «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай» (БДУ, Мінск, 2001 г.).

Апублікаванасць вынікаў. Асноўныя палажэнні і вынікі дысертацыйнага даследавання знайшлі адлюстраванне ў 10 публікацыях, сярод якіх 2 – артыкулы ў навуковых часопісах, 3 – артыкулы ў навуковых зборніках, 1 – артыкул у літаратурным часопісе, 4 – матэрыялы навуковых канферэнцый. Агульная колькасць старонак апублікаваных матэрыялаў – 63.

Структура і аб’ём дысертацыі. Дысертацыя складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі работы, трох глаў і заключэння. Агульны аб’ём дысертацыі – 103 старонкі. Бібліяграфія ўключае 139 назваў.


АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ДЫСЕРТАЦЫІ


Ва Уводзінах абгрунтоўваецца актуальнасць абранай тэмы, абумоўленая двума асноўнымі фактарамі. Па-першае, само вершазнаўства, будучы адной з вельмі развітых, найбольш дакладных галін літаратуразнаўства, знаходзіцца, аднак, у стане перманентных метадалагічных пошукаў, якія прыводзяць часам да фарміравання дыяметральна супрацьлеглых поглядаў. Па-другое, аб’ект даследавання – паэзія Рыгора Барадуліна – надзвычай значны культурны феномен, у даследаванні якога (асабліва на ўзроўні рытмічнай арганізацыі) адчуваецца недахоп. Актуальнай задачай з’яўляецца аб’ектыўнае апісанне вершаванай сістэмы Р. Барадуліна, тлумачэнне эвалюцыі гэтай сістэмы, усведамленне яе гісторыка-літаратурнага значэння. У тэарэтыка-літаратурным плане зварот да гэтай тэмы на такім удзячным матэрыяле дае магчымасць удакладніць шэраг палажэнняў вершазнаўства і сфарміраваць методыку даследавання сэнсаўтваральных сродкаў метрыка-рытмічнай арганізацыі. Галоўная метадалагічная ўстаноўка даследавання заключаецца ў тым, што рытмічная арганізацыя верша ў значных творах паэзіі з’яўляецца тым кампанентам стылю, які актыўна ўдзельнічае ў фарміраванні мастацкага зместу, а эвалюцыя рытмічнай арганізацыі ў творчасці паэта, які сапраўды знайшоў сваё месца ў літаратуры, тлумачыцца рэакцыяй паэтычнай сістэмы на патрабаванні як моўнага, так і літаратурнага (шырэй – культурнага) кантэксту.

У Главе 1 «Рытмічная арганізацыя паэтычнага тэксту» выкладаюцца асноўныя палажэнні прынятай аўтарам дысертацыі канцэпцыі рытмічнай арганізацыі, даецца тэарэтычнае абгрунтаванне выкарыстоўваемай методыкі вершазнаўчага аналізу. У раздзеле 1.1. «Верш як эстэтычна значная форма» паказана, што найбольш адэкватным рухам аналізу паэтычнага твора з’яўляецца накірунак ад формы да зместу, бо ніякі змест не можа быць успрыняты ў абход формы. У дысертацыі прынята канцэптуальнае паняцце змястоўна-фармальнага ўзаемапераходу. Аўтар дысертацыі арыентуецца на методыку цэласнага аналізу літаратурнага твора, прапанаваную А.М. Андрэевым, згодна з якой суадноснасць катэгорый у мастацкім творы праяўляецца не ў дыхатамічнасці, а ў многаступеньчатасці. Гэта, аднак, не вядзе да адмаўлення ад паняццяў формы і зместу. Структура твора відавочна шматслойная (экзістэнцыяльна), што не адмаўляе яго анталагічнай фармальна-змястоўнай «двухслойнасці» (эсэнцыяльна). Канкрэтнае адзінства зместу і формы абумоўлена метадам, што выводзіць да паняцця кантэксту. Геніяльнасць пісьменніка праяўляецца ў працы з кантэкстам – як ва ўдалым упісванні ў яго, так і ў яго пераадоленні.

Згодна з выкладзенымі палажэннямі, рытмічная арганізацыя верша, будучы фармальным аспектам, не з’яўляецца, аднак, выпадковым кампанентам паэтыкі. У выпадку пераафармлення на гэтым узроўні мастацкі змест верша разбураецца. Гэта дае магчымасць ставіць пытанне пра семантыку рытмічнай арганізацыі.

У раздзеле 1.2. «Прырода і механізмы ўтварэння вершаванага рытму» сцвярджаецца, што менавіта рытм з’яўляецца фактарам, які фарміруе верш. Хаця рытмічнасць ёсць уласцівасць як любога мастацтва, так і рэчаіснасці, вершаваны рытм валодае сваёй спецыфікай. Апошні існуе, бо існуе рытмічнасць мовы. Таму актуальным з’яўляецца пытанне пра сувязь верша і мовы. У дысертацыі прыняты той пункт гледжання, што магчымасці вершаванага рытму ў любой індаеўрапейскай мове знаходзяцца ў прамой залежнасці ад ладу мовы.

Вершаваны рытм выяўляецца ў раўнамерным чаргаванні якіх-небудзь моўных з’яў. Яго спецыфіка вызначаецца шэрагам крытэрыяў, якія знаходзяць увасабленне ў сістэмах вершавання. Б.Ф. Ягораў выводзіць «сістэму сістэм вершавання» з магчымых фаналагічных апазіцый мовы, якія здольныя ўтвараць рытм і сегментаваць тэкст на радкі. Рэальнымі фаналагічнымі апазіцыямі з’яўляюцца: фаналагічная адасобленасць склада, фаналагічная вылучанасць націскнога склада, фаналагічная супрацьпастаўленасць націскных і ненаціскных складоў. Рыфма з’яўляецца часам факультатыўнай, а часам пануючай апазіцыяй, якая адмяжоўвае адзін радок ад другога. Сістэма названых фактараў з’яўляецца фундаментальнай сістэмай, здольнай утвараць самыя розныя сістэмы вершавання шляхам нейтралізацыі якіх-небудзь кампанентаў, г.зн. шляхам іх ператварэння ў нуль (па тэрміналогіі Ю.М. Лотмана гэта «мінус-прыёмы»). Такім чынам, ва ўсходнеславянскім літаратурным кантэксце існуюць наступныя сістэмы вершавання: сілабічная, танічная, вольныя вершы, лагаэды, сілаба-танічная сістэма, рыфменная сістэма, нулявая (свабодны верш).

Адным з найбольш важных фактараў, неабходных для разумення рытмічнай арганізацыі верша, з’ўяляецца ўсведамленне фундаментальнай дыхатаміі метра і рытму. Дадзенае пытанне застаецца актуальным да гэтага часу, бо і зараз некаторыя навукоўцы лічаць супрацьпастаўленне метра і рытму памылковым. У дысертацыі сцвярджаецца, што метр – гэта ўзровень мадэлей, рытм – узровень інтэрпрэтацый. Калі выкарыстоўваць мовазнаўчую тэрміналогію, метр адносіцца да эмічных тэрмінаў, рытм – да этычных. Першыя выкарыстоўваюцца для адзінак-інварыянтаў (фанема, марфема, лексема і г.д.), другія – для адзінак-варыянтаў (фон, або алафон, морф, або аламорф, лекса, або алалекса, і г.д.). Амбівалентнасць верша можна зразумець толькі пры дыялектычным уліку прысутнасці і барацьбы гэтых супрацьлеглых фактараў. Пытанне суадносін метра і рытму мае пад сабою глыбокую філасофскую аснову. Эсэнцыя і экзістэнцыя (сутнасць і існаванне) – гранічна абстрактныя катэгорыі, рэальнасць жа заўсёды амбівалентная. Верш – гэта дыялектычная суаднесенасць схемы і яе рэалізацыі, аналагічная варыянтна-інварыянтнай будове моўнай сістэмы і – шырэй – варыянтна-інварыянтнай структуры рэчаіснасці.

Раздзел 1.3. «Рытмічная арганізацыя як элемент паэтыкі верша разглядае пытанні семантыкі рытмічнай арганізацыі, яе сэнсаўтваральныя функцыі, якія рэалізуюцца ў адпаведнасці з заканамернасцямі функцыяніравання паэтычнага рытму як элемента паэтыкі.

Рытміка з’яўляецца адным з кампанентаў стылю, адным са складнікаў лінгвістычнай рэальнасці тэксту; прычым гэта складнік аднаго з найніжэйшых узроўняў, рацыянальна найменш значны, прызначаны для перадачы пераважна псіхалагічнай інфармацыі. Рытміка рэалізуе сваю семантыку не непасрэдна, а праз пасрэдніцтва іншых кампанентаў стылю, дзякуючы якім яна ўпісваецца ў кантэкст твора, у кантэкст творчасці дадзенага аўтара, у больш шырокі літаратурны кантэкст. Гэта азначае, што рытм, каб быць рацыяналізаваным, павінен быць счэплены са словам, з фразай, з гукам, павінен быць кампазіцыйна ўпарадкаваны. Паколькі рытм вельмі чуйна рэагуе на гістарычную дынаміку мастацкай сістэмы, можна ставіць пытанне і пра семантыку рытмалагічнай дынамікі, ці эвалюцыі, – г.зн. тых змен у рытмічнай арганізацыі тэксту, якія адбываюцца на розных этапах творчасці паэта. Паэзія Р. Барадуліна – удзячная глеба для такіх назіранняў.

У даследаванні семантыкі рытмічнай арганізацыі вершаванага тэксту найбольш плённым уяўляецца комплексны шматаспектны падыход. Ён мае на ўвазе, што мы адрозніваем структурную і функцыянальную спецыфіку метра і рытму і разглядаем гэтыя ўзроўні з улікам інварыянтнай прыроды метра і варыянтнай прыроды рытму. Такі падыход арыентуецца на тое, што метр нясе характарыстыкі тыповасці, а рытм – індывідуальнасці. Таму сэнсавыяўленчыя функцыі метра будуць канцэнтравацца вакол яго здольнасці падкрэсліваць агульнае, а сэнсавыяўленчыя магчымасці рытму будуць вызначацца тымі сродкамі, праз якія ён здольны сігналізаваць пра адыход ад гэтага агульнага.

Сувязь паміж метрам і сэнсам, як паказана ў даследаванні М.Л. Гаспарава «Метр и смысл», не арганічная, а гістарычная: метры маюць свае семантычныя арэолы, якія гістарычна склаліся ў пэўнай літаратурнай традыцыі. Што датычыцца семантыкі рытму, то рытм з’яўляецца найбольш аўтаномным аспектам у сістэме вершаванага маўлення. Рытм не мае семантычных арэолаў. Рытмічная інерцыя ў вершы прадвызначае рытмічнае чаканне чытача, якое далёка не заўсёды спраўджваецца, што і з’яўляецца важным мастацкім прыёмам на ўзроўні рытмікі.

Рытмічная арганізацыя верша абумоўлена такімі аспектамі, як моўны, літаратурна-кантэкстуальны і светапоглядны. Мова з’яўляецца найніжэйшым узроўнем кантэксту, які непасрэдна ўплывае на фарміраванне вершаванага тэксту і мае для яго вялікае значэнне. Паэт адначасова прытрымліваецца прыроды моўнага матэрыялу і пераадольвае гэты матэрыял. Пад літаратурна-кантэкстуальнай абумоўленасцю маюцца на ўвазе пануючыя традыцыі вершавання. Пад светапогляднай абумоўленасцю трэба разумець патрабаванні, якія прад’яўляе пафас, будучы «ядром пэўнага светасузірання» (А.М. Андрэеў). Сутнасць кожнага віду пафасу заключаецца ў характары суадносін паміж гетэраномнымі і аўтаномнымі ідэаламі (П. Ціліх). Існуюць, такім чынам, два тыпы паэзіі, як і мастацтва ўвогуле: «у адным падкрэсліваецца фармальная кампазіцыйная структура, адзінства, закон; у другім – індывідуальная разнастайнасць тэматычнага матэрыялу, якая парушае строгую заканамернасць» (В.М. Жырмунскі).

На дыяду аўтаномія / гетэраномія накладаецца дыяда метажанравых катэгорый «апісальнасць» / «пераўтваральнасць» (тэрміны належаць аўтару дысертацыі). Пры дамінаванні апісальнай інтэнцыі мастак карыстаецца інструментарыем, лаяльным да традыцыі (у нашым выпадку гэта традыцыйныя сістэмы і сродкі вершавання), пры дамінаванні пераўтваральніцкіх метажанравых характарыстык ён выкарыстоўвае супрацьлеглы традыцыйнаму кантэксту інструментарый.

Глава 2 «Рытмічная структура верша ў паэзіі Р. Барадуліна» прысвечана аналізу структурных асаблівасцей верша ў кожнай з сістэм вершавання, у якіх працуе паэт, а таксама эўфанічных фактараў вершавай структуры. У раздзеле 2.1. «Сілаба-тоніка» параўноўваецца метрычны рэпертуар паэтычных зборнікаў Р. Барадуліна розных гадоў. Робіцца выснова пра сур’ёзныя змены ў ім – ад 95,2 % твораў, напісаных у сілаба-танічнай сістэме вершавання, і 4,8 % – у танічнай у кнізе «Маладзік над стэпам» (1959 г.) да 51 % і 48,9 % адпаведна ўжо ў зборніку «Неруш» (1966 г.). Такі колькасны рост тонікі адбываецца з прычыны шырокага выкарыстання дольніка.

Асноўны змест раздзела – разгляд рытмічнай структуры верша ў сілаба-танічнай сістэме вершавання. Унутры двухскладовых памераў найбольш рэзка зніжаецца колькасць харэяў. Тлумачыцца гэта тым, што харэй у меншай ступені ўзгоднены з рытмічнымі тэндэнцыямі мовы, чым ямб (што паказалі даследаванні І.Д. Ралько). Інтанацыя ва ўсходнеславянскіх мовах разгортваецца пераважна па ўзыходзячай акустычнай хвалі. У вершы, такім чынам, падкрэсліваюцца і развіваюцца тыя рытмічныя тэндэнцыі, якія найбольш развіты ў мове. Адлюстраванне гэтага факту ў рытмалагічнай эвалюцыі паэзіі Р. Барадуліна сведчыць пра тонкую моўную інтуіцыю паэта. Але рытмалагічная эвалюцыя ідзе «па сінусоідзе», і ў зборніку «Лісты ў Хельсінкі» (2000 г.) харэй амаль вяртаецца да паказчыка 1959 г. Гэта звязана са стылёвым «выраўноўваннем», вяртаннем ад смелых, але экстравагантных эксперыментаў ранняй творчасці да больш «стабільных» і «лагічных» з пункту гледжання кантэксту паказчыкаў. Але гэта вяртанне на новым узроўні, для ілюстрацыі чаго больш падыходзіць параўнанне са спіраллю, чым з сінусоідай.

Зніжаецца і агульная колькасць трохскладовых памераў. У Р. Барадуліна іх увогуле менш за двухскладовыя. Апошнія дапускаюць больш адвольна-націскных складоў, большую разнастайнасць складанаціскных рытмічных варыяцый, што робіць іх больш «натуральнымі» за трохскладовыя памеры з пункту гледжання мовы (што паказаў М.Л. Гаспараў). Унутры трохскладовых памераў таксама назіраюцца тэндэнцыі да падкрэслівання ўзыходзячай хвалі гучання: змяншэнне колькасці дактыляў і амфібрахіяў і павелічэнне колькасці анапестаў. З’яўляюцца трохскладовыя памеры з пераменнай анакрузай – спроба разняволіць рытміку ўнутры сілаба-тонікі.

Да сродкаў рытмічнага разняволення таксама трэба аднесці пропускі схемных націскаў і наяўнасць звышсхемных. Апошнія з’яўляюцца моцным мастацкім прыёмам: яны фарміруюць інтанацыю, надаюць гучанню сэнсаўтваральныя якасці. На прыкладзе некаторых твораў («Вырак ног абыякава босых…», «Бачаннем не насыціцца вока…») паказана, што Р. Барадулін выкарыстоўвае прыём абцяжарвання анакрузы звышсхемнымі націскамі ў філасофскіх вершах для стварэння спецыфічнага запаволенага рытму, падкрэслівання ключавых вобразаў.

Раздзел 2.2. «Шлях да тонікі» прысвечаны тром асноўным формам танічнай сістэмы вершавання, што ўжываюцца Р. Барадуліным, – дольніку, тактавіку, акцэнтнаму вершу. На першым месцы стаіць менавіта дольнік – адна з самых ужывальных у Р. Барадуліна версіфікацыйных форм. У асноўным, барадулінскія дольнікі ўтвораныя на аснове трохскладовых памераў шляхам сцяжэнняў (т.зв. трохасноўныя дольнікі). У асобных вершах, аднак, сустракаюцца рэдкія формы, якія можна інтэрпрэтаваць як двухасноўныя дольнікі (дзе рытмічная аснова бліжэй да двухскладовых памераў).

Дольнік дае паэту шырокія магчымасці вар’іравання рытму. Як вядома, 4-іктны дольнік мае 34 рытмічныя формы. У Р. Барадуліна ж сустракаюцца і 7-іктныя дольнікі, што стварае амаль неабмежаваныя магчымасці рытмічнага вар’іравання. На прыкладзе шэрага вершаў дэманструецца эстэтычная моц гэтага прыёму («Мая мова», трыпціх «Белыя ночы»).

Тэндэнцыя да танізацыі звязана з тым, што прырода таленту Р. Барадуліна мае моцныя карані ў фальклоры. Асабліва гэта бачна пры аналізе тактавікоў (верш «Пацеркі»). Акцэнтны ж верш вельмі арганічна ўжываецца, напрыклад, пры распрацоўцы біблейскіх матываў («Рака жыцця не прывыкла паказваць броды…»). Але Р. Барадулін не імкнецца да шырокага ўжывання акцэнтнага верша, бо апошні ляжыць ля самага парога рытмічнага адчування чытача, што зніжае магчымасці эстэтычнага ўздзеяння рытму.

Раздзел 2.3. «Верлібр» звяртаецца да свабоднага верша. Канстатуецца той факт, што Р. Барадулін рэдка звяртаецца да верлібра, бо апошні яшчэ ў меншай ступені ўпісваецца ў «эўфанічную паэтыку» гэтага аўтара. Вылучаюцца «сінтаксічныя» і «антысінтаксічныя» верлібры. У першым чляненне на радкі супадае з сінтаксічным і падтрымліваецца ім. У антысінтаксічным назіраюцца рэзкія пераносы фразы з радка ў радок, што з’яўляецца аналагам анжамбемана. У Р. Барадуліна ёсць абодва тыпы верлібра (М.Л. Гаспараў піша ў 1989 годзе, што ў рускім вершы антысінтаксічны верлібр «неўжывальны і дагэтуль»). Р. Барадулін стварае таксама сінтэтычныя формы накшталт паэмы «Слухаючы мора», верша «Не ведаючы тэорыі вольных вершаў», якія хоць і не з’яўляюцца верлібрам, але нясуць на сабе адзнакі «верлібравага кантэксту»: творы ўспрымаюцца менавіта на фоне верлібравай паэтыкі. Увогуле, менавіта кантэкст рыскрывае сутнасць тых ці іншых рытмаўтваральных фактараў і гаворыць пра тое, як іх успрымаць – у якасці рудыментаў, у якасці асноўных фактараў рытму ці ў якасці «мінус-прыёмаў».

За паняццем «верлібр» на практыцы стаяць дастаткова розныя версіфікацыйныя формы. Гэта спектр пэўных форм вершавання – ад больш свабодных да больш урэгуляваных. Асновай арганізацыі верлібра з’яўляецца сінтаксічны рытм, які рэалізуецца або непасрэдна (як у «сінтаксічным» верлібры), або як «мінус-прыём» (у «антысінтаксічным»). На гэты асноўны арганізуючы фактар могуць накладацца рудыменты рытмаўтваральных фактараў іншых сістэм вершавання. У якасці дадатковых арганізуючых фактараў могуць выступаць: ізасілабізм, рудыменты тонікі (як у вершы «Зводніца ноч…», дзе рытм апорных націскаў аналагічны такому ў танічным вершы), рудыменты эўфоніі (для абазначэння якіх мы ўводзім тэрміны рыфмоід, ці квазірыфма). Прыклады рыфмоідаў (квазірыфмаў) якраз і даюць такія творы, як «Слухаючы мора» і «Не ведаючы тэорыі вольных вершаў…»: вельмі – зеллейка, сутнасці – каласутанька, напрарочана – сурочылі, прытулены – матулінага. Прычына аднясення гэтых сугуччаў да рыфмоідаў, а не да рыфм заключаецца не столькі ў іх недакладнасці, колькі ў іх спарадычнасці.

Раздзел 2.4. «Эўфанічныя фактары вершавай структуры» прысвечаны важнасці гукавога боку ў паэзіі Р. Барадуліна. Метрыка-рытмічная арганізацыя – адзін з аспектаў гукавой арганізацыі верша. Такі важны элемент, як рыфма, – адзін з фактараў уласна вершаванага рытму. Але мы не можам прыйсці да разумення рыфмы ў творчасці таго ці іншага паэта іначай як праз разуменне яго гукапіснага майстэрства ў цэлым.

Найбольш просты сродак гукапісу – гукаперайманне. Больш складаны механізм – наладжванне асацыятыўных сувязей паміж словамі. Ва «ўнутрылексічным гукаперайманні» аб’ектам паэтычнага назіраня з’яўляецца не акаляючы свет, а само слова: Болей мудрасці – болей смутку. / Памнажаюць веды тугу. / Круціць час туману самакрутку, / Завітаўшы на луг на бягу, – тут асананс з [у] мае сэнсаўтваральнае значэнне, звязваючы смутак і тугу з мудрасцю, каб падкрэсліць біблейскую ідэю: «У вялікай мудрасці шмат смутку». Другі спосаб наладжвання асацыятыўных сувязей – паэтычная этымалагізацыя. Найбольш удзячная глеба для яе – уласная імя (вершы «Забэйда-Суміцкі», «Яраслаў Васілевіч», «Вечалле»).

Рыфма ў Р. Барадуліна «слыхавая», а не «зрокавая» ці «графічная» (Р. Бярозкін). Звяртаюць на сябе ўвагу недакладныя рыфмы, «левізна» рыфмы, феномен распыленай рыфмы (з торбаю прасіць – слова па Русі, слязамі дабяла – Нёманам плыла, знала рунь – Беларусь, паўстанец нябёсам – песня босая, роднае слова – верасовак, промні наўзбоч – матуліных воч), састаўныя рыфмы (снежнарутая – Беларусь мая, веснавокая – далёка нам). Але арыгінальнасць рыфмы – гэта яшчэ далёка не ўсё. Цікавасць уяўляюць тыя выпадкі, калі ў рыфме сутыкаюцца словы, якія нясуць на сабе асноўную семантычную нагрузку. «Традыцыйная» рыфма не толькі не з’яўляецца выключанай з арсеналу мастацкіх сродкаў, але часам набывае вялікае значэнне, калі прастата паэтычнага рашэння можа падкрэсліць глыбіню думкі (рыфма магчыма – вачыма ў вершы «Яно»).

Глава 3 «Семантыка метрыка-рытмічнай арганізацыі верша ў творчасці Р. Барадуліна» экспліцыруе аспекты семантыкі, якія імпліцытна закраналіся і ў папярэдніх раздзелах. У раздзеле 3.1. «Семантыка рытма-інтанацыйнай арганізацыі» разглядаюцца мастацкія прыёмы як на ўзроўні ўласна рытмікі, так і на ўзроўні сінтаксісу, які, як вядома, з’яўляецца граматычным выражэннем інтанацыйнай будовы. Падраздзел 3.1.1. «Рытмічныя сігналы. Рытмічная афарбоўка» прысвечаны адхіленням ад пануючай у творы рытмічнай структуры і тым прыёмам, праз якія яны рэалізуюцца.

Вар’іраванне стопнасці – прыём увядзення рытмічнага сігналу пры дапамозе рэзкай змены даўжыні радка (змяншэнне ці павелічэнне колькасці стоп у радку сілаба-танічнага верша). Яшчэ адзін прыём – сцяжэнні і нарашчэнні ў сілаба-тоніцы. У абодвух выпадках рытмічныя сігналы ўтвараюць т.зв. «інтанацыйныя кропкі» ці «інтанацыйныя шматкроп’і». Пры дапамозе такіх сігналаў падкрэсліваюцца, вылучаюцца асобныя вобразы. Адхіленні рытму рэальных слоўных націскаў ад ідэальнай метрычнай схемы – найцікавейшы эстэтычны сродак на ўзроўні рытмікі. Так, зрух націску (суседства звышсхемнага націску з пропускам схемнага) у трэцяй страфе верша «Балаты на хаду асушылі…» падкрэслівае супрацьпастаўленне дзвюх тэм: тэмы прыроды і тэмы тэхнакратычнага насілля над ёю.

Аналагам разгледжаных сродкаў (якія належаць сілаба-тоніцы) у танічных вершах з’яўляецца вар’іраванне рытмічных форм. Так, апошні вершарад у вершы «Запрашаю цябе ў зіму…» (напісаным дольнікам) – адзіная поўнаскладовая форма. Такім чынам арганізуецца «інтанацыйны клічнік».

Вельмі тонкі прыём – вар’іраванне рытму словападзелаў (вершы «Майстра», «Тры прысвячэнні маім вёснам», «Адчайнасцю атаў…»). Гэта тыя амаль незаўважныя нюансы паэтыкі верша, якія працуюць на ўзроўні падсвядомасці, але, будучы счэпленымі з рацыянальнымі аспектамі тэксту, узбагачаюць мастацкі змест твора. Рытм словападзелаў у семантычным плане адыгрывае дваякую ролю: ён можа, па-першае, непасрэдна арганізоўваць інтанацыю, найбольш адпаведную настрою верша; па-другое, ён можа служыць кампазіцыйным сродкам, фармальна дапамагаючым арганізоўваць супастаўленне і проціпастаўленне семантычных адзінстваў у тэксце.

Своеасаблівы мастацкі сродак – рытмічная цытата. Як і ўсякая цытата, яна арганізуе інтэртэкстуальнасць. Верш «Жытло маёй душы…» адсылае чытача да пушкінскага верша «На холмах Грузии лежит ночная мгла…» не толькі эпіграфам, але і ўсёй паэтыкай. У творы мае месца «рытма-фанетычна-семантычная цытата».

Падраздзел 3.1.2. «Сінтаксічныя аспекты рытму: пытанні семантыкі» звяртаецца да праблемы адзінай і непадзельнай рытма-інтанацыйнай арганізацыі верша. У вершы метрыка-рытмічная арганізацыя мацнейшая за сінтаксічную: у вершаваным маўленні гэта відавочна праяўляецца ў тым, што метрычныя паўзы значна мацнейшыя за сінтаксічныя, а звычайная сэнсавая інтанацыя робіцца нават непатрэбнай, яна «заглушаецца» вершаваным рытмам. Але сэнсавая інтанацыя не можа проста знікнуць, як не можа знікнуць сінтаксічная арганізацыя тэксту. Калі інтанацыя і сінтаксіс уступаюць у канфлікт з метрычнай арганізацыяй, узнікае адчувальны сэнсаўтваральны дысананс, які працуе за кошт эфекту падманутага чакання.

Вялікае значэнне маюць сінтаксічныя паўзы. Так, мноства сінтаксічных паўзаў у вершы «Да беларусаў свету» аслабляе інерцыю метра і надае твору размоўную інтанацыю. Верш мае выразную аратарскую стылістыку і належыць да гутарковага інтанацыйнага тыпу лірычнага верша. Супрацьлеглы прыклад – верш «Ты, як перад дажджом трава…». Адсутнасць сінтаксічных паўзаў унутры радкоў робіць гучанне верша спакойным і роўным, што адпавядае тэме духоўнага спакою. Гэты верш належыць ужо да напеўнага тыпу. У вершы «Рубіць, склюдаваць, мураваць, імшыць…» сінтаксіс фарміруе кампазіцыю твора.

Сінтаксічны перанос (анжамбеман) выконвае функцыі эмфатычнага і лагічнага вылучэння. У паэмах – вялікіх вершаваных творах – назіраецца яшчэ адна важная функцыя анжамбеманаў – разбурэнне рытмічнай інерцыі, якая «ўсыпляе» чытача. У дысертацыі прыводзяцца шматлікія цытаты з твораў Р. Барадуліна, якія паказваюць, што анжамбеман – адзін з самых яскравых прыкладаў таго, як розныя кампаненты будовы верша працуюць разам на стварэнне мастацкага зместу.

У раздзеле 3.2. «Семантыка метрычнай арганізацыі» гаворыцца пра дзве асноўныя сэнсаўтваральныя функцыі метра. Падраздзел 3.2.1. «Кампазіцыйная функцыя метра» прысвечаны таму, як змена метра ў рамках аднаго твора (асабліва вялікага) спрыяе «рытмічнаму вядзенню тэмы» (В.П. Рагойша).

У паэме «Праз чараты штыкоў» наступная метрычная кампазіцыя: першая частка напісана пяцістопным ямбам, другая – трох’іктным дольнікам, далей ідуць чатырохстопны ямб, трох’іктны дольнік, зноў трох’іктны дольнік, трохстопны амфібрахій са сцяжэннямі і трохстопны анапест. У паэме «Вяртанне ў першы снег» першая частка напісана тактавіком, другая – даволі неўпарадкаваным дольнікам гутарковай інтанацыі, у трэцяй частцы гутарковая інтанацыя змяняецца вельмі напеўнай, што дасягаецца выкарыстаннем «класічнага» трох’іктнага дольніка на анапестычнай аснове. Рытмічная змена звязана з увядзеннем новага матыву – матыву матчынай хаты. Калі паэт ад гэтага лірычнага адступлення вяртаецца да побытавых падрабязнасцей, зноў узнікае неўрэгуляваны гутарковы дольнік, значна больш разняволены ў рытмічным плане. Даволі цікавая метрычная арганізацыя паэмы «Самота паломніцтва»: кожная новая частка не паўтарае памер папярэдняй.

Такім чынам, кампазіцыйную функцыю метр выконвае тады, калі ў поліметрычным творы змены памеру супадаюць з тэматычнымі зменамі, бо менавіта так арганізуюцца тыя слоўныя масівы, якія традыцыйна называюцца фрагментамі і з’яўляюцца адзінкамі кампазіцыі.

Падраздзел 3.2.2. «Кумулятыўная функцыя метра: да пытання пра семантычныя арэолы» завяршае асноўную частку дысертацыі. Тэрмін «кумулятыўная функцыя метра» ўводзіцца для абазначэння здольнасці вершаваных памераў канцэнтраваць, назапашваць у сабе сукупнасць тых семантычных асацыяцый, якія звязваюць дадзены твор з папярэдняй паэтычнай традыцыяй. Метр валодае моцнай гістарычнай памяццю. Яе моц вызначаецца тым, што гэты механізм працуе, як правіла, на ўзроўні падсвядомасці. Метр – гэта код, выкарыстанне якога выклікае з кантэкстуальнай памяці культуры семантыку тых твораў (асабліва значных узораў-«шэдэўраў»), якія выкарыстоўвалі гэты код раней.

У дысертацыі зварот да тэмы кумулятыўнай функцыі метра адбываецца ў выглядзе аналізу функцыяніравання канкрэтнага памеру ў рамках мінімальнага кантэксту, ролю якога адыгрывае кніга «Лісты ў Хельсінкі». Аналізуецца семантыка пяцістопнага харэя – «знакавага» для вершазнаўства памеру: менавіта з артыкула К. Тараноўскага, прысвечанага пяцістопнаму харэю, пачалася тая дыскусія, у рамках якой і ўзнікла само паняцце семантычнага арэола.

М.Л. Гаспараў вылучае ў семантычным арэоле лірычнага пяцістопнага харэя пяць семантычных афарбовак: ноч, пейзаж, каханне, смерць, дарога. У дысертацыі выказваецца думка, што ў беларускую літаратуру ўсе названыя семантычныя афарбоўкі пяцістопнага харэя ўвёў М. Багдановіч (аналізуюцца ўсе лірычныя творы М. Багдановіча, напісаныя пяцістопным харэем), узбагаціўшы яго семантычны арэол новымі афарбоўкамі (у прыватнасці, гаворка ідзе пра матыў будучыні Радзімы, часу і памяці). У зборніку «Лісты ў Хельсінкі» восем вершаў напісана пяцістопным харэем. Пералічым «ключавыя словы», ці матывы, гэтых вершаў. «Лісты з вушачы»: «Ліст 7» (матыў дарогі, блудны сын, шлях апошні, блуканне душы па свеце), «Ліст 9» (апошняя старана: матыў смерці і вечнасці), «Ліст 13» (Радзіма і чужына, смерць, вечнасць); «Лісты зь Менску»: «Ліст 7» (час, вечнасць), «Ліст 12» (смерць, сцежка, блудны сын, далёкая вярста, вечнасць, гады), «Ліст 13» (памяць, сляды, гады, хада), «Ліст 18» (час, жыццёвая дарога), «Ліст 24» (хада часу, будучыня). Р. Барадулін абапіраецца на найбольш сталую семантычную афарбоўку памеру – матыў дарогі. Гэты матыў можа паўставаць у розных іпастасях – і як жыццёвая дарога, і як хада часу. А дзе час, там і вечнасць, і памяць, асабліва, калі актуалізуецца матыў смерці – яшчэ адзін з найбольш значных матываў у семантыцы пяцістопнага харэя. Матыў дарогі пераплятаецца з тэмай Радзімы (вялікую ролю адыгрывае мікракантэкст кнігі), узнікае вобраз блуднага сына, выгнанца. Тэма Радзімы падказвае зварот да ўведзенай М. Багдановічам у сферу семантычных афарбовак пяцістопнага харэя тэмы будучыні.

Такім чынам, матэрыял гэтага падраздзела паказвае, што семантычныя афарбоўкі метра, якія паэт усвядомлена ці неўсвядомлена запазычвае ў літаратурнай традыцыі, трансфармуюцца ў яго творчасці адпаведна з мастацкім заданнем, якое дыктуецца мікракантэкстам. Мікракантэкст «звязвае» розныя семантычныя афарбоўкі, наладжвае асацыятыўныя ўзаемасувязі паміж імі і «прымушае працаваць» на карысць зместу твора.


ЗАКЛЮЧЭННЕ


1. Даследаванне рытмічнай арганізацыі як элемента паэтыкі верша ў творчасці Р. Барадуліна выявіла, перш за ўсё, фенаменальнае багацце як версіфікацыйнага рэпертуару паэта, так і тых мастацкіх сродкаў, якімі на дадзеным узроўні паэтычнай сістэмы валодае гэты аўтар. Такім чынам, пацвердзілася правільнасць выбару аб’екта даследавання: рытмічная арганізацыя тэксту ў Р. Барадуліна – сапраўды значная з’ява ў беларускім вершаванні. Гэты кампанент стылю пазначаны нетрывіяльнасцю і яркай індывідуальнасцю. Калі вылучаць нейкія дамінантныя стылёвыя кампаненты ў творчасці тых ці іншых аўтараў, то, бясспрэчна, у Р. Барадуліна адным з такіх дамінантных кампанентаў будзе рытмічная арганізацыя. Яна, у сваю чаргу, уваходзіць у эўфанічную (у шырокім сэнсе) арганізацыю тэксту. Эўфонія сапраўды дамінуе ў паэзіі Р. Барадуліна. Яго вершы прызначаны «для слыху», гэта значыць, што паэт свядома, рэфлексійна ставіцца да моўнага матэрыялу і яго арганізацыі. Абсалютна відавочна, што Р. Барадулін актыўна і ўсвядомлена выкарыстоўвае тыя магчымасці, якія дае яму рытмічны ўзровень [1, 7, 2].

2. Эвалюцыя рытмічнай арганізацыі верша Р. Барадуліна ішла ад традыцыйнай сілаба-тонікі ў накірунку да большай раскаванасці, што праявілася, практычна, у самым пачатку творчага шляху паэта, калі значную частку яго метрычнага рэпертуару склалі танічныя формы верша. Падводзячы вынікі даследавання, трэба сказаць, што прычыны менавіта такога характару развіцця барадулінскай версіфікацыі наступныя: 1) арыентацыя аўтара на прасадычныя заканамернасці беларускай мовы; 2) устаноўка на агульную мадэрнізацыю паэтычнай сістэмы ў літаратурна-культурным кантэксце; 3) імкненне да ўзбагачэння і паглыблення ўсяго вобразна-семантычнага ладу паэзіі, у прыватнасці, праз вызваленне ад сталых семантычных афарбовак сілаба-танічных памераў, якія склаліся гістарычна. Адначасова неабходна заўважыць, што і ўнутры кожнай з сістэм вершавання, якія выкарыстоўвае аўтар, размеркаванне розных памераў і вершаваных форм невыпадковае. Так, у сілаба-тоніцы Р. Барадулін аддае перавагу двухскладовым памерам, бо яны валодаюць большымі магчымасцямі рытмічнага вар’іравання ў параўнанні з трохскладовымі (пропускі схемных націскаў). Перавага, далей, аддаецца метрам, арганізаваным адпаведна з узыходзячай хваляй гучання (ямб, анапест), што таксама адпавядае рытмічным тэндэнцыям мовы. Сярод танічных форм найбольшае выкарыстанне ў Р. Барадуліна знайшоў дольнік, што тлумачыцца яго «прамежкавым станам»: з аднаго боку, ён ужо выходзіць са сферы панавання строгіх, «класічных» метраў і з усёй сукупнасці іх семантычных арэолаў, з другога боку, ён яшчэ валодае моцнымі магчымасцямі эўфанічнага ўздзеяння на чытача праз сугестыю рытму (тут адносна лёгка сфарміраваць інерцыю рытмічнага чакання і гэтак жа лёгка яе разбурыць спецыяльнымі рытмічнымі сігналамі, дасягнуўшы патрэбнага мастацкага эфекту). Што датычыцца больш свабодных танічных форм, яны, хоць і сустракаюцца ў Р. Барадуліна, але не маюць такога шырокага ўжывання, бо іх рытмічная структура больш аморфная і не дазваляе з такой лёгкасцю дабівацца эфекту эўфанічнай сугестыі. Тым не менш, Р. Барадулін дэманструе майстэрскае валоданне метрычнай кампазіцыяй, калі ўмела падабраныя вершаваныя формы рознай ступені разняволенасці ў поліметрычных творах служаць «рытмічнаму вядзенню тэмы» [8, 4].

3. Розныя формы версіфікацыі знаходзяцца ў паэтыцы Р. Барадуліна ў адносінах узаемадзеяння і ўзаемаўплыву. Так, сілаба-тоніка адчувае ўплыў тонікі, змяняючы сваю рытмічную структуру ў накірунку да большай свабоды. Верлібр, які не знайшоў шырокага выкарыстання ў Р. Барадуліна менавіта з-за дамінавання эўфанічнага пачатку ў яго паэзіі, адчувае на сабе ўплыў «рыфменных» сістэм вершавання, у выніку чаго ўзнікаюць пераходныя формы верша [9, 3].

4. Узаемадзеянне канстатуецца і ў адносінах паміж рознымі ўзроўнямі паэтычнай сістэмы. Яно праяўляецца ў тых ці іншых формах карэляцыі. Прыватны выпадак – дзеянне «закону кампенсацыі»: калі, напрыклад, разняволенне рытмікі суправаджаецца ўзмацненнем фанетычнай арганізацыі тэксту. Спецыфіка ўзаемадзеяння розных кампанентаў стылю робіцца асабліва відавочнай, калі гаворка ідзе пра сэнсаўтваральныя здольнасці тых ці іншых узроўняў паэтыкі. Зразумела, што сам па сабе рытм не здольны перадаваць ніякай рацыянальнай інфармацыі (хіба што асобныя ірацыянальныя фрагменты адбіткаў рэальнасці). Усе рытмічныя прыёмы маюць сэнс толькі тады, калі яны карэлююць са словам, са змястоўнымі аспектамі вершаванага маўлення. Ставіць пытанне пра семантыку метра магчыма толькі ў суаднесенасці апошняга з тэматыкай [6].

5. У дысертацыі прапанаваны комплексны шматаспектны падыход да аналізу семантыкі метрыка-рытмічнай арганізацыі верша. Ён заснаваны на вылучэнні двух аспектаў: семантыкі метра і семантыкі рытму. Кожны з названых аспектаў мае сваю структурную і функцыянальную спецыфіку, якая вызначаецца інварыянтнай прыродай метра і варыянтнай прыродай рытму. Метр з’яўляецца носьбітам характарыстык тыповасці, рытм – індывідуальнасці. Таму неабходна размежаванне і ў класіфікацыі сэнсавыяўленчых сродкаў на ўзроўні метра і рытму. Метр мае наступныя сэнсавыяўленчыя функцыі: кампазіцыйную і кумулятыўную. Кампазіцыйная функцыя метра дзейнічае ў мікракантэксце, звязваючы пэўны фрагмент тэксту з пэўным памерам (ці версіфікацыйнай формай). Кумулятыўная функцыя дзейнічае ў макракантэксце, звязваючы дадзены твор з паэтычнай традыцыяй праз сістэму семантычных афарбовак і семантычных арэолаў вершаваных памераў. Семантыка рытму рэалізуецца праз тыя магчымасці, якімі валодаюць тыя ці іншыя рытмаўтваральныя фактары: націскі, склады, стопы, словападзелы, сінтаксічныя паўзы і пераносы і г.д. У канкрэтным тэксце сэнсавыяўленчыя механізмы метра і рытму выступаюць у сукупнасці і разам з іншымі ўзроўнямі паэтыкі ўдзельнічаюць у фарміраванні мастацкай цэласнасці паэтычнага твора [10, 5].

СПІС АПУБЛІКАВАНЫХ РАБОТ

  1. Дуброўскі А. Слова стварае паэта: Філасофія слоўнага вобраза ў творчасці Рыгора Барадуліна // Першацвет. – 1997. – № 3. – С. 85-88.
  2. Дуброўскі А.У. Вобразастваральныя кампаненты паэтыкі Рыгора Барадуліна на ўзроўні эўфоніі // Язык. Поэтика. Перевод: Сб. науч. ст. / Под ред. А.Е. Супруна. – Минск: ООО ПП «Асобны дах», 1998. – С. 104-116.
  3. Дуброўскі А.У. Сілаба-танічны верш Рыгора Барадуліна // Весн. Бел. дзярж. ун-та. Сер. 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. – 2001. – № 2. – С. 55-59.
  4. Дуброўскі А.У. Дольнік у паэзіі Рыгора Барадуліна // Весн. Бел. дзярж. ун-та. Сер. 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. – 2002. – № 2. – С. 12-16.
  5. Дуброўскі А. Семантыка рытма-інтанацыйнай арганізацыі верша ў паэзіі Рыгора Барадуліна // На хвалях філалогіі: Даследаванні па тэорыі літаратуры і славянскай фалькларыстыцы: Зб. арт. / Пад рэд. Р.М. Кавалёвай. – Мінск: Бэстпрынт, 2002. – С. 22-28.
  6. Дуброўскі А.У. Рытмічная арганізацыя верша як элемент паэтыкі // Міфалогія – фальклор – літаратура: праблемы паэтыкі: Навук. зб. – Мінск, 2002. – С. 119-129.
  7. Дуброўскі А.У. Філасофія слоўнага вобраза ў творчасці Рыгора Барадуліна // Сборник научных работ студентов и аспирантов Белгосуниверситета: В 2 ч. Ч. 1. – Минск: Белгосуниверситет, 1998. – С. 199-202.
  8. Дуброўскі А.У. Рытміка Рыгора Барадуліна // Сборник работ 57-й научной конференции студентов и аспирантов Белгосуниверситета: В 3 ч. Ч. 2. – Минск: БГУ, 2000. – С. 19-23
  9. Дуброўскі А.У. Верлібр у творчасці Рыгора Барадуліна і еўрапейская традыцыя // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: Матэрыялы V Міжнар. навук. канф., прысвеч. 80-годдзю Бел. дзярж. ун-та (Мінск, 16-18 кастр. 2001 г.): У 3 ч. Ч. 2: Теоретические проблемы литературоведения. Мировая литература: проблемы взаимодействия и взаимосвязей / Рэдкал.: С.Я. Ганчарова-Грабоўская і інш. – Мінск: БДУ, 2001. – С. 35-39.
  10. Дуброўскі А.У. Семантыка і абумоўленасць метрыка-рытмічнай арганізацыі верша // Філалагічныя навукі: Маладыя вучоныя ў пошуку: Матэрыялы навук. канф., прысвеч. 80-годдзю Белдзяржуніверсітэта (20 красав. 2001 г.). – Мінск: ВТАА «Права і эканоміка», 2001. – С. 217-220.

РЭЗЮМЭ

ДУБРОЎСКІ АЛЯКСАНДР УЛАДЗІМІРАВІЧ

«ПАЭТЫКА РЫГОРА БАРАДУЛІНА:

РЫТМІЧНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ ВЕРША»


Ключавыя словы: паэтыка, верш, метр, рытм, сілаба-тоніка, тоніка, верлібр, эўфонія, семантыка, сінтаксіс, кантэкст.

Аб’ектам даследавання з’яўляецца паэзія Рыгора Барадуліна. Прадметам даследавання з’яўляецца рытмічная (метрыка-рытмічная) арганізацыя як кампанент паэтыкі верша. Мэта дадзенай работы – выявіць спецыфіку рытмічнай арганізацыі верша ў паэзіі Рыгора Барадуліна і на дадзеным матэрыяле высветліць заканамернасці функцыяніравання рытмічнай арганізацыі як кампанента паэтыкі верша. У дысертацыі выкарыстоўваецца комплексны шматаспектны падыход да вывучэння семантыкі метрыка-рытмічнай арганізацыі, які ўлічвае адрозненне функцыянальных і структурных характарыстык метрычнага і ўласна рытмічнага ўзроўняў вершавай арганізацыі і мае на ўвазе вычляненне максімальнай колькасці сэнсавыяўленчых рытмаўтваральных прыёмаў – з аднаго боку – і адрозных адна ад адной сэнсавыяўленчых функцый метра (кампазіцыйнай і кумулятыўнай) – з другога.

Дысертацыя з’яўляецца першым манаграфічным даследаваннем рытмічнай арганізацыі верша Р. Барадуліна. У ёй упершыню падрабязна прааналізаваны шырокі спектр версіфікацыйных форм і эвалюцыя рытмічнай арганізацыі верша ў паэзіі Р. Барадуліна. Паказана роля розных увасабленняў культурнага кантэксту ў фарміраванні паэтыкі канкрэтнага аўтара, творчасць якога раней не вывучалася ў такім разрэзе. Абгрунтавана палажэнне аб тым, што рытмічная арганізацыя з’яўляецца актыўным кампанентам стылю, які фарміруе разам з іншымі ўзроўнямі паэтыкі мастацкі змест твора. Прапанавана мадэль аналізу сэнсаўтваральных сродкаў метрыка-рытмічнай арганізацыі.

Вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны: для далейшых навуковых распрацовак пры вырашэнні тэарэтычных праблем літаратуразнаўства ўвогуле і вершазнаўства ў прыватнасці; у педагагічнай рабоце: пры чытанні лекцыйных курсаў і на практычных занятках па літаратуразнаўству, у падрыхтоўцы спецкурсаў і спецсемінараў. Апублікаваныя вынікі дысертацыі могуць стаць асновай для напісання студэнтамі курсавых і дыпломных работ.

РЕЗЮМЕ

ДУБРОВСКИЙ АЛЕКСАНДР ВЛАДИМИРОВИЧ

«ПОЭТИКА РЫГОРА БОРОДУЛИНА:

РИТМИЧЕСКАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ СТИХА»


Ключевые слова: поэтика, стих, метр, ритм, силлаботоника, тоника, верлибр, эвфония, семантика, синтаксис, контекст.

Объектом исследования является поэзия Рыгора Бородулина. Предметом исследования является ритмическая (метрико-ритмическая) организация как компонент поэтики стиха. Цель данной работы – выявить специфику ритмической организации стиха в поэзии Рыгора Бородулина и на данном материале выяснить закономерности функционирования ритмической организации как компонента поэтики стиха. В диссертации используется комплексный многоаспектный подход к изучению семантики метрико-ритмической организации, который учитывает отличие функциональных и структурных характеристик метрического и собственно ритмического уровней стиховой организации и имеет в виду вычленение максимального количества смысловыразительных ритмообразующих приемов – с одной стороны – и отличных друг от друга смысловыразительных функций метра (композиционной и кумулятивной) – с другой.

Диссертация является первым монографическим исследованием ритмической организации стиха Р. Бородулина. В ней впервые подробно проанализирован широкий спектр форм версификации, а также эволюция ритмической организации стиха в поэзии Р. Бородулина. Показана роль разных воплощений культурного контекста в формировании поэтики конкретного автора, творчество которого прежде не изучалось в таком разрезе. Обосновано положение о том, что ритмическая организация является активным компонентом стиля, формирующим вместе с прочими уровнями поэтики художественное содержание произведения. Предложена модель анализа смыслообразующих средств метрико-ритмической организации.

Результаты исследования могут быть использованы: для дальнейших научных разработок при решении теоретических проблем литературоведения вообще и стиховедения в частности; в педагогической работе: при чтении лекционных курсов и на практических занятиях по литературоведению, в подготовке спецкурсов и спецсеминаров. Опубликованные результаты диссертации могут стать основой для написания студентами курсовых и дипломных работ.

SUMMARY

ALIAKSANDR DUBROUSKI

RYHOR BARADULIN’S POETICS:

RHYTHMIC ORGANIZATION OF VERSE


Keywords: poetics, verse, metre, rhythm, syllabic-accentual versification, accentual versification, free verse, euphony, semantics, syntax, context.

Ryhor Baradulin’s poetics is the object of this research, concerned rhythmical (metrical and rhythmical) organization as a component of the poetics of verse. The aim of the present work is to reveal specific character of rhythmical organization of verse in Baradulin’s poetry and also this material let us determine functional regularities of the rhythmical organization as a component of poetics of verse. In the dissertation the author uses complex polyfacetous approach to investigate the functional and structural characteristics of the metrical and rhythmical, property speaking, levels and pretends to detect the maximum quantity of rhythmical means and mutually different metrical (compositional and cumulative) functions, both expressing the sense of verse.

The thesis is the first monographic research of the rhythmical organization of Baradulin’s verse. For the first time it analyses the broad spectrum of versification as well as the evolution of the rhythmical organization of verse in Baradulin’s poetry. The role of various materializations of the cultural context in forming of the poetics of a concrete author is clearly expounded in the study, Baradulin’s works have never been studied in this aspect. Also the author grounded the tenet of active role of rhythmical organization, which forms with other levels of poetics the artistic content of a work, as a component of style, and proposed a model to analyse semantically charged metrical and rhythmical means.

The results of the research can be used for further scientific investigations to solve theoretical problems of study of literature, in general, and poetics, in particular; in pedagogic work, while lecturing, during practical training in study of literature, while preparing special courses and seminars. The published results of the thesis can be a base of students’ degree and course papers.



>