Уладзімір Караткевіч Нават не ведаеш з чаго пачаць пісаць. Столькі пра яго гаварылі, столькі пра яго гавораць, а сколькі яшчэ будуць гаварыць! Сколькі хочацца сказаць, але слоў няма толькі думкі, думкі, думкі

Вид материалаДокументы
Подобный материал:
Уладзімір Караткевіч... Нават не ведаеш з чаго пачаць пісаць. Столькі пра яго гаварылі, столькі пра яго гавораць, а сколькі яшчэ будуць гаварыць! Сколькі хочацца сказаць, але слоў няма – толькі думкі, думкі, думкі...

Канешна, вельмі гучна сказана пра Караткевіча: “Пусціце зоры ў мой пакой...” (Таццяна Мархель), “Чалавек са святлом” (Уладзімір Куляшоў), “Геній – ён і ёсць геній” (Валерый Рубінчык), “Гаварыў душою” (Уладзімір Басалыга), “Ажываюць светласць і надзея...” (Анатоль Забалоцкі) і шмат чаго іншага, але ўсё роўна гэтыя словы не перададуць Караткевіча, не раскрыюць яго.

Уладзімір Караткевіч – адзін з яркіх і самабытных пісьменнікаў 20-га стагоддзя. Ён арыгінальна і непаўторна раскрыўся як паэт, празаік, драматург, эсэіст, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык і сцэнарыст.

У сваёй творчасці плённа выкарыстаў набыткі фальклору, айчыннай і сусветнай культуры. Асаблівая заслуга пісьменніка ў тым, што ён па-мастацку дакладна асэнсаваў мінуўшчыну роднага краю. Яго творы дбуджаюць у беларусаў пачуццё нацыянальнага гонару і чалавечай годнасці.

Для пісьменніка важна было перадаць каларыт і дух мінулых эпох. Уладзімір Караткевіч імкнуўся ўразумець філасофію гісторыі, сутнасць людскога быцця. Яго аповесці “Сівая легенда”, “Ладдзя роспачы”, раманы “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, п’есы “Званы Віцебска”, “Маці ўрагану”, гістарычны нарыс “Зямля пад белымі крыламі”, эсэ “У прадоннях азёр”, “Сцюдзёная вада” і іншыя творы – гэта мастацкі летапіс роднай зямлі. Ён сцвярджаў : ”У падзеях мінулага – нашы карані. А дрэва без каранёў не можа ні існаваць, ні, тым больш, прыносіць плады.”

Уладзімір Караткевіч прыкметна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанрава-стылёвых адносінах. Каб зацікавіць чытачоў роднай мовай, ён звяртаўся да эсэістычнага жанру.

Чым жа Уладзіміра Караткевіча захапіла эсэ?

Кожны метад неадлучны ад асобы. Гэта цалкам датычыцца метадаў гуманітарнай адукацыі і працэсу фарміравання грамадзянкасці, ажыццяўленне якога адбываецца ва ўмовах пераадолення шэрагу супярэчнасцей. У якасці асноўных можна вылучыць наступныя:
  1. адукацыя грунтуецца на каштоўнасцях мінулых часоў, а мэты яе скіраваны ў будучае;
  2. як грамадскае можа перайсці ў асобнае?

Адным са сродкаў пераадолення дадзеных супярэчнасцей служыць эсэ як форма літаратурна-мастацкай творчасці і спосаб самавыяўлення індывіда. Менавіта па гэтаму і захапіла эсэ Ўладзіміра Караткевіча.

Эсэ – філасофскі, эстэтычны, літаратурна-крытычны, мастацка-публіцыстычны твор, у якім вылучаецца падкрэслена-індывідуальная пазіцыя аўтара з нязмушаным, часта парадаксальным выкладам інфармацыі, арыентаваным на гутарковую мову.[7,34]

Уладзімір Караткевіч мае на ўвазе тое ж самае, што і эсэ:

1)вобразнае бачанне рэчаіснасці;

2)лагічнае асэнсаванне ўбачанага;

3)імкненне зразумець сябе і іншых;

4)усведамленне свайго месца сярод людзей, аналіз узаемасувязей і ўзаемадачыненняў чалавека і грамадства.

Эсэістычныя творы Уладзіміра Караткевіча даюць магчымасцьдля гнуткага, “нелабавога выхавання”, а не навучанне элеменгтарным правілам паводзін праз:

1)стымуляванне цікавасці да самааналізу, самакрытыкі; праблем этычных, псіхалагічных, эстэтычных, сацыяльных, філасофскіх;

2)пабуджэнне да пошуку самастойных рашенняў;

3)дэманстрацыю і супастаўленне разнастайных поглядаў: свайго ўласнага, свайго пакалення, бацькоў, грамадства.

Эсэ – публіцыстычны эцюд, які трактуе літаратурныя, філасофскія, сацыяльныя праблемы ў адвольнай форме. Таксама эсэ можа выступаць як літаратурны эквівалент навуковай працы, якая ў такой форме, акрамя высокай тэарэтычнай каштоўнасці, набывае і каштоўнасць эстэтычную, здольна ўзбагачаць асобу не толькі інтэлектуальна, але і духоўна, маральна..У беларускай культуры існуе ўстойлівая эсэістычная традыцыя. Дастаткова прыгадаць гісторыка-літаратурна-гістарычны нарыс “Зямля пад белымі крыламі” Уладзіміра Караткевіча.

Здаецца, няма людзей, якія б не лічылі Караткевіча майстрам эсэ. Яго майстэрства ў гэтай галіне даўно вядома і даказана, Але кожны можа для сябе ў гэтым па-новаму ўпэўніцца.

Эсэ – празаічны твор неялікага аб’ёму, свабоднай кампазіцыі, для якога ўласцівы наступныя рысы: імкненне аўтара падзяліцца з чытачом сваімі суб’ектыўнымі ўражаннямі з нагоды якога – небудзь факта мастацкай ці пазамастацкай рэчаіснасці; адсутнасць прэтэнзій на вычарпальную характарыстыку разглядаемага факта. У беларускай культуры эсэ сустракаецца пераважна ў мастацкім стылі ў форме нарысаў, разваг, эцюдаў, замалёвак; у публіцыстычным стылі.

Калі ўзяць, напрыклад, эсэ Ўладзіміра Караткевіча “Віцебск – месца майстроў”. Суб’ектыўная каштоўнасць эсэ ў тым, што яно дазваляе аўтару “падзяліцца з людзьмі самім сабой”, але яна не выключае аб’ектыўнай, цесна з ёю звязана: пра адно і тое ж людзі могуць думаць па-рознаму. Ісціна, як прынята лічыць, недзе пасярэдзіне.

Гэта каштоўнасць поўнасцю адпавядае эсэ “Віцебск – месца майстроў, або наадварот: “Віцебск – месца майстроў” поўнасцю адпавядае суб’ектыўнай і аб’ектыўнай каштоўнасцям эсэ.

Пачынаецца эсэ словамі: “Пачнём з горада...[8,70] Заўважыць – не пачну, а пачнём. Ужо з самага пачатку прасочваецца адна з самых характэрных рыс дадзенага жанру: аўтар імкнецца быць бліжэй да чытача, “падзяліцца з ім самім сабой”. Пісьменнік адкрываецца поўнасцю, ён знішчае любыя перашкоды.

Крочым далей. Як ужо адзначалася вышэй, эсэ мае на ўвазе вобразнае бачанне рэчаіснасці. А Віцебск – гэта не вобраз? “Віцебск і зараз месца майстроў. У яго майстравітыя, спрытныя рукі. Гэтыя рукі робяць станкі, радыёдэталі, электравымяральныя прылады... Шмат разоў спалены, ушчэнт зруйнаваны ў апошнюю вайну... Але зірніце на яго зараз. Устаў з попелу як уся Беларусь.”[8,70] Ну ці можна сказаць такія словы пра звычайны горад? Здаецца, нельга. Гэты вобразны паказ, вобразнае ўспрыманне Віцебска подцвярджае майстэрства Ўладзіміра Караткевіча ў эсэістычным жанры.

Эсэ – празаічны твор невялікага аб’ёму. І зноў такі. Не Уладзімір Караткевіч падстройваўся пад гэту фармуліроўку, а літаратуразнаўцы вывелі яе , прасочваючы эсэ пісьменніка.

Для эсэ не характэрна нейтральная аўтарская пазіцыя. Асаблівасць дадзенага твора – актыўнасць аўтарскай пазіцыі, аўтарскія адносіны да рэчаіснасці. Гэта не аб’ектыўнае апавяданне пра тыя ці іншыя падзеі, а суб’ектыўнае, асабіста перажытае і таму эмацыянальна насычанае. А ці можна, прачытаўшы эсэ “Віцебск – месца майстроў”, застацца абыякавым. Наўрад ці. Аўтар прама і непасрэдна звяртаецца да чытача са сваімі думкамі, пачуццямі і ацэнкамі. Уладзімір Караткевіч паказвае горад не як населены пункт, а як жывую істоту, якая таксама можа радаваццаі сумаваць, працаваць і адпачываць, думаць, марыць, спадзявацца, верыць у светлую будучыню і старацца зрабіць усё, каб гэтуа будучыня наблізілася як мага хутчэй. Кожны чытач, нават калі ён родам не з Віцебска, будзе марыць аб тым, каб як мага хутчэй пазнаёміцца з горадам, пагутарыць з ім. І, канешна, будзе жыць надзеяй на тое, што і пра яго родныя мясціны будзе напісана што-небудзь падобнае.

Такому ўражанню спрыяе адкрытая форма караткевічскага “Я”, што таксама характэрна для эсэ.

Працягнем гутарку. Звернемся да “Брамы краіны”. Што гэта такое? Цікава. Адказ знойдзем адразу: “І вось Брэст. Брама краіны. Часам, на жаль, рэдка, у яе ўваходзілі нашы сябры, і тады іх сустракалі з беларускай гасціннасцю. Але найбольш ахвотнікаў было ўварвацца ў тую браму сілай.”[8,77] Адразу усё становіцца зразумела. Вядома, што многія эсэ вельмі блізкія да лірычнага верша, дзе непасрэдным прадметам мастацкага адлюстравання рэчаіснасці з’яўляюцца не толькі і не столькі факты аб’ектыўнай рэчаіснасці, колькі момант унутранага жыцця, перажыванні лірычнага героя, яго думкі і пачуцці. Як і лірычнаму твору, эсэ ўласціва, акрамя непасрэднасці зносін аўтара з чытачом, свабода кампазіцыі, імклівая змена матываў, шырыня асацыяцый. А амаль у кожным эсэ Уладзіміра Караткевіча прысутнічае элемент лірычнасці. Ну хто, акрамя лірыка, можа назваць Брэст “брамай краіны”? У дадзеным эсэ пісьменнік вядзе з чытачом гаворку ад імя сябе. Змест “Брамы краіны” грунтуецца на тым, што аўтар перажыў асабіста: пісаць пра рэчы і пачуцці, якія яшчэ невядомы і не адчуты, наўрад і канкрэтна, што і падцвярджае Ўладзімір Караткевіч. Экспазіцыяй дадзенага эсэ выступае апісанне канкрэтнай карціны, зрокава-дакладнае і эмацыянальна-жывапіснае. Пісьменнік настройвае чытача на адпаведную хвалю сваіх пачуццяў і думак. Прадметна-зрокавае апісанне змяняецца эмацыянальна-афарбаваным выкладам, “праекцыяй” душэўнага настрою аўтара. З “Брамы краіны” можна меркаваць аб адносінах Уладзіміра Караткевіча да горада Брэста. Услед за аўтарам чытач знаёміцца з горадам з караткевічскага боку. І ні ў каго не ўзнікне думкі аб іншых, адмоўных пачуццях да Брэста. Чытаючы эсэ кожны будзе прымаць позірк Уладзіміра Караткевіча.

Адметнасць эсэ як жанру, а разам з тым і эсэ Ўладзіміра Караткевіча, дапускае дынамічную змену асацыятыўных планаў апавядання, уключэння эпізодаў-рэмінісцэнцый (ад лацінскага-“успаміны, няясныя ўспаміны, а таксама з’ява, якая наводзіць на ўспаміны”), якія, аднак, здаючыся выпадковымі, звязваюцца ў апавяданні аўтарскімі разважаннямі, думкамі і пачуццямі, якімі ён непасрэдна дзеліцца з чытачом.

“У тое сваё падарожжа я выйшаў да Мухаўца 22 чэрвеня ў чатыры гадзіны раніцы. І хаця ійшоў 1969-ы, я ўспомніў 1946-ы Гераічную абронгу крэпасці... Брэсту ёсць чым ганарыцца... Успомнім хаця б вайну. Эпапея Брэсцкай крэпасці-героя ўсім добра вядома”[8,77]

Адно толькі слова, адзін толькі дзеяслоў – ўспомнім... А пад майстэрскім пяром Уладзіміра Караткевіча прымае зусім іншы сэнс і ўласцівасці. Гэта просіць, угаворвае, прымушае чытача ўспамінаць. А калі чытач нарадзіўся пасля вайны, то ён можа даставаць тое, чаго не бачыў? Аказваецца, можа: бачыць – не бачыў, а чытаў пра гэта, чуў ад іншых. Успаміны, мімаволі, падкідаюць чытачу кінастужкі на ваенную тэматыку, дакументальныя фільмы. І што самае цікавае – чытач здзіўляецца сам сабе. Ён ніколі, здаецца не бачыў гэтага не па тэлевізару, ні ў кінатэатры... Ці ўсёж такі глядзеў?.. І тут успамінаеш не толькі вайну, а, нават і самога сябе. А прымусіць чалавека да псіхалагічнай дзейнасці можа толькі вялікі майстар, вялікі псіхолаг. У нашым выпадку ў ролі такога выступае Уладзімір Караткевіч.

Звернемся да эсэ “Твой зорны шлях.” Ужо сама назва гаворыць пра зварот аўтара да чытача, пра дыялог. Дыялагічныя зносіны гуманныя, паколькі прадугледжваюць суб’ектыўную актыўнасць усіх удзельнікаў дыялога. Актыўнасць караткевічскай пазіцыі “непасрэдны зварот да чытача” – прыметы дыялагічнага эсэ. Эсэ, як адзначалася, “спосаб падзяліцца з людзьмі самім сабой” і гэты працэс выступае адным з напрамкаў самаразвіцця асобы чытача. Здаецца, ну які тут зварот:”Зорным часам аўстрыйскі пісьменнік Стэфан Цвейг назваў кульмінацыю, вышэйшы пункт кожнага чалавечага жыцця, тую вяршыню, вышэй за якую чалавек часам і не ўзнімецца.”[9,150] Ды адразу чытач адчувае, што наступнае звернута толькі да яго. “А можа, і мог бы ўзняцца, ды не ведае пра гэта. А павінен быў бы ведаць, павінен быў бы верыць у свае сілы, асабліва, калі ён чалавек малады. Бо маладыя больш за іншых жывуць запалам свайго маладога сэрца, сваёй душы, свайго сумлення...”[9,150] “У дадзеным творы Уладзіміра Караткевіча арыентацыя на ісціну робіцца “мяккім”, каштоўным арыенцірам, які выключае адзінкавасць і абсалютнасць ісціны. Гэта свайго роду экспертная дзейнасць, якая, у сваю чаргу, выступае як метад самапазнання і самапераўтварэння. Яна дае права на асобасна афарбаванае меркаванне, магчымасць разнастайнай рэалізацыі ісціны ў розных меркаваннях, рэалізацыя інтэлекту, усяго духоўнага і эмацыянальнага, суб’ектнага вопыту чытача. Аўтар сумесна з чытачом абмяркоўвае праблему, таму што дыялагічнасць заснавана на мностве сэнсаў.Адчуванне Караткевіча – на кожным: гэта і школьнік, і студэнт, і рабочы, і мараход, і вучоны, і паэт. Кожны адчувае стымуляванне пісьменніка да актыўнага жыцця.”[7,37]

Эсэ “Твой зорны шлях” з’яўляецца важным сродкам самаіндэфікацыі чытача, у прыватнвсці, этнакультурнай, а на яе аснове – нацыянальнай. Яно таксама ажыццяўляе дыялог культур. Рэалізацыя чытачом нормаў і каштоўнасцей нацыянальнай культуры з’яўляецца вынікам асэнсавання і ўсвядомленага засваення канцэптаў.

Культура па сутнасці сваёй, як і дадзенае эсэ, дыялагічна. Яна – форма існавання “чужой” свядомасці. Спасцігаючы глыбіні “чужой” свядомасці, караткевічскай свядомасці, чытач і сваю пазіцыю робіць глыбокай і аргументаванай. Гэты твор – перадумова рэальнага дыялога культур у свядомасці асобнага чытача – індывіда, які ажыццяўляецца праз дэманстрацыю ведаў аб сучасных рэаліях.

Звяртаючыся да фармуліроўкі эсэ, успамінаецца, што гэты жанр – эцюд, які трактуе літаратурныя, фідасофскія, сацыяльныя, ды, наогул, праблемы жыцця. Немагчыма, прачытаўшы дадзены эцюд, застацца абыякавым. Кожны задумаецца над сваім жыццём, над сэнсам жыцця. Асаблівае значэнне для дыялога з чытачом маюць наступныя радкі:

“Антуан дэ Сэнт – Экзюперы сказаў:

“Быць чалавекам – гэта адчуваць... што, кладучы сваю цагліну,і ты дапамагаеш будаваць свет.”[9,151]

І гэта трэба памятаць, як і тое, што твае цагліны не падыме больш ніхто. І, значыцца, ні табе, ні мне, нікому на зямлі нельга кінуць сваю справу, нельга пазабыцца адказнасці за яе”.

Наўрад ці хто будзе спрачацца аб тым, што нават гэтыя некалькі сказаў не нясуць вялікую псіхалагічную нагрузку, не закранаюць праблемы жыцця. Гэта з’яўляецца, нават, своеасаблівым стымулам для жыцця. Немагчыма не назваць Майстрам чалавека, напісаўшага гэтыя радкі. Прычым Майстрам – заўважыць – з вялікай літары.

Чым далей, тым больш. Працягваючы чытаць эсэ, кожны пачынае аналізаваць сваё жыццё, успамінаць усё да дэталей. І сама па сабе ўзнікае вера. Вера ў будучыню, вера ў заўтра. Мімаволі пачынаеш паважаць іншага, нават непрыемнага табе чалавека. “Таму што кожны чалавек – гэта таксама свет.”[9,151]

Фінал твора – своеасблівае акрэсліванне, падсумоўванне, абагульненне расказанага і перажытага аўтарам у форме выразнай лірыка-філасофскай думкі. Дзякуючы такой своеасблівай трансфармацыі ў аўтарскім мысленні чыста індывідуальныя, суб’ектыўныя адчуванні і развагі выступаюць як сродак далучэння да важных чалавечых спрадвечных ісцін і маральных кашўтонасцей.

“Дала першыя плады пасаджаная табою груша, расце харошым чалавекам твой сын, ты вырасціў на месцы коласа – два... Тысячы тысяч такіх спраў чакаюць любога. І на кожным шляху ( і не аднойчы ) чакае чалавека высакародная работа. І кожны шлях вянчаецца зорным часам. Тваім.

Толькі не прапусці. А каб не прапусціць, трэба гатоўнасць, маральная сіла, сумленне, звычайная людская чысціня.

Проста трэба быць дужа харошым чалавекам.”[9,152]

Уладзімір Караткевіч удакладняе для сябе праблему, акрэслівае яе рамкі з улікам адукацыйнага, сацыякультурнага, асобаснага вопыту. Гэта сведчыць пра самастойнасць мыслення. Тут жа, на прыкладзе Уладзіміра Караткевіча, чытач разумее, што эсэ – гэта спроба самастойнага вытлумачэння тэмы. Прычым, яе тлумачыць як пісьменнік, так і чытач, тлумачэнне якога можа не адпавядаць ідэалу і маральнаму абліччу аўтара.

Чытаючы “Балады каменя”, чытач унутрана спыняецца, вяртаецца да чагосці, нешта перажывае, пераасэнсоўвае наноў. Аўтар прапаноўвае разгледзець этыка-філасофскія праблемы. Яны, быццам і размытыя, а разам з тым і канкрэтна сфармуляваныя, бо звычку, жаданне і ўменне разважаць абагульнена трэба выпрацаваць. Аўтар мае на ўвазе і тое, што чытач заўсёды адштурхоўваецца ад канкрэтыкі. І ў гэтым эсэ кожны бачыць канкрэтныя знаёмыя назвы, што дапамагае ўступіць у дыялог. Незаўважна для чытача, аўтар засяроджвае яго ўвагу вакол яскравага, яркага ўражання, такім чынам выводзячы яго на сур’ёзны роздум пра сябе, пра людзей, пра жыццё.

“На маім стале замест прэс-пап’е ляжыць старажытная цагліна, падобная на скамянелы хлеб. Чорная, сітаватая, яна сям – там парасла сіваватым мохам. Яна ў дваццаць дзевяць разоў старэйшая за мяне. Ёй нешта каля тысячы год.”[9,141]

Здаецца, што ўвага пісьменніка скіравана на цагліну. Але гэта не так. Уладзімір Караткевіч не ставіць мэтай сістэматычнасць і паўнату раскрыцця тэмы пра цэглу, а піша аб цікавым для яго і чытача, адхіляецца на прыватныя развагі, фіксуе думкі нібыта мімаходзь, выпадкова. Асобная сувязь аўтара з тэкстам стварае пардумовы для фарміравання каштоўнасных адносін да прадметаў і з’яў рэчаіснасці.

“Я падабраў яе на старым дняпровым гарадзішчы, што пад Зборавам. Другіх вакол не было. Дождж вымыў з зямлі толькі яе ды яшчэ россып чарапкоў. У час, калі ў пакоі вечарэе, калі няма агню, а папяросны дым ціха плыве ў паветры, гэты ўломак часам спявае мне нешта ледзь чутнае і няўлоўнае.

На жаль, я ніколі не здолею спаймаць гэту музыку. Бо гэта ўсяго толькі цень, лісток са ссечанага дрэва, пялёстак кветкі, засушаны на памяць.”[9,141]

Кожны чытач адразу разумее, наколькі глыбока пранікае Уладзімір Караткевіч. Хто, як не сапраўдны майстра можа звязаць звычайную цэглу з чалавечымі развагамі аб сэнсе жыцця, аб тым сакравенным, што закранаць страшна.

Вядома, што жанру эсэ ўжо амаль пяцьсот гадоў, а ён па-ранейшаму застаецца жанрам без жанру. Таму пра эсэ заўсёды можна сказаць, што яно ёсць. Але чытачоў Уладзіміра Караткевіча гэта не датычыцца. Прачытаўшы нават адно якое – небудзь караткевічскае эсэ, разумееш усю прыроду гэтага жанру. Дзякуючы Уладзіміру Караткевічу, яго чытач разумее, што ў эсэ, як у адну ваду, немагчыма ўвайсці двойчы. Нельга двойчы ўвайсці ў эсэ яшчэ і таму, што яно з’яўляецца толькі тады, калі што – небудзь скончылася: вандроўка, каханне, сяброўства, тэма, праблема, ідэя... Але чытач Уладзіміра Караткевіча можа з гэтым спрачацца... Пра жаданні пісьменнік можа працягваць разважаць у сваім эсэ бясконца. Чытач таксама можа бясконца чытаць эсэ, прычым без усякага стамлення. Караткевічскія эсэ індывідуалізаваны. Фармальна жанравы канон адсутнічае. Пісьменнік сам стварае форму эсэ, арыентуючыся толькі на свае патрабаванні і патрабаванні чытача. Кожны разумее чаму ў яго няма нават дзвух падобных эсэ. Гэта тэкст, напісаны без фармальнай нагоды. Вось чаму пра кожнае яго эсэ без таго ж паэтычнага перабольшвання можна ўпэўнена сказаць, што яно магло быць не напісана. І, як ужо адзначалася вышэй, Уладзімір Караткевіч не можа напісаць дзвух падобных эсэ. Сапраўды, яно магло быць не напісана. Але не такі чалавек Уладзімір Караткевіч. Колькі мар, надзей, упэўненасці ён даў сваім творам беларускаму чытачу. Кожны, прачытаўшы эсэ, узрадаваўся. Кожны ўбачыў свае мары, думкі, позіркі на некалькіх старонках. І зразумеў... Зразумеў, што ён не адзінокі, што ў свеце ёсць яшчэ нехта, хто марыць і думае ідэнтычна. А, ведаючы гэта, намнога лягчэй жыць на свеце.

Дзякуючы Уладзіміру Караткевічу, магчыма выдзеліць у якасці канструктыўных элементаў эсэ як жанру наяўнасць мыслення хоць у якіх яго формах: уласнае мысленне, развага, роздум, здуменне, меркаванне...

Вывучаючы эсэ Уладзіміра Караткевіча, можна і самому напісаць твор гэтага жанра. Дзякуючы пісьменніку, можна вылучыць прыкладны алгарытм напісання эсэ:
  1. Фармуліроўка тэмы, пераканацца, што яна зразумелая;
  2. Вылучыць у тэме ключавое слова;
  3. Уявіць свайго субяседніка;
  4. Калі апісанне аб’екта патрабуе спецыяльных тэрмінаў, актуалізаваць для сябе іх сэнс і правапіс;
  5. Калі тэма сфармулявана як незакончаны сказ, вызначыць асноўны напрамак разважанняў;
  6. Засяродзіцца на першапачатковых уражаннях, адчуваннях, асацыяцыях, якія выклікае тэма эсэ;
  7. Сфармуляваць для сябе, што можна сказаць па дадзенай тэме;
  8. Важны элемент эсэ – вашы адносіны да праблемы. Яны ўключаюць і вашу ацэнку, і яе абгрунтаванне;
  9. Высновы ў эсэ вынікаюць з фактаў або папярэднічаюць ім;

10)Выкарыстоўваць арыгінальныя прыклады. Важкасць прыкладаў надае абгрунтаванасць вашым ацэнкам;

11)Зрабіць пададзеную інфармацыю зрокава-нагляднай. Папрактыкавацца ў падборы сродкаў мастацкай выразнасці ( эпітэтаў, параўнанняў, метафар і г.д. )

12)У працэсе напісання эсэ могуць узнікнуць новыя ідэі. Не адкідаць іх, а запісваць адразу ж па ўзнікненні: самы горшы аловак лепш за самую добрую памяць.

13)Па заканчэнні працы патрабавальна прачытаць эсэ. Знайсці магчымасць удасканаліць яго. Памятаць, што думка і яе выражэнне павінны ўяўляць адзінства;

14)Важкасць зместу і арыгіндльнасць формы вызначаць вартасць вашага эсэ;

15)Не забараняецца паслядоўна кіравацца прынцыпам: ” Слову цесна – думцы прасторна”.

Самастойна адразу цяжка напісаць твор такога жанру. Але вядома, што добры настаўнік дапаможа ў гэтым. У дадзеным выпадку дапамагае Уладзімір Караткевіч. А, як вядома, сапраўдны настаўнік – ёсць майстар. І зноў, зноў можна ўпэўніцца ў тым, што Уладзімір Караткевіч сапраўдны майстар эсэістычнага жанру.

Многа хто з чытачоў вядзе ўласны дзённік, у які запісвае ўласныя думкі, мары, пачуцці. А, прачытаўшы караткевічскае эсэ, упэўніцца, зыходзячы з алгарытма, што сам можа напісаць падобны твор. І хто знае, колькі пісьменнікаў – эсэістаў стане вядомымі дзякуючы Уладзіміру Караткевічу, таму што, сапастаўляючы алгарытм напісання эсэ і твор пісьменніка, становіцца ўсё адразу ж зразумела. Пісаць пра гэта не абавязкова, бо кожны, хто сапраўды зацікаўлены ў гэтым, упэўніцца ў правільнасці выказанага вельмі хутка, проста і беспаваротна. І лепшага кіраўніка, чым Уладзімір Караткевіч, не знойдзеш.

На тэму “ Эсэістычнае майстэрства Уладзіміра Караткевіча “ можна разважаць бясконца. Але навошта гэта рабіць, калі ўжо і з гэтага напісанага бачна, што Уладзімір Караткевіч сапраўдны майстар эсэ.


Спіс выкарыстанай літаратуры:

1)Караткевіч У. Зямля пад белымі крыламі. Нарыс. Мінск: Маст.літ., – 1977.

2)Караткевіч У. Збор твораў: У 8 тамах. Т.8. Кн.2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. – Мінск: Маст.літ., - 1991.

3)Цікоцкі М.Я. Стылістыка тэксту: вучэб. дапам. для студ. выш.навуч.устаноў філал.профілю. – Мінск: Бел.навука, 2002. – 223с.

4)Караткевіч У.Быў. Ёсць. Буду! : успаміны, інтэрв’ю, эсэ/ уклад Г. Шабліннскай. – Мінск : Маст.літ., 2005. – 518с.

5)Мальдзіс А. Звястун абнаўлення : Старонкі кнігі – эсэ пра У.Караткевіча.//Маладосць. – 1989 № 9, 10.

6)Эрме Г. Культура і дэмакратыя. – Мінск: Беларусь/ ЮНЕСКА, 1995. – 143с.

7)Белая А.І. Методыка напісання эсэ //Беларуская мова і літаратура.-2006 №1.-с 34-44

8)Караткевіч У. Зямля пад белымі крыламі.- Мінск :

Маст. літ.,1977

9)Караткевіч У. Збор твораў : у 8 тамах. Т.8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. – Мінск : Маст. літ.,1191


УА “Мазырскі дзяржаўны педагагічны універсітэт”


Кафедры беларускай літаратуры.


Кантрольная работа


Тэма: Эсэістычнае майстэрства

Уладзіміра Караткевіча.


Падрыхтавала

Студэнтка 4к.3гр.

Філалагічнага ф - та

Завочнага аддзялення

Халімончык Н.А.


Мазыр 2006