Дзяржаўная ўстанова адукацыі,,Грынкаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад сярэдняя агульнаадукацыйная школа”
Вид материала | Документы |
Содержание8.Творчая праца. 2.4. Пазакласная дзейнасць Этнаграфічны турнір Першы тур. Другі тур. Трэці тур. Чацвёрты тур. Шосты тур. 2.5 . Час зносін Беларусь – краіна маёй будчыні |
- Т. М. Санько Развіццё лагічнага мыслення, 289.6kb.
- Аддел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Дзяржаўная установа адукацыі, 540.16kb.
- Да творчых работ па беларусквай мове ў пачатковай школе адносяцца пераказы І сачыненні,, 80.01kb.
- Установа адукацыі “Гуркаўская дзяржаўная агульнаадукацыйная базавая школа Шаркаўшчынскага, 373.8kb.
- Агульныя палажэнні, 503.73kb.
- Ва ў школьнай адукацыі традыцыйна разглядаецца як сістэма знакаў, аперыруючы якімі, 112.79kb.
- План работы дзяржаўнай установы адукацыі "ханявіцкая сярэдняя школа" на 2011-2012 навучальны, 1690.4kb.
- Аддзел адукацыі Нясвіжскага райвыканкама Дзяржаўная ўстанова адукацыі, 218.78kb.
- Аддзел адукацыі Дзяржынскага райвыканкама Дзяржаўная установа адукаціі, 573.28kb.
- Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №15 "Аб некаторых пытаннях агульнай сярэдняй, 1406.66kb.
8.Творчая праца.
- Скласці невялікі тэкст (5-6 сказаў) на тэму ,,Людзі зямлі беларускай”, выкарыстоўваючы складаназалежныя сказы з адной даданай часткай.
(Праверка выканання задання).
9. Рэфлексія.
Адказаць на пытанне:
-Што для сябе асабіста кожны вынес з гэтага занятка?
Закончыць словамі У. Караткевіча
Памяць! Памяць! Малю! Малю!!!
Аднаві мне маю зямлю.
Ад мяжы, над якой месяц дрыжыць,
Да мяжы ў заходняй крыві,
Ад сіняй мяжы да барвянай мяжы
Аднаві мой край! Аднаві!!!
2.4. Пазакласная дзейнасць
Пазакласная праца па беларускай мове і літаратуры з’яўляецца састаўной вучэбна-выхаваўчага працэсу ў школе. Яна служыць агульным мэтам навучання і выхавання вучняў. У наш час, калі грамадства ўсвядоміла неабходнасць асэнсаваць свае вытокі, вярнуцца да нацыянальных традыцый, урокі па мове і літаратуры не могуць поўнасцю задаволіць патрэбу ў спасціжэнні роднага слова, культуры.
Пазакласная праца па мове і літаратуры ставіць за мэту:
*падтрымліваць цікавасць да беларускай мовы і літаратуры як да вучэбных прадметаў і як да духоўнага здабытку народа;
*фарміраваць нацыянальную свядомую асобу, яе менталітэт;
*развіваць моўную культуру, пашыраць агульны і лінгвістычны кругагляд вучняў;
*развіваць творчыя здольнасці школьнікаў.
Этнаграфічны турнір
(7-9 класы)
Вядучая: Зямля Беларусі! Бары і дубровы,
Жытнёвае поле, шаўковы мурог,
У промнях рабіны заход вечаровы,
Што клёкат буслоў – ручаёў перамовы
І ў шумных прысадах істужкі дарог.
Зямля Беларусі! Вачамі азёраў
Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс,
Начамі, што яблыкі, падаюць зоры,
Знікаюць па водах, па чорных разорах,
Па травах, абсыпаных кроплямі рос.
Былога быліны, старога паданні
Плывуць, як аблітыя сонцам чаўны,
Па краю зялёным, прасторах бяскрайніх
Ад Нёмна да Сожа, ад Буга да Гайны,
Па хвалях Дняпра і шырокай Дзвіны.
Бацькоў нашых слава на іх узбярэжжах,
Гамоняць пра гэта бары-байкары,
Гамоняць пра гэта і Полацка вежы,
І Турава сцены, і шум Белавежы,
І роднага Мінска сівыя муры.
П. Броўка. Беларусь.
Шырока раскінуліся абсягі беларускай зямлі. Тэрыторыя нашай краіны – каля 208 тысяч квадратных кіламетраў. Беларускі край славіцца гарадамі і вёскамі, рэкамі і азёрамі, багатымі і прыгожымі лясамі, лугамі і палеткамі. Але галоўнае багацце любой краіны – яе людзі, якія жывуць тут, ствараюць матэрыяльныя і духоўныя багацці, зберагаюць іх, каб перадаць нашчадкам. Таму тэма нашага сённяшняга этнаграфічнага турніра – Беларусь і беларусы.
Першы тур. Размінка.
У мяшэчку запіскі з нумарамі пытанняў, удзельнікі каманд па чарзе іх дастаюць і называюць нумар. Вядучы гульні зачытвае пытанне пад дадзеным нумарам. На абмеркаванне даецца 1 хвіліна. За правільны адказ – 1 бал.
Пытанні:
1.Як называўся вядомы з XVI ст. лялечны тэатр на Беларусі ? ( Батлейка )
2.Назавіце народнага ўмельца, які зрабіў славуты крыж Еўфрасінні Полацкай . (Лазар Богша )
3. Што дало падставы Уладзіміру Караткевічу назваць нашу Беларусь ,,зямлёю пад белымі крыламі”? (На Беларусі шмат буслоў)
4. Якое возера ў Беларусі называюць беларускім морам? (Нарач)
5.Назавіце ўсе імёны дачкі Рагвалода Рагнеды, растлумачце іх паходжанне. ( Гарыслава – даў муж Уладзімір у памяць аб знішчэнні Полацка, Анастасія – далі ў манастыры )
6.Якою была мянушка князя Усяслава Брачыслававіча? Чаму?(Чарадзей )
7.Назавіце імя першай беларускай жанчыны, прызначанай царквой да
ліку святых. ( Еўфрасіння Полацкая )
8. Якія існуюць меркаванні, чаму наш край завецца Белай Руссю?
9. Як называецца беларускае свята, якое ўшаноўвае ўсіх памерлых продкаў. (Дзяды)
Вядучая: Любоў да Радзімы мае перадумовай веданне мінулага свайго народа – яго перамог і паражэнняў, здабыткаў і страт, яго герояў, мысліцеляў, вялікіх майстроў.
Нам продкаў кемнасць захавала
Шмат весцяў дзіўных з быўшых год,
Хоць гэтых весцяў ўжо нямала
Ў няпамяць кінуў нам народ.
Усё ж яшчэ штось засталося
Унукам з прадзедаў жыцця…
Няхай жа гэтыя калоссі
Мінуць скаранне небыцця!
Янка Купала. Урывак з паэмы ,,Магіла льва”.
Другі тур. Гістарычны.
Каманды запісваюць адказы на лістках ,,адным сказам”. За кожны правільны варыянт – 2 балы.
1. ,,Магнацкі капрыз”.Усе вы чулі пра род беларускіх магнатаў Радзівілаў. Гэта былі вельмі магутныя ўладары. Як і ва ўсіх багатых і магутных, у іх былі свае дзівацтвы. Аднаму з іх аднойчы захацелася праехацца на санях. Але на дварэ стаяла лета. Што зрабіў гэты багаты чалавек, каб задаволіць сваю прыхамасць?
(Засыпаў дарогу соллю. На той час гэта было вельмі дарагой забавай,
бо соль каштавала многа грошай.)
2. ,,Княскае выратаванне”. Аднойчы Ягайла зняволіў Вітаўта ў Крэўскім замку і загадаў моцна сцерагчы. Аднак Вітаўт уцёк. Яму дапамагла яго жонка Ганна, якая кожны вечар з прыслугай прыходзіла да мужа. Якім чынам Вітаўту ўдалося збегчы з палону?
(Вітаўт пераапрануўся ў адзенне прыслугі, а тая засталася замест яго ў крэпасці.)
3. ,,Помста”. Тысячу гадоў таму здарылася падзея, якую палічылі неабходным занатаваць летапісцы: полацкая князёўна Рагнеда зрабіла замах на жыццё свайго мужа, вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча. Наколькі вядома, нічога падобнага ў гісторыі ўсходніх славян больш не здаралася. За забойства мужа, нават за няўдалы замах, па законах веку князёўну абавязкова чакала смерць. Князь Уладзімір адпомсціў сваёй мяцежнай жонцы пакараннем, мабыць, больш страшным, чым смяротны ўдар мяча. Якім было пакаранне?
( Рагнеда мела ад Уладзіміра трох сыноў і двух дачок. Праз некалькі дзён пасля замаху Рагнедзе абвясцілі, што яна больш ніколі не ўбачыць сваіх дзетак, апроч Ізяслава, разам з якім ссылаецца на жыхарства ў глухмень да вытокаў Свіслачы.)
Вядучая: Народ мой, дзякуй, што нідзе
Мяне балюча не ўпікнулі
За твой далёкі век мінулы,
За сённяшні твой сіні дзень.
Г. Бураўкін. Народ мой…
Многія пісьменнікі і паэты часта ў сваёй творчасці звярталіся і звяртаюцца да нашай мінуўшчыны, да народнай спадчыны. Хто яны?
Трэці тур. ,,У каралеўстве крывых люстэркаў”.
У Каралеўства крывых люстэркаў трапілі літаратурныя прозвішчы і імёны некаторых пісьменнікаў і паэтаў. Як вядома, у гэтым каралеўстве ўсё рабілася наадварот, а тут яшчэ і літары пераблыталіся. За тры хвіліны трэба даць адказ на пытанне: ,,Хто трапіў у Каралеўства?” За правільны адказ – 1 бал.
Міксам Човінбагда - Максім Багдановіч
Кіртомз Ядлубя - Змітрок Бядуля
Бяку Солак - Якуб Колас
Рімузділа Чівактерак - Уладзімір Караткевіч
Ксімам Нкат - Максім Танк
Акян Пулака - Янка Купала
Сіваль Кабыў - Васіль Быкаў
Вядучая: Беларусы заўсёды адзначаліся працавітасцю, калі пачыналі рабіць любую справу, то абавязкава рабілі яе дасканала. Прывучалі да працы дзяцей. І так было заўсёды.
Дзяцей бацькі вучылі строга
Любіць саху, пчалу, зямлю
І аднаму маліцца богу –
Нялёгкай працы мазалю.
Е. Лось. Продкі.
Сёння мы пагуляем з вамі ў гульню ,,Работнікі”, якая вядома з пачатку XX ст. У яе ў свой час гулялі сялянскія дзеці, якія паўтаралі тое, што бачылі ў жыцці.
Чацвёрты тур. ,,Работнікі”.
Неабходна хутка і дакладна даць адказ на пытанне. Каманды адказваюць па чарзе. За правільны варыянт адказу – 1 бал.
Мы ўмелыя работнікі, аратыя і плотнікі, сена касілі, будавалі дом, што рабілі… тапаром? - …рубілі.
Далей па ўзору:
Мы ўмелыя работнікі, аратыя і плотнікі, сена касілі, будавалі дом, што рабілі…
нажом для рэзкі торфу - …(рэзалі);
цапамі - … (малацілі);
касой - … (касілі);
лазой - … (плялі лапці);
рубанкам - … (стругалі);
рагачом - … (пераварочвалі сена);
драўлянай сахой - … (акучвалі бульбу);
бараной - … (баранавалі поле);
плугам - … (аралі).
Вядучая: А вы ведаеце, што беларусы, папрацаваўшы шчыра і старанна, любілі і смачна паесці? Ды і цяпер любяць. Бульба, як вядома, у беларусаў лічыцца другім хлебам. У. Караткевіч у нарысе ,,Зямля пад белымі крыламі” сцвярджае, што беларусы ведаюць многа страў з бульбы, і ўказвае прыблізную колькасць.
- Якая ж лічба называецца беларускім пісьменнікам? (Тысяча.)
Але не адной толькі бульбай быў сыты беларус. Ды і не любіў есці ў самоце. Ні для каго не сакрэт, што больш гасціннага чалавека цяжка знайсці ў свеце.
Трапіць госць у будзень, а ці ў свята:
- Калі ласка, калі ласка ў хату!
Не паспелі сесці пры сустрэчы,
Як патэльня засквірчэла ў печы,
Ды і чарка бліснула дарэчы.
Бульба, смажаніна і каўбаска,
Пакаштуйце, людцы, калі ласка!
П. Броўка. Калі ласка.
Пяты тур. ,,Смачны”.
У вас на картках запісаны назвы беларускіх народных страў і словы “самазванцы”.
Жур, магерка, поліўка, мачанка, конаўка, верашчака, брында, хрусты, панёва, глазуха, мянташка, локшыны, ламанцы, мачыльня, наліснікі, абліваха, панцак, калдуны, жырандоль, капытка, жлукта, узвар, збінец, гэбель. (Вылучаныя — не стравы)
Вядучая: Песня. Непаўторная і незабыўная беларуская народная песня.
Калі марнею ад нягод
І сэрцу цесна,
Я ўспамінаю родавод
І продкаў песні.
А. Пісьмянкоў. Продкі
Шосты тур. ,, Песенна - творчы”.
Дапісаць прыпеўкі па дадзеных пачатках. За выкананне задання – 2 балы.
- Мне не трэба пуд мукі,
Мне не трэба сіта…
(Мяне мілы пацалуе –
Цэлы тыдзень сыта.)
- Што за я, што за я,
Што за маладзіца…
(Шыла міламу штаны –
Выйшла рукавіца.)
- А ў майго мілёначка
Худа кабылёначка…
(Не даехаў да гары:
Кабылу з’елі камары.)
Вядучая: Вось і скончыўся наш турнір. Падвядзем яго вынікі.
Калі беларус хоча ўсвядоміць сябе беларусам, ён рана ці позна звяртаецца да гісторыі, да культуры свайго народа. Кожны чалавек павінен ведаць, дзе яго карані, адкуль ён родам, як жылі яго дзяды і прадзеды, як і чым сустракалі гасцей, якія мелі звычаі і традыцыі.
,, На Беларусі Бог жыве “, -
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса ў траве
І адвечны зор карагод.
Тую праўду сцвярджае
Упартасць хваль, і продкаў запавет,
І мовы залатая сталь, і нашых дум сусвет.
У. Караткевіч. ,,На Беларусі Бог жыве”.
2.5 . Час зносін Беларусь – краіна маёй будчыні
На дошцы запісаны выказванні вядомых людзей:
Жыві, шукай, усё рабі як след,
Каб на Радзіме твой свяціўся след. Сяргей Грахоўскі
,,Сапраўдная каштоўнасць у адносінах да будучага заключаецца
ў тым, каб усё аддаваць сучаснаму”. Альбер Камю
Настаўнік: Беларусь… Радзіма… Бацькаўшчына…
… Гэта рэчка, сцежачка лясная,
гэта ў лузе залатая пчолка,
а ў вачах тваіх – вясёлка.
Бацькаўшчына – гэта дом твой, школа,
гэта песні, што звіняць наўкола. А. Касцецкі
Сёння наш першы ўрок, як ужо стала традыцыяй: кожны год першы ўрок у новым навучальным годзе, прысвечаны нашай Радзіме. У гэтым годзе яго назва гучыць так: ,,Беларусь – краіна маёй будучыні”. Менавіта пра будучае нашай краіны, пра ваша будучае мы будзем разважаць на сённяшнім уроку. Таму хутчэй ён будзе нагадваць не ўрок, а час нашых з вамі зносін. Аднак у пачатку нашага занятка мы звернемся
да мінулага.
- Як вы лічыце, чаму?
Любоў да Радзімы мае перадумовай веданне мінулага свайго народа – яго перамог і паражэнняў, здабыткаў і страт, яго герояў, мысліцеляў, вялікіх майстроў, помнікаў духоўнай і матэрыяльнай культуры. Цікавасць да даўніны мае духоўны характар, яна караніцца ў сутнасці чалавека, жыццё якога вельмі кароткае, але чый розум жадае агарнуць неахопны час, зазірае ў будучыню і пранікае ў мінулае.
У народзе кажуць, што чалавек, які не ведае свайго мінулага, не мае права на будучае. Толькі дрэва з моцнымі каранямі можа і будзе жыць доўга.
Гісторыя – гэта і ёсць нашы карані…
Зараз давайце разам упэўнімся ў тым, што мы добра ведаем гісторыю сваёй краіны, імёны людзей, якія яе праславілі і якімі мы ганарымся па праву.
- Якія падзеі, што адбываліся на тэрыторыі нашай краіны, вам запомніліся і чаму?
(Утварэнне ВКЛ- каля 1240 г. – ас. Міндоўг, Ягайла, Вітаўт; Грунвальдская бітва (супраць Ордэна крыжаносцаў)– 15 ліпеня 1410 г.: пасля яе на працягу пяці стагоддзяў, да 1914 года, на землі Беларусі і Літвы не ступаў узброены немец, пасля гэтай бітвы з Польшчай і ВКЛ мусіла лічыцца Еўропа – ас. Вітаўт, Ягайла; паўстанне 1863-1864гг.- ас.Кастусь Каліноўскі, Валерый Урублеўскі, Рамуальд Траўгут і інш.; ВАВ; набыццё незалежнасці ў 1991 г. і інш.).
- Назавіце імёны тых, хто, на вашу думку, сваёй дзейнасцю садзейнічаў праслаўленню, развіццю Беларусі.
(Вітаўт – пры ім ВКЛ дасягнула росквіту, развівалася бел.мова; Мікола Гусоўскі – аўтар ,, Песні пра зубра”; Скарына – першадрукар, у Празе надрукаваў першую кнігу на беларускай мове; Сымон Будны; Сімяон
Полацкі; Еўфрасіння Полацкая – асветніца, мецэнатка, першая беларуская святая; Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч і інш. пісьменнікі; Мінай Філіповіч Шмыроў (Бацька Мінай) – кіраўнік партызанскага атрада, Герой Савецкага Саюза; Марат Казей – юны партызан, Герой Савецкага Саюза; Пётар Міронавіч Машэраў – партыйны і дзяржаўны дзеяч Беларусі, арганізатар і кіраўнік патрыятычнага падполля і партызанскага руху на Беларусі ў час ВАВ, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы, пасля вайны – з 1965 г. першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі; Пётар Клімчук – лётчык-касманаўт, двойчы герой Савецкага Саюза; Уладзімір Кавалёнак – лётчык-касманаўт, двойчы герой Савецкага Саюза і іншыя).
Вучань 1:
Зямля Беларусі! Бары і дубровы,
Жытнёвае поле, шаўковы мурог,
У промнях рабіны заход вечаровы,
Што клёкат буслоў – ручаёў перамовы
І ў шумных прысадах істужкі дарог.
Зямля Беларусі! Вачамі азёраў
Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс,
Начамі, што яблыкі, падаюць зоры,
Знікаюць па водах, па чорных разорах,
Па травах, абсыпаных кроплямі рос.
Былога быліны, старога паданні
Плывуць, як аблітыя сонцам чаўны,
Па краю зялёным, прасторах бяскрайніх
Ад Нёмна да Сожа, ад Буга да Гайны,
Па хвалях Дняпра і шырокай Дзвіны.
Вучань 2:
Бацькоў нашых слава на іх узбярэжжах,
Гамоняць пра гэта бары-байкары,
Гамоняць пра гэта і Полацка вежы,
І Турава сцены, і шум Белавежы,
І роднага Мінска сівыя муры…
Зямля Беларусі, зялёныя долы!
З крыніц тваіх чыстых пад шумнай вярбой
Зачэрпнулі думы Купала і Колас,
На кожнай сцяжынцы іх песня і голас
З тваёю журбою і ўцехай тваёй.
…Зямля Беларусі! Ты ў гранях-вяснянках,
Ты ў звоне вясёлак, ты ў гуслях вятроў;
Ты песня сама ад крыніц да заранкі,
Ад зорак паўночных да сіняга ранку,
Ты наша паэма з бурштынавых слоў!
Пятрусь Броўка
Настаўнік: Час не стаіць на месцы, вось вы ўжо ў 11-м класе. Гэты год для вас будзе апошнім годам вашага дзяцінства. Зусім хутка вас назавуць выпускнікамі і вы пойдзеце ў дарослае жыццё, якое адрозніваецца ад свету дзяцінства. І перш за ўсё – вашай поўнай і свядомай адказнасцю за кожны зроблены крок.
Жыццё не дзіцячая забава, дзе, раскідаўшы цацкі, заўсёды ўсё можна пачаць спачатку. Ні адно яго імгненне, на жаль, нельга вярнуць, пражыць па-новаму. Хаця часам так хочацца…
У гэтым новым, дарослым жыцці вы будзеце адказваць не толькі за сябе. У вашых руках будучае ўсяго нашага грамадства.
Я ўпэўнена, што кожны з вас не раз марыў пра тое, якое будучае ў яго наперадзе, уяўляў яго па-свойму. Спадзяюся, што вы ўсе бачыце сваё будучае на Радзіме. ,, Нашы мэты высакародны. Нашы перспектывы ясныя і зразумелыя. І я ўпэўнены, што кожны грамадзянін нашай краіны, увесь беларускі народ будзе працаваць так, каб кожны з нас мог сказаць: я люблю сваю сям’ю, я ганаруся сваёй Радзімай, і я шчаслівы, што жыву і буду жыць і працаваць у Беларусі!”- гэтыя словы належаць А. Р.
Лукашэнка, прэзідэнту нашай краіны.
- Якім жа ўяўляеце будучае Беларусі і сваё будучае вы, сённяшнія яшчэ школьнікі, але ў хуткім часе выпускнікі школы?
Будучае Беларусі Маё будучае
(Першая прапаную варыянты: будучае Беларусі – незалежнасць, маё будучае – мае дзеці. Коратка патлумачу свой выбар. ,, Незалежнасць – гэта найвышэйшая мэта, да якой ідуць народы, той кумір, якому ў ахвяру аддаюць яны сваіх лепшых сыноў”, - словы Аркадзя Смоліча,беларускага вучонага і грамадскага дзеяча. Вучні па чарзе прапануюць свае варыянты і тлумачаць свой выбар).
Настаўнік: - Як вы лічыце, ці ёсць сувязь паміж вашым будучым і будучым Беларусі? Калі ёсць, то якая? (Выказванні вучняў).
Вучань 3:
Калі імглістае крыло
Нахіліць цемра над табою,
Ты не здавайся ёй без бою
І ведай: вернецца святло.
У мужнасці, у барацьбе
З душой заручаны навекі
Зямлі тваёй палі і рэкі
І вечнасці імклівы бег.
Ты верыш – значыцца жывеш,
Табе стае натхнення, сілы,
Пакуль з табой навечна мілы
Край, што Радзімаю завеш.
Н. Гальпяровіч
Настаўнік: ,,Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш”, - казаў Якуб Колас. У нашай дзяржаве маладому чалавеку створаны ўмовы найлепшым чынам выкарыстаць свой розум і энергію на набыццё неабходных ведаў, навыкаў і ўменняў, каб дастойна ўвайсці ў самастойнае жыццё. Гэта замацавана ў Канстытуцыі РБ : ,,Кожны мае права на адукацыю”.
10 год вучобы ў школе садзейнічалі таму, што вы ўжо набылі пэўны запас ведаў, уменняў і навыкаў. Уявім , што вам ужо зараз выпала магчымасць унесці свае прапановы ў далейшае развіццё нашай краіны. Падумайце некалькі хвілін над тым, што б вы хацелі змяніць або ўбачыць у будучым у Беларусі. Вашы прапановы палітыкам, эколагам, міністрам і проста працоўным. Выбар за вамі.
Работа ў парах ( да 5-ці хвілін). Выказванні вучняў.
Настаўнік:
З’яднаны вераю адзінай,
Мы крочым да жаданых мэт:
Мы ў светлы верым лёс Радзімы,
У продкаў мудры запавет.
(Вучаніца класа зачытвае сваё сачыненне на тэму ,,Беларусь – краіна маёй будучыні”).
Настаўнік: У любой дзяржаве старэйшае пакаленне стараецца максімальна ўдзельнічаць у выхаванні і станаўленні моладзі, яе ідэалаў, каштоўнасных арыенціраў, маральных, агульначалавечых і грамадзянскіх якасцяў кожнага юнака і кожнай дзяўчыны. Задача – не проста перадаць маладому пакаленню ўсю багацейшую гістарычную і культурную спадчыну, але і навучыць яго быць шчаслівым і рабіць усё магчымае для шчасця сваёй Радзімы, сваёй Зямлі.
Ты шчодры будзь! Хтось не забудзе
І ўспамяне цябе калісь.
Ты не шкадуй нічога людзям,
Калі што людзям на карысць.
Будучае ў вашых руках! Толькі вы павінны самі пабудаваць свой ,,дом” у шырокім сэнсе слова. І будзе гэты замак з пяску або сучасная, надзейная пабудова з якаснага матэрыялу – залежыць ад кожнага з вас. Толькі помніце: вы ў адказе за нашу Радзіму – Беларусь, за яе непаўторную прыгажосць, за багацейшую спадчыну, за экалагічны і эканамічны дабрабыт, за яе шчасце!
Любіце травы, дрэвы, рэкі,
Прастор палёў, блакіт нябёс,
Цаніце Працу, Чалавека –
І Бог вам дасць спагадны лёс.
А каб цанілі вас у свеце, -
,,Я лепшых слоў не падбяру”,
-Шануйце дрэвы на планеце –
Святую нашу Беларусь.
І мову Коласа, Купалы
Вы беражыце з роду ў род,
Каб наша воля не прапала,
Каб не загінуў наш народ. А. Ставер