Дзяржаўная ўстанова адукацыі,,Грынкаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад сярэдняя агульнаадукацыйная школа”
Вид материала | Документы |
- Т. М. Санько Развіццё лагічнага мыслення, 289.6kb.
- Аддел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Дзяржаўная установа адукацыі, 540.16kb.
- Да творчых работ па беларусквай мове ў пачатковай школе адносяцца пераказы І сачыненні,, 80.01kb.
- Установа адукацыі “Гуркаўская дзяржаўная агульнаадукацыйная базавая школа Шаркаўшчынскага, 373.8kb.
- Агульныя палажэнні, 503.73kb.
- Ва ў школьнай адукацыі традыцыйна разглядаецца як сістэма знакаў, аперыруючы якімі, 112.79kb.
- План работы дзяржаўнай установы адукацыі "ханявіцкая сярэдняя школа" на 2011-2012 навучальны, 1690.4kb.
- Аддзел адукацыі Нясвіжскага райвыканкама Дзяржаўная ўстанова адукацыі, 218.78kb.
- Аддзел адукацыі Дзяржынскага райвыканкама Дзяржаўная установа адукаціі, 573.28kb.
- Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №15 "Аб некаторых пытаннях агульнай сярэдняй, 1406.66kb.
2.2. План-канспект урока беларускай літаратуры ў 9 класе
Тэма. Жыццё і творчы шлях Францішка Багушэвіча. Разважанне паэта пра месца паэта і паэзіі ў жыцці народа ў вершы ,,Мая дудка”
Мэты і задачы ўрока: дапамагчы асэнсаваць складанасць гістарычных умоў, у якіх ішло станаўленне творчасці Ф. Багушэвіча; развіваць аналітычнае мысленне вучняў, уменне супастаўляць і рабіць высновы; на прыкладзе жыцця і творчасці пісьменніка ствараць умовы для выхавання грамадзянскай пазіцыі.
Абсталяванне: мульцімедыйная прэзентацыя, выстава кніг Ф. Багушэвіча
Ход урока
- Індукцыя.
Зачытаць эпіграф да ўрока.
Эпіграф: Шчаслівы той, хто знайшоў сваю справу;
няхай ён не шукае іншага шчасця.
У яго ёсць справа і мэта жыцця.
Карлейль
-Растлумачце сэнс дадзенага выказвання.
2. Праца па тэме ўрока.
- Паслухайце наступныя выказванні вядомых беларускіх пісьменнікаў.
,,Памяць памершага шаную глыбока і вестку аб яго смерці прыняла з сардэчнай слязой. Быў ён адным з высакароднейшых людзей, якія служылі нашай зямлі, а для мяне асабіста – адным з вельмі нямногіх сяброў. Успаміны аб ім для мяне вельмі дарагія і сумныя”. Элаіза Ажэшка.
,,Па духу, па спосабу думання, па ідэалогіі ўся наогул паэзія вельмі нацыянальная, так што ён – наш першы нацыянальны паэт у поўным сэнсе гэтага слова”. Максім Гарэцкі.
- Гэтыя словы сказаны пра беларускага паэта канца XIX стагоддзя, рэвалюцыянера-дэмакрата Францішка Багушэвіча.
Паказваецца партрэт паэта.
- Сучаснікі паэта, якія яго добра ведалі, падкрэслівалі дзейсную дабрыню, чалавечнасць, шчырасць, мужнасць гэтага чалавека. Ва ўсіх яго справах выяўляліся вялікая павага і любоў да чалавека-працаўніка, клопат аб шчасці роднага краю.
- Тэма нашага ўрока сёння ,,Жыццё і творчы шлях Францішка Багушэвіча.Разважанне паэта пра месца паэта і паэзіі ў жыцці народа ў вершы ,,Мая дудка”.
- Сёння на ўроку мы з вамі:
1. Пазнаёмімся з жыццём і дзейнасцю Францішка Багушэвіча;
2. Вызначым асаблівасці творчасці Францішка Багушэвіча – пачынальніка крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, яго паэтычнае крэда;
3. Зробім аналіз верша паэта ,,Мая дудка”, вызначым пафас твора і яго мастацкую своеасаблівасць.
3. Сацыяканструкцыя.
- Работа на ўроку будзе арганізавана ў трох групах: група ,,Гісторыкі”, група ,,Біёграфы”, група ,,Літаратары”.
- Францішак Багушэвіч пражыў усяго 60 гадоў. Ён нарадзіўся ў 1840 годзе, а ўжо ў 1900 годзе яго не стала. Удумайцеся ў гэтыя даты, успомніце з урокаў гісторыі Беларусі, якія важныя падзеі адбываліся ў гэты час, што мелі лёсавызначальнае значэнне для нашага народа.
Групе ,,Гісторыкаў” было дадзена заданне падрыхтаваць да ўрока неабходны матэрыял па дадзеным заданні. Вам слова.
(Выступленне вучня з групы ,,Гісторыкаў”, які паведаміць пра такія важныя падзеі, як адмена прыгоннага права, паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, правядзенне царскай Расіяй усеахопнай русіфікацыі краю: забарона на пісьмовае ўжыванне беларускай мовы, ператварэнне нашай краіны ў Паўночна-заходні край, жорсткая расправа ўлад з удзельнікамі паўстання і г.д.)
-Польскі літаратар Напалеон Роўба, сябар паэта, успамінаў:
,,Цяжкім было жыццё летуценніка, які меў надзвычайна ўражлівае сэрца і моцна развітае пачуццё назіральнасці. Слёзы і смутак не пакідалі яго ніколі – ні сярод сваіх, ні ў далёкіх краях, дзе так доўга вымушаны быў знаходзіцца, - і спадарожнічалі яму аж да апошняй хвіліны жыцця…”
-Дык якім жа было жыццё Францішка Багушэвіча? Давайце бліжэй пазнаёмімся з асобай паэта. Групе ,,Біёграфаў” трэба было да ўрока падрыхтаваць паведамленне пра жыццё і дзейнасць Францішка Багушэвіча. Вам слова.
(Выступленне вучня з групы ,,Біёграфаў.” Жыццё і дзейнасць Францішка Багушэвіча.
Нарадзіўся Ф. Багушэвіч 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны, непадалёку ад Вільні, у шляхецкай сям’і.
У 1846 годзе Багушэвічы пераехалі на Ашмяншчыну ў фальварк Кушляны. Сям’я складалася з сямі чалавек, жылі не ў вялікім дастатку, хоць і моцна трымаліся за шляхецкія традыцыі.
Францішак Багушэвіч паходзіў са збяднелай беларускай шляхты,
пазбаўленай саслоўнай пыхі. Дзіцячыя гады паэта прайшлі ў асяроддзі, блізкім да сялянскага. Тут выхоўваліся прастата і шчырасць, павага да людзей працы. Любілі кнігі, музыку, народныя песні, сціплы жарт. Гэта любоў у паэта засталася на ўсё жыццё. Бацькі пісьменніка не забаранялі дзецям кантактаваць са сваімі равеснікамі з прыгонных сялян. Гэта спрыяла таму, што Францішак Багушэвіч добра ведаў жыццё сацыяльных нізоў. У хаце вяліся гутаркі пра адносіны некаторых суседзяў да сваіх прыгонных, якія не вызначаліся гуманізмам. Бацька пісьменніка добра разумеў і высока цаніў ролю адукацыі ў жыцці грамадства і асобнага чалавека, імкнуўся даць яе сваім дзецям. Маёмаснае становішча, аднак, было такім, што сродкаў на адукацыю не хапала, даводзілася ісці на прыніжэнне, апеляваць да ўлад, каб дазволілі яго дзецям вучыцца бясплатна. Такую просьбу Казімір Багушэвіч напісаў, адпраўляючы Францішка пасля хатняга навучання ў Віленскую гімназію. Перад гэтым Францішак Багушэвіч атрымаў адукацыю ў 4-х класнай школе, дзе вучылі па-польску.
1852 – 1861 – гады вучобы ў Віленскай гімназіі, тут навучалі на рускай мове. Гэта былі бурныя рэвалюцыйныя гады, калі народ паўстаў супраць царызму, супраць эксплуатацыі працоўных. Ужо ў тыя гады Ф. Багушэвіч не застаўся ў баку ад падзей, што адбываліся ў краіне. Непрымірымасць да прыгнёту стала яго запаветам на ўсё жыццё. Пасля выдатнага заканчэння гімназіі была спроба набыць і вышэйшую адукацыю. У 1861 годзе ён паступае ў Пецярбургскі ўніверсітэт.
Але, не прабыўшы ў ім і трох месяцаў, пакінуў навучанне, матывуючы свой учынак станам здароўя, хоць прычыны былі іншымі – нязгода з новымі ўніверсітэцкімі правіламі. Удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях. Багушэвіч вяртаецца на Радзіму. Некаторы час працуе настаўнікам у вёсцы Доцішкі Лідскага павета, дзе яго і застае паўстанне 1863 года. Ф. Багушэвіч апынуўся ў віры рэвалюцыйных падзей.
Паэт прыняў актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях: выступаў з прамовамі перад сялянамі, удзельнічаў ва ўзброеных сутычках з царскімі войскамі. Быў паранены ў нагу, яго паставілі на ногі незнаёмыя сяляне. Уся сям’я Багушэвічаў прымала ўдзел у вызваленчай барацьбе, падтрымлівала яе ўдзельнікаў грашыма, харчамі, вопраткай. Пасля разгрому паўстання пачаліся рэпрэсіі. Яны не абмінулі і сям’ю Багушэвічаў : былі арыштаваны сястра Ганна, брат Апалінар і бацька, а Валяр’ян і Францішак, якія змагаліся са зброяй у руках, вымушаны былі пакінуць Радзіму.
Пасля разгрому паўстання, каб пазбегнуць праследавання і пакарання, Багушэвіч едзе на Украіну. Паэт нават уявіць сабе не мог, што яго выгнанне расцягнецца на доўгія 20 гадоў. Тут, на Украіне, з дапамогай вядомага польскага вучонага Яна Карловіча, Багушэвіч паступае ў 1865 годзе вучыцца ў Нежынскі юрыдычны ліцэй. Заканчвае яго ў 1868 годзе. З 1869 года Ф. Багушэвіч працуе ў розных судовых установах, пераважна на Украіне.
Тут жа, на Украіне, паэт ажаніўся. 15 верасня 1874 года Францішак Багушэвіч бярэ шлюб з Габрыеляй Шклёнік. І толькі ў 1884 годзе, пасля аб’яўлення амністыі ўдзельнікам паўстання 1863 года, разам з сям’ёй вяртаецца на Радзіму і займае месца прысяжнага паверанага – адваката ў Віленскім акруговым судзе.
У хуткім часе Ф. Багушэвіч заслужыў ганаровае найменне – мужыцкі адвакат, абаронца сялян. Такія прыярытэты ў выбары кліентаў не забяспечвалі пісьменніку дабрабыту, але па-іншаму жыць не мог, хоць сям’я патрабавала выдаткаў : трэба было вучыць дзяцей, а лішніх грошай не было; даводзілася пазычаць. Рэпутацыя народнага заступніка насцярожвала начальства. Але Багушэвіч ганарыўся гэтай славай. Ён ахвотна браўся весці такія справы, дзе можна было дапамагчы бедным і прыніжаным людзям, пісаў прашэнні ад імя сялян. І людзі ішлі да яго за парадай, за дапамогай, як да свайго чалавека. Сучаснікі паэта, сяляне, успамінаюць: ,, Добры быў чалавек, ой добры. Любіў ён нас, сялян. З намі заўсёды ахвотна размаўляў на беларускай мове”.
Памёр Францішак Багушэвіч 15 красавіка 1900 года ў Кушлянах. На пахаванне сабралася шмат людзей : сяляне з навакольных вёсак, сябры паэта – усе тыя, для каго Багушэвіч так многа зрабіў пры жыцці, аддаючы ўсяго сябе шчыраму служэнню народу, абароне яго правоў на чалавечае жыццё, развіццю яго культуры. Пахаваны Ф. Багушэвіч у Жупранах.)
4. Разрыў.
-Францішак Багушэвіч – самая значная і яркая фігура ў гісторыі беларускай літаратуры парэформеннага часу. Паслярэформенны перыяд новай беларускай літаратуры – гэта час далейшай яе дэмакратызацыі, станаўленне яе вядучага літаратурнага напрамку – крытычнага рэалізму.
-На мінулым уроку мы з вамі пазнаёміліся з такім літаратурным напрамкам як РЭАЛІЗМ. Дайце яго азначэнне. (Адказы вучняў).
- У вас на партах ляжаць літаратуразнаўчыя слоўнікі. Знайдзіце і зачытайце азначэнне паняцця КРЫТЫЧНЫ РЭАЛІЗМ. (Выкананне задання вучнямі).
-А зараз давайце падагульнім вашы адказы. Крытычны рэалізм – мастацкі метад, які ў еўрапейскіх літаратурах пачаў развівацца ў першай палове XIX ст. У беларускай літаратуры атрымаў сваё развіццё ў 80-90 гг. XIX ст. Пісьменнікі, якія працавалі ў рэчышчы крытычнага рэалізму, выступалі з бязлітаснай крытыкай уласніцкага свету, свету насілля і дэспатызму”.
5. Фізкультхвілінка
6. Сацыяканструкцыя 2.
- Асноўнай тэмай дэмакратычнай беларускай літаратуры становіцца праўдзівы паказ паслярэформеннай вёскі, асноўным вобразам – вобраз селяніна, які бачыць сацыяльную несправядлівасць і пачынае ўсведамляць сваю чалавечую годнасць. Давайце зараз пазнаёмімся з літаратурнай дзейнасцю Францішка Багушэвіча. Групе ,,Літаратараў” было дадзена заданне пазнаёміцца з творчасцю паэта і знайсці падцвярджэнне таму, што Багушэвіч сапраўды працаваў у рэчышчы крытычнага рэалізму. Вам слова.
(Выступленне вучняў з групы ,,Літаратараў”.
Чытанне першым вучнем верша А. Гурыновіча ,,Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею…”
Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею,
За тое, што ў сэрцы разбудзіў ты надзею, Што між братоў нашых знаходзяцца людзі З кахаючым сэрцам і баляшчай грудзяй.
Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,
Што ўспомнілі гукі нашай роднай мовы.
Бяры, браце, дудку, наладзь і жалейку, Няхай песнь смутная ідзе ў калейку
І будзіць у сэрцах мысль аб лепшай долі,
Якой мы не зналі дагэтуль ніколі.
- Мацей Бурачок – гэта псеўданім Францішка Багушэвіча.
Выступленне другога вучня. Творчасць Францішка Багушэвіча.
Як нам стала ўжо вядома, Францішак Багушэвіч пасля 20-ці гадоў вымушанага выгнання ў 1884 годзе вяртаецца на Радзіму і ўладкоўваецца на працу ў Віленскім акруговым судзе. У віленскі перыяд жыцця пачынаецца актыўная літаратурная і культурная асветніцкая дзейнасць паэта. Багушэвіч не мог цалкам аддацца любімай справе – літаратурнай дзейнасці. Час адбіралі праца ў судзе, клопаты аб сям’і. Пісанне беларускіх вершаў не толькі не прыносіла якіх-небудзь матэрыяльных выгод, а, наадварот, патрабавала грашовых затрат і вялікіх турбот для іх выдання. Добра, што хоць знаходзіліся людзі, сябры, якія дапамагалі ў гэтай цяжкай і складанай справе.
Аднак друкаваць свае творы на Радзіме Багушэвіч не мог. Царызм праследаваў беларускую дэмакратычную літаратуру. Таму першыя кнігі Багушэвіча выходзяць за мяжой. У 1891 годзе ў Кракаве пад псеўданімам Мацей Бурачок паэт надрукаваў зборнік вершаў ,,Дудка беларуская”. Там жа , праз год, асобнай кніжачкай было надрукавана першае беларускае апавяданне ,,Тралялёначка” без імя аўтара на вокладцы.
У 1894 годзе ў Пазнані пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава Багушэвіч выдаў зборнік ,,Смык беларускі”. Пасля былі спробы выдаць на Радзіме кнігу вершаў ,,Беларуская скрыпачка” і зборнік апавяданняў ,,Беларускія расказы”, але царская цэнзура не прапусціла іх у друк, і яны так і не дайшлі да чытача. Акрамя вершаваных твораў і нешматлікіх апавяданняў, з літаратурнай спадчыны Багушэвіча да нас дайшлі публіцыстычныя выступленні ў віленскіх і пецярбургскіх газетах і часопісах, пісьмы да сяброў – Элізы Ажэшка і Яна Карловіча.
Ва ўсіх гэтых творах – паэтычных, празаічных, публіцыстычных, у пісьмах да сяброў Багушэвіч выступае як шчыры абаронца народа, сялянскі дэмакрат, поўны нязломнай і неўтаймоўнай рашучасці змагацца за праўду да канца. Прыслужнікі самадзяржаўя баяліся твораў паэта. У 1908 годзе, не ведаючы, што паэта няма ўжо сярод жывых, яны наладзілі судовае праследаванне зборнікаў паэта.
Такім чынам, рэалізм Францішка Багушэвіча мае крытычны характар. Аб гэтым сведчаць усе яго творы, у якіх непасрэдна ідзе размова пра народнае жыццё, пра беларускага селяніна і яго прыгнятальнікаў – паноў і чыноўнікаў. Сваім галоўным пафасам творы Багушэвіча скіраваны на выкрыццё існуючага ладу).
7. Інфармацыйны этап.
-Зборнікі пісьменніка ,,Дудка беларуская” і ,,Смык беларускі” прадаваліся ў крамах з-пад прылаўка, на кірмашах, у кніганошаў, творы перапісваліся ад рукі, перадаваліся з вуснаў у вусны, іх чытаў сам паэт перад сялянамі, перад моладдзю на вечарах. Сяляне лічылі кнігі Францішка Багушэвіча святымі, перахоўвалі іх за абразамі. Аднак усё роўна прыжыццёвых выданняў на Беларусі не захавалася. Сёння некалькі такіх кніжак зберагаюцца ў вядомых замежных бібліятэках у Вільні, Лондане, Нью-Ёрку, імі ганарацца як вялікай каштоўнасцю.
-Зборнікі ,,Дудка беларуская” і ,,Смык беларускі” адкрываюцца вершамі ,,Мая дудка” і ,,Смык” – мастацкімі маніфестамі нацыянальнага адраджэння. У іх творчасць паэта параўноўваецца з ігрой на народных музычных інструментах.
Паслухайце ўважліва адзін з гэтых вершаў – верш ,,Мая дудка”.
(Выразнае чытанне верша настаўнікам).
-Якія пачуцці выклікаў у вас верш? Чаму?
-Якія вобразы і малюнкі ўзніклі ў вашым уяўленні, калі слухалі верш?
Слоўнікавая работа.
-Звярніце ўвагу на словы, лексічнае значэнне якіх прыведзена ў вашых падручніках. Зачытайце іх.
-Ці сустрэлі вы ў тэксце яшчэ якія-небудзь словы, цяжкія для разумення?
8. Сацыяканструкцыя 3.
-Зараз мы зноў папрацуем у групах. Кожная група атрымае заданне для мастацкага аналізу твора ,,Мая дудка”. На выкананне заданняў вам адводзіцца 5 хвілін.
Заданні групам:
Група ,,Гісторыкі”
1. Які алегарычны вобраз створаны аўтарам у вершы ,,Мая дудка”;
(Дудка ўвасабляе народнае мастацтва).
2.Чаму дудка не можа быць вясёлай? Адказ падмацуйце радкамі з тэксту.
(Плача абяздоленая душа. ,, Сілы падарвуцца на радаснай дудцы…”).
Група ,,Біёграфы”
1.Якім паказаны лірычны герой у вершы ,,Мая дудка”?
(Герой твора 40 гадоў шукае волі для свайго народа).
2.Якім, на думку аўтара, павінна быць мастацтва? Пацвердзіце радкамі твора.
( Мастацтва павінна стварацца для ўсяго народа, каб усім было чутна ,,ад краю да краю”, павінна быць праўдзівым, каб ,,слязьмі прабрала, каб аж было жудка…”).
Група ,,Літаратары”
1. Знайдзіце ў вершы вобразныя сродкі, якія дапамагаюць перадаць заклік паэта, што мастацтва павінна служыць народу.
(Клічныя і пытальныя сказы, параўнанні, метафары, памяньшальна-ласкальныя словы).
Праца вучняў у групах.
9. Сацыялізацыя.
Мастацкі аналіз верша ,,Мая дудка”. Выразнае чытанне верша вучнямі.
- Пытанне для ўсіх. Якая асноўная думка верша Францішка Багушэвіча ,,Мая дудка”? (Выказванні вучняў).
- Францішка Багушэвіча лічылі сваім настаўнікам некалькі пакаленняў беларускіх пісьменнікаў, бо яго голасам быў голас праўды, святой нянавісці да прыгнёту. Багушэвіч быў перакананым рэвалюцыянерам-дэмакратам, пуцяводнай зоркай для якога сталі ідэі К. Каліноўскага. Ён мог жыць без лішніх клопатаў, ціха, спакойна, як многія яго калегі-чыноўнікі. Але паэт свядома выбраў шлях цяжкіх выпрабаванняў і барацьбы, бо найважнейшым для сябе лічыў справядлівасць і праўду.
10. Рэфлексія.
-Звернемся да эпіграфа ўрока. Ці быў, на вашу думку, шчаслівы Францішак Багушэвіч? Чаму?
-Што вы лічыце найбольш цікавым і павучальным у жыцці паэта?
-Ці выпадкова Багушэвіч стаў удзельнікам паўстання К. Каліноўскага? Якія факты з яго біяграфіі пра гэта сведчаць?
-У чым паэтычнае крэда Францішка Багушэвіча? Роля паэта і прызначэнне паэзіі?
11. Ацэньванне работы вучняў на ўроку.
12.Дамашняе заданне.
Прачытаць вершы ,,Хмаркі” і ,,Ахвяра”, падрыхтавацца да іх мастацкага аналізу.
2.3. Факультатыўны занятак у 10 класе
Тэма. Знакі прыпынку ў складаназалежных сказах з адной даданай часткай
Мэты і задачы: садзейнічаць сістэматызацыі і паглыбленню ведаў вучняў пра складаназалежныя сказы з адной даданай часткай, замацаваць набытыя веды і ўменні школьнікаў пры пастаноўцы знакаў прыпынку ў такіх сказах, выпрацоўваць уменне прымяняць іх пры самастойным пісьме; развіваць уменне знаходзіць у тэкстах складаназалежныя сказы з адной даданай часткай, самастойна ўтвараць такія сказы, складаць схемы; выхоўваць пачуццё любові і павагі да мінулага нашых продкаў.
Абсталяванне: мульцімедыйная прэзентацыя, партрэт У. Караткевіча
Ход занятка
1.Самаканструкцыя.
Паведамленне тэмы занятка.
- Як вы лічыце, зыходзячы з тэмы занятка, якія мэты сёння пастаўлены перад вамі?
2.Індукцыя.
Эпіграф да занятка:
Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца,
Іншай вам не дадзена, дый непатрэбна.
Уладзімір Караткевіч
- На што хацеў звярнуць нашу ўвагу аўтар гэтымі радкамі?
3. Праца па тэме занятка.
- Сёння на занятку мы будзем звяртацца ўвесь час да вядомага вам твора У. Караткевіча ,,Зямля пад белымі крыламі”. Менавіта ўрыўкі з гэтага твора і асобныя сказы дапамогуць нам у нашай рабоце.
- Прачытаем урывак з твора У. Караткевіча. ,,...Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. І таму мне здаецца, што зямлю нашу, Беларусь, можна назваць ,,зямлёю пад белымі крыламі”.
- Які з дадзеных сказаў складаны? Дайце яго характарыстыку.
(Другі сказ – складаназалежны сказ з адной даданай часткай, першая частка галоўная, другая – даданая, якая звязана з галоўнай пры дапамозе падпарадкавальнага злучніка што …)
4. Сацыяканструкцыя.
- Складзіце схемы наступных сказаў. Раскажыце пра месца даданай часткі ў складаназалежным сказе і знакі прыпынку ў такіх сказах.
1. Таму што лесу ўсё яшчэ многа, хату у нас часта будуюць талакою з тоўстых і смалістых сасновых бярвенняў.
2. Стрэхі раней былі саламяныя або з чароту, які даўжэй служыць.
3. Чарот, калі страху растрэплюць вятры і дажджы, можна зняць і зноў
перакрыць ім хату.
(Праверка выканання задання, выказванні вучняў пра размяшчэнне даданай часткі ў складаназалежным сказе з адной даданай часткай).
- Самастойная праца.
Спішыце тэкст, ставячы прапушчаныя знакі прыпынку.
Спачатку трапляем у сенцы. Дзверы насупраць вядуць у камору дзе таксама рэчы для гаспадаркі. Калі ўлетку ў самой хаце было горача гаспадыня выносіла кросны ткацкі станок у халодныя пакоі. У некаторых хатах да халоднай паловы была прыбудова у якой спалі ў зусім нясцерпную спёку тыя хто не хацеў ісці проста ў садок.
(Праверка выканання задання).
- Дайце характарыстыку апошняга сказа.
(Складаназалежны сказ з некалькімі даданымі часткамі).
- З такімі сказамі мы будзем працаваць на наступных занятках.
5. Разрыў.
- На прыкладзе дадзеных сказаў дапоўніце ўжо вядомае вам пра пастаноўку знакаў прыпынку ў складаназалежных сказах з адной даданай часткай.
1. Беларус хацеў толькі аднаго : каб на стале яго заўсёды быў чорны хлеб. Любіць чорны хлеб беларус і сумуе па ім, трапіўшы туды, дзе яго няма.
2. І пакуль быў жывы беларус – смачна любіў ён паесці. Над сваім апетытам заўсёды пасмейваўся.
- Якія знакі прыпынку ставяцца ў складаназалежных сказах з адной даданай часткай? Калі? (Выказванні вучняў).
- Ці правільнымі былі вашы меркаванні? Давайце праверым.
Працяжнік можа ставіцца пасля даданай часткі, калі яна размешчана перад галоўнай і вымаўляецца з узмоцненай інтанацыяй: І пакуль быў жывы беларус – смачна любіў ён паесці.
Двукроп’е ставіцца пасля галоўнай часткі пры яе лагічным выдзяленні, а таксама тады, калі даданая частка раскрывае сэнс слоў адно, аднага ў галоўнай частцы і паміж імі можна ўставіць словы а іменна: Беларус хацеў толькі аднаго: каб на стале яго заўсёды быў чорны хлеб.
6.Творчая праца.
- Праца ў парах.
Складзіце і запішыце сказы, будова якіх адпавядае схемам ( пажадана па тэме твора):
1. [ ] , ( што … ). 2. ( калі … ) , [ ]. 3. [ , ( якая … ), ].
4. ( што … ) - [ ]. 5. [ ] : ( як … ).
(Праверка выканання задання).
7.Самастойная праца.
Пабудуйце складаназалежныя сказы так, каб замест выдзеленых членаў сказа ўжываліся даданыя часткі.
1. Адразу за хатамі відаць возера, з усіх бакоў зарослае старымі дубамі.
2. Праз густыя зарасці чорнай вольхі бяжыць вясёлая і чысцюткая рачулка, зацененая з берага дрэвамі.
3.На гэтых астравах, злучаных драўлянымі мастамі, хаты патанаюць у садах.