Валянцін Акудовіч мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Вид материалаДокументы

Содержание


АЛЬБЭР КАМЮКамень Сызыфа
Подобный материал:
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   22

АЛЬБЭР КАМЮ
Камень Сызыфа


Я ня ведаю, ці ёсьць у гэтага сьвету большы за яго сэнс. 

Альбэр Камю

Камю ставіўся да жыцьця і мысьленьня сур’ёзна. Магчыма, нават залішне сур’ёзна, як для эўрапейскага мысьляра сярэдзіны XX стагодзьдзя. Адсюль тыя недарэчнасьці, у якіх ён апынаўся кожны раз, калі спрабаваў паяднаць маральны імпэратыў жыцьця зь імаралізмам мысьленьня. Аднак адсюль і вабнота Камю, бо дзякуючы гэтай сур’ёзнасьці ў яго атрымалася зь імаральнай мяшанкі быцьця/мысьленьня выкласьці свой маральны кодэкс.

Пагодзімся, гэта штучны маральны кодэкс, пераважна дэкляратыўны і, увогуле, ня столькі этычны закон, як эстэтычны маніфэст. Але апошняе якраз і сталася прычынай доўгага рэха ад моўленага Камю, бо ў XX стагодзьдзі маральныя ідэі ня могуць быць пачутымі, калі яны прамаўляюцца без увагі на эстэтыку красамоўства. У Камю этычны закон і эстэтычны маніфэст перагукнуліся адно ў адным, і гэты перагук потым шматкроць адбіўся ў лябірынтах стагодзьдзя. Хаця не забудземся, што век найдаўжэйшага рэха даволі кароткі...

Камю гаварыў прыгожа і адважна мысьліў. Бога няма, а сьмерць ёсьць. У сытуацыі адсутнасьці Бога і непазьбежнасьці сьмерці жыцьцё ўсчыняецца і вершыцца самім чалавекам. Яно ні на што не абапіраецца, нічым не трымаецца, ні да чаго ня туліцца. Яно ёсьць толькі як ёсьць, і нічога болей за ім не паўстае, нічога іншага зь яго не вымыкае, і ўсё канчаткова мяжуецца гібеньнем: “... бачаньню чалавека абсурду адкрываецца схоплены агнём і скаваны лёдам, празрысты і абмежаваны ў сваіх межах сусьвет, дзе ўсё немагчыма, але ўсё дадзена і па-за чым няма нічога, акрамя пагібелі і небыцьця”.

Паколькі за тым, што ёсьць, — няма нічога, то і не выпадае на што спадзявацца. Такая сытуацыя прынцыпова мяняла стасункі чалавека з быцьцём. У сьвеце без надзеі, у сьвеце панаваньня невараці мусіў жыць ужо іншы, абсурдны чалавек, і ў яго павінны былі быць ужо іншыя, абсурдныя, рэлігія, філязофія, мастацтва... Дый патас ягонага быцьця цяпер патрабаваў новай меры.

 

Чалавек паганскі таясаміў сябе зь вечнасьцю, чалавек хрысьціянскі падзяляў час на пару жыцьця і пару вечнасьці, чалавек абсурду атрымаўся роўны моманту свайго існаваньня, ён прамінаў яго разам із часам і зьнікаў бязь сьледу.

Быць — каб памерці. З гэтай пэрспэктывы выпаўз гнятлівы смутак — халодная вужака вусьцішнасьці пасялілася за пазухай эўрапейскага чалавека, і ва ўсёй пагрозьлівасьці паўстала пытаньне: а навошта тады быць?

Каб жыць! — пераконваў Камю. Сьмерць — канец усяму, але так, як канец, яе і трэба ўспрымаць, не губляючы з гэтай акалічнасьці мужнасьці і адвагі (“Абсурд — гэта ясны розум, які ўсьведамляе свае межы”). Больш за тое, якраз эсхаталягічнасьць нашага жыцьця высьвятляе яго сапраўдную каштоўнасьць для нас саміх. Вызваленыя Ніцшэ ад дыктатуры Бога, мы павінны пераадолець адчай адзіноты і сьмерці ды дарэшты рэалізаваць падараваную нам свабоду.

“Чалавек абсурдны пачынаецца там, дзе заканчваецца чалавек, які меў надзею, дзе дух, пакінуўшы назіраць за гульнёй з боку, захацеў сам у ёй паўдзельнічаць”.

Але не бывае гульні бяз правілаў і спаборніка. Гульня з самім сабой — не гульня, а забаўка. Нехта павінен быць насупраць, некаму трэба глядзець у пякучыя зрэнкі, цяжка дыхаць у твар, прамаўляючы шалёныя словы.

Гэтым спаборнікам, гэтым Другім стаўся для Камю ніхто іншы, як сам Абсурд.

Абраўшы за спаборніка Абсурд, Камю мусіў вырашаць надзвычай складаную задачу: што супрацьпаставіць Абсурду, каб не прайграць?

Камю вынайшаў адказ і тым здабыў гонар.

Бунт!

Абсурд — гэта тое, што ні ахвярным змаганьнем, ні ўпартай працаю, ні адмысловым хітрыкам адолець няможна.

А бунт і ня створаны дзеля перамогі.

Бунт — гэта ўсяго толькі мажлівасьць пярэчаньня абсурду жыцьця, форма захаваньня годнасьці, калі трываць адчай далей немагчыма, а пазытыўнага выйсьця зь яго няма. Да таго ж бунт — гэта альтэрнатыва самагубству, якое лягічна вынікае з абсурднасьці чалавека ў абсурдным сьвеце, а яшчэ — пагарда да фатуму, што вызваліў чалавека зь небыцьця, аднак у быцьці ня даў яму нічога, акрамя часу і прасторы. Урэшце, бунт — гэта любоў-засьцярога жыцьця такога, якім яно ёсьць, ад бессэнсоўніцы сьмерці...

Этычная філязофія Камю паўстала ў эсхаталягічным тупіку на скрыжаваньні адчаю волі і радасьці свабоды, што перамыкнуліся ў чалавечай душы пасьля ягонага вызваленьня ад дыктату Бога. Асноўныя чыньнікі гэтай філязофіі гераічнай сьвядомасьці (мужнасьць, дысцыпліна і бунт) леглі ў падмурак этычнага кодэксу, што Камю запрапанаваў абсурднаму чалавеку ў якасьці адзінага ратунку.

 

Аднак чалавек не ўхапіўся за яго. Чаму? Пэўна, найперш таму, што этычны кодэкс Камю запачаткаваны на эстэтычным маніфэсьце, які зьвернуты да праблемаў творцы і творчасьці, і зусім не кранае праблематыку паспалітага жыцьця. Згодна Камю, у чалавека, як і ў “звышчалавека” Ніцшэ, ёсьць толькі адна задача — вылучыць сябе з татальнасьці быцьця, вымкнуць з роўнядзі чалавечай абычайнасьці ў максымум самога сябе. А гэта магчыма адно праз творчасьць, ды не абы-якую, шараговую, знаёмую ў той ці іншай меры амаль кожнаму, а праз творчасьць як бунт супраць абсурду жыцьця.

“На вайне альбо гінуць, альбо выжываюць. Гэтак і з абсурдам: ім даводзіцца дыхаць, зазнаваць ягоныя ўрокі і ўцялёсьніваць іх. У гэтым сэнсе творчасьць ёсьць найвышэйшая радасьць абсурду”. І, дадамо з боку, адзіная альтэрнатыва абсурду нават тады, калі творнае само грунтуецца на эстэтыцы абсурду. “Мастацтва дадзена нам, каб мы не памерлі ад праўды” (Ніцшэ).

Мастацтва нарадзілася зь бясьсільля розуму, зь няможнасьці зразумець, вытлумачыць сутнасьць існага і сэнс існаваньня. Мастацтва — гэта татальная параза мысьленьня, адкуль яно (мастацтва) і паўстала як вонкавае адлюстраваньне незразуметасьці і нявыказанасьці трансцэндэнцыі быцьця.

Аднак мастацтва не было выйсьцем зь інтэлектуальнага тупіка, яно было ілюзіяй выйсьця, якая сама гэтага выйсьця і не патрабуе. Разам з тым мастацтва ў нейкай меры здымала праблему выйсьця, бо, ствараючы другую, праз вобраз, рэальнасьць, яно паказвала на іншы шлях: не ўразуменьне прычыны і сутнасьці некім намацанага сьвету, а стварэньне свайго ў малюнках, містэрыях, моўленых вобразах; у жыцьці як непарыўным творчым акце.

У сьвеце, які ня мае свайго Гаспадара, адзіным гаспадаром застаецца творца. Урэшце, творцу і няма вялікай патрэбы ведаць, з чаго і дзеля чаго паўстаў гэты абсурдны чалавеку сьвет. Па вялікім рахунку, для творцы істотна толькі адно: тут маё “Я” мае магчымасьць зьдзейсьніцца ў творчым акце і тым самым зь нечага стварыць нешта.

Прычына і сутнасьць рэальнасьці — у рэальнасьці “майго” творчага акту. Абсурдная ў сваёй аснове воля да жыцьця ўсяго падстава волі да творчасьці. Яшчэ нічога ня створана, яшчэ ўсё толькі гліна, пакуль ты ня возьмеш яе, колькі зможаш, і ня зьлепіш свой вобраз сусьвету, у выяве якога прычына цябе будзе ягонымі і сэнсам і сутнасьцю.

Быцьцё — гэта абсурд і творчасьць. І нічога болей няма. Нідзе. Ніколі. “Працаваць і тварыць “ні для чаго”, узяць зь нічога, ведаць, што ў створанага табой няма будучыні, бачыць, як у вадзін цудоўны дзень яно будзе разбураным, і ўсьведамляць пры гэтым, што, у сутнасьці, гэта таксама неістотна, як і будаваць на стагодзьдзі, — вось цяжкая мудрасьць, якую ўхваляе абсурдная думка”.

Але гэта яшчэ ня ўсё, гэта яшчэ ня ўся цяжкая мудрасьць чалавека эпохі абсурду. Апошняя — у словах Эдыпа, калі ён, зыходзячы ў невараць, кажа: “...усё — добра”.

Пасьля таго, як з усяго гаворанага шматпакутным Эдыпам Камю вылучыў адно: “...усё — добра”, нас наўрад ці зьдзівіць наступнае: “Трэба ўяўляць сабе Сызыфа шчасьлівым”. Затое грэцкіх багоў гэтыя словы Камю, бадай, моцна зьдзівілі і яшчэ мацней пакрыўдзілі. Псыхалягічна адмысловая формула прысуду, які бяссэнсіць зьнясільваючую працу, адымае ў дзеі вынік, а ў жыцьця значэньне, — шэдэўр караючага генію. І, раптам, Сызыф — шчасьлівы.

Але багі дарэмна закрыўдавалі, бо нават багам ня варта таясаміць свойскае “цяпер” з чужынным да ўсіх “заўжды”, каб аднойчы не апынуцца пад перакуленым сэнсам.

Старажытным грэкам было жыцьцёва неабходна павялічваць колькасьць гармоніі ў сьвеце. Адно такім чынам яны маглі адсунуць падалей ад сябе пагрозьлівую мяжу татальнасьці хаосу. На гэтым і трымалася стратэгія сэнсу, гэтым і вымяралася чалавечая сутнасьць і з гэтага была вынайдзена формула пакараньня Сызыфа: змусіць бясконца дзеіць, але пазбавіць дзейнасьць магчымасьці вялічыць колькасьць гармоніі...

Вымыкаючы з касьмічнага хаосу гармонію чалавечага ладу, чалавек той пары добра разумеў адрознасьць паміж вартай і дарэмнай працай, бо гэта на мяжы між імі палягалі канцы і пачаткі ўсяго, што ёсьць і чаго ня будзе. Натуральна, тады было немагчыма нават падумаць, што здарыцца такі час, калі ня стане асаблівай розьніцы, дзе ты цягаеш камень: на будоўлі ці па схіле гары, наперад ведаючы, што ён ніколі ня ляжа ні ў падмурак, ні ў сьцяну.

Для тых, хто нарадзіўся жыць у XX стагодзьдзі, у даўно збудаванай (і ўжо колькі разоў рэканструяванай) будыніне Эўропы, праблема мэты дзеяньня страціла свой гарманізуючы пачатак, пакінуўшы па сабе адно праблему самога дзеяньня. Адсюль і вынікла магчымасьць “...уяўляць Сызыфа шчасьлівым”. Нават больш за тое, цяпер ужо бачыцца празьмерным заклік Камю: “Трэба ўяўляць...”. Па мерках эпохі абсурду ў Сызыфа зайздросная доля: ён мае і камень, і наканаваньне цягаць яго.

З гэтага паўстае прынцыповае адрозьненьне Сызыфа ад чалавека абсурду, які пазбаўлены ня толькі сэнсу, але, што больш трагічна, і наканаваньня.

Калі Камю запрапанаваў Сызыфа ў якасьці інтэгралу абсурду — значыць, ён не зразумеў галоўнага ў лёсе сына цара Эола і Энарэты. Сызыф увогуле ня ёсьць падзеяй абсурду, нягледзячы на ўсю бессэнсоўнасьць ягонай працы, якая ніколі і ня ў чым не рэалізуецца. Праца Сызыфа ня можа ацэньвацца па меры сэнсу, бо тое, што трывае наканаваньне, — не патрабуе гэтай меры. Наканаваньне само ёсьць прычынай усіх верагоднамагчымых сэнсаў і бессэнсоўніц. І ўсялякі сэнс будзе заставацца ідэалягічнай аблудай, пакуль не пачне зыходзіць з той сапраўднай наканаванасьці чалавека, якую ён раз-пораз страчвае, ня разу не знайшоўшы.

Камю абмыліўся, запачаткаваўшы на міце пра Сызыфа філязофію абсурду. Але мы скарыстаем ягоную канцэптуальную мэтафару, каб інтэрпрэтаваць гэты міт у кантэксьце ідэі “вечнага вяртаньня”.

Чалавек толькі таму і магчымы так доўга, што камень скочваецца з гары. Калі аднойчы ратаўнічы камень не пакоціцца ўніз, то чалавек неўзабаве сам скамянее на вяршыні, бо вяршыня — гэта тое мейсца, дзе ўсё толькі заканчваецца і нічога не пачынаецца.

Вяршыня — могільнік, куды звальваюцца трупы рухаў і сэнсаў, — і там трупянее Сызыф, пакуль скінуты пад ногі камень не пачне спаўзаць уніз. У гэты момант — без каменя на плячах і зь вяршыняй пад нагамі — Сызыф прыйшоў, далей яму няма куды і няма навошта хадзіць. Ён яшчэ ёсьць, але ўжо ні для каго і ні для чаго. Ён — абсурдны чалавек.

Аднак вось камень зрушыў, і тым самым варухнуў успамін пра наканаваньне. Сызыф падхопліваецца...

Прырода вяртаецца па крузе свайго кругазвароту, а чалавек як найкарацей — напрасткі, каб потым зноў прайсьці тым жа карацейшым шляхам, але ўжо зь цяжарам іншага зьместу на плячах.

Вечнае вяртаньне непазьбежнае, бо ўсе вяршыні занадта нізкія для чалавека, усе адлегласьці занадта кароткія — і таму ўсялякі раз, калі чалавек заходзіць так далёка, што наперадзе ўжо нічога няма, яму даводзіцца вяртацца.

Так ён вяртаўся, скінуўшы камень эгіпецкай цывілізацыі, так вяртаўся, скінуўшы камень антычнай цывілізацыі, так будзе вяртацца, скінуўшы крыжападобны камень хрысьціянскай цывілізацыі, як толькі перачакае на вяршыні морак страты сэнсу...

А пакуль ён стаіць без каменя на плячах і зь вяршыняй пад нагамі. Абсурдны чалавек у абсурдным сьвеце, і як ні далёка відаць зь вяршыні, нічога трэбнага адсюль ня ўгледзіш, перш чым камень наканаваньня сваім грукатам па схіле не падкрэсьліць траекторыю вяртаньня да нейкага новага сэнсу...

Філязофія абсурду — гэта філязофія вяршыні, дзе ўжо нічога больш няма, акрамя таго, што ёсьць.

Камю нарадзіўся і памёр на вяршыні, у паўзе паміж двума сэнсамі. Ён бачыў, як Сызыф падымаецца па схіле гары, ён ведаў, што той будзе вяртацца, і, калеючы ад нерухомасьці на могільніку сэнсаў ды рухаў, зайздросьціў: Сызыф шчасьлівы!

У Сызыфа заўсёды будзе што яшчэ сказаць...

Пракляцьце таго, хто абраны вяршыняй, — яму няма чаго болей сказаць.