Курс: гісторыя беларусі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі тэма 1: гаспадарка, духоўнае І нацыянальна культурнае развіццё беларускіх зямель у перыяд вялікага княства літоўскага (другая палова XIII сярэдзіна xyi ст.) План
Вид материала | Документы |
- А. У. Літвінскі >21. 04. 2011, 201.95kb.
- План Засяленне сучасных беларускіх зямель. Фарміраванне этнічных супольнасцей на тэрыторыі, 216.17kb.
- Планы- канспекты творчых урокаў І прадметных тыдняў Гісторыя Беларусі, 1850.94kb.
- Канспект урока гісторыі беларусі ў 8 класе тэма, 280.78kb.
- Тэма Балцкае I славянскае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. Паходжанне беларусаў, 229.03kb.
- Экзаменацыйныя пытанні па курсу «гісторыя беларусі» для студэнтаў інжынерна-эканамічнага, 46.46kb.
- Актуальнасць І неабходнасць вывучэння гісторыі Беларусі. Перыядызацыя гісторыі Беларусі, 36.86kb.
- Роль І месца гісторыі Беларусі ў працэсах грамадска-гістарычнага развіцця, 288.08kb.
- 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай, 1480.04kb.
- Пытанні да экзамену па курсу “гісторыя беларусі”, 43.15kb.
КУРС: ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ Ў КАНТЭКСЦЕ СУСВЕТНАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ
ТЭМА 1: ГАСПАДАРКА, ДУХОЎНАЕ І НАЦЫЯНАЛЬНА – КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У ПЕРЫЯД ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА (ДРУГАЯ ПАЛОВА XIII – СЯРЭДЗІНА XYI СТ.)
План
1.Эвалюцыя феадальных адносін ў сельскай гаспадарцы.
2.Гарады. Рамёства. Гандаль.
3.Рэфармацыя.
4.Фарміраванне беларускай народнасці.
5.Культурнае жыццё.
1. Эвалюцыя феадальных адносін ў сельскай гаспадарцы.
У другой палове XІII – сярэдзіне XYI ст. на тэрыторыі Беларусі працягваецца фарміраванне і ўдасканаленне феадальных адносін. Сістэма кіраўніцтва сельскагаспадарчай вытворчасцю была давольна складанай. Яна адлюстроўвала пераход ад падаткавай сістэмы ў выглядзе натуральнай даніны і палюдзя для пракорму князя і яго дружыны ў раннефеадальнай дзяржаве да рэнты (падаткаабкладання за карыстанне зямлёй), якая пастаянна павялічвалася і была неабходная для ўтрымання княскага двара, феадалаў, царквы з іх усё ўзрастаючымі патрэбамі.
Вярхоўным уласнікам зямель Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) лічыўся вялікі князь як кіраўнік дзяржавы. Землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватнаўласніцкія. У сваю чаргу дзяржаўныя былі двух катэгорый: воласці і гаспадарскія двары. У валасцях ворыўныя землі былі ў прыватным карыстанні сялян, а астатнія выкарыстоўваліся калектыўна, належылі абшчыне. Воласць звычайна складалі некалькі сёл, яна была адміністрацыйнай адзінкай. У адрозненні ад валасцей гаспадарскія двары (домен) належалі непасрэдна князю і забяспечвалі яго двор.
У канцы XIY ст., у ходзе правядзення рэформы, дзяржаўныя землі значна павялічыліся за кошт ліквідацыі буйных удзельных княстваў і ўвядзення намесніцтваў. Аднак у XY–XYI стст. вялікія князі раздалі шмат валасных зямель феадалам за службу, а таксама царкве. Калі ў канцы XIY ст. на дзяржаўных землях жыла большая частка насельніцтва, то ў першай чвэрці XYI ст. – толькі 1/3.
Асноўнымі відамі вялікакняскіх падараванняў былі: часовае – на тэрмін жыцця аднаго ці некалькіх пакаленняў; “на вечнасць” з правам ці без права продажу. У канцы XY ст. скарачаецца ўдзельная вага часовых падараванняў і павялічваецца колькасць падараванняў “на вечна”.
Дробныя землеўладальнікі з XY ст. сталі звацца шляхтай, а буйнейшыя спадчынныя ўладальнікі маёнткаў – панамі.
Буйныя феадалы ў 1528 г. складалі 19% ад агульнай колькасці землеўладальнікаў, і валодалі 46,4% зямельных угоддзяў.
Правы і прывілеі феадалаў паступова заканадаўча афармляліся. У канцы XYІ ст. паны і шляхта былі пароўнены ў правах, а ўсё феадальне саслоўе стала называцца шляхтай. Асноўным яе абавязкам была ваенная ці дзяржаўная служба.
Асновай эканамічнага жыцця з’яўлялася сельскагаспадарчая праца, ею займалася абсалютная большасць насельніцтва. Паступова ўдасканальвалася агратэхніка. Двуполле змянялася трохполлем, якое стала пераважаць у XІY ст. У той жа час працягвалі існаваць і больш прымітыўныя сістэмы земляробства, як падсека і пералог.
Асноўнай сельскааспадарчай культурай з’яўлялася жыта, якім засявалі да паловы і больш ворыва. Яго ураджай быў сам-3-4. Шырока былі распаўсюджаны таксама авёс, ячмень, проса, сеялі грэчку, лён, канаплю. На прысядзібных агародах сяляне вырошчвалі агародніну.
Узрастала значэнне свойскай жывёлы. У якасці цяглавай сілы на захадзе Беларусі выкарыстоўвалі валоў, на ўсходзе – коней.
Значнае месца ў гаспадарчым жыцці па-ранейшаму займалі паляванне, рыбалоўства, бортніцтва.
Сялянскі двор меў назву “дым”, што азначала звычайна сем’ю, радзей – некалькі сем’яў і іх уласнасць. Дым быў і адзінкай падаткаабкладання.
Значную ролю ў сялянскім жыцці адыгравала абшчына (грамада). Яна арганізоўвала сялянскае землекарыстанне і выплату феадальнай рэнты, абараняла сялян ад сваволу феадалаў.
Паступова феадалы прысвойвалі права распараджэння абшчыннымі землямі, а потым і ўсімі землямі сялян. За карыстанне зямельнымі надзеламі сялян абавязвалі выконваць шматлікія павіннасці. Найстаражытнейшай формай феадальнай рэнты была “даніна” (натуральны аброк). Паступовае развіццё таварна-грашовых адносін, уцягванне ў іх дзяржаўных і феадальных маёнткаў прывяло да ўвядзенне ў XІY ст. грашовага аброку – чынша (асады). Па меры развіцця феадальных адносін у XY–XYІ стст. адной з асноўных форм феадальнай рэнты становіцца паншчына (адпрацовачная рэнта). Паншчына – ў гаспадарцы феадала – павялічылася да 1 дня ў тыдзень з дыма ў першай палове XYІ ст. Яна стала асноўнай формай феадальнай павіннасці ў заходняй і цэнтральнай частках Беларусі з другой паловы XYІ ст. Цяглыя сяляне, галоўнай павіннасцю якіх з’яўлялася паншчына, павінны былі таксама плаціць натуральны аброк, невялікі чынш, несці фурманковую (давалі стацыі – падводы) і ахоўную (маёмасці гаспадара) павіннасці, прымаць удзел у талоках, гвалтах – сумесных работах па збору ўраджаю, будаўніцтве дарог, замкаў і інш.
Збяднелыя сяляне, ці былая “челядзь нявольная” станавіліся агароднікамі. Гаспадар саджаў іх на невялікі кавалак зямлі. Агароднікі павінны былі выконваць паншчыну.
Прывілеяванай часткай залежнага сельскага насельніцтва з’яўляліся сяляне-слугі. Да іх адносіліся воіны, конюхі, лоўчыя, рамеснікі, млынары.
Збяднелых, дэкласіраваных элементаў называлі кутнікамі, халупнікамі, каморнікамі, бабылямі. Гэтыя людзі жылі працай па найму.
Па ступені феадальнай залежнасці сяляне падзяляліся на пахожых, непахожых людзей і чэлядзь нявольную. Спачатку большасць сялян былі пахожымі – гэта значыць маглі пераходзіць ад аднаго феадала да другога, але толькі ў восень, пасля заканчэння палявых работ і выканання павіннасцей. У XYІ ст. практычна ўсе пахожыя людзі былі замацаваны за зямлёй, сталі непахожымі (прыгоннымі). Челядзь нявольная знаходзілася ў поўнай уласнасці феадалаў, працавала ў іх маёнтках, але часцей не мела зямельных надзелаў і абслугоўвала дваровую гаспадарку.
Станаўленне фальваркава-паншчыннай гаспадаркі. Аграрная рэформа 1557 г.
Рост гарадоў, развіццё рамяства, гандлю, таварна-грашовых адносін выклікалі з канца XY ст. рэзкі ўздым попыту на зерне і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты ў Еўропе, у тым ліку і ў ВКЛ.
У XY ст. набываюць значэнне двары з панскай ворнай зямлёй, якія называліся фальваркамі. Фальварак быў комплексам гаспадарчых і жылых пабудоў, вакол якіх размяшчаліся ворныя землі, агароды, сенажаці і лясы. Фальваркі арыентаваліся на рынак. Вытворчасць у іх была заснавана не на працы челядзі нявольнай, а на працы сяляніна-паншчынніка.
У сярэдзіне XYІ ст., вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІ Аўгуст ажыццяўляе аграрную рэформу, якая атрымала назву “валочная памера”. Гэта назва паходзіць ад аднаго з асноўных дакументаў аграрнай рэформы – “Уставы на валокі” 1557 г. Да сярэдзіны XYІ ст. архаічная сістэма землекарыстання сялянства Беларусі і абкладання яго павіннасцямі толькі вельмі прыблізна ўлічвала гаспадарчыя рэсурсы адзінак абкладання, стала для феадалаў істотнай перашкодай на шляху іх імкнення павялічыць свае даходы. Гэта і абумовіла яе рэарганізацыю шляхам вымярэння зямлі на валокі (30 моргаў, або 21,36 га), вызначэння якасці глебы і ўвядзення валокі ў якасці асноўнай адзінкі абкладання.
Уся зямля ў маёнтку дзялілася на панскія і сялянскія валокі ў суадносінах 1:7. Гэта значыць, апрацоўку адной фальваркавай валокі рабілі 7 сялянскіх валок. Сялянскі надзел прызначаўся ў трох палях, што забяспечвала прымусовы трохпольны севазварот, які спрыяў росту ўраджайнасці.
Валочныя памеры ў залежнасці ад таго, якія павіннасці патрабаваў выконваць феадал за іх выкарыстанне, падзяляліся на цяглыя і асадныя (чыншавыя). Акрамя асноўных, сяляне абавязаны былі выконваць і шэраг дадатковых павіннасцей.
Сяляне страчвалі правы на зямельныя участкі, якія традыцыйна лічыліся ў іх спадчыннам валоданні.
Павелічэнне даходаў скарбу ў выніку правядзення рэформы заахвоціла прыватных уласнікаў, у першую чаргу буйных. У маёнтках сярэдняй і дробнай шляхты рэформа праводзілася больш павольна. Землеўпарадкаванне (памера) каштавала вельмі дорага.
Па мере росту насельніцтва адбывалася здрабненне сялянскіх надзелаў. Гэта было звязана таксама з індывідуалізацыяй сялянскай сям’і і яе павіннасцяў. У канцы XYІ ст. на захадзе Беларусі сярэдні зямельны надзел складаў 0,71 валокі, тут пераважала паншчыннае вядзенне гаспадаркі, на ўсходзе Беларусі сярэдні надзел быў 0,82 валокі і перавага аддавалася чыншу.
Распаўсюджванне фальварачна-паншчыннай гаспадаркі суправаджалася аслабленнем ролі і нават разбурэннем сялянскай абшчыны, таму што яна стрымлівала імкненне феадалаў павялічыць памеры рэнты, адасобіць сялянскае землекарыстанне, каб лягчэй было забяспечыць свае інтарэсы. Гэты прцэс меў пэўныя вынікі на захадзе і ў цэнтры Беларусі, дзе імкліва ствараліся фальваркі. Аднак на ўсходзе абшчына ў той ці іншай форме захоўвалася.
Тэмпы правядзення рэформы былі розныя ў тых ці іншых регіёнах Беларусі. У цэнтры і на захадзе памешчыцкія гаспадаркі былі цесна звязаны з рынкам. Рэформа тут была завершана да канца XYІ ст. На поўначы Беларусі, дзе ішла Лівонская вайна, феадалы не маглі ажыццяўляць пераўтварэнні так актыўна, як на захадзе. Фальваркавая сістэма не стала тут пераважнай. Насельніцтва ў асноўным пераводзілася з даніны на чынш. Рэформа на ўсходзе зацягнулася больш чым на 100 гадоў.
Такім чынам, у выніку ўдасканальвання арганізацыі феадальнай вытворчасці, узмацнення эксплуатацыі сялянства рэформа прывяла да значнага павелічэння даходаў феадалаў. Яна спрыяла распаўсюджванню перадавой агракультуры.
Асноўныя прынцыпы землекарыстання і абкладання сялянства, якія былі ўведзены аграрнай рэформай, вызначылі істотныя рысы аграрнага ладу Беларусі на працягу далейшых 200 гадоў. яго развіцця.
Запрыгоньванне сялянства.
Па меры пашырэння сувязей феадалаў з рынкам, а разам з гэтым умацавання іх эканамічнага і палітычнага панавання, ліквідацыя права сялян на пераходы і пераўтварэнне іх у прыгонных становіцца ўсё больш актуальнай задачай унутранай палітыкі пануючага класа. Адным з першых дакументаў, якія сведчылі аб пачатку запрыгоньвання сялян у ВКЛ, быў прывілей 1447 г. Ён, у прыватнасці, пацвердзіў даўняе права феадалаў на вотчынны суд, што ставіла сялян у значную залежнасць ад іх рашэнняў і інтарэсаў. Адзін з яго артыкулаў забараняў прымаць сялян-уцекачоў.
Першы статут ВКЛ 1529 г. – усеагульны звод законаў – адмаўляў сялянам у праве ўласнасці на землю. Яны страчвалі права ёю распараджацца без згоды феадала.
“ Уставай на волакі” 1557 г. сяляне фактычна замацоўваліся за земельнымі надзеламі.
Другі статут 1566 г. ўводзіў 10-гадовы тэрмін адшуквання беглых ці крадзеных сялян і адміністрацыйныя пакаранні супраць тых, хто іх хаваў. Забаранялася хаваць сялян у гарадах.
Трэці статут ВКЛ 1588 г. павялічваў тэрмін пошуку беглых сялян да 20 гадоў. Ён пазбавіў сялян права пераходу і залічыў у стан непахожых людзей тых, якія пражылі на зямлі феадала 10 гадоў.
У цэлым у канцы XYІ – першай палове XYІІ ст. у ВКЛ фактычна і юрыдычна аформілася прыгоннае права. Завяршыўся працэс фарміравання асноўных рыс феадальнай сістэмы: выключнае права на валоданне зямлёй, асобыя саслоўныя прывілеі і абавязкі шляхты; пазбаўленне сялян правоў на землю і замацаванне іх за зямлёй, пазаэканамічнае прымушэнне сялян да працы.
2.Гарады. Рамёства. Гандаль
У другой палове XІІІ–XYІ ст. на Беларусі ішоў інтэнсіўны працэс урбанізацыі грамадства. Калі да 1500 г. крыніцы змяшчаюць звесткі аб 83 гарадах ВКЛ, то да 1600 г. – 530. Беларускі горад у той час ўяўляў невялікае паселішча, якое налічвала ад 1,5 да 3 тысяч жыхароў. Горад з насельніцтвам 10 і болей тысяч складаў рэдкае выключэнне. Прыгонніцкая прыкаванасць селянініа да феадальнага маёнтка была асноўнай перашкодай на шляху росту гарадскога насельніцтва. Сярод усіх беларускіх гарадоў таго часу сваім вядучым значэннім у жыцці грамадства вызначаўся Полацк. У сярэдзіне XYІ ст. ён налічваў да 50 тысяч жыхароў.
Але асноўная частка беларускіх гарадскіх паселішчаў заставалася ў паўаграрным становішчы. Прычынай таго былі абмежаваныя магчымасці таварна-грашовых адносін.
У XY ст. многія населеныя пункты набываюць рысы рамесных і гандлёвых цэнтраў – узнікаюць т.з. мястэчкі. Выдзяляюцца дзве групы гарадоў – дзяржаўныя (вялікакняжацкія) і прыватнаўласніцкія. Пыватнаўласніцкай магла быць і частка горада, якая падпарадкоўвалася не гарадскім уладам, а асобным свецкім ці духоўным феадалам – “юрыдыка”.
Імкнучыся пазбавіцца ад феадальнай залежнасці, жыхары гарадоў змагаліся за магдэбургскае права – права на самакіраванне, якое атрымала назву ад нямецкага горада Магдэбурга – першага ў XІІІ ст., які набыў яго.
На тэрыторыі Беларусі магдэбургскае права першым атрымаў Брэст у 1390 г., потым Гродна – у 1391 г. Да другой паловы XYІ ст. магдэбургскае права набылі амаль што ўсе больш ці менш значныя гарады Беларусі. Вялікія князі літоўскія былі зацікаўлены ў наданні гарадам магдэбургскага права, таму што гарады станавіліся іх саюзнікамі ў барацьбе з сваявольствам буйных феадалаў. Пастаянныя войны ВКЛ вызвалі неабходнасць у пераўтварэнні гарадоў у фарпосты абароны дзяржавы. Атрымліваючы магдэбургскае права, гараджане ў выпадку вайны абаранялі не толькі сваю дзяржаву, але і “гарадскую незалежнасць”.
Па магдэбургскаму праву замест шматлікіх павіннасцяў гараджане плацілі адзіны вялікі падатак. Яны вызваляліся ад суда і ўлады вялікакняскіх чыноўнікаў або феадалаў. Аднак самакіраванне было абмежавана прызначэннем вялікім князем літоўскім з шляхты або з заможных мяшчан войта – галавы самакіравання.
Выбарным органам самакіравання быў магістрат, які складаўся з рады і лавы. Рада ажыццяўляла функцыі гарадской улады і суда па маёмасных і гамадзянскіх справах, лава судзіла гараджан па крымінальных справах.
Гарады з’яўляліся цэнтрамі развіцця рамеснай вытворчасці і гандлю. На Беларусі былі шырока распаўсюджаны розныя віды рамёстваў. Найбольш значнай была апрацоўка металаў. Сыравінай для металаапрацоўкі была перш за ўсё балотная руда, якую здабывалі на ўсей тэрыторыі Беларусі і выплаўлялі з яе жалеза. Шырока былі распаўсюджаны ювелірная, дрэваапрацоўчая, ганчарная, ткацкая справы, апрацоўка скур і інш. У XYІ ст. дакументы нагадваюць больш 100 рамесных прафесій і спецыяльнасцяў, што сведчыла аб дыферэнцыяцыі рамяства і росце таварнай вытворчасці.
Для абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі, па прыкладу Заходняй Еўропы, з XYІ ст. аб’ядноўваюцца ў цэхі – аб’яднанні рамеснікаў адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцяў, аднаго веравызнання. Цэхі абаранялі іх ад канкурэнцыі з боку прышлых сельскіх, або іншагародніх рамеснікаў. Цэхі складаліся прыкладна з 60-70 чалавек. Гэта былі майстры, чаляднікі (падмайстры), вучні (хлопцы). Паўнапраўнымі членамі цэхаў былі толькі майстры. З іх на год выбіраўся кіраўнік цэха – стараста, ці цэхмістр. У час ваенных дзеянняў цэхі станавіліся баявымі атрадамі. Яны мелі свае сцягі.
Развіццё рамёстваў суправаджалася пашырэннем гандлю. Гарадскія купцы скуплялі ў навакольных вёсках прадукцыю земляробства, промыслаў і прадавалі яе на гарадскіх рынках. З часам яны наладжвалі пастаянны гандаль у крамах. Ва ўсіх гарадах і мястэчках 1-2 раза ў тыдзень праходзілі таргі, а ў буйных гарадах яшчэ і ярмаркі (1-3 разы ў год), на якія прыбывалі не толькі мясцовыя, але і замежныя купцы.
Купцы, як і рамеснікі, у XY-XYІ стст. пачалі ствараць свае аб’яднанні – брацтвы ці гільдыі – па тыпу цэхаў. Купецкія супольнасці таксама імкнуліся да манаполіі ў межах свайго горада і яго перыферыі.
У XYІ ст. ўстанаўліваюцца рэгулярныя гандлёвыя сувязі гарадоў не толькі з вёскамі і мястэчкамі, але і паміж сабой. Гандлёвая дзейнасць садзейнічала будаўніцтву дарог-гасцінцаў, якія звязвалі гарады Беларусі.
Разам з тым, нягледзячы на зараджэнне вытворчай спецыялізацыі раёнаў, на тэрыторыі Беларусі ў разглядаемы перыяд яшчэ поўнасцю не склаўся ўнутраны рынак. Развіццё гандлёвых сувязей стрымлівала феадальная адасобленасць, нестабільнасць унутры- і знешнепалітычнай абстаноўкі.
Тым не менш атрымаў развіццё гандаль, у тым ліку і пасрэдніцкі. Асноўнымі экспартнымі прадуктамі былі збожжа, сала, воск, лес, скуры, футры, смала, лён, пянька, а таксама арыгінальныя рамесныя вырабы. Увозілі ў Беларусь металы і вырабы з іх, сукно з Еўропы, прыправы з Усходу. Імпартаваліся таксама соль, віна, прадметы раскошы.
Такім чынам, развіццё рамяства і гандлю, рост гарадоў сведчылі аб фарміраванні ў нетрах феадальнага грамадства пачаткаў новых формаў грамадскіх адносін – таварна-грашовых, паступовым зараджэнні элементаў рынку.
3.Рэфармацыя.
Рэфармацыя (ад лац. пераўтварэнне), шырокі сацыяльна-палітычны і ідэалагічны рух у Еўропе, накіраваны супраць рымска-каталіцкай царквы і яе ролі ў палітычнай сістэме грамадства. Рэфармацыя адлюстроўвала зараджэнне капіталістычных адносін в краінах Заходняй Еўропы. Рэфарматарскі (пратэстанцкі) рух дазваляў кансалідаваць грамадства для правядзення радыкальных буржуазных пераўтварэнняў. Мацнеючыя нацыянальныя дзяржавы таксама адчувалі патрэбу ва ўласнай ідэалагічнай базе і жадалі мець падкантрольныя сябе царкоўныя інстытуты.
Ідэйнымі крыніцамі рэфармацыі былі гуманізм эпохі Адраджэння і сярэдневяковыя ерасі. Гуманісты выступалі з крытыкай сярэдневяковага светапогляду і абгрунтавалі прынцыпы буржуазнага індывідуалізму. Галоўнае месца ў ідэалогіі займала вучэнне пра тое, што для выратавання душы верніка не патрабуецца пасрэдніцтва царквы, таму адмаўлялася неабходнасць яе існавання з усёй іерархіяй на чале з папам рымскім. Адзінай крыніцай веры было абвешчана Свяшчэннае пісанне – Біблія; адмаўлялася Свяшчэннае паданне (патрыстыка, прынятыя на царкоўных саборах заканадаўчыя акты, папскія пасланні, дэкрэты і інш.). Ідэолагі рэфармацыі патрабавалі адмены царкоўнай дзесяціны і пышнага каталіцкага культу, секулярызацыі (адчужэння) царкоўнай маёмасці (найперш зямельнай) на карысць дзяржавы і прыватных асоб, стварэння самастойных дэмакратычных і самакіравальных танных нацыянальных цэркваў. У ліку вядучых тэарэтыкаў рэфармацыі былі германскія тэолагі: М.Лютэр і Т.Мюнцер, швейцарскія: У.Цвінглі і Ж.Кальван. У пачатку ХYI ст. у Еўропе ствараюцца пратэстанцкія цэрквы, якія адасобіліся ад каталіцтва. У большасці краін Германіі і Скандынавіі атрымала распаўсюджанне лютэранства (адметна абраннем абшчынамі сабе пастараў), у Швейцарыі і Нідэрландах – кальвінізм (адметны сваім сурова-аскетычным духам), у Англіі – англіканская царква (кампрамісны напрамак з уласнай царкоўнай іерархіяй).
Рэфармацыя на Беларусі з’яўлялася састаўной часткай еўрапейскага рэфармацыйнага руху, але мела значныя своеасаблівасці. Агульнае развіццё феадальнага спосабу вытворчасці, эвалюцыя рамяства і гандлю, рост колькасці гарадоў і мястэчак, актывізацыя гандлёва-прадпрымальніцкай і грамадска-палітычнай дзейнасці мяшчан, абвастрэнне супярэчнасцей унутры пануючага класа, пагаршэнне сацыяльнага становішча мас былі фактарамі, якія спрыялі ўзнікненню рэфармацыйнага руху ў Вялікам княстве Літоўскім (ВКЛ) у сярэдзіне ХYI ст.
Разнастайнасць сацыяльных сіл, якія падтрымалі рэфармацыйны рух ці былі ўцягнуты ў яго, абумовіла неаднолькавую ідэалагічную накіраванасць асноўных рэфармацыйных плыняў на Беларусі і Літве (кальвінізму, лютэранства, антытрынітарызму), адрозненне іх грамадска-палітычных мэт.
Асноўнай формай царкоўна-рэлігійнай рэфармацыі, якая зацверділася на Беларусі, быў кальвінізм. Яго галоўнай сацыяльнай апорай была феадальная знаць, частка дробнай і сярэдняй шляхты. Іх прыхільнасць да рэфармацыі абумовілі адмоўныя адносіны многіх магнатаў ВКЛ да уніі з Польшчай, імкненне феадальнай знаці захаваць свае сацыяльна-эканамічныя і палітычныя правы шляхам дэцэнтралізацыі як дзяржаўнай, так і царкоўна-рэлігійнай структуры (у дадзеным выпадку каталіцкай і праваславнай цэрквы), захапіць багацце і зямельныя ўладанні царквы.
У рэфармацыйным руху ўвасобіліся таксама апазіцыйныя настроі некаторых слаёў мяшчанства, што выступалі супраць уціску свецкіх і царкоўных феадалаў, прывілеяванага становішча традыцыйных цэркваў, якое ушчамляла сацыяльна-эканамічныя правы гараджан.
Пераважная колькасць сялян, як і гарадского насельніцтва, захоўвалда сваю прыхільнасць праваслаўнай рэлігійнай традыцыі, нягледзячы на націск феадалаў-пратэстантаў.
З сярэдзіны ХYI ст. на Беларусі арганізоўваюцца рэфармацыйныя абшчыны (зборы) у Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Беліцы, Заслаўі, Менску, Віцебску, Полацку і інш. Рэфармацыйны рух набыў стройную кальвінісцкую арганізацыю. У ХYI – першай палове ХYIІ ст. на тэрыторыі Беларусі было створана каля 85 кальвінісцкіх і 7 арыянскіх збораў. У 1557 г. у Вільні быў утвораны Сінод пратэстанцкіх абшчын ВКЛ. Пры зборах існавалі рэфармаваныя цэрквы, адкрывалі школы, шпіталі, друкарні. Большасць рэфармацыйных абшчын знаходзілася ў залежнасці ад феадалаў пратэктараў, якія іх матэрыяльна падтрымлівалі. У 1560-я гг. адбыўся раскол кальвінісцкага лагера. З яго вылучыўся радыкальна-рэфармацыйны кірунак – антытрынітарыі (прыхільнікі арыянства), якія крытыкавалі асновы феадалізму, падтрымлівалі патрабаванні нізоў. Пераемнікамі антытрынітарыяў былі сацыяне.
Рэфармацыйны рух адыграў пэўную ролю ў развіцці талерантнасці ў ВКЛ. У 1564 г. уся шляхта і магнаты ВКЛ былі ўраўнаваны ў правах незалежна ад веравызнання, а ў 1573 г. сейм Рэчы Паспалітай зацвердзіў “Акт Варшаўскай канфедэрацыі”, дзе быў агучаны прынцып талерантнасці пры выбары рэлігіі.
Рэфармацыя ў ВКЛ насіла ў асноўным шляхецка-магнацкі характар. Феадалы-пратэстанты ў час палітычнага ўздыму Рэфармацыі на Беларусі і Літве займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады.
Рэфармацыя спрыяла актывізацыі духоўнага жыцця, распаўсюджванню новых, гуманістычных тэндэнцый, развіццю рэнесансавай культуры. З ёй звязана фарміраванне беларускай народнасці і станаўленне нацыянальнай самасвядомасці, пашырэнне кнігадрукавання, развіццё літаратуры, мастацтва, асветніцкай дзейнасці. Публіцыстыка рэфарматараў узбагаціла ідэйны змест беларускай літаратуры, яе тэматыку, жанры і стылі. Рэфармацыя падарвала аўтарытэт афіцыйнай тэалогіі, садзейнічала развіццю свецкіх ведаў, пашырэнню міжнародных сувязей і кантактаў.
3.Фарміраванне беларускай народнасці.