Аддзел адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна г

Вид материалаДокументы

Содержание


Вядучы зачытвае
Варты лепшага ў свеце кахання
Подобный материал:
1   2   3   4
На экране партрэт Валянціны Браніславаўны Караткевіч.

2 лістапада 1967 г. у Брэсцкім педінстытуце адбылося абмеркаванне творчасці У.Караткевіча. Там пісьменнік пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Валянцінай Браніславаўнай Нікіцінай (паводле прозвішча яе першага мужа, дзявочае яе прозвішча Ватковіч). Яна нарадзілася 28.6.1934 г. у Кіргізіі, дзе яе бацька, беларус з Ушаччыны, служыў у войску (загінуў на фронце ў 1941 г.). У 1947 г. маці з дачкой і сынам пераехала на Беларусь і пасялілася ў Радашковічах. Пасля заканчэння Радашковіцкай школы (беларускую мову там выкладаў Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі) Валянціна ў 1951-1956 гг. вучылася на гістарычным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Летам 1969 г. яна пераехала ў Мінск, працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, жыла ў сям'і Караткевіча. 19 лютага 1971 г. яны зарэгістравалі шлюб. Яна ўзяла ягонае прозвішча. Абмяняла сваю двухпакаёвую кватэру ў Брэсце на пакой у Мінску. Вясной 1973 г. двухпакаёвую кватэру Караткевіча на вуліцы Веры Харужай і яе пакой абмянялі на трохпакаёўку на вуліцы Карла Маркса, дзе ў далейшым і жылі ўтраіх (разам з маці пісьменніка).

У. Караткевіч прысвяціў Валянціне Браніславаўне верш "Таўры" і раман "Чорны замак Альшанскі" (1979), які пачынаецца словамі: "В. К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю".

Валянціна Браніславаўна была высокакваліфікаваным гісторыкам. Слушна пісаў А. Мальдзіс: "Тое, што зрабіла Валянціна Браніславаўна Караткевіч для падрыхтоўкі "Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", для таго, каб ён ішоў "без купюр", можна смела назваць навуковым подзвігам, грамадзянскай мужнасцю. Яна бясконца ездзіла ў экспедыцыі, абараніла не адзін помнік архітэктуры, пісала сама артыкулы і брашуры і рэдагавала чужыя. Аўтарытэт яе ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, дзе яна працавала, і ўвогуле ў навуковых колах быў высокі". У 1990 г. Валянціна Караткевіч (пасмяротна) і іншыя аўтары за гэта выданне былі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. Заўчасная смерць жонкі стала для Уладзіміра Сямёнавіча цяжкім ударам.


Безумоўна, вялікі ўплыў на пісьменніка аказала творчасць многіх знакамітых асоб беларускай гісторыі і культуры. Многім з іх ён прысвяціў свае творы.


Вядучы зачытвае ўрыўкі ў твораў паэта. Пасля таго, як вучні называюць асобу, пра якую гаворыцца, на экране зяўляецца партрэт.


Паўлюк Багрым

Мог бы славай грымець

Сярод годных паэтаў Еўропы, –

Гвалтам спуталі ногі,

Трымалі ўвесь час за руку.

Што пакіне ён?

Вершык у памяці хлопаў,

Кандэлябру ў касцёле

Ды кроў на гаручым пяску.


Максім Багдановіч

Нізка голаў схіляю, юнача,

Перад вечным глаголам тваім.

Смела крочу цяпер у пяскі я

Перад светлай заветнай гарой,

Бо як ёсць у народа такія –

Не загіне давеку народ.


Кастусь Каліноўскі

Недзе поруч ляжалі дарогі,

Кліч кахання ляцеў ад ніў,
Але ён не кахаў нікога,


Бо занадта радзіму любіў.

Варты лепшага ў свеце кахання,

Рана скончыўшы мужны палёт,

Русы хлопец золкім світаннем

На высокі ўзышоў эшафот.


Янка Купала

Знаю ўсе яго думы, трывогі,

Чую родны купалаўскі спеў...

Не, я ведаў Купалу жывога,

Хоць сустрэцца з ім і не паспеў.


Вядучы: Побач з пісьменнікам, да самага апошняга дня, заўсёды былі сябры. Успаміны іх нібы набліжаюць постаць гэтага выдатнага чалавека да нас, ствараючы партрэт шчырага і сумленнага працаўніка.

“Нядаўна яшчэ ён быў жывы наш сучаснік, любы, харошы сябра, няўрымслівы творца на ніве нацыянальнай культуры, чалавек “святы і грэшны” на сваёй “святой і грэшнай” зямлі. Але настаў час і выпадак ці капрызны прысуд прысуд няўмольнага лёсу аддзяліў яго ад жывых той непазбежнай рысай, за якой ўжо інакшая, чым раней, больш катэгарычная шкала людской годнасці, па якой нельга мераць “прыстрасна” і прыблізна. Тая шкала вымагае меры дакладнай і аб’ектыўнай, да якой абавязвае хіба адна толькі смерць.

Ён быў з пароды тых жыццялюбаў, якія ўсё радзей сустракаюцца ў нашым жыцці, тым больш нячаста ажыццяўляюцца ў мастацтве. Можна нават сказаць, што ён быў чалавек рэдкі, бо нават у сталыя гады шчасліва спалучаў у сабе чалавечую мудрасць з непасрэднасцю дзіцяці, любімага гадаванца прыроды. Гэтая рыса яго натуры, аднак, ніколі не прыніжала яго, давала падставу хіба што па-добраму дзівіцца, а то і захапляцца ягонай неардынарнасцю. Так, ён любіў усё натуральнае, лёгкае і радаснае як у паўсядзённых праявах побыту, так і ў бясхітраснасці чалавечых адносін, але з абавязковымі для іх шчырасцю і дабрынёй, якія ён ставіў на першае месца ўсялякіх добразычлівых адносін”.

“…Акуратнасць, дакладнасць, размах. Гэтыя рысы вабілі ў Караткевіча. Калі ён бараніў каго, дык абавязкова ад цэлай банды. Калі ішоў ад дзяўчыны, дык тут жа ўдакладняў, што сёння ўжо не ад першай. У нас нейкі час жыла маладая студэнтка, радня сябра майго сябра. Хто толькі ёй пры адыходзе з застолля не прызнаваўся ў каханні! Ілона празвала яе кошкай. Спакойна інтэлігентны Навум Кіслік неяк назаўтра казаў: «Гэта ж трэба так узяць, што нейкую кошку цалаваў». Караткевіч пайшоў далей, ён папрасіў рукі і паабяцаў купіць дачу на Чорным моры і ў прыдачу (якраз у рыфму) дачу прэзідэнта Акадэміі навук Купрэвіча з атамным бамбасховішчам. Я, праўда, абразіў ягоныя парыванні, заўважыўшы, што ў атамнае бамбасховішча добра і надзейна будзе хаваць пустыя бутэлькі. Хоць Караткевічу надзейней за ўсё трэба было хаваць рукапісы”.

Даверлівы і шчыры, ён пакінуў пасля сябе светлыя ўспаміны ў сяброў і малазнаёмых людзей. Біяграфія яго абрасла легендамі, што вынікалі з рэальных фактаў: і пра тое, што разам з ім жыў сапраўдны мядзведзь, і пра выпусканне на волю галубоў, купленых на Старажоўцы, і пра яго арыгінальныя вандроўкі па родным краі і за яго межамі, пра заўсёднае імкненне дапамагчы іншым і ўменне быць душой любой кампаніі. Ён змагаўся і з цяжкай хваробай ног і страўніка, і з дэпрэсіўнымі станамі душы пасля смерці роднай матулі і жонкі Валянціны Браніславаўны – цудоўнага чалавека, вялікай знаўцы беларускай старажытнасці. І нават свае перадапошнія дні дні ён правёў у вандроўцы па Прыпяці з фатографам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, які цудоўна праілюстраваў яго раман “Чорны замак Альшанскі”. На плыце было вырашана прайсці старадаўнім маршрутам. Усё складвалася някепска. Але раптам У. Караткевічу стала вельмі дрэнна. На машыне яго прывезлі ў Менск, у бальніцу. 25 ліпеня 1984 года ў чатыры гадзіны раніцы яго не стала.

Жыццё У. Караткевіча – ужо легенда. Незвычайнае, яркае, светла-трапяткое, яно нечакана і заўчасна абарвалася. І засталася недаспяваная песня. І толькі адна афіцыйная ўзнагарода – ордэн Дружбы народаў у яго актыве, у актыве змагара за адраджэнне беларускага народа, яго гістарычнай памяці. Але даражэй за гэта – узнагарода народная – удзячнасць беларусаў за мастацкі подзвіг, за цудоўныя кнігі, вершы, раманы, аповесці, нарысы, фільмы, што акрыляюць. Такія творы, што і сёння пякуць нашы сэрцы і душы.