Прадмет, мэты І задачы дысцыпліны “Гiсторыя Беларусi”

Вид материалаДокументы

Содержание


У культурным развіцці Беларусі у 17-18 ст.ст. выразна выдзяляюцца два перыяды
Тэатр скамарохаў
10. Палітычнае і сацыяльна -эканамічнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове XVIIIст. Падзелы РП і ўключэнне Беларусі
У другой палове XVIIIст. Рэч Паспалітая (РП) знаходзілася ў стане палітычнага і сацыяльна-эканамічнага заняпаду. Прычынамі заняп
13. Паўстанне 1863-1864гг. на Беларусі, яго вынікі і значэнне. Асноўныя напрамкі ўрадавай палітыкі царызму ў 60-90-я гады ХІХ ст
14. Буржуазныя рэформы і контррэформы 1860–80-х і іх правядзенне
16. Асноўныя тэндэнцыі эканамічнага развіцця Еўропы ў пач. XX ст. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі ў 1900-
Подобный материал:
1   2   3   4

У культурным развіцці Беларусі у 17-18 ст.ст. выразна выдзяляюцца два перыяды:

Першы - 17 – перш.палова 18 стст. У гэты час духоўнае і культурнае развіцце Беларусі адбывалася пад моцным уплывам контррэфармацыі і наступлення каталіцызму. Гэта выяўлялася ў росце колькасці каталіцкіх касцёлаў, скасаванні рэлігійнай талерантнасці, наступленні на іншыя рэлігійныя напрамкі.


Другі перыяд у развіцці культуры Беларусі ў складзе РП пачаўся ў 40-50гг. 18 ст. і працягваўся да канца 18 ст. Асаблівасцю гэтага перыяду было пранікненне на Беларусь ідэй Асветніцтва. Асветнікі выступалі супраць феадальна-царкоўнага светапогляду; выступалі за распаўсюджванне прыродазнаўчых і гуманітарных ведаў.

Адукацыя і навука да сярэдзіны 18 ст. былі манаполіяй каталіцкай царквы і знаходзіліся ў руках розных каталіцкіх ордэнаў. У гарадах Беларусі было каля 20 езуіцкіх школ-калегіумаў. Буйнейшай навучальнай установай у ВКЛ была Віленская езуіцкая акадэмія, заснаваная ў 1579 годзе. Акрамя езуітаў свае школы на Беларусі мелі і іншыя каталіцкія ордэны. Выкладанне ў іх вялося на лацінскай і польскай мовах. На Беларусі дзейнічала шмат уніяцкіх школ, якія называліся базыліянскімі, навучанне там вялося на беларускай мове.

У 70-я гады 18 ст. (1773 г.) у РП была праведзена шырокая рэформа у галіне асветы. Была створана Адукацыйная камісія, якая фактычна стала першым міністэрствам асветы. Згодна з новым Статутам народнай асветы школы набывалі свецкі характар, ад іх кіраўніцтва адхілялася духавенства. Значная месца адводзілася вывучэнню прадметаў фізіка-матэматычнага і прыродазнаўчага цыклаў. У цэлым, рэформа адукацыі у РП насіла прагрэсіўны характар і адпавядала патрэбам часу.

Пэўны ўклад унеслі ўражэнцы Беларусі у развіццё навукі.

Казімір Семяновіч упершыню у Еўропе распрацаваў шматступенчатую ракету. Свае адкрыцці ён выклаў у кнізе “Вялікае майстэрства артылерыі”.

Ілля Капіевіч выдаў на рускай мове першы дапаможнік па матэматыцы, надрукаваў “граматыку лацінскую і рускую”, стаў стваральнікам новага грамадзянскага шрыфта, які сёння ўжываецца ў нашым пісьме.

Марцін Пачобут-Адляніцкі - вучоны-прыродазнавец, астраном, вывучаў планету Меркурый.

Казімір Лышчынскі напісаў трактат “Аб неіснаванні Бога”, за што быў спалены царкоўнікамі на кастры.

Літаратура др. паловы 17 - пач. 18 стст. мела пераходны характар ад сярэднявечча да ідэй і форм новага часу. Знікаюць такія жанры як летапісы, палемічная проза. Нараджаюцца новыя - сатырычная проза (“Прамова Мялешкі”,”Ліст для Абуховіча” і інш), школьныя драмы на біблейскія сюжэты, інтермедыі, камедыі.

У др. палове 18ст. беларускамоўная літаратура перажывае глыбокі крызіс. Большасць літаратурных твораў у гэты перыяд напісана на польскай мове.

Тэатральнае мастацтва ў 17-18 ст.ст. дасягнула высокага узроўню. Далейшая развіццё атрымалі ўсе віды тэатраў. Тэатр скамарохаў, дзе выступалі вандроўныя народныя акцёры (песняры, дудары, гусляры, скрыпачы, штукары, павадары мядзедзяў). Працягваў развівацца лялечны тэатр-батлейка. У езуіцкіх навучальных установах з’явіўся школьны тэатр. Унікальнай з’явай беларускай культуры былі прыгонныя або магнацкія тэатры, якія стварыліся пры дварах магнатаў: Радзівілаў – у Нясвіжы, Сапегаў – у Ружанах, Агінскіх – у Слоніме, Тызенгаўзаў – у Гродне і інш.

Музычнае мастацтва атрымала значнае развіццё. У гарадах Беларусі меліся музычныя ансамблі, былі створаны аркестры. Дзейнічалі некалькі музычных школ, самай вядомай з якіх была Нясвіжская школа Радзівілаў. У маёнтку Залессе калі Смаргоні пісаў сваю цудоўную музыку Міхаіл Клеафас Агінскі - аўтар славутага паланэза “Развітанне з радзімай”.

У архітэктуры Беларусі 17-18 стст. найбольш поўна праявіўся стыль барока. Першым збудаваннем у гэтым стылі быў Нясвіжскі езуіцкі касцёл 16ст.(арх.- Бернардоні). Пазней з’яўляецца т.зв. “віленскае барока”, якое дапаўнялася мясцовымі архітэктурнымі традыцыямі (арх.Я.Глаўбіц). Напрыканцы 18 ст. пашыраецца палацава-паркавая архітэктура.

Выяўленчае мастацтва развівалася у трох асноўных накірунках: іканапісанне, партрэтны жавапіс і манументальны жывапіс. Значнае развіццё атрымала беларуская графіка (чорна-белы малюнак).

Састаўной часткай беларускай культуры было дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: разьба па дрэву, вырабы з саломкі, вытворчасць мастацкай керамікі, вырабы са шкла, з металу, мастацкае ткацтва (габелены-шпалеры, слуцкія паясы).

10. Палітычнае і сацыяльна -эканамічнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове XVIIIст. Падзелы РП і ўключэнне Беларусі

ў склад Расійскай імперыі. Паўстанне Т. Касцюшкі.

У другой палове XVIIIст. Рэч Паспалітая (РП) знаходзілася ў стане палітычнага і сацыяльна-эканамічнага заняпаду. Прычынамі заняпаду былі:

  • Слабасць цэнтральнай улады, выкліканая неабмежаванымі шляхецкімі вольнасцямі і перш за ўсё liberum veto.
  • Абвастрэнне рэлігійных супярэчнасцяў паміж католікамі і некатолікамі (праваслаўнымі, пратэстантамі,уніятамі).
  • Узмацненне сацыяльных канфліктаў (паўстанне В.Вашчылы, казацкі рух на Украіне і інш.)
  • Бесперапынныя разбуральныя і спусташальныя войны (Лівонскя вайна, вайна 1654-1667г.г., Паўночная вайна і інш.)

Слабасць РП скарысталі яе суседзі, манархічныя дзяржавы - Расія, Аўстрыя і Прусія. У 1772г. адбыўся першы падзел РП. Штуршком для яго былі патрабаванні некатолікаў ураўнаваць іх у правах з каталіцкім насельніцтвам. На дапамогу прыйшло 40-тысячнае рускае войска. У выніку першага падзелу да Расіі адыйшла ўсходняя частка Беларусі. Адпаведныя тэрыторыі акупіравалі Аўстрыя і Прусія.


Пасля гэтага прагрэсіўныя сілы робяць спробу выратаваць гінучую дзяржаву. 3 мая 1791г. Сойм прымае Канстытуцыю краіны, якая была накіравана на узмацненне цэнтральнай улады. Аднак кансерватыўная шляхта ўбачыла ў ёй ушчамленне сваіх правоў і вольнасцяў. Яна стварае Таргавіцкую канферэнцыю і запрашае на дапамогу расійскія войскі. У студені 1793 г. адбыўся другі падзел РП паміж Расіяй і Прусіяй. Да Расіі адыйшла цэнтральная частка Беларусі.

Ад канчатковага падзелу РП магло выратаваць толькі ўзброеннае супраціўленне агрэсарам. У 1794 г. у Кракаве ўспыхнула паўстанне, якое ўзначаліў Тадэвуш Касцюшка. Мэтамі паўстання былі барацьба за суверэнітэт РП, пазбаўленне яе ад іншаземнай акупацыі, аднаўленне ў межах 1772г., аднаўленне Канстытуцыі 3 мая 1791г. Дэвізам паўстання сталі словы “вольнасць, цэласнасць, незалежнасць”. У Вільні паўстаннем кіраваў палкоўнік Якуб Ясінскі. Паўстанне працягвалася з сакавіка па кастрычнік 1794г. і было падаўлена расійскімі войскамі пад кіраўніцтвам А.Суворава. У кастрычніку 1795г. адбыўся апошні, трэці падзел РП. Па яго ўмовах уся тэрыторыя Беларусі была далучана да Расійскай імперыі.

Рэч Паспалітая спыніла сваё існаванне.

11. Урадавая палітыка царызму на Беларусі ў канцы XVIII

- першай палове XIX стст.

Пасля ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі, царскі ўрад праводзіў тут з канца 18 да пачатку 20 ст. цэнтралісцкую аб’яднальную палітыку. Канчатковай мэтай яе было зліццё новых тэрыторый з рускімі рэгіёнамі. Мяняліся толькі тактыка і лідэры гэтай палітыкі. Адбывалася пераарыентацыя палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця Беларусі на Усход.

На далучаных тэрыторыях уводзіўся новы адміністрацыйны падзел. Былі створаны генерал-губернатарствы - Літоўскае (Віленская, Гродзенская, Мінская губерні) і Беларускае (Віцебская і Магілёўская губерні). Дзеля русіфікацыі заахвочваўся пераезд на Беларусь рускіх чыноўнікаў і абмяжоўваўся доступ да заняцця дзяржаўных пасад мясцовых жыхароў. Усё насельніцтва, за выключэннем сялян, прыводзіліся да прысягі на вернасць Расіі. Тыя, хто не жадаў гэтага рабіць, вымушаны былі выехаць за мяжу (эмігрыраваць). Абсалютная большасць магнатаў і шляхты прынялі прысягу і атрымалі роўныя правы з рускім дваранствам. Тым не менш частка шляхты трапіла пад так званы “разбор шляхты” - выключэнне з дваранскага саслоўя пры адсутнасці дакументаў, якія падцвярджалі дваранскае званне.

Для стварэння на далучаных тэрыторыях надзейнай апоры, расійскія ўлады праводзілі шырокую раздачу зямель разам з прыгоннымі сялянамі сваім генералам і буйным чыноўнікам. Была ўведзена Расійская падатковая сістэма: замест ранейшага падворнага падатку ўводзіуся падушны – з кожнай душы мужчынскага полу. Ад пэўнай колькасці гэтых душ (спачатку ад 200, а потым ад 125) забіраўся адзін хлопец на 20-гадовую рэкруцкую службу ў Расійскай арміі.

У 1831 г. беларуская шляхта падтрымала паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772г. Гэта яшчэ больш узмацніла наступленне на яе правы. Актывізаваўся “разбор шляхты”. Было скасавана магдэбурскае права гарадоў. На тэрыторыі Беларусі ўводзілася расійскае заканадаўства. Дзеянне Статута ВКЛ было адменена. Быў закрыты Віленскі універсітэт.

Адным галоўным напрамкаў урадавані палітыкі стала барацьба супраць уплыву каталіцкай царквы. Яе дзейнасць была абмежавана, касцёлы зачыняліся,у дзяржаўную маёмасць перадаваліся маёнткі духавенства.

Разам з тым улады імкнуліся ліквідаваць беларускамоўную уніяцкую царкву, да якой належыла 2/3 насельніцтва Беларусі. У 1839г. была скасавана Берасцейская царкоўная ўнія 1596 года, уніяты пачалі прымусова далучацца да праваслаўя. Дэвізам навучання ў школах сталі словы ”Православие, самодержавие, народность”.

З далучэннем да Расіі пачалася дыскрымінацыі яўрэйскага насельніцтва. Была ўведзена мяжа яўрэйскай аседласці, за якой пражыванне яўрэям забаранялася. Іх прымусова перасялялі ў гарады і пераводзілі ў хрысціянства.

Уніфікатарская дзейнасць царскіх улад хоць і мела вынік, але не магла хутка ліквідаваць асаблівасці беларускіх зямель і выкараніць тут апазіцыйныя настроі.

12. Грамадска-палітычны рух на Беларусі у першай палове XIX ст. Тайныя студэнцкія і вучнёўскія таварыствы. Дзекабрысцкі рух. Беларусь у час французска-рускай вайны 1812г. Паўстанне 1830-1831гг.


Пачатак 19 ст. у Заходняй Еўропе ішоў пад уплывам Вялікай французскай рэвалюцыі. Узнікла палітычная дактрына інтарэсаў прамысловай буржуазіі, так званы лібералізм. Для яго характэрны ідэі свабоды, абмежаванні правоў манарха, парламент, зацвярджэнне канстытуцыйнага ладу. У Францыі гэта асаблівасць палітычнага развіцця прывядзе да ўлады Напалеона Банапарта у 1801 годзе, які далей пачне перакройваць карту Еўропы. У выніку авантурыстычнага паходу 1812 года Напалеона на Расію Беларусь апынулася у эпіцэнтры баявых дзеянняў. Значнай праблемай для Беларусі з’явяцца неаднолькавыя адносіны да Напалеона насельніцтва ( адна частка, апалячанная шляхта, падтрымала заваёўніка, спадзяючыся на аднаўленне ВКЛ, другая частка сустрэла адмоўна, баючыся, што Напалеон адменіць прыгоннае права). Галоўнай ахвярай гэтых падзей стане беларускае сялянства, ад якога патрабаваліся пастаўкі фуражу, зерня, харча, як для арміі Напалеона, так і для рускай арміі. Летам 1812 года Беларусь стала арэнай баявых дзеянняў. Баі пад Мірам, каля вёскі Раманава пад Магілёвам, Полацкам спустошылі беларускія землі. Створаная Напалеонам камісія часовага ураду ВКЛ галоўнай мэтай дзейнасці зрабіла збор з насельніцтва падаткаў на карысць французскай арміі.

Другі раз вайна прыйшла на Беларусь пад час адступлення французскіх войск. Рашаючая бітва адбылася каля в.Студзёнка пад Барысавам. 600-тысячная армія Напалеона на пачатку вайны з Расіяй пасля пераправы праз Бярэзіну, мела меньш за 60 тыс. У Смаргоні Напалеон пакінуў армію і ад’ехаў у Парыж. 8 снежня 1812 г. рускія войскі занялі Гродна.

Вынікам вайны для Беларусі была масавая гібель людзей. У грашовых адносінах страты ад вайны склалі 52 млн. руб. серабром. Імператар Аляксандр І дараваў здраду мясцовым памешчыкам, але нічога не зрабіў для сялян, хто змагаўся у партызанскіх атрадах на баку расійскіх войскаў.

Для Напалеона вайна была праіграна. 9 чэрвеня 1815г. Аляксандр І падпісаў Заключны Акт Венскага кангрэсу. Па ім Расія атрымала значную частку былога Герцагства Варшаўскага. Аляксандр І дазволіў польскай шляхце ў гэтых межах стварыць сваю аўтаномію, мець сваю канстытуцыю, сейм і армію. Але гэтыя паблажлівыя адносіны да шляхты не далі жадаемых вынікаў. Апазіцыйны рух супраць царызму набіраў абароты.

Пад уплывам ліберальна-дэмакратычных ідэй Зах. Еуропы пасля вайны 1812г. у Беларусі пачынае фарміравацца дэмакратычны рух. Яго праявы пачаліся ў дзейнасці розных тайных арганізацый пры навучальных установах, цэнтрам якіх быў Віленскі універсітэт. Праз культурна-асветніцкую працу – вывучэнне беларускага краю, этнічных асаблівасцей беларусаў ішло імкненне далучыць іх да пратэсту супраць афіцыйнай палітыкі царкіх улад. Такой была дзейнасць створанных студэнтамі “Таварыства філаматаў”, “Таварыства філарэтаў”, тайнага польскага” Патрыятычнага таварыства” і інш. Дзейнасць гэтых арганізацый спалучалася з дзейнасцю будучых дзекабрыстаў з асяроддзя рускай арміі, расквартыраванай пасля вайны 1812 г. на Беларусі: М. Мураўёў, С. Мураўёў-Апостал, Бястужаў-Румін і інш. У сваіх палітычных ідэях права на незалежнасць прызнавалася імі толькі за Польшчай. Праблемы беларускага народа дзекабрысты звязвалі з Расіяй, так як лічылі іх часткай рускага этнасу.

Сваеасаблівасць нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі першай паловы ХІХ ст. была у тым, што апалячаная беларуская шляхта і дваранская інтэлігенцыя выступалі супраць царызму разам з палякамі, прымалі польскія лозунгі і мэты руху. Польскі ж нацыянальна-вызваленчы рух ставіў мэту аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Нацыянальныя інтарэсы беларусаў не улічваліся. Таму яны прынялі вельмі слабы удзел у паўстанні 1830-1831гг., якое пачалося у Польшчы. Царызм падавіў гэта паўстанне, ліквідаваў Каралеўства Польскае, канстытуцыю 1815 г., сейм, армію і увёў расійскі тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел. С 1831г. узмацняееца курс на русіфікацыю гэтага краю. Актывізуецца т.з. “разбор” шляхты. У 1832г. створаны ”Асобны камітэт па справах заходніх губерній” для ажыцяўлення мер па русіфікацыі края. У 1832 г. быў зачынены Віленскі універсітэт, забаронена польская мова ў справаводстве, школах. У 1840 г. адменена дзейнасць Літоўскага Статута 1588г. Расійскае заканадаўства ўводзіцца на усёй тэрыторыі Беларусі. Спецыяльным указам 1840 г. забараняецца выкарыстоўваць назвы “Беларусь” і “Літва”. Замест іх уводзіцца назва “Северо-Западный край”. Каталіцкі касцёл атрымаў абмежаванні ў сваёй дзейнасці. У 1839 г. уніяцкая царква далучана да праваслаўнай.

13. Паўстанне 1863-1864гг. на Беларусі, яго вынікі і значэнне. Асноўныя напрамкі ўрадавай палітыкі царызму ў 60-90-я гады ХІХ ст.

Паўстанне 1863-1864гг. з’явілася як бы працягам паўстання 1830-31гг., галоўнай мэтай якога было аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Але сваеасаблівасць паўстання 1863-64гг. была у тым, што інтарэсы польскага нацыянальнага руху вырашаліся на глебе незадаволенасці сялянствам вынікамі аграрнай рэформы 1861 г. Адсюль і два напрамкі дзейнасці – т.з. “белых” і “чырвоных”. “Белыя” – буйная і сярэдняя шляхта, гандлёва-фінансавая буржуазія Польшчы, у Беларусі і Літве – памешчыкі. “Чырвоныя” – дробная і сярэдняя шляхта, рамеснікі, навучэнцы, інтэлігенцыя. Арганізацыйна пачатак паўстання быу пакладзены ў Варшаве стварэннем у 1862 г. “Цэнтральнага нацыянальнага камітэта” (ЦНК). У Беларусі і Літве быў створаны Літоўскі Правінцыяльны Камітэт (ЛПК). Фармальна ён падпарадкоўваўся ЦНК. Як вядома, узначаліў паўстанне на Беларусі К. Каліноўскі, які з лета 1862 г. разам з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім пачынае выдаваць газету “Мужыцкая праўда”. Яна была адрасавана сялянам, у даступнай форме раскрывалася сутнасць царскай палітыкі, грабежніцкі характар рэформы 1861г. Пасля пачатку паўстання ў Польшчы 10 студзеня 1863г. Літоўскі камітэт вымушаны быў падтрымаць паўстанне у Польшчы і 1 лютага 1863г. звярнуцца да насельніцтва Беларусі і Літвы з заклікам падняцца на ўзброенную барацьбу. Да красавіка 1863г. паўстанцкія атрады з дробнай шляхты, сялян, рамеснікаў пачалі дзейнічаць па усёй тэрыторыі Беларусі. 1 сакавіка 1863 г. Аляксандр ІІ выдае указ аб адмене часоваабязаных адносін, вяртанні адрэзкаў, змяншэнні выкупных плацяжоў на 20% на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі. На падаўленне паўстання была накіравана 200 тыс. расійская армія.

Паўстанне была падаўлена. К лету 1864 г. апошнія паўстанцкія арганізацыі былі ліквідаваны. У студзені 1864 г. быу арыштаваны К.Каліноўскі, а 22 сакавіка ён быў павешаны ў Вільні.

Вынікі паустання. З аднаго боку, яно адыграла значную ролю ў гісторыі беларускага народа, садзейнічала абуджэнню самасвядомасці беларусаў, прымусіла царскі урад пайсьці на больш выгадныя умовы правядзення сялянскай рэформы у Беларусі і Літве. З другога боку, удзельнікі паўстання былі падвержаны бязлітасным рэпрэсіям: 128 чалавек былі пакараны смерцю, 850 сасланы на катаргу, 12,5 тыс. чалавек выселены. Быў закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, скарацілася колькасць сярэдніх навучальных устаноў. Пачалася жорсткая русіфікацыя краю – ўвядзенне рускай мовы як абавязковай. На ўсе адміністрацыйныя пасады былі пастаўлены расійскія чыноўнікі, якіх прываблівалі рознымі эканамічнымі выгадамі. Паўсюдна размяшчаліся расійскія войскі, на якіх таксама ўскладалася русіфікатарская місія. Буржуазныя рэформы 60-70гг. былі праведзены са значным спазненнем на Беларусі.

14. Буржуазныя рэформы і контррэформы 1860–80-х і іх правядзенне

на Беларусі. Асаблівасці развіцця капіталізму ў Беларусі.

Адмена прыгоннага права. Татальнае адставанне Расіі ад Еўропы выявілася пад час Крымскай вайны 1853-1856 гг. На этапе падрыхтоўкі рэформы ў студзені 1857 быў створаны «Сакрэтны камітэт па сялянскай справе». Ён збіраў пажаданні памешчыкаў аб умовах правядзення рэформы. 8 студзеня 1858 «Сакрэтны камітэт» быў пераўтвораны ў Галоўны камітэт па ўпарадкаванні сельскага насельніцтва. Гэта было афіцыйным пачаткам рэформы. 19 лютага 1861 Маніфест аб’явіў аб адмене прыгоннага права. У “Агульным палажэнні” змяшчаліся адзіныя для імперыі прынцыпы правядзення рэформы: памешчыкі заставаліся ўласнікамі ўсёй зямлі; частка зямлі адводзілася сялянам у пастаяннае карыстанне без права маёмасці; на 9 год уводзілася часоваабавязанае становішча сялян; адмянялася асабістая залежнасць сялян ад памешчыкаў. Уласнікам зямлі селянін ставаў пасля выкупа надзела, за які плаціў 20% выкупной сумы, астатнюю частку – 80% памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы. Сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы і павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць ёй выкупныя плацяжы і працэнты (цалкам адменены 1 студзеня 1907 г.).

Буржуазныя рэформы. Першай з праведзеных пасля адмены прыгоннага права рэформаў была земская (на Беларусі з 1911). У губернях і паветах стваралася сістэма органаў мясцовага самакіравання, якія займаліся пытаннямі мясцовай гаспадаркі, гандлю, прамысловасці. Гарадская 1870 рэформа мела мэтай упарадкаваць кіраванне гарадамі. Ствараліся органы кіравання – гарадскія думы і ўправы. Судовая 1864 рэформа ліквідавала саслоўныя суды. Суд станавіўся адкрытым і незалежным; ствараўся інстытут адвакатуры і прысяжных засядацеляў, была ўведзена пасада натарыуса. Ваенная 1862 рэформа мела мэтай стварэнне арміі буржуазнага тыпу з кваліфікаваным асабістым саставам, сучаснай зброяй, добра падрыхтаванымі афіцэрскімі кадрамі. Быў выдадзены закон аб усеагульнай воінскай павіннасці мужчын, якія дасягнулі 20-гадовага ўзросту. Уводзіўся скарочаны тэрмін службы: для сухапутных войскаў – 6 гадоў, для флоту 7 гадоў службы. Цэнзурная рэформа 1865 адменяла папярэднюю цэнзуру для твораў аб’емам больш 10 друкаваных аркушаў. Рэформа адукацыі прадугледжвала ўвядзенне новага ўніверсітэцкага статута, а таксама новага статута гімназіі. Атрымліваць адукацыю маглі прадстаўнікі ўсіх саслоўяў.

Контррэформы. Асноўная мэта: умацаванне самадзяржаў’я і вынішчэнне “крамолы”. З мэтай практычнай рэалізацыі ўводзіўся інстытут земскіх начальнікаў, што ўмацавала пазіцыі ўрада на месцах; былі ўмацаваны пазіцыі дваранства ў мясцовых органах земскага самакіравання шляхам зніжэння маёмаснага цэнзу для памешчыкаў і павялічэння для гарадскіх жыхароў; колькасць пасяджэнняў думы абмяжоўвалася, а пастановы гарадскіх дум сталі зацвярджацца губернскім кіраўніцтвам; з ведама суда прысяжных адбіраліся справы аб “супраціўленні ўладам”, абмяжоўвалася публічнасць і галоснасць пасяджэнняў; былі ўведзены “часовыя правілы” аб друку, якія ўзмацнілі цэнзуру.

15. Фарміраванне беларускай нацыі. Ідэйна-арганізацыйнае самавызначэнне беларускага нацыянальнага руху. Фарміраванне беларускай літаратурнай мовы. Культура Беларусі XIX–пачатку XX. Даследаванне гісторыі і культуры Беларусі ў XIX.

Нацыя (ад лац. natio – племя, народ) – гістарычная супольнасць людзей, якая характарызуецца ўстойлівымі эканамічнымі і тэрытарыяльнымі сувязямі, агульнасцю мовы, культуры, звычаяў, самасвядомасці. У гісторыі фарміравання беларускай нацыі можна вылучыць два перыяды. Першы ахоплівае канец XVIII – п.п. XIX ст. і з’яўляецца своеасаблівым пераходам ад феадальнай народнасці да пачатку станаўлення буржуазнай нацыі. Наступны перыяд пачынаецца з др.п. XIX ст. і характарызуецца як час станаўлення і развіцця беларускай нацыі ў эпоху капіталізму. Фарміраванне беларускай нацыі стрымлівалася: русіфікатарскай палітыкай царызму, слабасцю нацыянальнай буржуазіі, інтэлігенцыі, самасвядомасці і інш. Кансалідацыя беларускага этнасу ў нацыю суправаджалася ростам нацыянальнай самасвядомасці. З др.п. XIX ст. усё больш ўжываюцца назва “Беларусь” і этнонім “беларусы”. Паводле перапісу 1897 беларускую мову роднай лічыла 74% насельніцтва Беларусі. Важнае значэнне на шляху абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў адыгралі працы І.Насовіча, Я.Карскага, В.Ластоўскага, асабліва яго “Кароткая гісторыя Беларусі”, дзе ўпершыню беларускі этнас разглядаецца як суб’ект гістарычнага працэсу.

Асаблівасцю асветы Беларусі з’яўляліся: зараджэнне ваеннага і прафесійнага навучання; адсутнасць ВНУ пасля закрыцця у 1864 Горы-Горацкага земляробчага інстытуту; забарона выкладання на беларускай мове. “Бацькам” беларускага культурнага адраджэнне стаў Ф.Багушэвіч, які адным з першых абгрунтаваў самастойнасць беларускай мовы (“Дудка беларуская” і “Смык беларускі”). У п. XX ст. рашаючую ролю ў развіцці беларускай літаратуры адыгрывала адзіная ў краі газета “Наша ніва”, сельскагаспадарчы аддзел якой перарос у самастойны часопіс “Саха”. У 1870 выйшаў першы беларуска-рускі слоўнік І.І.Насовіча. Вылучылася цэлая плеяда беларускіх этнографаў: М.Я.Нікіфароўскі, П.В.Шэйн, Е.Р.Раманаў. Тэатры былі «аб’язднымі». Падзеяй у тэатральным жыцці Беларусі стала ўзнікненні першай аматарскай трупы беларускага нацыянальнага тэатра В. Дуніна-Марцінкевіча. У 1871 створана Мінскае музычнае вучылішча арганістаў. Галоўную ролю ў фарміраванні архітэктурнага выгляду беларускіх гарадоў адыграла Віленская архітэктурная школа. Важную ролю ў развіцці жывапісу ў гэты перыяд мела Віленская школа жывапісу (заснавальнікам быў Ф. Смуглевіч). Падрыхтоўка вялася і ў Полацкай езуіцкай акадэміі. Прадстаўніком гістарычнай навукі быў прафесар Віленскага універсітэта I. Даніловіч. Ім былі выдадзены Статут ВКЛ 1529, Судзебнік Казіміра IV 1468, Супрасльскі летапіс і іншыя крыніцы. Вялікую вядомасць у п.п. XIX атрымала дзейнасць братоў Тышкевічаў, стваральнікаў беларускай археалогіі і музеязнаўства (прыватны музей старажытнасцяў у Лагойску). У 1855 Я. Тышкевіч арганізаваў Віленскую археаграфічную камісію. Свой уклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі П. Шпілеўскі, А. Кіркор і іншыя.

16. Асноўныя тэндэнцыі эканамічнага развіцця Еўропы ў пач. XX ст. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі ў 1900-14 гг. Сталыпінская рэформа.

Вынікам крызісу 1900-1903 і дэпрэсіі 1904-1908 сталі: паскарэнне канцэнтрацыі вытворчасці; выцясненне дробных прадпрыемстваў буйнымі капіталістычнымі фабрыкамі і заводамі; будаўніцтва новых прадпрыемстваў; пераабсталяванне раней пабудаваных прадпрыемстваў. Асаблівасці прамысловасці на Беларусі: 1. вядучыя галіны вытворчасці на Беларусі: харчовая, лесанарыхтоўкі, дрэваапрацоўчая. 2. з’яўляюцца манапалістычныя аб’яднанні (Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю, ў Віцебску мясцовы сіндыкат гаспадароў цагельных заводаў). 3. Адначасова ішоў працэс акцыяніравання.

Падзеі Крывавай нядзелі ў Пецярбургу 9 студзеня 1905 ускалыхнулі ўсю краіну. Забастоўкі салідарнасці 11-15 студзеня ахапілі Мінск, Магілёў, Гомель, Гродна, Смаргонь – усяго каля 30 гарадоў Беларусі, але вясной эканамічныя патрабаванні пераважалі над палітычнымі. У адказ на паўстанне на браняносцы “Пацёмкін” пачаліся хваляванні ў арміі. 6 жніўня 1905 Мікалай II падпісаў маніфест аб скліканні парламента – Дзяржаўнай Думы. У канцы верасня ў Маскве распачалася гарадская стачка, якая перарасла ва Усерасійскую. 17 кастрычніка Мікалай II падпісаў маніфест аб абвяшчэнні дэмакратычных свабод і наданні Думе права заканадаўчай ініцыятывы. У Мінску пад час “курлоўскага расстрэлу” загінула каля 100 чалавек. У першую Думу ад Беларусі было абрана 36 дэпутатаў. Пачатак дзейнасці парламента супаў з новым ростам выступленняў працоўных, якія кантраляваліся прафсаюзамі. У гэтых умовах націску на працоўных адбыліся выбары ў другую Думу (20 лютага да 3 чэрвеня 1907). Але адначасова Мікалай II змяніў выбарчае заканадаўства, чаго не меў права рабіць без згоды парламента, таму роспуск другой Думы лічыцца чэрвеньскім дзяржаўным пераваротам. Ім скончылася рэвалюцыя 1905-1907.

Указ 9 лістапада 1906 (з 14 чэрвеня 1910 – дзяржаўны закон) абвясціў асноўныя прынцыпы рэформы сельскай гаспадаркі. Сталыпінскай праграмай перабудовы вёскі прадугледжвалася: разбурэнне сельскай абшчыны; насаджэнне хутарскіх або адрубных сялянскіх гаспадарак; разнастайная, у тым ліку матэрыяльная дапамога сялянам; добравольнае перасяленне малазямельных і беззямельных сялян у Сібір, на Паўночны Каўказ і інш. Да 1914 з Беларусі па праграме перасялення выехала каля 350 тыс. чал., з іх вярнуўся кожны дзесяты. Існаваў і другі напрамак эміграцыі беларусаў – краіны Захаду (ЗША, Канада, Германія, Аргенціна, Бразілія). Да 1913 выехала 1,5 млн. чалавек, вярнулася 600 тыс. У выніку рэформы памешчыцкае землеўладанне захавалася, але яго доля скарацілася да 47% агульнай зямельнай плошчы. Адбыўся істотны рост сялянскай гаспадаркі. Яна давала каля 90% збору збожжа і бульбы. Адбылася канцэнтрацыя зямлі ў руках заможных сялян, а гэта ўмова перабудовы сельскай гаспадаркі на буржуазны лад. Адбыўся рост капіталаў у таварыствах узаемнага крэдытавання.