Мэце стварэнне ўмоў для развіцця інтэлектуальных здольнасцей вучняў, схільных да навукова-даследчай дзейнасці. У адпаведнасці з акрэсленай мэтай вырашаюцца наступныя задачы

Вид материалаДокументы

Содержание


Змест курса
1. Афармленне навуковай працы (усяго 6 гадзін, з іх на практыку – 3)
2. Праца над Уводзінамі навуковага даследавання (усяго 4 гадзін, з іх на практыку – 2)
3. Праца над тэарэтычным раздзелам па праблеме даследавання(усяго 4 гадзіны, з іх на практыку – 2)
4. Праца над Асноўнай часткай даследавання (усяго 6 гадзін, з іх на практыку – 2)
5. Праца над Заключнай часткай даследавання (усяго 2 гадзіны, з іх на практыку – 1)
7. Асновы прамоўніцкага майстэрства (усяго 3 гадзіны, з іх на практыку – 1 )
8. Прымяненне асноў інфарматыкі для даследчай дзейнасці (усяго 2, з іх на практыку 1)
9. Абагульненне і сістэматызацыя матэрыялаў (усяго 2 гадзіны)
Прагназуемыя вынікі
Дадатак а
Дадатак б
Подобный материал:

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь


Драбеня Ф.В


Малады Даследчык


ПРАГРАМА

факультатыўных заняткаў для XІ класа

агульнаадукацыйных устаноў з беларускай

і рускай мовамі навучання


Мінск 2009

Тлумачальная запіска

Праграма разлічана на вучняў 11 класаў агульнаадукацыйных устаноў і накіравана на падрыхтоўку школьнікаў, якія маюць высокую матывацыю да вучэбна-пазнавальнай і навукова-даследчай дзейнасці, да ўдзелу ў навукова-практычных канферэнцых.

Праграма факультатыўных заняткаў “Малады даследчык” мае на мэце стварэнне ўмоў для развіцця інтэлектуальных здольнасцей вучняў, схільных да навукова-даследчай дзейнасці.

У адпаведнасці з акрэсленай мэтай вырашаюцца наступныя задачы:
  1. абуджэнне цікавасці школьнікаў да вывучэння праблемных пытанняў беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства;
  2. знаёмства з асновамі вучнёўскай даследчай працы па філалогіі;
  3. выпрацоўка ўмення ствараць тэкст навуковага даследавання;
  4. творчае развіццё даследчыкаў-пачаткоўцаў, фарміраванне навыкаў самастойнай навуковай працы;
  5. развіццё ўменняў фармуляваць праблему, працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, лагічна выкладаць факты і аргументы, абгрунтоўваць сваю думку па праблеме; прэзентаваць сваю працу падчас выступлення на навукова-даследчай канферэнцыі;
  6. стварэнне ўмоў для выпрацоўкі ў дзяцей навыкаў супрацоўніцтва з разнастайнымі арганізацыямі пры напісанні працы (музеі, мастацкія выставы і г.д.);

Праграма пабудавана ў адпаведнасці з працэсам авалодвання вучнямі асновамі даследчай дзейнасці – ад усведамлення зместу даследчай дзейнасці да вывучэння яе частак. Неабходна арганізаваць вучэбныя заняткі, так каб яны стваралі ўмовы для актыўнай разумовай дзейнасці, вучылі назіраць, аналізаваць, асэнсоўваць прычынна-выніковыя сувязі, тым самым выпрацоўваючы асабістае стаўленне да навакольнага свету.

Тэарэтычныя і практычныя заняткі развіваюць вусную і пісьмовую мову вучня.

Сістэматызацыя і засваенне тэарэтычных ведаў правяраецца пры выкананні вучнямі практычных работ – правядзенні прадметнага даследавання і афармлення вынікаў асабістай даследчай дзейнасці.

Па завяршэнні факультатыўнага курса адбываецца абарона праекта навукова-даследчай дзейнасці.

Праграма факультатыўных заняткаў складаецца з раздзелаў: “Тлумачальная запіска”, “Змест курса”, “Літаратура”, “Дадатак А” (“Прыкладныя тэмы навукова-даследчых работ”) і “Дадатак Б (“Патрабаванні да навукова-даследчай работы школьнікаў”).


^ ЗМЕСТ КУРСА

(35 гадзін)


Уводзіны (1 гадзіна)

Знаёмства з праграмай факультатыўных заняткаў “Малады даследчык”. Мэта, задачы, спецыфіка заняткаў, агульныя патрабаванні, перспектывы працы.


^ 1. Афармленне навуковай працы (усяго 6 гадзін, з іх на практыку – 3)

Структура навуковай работы (уводзіны, тэарэтычная частка, асноўная частка, заключэнне, літаратура, дадатак). Тытульны ліст. Выбар тэмы. Змест навуковай працы. Патрабаванні да зместу. Патрабаванні да афармлення выкарыстанай літаратуры і спасылак.

Практыка. Афармленне тытульнага ліста, зместу. Правілы арганізацыі матэрыялу па раздзелах. Абгрунтаванне выбару тэмы даследавання (актуальнасць, навізна). Афармленне літаратуры ў адпаведнасці з агульнапрынятымі патрабаваннямі.


^ 2. Праца над Уводзінамі навуковага даследавання
(усяго 4 гадзін, з іх на практыку – 2)


Сутнасць працэсу даследавання, яго асноўныя якасці, асаблівасці. Структура Уводзін Вызначэнне аб’екта і прадмета, актуальнасці, мэты і канкрэтных задач плануемага даследавання.. Суадносіны мэты і задач па тэме даследавання. Апорныя пазіцыі даследавання, прагназаванне, пошук навуковых ідэй. Магчымыя цяжкасці. Крытэрыі ацэнкі выніковасці ўласнага навуковага даследавання.

Практыка. Фармулёўка мэты і канкрэтных задач плануемага даследавання, вызначэнне аб’екта і прадмета. Напісанне раздзела “Уводзіны”.


^ 3. Праца над тэарэтычным раздзелам па праблеме даследавання
(усяго 4 гадзіны, з іх на практыку – 2)


Адбор і аналіз даследаванняў па абранай тэарэтычнай праблеме. Асноўныя паняцці даследавання. Захаванне адзінства тэрміналогіі. Паняцці “крыніца даследавання”, “літаратура”.Выбар неабходных крыніц для асэнсавання і супастаўлення розных навуковых падыходаў. Выклад матэрыялу ў навуковым стылі з самастойнымі вывадамі.

Практыка. Напісанне тэарэтычнай часткі працы.


^ 4. Праца над Асноўнай часткай даследавання
(усяго 6 гадзін, з іх на практыку – 2)


Пошук літаратуры, адбор фактычнага матэрыялу. Прынцыпы цытавання. Праца з даведачнай і навуковай літаратурай, збор інфармацыі з перыядычных выданняў па тэме даследавання. Збор першаснай інфармацыі і яе арганізацыя. Стыль выкладу матэрыялу. Знаёмства з рознымі стылямі выкладу матэрыялу. Аналіз вынікаў даследавання. Вызначэнне асноўных і другасных вынікаў даследавання. Вызначэнне станоўчых і адмоўных вынікаў даследавання.

Практыка. Напісанне асноўнай часткі даследавання.


^ 5. Праца над Заключнай часткай даследавання
(усяго 2 гадзіны, з іх на практыку – 1)


Прынцыпы і метады напісання заключэння. Патрабаванні да заключэння. Магчымыя варыянты.

Практыка. Напісанне заключэння.


6. Моўная кампетэнцыя вучня (усяго 5 гадзін, з іх на практыку – 2)

Пашырэнне лексічнага запасу вучня (актыўны і пасіўны). Захаванне норм сучаснай літаратурнай беларускай мовы. Разнастайнасць стыляў мовы і жанры маўлення. Складанне тэзісаў. Патрабаванні.

Практыка. Водгук на паведамленне субяседніка. Рэдагаванне выступлення. Складанне тэзісаў сваёй работы.


^ 7. Асновы прамоўніцкага майстэрства (усяго 3 гадзіны, з іх на практыку – 1 )

Асноўныя этапы падрыхтоўкі прамовы. Розныя спосабы пераканання. Прамова. Псіхалагічная падрыхтоўка, развіццё ўпэўненасці ў сабе. Станоўчыя і адмоўныя якасці завучанага маўлення. Імправізацыя. Маўленне з папярэдняй падрыхтоўкай. Часткі выступлення. Адбор матэрыялу. Асноўныя спосабы пабудовы маўлення. Разнастайныя формы зносін з аўдыторыяй.

Практыка. Дыялог і маналог у аўдыторыі. Спосабы адказу на пытанні.


^ 8. Прымяненне асноў інфарматыкі для даследчай дзейнасці
(усяго 2, з іх на практыку 1)


Вынікі даследавання і іх апрацоўка (складанне дыяграм, графікаў, схем, ілюстрацый). Афармленне дадаткаў.

Практыка. Складанне мультымедыйнай прэзентацыі да тэмы дакладу.


^ 9. Абагульненне і сістэматызацыя матэрыялаў (усяго 2 гадзіны)

Выступленне на школьнай навукова-практычнай канферэнцыі.

Аналіз вынікаў выступлення і планаванне навуковай работы на наступны год.

^ ПРАГНАЗУЕМЫЯ ВЫНІКІ


У выніку вывучэння факультатыўных заняткаў вучні:

1) засвойваюць паняцце пра даследчую працу, сутнасць мовазнаўчага ці літаратуразнаўчага навукова-пазнавальнага працэсу, этапы правядзення філалагічнага даследавання, аб’ект і прадмет даследавання, тыпы бібліяграфічных крыніц і метады іх выкарыстання, пошук матэрыялу і метады даследавання, правілы цытавання і складання спісу выкарыстанай літаратуры, патрабаванні да зместу і афармлення даследчай працы, патрабаванні да абароны даследчай працы на школьных навукова-практычных канферэнцыях, складанне тэзісаў і мультымедыйнай прэзентацыі па тэме дакладу;

2) удасканальваюць уменні працаваць з першакрыніцамі (мастацкі тэкст, слоўнікі розных тыпаў (арфаграфічныя, фразеалагічныя, тлумачальныя, перакладныя і інш.)), навуковай і даведачнай літаратурай (мовазнаўчай ці літаратуразнаўчай), перыядычнымі выданнямі, аналізаваць і параўноўваць інфармацыю з розных крыніц; аргументаваць сваю думку; аналізаваць, ацэньваць мастацкія вартасці твора (мову пісьменніка), рыхтаваць вуснае паведамленне на абраную тэму, рэпрэзентаваць яго падчас выступлення; умець адказваць на пытанні (задаваць пытанні), весці дыскусію на прапанаваную тэму;

3) набываюць уменні ставіць праблему даследавання, абгрунтоўваць яе актуальнасць, фармуляваць мэту і задачы даследавання, вызначаць аб’ект даследавання, ствараць тэкст навуковага даследавання ў адпаведнасці з патрабаваннямі да такога тыпу работ, афармляць спіс выкарыстанай літаратуры.


Літаратура
  1. Буйновская, Т.А Первые шаги в науку / Т.А. Буйновская // Адукацыя і выхаванне. – 2008.– №1. – С.41 – 44.
  2. Былінская, Л.С. Фарміраванне даследчых кампетэнцый вучняў / Л.С.Былінская // Роднае слова. – 2008. – №2 – С. 78 – 82.
  3. Гавриловец, К.В., Тимашкова, Л.Н. Готовность педагога к взаимодействию с одаренными учащимися / К.В. Гавриловец., Л.Н. Тимашкова // Адукацыя і выхаванне. – 2003. – №2. – С. 9-13.
  4. Дереклеева, Н.И. Научно-исследовательская работа в школе. /
    Н.И. Дереклеева. – М.: Вербум, 2001. – 48 с.
  5. Драбеня, Ф.В. Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі і правядзенні гуртка “Малады даследчык” / Ф.В. Драбеня // Столичное образование сегодня. – 2007 – №2 . – С. 114 – 123.
  6. Запрудский, Н.И., Добриневская, А.И. Организация факультативных занятий в 11-летней школе / Н.И. Запрудский, А.И. Добриневская. – Минск: Зорны верасень, 2008 – 164 с.
  7. Зачесова, Е.В.Представление результатов исследований школьников /
    Е.В. Зачесова // Школьные технологии. – 2006. – №4. – С. 115 – 122.
  8. Зачесова, Е.В. Написание текстов: рекомендации юным авторам учебных исследований и их руководителям / Е.В. Зачесова // Школьные технологии. – 2006. – №5. – С. 105 – 111.
  9. Дубоўская, В Стваральнікі прасторы зацікаўленасці, або Як наладзіць даследчую дзейнасць школьнікаў / В. Дубоўская // Настаўніцкая газета. – 2008. – 23 кастрычніка. – С. 3.
  10. Исследовательская деятельность школьников / сост. Н.С. Кроволап. – Минск: Красико-Принт, 2005. – 176 с.
  11. Козинец, Л.А. Исследовательская деятельность учащихся / Л.А. Козинец // Адукацыя і выхаванне. – 2008. – №1. – С.35 – 38.
  12. Лошкарева, С.Ю., Чернявская, С.В. Формирование навыков научной работы учащихся лицея БНТУ. / С.Ю. Лошкарева, С.В Чернявская // Современное образование: преемственность и непрерывность системы «школа – вуз»: Материалы международной научно-методической конференции. – Гомель, 2004. – Ч. 2. – С. 57-58.
  13. Новиков, А.М. Пособие для начинающего педагога-исследователя./
    А.М. Новиков. – 2-е изд.; перераб. и доп. – М.: Издательство ИПК и ПРНО МО, 1996. – 112с.
  14. Позняк, А.В Организация научно-исследовательских работ старшеклассников как условие формирования мировоззрения личности / А.В. Позняк // Адукацыя і выхаванне. – 2003.– №5. – С.5 – 9.
  15. Савенков, А.И. Интеллектуальная одаренность и исследовательское поведение / А.И. Савенков // Одаренный ребенок. – 2003. – № 6. – С. 16 – 21.
  16. Сергеев, Н.К. Особенности организации и содержания научно-исследовательской деятельности. / Н.К. Сергеев. – М., 1993.
  17. Сили, Дж. Как написать доклад; пер с англ. Кодолова П. / Дж. Сили. – М.: 000 «Издательство Астрель»: 000 «Издательство АСТ», 2004. – 111 с, ил. - (Шаг к успеху)
  18. Титовец, Т.Е. Научная деятельность: актуальные проблемы / Т.Е. Титовец // Адукацыя і выхаванне. – 2008. – №1. – С.44 – 51.
  19. Тяглова, Е.В. Методика апробации результатов исследовательской деятельности учащихся / Е.В. Тяглова // Школьные технологии. – 2007. – №1. – С. 105 -111


^ ДАДАТАК А

ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА ДАСЛЕДЧЫХ ПРАЦ

Мовазнаўства
  • Спосабы ўтварэння эмацыянальнай лексікі ў беларускім фальклоры.
  • Прадуктыўныя спосабы беларускага словаўтварэння
  • Родавыя асаблівасці нескланяльных іншамоўных назоўнікаў у сучаснай беларускай мове.
  • Дзеясловы з суфіксамі –ірава / -ырава, -ава / -ява ў сучаснай беларускай мове.
  • Асаблівасці перакладу вершаў з замежных моў на беларускую.
  • Моўна-стылістычныя асаблівасці тэкстаў песень беларускамоўных гуртоў.
  • Камп’ютэрны жаргон у мове сучаснай беларускай моладзі.
  • Моўная норма і адхіленне ад яе (ў сродках масавай інфармацыі, газетах і інш.).
  • Страты і знаходкі тапаніміі маёй мясцовасці.
  • Дыялектызмы ў творах сучасных пісьменнікаў.
  • Варыянтнасць фразеалагізмаў у творах беларускіх пісьменнікаў.
  • Запазычанні з заходнееўрапейскіх моў у беларускай мове канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў.
  • Лексіка са значэннем колеру ў творчасці пісьменнікаў.
  • Рэкламны тэкст і яго ўплыў на слухача.
  • Новыя словы ў лексіцы беларускай мовы (на матэрыяле газет, часопісаў і інш.).
  • Жаргонная лексіка ў мове сучаснай моладзі.
  • Невярбальная мова зносін і яе суадносіны з традыцыйнымі моўнымі сродкамі.
  • Тэкст сучаснай папулярнай лірычнай (эстраднай, рок, поп і інш.) песні ў камунікатыўным і стылістычных аспектах.
  • Сацыяльны дыскурс масавай камунікацыі (на матэрыяле ток-шоу).
  • Сучасны беларускі дэтэктыў: арганізацыя тэксту.
  • Моўныя сродкі і іх рэалізацыя ў беларускамоўных ефармальных іжасабовых зносінах (на матэрыяле Інтэрнэт-дзённікаў).
  • Моўныя паводзіны ўдзельнікаў рэаліці-шоу: камунікатыўны аспект.
  • Сінтаксіс дыялагаічнага маўлення.
  • Сродкі міжфразавай сувязі ў паэтычным тэксце.
  • Новыя з’явы ў сінтаксісе беларускай мовы.
  • Дзіцячыя забаўлянкі і калыханкі як тэкст.
  • Беларуская загадка як нацыянальна-культурны тэкст.

Літаратуразнаўства
  • “Слова пра паход Ігара” як феномен усходнеславянскай культуры.
  • Традыцыі Ф. Скарыны ў творчасці Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага.
  • Маральна-дыдактычная накіраванасць і камізм беларускіх інтэрмедый
  • Народны тэатр – “батлейка” на Беларусі.
  • Асаблівасці стылю міцкевічаўскіх балад (рамансаў, санетаў, паэм). Творы на выбар вучня.
  • Авангардысцкія тэндэнцыі і “рэвалюцыя ў паэзіі” “Маладняка” і “Узвышша”.
  • Міфалагемы і сімвалы ў паэтычных творах Максіма Багдановіча.
  • Фантастычнае і прыгодніцкае ў аповесці Лабірынты” Вацлава Ластоўскага.
  • Традыцыі К.Крапівы ў сучаснай драматургіі.
  • Лірычная мініяцюра ў творчасці Я. Брыля, яе эстэтычная адметнасць.
  • Інтэртэкстуальнасць твораў пра сучаснасць (на матэрыяле твораў
    І. Шамякіна)
  • Вобраз маці ў творчасці Р. Барадуліна як духоўны цэнтр нацыянальнага свету.
  • Метрыка-рытмічная арганізацыя сучаснай паэзіі (на прыкладзе 2-3 аўтараў).
  • Адлюстраванне чарнобыльскай трагедыі ў творах сучаснай беларускай літаратуры.
  • Пераемнасць традыцый у паэзіі, прозе, драматургіі (на прыкладзе 2-3 аўтараў)
  • Ідэйна-мастацкая канцэпцыя зборніка “Прайсці праз зону”.
  • Вобразна-выяўленчыя сродкі твора.
  • Чытач і глядач: суадносіны драматургічнага тэксту і пастаноўкі на сцэне тэатрам.
  • Канцэпт “смех” у беларускай літаратуры.
  • Архетыпы ў творах пісьменнікаў.
  • Беларуская літаратурная прытча.
  • Загалоўкі ў творчасці пісьменніка.
  • Патрыятычныя ідэі ў творчасці маладых беларускіх паэтаў.
  • Духоўная прысутнасць і вобразы Я. Купалы і Я. Коласа ў сучаснай паэзіі.
  • Евангельскія матывы ў прозе У. Караткевіча.
  • Тэма кахання ў творчасці пісьменніка.
  • Міфатворчасць сучасных беларускіх паэтаў
  • Актывізацыя ідэйна-творчых пошукаў, пашырэнне выяўленчых магчымасцей беларускай прозы 80—90-х гг.
  • Стан сучаснай беларускай драматургіі, яе жанрава-стылёвыя асаблівасці развіцця.
  • Матывы лірыкі Я.Купалы ў творчасці сучасных кампазітараў і спевакоў.

^ ДАДАТАК Б

ПАТРАБАВАННІ ДА НАВУКОВА-ДАСЛЕДЧАЙ РАБОТЫ ШКОЛЬНІКАЎ
    1. Крыніцамі для напісання могуць служыць мастацкія творы, лексіграфічныя крыніцы, перыядычныя выданні, энцыклапедыі, гістарычныя даследаванні, артыкулы, артыкулы ў газетах, мемуары, матэрыялы музеяў, навуковыя даследаванні, запісы ўдзельнікаў падзей; вынікі анкетавання.
    2. Выклад тэарэтычных праблем павінен быць у цеснай сувязі з сучаснасцю.
    3. Вынікі даследавання варта аргументаваць і падмацаваць канкрэтнымі прыкладамі.
    4. Абавязковым з’яўляецца выкарыстанне вытрымак з мастацкай літаратуры. Фактычны матэрыял, што выкарыстоўваецца ў для ілюстрацыі тэарэтычных выкладак, павінен быць пашпартызаваны (мець спасылку на крыніцу).

Афармленне работы
  1. Работа мае тытульны ліст з абазначэннем школы, класа, аўтара, тэмы, навуковага кіраўніка, месца і года напісання.
  2. На другой старонцы падаецца змест работы.
  3. Тэкст работы афармляецца ў адпаведнасці з прынятымі стандартамі. Памер шрыфту тыпу Times New Roman — 14, міжрадковы інтэрвал — 1,5.
  4. Неабходна вытрымліваць памеры палёў: верхняга і ніжняга — 20 мм, левага — 30 мм, правага — 10 мм.
  5. У тэксце выдзяляюцца главы і раздзелы. Кожную структурную частку работы неабходна пачынаць з новай старонкі. Загалоўкі (назвы) структурных частак друкуюцца па цэнтры радка знізу. Кропка ў канцы загалоўка не ставіцца. Старонкі работы нумаруюцца арабскімі лічбамі ўнізе. Першай старонкай работы з'яўляецца тытул, які залічваецца ў агульную колькасць старонак.
  6. У работу могуць уваходзіць фотаздымкі, табліцы, схемы і г.д., якія павінны мець адпаведныя назвы.

Асноўныя патрабаванні да абароны даследавання
  1. На канферэнцыі вучань выступае з дакладам да 7 хвілін, які заслухоўвае камісія на паседжанні секцыі, дзе могуць быць зададзены пытанні па тэме дакладу.
  2. Акрамя дакладу, камісіі падаецца сама навуковая праца, аформленая згодна з патрабаваннямі, а таксама і наглядны матэрыял.

Крытэрыі ацэнкі

Ацэньванне работы звычайна ажыццяўляецца па 10-бальнай шкале.

І. Структура
  1. уводзіны ( пастаноўка мэты і задач, актуальнасць тэмы);
  2. асноўная частка (метады і апісанне даследавання);
  3. заключэнне;
  4. дадаткі, спіс выкарыстанай літаратуры.

ІІ. Даследчыцкі характар работы
  1. аналітычныя выкладкі;
  2. вынікі эксперыменту;
  3. гіпотэзы.

ІІІ.
  1. самастойнасць даследавання;
  2. рэпрэзентатыўнасць (фактычная падмацаванасць даследавання);
  3. пісьменны і лагічны выклад матэрыялу;
  4. глыбіня валодання тэмай і сабраным матэрыялам;
  5. рэгламент (да 10 хвілін);
  6. афармленне;
  7. ацэнка абароны.




Адукацыйны партал www.adu.by