Тэма: “Кампазіцыя” План

Вид материалаДокументы

Содержание


Характарыстыка кампазіцыі раманаў К.Чорнага: “Трэцяе пакаленне” і “Пошукі будучыні”.
Адметнасць кампазіцыі твораў К.Чорнага.
Подобный материал:
Тэма: “Кампазіцыя”


План

  1. Агульнае паняцце пра кампазіцыю.
  2. Характарыстыка кампазіцыі раманаў К.Чорнага: “Трэцяе пакаленне” і “Пошукі будучыні”.
  3. Адметнасць кампазіцыі твораў К.Чорнага.



  1. Агульнае паняцце пра кампазіцыю.


Кампазіцыя (ад лац. compositio, ад componere – складаць, паядноўваць, кампанаваць) – абумоўленая зместам пабудова літаратурнага твора. Часам адрозніваюць знешнюю будову, або архітэктоніку, і ўнутраную будову. Да архітэктонікі ў такім разе адносяць сістэму вонкавай арганізацыі твора (наяўнасць і размяшчэнне асобных раздзелаў, актаў, сцэн, страфічных форм і г.д.), да ўнутранай жа будовы твора, або ўласна кампазіцыі, - характар раскрыцця зместу, размяшчэнне слоўна-вобразнага матэрыялу ўнутры архітэктанічных форм. Аднак такое дзяленне кампазіцыі на ўнутраную і знешнюю носіць даволі фармальны характар, паколькі ў літаратурным творы ўсе элементы формы і зместу цесна ўзаемазвязаны паміж сабой, узаемаабумоўлены адзін адным. Таму аналіз кампзіцыі адначасова павінен ахопліваць і знешнбюю будову твора, і логіку раскрыцця зместу ўнутры гэтых строф, актаў, сцэн, раздзелаў. Пры гэтым вызначальным з’яўляецца прынцып кампазіцыйнай цэласнасці мастацкага твора, пра што ў ачыненні да верша вельмі добра сказаў Э. Багрыцкі: “верш – прататып чалавечага цела. Кожная частка на месцы, кожны орган мэтазгодны і нясе пэўную функцыю. Я сказаў бы, што кожная літара верша падобна на клетку ў арганізме – яна павінна біцца і пульсаваць. У вершы не можа быць мёртвых клетак. Апендыцыт абсалютна немагчымы. Верш нараджаецца без сляпой кішкі”. Прыблізна тое самае гаварыў Л. Талстой, падкрэсліваючы, што “ў сапраўдным мастацкім творы – вершы, драме, малюнку, песні, сімфоніі – нельга выняць ніводнага вершаванага радка, ніводнай сцэны, ніводнай фігуры, ніводнага тэксту са свайго месца і паставіць на іншае, не парушыўшы значэння ўсяго твора...” Тая ці іншая кампазіцыя твора залежыць ад яго зместу, ад светапогляду мастака, мастацкага метаду, а таксама ад літаратурнага жанру, у якім увасабляецца жыццёвы матэрыял. Ліра-эпічныя, эпічныя і драматычныя творы маюць кампазіцыю больш складаную, чым лірычны верш. У іх, як правіла, ёсць разгорнуты сюжэт з усімі яго кампанентамі (завязка, развіццё дзеяння, кульмінацыя, развязка, нярэдка – пралог і эпілог), цэлая галерэя вобразаў-персанажаў, асобныя пазасюжэтныя элементы (лірычныя адступленні, аўтарскія развагі, пейзажныя малюнкі, партрэтная характарыстыка героя і інш.). У лірычных творах сюжэта ў яго традыцыйным разуменні няма, няма і вобразаў-персанажаў, але тут назіраецца свая логіка, своеасаблівасць у разгортванні лірычнага перажывання. Часам у тканіну верша ўплятаюцца радкі ці выразы з іншых твораў (аплікацыя), выяўленне паэтычнай думкі запавольваецца (рэтардацыя), матэрыял кампануецца па прынцыпу супрацьпастаўлення (антытэза) і інш. Твор можа пачынацца з эпіграфа (ад грэч. epigraphe – надпіс) – нейкай цытаты, крылатых слоў, што ставяцца пасля загалоўка ці перад асобнымі раздзеламі і выяўляюць іх змястоўную сутнасць. Завяршацца ж ён можа нейкім афарыстычным вывадам-падагульненнем (у байках – мараллю) або пуантам (ад фр. рointe – вастрыё) – нечаканай, рэзкай канцоўкай у якой выказванне з аднаго сэнсавага плана пераводзіцца ў другі, больш глыбокі. Асобныя творы ўступаюць у пэўную ўзаемасувязь, утвараючы структурна-кампазіцыйныя комплексы. Гэта могуць быць трыпціх (тры вершаваныя творы на адну тэму), нізка, або цыкл (шэраг лірычных твораў, аб’яднаных адной тэмай, або нейкай вядучай думкай, або жанравымі прыкметамі), зборнік (кніга вершаў або апавяданняў аднаго ці некалькіх пісьменнікаў, цэласная і завершаная па сваёй ідэйнай задуме і размяшчэнні твораў у ёй), альманах (кніга, якую складаюць творы пісьменнікаў пэўнай мясцовасці ці літаратурнага напрамку ці нацыі, напрыклад, трохтомная “Анталогія беларускай паэзіі” або двухтомная “Анталогія беларускага апавядання”). Два, тры, чатыры, пяць аповесцей або раманаў, аб’яднаных аднымі героямі і ідэйнай задумай, утвараюць адпаведна дылогію (“Партызаны” і “Сыны ідуць у бой” А. Адамовіча), трылогію (“На ростанях” Я. Коласа), тэтралогію (“Пачакай, затрымайся...” А. Васілевіч), пенталогію (“Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві”, “Свае і чужынцы”, “Вяртанне да віны”, “Мы ўсе не згінем” І. Чыгрынава, “Трывожнае шчасце” І. Шамякіна). Як унутраная, так і знешняя будова твора, размяшчэнне ўсіх яго кампанентаў (эпізодаў, вобразаў, раздзелаў, частак і г.д.) прадвызначаюцца ідэйнай задумай і строга падначальваюцца сюжэту, тэме, ідэі гэтага твора.

  1. Характарыстыка кампазіцыі раманаў К.Чорнага: “Трэцяе пакаленне” і “Пошукі будучыні”.


Раман “Трэцяе пакаленне” напісаны ў неспрыяльных умовах 30-х гг. (напярэдадні масавых рэпрэсій) і з’яўляецца сугучным эпосе, калі выкрываліся перажыткі капіталізму ў свядомасці людзей. Ідэя яго – чалавек і гісторыя. Гэтым раманам К. Чорны хацеў паказаць згубны ўплыў, разбуральнае ўздзеянне на чалавека ўласніцкай маралі, раскрыць працэс пакутлівага вызвалення чалавека ад індывідуалістычнай псіхалогіі, выявіць рэальныя цяжкасці складання новых узаемаадносін паміж людзьмі, новых поглядаў на працу, сям’ю.

Героі твора, а гэта тры чалавечыя пакаленні, жывуць на стыку дзвюх эпох, двух светаў. Стары свет з яго бесчалавечымі законамі ўвасабляюць Скуратовічы, Сцепружынскія, Сэдасы, Хурсы. “Філасофію” яго ў гаворках з Кандратам Наўзарэўскім, Міхалам Тварыцкім раскрывае Скуратовіч-бацька. “Вечнае ўсталяванне жыцця чалавека на зямлі” ён разумее як існаванне багатых і бедных. У кожнага з іх сваё месца: багатыя, тыя, што могуць зарабляць грошы, пакупляюць невялікія маёнткі, завядуць машыны, новыя сарты збожжа, а каля багатых і бедныя карміліся б і капейку зараблялі.

У канфлікце людзей трох пакаленняў К. Чорны адлюстраваў розныя погляды на жыццё, на ўласнасць, працу, сям’ю, мараль. Прадстаўнікі першага пакалення, якія выраслі пры старым ладзе, па-свойму, у адпаведнасці з класавай прыналежнасцю і сваёй жыццёвай філасофіяй аднесліся да рэвалюцыі. Адны сталі заклятымі яе ворагамі. Другія ўзняліся на барацьбу за сваё канчатковае вызваленне. Другое пакаленне, што вырасла ва ўмовах рэвалюцыі, грамадзянскай вайны і новага ладу, таксама не было адзіным, маналітным. Некаторыя яго прадстаўнікі ажыццявілі задуманае, у працы знайшлі сваё шчасце. Іншыя ж, наадварот, з трывогай і непаразуменнем успрынялі сацыялістычныя пераўтварэнні. Трэцяе пакаленне, на думку пісьменніка, - перадавыя людзі з новымі поглядамі на свет і шчаслівай будучыняй.

Кандрат Назарэўскі, не шкадуючы сябе, змагаецца на фронце з такім “вечным усталяваннем жыцця”, змагаецца за будучыню, у якой не будзе эксплуатацыі чалавека чалавекам, не будзе нянавісці, зайздрасці, хцівасці, страху. Вобраз будучыні ў рамане К. Чорнага канкрэтызаваны – гэта лёс трэцяга пакалення, лёс дзяцей, Славы Тварыцкай.

Пісьменнік паказвае, што змаганне двух светаў праходзіць праз чалавечыя душы, асабліва складаным яно стала для людзей другога пакалення. Прадстаўнікі яго – Міхал і Зося - з’яўляюцца цэнтральнымі персанажамі рамана.

Характары герояў фарміраваліся ў вельмі блізкіх умовах. У дзяцінстве Міхалка і Зоська былі былі парабкамі ў Скуратовіча, сем’і іх жфлі ў вялікай беднасці. Па-рознаму яны паводзяць сябе ў гады парабкоўства: Зося не падпала пад уплыў Скуратовічавай маралі, Міхалка, ненавідзячы свайго гаспадара, змагаючыся з ім, пачаў жыць па яго законах. Рознымі дарогамі, хоць і злучылі свае лёсы, нарадзілі дзіця, пайшлі героі ў дарослым жыцці. Зося імкнецца да новага, хоча жыць з людзьмі, яна адкрытая, даверлівая, шчырая. Міхал, як сказаў пра яго на судзе Назарэўскі, “узлюбіў душу свайго былога гаспадара Скуратовіча”, ён адгароджваецца ад іншых, нікому не верыць. Будучыня для яго страшная, каб выжыць у ёй, патрэбна штосьці мець за душой – золата, грошы, гаспадарку...

Зося і Міхал будуюць розную будучыню сваёй дачцы Славе. Калі маці хоча, каб дзіця ішло па жыцці без страху, з верай у справядлівасць, то бацька вучыць Славу баяцца ўсяго і ўсіх, бо свет і людзі неспагадлівыя, яны не працягнуць руку дапамогі, а стопчуць, знішчаць. Сімвалічнай з’яўляецца сцэна калі дзяўчынка гуляе са шклом ад бутэлькі. “... Закрыла пальцамі адно вока, а да другога прыклала шкло. Свет адразу змяніўся. Ельнік стаў страшным, неба жудасным. Усё як бы закіпела, заварушылася... Здавалася, што расцярушаная на полі салома палае агнём. Дзіця адвяло шкло і глянула на свет сваімі вачыма. Усё стала звычайным.”

Ствараючы раман “Трэцяе пакаленне”, пісьменнік верыў у гуманізм і справядлівасць новага ладу, звязваў з ім свой ідэал пабудовы чалавечых узаемаадносін. Міхал, як носьбіт маралі старой эпохі, церпіць крах ва ўсім: яго пакідае жонка, дачка ідзе ў будучыню без страху, хата і зямля адыходзяць чужым людзям. Але самае вялікае расчараванне ён перажыве ў той момант, калі ўпэўніўся. Што золата не мае ніякай улады: “На стале ляжала золата. Гэтулькі багацця! Зося холадна глядзела на гэтыя пакуначкі. Ніводзін твар не перасмыкнуўся рысай хцівасці, ні ў каго вочы не кінулі позірку сквапнасці. Як быццам бы ніхто з гэтых людзей не мае прагнасці забраць сабе ад другіх. Забраць сабе аднаму... Нават кравец... Каб ён хоць крыху паказаў свае ранейшыя рысы, гэта магло б паслужыць, хоць на нейкі час, апірышчам рэштцы старых ідэалаў Міхала Тварыцкага”. Але кравец не апраўдаў яго спадзяванняў, ён ужо адчуў на сабе гуманістычную скіраванасць новага грамадства і сам стаў новым чалавекам.

Новым чалавекам становіцца і Міхал Тварыцкі. Кідаючы ў багну Толіка Скуратовіча, герой адмяжоўваецца ад свайго мінулага, рашуча парывае са старым светам. Перад гэтай часткай твора аўтар даў унутраны маналог Тварыцкага: “Твой бацька і ты, мучачы мяне, убівалі мне ў галаву, што чалавек на свеце ад веку да веку будзе рваць горла другому. І кожны павінен быць гатоў сам ірваць кожнаму горла, каб абараніцца. Выварочваючы маю дзіцячую душу, вы ўпэўнівалі мяне, што нявінныя дзеці, змучаныя і сіратлівыя, як пакалечаныя птушкі, будуць бадзяцца па пакутных дарогах... Вы гандлявалі маім маленствам і пакутамі майго абязвечанага вашым жа ўстанаўленнем бацькі! Цераз вас бачыў я сваё дзіця босым і голым на гэтых дарогах! Цераз вас я сам сябе бачу разарваным на дзве часткі!”

Праз узаемаадносіны герояў твора К. Чорны паказвае складаны працэс перавыхавання чалавека, згубны ўплыў на яго ўласніцкай філасофіі, духоўны рост цёмных і забітых у мінулым людзей, дабратворны ўплыў на іх калектыву. Аўтар развенчвае эгаізм, людскую адасобленнасць, сквапнасць – усё тое, што нявечыць душы.калечыць жыццё людзей. Тыя жыццёвыя ідэалы, погляды на чалавечае шчасце, якія не мелі пад сабой грунтоўнай асновы, былі абвергнуты жыццём, пацярпелі крах. Пранікаючы ў самасвядомасць герояў, аўтар ставіць пытанне аб адказнасці самога чалавека за выбар свайго шляху, аб сэнсе і сапраудных вартасцях жыцця.

Да шчасліва вырашанай у “Трэцім пакаленні” праблемы будучыні пісьменнік вернецца ў раманах ваеннага часу і загучыць яна драматычна.

Адна з самых вялікіх памылак чалавека – жыць чаканнем будучыні, забываючыся, што будучае – гэта тое, чаго яшчэ няма і невядома, ці будзе яно такім, якім нам хацелася б яго мець. Найвялікшая каштоўнасць, дадзеная нам, – рэальнасць, наша сёння, якім бы яно ні было. Ужо таму, што яно ёсць. Калі гэтага не разумее, не цэніць асобны чалавек – паўбяды. Дакладней, ягоная асабістая бяда. Калі ж чаканне будучыні адна з вызначальных рысаў народнага характару, то гэта – трагедыя. На жаль, спрадвеку наш беларускі люд жыве пад гэтым няпэўным, ненадзейным знакам, жыве ў пошуку будучыні. Добра яшчэ, калі ў пошуку. Часцей жа проста пасіўна чакаючы святла з усходу ці з надзеяй гледзячы на захад або ўсёй душой верачы бацькам нацыі, якія на самай справе з’яўляюцца жахлівымі айчымамі. Недарэмна Янка Купала яшчэ ў 1922 годзе з несхаванай іроніяй і глыбокім болем прамовіў:

“Цябе чакаем, будучыні нейкай, што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш, і гінем марна пад чужой апекай, адбіўшыся ад родных вехаў, меж.”

Многія героі Кузьмы Чорнага паўтараюць гэтую спрадвечную памылку. Імі любуешся: якія яны працавітыя, сумленныя, ахвярныя. Але разам з тым яны вартыя жалю: хіба іх жыццё можна назваць паўнакроўным, шчаслівым? Усё, што маюць, хаваюць на будучае. Не віна беларускага чалавека ў гэтым, а бяда. Спрадвеку розныя “абскубанты” забіралі ў яго плён працы. А ён жа так любіць сваіх дзяцей – сімвал будучыні, што здольны дзеля іх ахвяраваць сваім дабрабытам, здароўем, шчасцем. І не лічыць гэта ахвярай.

Бадай, самым значным у гэтым плане з’яўляецца раман Кузьмы Чорнага “Пошукі будучыні”. Менавіта ў гэтым творы аўтар адлюстроўвае вялікую самакаштоўнасць штодзённага існавання, адчуванне значнасці кожнай, на першы погляд нязначнай праявы жыцця. Так, шчасцем для Нявады, што вярнуўся ўрэшце з нялёгкіх блуканняў, было “глядзець на зоры над роднай зямлёй”, цешыцца з ясноты неба на захадзе сонца, і з таго, як вецер гнаў па дварэ саломінку”. Гэта саломінка выступае ў якасці мастацкай дэталі. Нешта маленькае, непрыкметнае, фактычна нішто, а вось здольнае некаму дарыць шчасце. І Кастусю Лукашэвічу, што прыдбаў сабе прытулак і “меў радасць ад усяго таго, што рабіў кожны дзень”.

Аўтарскі погляд на сям’ю, як галоўную апору ў пошуках шчаслівай будучыні – адзін з галоўных момантаў не толькі ў рамане, але ў сістэме поглядаў Чорнага на жыццё чалавека наогул. Пасля жахлівых трыццатых, калі ў савецкіх сем’ях культываваліся антычалавечыя адносіны (бацькі павінны былі даносіць на дзяцей, дзеці – на бацькоў, жонкі – на мужоў, пісаць публічныя адрачэнні ад родных і г.д.), пайшоўшы ў рамане “Трэцяе пакаленне” ў нагу з гэтымі тэндэнцыямі, адлюстраваўшы ў якасці станоўчага вобраз даносчыцы Зосі Тварыцкай, Кузьма Чорны сцвярджае ў “Пошуках будучыні” зусім іншыя каштоўнасці. Сям’я, крэўныя сувязі – гэта тое асноўнае, што робіць чалавека чалавекам. Клопат найперш пра блізкіх, родных, пра дзяцей. Пазней савецкая ідэалогія змяніла ў нейкай ступені свае адносіны да сям’і. Быў высунуты лозунг: “Сям’я – асноўная ячэйка грамадства”. Але як шмат, што ў савецкія часы, ён быў пераважна фразай, гэты клопат пра сям’ю, пра маці, дзяцей – далёка не такім, якім мусіць быць у сапраўды гуманным грамадстве. Тым больш у наш час.

Гэта цудоўна, што пасля “Трэцяга пакалення”, твора, які вучыў даносіць на блізкіх, выракацца працы на зямлі, сцвярджаў, што са сталінскага гулагу можна вярнуцца і здаровым, і перавыхаваным, Кузьма Чорны стварае раман, дзе апяваецца сямейнае шчасце. Волечка Нявада і Кастусь Лукашэвіч жывуць у сваім непаўторна прыгожым свеце, у штодзённых клопатах, па-за жыццём іншых. “Можа ні ў адным сваім творы К.Чорны не змог так апаэтызаваць само званне чалавека, як гэта ён зрабіў праз вобразы маленькай Волечкі і Кастуся”, – слушна сцвярджае Алесь Адамовіч. Крытык называе гэтую сюжэтную лінію “паэмай” пра Волечку і Кастуся.

Магутны антываенны пафас ставіць гэты раман у шэраг самых значных твораў. Тут глыбока раскрываецца сутнасць вобразу вялікага злодзея, што крадзе ў людзей радасць, шчасце, жыццё. Нянавісць да фашызму, яго звярынай, антычалавечай сутнасці адлюстравана ў творы надзвычай яскрава. “Чалавек, які перастае быць чалавекам, становіцца горшым за звера” – вось думка, якая пранізвае раман. І ў гэтым творы, як і ў іншых творах перыяду вайны асноўная думка – “чалавек узняўся на знішчэнне звера ў асяроддзі чалавецтва”.

Цэнтральная тэма рамана – лёс Беларусі і яе дзяцей на скрыжаванні імперскіх інтарэсаў усходніх і заходніх захопнікаў надзвычай яскрава раскрываецца ў сімвалічных карцінах, што дакладна вымалёўваюць сутнасць жыцця беларускай нацыі. Жыцця пад вечнай акупацыяй, пад вечным прыгонам, калі заўсёды ёсць нехта чужы, хто зверху. Раман пачынаецца з таго, што на дарозе да мястэчка спыняецца фурманка: “Усё гэта было даволі дзіўнае. На старым, пазвязваным дротам і вяроўкамі возе стаяла зачыненая труна, на ёй, у задку воза, спіною к каню, сядзеў нейкі чалавек”. Аўтар называе гэтую сімвалічную карціну “дзіўнай”. Але гэта занадта далікатнае слова. У гэтым сціснутым, кароткім апісанні – надзвычай многа: і вобраз Беларусі як раскіданага гнязда, ад якога застаўся гэты стары, старанна, але дарэмна пазвязваны воз, і птушкі з гэтага гнязда, што мусяць туляцца па свеце беспрытульныя, і старое, што адыйшло, аджыло, так і не прычакаўшы лепшай долі, што і на належную выправу на вечны спачын не заслужыла. Непахаваная труна выгнанніка-беларуса – гэта нешта трагічна-недарэчнае, ненармальнае. Бо выправіць чалавека ў апошні шлях – найпершы абавязак, перад якім адступаюць усе астатнія. Адкладваюцца, пераносяцца ўсе справы. Рытуал гэты выклікае заўсёды пашану, павагу, ціхі роздум пра непазбежнасць смерці. Тут жа – на труне сядзіць чалавек: палонны немец, які прыйшоў, каб набыць багацце на гэтай зямлі. Ды можа страціць самае дарагое і адзіна вартае – жыццё. На труне беларуса сядзіць заваёўнік. І сын не можа нічога зрабіць, змяніць, бо следам ідзе чалавек з вінтоўкай – “канвойны рускі салдат”, сімвал улады, што заўсёды пануе над беларусам, улады чужой, непахіснай. Супраць яе беларус бяссільны. Трагедыя гэтай карціны ў яе абсурднасці. Перад чытачом праўдзівы тэатр абсурду. Кастусь Лукашэвіч – той жа тутэйшы, якога бясконца гоняць у абоз. Той жа паязджанін, які прагне прытулку, працы на сваёй зямлі дзеля сваёй сямейкі. Вось яны – спрадвечныя ворагі: салдат расійскага і нямецкага войска, рускі і немец. А беларус – пасярэдзіне. Мусіць выконваць не сваю, важную і неадкладную справу, а слугаваць чужынцам. Беларус на скрыжаванні інтарэсаў расійскай і германскай імперый. І ён, беларус, вымушаны падпарадкоўвацца ім, чужынцам, “абскубантам”, бо кожны прыходзіць сюды як гаспадар. А ў беларуса не хапае сілаў вымесці са сваёй зямлі ўсю гэтую набрыдзь з захаду і ўсходу. Уся Беларусь ператвараецца ў палігон дзеля дзейнасці вялікага злодзея.

Вобраз будучыні ў рамане – гэта знак-сімвал, што не мае часава-прасторавага вымярэння. Гэта вектар, скіраваны ў бясконцае. Тая стрэлка, што быццам бы абмяжоўвае рух (здаецца, шчасце ўжо прыйшло, здаецца, шчаслівая будучыня ўжо настала), мае здольнасць рухацца бесперапынна, і тое чаканае шчасце – ізноў прывід, ізноў далёка ў будучым. Бо на Беларусь ізноў ідуць чужынцы, каб вырашаць свае інтарэсы.

Калі чытаеш старонкі рамана пра лёс Сымона Ракуцькі, нарастае адчуванне дарэмна пражытых гадоў, страчаных у чаканні, калі не было чалавечай радасці, ды і самога паўнакроўнага, нармальнага жыцця. Бо чужынцы разарвалі Беларусь, стварылі межы, разарвалі сем’і. І чалавек мусіць пакутаваць у адзіноце. Сімвалам шчасця для Сымона Ракуцькі з’яўляецца ўсмешка малой Лізаветы. Дачушка жыве ў яго ўспамінах, у душы. Яна – тая ж маленькая немаўляшка, што засталася на руках у жонкі. Але ж той Лізаветы ўжо няма. А ён чакае яе, марыць убачыць у будучым. Атрымліваецца замкнутае кола: мінулае, што бліснула і згасла (недарэмна герой бачыць сваіх блізкіх у святле маланкі), сённяшняе, што не мае цаны для чалавека, і надзея на будучае, якое ён пераблытаў з мінулым.

Сярод іншых эпітэтаў-характарыстык можна вылучыць – наіўныя. Сапраўды, наіўныя і дзіўныя на першы погляд. З пункту гледжання прагматычнага, “нармальнага” чалавека. Сядзяць на золаце, а жывуць вельмі сціпла, не думаючы нават ніколі тое золата скарыстаць. А яно ж – не ўкрадзенае, не заваяванае – падараванае. У герояў Кузьмы Чорнага іншыя каштоўнасці: матэрыяльны дабрабыт – не галоўнае, шчасце – не ў золаце.

Ці, напрыклад, сустракае Сымон Ракуцька нарэшце праз столькі гадоў сваю Лізавету, разумее, упэўніваецца, што перад ім дачка і, нічога не кажучы, сыходзіць. Не адкрыўшыся, не прытуліўшы яе да сэрца, што так прагла гэтай сустрэчы. Гэтая, характэрная для беларусаў, наіўнасць і дзікаватасць тут таксама мае значэнне. І асабліва няўменне цаніць, выказваць радасць зараз, цяпер, імкненне адкладваць на будучае. Ізноў – будучыня. Сымон Ракуцька сыходзіць назад, да свайго жытла, бо ўжо пэўна ведае, што Лізавета трапіць туды. Ён як бы адкладвае радасць напасля, ізноў ідзе да будучыні. Верыць, што шчасце нідзе не дзенецца. І не бачыць, што ізноў вялікі злодзей падкрадваецца, каб пазбавіць яго шчасця.

Псіхалагічна дакладна, глыбока паказаны вобразы ворагаў, тых, хто пахаваў у сябе чалавечае. Немец Густаў Шрэдэр, ачуняўшы, хораша радуецца жыццю. Ён зразумеў, што смерць адышла. І ў хвіліннай расчуленасці аддае сваю здабычу, скарб Паліводскага Волечцы, што пазней, аднак, будзе прызнана ім за памылку. І такіх сваіх герояў Кузьма Чорны таксама ставіць у залежнасць ад будучыні, а яны звязваюць яе з фашызмам. Маюць надзею на вайну, захоп зямлі, атрыманы маёнтак. Так чаканая гэтай нямецкай сям’ёй будучыня, якую яны будавалі на смерці і слёзах іншых, сталася трагедыяй, што ўрэшце зводзіць іх у магілу. Ды і магілы па іх не застаецца. Не можа не ўразіць тая сухасць, мо нават цынізм, які бачыцца ў адносінах старога Шрэдэра да сваёй каханай Гертруды. Ён пакідае памерлую жонку, нават не зрабіўшы спробы яе пахаваць. Вельмі важная дэталь, падкрэсленая аўтарам: “Ён выцягнуў з-пад Гертруды свой пінжак, адзеўся ў яго, паглядзеў на Гертрудзіны ногі і неўзабаве рушыў па той самай дарозе”. Якія рацыянальнасць, практычнасць, так не характэрныя беларусам.

Героі Кузьмы Чорнага: Волечка, Кастусь, стары Нявада, Сымон Ракуцька ўвасабляюць у сабе найлепшыя рысы беларускага нацыянальнага характару. Добрыя і наіўныя, як першалюдзі, ці як дзеці. Таму недарэмна, што ў часы найвялікшых выпрабаванняў і калатнечы застаецца ў іх чысціня і праўдзівасць дзяцінства – невычэрпная крыніца чалавечай шчырасці і чысціні. І так усё проста, так усё зразумела кожнаму, што дзеецца ў душах Волечкі, Кастуся, сумлічан.

Беларуская нацыя – гэта нацыя дзяцей, працавітых, сумленных, шчырых, наіўных, што жывуць у чаканні будучыні. Перакрыжаванне часавых пластоў, напластаванне аднаго на другое – вось што ў свядомасці беларуса сёння.

  1. Адметнасць кампазіцыі твораў К.Чорнага.


У творах К. Чорнага прысутнічаюць такія моманты, калі роздумы, учынкі і перажыванні герояў пэўным чынам адасабляюцца, адмяжоўваюцца ад знешніх уплываў жыццёвых абставін. Прысутнічае лінія іманентнага разгляду псіхікі чалавека, пэўнае адасабленне герояў ад бытавой і сацыяльнай атмасферы. Кузьма Чорны, як пісьменнік ваеннай тэмы, знаходзіцца ў рэчышчы яе дынамічнага наватарскага духу. Глыбока закранае гэты наватарскі працэс і структурныя, сюжэтна-кампазіцыйныя асновы яго твораў пра вайну. Вайна і чалавек на вайне ў яго паказваецца ў даволі разгалінаванай і мнагаістотнай сувязі з падзеямі перадваеннага часу і падзеямі будучага дня.

Зразумела, што кампазіцыйная будова твора, дзе перакрыжоўваюцца і сутыкаюцца розныя прасторы часу, з’яўляецца складанай формай будовы. Асабліва яскрава адчуваецца такая складанасць кампазіцыі тады, калі пісьменнік не прытрымліваецца строгай паслядоўнасці ў раскрыцці падзей і характараў, калі ён перакідвае масткі ад адной з’явы да другой, пераключае развіццё сюжэтных ліній з адной плоскасці часу ў другую.

Тут заўсёды важна, каб гэтыя лініі, разыходзячыся, дзесьці сустракаліся ў адкрытай лагічнасці ці падтэкставай асацыятыўнай сувязі. Ад глыбіні ці ўзаемадзеяння паміж сабой1 самым непасрэдным чынам залежыць глыбіня, паўната і канкрэтна-гістарычная дакладнасць мастацкага пазнання жыцця і псіхалогіі чалавека.

Сваю стылявую манеру і прынцып сюжэтабудовы мастацкага твора Кузьма Чорны ікому не навязваў, аднак, паўтараючы думку аб важнасці кампазіцыйнага спалучэння гістарычнай рэальнасці мінулага з сучаснасцю і будучыняй, К. Чорны выявіў імкненне да аб’ёмнага і маштабнага паказу падзей і характараў, да паглыблення і пашырэння прычынных і дыялектычных сувязей у літаратуры. І ў гэтым імкненні ён зыходзіў з новых патрабаванняў і эстэтычных магчымасцей метаду сацыялістычнага рэалізму.


Літаратура:

  1. Жураўлёў В.П. Структура твора. Рух сюжэтна-кампазіцыйных форм. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1978 год.
  2. Казека Я. Кузьма Чорны: Старонкі творчасці. - Мн.: Мастацкая літаратура, 1980 год.
  3. Пяткевіч А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар. Аб прозе Кузьмы Чорнага. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1981 год.
  4. Рагойша В.П. На шляху да Парнаса. Даведнік маладога літаратара. - Мн.: Мастацкая літаратура, 2003 год.
  5. Старычонак В. Беларуская літаратура. - Мн.: Вышэйшая школа, 2001 год.