Лагічнай І сацыяльна-палітычнай думкі вкл І Польшчы эпохі Новага часу важнае месца займае праблема ўзаемаадносін рэлігійных І дзяржаўных інстытутаў у грамадстве
Вид материала | Документы |
- Праграма кандыдыцкага мінімума па спецыяльнасці 07. 00. 02 – отечественная история, 471.85kb.
- Праблемы інтэграцыі І інкарпарацыі ў развіцці Цэнтральнай І Усходняй Еўропы ў перыяд, 379.96kb.
- Двайной красы аблік ядыны, 39.82kb.
- Уладзімір Караткевіч Нават не ведаеш з чаго пачаць пісаць. Столькі пра яго гаварылі,, 151.31kb.
- Програма тренінгу з тайм-менеджменту: Оцінка стилю використання робочого часу. Аналіз, 23.66kb.
- Гісторыя філасофскай І грамадска-палітычный думкі. У 6 т. Т. Протарэнесанс І Адраджэнне, 54.38kb.
- 1 ночь в Янгоне + 1 ночь в Багане+ 1 ночь в Мандалае, вкл. Аварапуру + 2 ночи на Инле,, 116.37kb.
- Правілы беларускай арфаграфіі І пунктуацыі, 1924kb.
- Якова Исидоровича Перельмана. М.: Знание, 1986. 192 с. + 8 с вкл. Научно-популярная, 2460.6kb.
- І месца ў конкурсе на лепшую дзіцячую бібліятэку віцебскай вобласці заняла дзіцячая, 653.31kb.
І. А. Бортнік (Мінск)
Пытанне ролі дзяржаўнай улады ў сістэме рэлігійных адносін паводле «Сандамірскай канфесіі»
У сістэме тэалагічнай і сацыяльна-палітычнай думкі ВКЛ і Польшчы эпохі Новага часу важнае месца займае праблема ўзаемаадносін рэлігійных і дзяржаўных інстытутаў у грамадстве. Яна па-рознаму вырашалася прадстаўнікамі розных рэлігійных і грамадска-палітычных ідэйных накірункаў. Сярод іх асаблівае месца належыць пратэстанцкай рэлігійна-філасофскай і сацыяльна-палітычнай думцы. У яе развіцці вылучаецца ў якасці асобнага ранні перыяд, звязаны са станаўленнем на тэрыторыі ВКЛ і Польшчы пратэстанцкіх канфесійных груп (1540-я гг. – 1573 г.). У пэўнай ступені завяршэннем пошукаў да стварэння канцэптуальнага падыходу паводле пазначанай праблемы з’яўляюцца ідэі, якія змяшчаюцца ў тэксце «Сандамірскай канфесіі», выдадзеным прадстаўнікамі малапольскага збору на аснове вызнання веры швейцарскіх рэфармаваных абшчын «Гельветыцкая канфесія пазнейшая» («Confessio Helvetica posterior») напярэдадні аб’яднанага сіноду лютэран, «Чэшскіх братоў» і кальвіністаў Польшчы і ВКЛ, які адбыўся ў Сандаміры 9-15 красавіка 1570 г., дзе прапаноўваўся імі ў якасці рэпрэзентацыі афіцыйнай тэалагічнай дактрыны аб’яднанай пратэстанцкай канфесіі ў Рэчы Паспалітай.
Пазначанае пытанне, як і ў цэлым праблема ўзаемаадносін дзяржаўных і рэлігійных інстытутаў у грамадстве ў пратэстанцкай думцы ранняга перыяду не знайшла дастатковага асвятлення ў гістарыяграфіі. Пачатак разгляду названай праблемы ўзыходзіць да палемічнай літаратуры другой паловы XVI і XVII стст., дзе яна выступала ў выключна суб’ектыўным святле і з’яўлялася прадметам апалогіі або дыскрэдытацыі ў залежнасці ад канфесійнай арыентацыі аўтараў.
Ва ўласна навуковых даследаваннях, якія пачынаюцца ў ХІХ ст., пэўныя аспекты дадзенай праблемы разглядаюцца пераважна ў сувязі з аналізам гісторыі развіцця рэфармацыйнага руху ў ВКЛ і Польшчы на пачатковым этапе і розных аспектаў яго ідэалогіі. Першым крокам у дадзеным накірунку з’яўляецца праца польскага гісторыка другой паловы ХІХ ст. В. Закжэўскага, прысвечаная аналізу развіцця рэфармацыйнага руху і звязанай з гэтым соймавай барацьбы ў перыяд праўлення двух апошніх Ягелонаў1. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. разгляд праблемы суадносін дзяржаўных і рэлігійных інстытутаў ў пратэстанцкай думцы ранняга перыяду меў месца ў сувязі з вывучэннем гісторыі соймавай барацьбы евангеліцкай шляхты ў артыкуле А. Сметаны2. Неабходна адзначыць у гэтай сувязі даследаванне А. Халецкага3, прысвечанае генэзісу і заключэнню Сандамірскай уніі. Паводле яго, пераўтварэнне пратэстантызму ў пануючую канфесію з’яўлялася канчатковай мэтай евангеліцка-рэфармацкай думкі ў Польшчы, на працягу ўсяго перыяду каралявання Жыгімонта Аўгуста ў адрозненне ад «Чэшскіх братоў», якіх задавальняла прызнанне дзяржавай талеранцыі адносна іх веравызнання. Ускосна сацыяльна-палітычныя ідэі евангеліцкіх дзеячоў ранняга перыяду разглядаюцца ў працах па гісторыі пратэстантызму ў Рэчы Паспалітай, расійскіх навукоўцаў Н. Любовіча, П. Жуковіча4. У 1942 г. выходзіць праца дацкага даследчыка К.Э. Ёргенсэна5, у якой закранаюцца пытанні талеранцыі і ўзаемаадносін дзяржавы і царквы ў кантэксце даследавання экуменічных тэндэнцый у межах пратэстантызму Рэчы Паспалітай другой паловы XVI – першай паловы XVIІ стст.
Найбольшае значэнне пры вывучэнні генэзісу і сутнасных характарыстык «Сандамірскай канфесіі» мае фундаментальнае даследаванне польскага пратэстанцкага гісторыка Ю. Лемана6. У яго межах закранаецца пытанне ўзаемаадносін дзяржавы і царквы паводле «Сандамірскай канфесіі» ў кантэксце канфесійных тэкстаў у Заходняй Еўропе і ВКЛ і Польшчы эпохі Рэфармацыі. У дадзенай працы ілюструюцца асноўныя элементы адносін свецкай улады і рэлігійных інстытутаў ў рэфармацыйных канфесійных вучэннях ВКЛ і Польшчы да 1570 г.; указваюцца пры гэтым адрозненні ў падыходах паміж лютэранамі, кальвіністамі і «Чэшскімі братамі». Разам з тым аналіз дадзенага пытання мае тут дастаткова агульны характар, паколькі аўтар канцэнтруе галоўную ўвагу на даследаванні тэалагічных праблем.
З даследаванняў другой паловы ХХ ст., якія часткова закранаюць прадстаўленую праблему, неабходна адзначыць працы У.Аўгустыняк, Т. Войка, Х. Гмітэрэка, Г. Кавальскай, М. Космана, Я. Піражыньскага, В.Сабаціньскага7. Для іх характэрна думка аб перавазе элементаў інталеранцыі і імкненні да забяспячэння пануючага становішча ў грамадстве з дапамогай перацягнення на свой бок дзяржаўнай улады шляхам устанаўлення «нацыянальнай канфесіі» ў межах дыскурсу ранняга польскага пратэстантызму.
Аднак у цэлым у гістарычнай навуцы не было да гэтага часу праведзена спецыяльнага комплекснага даследавання пытання ўзаемадносін дзяржаўных і рэлігійных інстытутаў у пратэстанцкай думцы ранняга перыяду. Мэтай дадзенага артыкулу з’яўляецца эксплікацыя і аналіз сутнасці падыходу да ролі дзяржаўнай улады ў сістэме рэлігійных адносін, тэарэтычна рэпрэзентаванага ў тэксце «Сандамірскай канфесіі» у шырокім кантэксце польска-вялікакняскай і агульнаеўрапейскай пратэстанцкай думкі.
Падыход да пытання ўзаемаадносін дзяржаўных і рэлігійных інстытутаў у грамадстве ў дыскурсе пратэстантызму фарміруецца ў ходзе развіцця працэсаў канфесіяналізацыі і адыходу большасці дзеячоў заходнееўрапейскай Рэфармацыі ад прызнання прынцыпаў талеранцыі і аўтаноміі духоўнага жыцця, заснаваных на канцэпцыі «хрысціянскай свабоды», на раннім этапе рэфармацыйнага руху. Ідэолагі Рэфармацыі Марцін Лютэр, Ульрых Цвінглі, Жан Кальвін і іншыя акцэнтавалі сутнаснае адрозненне двух вымярэнняў чалавечага быцця: «унутранага чалавека» і «знешняга чалавека». Першае вымярэнне праяўляецца ў персаналісцкіх адносінах чалавека да Бога і выкананні яго волі, змешчанай у евангельскім вучэнні. Другое вымярэнне знаходзіць адлюстраванне ў матэрыяльнай практыцы. Яго спецыфіка вызначаецца арганізацыяй сістэмы ўзаемаадносін паміж прадстаўнікамі грамадства ў межах фармалізаваных структур, галоўнай з якіх з’яўляецца дзяржава. Дзяржава ахоплівае сукупнасць усіх прадстаўнікоў грамадства, незалежна ад іх светапоглядных арыентацый. Яе дзейнасць рэгулюецца адпаведнымі органамі з дапамогай пэўнай вызначанай сістэмы норм і кантралюецца шляхам выкарыстання механізмаў прымусу. Рэфарматары акцэнтуюць аўтарытэт дзяржаўнай улады з дапамогай тэалагічных і сацыяльна-практычных аргументаў. Ж. Кальвін углядае прысутнасць Бога ў рэалізацыі свецкай улады, а таму абавязак выконваць яе патрабаванні ён прыраўноўвае да паслушэнства боскім імператывам8. Паслядоўна асуджаюцца мяцяжы і іншыя гвалтоўныя дзеянні, накіраваныя супраць дзяржаўнай улады, якія кваліфікуюцца як бунт супраць боскага ўстанаўлення. М. Лютэр, Ж. Кальвін і іншыя рэфармацыйныя ідэолагі падкрэслівалі, што займанне хрысціянамі дзяржаўных пасад, прывядзенне імі ў выкананне пастаноў органаў свецкай улады, у тым ліку звязаных з выкарыстаннем насілля, не супярэчыць евангельскаму вучэнню.
Сцвярджэнне аўтарытэту дзяржаўнай улады ў сферы матэрыяльнай практыкі было скіравана супраць тэакратычных амбіцый каталіцкай царквы. У той жа час на раннім этапе Рэфармацыі абгрунтоўвалася недапушчальнасць з боку дзяржавы ўмяшання ў сферу рэлігіі, якая адлюстроўвае нематэрыяльнае вымярэнне чалавечага быцця. М. Лютэр дэклараваў наяўнасць мяжы, якую не можа перасягнуць ніякая зямная ўлада: «Свецкае праўленне мае законы, якія распаўсюджваюцца не далей за цела і маёмасць і тое, што з’яўляецца знешнім на зямлі. Над душой жа Бог не можа і не хоча дазволіць уладарыць нікому, акрамя Сябе Самога»9. Дадзены падыход экспліцыруе наступныя высновы: аўтаномнае існаванне рэлігійных інстытутаў у дзяржаве; свабода інтэрпрэтацыі Святога Пісьма, яго публічнага тлумачэння і абмеркавання ў межах хрысціянскай абшчыны; права і нават абавязак негвалтоўнага супраціўлення дзяржаўнай уладзе ў выпадках яе ўмяшання ў сферу сумлення. Аднак ва ўмовах ўзмацнення супрацьстаяння з ідэйнымі праціўнікамі пратэстанцкая думка прызнае ролю дзяржаўнай улады ў барацьбе з тымі вучэннямі, якія абвяшчаюцца ератычнымі. М. Лютэр, выкарыстоўваючы свецкіх пратэстанцкіх князёў як важны фактар умацавання і распаўсюджання Рэфармацыі ў Германіі, паступова прызнае іх права на афіцыйнае вяршэнства ў арганізацыйнай структуры царквы і кантроль над захаваннем прававернасці ў грамадстве, пры захаванні аўтаноміі царкав ў чыста тэалагічнай сферы. Ён заклікаў дзяржаўныя ўлады да дэпартацыі прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій, абгрунтоўваў неабходнасць жорсткіх пакаранняў для анабаптыстаў аж да смяротнай кары10. Свабода веравызнання рэінтэрпрэтавалася ў ідэю «прыватнай свабоды рэлігіі», згодна з якой прадстаўнікі альтэрнатыўных поглядаў мелі права прыватна прытрымлівацца свайго вызнання без яго публічнай дэманстрацыі пры ўмове абавязковага ўдзелу ў кульце пануючай «ісціннай» канфесіі.
Істотная роля дзяржаўнай улады ў сістэме рэлігійных адносін акцэнтавалася таксама ў вучэнні швейцарскіх рэфармаваных цэркваў. Ж. Кальвін, нягледзячы на акцэнтаванне спецыфікі «Царства Божага» і «зямнога ўраду» ў якасці элемента палемікі з радыкальна-рэфармацыйным падыходам, пастуліруе права і нават абавязак дзяржаўнай улады ажыццяўляць кантроль у сферы рэлігійных адносін. Сярод яе галоўных абавязкаў Ж. Кальвін вылучае забяспячэнне таго, каб «ідалапаклонніцтва, парушэнне клятваў, святакрадства, блюзнерства і іншыя заразы ісціннага набажэнства паміж людзьмі не распаўсюджваліся»11. Фактычна дадзеныя тэзісы азначалі неабходнасць замацавання рэфармацкага веравызнання ў якасці пануючага і выкарыстанне сродкаў прымусу ў дачыненні іншаверцаў. Пры гэтым функцыя вызначэння таго, якое вучэнне з’яўляецца ератычным, надаецца рэфармацкай царкве. Дзяржаўная ўлада павінна выкарыстоўваць адпаведныя сродкі ў cферы рэлігійнага, а таксама маральнага і сацыяльнага жыцця, абапіраючыся на рашэнні царквы12.
Разам з тым паўстае пытанне аб адносінах да дзяржаўнай улады, якая не выконвае абавязкаў у справе дапамогі «ісціннаму набажэнству» і ўціскае яго прадстаўнікоў. Дадзеная праблема разглядаецца Ж. Кальвінам у кантэксце аналізу феномену «тыраніі», пад якой разумеецца ўлада, якая адмаўляе права і свае абавязкі адносна Бога і людзей. Яна ацэньваецца ім выключна негатыўна: «Ніякага вобразу Божага ў ёй няма, які ззяе ў ісціннай уладзе»13. Разам з тым Ж. Кальвін абвяшчае тыранію карай Бога за грахі і заклікае да паслушэнства любой уладзе пры ўмове, што яе распараджэнні не супярэчаць Слову Божаму. У выпадку невыканання дадзенай умовы дапускаецца непаслушэнства ўладзе з боку падданых14. Аднак аб яго форме Ж. Кальвін не дае ніякіх канкрэтных указанняў. Галоўным матывам выступае зварот да правідэнцыялісцкага ўмяшання Бога: «(…) (Бог) з народу або са слуг сваіх абірае некаторых мсціцеляў і загадвае ім , каб пакаралі дрэнную ўладу і вызвалілі з-пад уціску прыгнечаны народ (…)»15. Такім чынам, ускосна санкцыянуецца права на супраціўленне «бязбожнай» уладзе, чаму надаецца тэалагічны характар: барацьба з тыраніяй апраўдваецца толькі тады, калі яе дзеячы разглядаюцца як прылада для ажыццяўлення волі Бога, а не як прыватныя асобы. Дадзеная ідэя ў далейшым была развіта французкімі гугенотамі, якія абгрунтоўвалі права на ўзброенае супраціўленне і забойства манарха ў тым выпадку, калі той парушае боскае права.
У вызнанні веры швейцарскіх рэфармацкіх цэркваў «Гельветыцкая канфесія», напісаным лідэрам цюрыхскіх рэфарматаў Генрыхам Булінгерам і выдадзеным у 1566 г., у главе 30 «Аб уладзе» абгрунтоўваюцца агульнапратэстанцкі пастулат аб аўтарытэце дзяржаўнай улады, абавязкі падданых ў яе дачыненні, легітымнасць дзяржаўнага насілля з пункту гледжання хрысціянскіх запаведзяў, асуджэнне мяцяжоў у кантэксце крытыкі радыкальна-рэфармацыйных ідэй. З другога боку, робіцца націск на абавязкі дзяржаўнай улады. Галоўным з іх абвяшчаецца захаванне грамадскага міру. Аднак выкананне дадзенай функцыі абвяшчаецца магчымым толькі для «пабожнай» і «богабаязнай» улады, якая «распаўсюджвае боскую ісціну і яе запаведзі», «вынішчае і выкараняе фальшывыя набажэнствы і ідалапаклонніцтва, абараняючы і распаўсюджваючы ісцінную царкву». Функцыямі дзяржаўнай улады з’яўляюцца таксама абарона Святога Пісьма і недапушчэнне вучэнняў і практычных дзеянняў, якія яму супярэчаць; законатворчасць, узгодненая з пастулатамі «Слова Божага»; суд і пакаранне злачынцаў, да якіх залічваюцца «неўтаймоўныя адшчапенцы (якія б былі сапраўднымі ератыкамі), блюзнерцы боскай велічы, якія трывожаць і пераследуюць царкву Божую». Канкрэтныя метады пакарання «ератыкоў» у тэксце «Канфесіі» не абмяркоўваюцца. Акцэнтуецца ў тэксце проціпастаўленне «пабожнай» і «непабожнай» улады: калі першая з’яўляецца крыніцай дабра для рэлігіі, то другая – крыніцай зла16. Аднак аб адносінах да ўлады, якая не з’яўляецца «пабожнай» не ўзгадваецца.
Такім чынам, у заходнееўрапейскай пратэстанцкай думцы да сярэдзіны XVI ст. адбываецца фарміраванне погляду на ролю дзяржаўнай улады ў сферы рэлігійных адносін, якая мае сваёй задачай забяспячэнне пануючага становішча «ісціннай веры».
У Польшчы і ВКЛ праблема ўзаемаадносін дзяржаўных і рэлігійных інстытутаў у грамадстве ў пратэстанцкай тэалагічнай і сацыяльна-палітычнай думцы разглядаецца, з аднаго боку, пад уплывам заходнееўрапейскай пратэстанцкай думкі, з другога, з улікам спецыфічных сацыякультурных фактараў на геакультурнай прасторы разглядаемага рэгіёна. Да апошніх залічваюцца талерантная палітыка дзяржаўных улад у сферы міжканфесійных адносін, а таксама саслоўная салідарнасць шляхты, на аснове якой фарміруецца адметная шляхецкая ідэалогія, у межах якой свабода веравызнання разглядаецца як спецыфічны саслоўны прывілей. Пратэстантызм у Польшчы і ВКЛ быў прадстаўлены ў межах трох асноўных плыняў: лютэранства, рэфармацтва (кальвінізму) і супольнасці «Чэшскіх братоў». Спецыфіку яго становішча ў перыяд да прыняцця Варшаўскай канфедэрацыі (1540-я гг. – 1573 г.) вызначаюць наступныя рысы: адсутнасць вызначанага прававым шляхам статусу рэфармацыйных супольнасцяў у ВКЛ і Польшчы пры існаванні фактычнай талеранцыі; працэс хуткага далучэння да Рэфармацыі буйных магнатаў і шляхты, якія ўводзілі пратэстантызм у якасці пануючага культу ў сваіх прыватных уладаннях; прагматычная палітыка ў дачыненні да рэфармацыйных абшчын у каралеўскіх уладаннях; неакрэсленасць узаемаадносін паміж асобнымі рэфармацыйнымі групамі; шырокая грамадская дыскусія вакол плану склікання нацыянальнага сабору ва ўмовах крызісу каталіцкай царквы.
Фарміраванне пратэстанцкага падыходу да пытання ролі дзяржаўнай улады ў сістэме рэлігійных адносін адбываецца ва ўмовах адначасовага станаўлення некалькіх альтэрнатыўных падыходаў, да якіх неабходна залічыць контррэфармацыйны, «хрысціянска-гуманістычны», радыкальна-рэфармацыйны. Сутнасць контррэфармацыйнага падыходу ў разглядаемы перыяд найбольш канцэнтравана праяўляецца ў творах польскіх каталіцкіх дзеячоў Станіслава Гозія, Станіслава Ажахоўскага, ананімнага аўтара твору «Размова Паляка з Літвінам» з ВКЛ. Галоўным яго канцэптам з’яўляецца ідэя «капланскага каралеўства», у межах якой узнаўляецца мадэль арганічнага адзінства свецкай і духоўнай улады пры прыярытэце апошняй. Асноўнай функцыяй дзяржаўнай улады абвяшчаецца захаванне грамадскага спакою; пры гэтым умовай выступае тое, што дадзеная ўлада павінна абараняць «ісцінную ўсеагульную царкву» і не мае права прымаць самастойныя рашэнні паводле рэлігійных пытанняў. Абавязак духоўнай улады заключаецца ў пошуку, выяўленні і асуджэнні ератычных вучэнняў, а абавязкам свецкай улады з’яўляецца выкарыстанне карных сродкаў супраць іх прадстаўнікоў. Канчатковае права легітымізацыі свецкай улады належыць рымскаму папе. У выпадку, калі свецкая ўлада не выконвае сваіх абавязкаў у сферы абароны пануючай рэлігіі, духоўны кіраўнік мае права санкцыянаваць непадпарадкаванне падданых манарху, нават дэтранізаваць апошняга і выконваць пры пэўных умовах функцыі свецкай улады17.
«Хрысціянска-гуманістычны» падыход, у аснове якога знаходзілася эразміянская экуменічная традыцыя, быў рэпрэзентаваны ў творчасці польскага гуманіста і дзяржаўна-палітычнага дзеяча Анджэя Фрыча Маджэўскага. Галоўнай яго ідэяй выступае утапічны праект аднаўлення адзінства сусветнай хрысціянскай царквы на аснове кампрамісу паміж усімі хрысціянскімі канфесіямі, знойдзенага ў свабоднай дыскусіі з удзелам прадстаўнікоў усіх сацыяльных груп. Вялікая роля надаецца пры гэтым дзяржаўнай уладзе, галоўная функцыя якой у рэлігійнай сферы палягае на тым, каб шляхам наяўных прававых сродкаў імкнуцца да ўстанаўлення ў дзяржаве царкоўнага адзінства, не выкарыстоўваючы пры гэтым гвалтоўных метадаў. У якасці неабходнай умовы рэалізацыі экуменічнага праекту разглядаецца забяспячэнне міжканфесійнай цярпімасці ў грамадстве, на карысць якой прыводзяцца палітыка-прагматычныя і маральна-рэлігійныя аргументы18.
Радыкальна-рэфармацыйны падыход фарміруецца ў межах супольнасці «Польскіх і Літоўскіх братоў», якая паўстае ў сярэдзіне 1560-х гг. У 1570-я гг. ён знаходзіць сваё ідэйнае развіццё ў творах Гжэгажа Паўла, Марціна Чаховіца, Станіслава Вісьнёўскага. Фундаментальнай асновай дадзенага падыходу выступае дуалістычны падзел грамадства на «свет сапраўдных хрысціян» і «знешні свет», якія сутнасна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Дзяржава выступае арганічнай часткай «знешняга свету», якая забяспечвае пэўны парадак у яго межах шляхам выкарыстання інструментаў прымусу і таму мае пэўнае пазітыўнае значэнне. Аднак арыентацыя «сапраўдных хрысціян» павінна быць накіравана на мінімізацыю кантактаў са «знешнім светам», што ўключае ў сябе адмаўленне ад заняцця дзяржаўных пасад, зваротаў у суды, выканання дзяржаўных распараджэнняў, звязаных з выкарыстаннем насілля, удзелу ў войнах19. Сектанцкая негацыя арганізаванага сацыяльнага свету прадукавала пасіўны падыход да сацыяльна-палітычнага аспекту праблемы рэлігійных адносін у грамадстве.
У гэтых умовах на працягу 1540-1560-х гг. у дыскурсе пратэстантызму становіцца актуальным пытанне вызначэння ролі дзяржаўнай улады ў сістэме рэлігійных адносін. Яго спробы адбываюцца ў дзвюх формах евангеліцкай думкі:
- соймавыя праекты і выступленні прадстаўнікоў пратэстанцкай шляхты;
- тэалагічныя творы.
Евангеліцкая шляхта ўпершыню выказвае свае патрабаванні ў сферы рэлігіі на каронным сойме 1548 г. Рашэннем кароннага сойму 1552 г. у выніку энергічных дзеянняў шляхты была прыпынена духоўная юрысдыкцыя па справах «ерасі», якая канчаткова была адменена ў 1563 г. Паводле Віленскага прывілею 1563 г. адбылося палітычнае ўраўнаванне ў правах усёй хрысціянскай шляхты. На каронным сойме 1555 г. кароль пагадзіўся на захаванне фактычнай талеранцыі ў дзяржаве «да склікання сабору». Галоўнымі ідэямі соймавых праектаў прадстаўнікоў евангеліцкай шляхты ў кантэксце праблемы ролі дзяржаўнай улады ў сістэме рэлігійных адносін былі наступныя:
- Ідэя размежавання функцый дзяржаўных і рэлігійных інстытутаў пры перавазе дзяржаўнай улады; прыярытэт дзяржаўнага права перад асобным царкоўным заканадаўствам. На каронным сойме 1555 г. паслы сцвярджалі, што права асуджэння шляхціца на смерць і пазбаўленне гонару належыць выключна каралеўскаму суду, які ажыццяўляецца на сойме, у тым ліку па справах рэлігійных злачынстваў20.
- Ідэя несумяшчальнасці асобных правоў каталіцкага духавенства агульнадзяржаўнаму заканадаўству. У найбольш радыкальнай форме дадзены тэзіс быў рэпрэзентаваны пратэстанцкай шляхтай на каронным сойме 1558 г., дзе быў прадстаўлены праект выдалення каталіцкіх біскупаў з Сенату. Галоўным аргументам на яго карысць выступала ўказанне на прыярытэт з боку каталіцкага духавенства папскай улады перад каралеўскай. У гэтай сувязі вышэйшае каталіцкае духавенства разглядаецца як іншаземная агентура, якая ставіць сваёй мэтай разбурэнне асноў дзяржаўна-палітычнага ладу згодна з інтарэсамі папства21.
- Ідэя «свабоды пропаведзі Слова Божага», пад чым фактычна разумелася талеранцыя ў дачыненні розных ідэйных плыняў у межах хрысціянства. Упершыню дадзены лозунг з’яўляецца на каронным сойме 1548 г.22. На каронным сойме 1555 г. патрабаванне «свабоды веры» тлумачылася тым, што духавенства не здольнае навучыць правільнаму разуменню Святога Пісьма23. Разам з тым па меры ўзмацнення рэфармацыйнага руху выяўляўся сітуацыйны характар дадзенага патрабавання. На Парчоўскім каронным сойме 1564 г. евангеліцкая шляхта выступае з ініцыятывай выгнання антытрынітарыяў, якія ў гэты час аддзяліліся ад рэфармаванага збору, за межы краіны, указваючы на магчымыя небяспечныя сацыяльныя вынікі, што вынікаюць з іх вучэння.
Характэрнай рысай пратэстанцкай соймавай думкі выступае яе саслоўная скіраванасць. На каронным сойме 1555 г. евангеліцкая шляхта прапаноўвала замацаваць за ўласнікамі ў прыватных уладаннях права ўстанаўлення набажэнства ў культавых збудаваннях паводле ўласнага выбару пры захаванні прыватнай свабоды веравызнання, што азначала па сутнасці рэалізацыю прынцыпу «чыя ўлада, таго і рэлігія»24. На сойме 1556/1557 гг. палажэнні Аугсбургскага рэлігійнага міру ў Германіі падаваліся з боку пратэстантаў як узор вырашэння міжканфесійных канфліктаў25. Яшчэ адной характэрнай рысай соймавай думкі з’яўляецца кампраміснасць, выкліканая сацыяльна-палітычнымі фактарамі, і апрыёрнае ўказанне на часовасць прапануемых праектаў, «да склікання сабору».
Некалькі інакш разглядаецца праблема ўзаемаадносін дзяржаўных і рэлігійных інстытутаў ў тэалагічных творах, выдадзеных ў ВКЛ і Польшчы на раннім этапе Рэфармацыі. Для іх характэрна акцэнтаванне аўтарытэту дзяржаўнай улады, што вынікае з яе боскага паходжання. Падкрэсліваецца абавязак падданых падпарадкоўвацца ўсім распараджэнням свецкай улады, акрамя тых, што могуць супярэчыць Святому Пісьму; асуджаюцца антыўрадавыя выступленні26. У той жа час адносіны дзяржаўнай улады да функцыянавання рэлігійнай сферы разглядаліся прадстаўнікамі розных пратэстанцкіх вызнанняў па-рознаму. У тэксце «Канфесіі Чэшскіх братоў», якая была складзена ў 1535 г., а ў 1563 г. выдадзена ў Кракаве на польскай мове з пасвячэннем каралю Жыгімонту Аўгусту ў главе «Аб уладзе або пануючых гэтага свету» акцэнт робіцца на абгрунтаванні аўтарытэту дзяржавы і неабходнасці падпарадкавання падданых любой уладзе, акрамя выпадкаў разыходжання распараджэнняў улады з боскай воляй.27 Аб ролі дзяржаўнай улады ў рэлігійным жыцці не ўзгадваецца. З гэтага можна зрабіць выснову, што «Чэшскія браты» не былі прыхільнікамі актыўнага ўмяшання дзяржавы ў сферу рэлігіі і задавальняліся захаваннем фактычнай рэлігійнай талеранцыі ў дзяржаве. Так, на калоквіуме ў Бужаніне, арганізаваным 16 чэрвеня 1561 г. з сумесным удзелам кальвіністаў і «Чэшскіх братоў», апошнія асудзілі прымусовае навяртанне на веру і закрыццё каталіцкіх культавых будынкаў, абаранялі прынцып добраахвотнага прыняцця веры28.
Акцэнт на абавязку дзяржаўнай улады выкарыстоўваць механізмы прымусу для ўстанаўлення панавання ў грамадстве «ісціннай рэлігіі» упершыню з’яўляецца ў пратэстанцкай думцы Польшчы і ВКЛ у 1540-я гг. у творчасці польскага лютэранскага прапаведніка Яна Секлюцыяна29. У далейшым дадзеная ідэя была развіта прадстаўнікамі рэфармацкага вызнання. Яны заклікаюць у сваіх творах караля прыняць «ісцінную, апостальскую» веру і прывесці да яе сваіх падданых. Абавязкам манарха абвяшчалася выкараненне «фальшывых культаў», пад чым фактычна разумелася іншаверства30. Талеранцыя ў адносінах да прадстаўнікоў іншых веравызнанняў па сутнасці адмаўлялася. Евангеліцкі дзеяч Я. Пшылускі лічыць неабходным захаванне карных санкцый супраць «сапраўдных ератыкоў», ажыццяўленне якіх павінна быць прэрагатывай свецкай улады31.
Рабіліся спробы вызначыць функцыянальную адрознасць духоўнай і свецкай улады. На погляд кальвінісцкага дзеяча, які затым далучыўся да антытрынітарызму, Марціна Кравіцкага, функцыі рэлігійных інстытутаў павінны абмяжоўвацца сферай духоўнага навучання; у той жа час устанаўленне асноўных правіл, якія рэгулююць грамадскае жыццё, у тым ліку ў рэлігійнай сферы, з’яўляецца прэрагатывай дзяржавы32. Разам з заклікамі да манарха важную ролю мелі звароты да ўплывовых польскіх і вялікакняскіх магнатаў з мэтай іх схіліць іх да правядзення агульнадзяржаўнай Рэфармацыі. Так, кальвінісцкі прапаведнік В. Дзіскордзіа звяртаецца з падобным зваротам да буйнейшага пратэстанцкага магната, віленскага ваяводы і канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага, параўноўваючы яго з апосталам або «другім Карнеліем»33.
Такім чынам, у дадзеным кантэксце соймавыя пратэстанцкія праекты «свабоды веры» могуць разглядацца як часовая праграма-мінімум, у той час як праграмай-максімум выступае прыняцце пратэстанцкай канфесіі ў якасці афіцыйнай. На дадзены факт адкрыта ўказвае М. Кравіцкі34.
Найбольш канцэнтравана ідэя правядзення Рэфармацыі з дапамогай дзяржаўнай улады рэпрэзентавана ў творчасці буйнейшага польскага евангеліцкага тэолага, блізкага паводле сваіх поглядаў да цюрыхскіх рэфарматаў Яна Ласкага. Перад сваім вяртаннем у Польшчу напрыканцы 1555 г. ён піша лісты да караля, сенату і шляхты, у якіх заклікае пануючыя саслоўі Кароны Польскай да садзеяння Рэфармацыі. Разам з лістамі Я. Ласкі прапануе праект царкоўнай рэформы ў творы «Форма і парадак царкоўнага ўладкавання». Ён адкрыта абвяшчае, што лічыць галоўнай мэтай рэфармацыйнага руху «знішчэнне ў краі антыхрыставай тыраніі і адбудову ў ім Царства Хрыстова з яго вучэннем»35. Ілюструючы імклівае развіццё рэфармацыйнага руху, тэолаг заклікае караля далучыцца да яго і забяспечыць панаванне ў дзяржаве пратэстанцкай канфесіі, не зважаючы на супраціўленне каталіцкага духавенства36. Я. Ласкі прапануе праводзіць рэфармаванне царквы паступова, каб не выклікаць магчымых сацыяльных хваляванняў; у якасці ўзору для каралеўскай улады даецца прыклад англійскай Рэфармацыі часоў караля Эдуарда VI37. Разам з тым вялікае значэнне ён надаваў сенату, які ва ўмовах тагачаснай палітычнай сістэмы валодаў істотнай уладай. Звяртаючыся ў лісце да свецкай часткі сенатараў, Я. Ласкі заклікае іх скіраваць свае намаганні на тое, каб пераканаць караля прыняць пратэстантызм і садзейнічаць прыняццю яго ў якасці пануючай канфесіі38. Разам з тым у лістах да сенату і шляхты выказваюцца негатыўныя адносіны да стыхійнага характару шляхецкай Рэфармацыі, «поўнай свабоды» у справах веры, якая нясе пагрозу «ісціне»39. Рэфармацыя, на яго думку, павінна набыць арганізаваны характар на аснове адзінага веравызнання і культу, што магчыма толькі пры яе агульнадзяржаўнай рэалізацыі. Мадэль узаемаадносін дзяржаўнай і духоўнай улады польскага рэфарматара грунтуецца на ідэях заходнееўрапейскіх рэфармацкіх тэолагаў і прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне «мяча палітычнага» і «мяча духоўнага». Дзяржаўная ўлада выступае гарантам парадку і пабожнасці ў царкве, нясе адказнасць за распаўсюджанне ў дзяржаве «ісціннай веры» і ліквідацыю «ідалапаклонніцтва». Духоўная ўлада павінна папярэджваць кіраўнікоў дзяржавы, каб тыя не выкарыстоўвалі сваю ўладу па-за межамі ўстаноўленай кампетэнцыі і не дзейнічалі якім-небудзь чынам на шкоду «ісціннай пабожнасці» і «ісціннага боскага культу»40. Разам з тым аб адносінах да свецкай улады, якая перашкаджае «ісціннай веры», у творчасці Я. Ласкага, як і іншых прадстаўнікоў пратэстанцкай думкі ў ВКЛ і Польшчы ў ранні перыяд Рэфармацыі не ўзгадваецца; пытанне зводзіцца да апісання з дапамогай біблейскіх прыкладаў боскіх кар у дачыненні «бязбожнай улады». У перыяд пасля вяртання з эміграцыі (1556-1560) Я. Ласкі беспаспяхова рабіў вялікія намаганні для рэалізацыі сваёй сацыяльна-палітычнай праграмы. Адной з галоўных ўмоў яе ажыццяўлення ён лічыў аб’яднанне ўсіх пратэстанцкіх груп у Польшчы і ВКЛ і выпрацоўку агульнай канфесійнай дактрыны, якая б магла быць прадстаўлена каралеўскай уладзе ў якасці праекту «нацыянальнай канфесіі».
Напрыканцы 1560-х гг. рэлігійна-палітычная сітуацыя ў Рэчы Паспалітай вызначалася некалькімі фактарамі. Па першае, адбываецца ўзмацненне контррэфармацыйнага руху; з другога боку, сярод пратэстантаў захоўваюцца надзеі на прыняцце каралём планаў нацыянальнага сабору, на якім евангелікі разлічвалі прадставіць сваё веравынанне ў форме «нацыянальнай канфесіі». З гэтым звязана актывізацыя намаганняў, накіраваных на кансалідацыю ўсіх пратэстанцкіх плыняў у межах Рэчы Паспалітай. Галоўная роля ў гэтым належала Малапольскаму рэфармацкаму збору, які рэпрэзентаваў большую частку палітычна актыўнай пратэстанцкай шляхты. За ўзор кафесійнай дактрыны аб’яднанага пратэстантызму была ўзята «Гельветыцкая канфесія», афіцыйна прынятая Малапольскім зборам у 1566 г. Яе тэкст быў перакладзены на польскую мову адным з кіраўнікоў збору Крыштофам Трэцым; у межах тэксту былі зроблены некаторыя змяненні, накіраваныя на зняцце супярэчнасцяў з лютэранскай дактрынай. Ён быў прадстаўлены на аб’яднаным сінодзе польскіх і вялікакняскіх рэфарматаў, лютэран і «Чэшскіх братоў» у Сандаміры 9-15 красавіка 1570 г. напярэдадні сойму 1570 г. Тэкст «Сандамірскай канфесіі» не быў прыняты ў якасці агульнапратэстанцкага веравызнання з-за супраціўлення лютэран, і сінод абмежаваўся прыняццем т. зв. Сандамірскай згоды, якая дэкларавала палітычны саюз прадстаўнікоў трох евангеліцкіх вызнанняў.
Пытанне ролі дзяржаўнай улады ў сістэме рэлігійных адносін разглядаецца ў тэксце «Сандамірскай канфесіі» на аснове палажэнняў «Гельветыцкай канфесіі». Глава 30 «Аб уладзе» была амаль у нязменным выглядзе транслявана з тэксту канфесійнай дактрыны швейцарскіх рэфарматаў. У ёй былі зафіксаваны ўсе асноўныя палажэнні адносна ролі дзяржаўнай улады ў грамадстве, якія былі ўказаны пры разглядзе «Гельветыцкай канфесіі»41. Маецца толькі некаторы дадатак пры разглядзе пытання вайны: у ім робіцца акцэнт на абавязку дзяржаўных улад выкарыстоўваць усе магчымыя мірныя сродкі перад тым, каб распачаць вайну42. Можна меркаваць, што дадзены дадатак выкліканы імкненнем узмацніць абарону дзяржаўнага права на правядзенне вайны ў палеміцы з радыкальна-рэфармацыйнай ідэяй ненасілля. Закранаючы ролю дзяржаўнай улады ў сферы рэлігійных адносін, у «Сандамірскай канфесіі» паўтараюцца тэзісы Г. Булінгера аб тым, што свецкая ўлада можа эфектыўна выконваць свае функцыі толькі ў тым выпадку, калі яна з’яўляецца «пабожнай», выкарыстоўвае свае механізмы для распаўсюджання і забяспячэння пануючага прававога статусу «ісціннай веры». «Пабожнасць» дзяржаўнай улады бачыцца таксама ў барацьбе з «фальшывымі культамі» і «ідалапаклонніцтвам» і пакаранні «ератыкоў» і «блюзнерцаў» як дзяржаўных злачынцаў43. Аб практычных метадах барацьбы з іншаверцамі, а таксама аб адносінах да ўлады, якая не можа лічыцца «пабожнай», у разглядаемым тэксце, як і ў «Гельветыцкай канфесіі» няма ўказанняў.
Арыгінальнай часткай «Сандамірскай канфесіі» выступае прадмова да яе, адрасаваная каралю і вялікаму князю, у якой таксама змяшчаюцца важныя ідэі, якія датычаць праблемы ўзаемаадносін дзяржавы і рэлігійных інстытутаў у грамадстве. Прадмова пачынаецца з указання каралю таго, што яго ўлада з’яўляецца боскім дарам; разам з тым яе паходжанне ад Бога прадугледжвае пэўныя абавязкі каралеўскай улады, устаноўленыя Богам. Далей у духу лістоў Я. Ласкага акцэнтуецца факт распаўсюджання рэфармацыйных ідэй: «(…) шмат людзей і саслоўяў, падданых вашай каралеўскай міласці, як у годных іншых каралеўствах і княствах, так і пад шчаслівым панаваннем вашай каралеўскай міласці прыйшлі да пазнання ісціны боскай, закрытай людскімі вымысламі»44. Пасля гэтага даецца сціслая крытыка вучэнняў каталікоў і антытрынітарыяў, якія разглядаюцца як ворагі «ісціны»; указваецца негатыўная роля дадзеных вучэнняў не толькі ў рэлігійным, але і ў сацыяльна-палітычным аспекце45. У супрацьвагу ім акцэнтуецца прававернасць, заснаваная на ісціннай інтэрпрэтацыі Святога Пісьма, ачышчанага ад элементаў культурнай традыцыі, і ўнутранае адзінства рэпрэзентантаў «Сандамірскай канфесіі». Пры гэтым абвяргаюцца абвінавачванні контррэфармацыйнай прапаганды ва ўнутранай канфліктнасці пратэстантызму. Заключэнне Сандамірскай уніі пры захаванні свабоды форм культу ў межах асобных збораў разглядаецца як асноўны доказ ілжывасці дадзеных абвінавачванняў46. Галоўнай ідэяй прадмовы з’яўляецца заклік да караля і вялікага князя, каб той «(…) нас [евангелікаў – І.Б.] як верных і паслухмяных падданых сваіх больш не даваў уціскаць і рабіць на нас паклёпы, а быў бы для нас міласцівым панам і абаронцам і прыхільнікам боскай ісціны паводле запаведзяў боскіх»47. У дадзенай сувязі праявілася пэўная асцярожнасць аўтараў «Сандамірскай канфесіі», якія не заклікалі караля непасрэдна да прыняцця пратэстантызму, што ўтрымліваецца ў главе «Аб уладзе». Разам з тым у тэксце прадмовы высока ацэньваецца роля старазапаветных цароў, якія выкаранялі «ідалапаклонніцтва» і апісваюцца боскія кары ў дачыненні тых цароў, якія адступілі ад абавязкаў адносна Бога48. Пытанне канкрэтных форм адносін да «нявернай улады» і форм пакаранняў тых, хто адступіў ад «боскай ісціны», таксама абыходзіцца. Заклік да караля прыняць прапануемае вызнанне завяршаецца дэманстрацыяй лаяльнасці і прагназаваннем росквіту Рэчы Паспалітай пад боскай апекай, які павінен наступіць у выніку рэалізацыі змешчаных у прадмове прапаноў49.
Такім чынам, можна вылучыць асноўныя ідэі, якія характарызуюць канцэптуальны падыход да праблемы ролі дзяржаўнай улады ў сістэме рэлігійных адносін у грамадстве ў тэксце «Сандамірскай канфесіі»:
- пастуліраванне права дзяржаўнай улады на ўстанаўленне афіцыйнай канфесіі;
- абгрунтаванне абавязку дзяржаўнай улады выкарыстоўваць механізмы прымусу для ліквідацыі вучэнняў і культаў, якія супярэчаць евангеліцкаму веравызнанню, якое прызнаецца адлюстраваннем абсалютнай ісціны;
- падзел відаў дзяржаўнай улады на «пабожныя» і «непабожныя» у залежнасці ад выканання абавязкаў у рэлігійнай сферы.
Дадзеныя ідэі з’яўляюцца вынікам рэцэпцыі падыходу да разглядаемай праблемы ў заходнееўрапейскай пратэстанцкай, тэалагічнай і сацыяльна-палітычнай думцы. Найбольшы ўплыў пры гэтым мелі ідэі швейцарскіх рэфарматараў Г. Булінгера, якія непасрэдна трансляваліся ў тэкст «Сандамірскай канфесіі» з «Гельветыцкай канфесіі», а таксама ў меншай ступені Ж. Кальвіна. З польска-вялікакняскіх дзеячоў найбольш ўплыў на фарміраванне падыходу «Сандамірскай канфесіі» мелі погляды Я. Ласкага, у творчасці якога найбольш паслядоўна рэалізавалася спроба экспліцыраваць заходнееўрапейскую рэфармацкую мадэль дзяржаўнай улады ў сістэме рэлігійных адносін на сацыяльна-палітычную практыку ў Польшчы і ВКЛ.
Разам з тым ідэі «Сандамірскай канфесіі» з’яўляюцца найбольш сістэматычным адлюстраваннем і ў пэўнай ступені завяршэннем пратэстанцкага падыходу да праблемы ўзаемаадносін дзяржаўных і рэлігійных інстытутаў у грамадстве, які характарызуецца інструментальным выкарыстаннем прынцыпаў рэлігійнай цярпімасці і прызнаннем права дзяржаўнай улады на ўстанаўленне афіцыйнай канфесіі. У той жа час сацыяльна-палітычная спецыфіка Рэчы Паспалітай абумовіла большую памяркоўнасць пратэстанцкай падыходу да разглядаемай праблемы ў ВКЛ і Польшчы ў параўнанні з Заходняй Еўропай. У яго межах адсутнічаюць канкрэтныя ўказанні паводле пытання аб непасрэдных сродках прымусу ў дачыненні да іншаверцаў. Не знайшлі адлюстравання таксама ідэі Ж. Кальвіна, паводле якіх дапускалася непадпарадкаванне дзяржаўнай уладзе у тым выпадку, калі яна выступае супраць «ісціннай рэлігіі».
У разглядаемай канкрэтна-гістарычнай сітуацыі польскія і вялікакняскія пратэстанты не мелі сіл для рэалізацыі сваіх сацыяльна-палітычных планаў. «Сандамірская канфесія» не была прызнана на сойме 1570 г. Вынесены там жа пратэстанцкімі пасламі праект «Спосаб пагаднення паміж духоўным і свецкім станамі», галоўнымі элементамі якога выступалі свабода веравызнання для прадстаўнікоў рэфармацыйных плыняў, аб’яднаных Сандамірскай уніяй, незалежна ад саслоўнай прыналежнасці; права шляхты на ўвядзенне ў сваіх уладаннях культу паводле ўласнага выбару; захаванне духоўнай юрысдыкцыі толькі для каталікоў, не быў ухвалены на сойме50. З пачатку 1570-х гг. адбываецца паступовае аслабленне палітычных пазіцый пратэстантызму. Галоўныя намаганні евангеліцкай эліты скіроўваюцца на захаванне палітыка-прававых гарантый рэлігійнай талеранцыі ў адносінах паміж «падзеленымі паводле веры», што было юрыдычна замацавана Варшаўскай канфедэрацыяй 1573 г. Адпаведна ў межах пратэстанцкай тэалагічнай і сацыяльна-палітычнай думкі з гэтага часу адбываецца змяненне падыходу да пытання ўзаемаадносін дзяржавы і рэлігійных інстытутаў у грамадскім жыцці: акцэнтуюцца больш паслядоўна падзел функцый дзяржавы і царквы, недапушчальнасць кіравання сумленнем чалавека з боку ўладных інстанцый; прызнаецца пазітыўная вартасць феномена талеранцыі ў палітыка-прагматычным аспекце.
Такім чынам, праблема ролі дзяржаўнай улады ў сістэме рэлігійных адносін ў межах «Сандамірскай канфесіі» разглядалася ў кантэксце падыходаў агульнаеўрапейскай пратэстанцкай тэалагічнай і сацыяльна-палітычнай думкі. Асноўнымі ідэямі тэксту «Сандамірскай канфесіі» у дадзенай сувязі з’яўляюцца пастуліраванне права дзяржаўнай улады на ўстанаўленне афіцыйнай канфесіі; абгрунтаванне абавязку дзяржаўнай улады выкарыстоўваць механізмы прымусу для падаўлення іншаверства; падзел відаў дзяржаўнай улады на «пабожныя» і «непабожныя» у залежнасці ад выканання абавязкаў у рэлігійнай сферы. У іх рэзультуецца спецыфіка канцэптуальнага падыходу да названай праблемы пратэстанцкай думкі ВКЛ і Польшчы ранняга перыяду да прыняцця Варшаўскай канфедэрацыі. У аснове якога знаходзіліся спадзяванні на дасягненне пратэстантызмам пануючага статусу ў дзяржаве.
1 Zakrzewski W. Powstanie i wzrost reformacji w Polsce. 1520-1572. Lipsk, 1870.
2 Śmietana A. Zabiegi protestantów polskich o uzyskanie równouprawnienia przed śmiercią Zygmunta Augusta // Przegląd Historyczny. 1915. T. 19. Z. 1.
3 Halecki O. Zgoda Sandomierska 1570 r. Jej geneza i znaczenie w dziejach Reformacji polskiej za Zygmunta Augusta. Warszawa, Kraków, 1915.
4 Жукович П. Кардинал Гозий и польская церковь его времени. C.-Петербург, 1882; Любович Н.Н. История Реформации в Польше. Кальвинисты и антитринитарии (по неизданным источникам). Варшава, 1883.
5 Jørgensen K.E.J. Öukumenische Besterbungen unter den polnischen Protestanten bis zum Jahre 1645. København, 1942.
6 Lehmann, J. Konfesja Sandomierska na tle innych konfesji w Polsce XVI wieku. Warszawa, 1937.
7 Augustyniak U. Konfesja Sandomierska. Wstęp historyczny. Warszawa, 1994; Gmiterek H. Bracia czescy a kalwini w Rzeczypospolitej. Połowa XVI – połowa XVII wieku. Lublin, 1987; Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim księstwie Litewskim świetle propogandy wyznaniowej. Wrocław, Warszawa, Kraków, Gdańsk, 1973; Kowalska H. Działalność reformatorska Jana Łaskiego w Polsce 1556-1560. Wrocław, Warszawa, Kraków, 1969; Pirożyński J. Sejm Warszawski r. 1570 // Zeszyty Naukowe Uniwersytrtu Jagiellońskiego. Prace Historyczne. 1972. Z. 36; Sobociński W. Elementy tolerancji i nietolerancji religijnej w doktrynie Jakuba Przyłuskiego // Ksiąga pamiątkowa ku czci Konstantego Grzybowskiego. Kraków, 1971; Wojak T. Uwagi o tolerancji w Polsce na tle polemiki wyznaniowej w XVI wieku // Wkład protestantuzmu do kultury polskiej. Warszawa, 1970.
8 Calvinus I. O zwierzchności świeckiej według Pisma Swiętego opisanie. [Kraków], 1599. S. 4.
9 Лютер М. О светской власти // Избранные произведения / Сост.-ред. А.П. Андрюшкин; пер. и коммент. К.С. Комарова [и др.]. Москва, C.-Петербург, 1994. C.146-147.
10 Ogonowski Z. Z zagadnień tolerancji w Polsce XVII wieku. Warszawa, 1958. S.153; Völker K. Toleranz und Intoleranz im Zeitalter der Reformation. Leipzig, 1912. S. 81-94.
11 Calvinus I. O zwierzchności świeckiej według Pisma Swiętego opisanie. S. 4.
12 Lehmann, J. Konfesja Sandomierska na tle innych konfesji w Polsce XVI wieku. S. 293.
13 Calvinus I. O zwierzchności świeckiej według Pisma Swiętego opisanie. S. 24.
14.Яго ж. S. 25—28.
15 Яго ж. S. 29.
16 Confessio helvetica posterior von 1562 // Műller E.F. Die Bekentnisschriften der reformierten Kirche. Die autentischen Texte. Leipzig, 1903. S. 220-221; Das zweite helvetische Bekentniss. Confessio Helvetica Posterior. Verfasst von Heinrich Bullinger / ins Deutsche űbertragen von W. Hildebrandt und R. Zimmermann. 4, durchgesehene Auflage. Zűrich, 1967. S. 136-137.
17 Hosius, S. Ksyęgi o jasnym a szczyrym słowie Bożym (...) Sygmuntowi Augustowi (...) przypisane. – Kraków: L. Andrusowic, 1562. K. 47—52; Orzechowski S. Quincunx, to jest wzór Korony Polskiej na cynku wystawiony / Wyd. K.J. Turowskiego. Warszawa, 1858. S. 4—63, 80—111; Rozmowa Polaka z Litwinem. 1564 / Wyd. J. Korzeniowski. Kraków, 1890. S. 8, 12.
18 Modrzewski A.F. Dzieła wszystkie: w 5 t. T. 4: Pisma. 1560-1562 / Przetłum. E. Jędrkiewicz, I. Lichońska, W. Germain; wstęp L. Kurdybachy; red. nauk. i koment. K. Górskiego. Warszawa, 1957. S. 406-416; Modrzewski A.F. Dzieła wszystkie: w 5 t. T. 5: Sylvy / Przetłum. L. Joachimowicza; wstęp L. Kurdybachy; red. nauk. i koment. K. Górskiego. Warszawa, 1959. S. 147—150, 240—250; Ogonowski Z. Trzy postawy wobec tolerancji. Włodkowic – Modrzewski – socynianie // Archiwum historii filozofii i myśli społecznej. 1997. T. 37. S. 144-146.
19 Czechowic M. Rozmowy chrystyjańskie / Oprac. A.Linda. Warszawa, 1979; Grzegorz Paweł z Brzezin. Przeciwko zdaniu o wojnie Jakuba Paleołoga // Literatura ariańska w Polsce XVI wieku: Antołogia / Oprac. wstępem i przypisami L. Szczucki i J. Tazbir. Warszawa, 1959; Wiśniowski S. Okazanie sfałszowania i wyznanie prawdziwej nauki Pana Krysta // Literatura ariańska w Polsce XVI wieku: Antołogia / Oprac. wstępem i przypisami L. Szczucki i J. Tazbir. Warszawa, 1959.
20 Dzienniki sejmów walnych koronnych za panowania Zygmunta Augusta króla polskiego, W. X. Litewskiego 1555-1558 w Piotrkowie złożonych / Wyd. br. Lubomirskich. Kraków, 1869. S. 11—12.
21 Dzienniki sejmów walnych koronnych za panowania Zygmunta Augusta króla polskiego, W. X. Litewskiego 1555-1558 w Piotrkowie złożonych. S. 195—207.
22 Zakrzewski W. Powstanie i wzrost reformacji w Polsce. 1520-1572. S. 246.
23 Dzienniki sejmów walnych koronnych za panowania Zygmunta Augusta króla polskiego, W. X. Litewskiego 1555-1558 w Piotrkowie złożonych. S. 14.
24 Dzienniki sejmów walnych koronnych za panowania Zygmunta Augusta króla polskiego, W. X. Litewskiego 1555-1558 w Piotrkowie złożonych. S. 15—16.
25 Diariusz sejmu walnego Warszawskiego z roku 1556/7 / Wyd., wstęp S. Bodniaka. Kórnik, 1939. S. 30.
26 Confessio, to iest Wyznanie wiary, nauki y nabożeństwa Krześciańskiego (…) w Widniu lata 1535 podana a teraz (…) Zygmuntowi Augustowi (…) krolowi polskiemu od niektorych panow (…) ofiarowana (...). Krakόw, 1563. K. 90—94; Krowicki M. Obrona nauki prawdziwej. Pińczow, 1560. K. [8]; Lutomirski S. Confessio, to jest wyznanie wiary. Królewiec, 1566. K. d3—d4; Lehmann, J. Konfesja Sandomierska na tle innych konfesji w Polsce XVI wieku. S. 293-296.
27 Confessio, to iest Wyznanie wiary, nauki y nabożeństwa Krześciańskiego (…) w Widniu lata 1535 podana a teraz (…) Zygmuntowi Augustowi (…) krolowi polskiemu od niektorych panow (…) ofiarowana (...). K. 90—94.
28 Akta synodów różnowierczych w Polsce: w 4 t. / Oprac. M. Sypayłło. T. 2: 1560-1570. Warszawa, 1972. S. 101, 104.
29 Seklucjan J. Wyznanie wiary chrześcijańskiej / oprac. H. Kowalska i S. Rospond. Warszawa, 1971. S. 4.
30 Krowicki M. Chrześcijańskie a żałobliwe napominanie / oprac. B. Otwinowska i J. Tazbir. Warszawa, 1969. S. 9—13; Wawrzyniec z Przasnysza. Nauka o prawdziwej y o fałszywey pokucie (…). [Pińczów], 1559. Przedmowa.
31 Sobociński W. Elementy tolerancji i nietolerancji religijnej w doktrynie Jakuba Przyłuskiego // Ksiąga pamiątkowa ku czci Konstantego Grzybowskiego. Kraków, 1971. S. 209.
32 Krowicki M. Chrześcijańskie a żałobliwe napominanie. S. 11—12; Krowicki M. Obrona nauki prawdziwej. K. [4].
33 Wawrzyniec z Przasnysza. Nauka o prawdziwej y o fałszywey pokucie (…). Przedmowa.
34 Krowicki M. Chrześcijańskie a żałobliwe napominanie. S. 16—17.
35 Łaski J. Forma i całkowity porządek kościelnego posługiwania / Przetłum. z łac. T. Płóciennik; przedmowa; pod red. J. Maciuszko. Warszawa, 2004. S. 50.
36 Łaski J. Forma i całkowity porządek kościelnego posługiwania. S. 51; Łaski J. Listy trzy wielce czytania godne o dobrym i prawidłowymc sposobie urządzenia Koścoiłów / Przetłum. z łac. T. Płóciennik; wyd. A.Sękowska; przedmowa Z. Trandy, J. Maciuszko. Warszawa, 2003. S. 33.
37 Łaski J. Forma i całkowity porządek kościelnego posługiwania. S. 29.
38 Łaski J. Listy trzy wielce czytania godne o dobrym i prawidłowymc sposobie urządzenia Koścoiłów. S. 39—80.
39 Łaski J. Listy trzy wielce czytania godne o dobrym i prawidłowymc sposobie urządzenia Koścoiłów. S. 75—78, 84—88.
40 Kowalska H. Działalność reformatorska Jana Łaskiego w Polsce 1556-1560. Wrocław, Warszawa, Kraków, 1969. S. 41.
41 Konfesja Sandomierska / Transkrypcja i komentarz językowy K. Długosz-Kurczabowej. Warszawa, 1995. S. 235—241.
42 Konfesja Sandomierska. S. 238.
43 Konfesja Sandomierska. S. 236—238.
44 Konfesja Sandomierska. S. 4.
45 Konfesja Sandomierska. S. 4—6.
46 Konfesja Sandomierska. S. 6—7, 8—13.
47 Konfesja Sandomierska. S. 13.
48 Konfesja Sandomierska. S. 7—8.
49 Konfesja Sandomierska. S. 13—16.
50 Pirożyński J. Sejm Warszawski r. 1570 // Zeszyty Naukowe Uniwersytrtu Jagiellońskiego. Prace Historyczne. 1972. Z. 36. S. 33—35; Śmietana A. Zabiegi protestantów polskich o uzyskanie równouprawnienia przed śmiercią Zygmunta Augusta. S. 284—288.