Двайной красы аблік ядыны

Вид материалаДокументы
Подобный материал:

ДУА “ВПК Сыраваткінская яслі-сад-сярэдняя

агульнаадукацыйная школа”


Чытаючы Багдановіча…


Сачыненне

вучаніцы 11 класа

Гардзей Юліі Аляксееўны


Сыраваткі 2011

О, як прыгожа-дзіўны ты,

Двайной красы аблік ядыны!


Вітаю Вас, паважаны Максім Адамавіч! Цікава мне ліставацца з Вамі – праз гады, эпохі. Атрымала Вашы цыклы вершаў “Мадонны” і “Каханне і смерць”, і вось пішу адказ – праз гады, эпохі…

Мне даспадобы Ваш погляд на гендэрныя праблемы грамадства (так яны цяпер называюцца). Называюцца інакш – а існавалі некалькі стагоддзяў да майго часу і, напэўна, застануцца нявырашанымі яшчэ доўга.

Чытаю ў вершы “У вёсцы”:

Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці,

І душы мацярэй нас могуць чараваці;

Вышэйшая краса – ў іх злітасці жывой!

Вас усхвалявала падгледжанае некалі здарэнне: вясковая дзяўчынка-нянька – гадоў васьмі, не больш –

… к хлопчыку нагнулась і, слёзкі

Сціраючы яму, штось пачала казаць,

Каб заспакоіць плач – зусім як быццам маць,

І саліваліся ў жывы абраз ядыны

Той выгляд мацеры ды з воблікам дзяўчыны…

І гэтая “дзяўчынка ўпэцканая і хілая, і худая” здалася Вам прыгожай – Мадоннай. І гэты яе воблік, верыцца Вам, “у цяжкі час гляне” на Вас і дапаможа сваёй духоўнасцю. Атрымалася прыгожа і смела: вясковая дзяўчынка – “штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі / Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі”. Вам удалося разгледзець у гэтай дзяўчынцы мацярынскія рысы – ласку, самаахвярнасць, жаданне абараніць дзіця. У вершаваным апавяданні “Вераніка” Вы паўтараеце гэту прывабную Вам думку-адкрыццё:

І мела дзеўча выгляд маці,

Калі тады ка мне яна,

Трывожнай ласкаю паўна,

Схілілася, як да дзіцяці…

І Вераніка-падлетак “злівала мацеры чэрты”. І Вы ўсклікаеце:

О, як прыгожа-дзіўны ты,

Двайной красы аблік ядыны!

Дзякуй Вам, што Вы выказалі захапленне вобразам вясковай дзяўчыны, параўналі яго з вобразам Мадонны!

Гэтае вершаванае апавяданне мае свой працяг у вершы “Ізноў пабачыў я сялібы…”: праз гады надпіс “Вераніка” на ліпе стаў жывым манументам юначаму захапленню дзяўчынай:

Чым болі сходзіць дзён, начэй,

Тым імя мілае вышэй.

Як нам у сённяшнім жыцці не хапае гэтых чыстых светлых адносінаў да дзяўчыны, жанчыны!

…Чытаю Ваш допіс далей. Цыкл вершаў “Каханне і смерць”. Тут знаходжу замілаванне і нават абагаўленне вагітнай (цяжарнай) жанчыны:

Дзіцё, што ў коласе зярно,

Пад сэрцам у цябе ўсё спее,

І сэрца цёмнае святлее,

І шчырым робіцца яно.


Ужо нічога ў ім няма,

Адно ёсць – рупнае каханне…

Гэта – пра жанчыну наогул, бо, вядома, Вы свядома забаранілі сабе мець дзяцей і нават жаніцца – сухоты…

Але, відаць, пачуцці на генным узроўні абудзіліся ў Вашым шчырым і далікатным сэрцы –

І душа празіяла

Незгасімым ніколі свяшчэнным агнём.

Хочаце, я разгадаю, адкуль узяўся гэты “свяшчэнны агонь” у Вашай душы ў адносінах да вагітнай? Так, ён у шчаслівым сямейным жыцці Вашых бацькоў – Марыі Апанасаўны і Адама Ягоравіча. Культ жанчыны-маці існуе ў сем’ях толькі інтэлігентных сэрцам людзей. Маці аслабела пасля родаў малодшай дачкі Ніны, якія пакінулі маці ў самотнай магіле на гарадзенскіх могілках…

З енкам дзіцё ты раджаеш,

Болю не змогшы сцярпець,

Стогнамі сэрца ўражаеш…

Што я магу зразумець?

Маці – асоба самаахвярная: дзеля народжанага ў муках дзіцяці яна гатовая нават на смерць:

“Смертию смерть поправ»,

Ты ад жыцця адпачыла;

Ў муках памёрла сама,

Але дзіцё спарадзілаю

Думка сягае далей – Вы параўноўваеце подзвіг вагітнай з подзвігам загінулых на вайне:

Слава тым, хто сілу мае

Смерць, не дрогнуўшы, спаткаць,

Хто ў мучэннях памірае,

Каб жыццё дзіцёнку даць!

О, каб не сухоты! Якім цудоўным бацькам маглі б стаць Вы, Максім Адамавіч! Я плакала над Вашымі тужлівымі радкамі, прысвечанымі Ані Какуевай – Вашаму наймацнейшаму каханню:

Больш за ўсё на свеце жадаю я,

Каб у мяне быў свой дзіцёнак –

Маленькая дачушка-немаўляшка,

Аня Максімаўна.

Такая прыгожанькая,

Цёпленькая, мокранькая,

З чорнымі валосікамі і броўкамі,

З цёмна-карымі вочкамі,

А ручкі, як перацягнутыя ніткамі…

У мой час – у пачатку ХХІ стагоддзя – аб такіх поглядах і адносінах да жанчыны – маці, жонкі, каханай – можна толькі марыць: цяпер усё “на продаж”, усё дзеля сэкса… А жаночая душа патрабуе далікатнасці, замілавання яе жаночым лёсам-подзвігам. Але ж… Але ж Вы пасеялі ў нашых жаночых душах надзею на такія светлыя да нас адносіны! Яны, дай Божа, некалі прарастуць у дастатковай колькасці!


Вось і ўсё, што я хацела напісаць Вам у гэты раз. Буду чакаць наступных лістоў-вершаў…


Юля Гардзей


21 верасня 2011 г.

в. Лылойці Смаргонскага раёна