Спецыяльнасць
Вид материала | Документы |
МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Установа адукацыі
«БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАЎНАЯ АКАДЭМІЯ МАСТАЦТВАЎ»
ТЭАТРАЛЬНЫ ФАКУЛЬТЭТ
і
ФАКУЛЬТЭТ ЭКРАННЫХ МАСТАЦТВАЎ
ПРАГРАМА, ПАТРАБАВАННІ
ДА ЎСТУПНЫХ ІСПЫТАЎ
І КРЫТЭРЫІ АЦЭНКІ
РАБОТ АБІТУРЫЕНТАЎ
Мінск
2010
Спецыяльнасць
«АКЦЁРСКАЕ МАСТАЦТВА»
накірунак
«Акцёрскае мастацтва
(драматычны тэатр і кіно)»
(дзённая і завочная формы навучання)
Агульныя патрабаванні
Праграма ўступных іспытаў на спецыяльнасць «Акцёрскае мастацтва» скіравана на выяўленне ў абітурыентаў акцёрскіх дадзеных і здольнасцей да авалодання прафесіяй акцёра, ведаў і ўменняў па асноўных профільных аспектах (дысцыплінах) акцёрскага мастацтва: майстэрству акцёра, сцэнічнай мове, сцэнічнай пластыцы і вакале.
Спецыфічнымі ўмовамі правядзення ўступных іспытаў з‘яўляецца папярэдні адбор абітурыентаў да ўдзелу ў іх, які ажыццяўляе спецыяльна створаная адборачная камісія. Камісія выяўляе ў абітурыентаў неабходны мінімум акцёрскіх дадзеных і здольнасцей.
Агульныя адборачныя параметры для абітурыентаў, дапускаемых да ўступных іспытаў:
- адсутнасць фізічных заганаў (дэфектаў);
- наяўнасць выразных знешніх дадзеных;
- наяўнасць патрэбных галасавых і моўных дадзеных;
- адсутнасць моўных заганаў (дэфектаў).
Праграма ўступных іспытаў
Уступныя іспыты «Творчасць» праводзяцца ў тры этапы:
1 этап — сцэнічная мова і вакал;
2 этап — сцэнічная пластыка;
3 этап — майстэрства акцёра.
Дыферэнцыяцыя ўступных іспытаў паводле профільных дысцыплінаў спецыяльнасці (майстэрства акцёра, сцэнічная мова і вакал, сцэнічная пластыка) мае ўмоўны характар. Іспыты на кожным этапе не пераследуюць выяўленне адназначна толькі профільных якасцей. Спецыяльныя магчымасці (уменне выразна чытаць, спяваць, рухацца танцаваць) ацэньваюцца ў кантэксце валодання асноўнай прафесійнай якасцю — здольнасцю да ўзнаўлення мадэляў паводзін чалавека ў прапануемых абставінах, гэта значыць, акцёрскім майстэрствам. На кожным з этапаў асноўная ўвага надаецца выяўленню найбольш агульных, неабходных для прафесіі акцёра псіхафізічных і інтэлектуальных якасцей і здольнасцей.
Прыёмныя патрабаванні
1 этап — сцэнічная мова і вакал:
абітурыент выконвае (чытае па памяці) папярэдне падрыхтаваныя (як мінімум чатыры) літаратурныя творы: верш, маналог, урывак з прозы, байку. Творы павінны быць выбраны асэнсавана, выконваць іх належыць эмацыянальна, адпаведна стылю, жанру.
2 этап — сцэнічная пластыка:
абітурыент выконвае папярэдне падрыхтаваны танцавальны эцюд, а таксама пластычныя элементы і практыкаванні, зададзеныя экзаменацыйнай камісіяй.
Выкананне танцавальных эцюдаў і пластычных практыкаванняў дазваляе ацаніць пластычныя і фізічныя дадзеныя абітурыента (прапарцыянальнасць целаскладу, правільнасць паставы, выверанасць ног, устойліваць ног, пад‘ём стапы (яе энергічнасць і гнуткасць), гнуткасць цела, устойлівасць цела (апломб). Пластычныя здольнасці абітурыента вызначаюцца паводле характару выканання танцавальных крокаў, скокаў, рухальнай і музычна-рытмічнай каардынацыі рук.
3 этап — майстэрства акцёра:
абітурыент выконвае папярэдне падрыхтаваны драматычны эцюд і эцюд, зададзены экзаменацыйнай камісіяй. Дзеля выяўлення ў абітурыента здольнасцей успрымаць, ацэньваць і лагічна і мэтанакіравана дзейнічаць у прапануемых абставінах экзаменацыйная камісія можа даваць дадатковыя заданні.
Пад час іспытаў экзаменацыйная камісія выяўляе і ацэньвае ўзровень праяўлення ў абітурыента наступных дадзеных:
- інтэлекту;
- узбудлівасці, рэактыўнасці эмоцый;
- здольнасці да ўспрымання падзей;
- веры ў прапануемыя (выдуманыя) абставіны;
- фантазіі, уяўлення, унутранага бачання;
- здольнасці мысліць ва ўмовах ігры;
- пачуцця гумару;
- здольнасці да імправізацыі;
- музычнасці, рытмічнасці;
- заразлівасці, сцэнічнай абаяльнасці.
Здольнасць іграць на музычным інструменце не з‘яўляецца абавязковай, але ацэньваецца дадатковым балам і ўлічваецца пры вынясенні агульнай выніковай ацэнкі.
Крытэрыі ацэнкі
Экзаменацыйная камісія ацэньвае здольнасці абітурыентаў на кожным з этапаў іспытаў па 10-ці бальнай сістэме
(1—2 — нездавальняючыя ацэнкі; 3—10 — станоўчыя ацэнкі).
1 этап — сцэнічная мова і вакал
10 балаў
Абітурыент валодае выдатнымі галасавымі і моўнымі дадзенымі. Выкананне ўсіх літаратурных твораў прадуманае, эмацыянальнае, вобразна яскравае, стылістычна дакладнае. Праяўлены сцэнічны тэмперамент, абаяльнасць, заразлівасць, артыстычнасць.
Абітурыент валодае выдатнымі вакальнымі дадзенымі, мае яскрава выражаныя слых, пачуццё рытму, стылю і формы выконваемага твора, здольнасць да імправізацыі.
9 балаў
Абітурыент валодае добрымі галасавымі і моўнымі дадзенымі. Літаратурныя творы выкананы вобразна, стылістычна дакладна, тэмпераментна, эмацыянальна, заразліва.
Абітурыент дэманструе добрыя вакальныя дадзеныя, мае пеўчы голас і музычныя здольнасці.
8 балаў
Абітурыент валодае дастатковымі галасавымі і моўнымі дадзенымі. Выкананне ўсіх твораў выразнае, стылістычна дакладнае, але сцэнічна недастаткова выразнае і заразлівае.
Вакальныя дадзеныя дастаткова добрыя, адпавядаюць агульным патрабаванням.
7 балаў
Абітурыент валодае дастаткова добрымі галасавымі дадзенымі, але мае моўныя недахопы, у перспектыве карэкціруемыя. Выкананне твораў, стылістычна вытрыманае, але недастаткова эмацыянальнае.
Пеўчы голас патрабуе развіцця. Зроблены музычныя памылкі.
6 балаў
Абітурыент валодае сярэднімі галасавымі і моўнымі дадзенымі. Маўленне вымагае карэкціроўкі (дыялектызмы, манернасць, заганы дыкцыі). Літаратурныя творы выкананы правільна, але жанрава недастаткова дакладна.
Вакальныя дадзеныя сярэдняга ўзроўню. У выкананні зроблены памылкі.
5 балаў
Абітурыент валодае сярэднімі галасавымі і моўнымі дадзенымі. Маўленне вымагае значнай карэкціроўкі. Выкананне няўпэўненае, вобразны лад твора не выяўлены.
Вакальныя і музычныя дадзеныя недастаткова развітыя.
4 балы
Галасавыя і моўныя дадзеныя ніжэйшыя за сярэдні узровень. Літаратурныя творы прачытаны невыразна, з памылкамі ў разуменні тэксту.
Музычныя і вакальныя дадзеныя выражаны слаба. Абітурыент не змог выканаць, ці выканаў з памылкамі, шэраг музычна-рытмічных заданняў.
3 балы
Галасавыя і моўныя дадзеныя ніжэйшыя за сярэдні ўзровень. Выкананне невыразнае. Абітурыент недастаткова памятае тэкст твораў, робіць прыпынкі, шмат памылак.
Вакальныя і музычныя дадзеныя слабыя. Значная колькасць заданняў экзаменацыйнай камісіі не выканана.
2 балы
Галасавыя і моўныя дадзеныя абітурыента ніжэйшыя за сярэдні узровень. Вялікая колькасць дыкцыйных недахопаў. Выкананне твораў вялае, невыразнае, з прыпынкамі і памылкамі.
Музычны слых і пеўчыя здольнасці адсутнічаюць.
1 бал
Галасавыя і моўныя дадзеныя ніжэйшыя за сярэдні ўзровень. Дрэнная дыкцыя. Выкананне вялае, змест не выяўлены. Сцэнічны тэмперамент, эмацыянальнасць адсутнічаюць.
2 этап — сцэнічная пластыка
10 балаў
Яскрава выражаны пластычныя дадзеныя. Танцавальныя і пластычныя эцюды і практыкаванні выкананы свабодна, выразна і артыстычна.
9 балаў
Абітурыент валодае добрымі пластычнымі дадзенымі. Танцавальныя эцюды і практыкаванні, іншыя заданні выкананы дакладна, выразна і свабодна.
8 балаў
Пластычных дадзеныя дастатковыя. Выкананне эцюдаў, практыкаванняў, іншых пластычных элементаў ажыццёўлена без памылак, дастаткова выразна.
7 балаў
Плыстычныя дадзеныя дастатковыя, але з невялікай колькасцю памылак, у перспектыве лёгка карэкціруемых. У выкананні танцавальных эцюдаў, пластычных практыкаванняў і заданняў зроблена невялікая колькасць памылак. Выкананне недастаткова выразнае.
6 балаў
Пластычныя дадзеныя сярэднія. Выкананне танцавальных эцюдаў і пластычных практыкаванняў зроблена ўпэўнена, але з памылкамі.
5 балаў
Пластычныя дадзеныя сярэднія. Ёсць памылкі, якія патрабуюць спецыяльнай карэкціроўкі. Выкананне недакладнае, невыразнае.
4 балы
Пластычныя дадзеныя абітурыента пасрэдныя. Выкананне танцавальных эцюдаў недакладнае. Пластычныя практыкаванні выкананы з вялікай колькасцю памылак.
3 балы
Пластычныя дадзеныя ніжэйшыя за патрабуемыя. Выкананне эцюдаў невыразнае, з прыпынкамі. Практыкаванні па пластыцы, пластычныя элементы выкананы з памылкамі.
2 балы
Пластычныя дадзеныя не адпавядаюць патрабуемым. Абітурыент не выканаў заданняў экзаменацыйнай камісіі.
1 бал
Абітурыент выявіў поўную непадрыхтаванасць да здачы экзамена.
3 этап — майстэрства акцёра
10 балаў
Абітурыент выканаў эцюды і заданні экзаменацыйнай камісіі, прадэманстраваў яскрава выражаныя акцёрскія здольнасці па ўсіх параметрах. Комплекс акцёрскіх дадзеных выдатны.
9 балаў
Абітурыент дэманструе выразныя акцёрскія здольнасці па значнай колькасці параметраў. Выкананне эцюдаў і заданняў практычна беспамылковае. Мысленне арыгінальнае. Прыродная арганічнасць.
8 балаў
Абітурыент дэманструе добрыя акцёрскія дадзеныя. Выкананне эцюдаў эмацыянальнае, арганічнае, дзейснае, апраўданае, але ў некаторых момантах недастаткова выразнае. Прысутнічае пачуццё гумару. Заданні экзаменацыйнай камісіі выкананы без памылак.
7 балаў
Дастатковыя акцёрскія дадзеныя. Папярэдне падрыхтаваныя і зададзеныя пад час экзамена эцюды выкананы з разуменнем пастаўленых задач, але недастаткова яскрава. Пачуццё гумару праяўлена ў дастатковай меры. Заданні экзаменацыйнай камісіі выкананы з невялікай колькасцю памылак.
6 балаў
Абітурыент дэманструе акцёрскія здольнасці сярэдняга ўзроўню. Эцюды выкананы з разуменнем пастаўленых задач, але недастаткова актыўныя па дзеі. Заніжаная рэактыўнасць эмоцый. Здольнасць да імправізацыі невысокая. Заданні экзаменацыйнай камісіі выкананы, але з памылкамі.
5 балаў
Акцёрскія дадзеныя ніжэйшыя за сярэдні ўзровень. У выкананні эцюдаў прысутнічае шэраг пралікаў. Эмацыянальны ўзровень невысокі. Адсутнічае пачуццё гумару. Успрыманне слабае. Ацэнкі невыразныя. Дзеянне пасіўнае. Абітурыент недастаткова арганічны і абаяльны. Заданні экзаменацыйнай камісіі выкананы з памылкамі.
4 балы
Акцёрскія дадзеныя пасрэдныя. Выкананне папярэдне падрыхтаванага і зададзенага пад час экзамена эцюдаў невыразнае. Дзеянне недакладнае і не заўсёды апраўданае. Ёсць яўныя лагічныя пралікі. Заданні экзаменацыйнай камісіі выкананы недастаткова эмацыянальна, арганічна і са значнай колькасцю памылак.
3 балы
Абітурыент дэманструе няўменне сканцэнтравацца на выкананні задання. Псіхалагічна скаваны. Фізічна інертны. У выкананні эцюдаў адсутнічае шэраг неабходных кампанентаў. Недастаткова падрыхтаваны да выканання заданняў экзаменацыйнай камісіі.
2 балы
Абітурыент дэманструе недастатковае разуменне пастаўленых перад ім задач. Эцюды выкананы няправільна, без уліку эмацыянальных патрабаванняў. Не змог выканаць значнай колькасці заданняў экзаменацыйнай камісіі.
1 бал
Абітурыент дэманструе адсутнасць разумення пастаўленых задач. Яго эцюды беззмястоўныя. Абітурыент не змог выканаць ні аднаго задання экзаменацыйнай камісіі.
Абітурыенты, якія атрымалі на адным з этапаў іспытаў «Творчасць» 1 або 2 (адзін або два) балы, да наступнага этапу не дапускаюцца.