Апануе рубрыку "Новыя правілы беларускага правапісу", мэта якой растлумачыць тыя змены І ўдакладненні, што ўводзяцца ў беларускую пісьмовую мову гэтым законам

Вид материалаЗакон

Содержание


Андрамеда; Стажары, Валапас; Сонца, Вега; Зямля, Юпітэр; Месяц, Фобас
Захад (краіны заходняй часткі Еўропы разам з ЗША), Усход
Аўстра-Венгрыя, Эльзас-Латарынгія, Давыд-Гарадок, Брэст-Літоўскі, Буда-Кашалёва, Мінск-Мазавецкі, Картуз-Бяроза
Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, Мінска-Маладзечанскае ўзвышша, Дняпроўска-Бугскі канал, Паўночна-Заходні край
Франкфурт-на-Майне, Рыа-дэ-Жанэйра, Па-дэ-Кале, Булонь-сэр-Мэр, Сьера-дэ-лас-Мінас, Дар-эс-Салам, Салам-і-Гомес.
Рэспубліка Беларусь, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Расійская Федэрацыя.
Рыа-Грандэ (рыа
Аўстра-Венгрыя, Эльзас-Латарынгія, Давыд-Гарадок, Брэст-Літоўскі, Буда-Кашалёва
Подобный материал:
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   15
§ 27. Вялікая і малая літары ў геаграфічных і астранамічных назвах

1. 3 вялікай літары пішуцца:

уласныя назвы прыродных геаграфічных аб'ектаў: кантынентаў, гор, рэк, азёраў, лясоў, балот і інш.: Еўразія, Антарктыда, Аўстралія; Альпы, Кардыльеры; Монблан, Арарат; Везувій, Фудзіяма; Дняпро (Днепр), Нёман, Прыпяць; Вікторыя, Ківач; Нарач, Свіцязь; Гібралтар, Босфор; Тайвань, Готланд, Сахалін; Таймыр; Сахара, Гобі; Акіянія, Адрыятыка; Палессе, Панямонне, Задняпроўе; Струціна, Бель; Вялле, Ельня, Налібокі; Кручок, Альховец;

уласныя назвы краін, іх аб'яднанняў і частак, паселішчаў і іх частак, урочышчаў: Беларусь, Кітай; Бенілюкс, Антанта; Запарожжа, Сібір; Міншчына, Лепельшчына, Случчына, Навагрудчына; Мінск, Токіа, Мазыр, Орша; Вязынка, Мікалаеўшчына, Слабада; Вал, Падол, Зарэчча, Цэнтр; Усход, Вяснянка, Зялёны Луг; Ляды, Паддуб'е; Цагельня, Царковішча, Кальварыя; Ніўкі, Камяніца;

уласныя назвы астранамічных аб'ектаў: Андрамеда; Стажары, Валапас; Сонца, Вега; Зямля, Юпітэр; Месяц, Фобас;

назвы напрамкаў свету ў пераносным значэнні назваў адпаведнай групы краін або тэрыторыі: Захад (краіны заходняй часткі Еўропы разам з ЗША), Усход (азіяцкія краіны), народы Поўначы;

пачатковая службовая частка ў іншамоўных уласных геаграфічных назвах, якая пішацца з імі праз злучок: Дан-Лэры (горад), Дэ-Кастры (горад), Ла-Пампа (правінцыя), Ла-Манш (праліў), Лос-Анджэлес (горад);

іншамоўныя родавыя агульныя назвы ў складаных уласных геаграфічных назвах: Рыа-Грандэ

(рыа - рака), Лоб-Нор (нор - возера), Ісык-Куль (куль - возера), Пуэрта-Рыка (пуэрта - порт);

часткі складаных уласных геаграфічных назваў, што пішуцца праз злучок (назоўнікі, прыметнікі): Аўстра-Венгрыя, Эльзас-Латарынгія, Давыд-Гарадок, Брэст-Літоўскі, Буда-Кашалёва, Мінск-Мазавецкі, Картуз-Бяроза;

першае слова ў састаўных уласных геаграфічных і астранамічных назвах: Атлантычны акіян, Ціхі акіян, Паўночны полюс, Балтыйскае мора, Мінскае мора, Берынгаў праліў, Белае возера, Асіповіцкае вадасховішча, Лысая гара, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Палярная зорка;

усе часткі складанага прыметніка ў састаўных уласных назвах, калі такія часткі пішуцца праз злучок: Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, Мінска-Маладзечанскае ўзвышша, Дняпроўска-Бугскі канал, Паўночна-Заходні край;

усе знамянальныя словы ў афіцыйных уласных назвах дзяржаў і іх аб'яднанняў: Рэспубліка Беларусь, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Расійская Федэрацыя, Злучаныя Штаты Амерыкі, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Арабская Рэспубліка Егіпет, Кітайская Народная Рэспубліка, Дзяржава Кувейт, Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае;

усе знамянальныя словы ў вобразных састаўных уласных геаграфічных і астранамічных назвах, калі гэтыя уласныя назвы ўжываюцца без агульнай родавай назвы: Стары Свет (краіны Еўропы і Азіі), Блізкі Усход, Чорная Афрыка, Крайняя Поўнач, Старыя Дарогі (горад), Зямля Каралевы Мод, Дзікі Захад (у ЗША); у назоўным і родным склонах у спалучэнні з агульнай родавай назвай: туманнасць Конская Галава, бухта Залаты Рог, астравы Паўночная Зямля, праліў Матачкін Шар; мыс Добрай Надзеі, астравы Каралевы Шарлоты, заліў Святога Лаўрэнція.

2. З малой літары пішуцца:

агульныя родавыя назвы геаграфічных, астранамічных і іншых падобных аб'ектаў у складзе ўласных назваў: Афрыканскі кантынент, Атлантычны акіян, Уральскія горы, гара Казбек, рака Вілія, возера Свіцязь, пустыня Сахара, Белавежская пушча, зорка Венера, Лагойскі тракт, вуліца Касманаўтаў, проспект Незалежнасці, плошча Перамогі, Князь-возера, Сапун-гара;

службовыя часткі ў складзе састаўных уласных геаграфічных найменняў: Франкфурт-на-Майне, Рыа-дэ-Жанэйра, Па-дэ-Кале, Булонь-сэр-Мэр, Сьера-дэ-лас-Мінас, Дар-эс-Салам, Салам-і-Гомес.


Каментарый. У цэлым правілы правапісу вялікай і малой літар у геаграфічных і астранамічных назвах засталіся без змен. Разам з тым, вывучаючы іх, неабходна засяродзіць увагу на некаторых момантах, якія могуць выклікаць пэўныя цяжкасці.

1. Згодна з правілам, што "ўсе знамянальныя словы ў афіцыйных уласных назвах дзяржаў і іх аб'яднанняў" пішуцца з вялікай літары, будзе пісацца Вялікае Княства Літоўскае (поўная назва: Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае). Раней слова княства ў прыведзенай назве пісалася з малой літары.
  1. Варта звярнуць увагу на правапіс вялікай літары ў афіцыйных назвах дзяржаў і дзяржаўных аб'яднанняў: Рэспубліка Беларусь, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Расійская Федэрацыя.
  2. Асаблівая ўвага павінна быць звернута на правапіс вялікай літары:

а) у пачатковых службовых частках у складзе іншамоўных уласных геаграфічных назваў, якія пішуцца праз злучок: Ла-Пампа (правінцыя), Ла-Манш (праліў), Лос-Анджэлес (горад);

б) у іншамоўных родавых агульных назвах у складаных геаграфічных назвах: Рыа-Грандэ (рыа - рака), Лоб-Нор (нор - возера), Ісык-Куль (куль - возера), Пуэрта-Рыка (пуэрта - порт).

Параўнаем правапіс аналагічных частак у некаторых іншамоўных асабовых назвах: Людвіг ван Бетховен, Леанарда да Вінчы, Кола дзі Рыенца, дзю Тар, дон Фердынанд, Лопэ дэ Вега, ле Корбюзье; Ібрагім-ага, Амар аш-Шарыф, Ібрагім-бей, Амад-задэ, Турсун-задэ, Кёр-аглы, Мамед-аглы, Сейф уль-Іслам, Зульфія-кызы, Амад эд-Дзін, Седах зуль-Факар, Сулейман-паша, Махамед эль-Куні і інш.
  1. Важна цвёрда засвоіць, што з вялікай літары пішуцца абедзве часткі складаных геаграфічных назваў, якія пішуцца праз злучок: Аўстра-Венгрыя, Эльзас-Латарынгія, Давыд-Гарадок, Брэст-Літоўскі, Буда-Кашалёва і інш. Аналагічна з вялікай літары пішуцца абедзве часткі складаных прыметнікаў у складзе састаўных геаграфічных назваў: Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, Мінска-Маладзечанскае ўзвышша, Дняпроўска-Бугскі канал.
  2. У адпаведнасці з новымі правіламі з вялікай літары пішуцца назвы частак дзяржаў і кантынентаў, якія маюць тэрміналагічны характар: Усходняя (Заходняя) Беларусь, Правабярэжная Украіна, Паўночная Італія, Сярэдняя Азія, Цэнтральная Амерыка.

У адпаведнасці са сфармуляванымі ў гэтым параграфе правіламі, з вялікай літары пішуцца вобразныя геаграфічныя назвы: Белакаменная (пра Маскву). У састаўных вобразных геаграфічных назвах з вялікай літары пішуцца першыя словы: Краіна белых буслоў, Краіна блакітных азёраў (пра Беларусь), Паднябесная імперыя (пра Кітай), Краіна ўзыходзячага сонца (пра Японію), Вечны горад (пра Рым), Краіна цюльпанаў (пра Галандыю).


§ 28. Вялікая і малая літары ў назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый

1. З вялікай літары пішуцца:

усе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная Дума Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, Нацыянальны Кангрэс (у Злучаных Штатах Амерыкі), Усекітайскі Сход Народных Прадстаўнікоў; але: Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

першае слова ў найменнях рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый: Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь (Мінэканомікі), Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (Белтэлерадыёкампанія), Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Мінскі абласны (гарадскі, раённы) выканаўчы камітэт, Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, Новалукомская дзяржаўная раённая электрастанцыя, Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Еўрапейскі саюз (Еўрасаюз), Сусветны паштовы саюз, Міжнародны алімпійскі камітэт, Міжнародная авіяцыйная федэрацыя;

простыя і састаўныя ўласныя назвы ў складзе ўласных найменняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый: Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы, Таварыства Чырвонага Крыжа, Савет Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН), Міжнародны суд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТА);

слова Савет у значэнні органа ўлады: Мінскі абласны Савет дэпутатаў, сельскі Савет дэпутатаў; але: сельсавет;

словы Дом, Палац, якія пачынаюць найменне ўстановы: Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту, Палац мастацтваў; але: Зімовы палац, дом адпачынку.

2. З малой літары пішуцца найменні аддзелаў і іншых падраздзяленняў навуковых і адукацыйных устаноў, іх органаў кіравання, а таксама словы тыпу калегія, вучоны савет, навукова-метадычны савет, савет па абароне дысертацый, факультэт, аддзяленне, сектар, група: вучоны савет факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, савет па абароне дысертацый, калегія Міністэрства культуры, кафедра беларускай мовы; але: Агульны сход Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Аддзяленне аграрных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Каментарыі. 1. Правілы правапісу вялікай і малой літар у назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый (устаноў, таварыстваў, партый) адносяцца да найбольш складаных. Гэта звязана з неабходнасцю адрознення найменняў вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін, а таксама найменняў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый. У першым выпадку з вялікай літары пішуцца ўсе словы ў складзе найменняў (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь), у другім - толькі першае слова ў складзе састаўных найменняў [Мінскі абласны (гарадскі, раённы) выканаўчы камітэт, Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча]. Акрамя таго, трэба адначасова ўлічваць, што ў склад такіх састаўных найменняў могуць уключацца іншыя ўласныя назвы, якія таксама пішуцца з вялікай літары: Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (слова Беларусь з’яўляецца ўласнай назвай у складзе састаўнога наймення і таму таксама пішацца з вялікай літары), Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь (найменне Рэспубліка Беларусь з’яўляецца афіцыйнай уласнай назвай у складзе іншага састаўнога наймення і таму пішацца з вялікай літары), Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (уласная назва Савет Еўропы ў складзе іншай састаўной назвы пішацца з вялікай літары).

З гэтага агульнага правіла ёсць выключэнні, якія абумоўлены пісьмовай традыцыяй і іншымі момантамі, такімі, як, напрыклад, фіксацыя асобных найменняў у дзяржаўных дакументах: Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь [напісанне слоў сход (сходу) і прадстаўнікоў з малой літары абумоўлена менавіта такім іх напісаннем у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь].

2. Традыцыйна з вялікай літары пішуцца ўсе словы ў назвах некаторых міжнародных арганізацый: Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, Савет Бяспекі ААН, Таварыства Чырвонага Крыжа.

3. З вялікай літары пішуцца ўсе словы, акрамя родавай назвы, у найменнях замежных інфармацыйных агенцтваў: агенцтва Франс Прэс, агенцтва Прэс Інтэрнэйшнл.
  1. Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на словы музей, дом і палац, у якіх напісанне вялікай ці малой літары залежыць ад месца гэтых слоў у складзе састаўных найменняў: Музей народнай творчасці, Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту, Палац мастацтваў; але: Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Зімовы палац.
  2. У адпаведнасці з гэтым параграфам з вялікай літары пішацца першае слова ў назвах вышэйшых органаў царкоўнай улады, напрыклад: Усяленскі сабор, Свяшчэнны сінод (у аднаслоўным найменні - Сабор, Сінод).
  3. У назвах храмаў, манастыроў, ікон з вялікай літары пішуцца ўсе словы, акрамя родавых найменняў (царква, касцёл, храм, сабор, лаўра, семінарыя, ікона), напрыклад: храм Усіх Святых, касцёл Святых Сымона і Алены.
  4. Так, як і ў рускай мове, з вялікай літары пішуцца абедзве часткі слова ў назвах устаноў, арганізацый, якія пачынаюцца з геаграфічных азначэнняў з першымі кампанентамі Паўночна-, Паўднёва-, Усходне-, Заходне-, Цэнтральна-, а таксама з прыметнікаў, што ўтвораны ад складаных геаграфічных назваў, у якіх абедзве часткі пішуцца з вялікай літары: Заходне-Сібірскі металургічны камбінат, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, Нью-Ёркскі філарманічны аркестр.

8. З малой літары пішуцца назвы органаў улады, устаноў і г. д., калі яны ўжываюцца ў множным ліку: галіновыя міністэрствы Беларусі і Расіі, камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.