Беларуская мова
Методическое пособие - Иностранные языки
Другие методички по предмету Иностранные языки
?адацца. Гукала-клікала на дапамогу, але ніхто не прыйшоў: ні Пціч, ні Бярэзіна, ні Свіслач... Выбегла Лоша да груда пясчанага і ўбачыла: Нёман праз долы і лясы дарогу сабе пракладае. Пачала дапамагаць яму. I людзі не абмінулі яе: паблізу пачалі будавацца. Так нарадзіліся вёскі Лоша, Мрочкі, Пясочнае, Сасноўка, Рачыца.
Нёман ніколі не забывае родныя мясціны. Кожную вясну, кожную восень дажджлівую вяртаецца да маці сваей крынічкі, якая цячэ з-пад вялікага каменя. (А.І. Гурскі. Бяздоннае багацце)
Любімы адпачынак
Якуб Колас не любіў ездзіць на курорты. За лепшы адпачынак яму было пажыць лета дзе-небудзь у зацішным кутку Беларусі, а выбіраць такія мясціны ён добра ўмеў...
Вось у адной з такіх мясцін мне давялося пажыць летам побач з Коласам.
Неяк раніцай, выйшаўшы на прагулку каля васьмі гадзін, я заўважыў, што дзядзька Якуб ужо варочаецца з найцікавейшага паходу. Ен мяне не бачыў, а я, каб не перашкаджаць ягонаму задаволенаму настрою, не абзываўся, а толькі сачыў, стаіўшыся за густым ажынавым кустом. Трэба было бачыць, з якім задавальненнем нёс Якуб Колас з лесу поўненькі, з каптуром, кошык чорнагаловенькіх баравікоў у адной руцэ, а ў другой вялізны прут з панатыканымі баравічкамі, якія ўжо не лезлі ў кошык. Ен ішоў босы з падкасанымі штанінамі і, здавалася, нешта напяваў сам сабе ад вялікае радасці. Відаць, яму так хацелася хутчэй дахаты, каб пахваліцца сваёй удачай. Дзесьці на добрай сцяжынцы ён нават падбег, але асцярожна, каб не пагубляць здабытак.
У гэтым была стыхія яго любові да прыроды, да роднае зямлі.
Дзе б ні жыў Якуб Колас, тыя мясціны пакідалі след у яго творчасці. Але больш за ўсё займае месца ў ягонай творчасці родная Мікалаеўшчына. Можа, і сяліўся Якуб Колас улетку ў такіх мясцінах, якія нагадвалі яму дарагое і роднае. (П. Броўка. Забыць цябе не маю сілы...)
Нарач
Узгорак, які тут называюць Сарапонава, люблю за тое, што адсюль адкрываецца панарама возера незямной прыгажосці. Не ведаю іншага месца на Нарачы, адкуль бы так шырока і прасторна праглядвалася вялікая роўнядзь.
Нарач для мяне гэта калыска дзяцінства, гэта тое светлае і вечнае, без чаго я не магу ўявіць сваё жыццё. Усё, што звязана з гэтым чароўным кутком, мяне цікавіць.
Сёння Нарач возера, якое адкрывае, калі ехаць з Мінска па дарозе на Паставы, цэлую групу блакітных азёр. Гэта непаўторны куток беларускага Паазеря. Шэсць вадаёмаў, звязаных агульным паходжаннем і размешчаных на мяжы Мінскай і Віцебскай абласцей, унікальны прыродны комплекс, які мае навуковае і культурнае значэнне. Таму блакітныя азёры абяўлены рэспубліканскім ландшафтным заказнікам.
Азёры, размешчаныя ў катлавіне ўзгоркавай грады, што ўзвышаецца месцамі над імі на пяцьдзесят, а то і шэсцьдзесят метраў, акружаны густымі сасновымі і змешанымі лясамі. Такое спалучэнне прыродных умоў стварае уражанне сярэднягорнага ландшафту.
Нарач... Яе празрыстыя блакітныя хвалі, яе непаўторная гісторыя, паданні і легенды, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, з вуснаў у вусны, натхнялі знакамітых паэтаў і пісьменнікаў. Успомнім Нарачанскія сосны Максіма Танка. Вершы гэтага зборніка прасякнуты глыбокім гуманізмам. Радкі хвалюючыя, незабыўныя, і нельга ўявіць іх нараджэнне без гэтай зямлі, без гэтых людзей. (В. Лапцік. Плямы на жамчужыне)
Крыніца
Гэтую дарогу да крыніцы я палюбіў даўно і штодзень, не пытаючыся ў маці, ці трэба вада, спаражняў вёдры і выходзіў на знаёмую сцежку.
Далёка-далёка гарбацяцца, узнімаюцца пагоркі, парослыя кустамі, а то і сапраўдным лесам. Да вайны аж да самай вёскі падступалі лугі і чыстыя палі, ні кусточка не было на іх.
Вось і крыніца. Вада ў ёй недалёка, даставаць яе лёгка: нахіліўся над зрубам, расхінуў лісце, зачэрпнуў вядром і вось ён, чысты крышталь, ад якога, бывала, у летнюю спёку не адарвацца.
У крыніцы вельмі смачная вада, і таму ўся вёска ходзіць сюды, у такую далеч, не шукаючы вады дзе-небудзь бліжэй да сваіх хат.
Сёлета мы з цёткаю Волькаю чысцілі гэтую крыніцу. Цётка, папярэдне наламаўшы галінак на венік, паклала іх каля зруба, а сама палезла ў калодзеж, у халодную крынічную ваду. Я памкнуўся быў лезці сам, але яна сказала:
Ты ж не ўмееш, лепей я сама.
Цётка чэрпала вядром і падавала яго мне, а я толькі выліваў ваду, адышоўшы далей ад крыніцы. Спачатку вада была чыстая, потым памутнела, а пасля ўжо ў вядры каламуцілася нешта вязкае і глеістае.
Дабраўшыся да пяску, вычарпаўшы аж да дна ўвесь гэты глей, цётка папрасіла падаць ей наламаныя галінкі і доўга шаравала імі сцены. На дне крыніцы светла заблішчаў пясочак, а сцены зруба, мокрыя і чыстыя, пачалі ўжо нават высыхаць і дыміцца. (Я. Сіпакоў. Чалавек на зямлі)
Ясныя дні восені
Сярод гнілой восені выдаюцца часам ясныя, светлыя дні. Ціха ўсюды. Вецер не скалыхне ні адзін лісцік, ні адну травінку. Ласкавае неба пазірае на зямлю; нідзе ні хмурынкі. Ясна і хораша, ўсё роўна як вярнулася лета. Падарыла восень людзям яшчэ некалькі ясных, светлых і цёплых дзён.
Хоць усюды і ціха, цёпла і ясна, але ўжо не вее тым жыццём, якое відаць вясною. Куды ні кінь вокам, на ўсім бачыш след восені. Хмурны хваёвы лес чуць заслаўся сінім дымком туману... А бярозы, асіны і дубы чырванеюць здалёк сваім лісцем і напамінаюць сабою аб восені. На ўсім ляжыць сіняваты слой смугі не то дыму, не то туману.
А прыслухаешся такая цішыня навокал! Толькі часам закрычаць у небе дзікія гусі, ключом пранясуцца жураўлі і схаваюцца ў сініх хвалях далёкага яснага неба. Крык іх заціхае памалу і зам