С. М. Якуба Беларуская антрапаніміка

Вид материалаДокументы

Содержание


Змест курса
II. Імёны як састаўная частка беларускай антрапаніміі (6 гадзін)
III. Імёны па бацьку як крыніца вывучэння гісторыі, жыцця і побыту народа (2 гадзіны)
IV. Прозвішчы ў складзе беларускай антрапаніміі (7 гадзін)
V. Псеўданімы як аб’ект вывучэння антрапаніміі (1 гадзіна)
Подобный материал:
С. М. Якуба

Беларуская антрапаніміка



Праграма

курса на выбар для IX класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання

Мінск 2007



Тлумачальная запіска

На працягу навучання ў агульнаадукацыйнай школе вучань праходзіць розныя этапы прафесійнага самавызначэння. На этапе дапрофільнага навучання ў якасці варыятыўнага кампанента прапануюцца разнастайныя факультатывы і курсы на выбар, якія дапамогуць забяспечыць першаснае азнаямленне з прадметам прафесійнай зацікаўленасці, рэалізаваць пазнавальныя інтарэсы школьнікаў, пашырыць і паглыбіць веды, уменні і навыкі па раздзелах курсаў, што падаюцца ў інварыянтным кампаненце базавай школы.

Курс на выбар «Беларуская антрапаніміка» прапанаваны для вывучэння ў IX класе базавай школы і ў першую чаргу накіраваны на развіццё пазнавальных інтарэсаў школьнікаў і фарміраванне культурнай моўнай асобы на матэрыяле беларускай антрапанімікі. Прынцып вывучэння мовы і культуры пры засваенні беларускіх антрапонімаў з’яўляецца адным са спосабаў матывацыі навучання, дае магчымасць пры засваенні нацыянальна-маркіраваных моўных адзінак лексічнага ўзроўню далучыць школьнікаў да матэрыяльнай і духоўнай культуры народа, яго гісторыі, дапамагае ўспрымаць уласныя назвы як сродак захавання этнічнай памяці.

Беларуская антрапанімія адносіцца да лексічнага фонду беларускай мовы і, зразумела, як і лексіка, мае свае этапы і заканамернасці развіцця. Аднак варта адзначыць, што антрапанімічныя назвы — гэта энцыклапедыя мовы, своеасаблівая памяць народа, гістарычныя помнікі, у якіх адлюстраваліся традыцыі, побыт беларусаў і іншых народаў, што пражывалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і з якімі кантактавалі нашы продкі. Таму пры засваенні антрапонімаў абавязкова ўлічваюцца і выкарыстоўваюцца звесткі з гісторыі, геаграфіі і іншых гуманітарных і прыродазнаўчых навук.

Мэта курса на выбар — пазнаёміць з паходжаннем, шляхамі фарміравання і заканамернасцямі развіцця антрапонімаў, фарміраваць уяўленне пра тыпалогію ўласных назваў, іх словаўтваральную структуру, асаблівасць функцыянавання і распаўсюджання на пэўнай тэрыторыі; развіваць маўленне, лінгвістычнае мысленне, пазнавальныя інтарэсы і інтэлектуальныя здольнасці вучняў; выхоўваць пашану да беларускай антрапаніміі як адлюстравання жыцця і побыту беларусаў, своеасаблівага помніка ўзаемадзеяння культур і моў розных народаў.

Падчас выкладання курса рэалізуюцца наступныя задачы:

— зацікавіць праблемай вывучэння беларускай антрапаніміі;

— пашырыць веды вучняў пра знакамітых асоб Беларусі (у тым ліку з выкарыстаннем мясцовага матэрыялу);

— фарміраваць веды пра антрапонімы як частку лексічнага фонду беларускай мовы, пра іх паходжанне, заканамернасці развіцця, адметнасць будовы і пашырэння на тэрыторыі сучаснай Беларусі;

— выпрацоўваць уменне выяўляць у тэкстах, збіраць і сістэматызаваць антрапонімы, тлумачыць прычыны трансфармацыі ўласных назваў, іх значэнне і ролю ў літаратурных і фальклорных творах, вызначаць антрапонімаўтваральныя асновы і словаўтваральныя сродкі, дарэчна выкарыстоўваць уласныя імёны, прозвішчы, псеўданімы ў вусным і пісьмовым маўленні;

— вучыць прэзентаваць даследаваны матэрыял са спасылкай на ўласны вопыт, навуковыя крыніцы і іншыя сродкі інфармацыі;

— фарміраваць пачуццё нацыянальнай свядомасці, талерантнасці да культурнай разнастайнасці краіны, павышаць агульную моўную культуру;

— развіваць творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, ініцыятыўнасць, настойлівасць, самастойнасць у прыняцці рашэнняў.

Акрамя агульнадыдактычных прынцыпаў навуковасці, даступнасці, сістэмнасці і інш., у аснову засваення курса «Беларуская антрапаніміка» пакладзены прынцыпы ўзаемазвязанага засваення мовы і культуры, творчага развіцця асобы і індывідуалізацыі навучання. Актуалізуецца і прынцып уліку міжпрадметных сувязей, прычым міжпрадметны перанос ведаў мэтазгодна ажыццяўляць з дакладаных этапаў аналізу, сінтэзу, параўнання і г.д.

Падчас выкладання курса на выбар настаўнік можа рэалізаваць свае творчыя памкненні, забяспечыць прафесійны рост з улікам уласных здольнасцей і магчымасцей, даказаць эфектыўнасць выкарыстання разнастайных метадаў і прыёмаў навучання, прадэманстраваць выніковасць розных відаў класнай і пазакласнай работы і інш.

Пры антрапацэнтрычным падыходзе веды і ўменні з’яўляюцца асновай для набыцця духоўнага, асобаснага вопыту. Індывідуальныя, групавыя і калектыўныя праекты па даследаванні антрапанімічнай прасторы дазволяць кожнаму вучню рэалізаваць сябе, задаволіць уласныя пазнавальныя інтарэсы, развіць свае здольнасці, засяродзіўшыся на канкрэтных праблемах. Свядомы выбар школьнікамі курса, індывідуальная зацікаўленасць і захопленасць прадметам павышаюць матывацыю навучання, дапамогуць рэалізаваць шматлікія творчыя задумы і перспектыўныя планы.

Падчас вывучэння беларускай антрапаніміі вучні слухаюць паведамленні настаўніка, прымаюць удзел у практычных і семінарскіх занятках, рыхтуюць індывідуальныя, групавыя і калектыўныя праекты і прэзентуюць іх, рэцэнзуюць і ацэньваюць работы аднакласнікаў.

У аснову навучання пакладзены метады арганізацыі самастойнай работы школьнікаў, вынікі якой правяраюцца, аналізуюцца і абмяркоўваюцца на занятках. Форма правядзення можа быць самаю разнастайнаю: тэст, сачыненне-разважанне, дыскусія (дыспут, ток-шоу), гульня, абарона праектаў, прэзентацыя з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій і інш.

Плануючы працу на аснове сучасных інфармацыйных тэхналогій, настаўнік кіруецца роляй мультымедыйных сродкаў масавай камунікацыі ў актуалізацыі творчага патэнцыялу асобы, у рэалізацыі навучальнай, выхаваўчай і развіццёвай функцый. Аднак варта памятаць, што асоба фарміруецца толькі асобаю, соцыумам, уласнай жыццятворчасцю, што складнікамі развіцця асобы з’яўляецца валоданне рознымі спосабамі дзейнасці, і ў першую чаргу пошукавага характару.

Таму асноўнае месца ў сістэме навучання антрапаніміі займаюць творчыя пошукавыя заданні і праекты. Творчае мысленне актывізуе пазнавальную дзейнасць, робіць вучняў сааўтарамі новых ідэй. Праблемныя пытанні і заданні ствараюць творчы падыход, інтэлектуальнае і эмацыянальнае напружанне, актыўнасць на занятках. Падчас дыскусіі па тым ці іншым пытанні развіваецца маўленне школьнікаў, становіцца магчымым прызнанне іншых аргуметнаў і вывадаў, што адрозніваюцца ад уласных. Прэзентацыя ўласных праектаў (індывідуальных, групавых) дазволіць праявіць большую актыўнасць і самастойнасць, будзе садзейнічаць фарміраванню ўмення прапаноўваць шляхі вырашэння канкрэтна пастаўленай задачы, адстойваць уласную думку са спасылкамі на розныя крыніцы інфармацыі.

У якасці індывідуальных заданняў вучням можна прапанаваць скласці пытанні да віктарыны, распрацаваць практыкаванні, тэсты да тэмы, падрыхтаваць калаж, сачыненне-разважанне («Мой радавод», «Імёны майго краю», «Нашы прозвішчы»), даклад («Знакамітыя людзі маёй мясцовасці», «Псеўданімы беларускіх пісьменнікаў»), міні-даследаванне («Антрапанімія «Дзікага палявання караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча», «Імёны жыхароў Пярэжырскага с/с Мінскай вобласці», «Прозвішчы беларуска-літоўскага памежжа»), назіранне за маўленнем землякоў і занатоўванне фактаў адступленняў ад нарматыўнага ўжывання імён і прозвішчаў і інш.

Праектныя заданні для групы з двух — пяці чалавек могуць быць наступныя: падрыхтаваць газету, камп’ютэрны часопіс, правесці апытанне жыхароў з мэтай збору звестак пра імёны і прозвішчы, інтэрв’ю з даследчыкамі антрапонімаў, статыстычны падлік імён і аналіз сабранай інфармацыі, складанне тэматычных слоўнікаў, падрыхтоўка відэафільмаў, групавыя «лінгвістычныя экскурсіі» і інш.

Калектыўныя праекты — дыспуты, спектаклі, круглыя сталы, ток-шоу, вусныя часопісы і інш. Так, цікавым для вучняў будзе вусны лінгвістычны часопіс «Мы і нашы імёны», у якім пададзены рубрыкі «Беларускія замежнікі», «Імёны 20—30-х гадоў», «Сучасныя прозвішчы праз прызму часу».

Праграма «Беларуская антрапаніміка» прадугледжвае азнаямленне з уласнымі імёнамі, імёнамі па-бацьку, прозвішчамі, мянушкамі, псеўданімамі, іх гісторыяй, семантыкай, структурай, этымалогіяй. Пры знаёмстве з імёнамі ўвага звяртаецца на язычніцкія і хрысціянскія імёны (каталіцкія і праваслаўныя), новыя імёны савецкага часу, сацыяльна-палітычныя ўмовы функцыянавання антрапонімаў, адметнасць ужывання імёнаў у творах вуснай народнай творчасці і мастацкай літаратуры. Асаблівая ўвага звяртаецца на прычыны ўзнікнення імёнаў, прозвішчаў і мянушак, спецыфічныя беларускія і запазычаныя прозвішчы, адметнасць іх семантыкі, утварэння і функцыянавання ў розныя перыяды развіцця грамадства і ў розных сацыяльных сферах, асаблівасць ужывання ў фальклорных і мастацкіх творах. Вучням прапануецца авалодаць ведамі пра спецыфіку псеўданімаў беларускіх пісьменнікаў, адметнасць беларускіх антрапонімаў у параўнанні з антрапанімічнымі назвамі іншых славянскіх і неславянскіх моў.


Змест курса

(17 гадзін)


I. Антрапаніміка як навука (1 гадзіна)

Прадмет вывучэння антрапанімікі. Антрапаніміка і антрапанімія. Антрапаніміка і анамастыка. Антрапаніміка сярод іншых навук.


II. Імёны як састаўная частка беларускай антрапаніміі (6 гадзін)

1. Першыя беларускія імёны, прычыны іх узнікнення. Дахрысціянскія імёны. Адлюстраванне ў дахрысціянскіх імёнах фактараў, звязаных з жыццём і дзейнасцю чалавека.

2. Роля царквы ў станаўленні іменніка беларусаў. Хрысціянскія імёны. Праваслаўныя і каталіцкія імёны. Шляхі адаптацыі іх да беларускай мовы (гукавыя і марфалагічныя змены). Залежнасць выбару імя ад сацыяльнага статусу асобы.

3. Імя і грамадскае жыццё. Імёны 20-30 гадоў мінулага стагоддзя. Імёны савецкага часу. Запазычаныя імёны. Сучасны стан беларускай антрапаніміі. Традыцыі і мода ва ўжыванні асабовых імёнаў.

4. Афіцыйныя і размоўна-бытавыя імёны. Эмацыянальна-ацэначныя формы асабовых імёнаў. Імёны-мянушкі. Імёны жыхароў вашай мясцовасці.

5. Пераход уласных імёнаў у агульныя і наадварот. Правілы вымаўлення і скланення імёнаў.

6. Стылістычныя магчымасці ўласных імёнаў у творах вуснай народнай творчасці і беларускіх класікаў.


III. Імёны па бацьку як крыніца вывучэння гісторыі, жыцця і побыту народа (2 гадзіны)

З гісторыі узнікнення імён па бацьку. Традыцыі беларусаў у выкарыстанні імён па бацьку. Утварэнне і ўжыванне імён па бацьку на сучасным этапе.


IV. Прозвішчы ў складзе беларускай антрапаніміі (7 гадзін)

1. Першыя беларускія прозвішчы, прычыны іх узнікнення, спецыфіка. Прозвішчы-мянушкі. Станаўленне прозвішчаў. Прозвішчы і сацыяльны статус асобы.

2. Паходжанне прозвішчаў. Мадэлі ўтварэння беларускіх прозвішчаў (утваральныя асновы і словаўтваральныя сродкі). Тыпалогія прозвішчаў, іх тэрытарыяльная прыналежнасць.

3. Беларускія і запазычаныя прозвішчы. Беларускія прозвішчы ў іх адносінах да прозвішчаў рускай, украінскай, польскай, літоўскай і інш моў. Прозвішчы насельнікаў Беларусі — прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Прозвішчы жыхароў вашага рэгіёна.

4. Асаблівасці вымаўлення і змянення прозвішчаў.

5. «Гаваркія» прозвішчы ў творах мастацкай літаратуры і фальклоры.


V. Псеўданімы як аб’ект вывучэння антрапаніміі (1 гадзіна)

Прычыны выкарыстання псеўданімаў у маўленчай практыцы. Псеўданімы беларускіх пісьменнікаў, дзеячоў навукі і культуры. Правілы афармлення псеўданімаў на пісьме.

Культура ўжывання антрапонімаў у маўленні.

У выніку вывучэння курса на выбар вучні павінны

ведаць:

— асноўныя тэрміны і паняцці антрапанімікі;

— культурна-гістарычныя ўмовы фарміравання іменніка беларусаў;

— тыпалогію антрапонімаў, спецыфічныя беларускія і запазычаныя імёны і прозвішчы, асаблівасці іх распаўсюджання на тэрыторыі Беларусі;

— правілы напісання імён, прозвішчаў, імёнаў па бацьку, псеўданімаў;

умець:

— выяўляць антрапонімы ў тэкстах, тлумачыць адметнасць паходжання і ўтварэння, характарызаваць паводле прапанаваных прымет;

— збіраць антрапонімы, праводзіць аналогіі, супрацьпастаўленні і абагульненні пры параўнанні і класіфікацыі імён, прозвішчаў і інш.;

— аналізаваць анамастычную лексіку з выкарыстаннем вучэбнай і навуковай літаратуры, літаратурных крыніц, слоўнікаў і іншых даведачных матэрыялаў, друкаваных і мультымедыйных сродкаў масавай інфармацыі;

— складаць спісы жыхароў абранай мясцовасці, уласны радавод, пісаць рэфераты, творчыя работы, выступаць з дакладамі і паведамленнямі па пытаннях беларускай і рэгіянальнай антрапаніміі;

— складаць сістэму практыкаванняў, тэсты, крыжаванкі, віктарыны на аснове агульнатэрытарыяльнага і рэгіянальнага матэрыялу;

— прымаць удзел у рэалізацыі групавых і калектыўных творчых праектаў (у тым ліку з выкарыстаннем фанатэк, відэатэк і інш.);

— тлумачыць адметнасць выкарыстання «гаваркіх» антрапонімаў у творах мастацкай літаратуры і вуснай народнай творчасці;

— ужываць антрапонімы ў адпаведнасці з нормамі сучаснай беларускай мовы.


Літаратура для настаўніка

1. Асновы культуры маўлення і стылістыкі: Вучэбн. дапам. для студ. філал. фак. ВНУ / У. В. Анічэнка, У. Д. Еўтухоў, В. А. Ляшчынская, Т. І. Тамашэвіч; Пад рэд. У. В. Анічэнкі. Мн., 1992.

2. Барысюк У. У. Сучасныя беларускія антрапонімы з адмоўем у творах мастацкай літаратуры / Беларуская лінгвістыка. — 1988. — Вып. 33. — С. 23—27.

3. Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

4. Беларуская мова. Хрэстаматыя: вучэб. дапаможнік [аўт.-склад.: З. І. Бадзевіч і інш.]. Мн., 2005.

5. Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мн., 1994.

6. Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. 1. Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы. Мн., 1966.

7. Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. 2. Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі. Мн., 1969.

8. Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. 3. Структура ўласных мужчынскіх імёнаў. Мн., 1982.

9. Бірыла М. В. Беларускія антрапанімічныя назвы ў іх адносінах да антрапанімічных назваў іншых славянскіх моў (рускай, украінскай, польскай). Мн., 1963.

10. Бірыла М. В. Тыпалогія і геаграфія славянскіх прозвішчаў. Мн., 1988.

11. Водопьянова Ю. А. Устный лингвистический журнал «Что в имени тебе моём?..» // Русский язык в школе. — 2006. — № 1. — С. 38—43.

12. Гурская Ю. А. Словарь имён собственных в поэтике М. Богдановича. Мн., 1997.

13. Ивашко В. А. Как выбирают имена. Мн., 1988.

14. Имена / Павел Флоренский. М., Харьков, 2003.

15. Куліковіч У. І. Беларускі правапіс: правілы, заданні, кантрольныя работы. Мн., 1998.

16. Кустова Н. В. Топонимика на уроках русского языка // Русская словесность. 2006. — № 4. — С. 64—72.

17. Малажай Г. М., Рачэўскі С. Р. Пазакласная праца па беларускай мове. Мн., 1990.

18. Масляніцына І. Якое імя выбіраем?.. // Звязда. — 1990. — 17 лістап.

19. Масляніцына І. Якое імя тваё, беларусачка?.. // Звязда. —1990. — 17 чэрв.

20. Рассказов Ю. С. Секреты имён: От имясловия до философии языка. М., 2000.

21. Ратнікава І. Аб некаторых спрэчных пытаннях словаўтварэння імя па бацьку ў сучаснай беларускай мове [у параўнанні з рускай] // Беларуская мова і літаратура ў школе. — 1991.— № 12. — С. 70—75.

22. Рогалев А. Ф. Ономастика художественных произведений. Гомель, 2003.

23. Суперанская А. В. Общая теория имени собственного. М., 1973.

24. Суперанская А. В., Суслова А. В. Современные русские фамилии. М., 1981.

25. Сцяцко П. У. Форма дыктуецца зместам // Полымя. — 1991. — № 6. — С. 237—244.

26. Таич Р. У. Антропонимия «Господ Головлевых» М. Е. Салтыкова-Щедрина. Материалы к спецкурсу. Черновцы, 1969.

27. Унбегаун Б. О. Русские фамилии. М., 1989.

28. Усціновіч А. К. Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны IV—XVIII стст. Мн., 1975.

29. Усціновіч А. К. Гурток «Тваё імя» // Беларуская мова і літаратура ў школе. — 1988. — № 6. — С. 38—40; № 9. — С. 34—37.

30. Усціновіч Ганна. Нашы прозвішчы // Роднае слова. — 2005. — № 8. — С. 73—77.

31. Цікоцкі М. Я. Стылістыка беларускай мовы. вуч. дап. для фак. журнал. 2-е выд., перапрац. і дапрац. Мн., 1995.

32. Шур В. Адкуль нашы імёны? // Беларуская мова і літаратура ў школе. — 1991. — № 7—8. — С. 60—63.

33. Шур В. В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка: дап. для настаўнікаў. Мн., 1998.

34. Шур В. З гісторыі ўласных імёнаў. Мн., 1993.

35. Шур В. Онімы як сродак стварэння экспрэсіўнасці і каламбураў у творах Якуба Коласа і Рыгора Барадуліна // Беларуская мова і літаратура ў школе. — 2003. — № 3. — С. 119—127.

36. Шур В. Імя і прозвішча ў мастацкай літаратуры, фальклоры // Беларуская мова і літаратура. — 1997. — вып. 7. — С. 104—116.

37. Юрэвіч У. Слова жывое, роднае, гаваркое…:навук.-папул. кн. для сярэд. і ст. школ. узросту. Мн.: Юнацтва, 1992.


Слоўнікі

1. Анамастычны слоўнік Магілёўшчыны / В. І. Рагаўцоў, С. Я. Кечык. Магілёў, 2000.

2. Арашонкава Г. У., Лемцюгова В. П. Кароткі слоўнік беларускай мовы. Правапіс. Вымаўленне. Націск. Словазмяненне. Мн., 1994.

3. Булыка А. М. Слоўнік іншамоўных слоў. Мн., 1993.

4. Бардовіч А. М., Круталевіч М. М., Лукашанец А. А. і інш. Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы. Мн., 2001.

5. Грабчыкаў С. М. Белорусско-русский, русско-белорусский словарь. Мн., 2004.

6. Плотнікаў Б. А., Трайкоўская В. П. Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы. Мн., 2004.

7. Саламевіч Янка. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.). Мн.. 1983.

8. Слоўнік асабовых імёнаў. Бел.-рус. і рус.-бел./ уклад. У. А. Сарока. Мн., 2000.

9. Слоўнік беларускай мовы (Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне). Мн., 1987.

10. Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі. Мн., 1990.

11. Суднік М. Р. Слоўнік асабовых уласных імён. Мн., 1965.

12. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. Мн, 1996.

13. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5-ці т., 6 кн. / пад рэд. К. К. Крапівы. Мн., 1977—1985.

14. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1989. Т. 5; 1990. Т. 6; 1991. Т. 7.