Раздзел I. Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей
Вид материала | Документы |
- План Засяленне сучасных беларускіх зямель. Фарміраванне этнічных супольнасцей на тэрыторыі, 216.17kb.
- Актуальнасць І неабходнасць вывучэння гісторыі Беларусі. Перыядызацыя гісторыі Беларусі, 36.86kb.
- Тэма Балцкае I славянскае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. Паходжанне беларусаў, 229.03kb.
- 1. Засяленне беларускіх зямель. Фарміраванне этнічных супольнасцей. Галоўныя перыяды, 893.1kb.
- «гісторыя беларусі», 56.29kb.
- Роль І месца гісторыі Беларусі ў працэсах грамадска-гістарычнага развіцця, 288.08kb.
- Нацыянальная акадэмія навук Беларусі інстытут гісторыі праграм а міжнароднай навукова-практычнай, 296.57kb.
- Раздзел I. Асновы канстытуцыйнага ладу (артыкулы 1 20) раздзел, 554.42kb.
- Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося ў прамежку часу 100 40 тыс, 1264.19kb.
- Планы- канспекты творчых урокаў І прадметных тыдняў Гісторыя Беларусі, 1850.94kb.
ГЛАВА 1. УВАХОДЖАННЕ БЕЛАРУСІ Ў СКЛАД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ. ПАЛІТЫЧНАЕ І САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ
§ 1. Унутраная палітыка расійскага ўрада на Беларусі у канцы ХVІІІ – першай чвэрці ХІХ ст.
У выніку трох падзелаў (1772, 1793, 1795 гг.) Рэч Паспалітая спыніла сваё існаванне. Да Расіі адышла тэрыторыя Беларусі з насельніцтвам каля 3,3 млн. чалавек. З канца XVIII ст. пачынаецца новы этап беларускай гісторыі, цесна звязаны з гісторыяй Расійскай дзяржавы.
Адміністрацыйны падзел. Пасля далучэння да Расійскай імперыі на беларускія землі былі распаўсюджаны агульныя прынцыпы расійскага кіравання. Так, паводле праведзенай у 1796 г. адміністрацыйнай рэформы ў Беларусі ствараліся губерні: Беларуская з губернскім горадам Віцебскам; Мінская з губернскім горадам Мінскам і Літоўская з губернскім горадам Вільняй.
У выніку новага адміністрацыйнага падзелу Расіі ў 1801 – 1802 гг. Беларуская губерня падзялілася на Магілёўскую і Віцебскую. Яны ўвайшлі ў склад Беларускага генерал-губернатарства (па 1856 г.). Літоўская губерня падзялілася на Гродзенскую і Віленскую, якія склалі разам з Мінскай губерняй Літоўскае (Віленскае) генерал-губернатарства (па 1912 г.). У час польскага паўстання 1830 – 1831 гг. і некаторы час пасля яго Мінская губерня мела статус генерал-губернатарства (1831 – 1834).
Генерал-губернатары з’яўляліся даверанымі асобамі імператара і надзяляліся фактычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Выканаўчая ўлада ў губернях належала губернатарам, якія кіравалі праз канцылярыі ў складзе віцэ-губернатара, саветнікаў, пракурора, сакратароў і іншых чыноўнікаў. Як правіла, вышэйшыя пасады займалі чыноўнікі з рускіх, на іншыя чыноўніцкія пасады ў беларускіх губернях дапушчаліся мясцовыя ўраджэнцы. Толькі дваране-католікі, якія жадалі паступіць на дзяржаўную службу, павінны былі прайсці абавязковую 5-гадовую “стажыроўку” у вялікарасійскіх губернях.
Сацыяльна-палітычнае становішча беларускіх губерняў у канцы ХVІІІ ст. Расійскі ўрад дзяля ўзмацненні свайго ўплыву на далучаных землях адразу ажыццявіў шэраг мер. Насельніцтва на працягу месяца пасля выхаду ўказа аб уключэнні беларускіх зямель ў склад Расіі прыводзілася да прысягі. Сялян, як прыгонных, запісалі за новай дзяржавай іх паны з паручыцельствам духавенства. Асобам, якія не жадалі прысягаць новай уладзе, было прапанавана ў 3 месячны тэрмін прадаць сваю нерухомасць і выехаць за мяжу. Па заканчэнні гэтага тэрміну маёмасць асоб, якія не прынялі прысягі, падлягала перадачы ў дзяржаўную казну. Большасць магнатаў і шляхты прысягнула новай уладзе.
У эканамічным і палітычным развіцці Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі ў канцы ХVІІІ ст. меліся адрозненні.
У Расійскай імперыі з яе абсалютнай уладай манарха дваране, нягледзячы на моцную залежнасць ад цэнтральнай улады, імкнуліся прыстасавацца да новых умоў гаспадарання. Рускія памешчыкі раней, чым памешчыкі Рэчы Паспалітай, пачалі пераводзіць сялян на больш прагрэсіўную форму рэнты – грашовы чынш. Разам з тым дваранская зямельная ўласнасць у Рэчы Паспалітай раней, чым у Расіі, згубіла свой умоўны характар. Яшчэ ў пачатку ХVІІІ ст. “паспалітае рушэнне”, служба ў якім лічылася неабходнай умовай для валодання шляхтай землямі, ужо не склікалася. У Расіі толькі маніфест Пятра ІІІ ад 1762 г. вызваліў дваранства ад нясення дзяржаўнай службы.
Існавалі адрозненні і ў формах дваранскага землеўладання, і ў прававым статусе дваранства. Расія не ведала землеўладання дробнай шляхты. У Рэчы Паспалітай дробная шляхта па свайму прававому становішчу амаль не адрознівалася ад магнатаў. З эпохі “залатых вольнасцей шляхецтва” яна не прывыкла да бясспрэчнага паслухмянства цэнтральнай уладзе. Улада караля ў Рэчы Паспалітай была вельмі слабай. Ён быў пазбаўлены заканадаўчых паўнамоцтваў і з’яўляўся толькі вярхоўнай выканаўчай уладай. Дзейнасць вышэйшага заканадаўчага органа ў краіне – Сейма – была паралізавана. Таму палітыка расійскага ўрада ў адносінах да дваранства Беларусі спачатку вызначалася асцярожнасцю.
Урачыстыя абяцанні расійскага ўрада не кранаць набытых беларускай шляхтай правоў і існуючых грамадскіх адносін абумовілі спакойны пераход новападданых у новую дзяржаўную залежнасць. Тым, хто прыняў прысягу, даваліся правы расійскага дваранства (пры захаванні многіх ранейшых правоў), маёнткі з сялянамі. Ухіліліся ад прысягі толькі некаторы буйныя магнаты: два Радзівілы (ваявода віленскі і староста рэчыцкі); тры Агінскя (вялікі гетман літоўскі, кашталян віленскі і ваявода трокскі); Сапега (ваявода полацкі і гетман польскі і літоўскі); Салагуб (ваявода віцебскі); Пацей (вялікі стражнік літоўскі); Чартарыйскі (ваявода рускі). Але расійскі ўрад ліквідаваў бескантрольную самастойнасць феадалаў. Шляхта страціла правы на канфедэрацыі, на ўтрыманне свайго войска і ўласных крэпасцей.
Дваранству і купецтву беларускіх зямель у 1773 г. дазвалялася выбіраць дэпутатаў для выпрацоўкі праекта новага агульнадзяржаўнага Улажэння. У 1777 г. былі праведзены выбары павятовых і губернскіх прадвадзіцеляў дваранства, створаны павятовыя і губернскія дваранскія сходы. Асноўная частка беларускай шляхты задаволілася сваім новым становішчам.
У 1785 г. на далучаныя гарады Беларусі былі распаўсюджаны прынцыпы, абвешчаныя Кацярынай ІІ у “Даравальнай грамаце гарадам”. У гарадах адмянялася панаванне свецкіх ці духоўных феадалаў, скасоўвалася магдэбургскае права. Шматлікія прыватныя гарады і мястэчкі былі выкуплены ўрадам. Кіраванне гарадскім жыццём канцэнтравалася ў Думе – прадстаўнічым органе з гарадскіх саслоўяў. Купецтва атрымала права на арганізацыю гільдый, як гэта было ў Расіі.
На беларускае насельніцтва была распаўсюджана расійская падатковая сістэма. Ліквідаваліся розныя дзяржаўныя зборы з насельніцтва. Замест іх уводзіліся падушны падатак і земскі збор. Але, прыняўшы пад увагу цяжкі стан беларускага насельніцтва, выяўлены ў час перапісу (пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай), расійскі ўрад на два гады вызваліў яго ад выплаты дзяржаўных падаткаў. На працягу наступных 10 гадоў падушны падатак збіраўся ў палавінным памеры.
Расійскі ўрад імкнуўся паказаць, што не мае намеру замахвацца на прававыя нормы, якія здаўна існавалі на далучаных землях. Асноўным заканадаўчым кодэксам тут заставаўся Статут Вялікага княства Літоўскага. Але мясцовая адміністрацыя ўсталёўвалася на расійскі ўзор і была строга падсправаздачна цэнтральнай уладзе.
Такім чынам, у першы час пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі яе ўрад імкнуўся не ўжываць жорсткія меры да мясцовага насельніцтва, каб прыглушыць апазіцыйныя настроі. Але значная частка апалячанай шляхты і каталіцкага духавенства, якія страцілі сваё прывілеяванае становішча, засталіся незадаволенымі. Гэта прымусіла расійскі ўрад устаць на шлях узмацнення сваіх пазіцый у беларускіх землях.
Канфесійная і нацыянальная палітыка. У канцы ХVІІІ ст. на беларускіх землях пражывала каля 39 % уніятаў, 38 – католікаў, 10 – іудзеяў, 6,5 – праваслаўных, 4 – старавераў, астатнія 2,5 % прыходзіліся на пратэстантаў, мусульман і караімаў. Расійскі ўрад дазволіў дзейнасць усіх канфесій, аднак верацярпімасць была адноснай. Галоўнай задачай канфесійнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі было ўзмацненне пазіцый праваслаўя. З далучэннем Беларусі да Расійскай імперыі мясцовая праваслаўная царква перайшла пад юрысдыкцыю Свяцейшага Сінода. Сінод з’яўляўся вышэйшым органам кіравання ў Рускай праваслаўнай царкве. Яго ўзначальваў обер-пракурор – свецкі чыноўнік, які прызначаўся імператарам. На беларускіх землях існавалі Магілёўская (створана ў 1632 г.) і Мінская (створана ў 1793 г.) епархіі, куды ўваходзілі тэрыторыі Міншчыны, Віленшчыны, і Гродзеншчыны. Нягледзячы на сваё пануючае становішча, праваслаўная царква знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным стане. Праваслаўнымі вернікамі ў асноўным былі прыгонныя сяляне, бедная шляхта і мяшчане. Дваране (у большасці сваёй католікі) мала клапаціліся пра ўладкаванне праваслаўных прыходаў.
Каталіцтва і пратэстантызм карысталіся шырокай свабодай на тэрыторыі беларускіх губерняў. Расійскі ўрад улічваў, што практычна ўсе беларускія магнаты і шляхта з’яўляліся католікамі. Таму за католікамі захоўвалася права на свабоднае выкананне абрадаў, маёмасць каталіцкіх касцёлаў і кляштараў захоўвалася ў недатыкальнасці. Згодна з даравальнай граматай Кацярыны ІІ ад 1774 г. засноўвалася Беларуская каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве, што адпавядала інтарэсам польскага і апалячанага беларускага дваранства. Адзінае, што катэгарычна забаранялася каталіцкаму духавенству – гэта схіляць да сваёй веры праваслаўных.
Забаронены рымскім папам у 1773 г. ордэн езуітаў знайшоў сабе часовы прытулак на землях Беларусі. Езуіты з дазволу ўлад маглі займацца місіянерскай дзейнасцю па ўсёй Беларусі. Езуіцкія калегіі былі адкрыты ў Магілёве, Мсціслаўлі, Чачэрску, Віцебску, Дзвінску і Оршы. 12 студзеня 1812 г. Полацкай езуіцкай калегіі быў нададзены статус акадэміі з правамі універсітэта. Толькі пасля вайны 1812 г., у ходзе якой каталіцкае духавенства супрацоўнічала з французскай акупацыйнай адміністрацыяй, езуіты былі выгнаны з Расіі, а іх маёмасць канфіскавана. У 1820 г. была зачынена і Полацкая езуіцкая акадэмія.
Такая ж верацярпімасць была праяўлена і ў адносінах да уніятаў. Кіраўнікі мінскай і магілёўскай праваслаўных епархій былі папярэджаны аб тым, што нельга прымушаць уніятаў пераходзіць у праваслаўе, а трэба “абуджаць добраахвотнае жаданне”. Святары, якія парушалі гэты ўказ, падлягалі адлучэнню ад сваіх прыходаў. Толькі ў 1794 г. пасля паўстання Т. Касцюшкі Кацярына ІІ выдала ўказ, каб ніхто з шляхты, духоўных або ўрадавых асоб не рабіў перашкоды пры пераходзе з уніяцтва ў праваслаўе.
Аднак умацаванне каталіцтва адмоўна адбілася на становішчы уніятаў. Вернікамі уніяцкай царквы былі прыгонныя сяляне, мяшчане і дробная шляхта. Таму, нягледзячы на колькасную перавагу ў верніках, уніяцтва не з’яўлялася ўплывовай канфесіяй у краі. Да таго ж уніяты юрыдычна падпарадкоўваліся каталіцкай царкве. У пачатку ХІХ ст. пад ціскам мясцовых памешчыкаў-католікаў распачаўся перавод уніятаў у каталіцтва. Так, ў 1803 г. у Полацкай архіепіскапіі лацінскі абрад прынялі 100 тыс. вернікаў (паводле іншых звестак, каля 200 тыс.), у Дзісенскім і Вілейскім паветах Мінскай губерні – каля 20 тыс. і г. д. Акрамя таго, у гэты перыяд уніяцкая царква называлася не грэка-каталіцкая, а рымска-уніяцкая.
Рэскрыптам ад 4 ліпеня 1803 г. Аляксандр І забараняў пераходы ў каталіцтва. Каб захаваць цэласнасць уніяцкай царквы, указам Аляксандра І ад 16 ліпеня 1805 г. у Рыма-каталіцкай калегіі быў створаны уніяцкі дэпартамент, які ўзначальваў архіепіскап Іраклій Лісоўскі. Годам пазней І. Лісоўскі быў прызначаны уніяцкім мітрапалітам. І надалей урад неаднаразова прымаў указы, якія забаранялі каталіцкаму духавенству далучаць уніятаў, аднак яны фактычна не выконваліся.
Значныя абмежаванні ўводзіліся толькі ў адносінах да аднаго народа – яўрэяў. У Рэчы Паспалітай яўрэі не былі запрыгонены і не атрымалі права сяліцца на зямлі. У выніку гэтага яны прывыклі пастаянна перамяшчацца і займацца часовай дзейнасцю (Асноўная частка яўрэйскага насельніцтва жыла ў гарадах і таму запісвалася ў лік мяшчан або купцоў). Гэта з’ява супярэчыла парадкам у Расійскай дзяржаве, дзе ўсё насельніцтва рэгістравалася і пражывала ў канкрэтным месцы.
Расійскія ўлады імкнуліся зберагчы інтарэсы свайго карэннага насельніцтва. Калі яўрэйскія купцы пачалі канкурыраваць з рускімі, то Кацярына ІІ указам ад 23 снежня 1791 г. забараніла яўрэям запісвацца ў купецтва ва ўнутраных расійскіх гарадах. Яўрэям дазвалялася жыць толькі ў межах беларускіх губерняў і Таўрычаскай вобласці. З гэтага ўказа пачалося фарміраванне “мяжы аселасці” яўрэйскага насельніцтва. Указам ад 23 верасня 1794 г. права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 заходніх губернях (беларускіх, літоўскіх і часткі ўкраінскіх). Яўрэям дазвалялася сяліцца ў гарадах, займацца рамяством і гандлем. Яўрэі маглі запісвацца ў мяшчанскія і купецкія саслоўі з умовай, што будуць плаціць падвойны дзяржаўны падатак у параўнанні з хрысціянскім насельніцтвам. Каб забяспечыць паступленне падаткаў, урад пакінуў кагал у якасці органа абшчыннага яўрэйскага самакіравання. У 1795 г. яўрэям-купцам і мяшчанам было забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. “Палажэнне аб уладкаванні яўрэяў” ад 9 снежня 1804 г. захоўвала мяжу аселасці, адмяняла падвоены падатак з фабрыкантаў, рамеснікаў і землеўладальнікаў. Выбарчыя пасады ў гарадскім самакіраванні было дазволена займаць толькі адукаваным яўрэям, якія ведалі рускую, польскую або нямецкую мову. Па гандлёвых справах яўрэі маглі прыязджаць ва ўнутраныя губерні, але толькі па асобных пашпартах. “Палажэнне…” прадугледжвала новую дыскрымінацыйную меру – ссяленне да 1 студзеня 1808 г. яўрэйскага сельскага насельніцтва ў гарады і мястэчкі. Гэта акцыя мела цяжкія наступствы для яўрэяў, паколькі многія з іх гублялі сродкі для існавання – арэнду зямлі, корчмаў і г. д.
Сацыяльная структура насельніцтва беларускіх губерняў. Большую частку насельніцтва пяці заходніх губерняў складалі беларусы. Толькі ў Віленскай губерні пераважала літоўскае насельніцтва – 48 % ад агульнай колькасці жыхароў, а беларусы (іх было 20 %) канцэнтраваліся пераважна ў Віленскім, Дзісенскім і Свянцянскім паветах. На тэрыторыі беларускіх зямель таксама жылі палякі, рускія, украінцы, літоўцы, латышы, татары і яўрэі.
Сацыяльная структура насельніцтва Беларусі мела саслоўны характар. Саслоўі падзяляліся на прывілеяваныя і падатковыя. Да прывілеяваных саслоўяў належала дваранства, духавенства, купецтва і нешматлікая група ганаровых грамадзян, якая з’явілася ў 1832 г. Усе яны вызваляліся ад рэкрутчыны, цялесных пакаранняў, падушнага падатку і іншых дзяржаўных павіннасцей.
Дваранства Беларусі налічвала амаль 100 тыс. чалавек мужчынскага полу і падзялялася на радавое і асабістае. Прычым радавога (“сапраўднага”) дваранства было значна больш, чым асабістага (служылага). Гэта тлумачылася адсутнасцю ў былой Рэчы Паспалітай дараванняў “высакароднасці” за службу, як гэта практыкавалася ў Расіі паводле Табелі аб рангах. Яшчэ адной асаблівасцю Беларусі была перавага дробнамаянтковага і безмаянтковага дваранства.
Па канфесійнай прыналежнасці большая частка дваранства Беларусі была каталіцкага веравызнання – каля 87 %, праваслаўных было 6 %, мусульман – 0,9 %, пратэстантаў – 0,7 %. У нацыянальным складзе вышэйшага саслоўя беларускіх губерняў пераважалі палякі і беларусы (95 %). Рускіх і ўкраінцаў сярод дваран было не больш за 2 % ад агульнай колькасці. Каля 2 % дваран былі татарамі, менш за 1 % мелі нямецкае і французскае паходжанне.
Духавенства з’яўлялася другім прывілеяваным саслоўем. Сярод яго пераважную большасць складала хрысціянскае духавенства. Яно падзялялася на праваслаўнае, уніяцкае (да 1839 г.), рымска-каталіцкае і пратэстанцкае. Праваслаўнае і уніяцкае духавенства складалася з дзвюх катэгорый: чорнага (манаства) і белага (прыходскага). Акрамя хрысціянскага існавала іудзейскае і мусульманскае духавенства.
Да ганаровых грамадзян адносіліся купцы першай гільдыі, вучоныя, мастакі, дзеці асабістых дваран і дзеці духавенства, якія мелі адукацыйны цэнз.
На працягу першай паловы ХІХ ст. у Беларусі больш як у два разы павялічылася купецкае саслоўе, якое складалася з трох гільдый (у залежнасці ад сумы аб’яўленага капіталу). Пераважная большасць беларускага купецтва належала да 3-й (ніжэйшай) гільдыі. Агульная колькасць усіх трох гільдый у 1861 г. складала каля 7 тыс. чалавек. Купецтва вызвалялася ад падушнага падатку і цялесных пакаранняў, а купцы 1 – 2-й гільдый – і ад рэкруцкай павіннасці. Саслоўны статус купца цалкам залежаў ад яго маёмаснага стану: у выпадку банкруцтва купец “выпадаў” са свайго саслоўя.
Асноўную масу падатковага саслоўя і ўсяго насельніцтва Беларусі (53,5 %) складалі прыгонныя сяляне, якія падзяляліся на дзве асноўныя групы – памешчыцкія і дзяржаўныя.
Пераважную большасць прыгонных складалі памешчыцкія сяляне – 2 369 050 мужчын і жанчын. Памешчыцкія сяляне падзяляліся на паселеных і дваровых. Паселеныя сяляне атрымлівалі ў карыстанне зямельны надзел, які юрыдычна належаў памешчыку, і займаліся сельскай гаспадаркай. Дваровыя былі пазбаўлены сродкаў вытворчасці, жылі пры двары памешчыка і абслугоўвалі яго сядзібу.
Значную частку памешчыцкіх сялян Беларусі складалі агароднікі. Яны не мелі ворнай зямлі, а толькі сядзібу з агародам. Да прыгонных сялян адносіліся таксама бабылі або кутнікі – беззямельныя і бяздомныя сяляне, якія здымалі куток у цяглых сялян і наймаліся да іх батракамі.
Дзяржаўныя сяляне Беларусі ўтварыліся з розных катэгорый сельскага насельніцтва былой Рэчы Паспалітай, жылі на казённых землях і плацілі падаткі ў дзяржаўную казну. Блізкімі па свайму становішчу да дзяржаўных сялян былі “панцырныя баяры” (збяднелая шляхта), велікарускія стараверы, вольныя людзі і інш.
Памешчыцкія сяляне знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад сваіх уладальнікаў. Памешчыкі адвольна прызначалі віды і памеры павіннасцей, мелі права без чаргі здаваць у рэкруты непажаданага ім селяніна, маглі адабраць у прыгонных усю іх маёмасць, цялесна пакараць. Сяляне Беларусі выконвалі розныя павіннасці, якія падзяляліся на галоўныя і дадатковыя. Да галоўных адносіліся паншчына, аброк і згоны (гвалты). Дадатковымі павіннасцямі былі: шарваркі (будаўнічыя работы), вартаўніцтва (начны каравул) і фурманачная (падводная) павіннасць (прадастаўленне фурманкі для перавозак). Усё гэта сяляне выконвалі за права карыстацца зямлёй памешчыка, лавіць рыбу, займацца ляснымі промысламі, здабываннем вапны і г. д. Па патрабаванні памешчыка сяляне прыносілі “даніну” ягадамі, грыбамі, мёдам, палатном і інш.
Развіццё памешчыцкага прадпрымальніцтва выклікала павелічэнне агульнага аб’ёму павіннасцей сялян, а іх эксплуатацыя прыняла яшчэ больш цяжкія формы. Акрамя палявых работ на панскай ворыўнай зямлі, прыгонных вымушалі яшчэ працаваць на вотчынных мануфактурах. Сяляне нават не ведалі сумы сваіх заробкаў, бо разлікаў з імі, як правіла, не праводзілі.
Дзяржаўныя сяляне належалі казне і афіцыяльна называліся “свабоднымі сялянскімі абывацелямі”. Аднак калі дзяржаўныя сяляне ўнутраных расійскіх губерняў ужо знаходзіліся на “чыншавым становішчы” (за карыстанне зямлёй плацілі грошы ў дзяржаўную казну), беларускія дзяржаўныя сяляне заставаліся на “гаспадарчым становішчы”. Яно характарызавалася тым, што большая частка казённых маёнткаў у губернях Беларусі здавалася ў арэнду (часцей на кароткі тэрмін) мясцовым памешчыкам ці буйным чыноўнікам. Як правіла, дзяржаўныя сяляне таксама адбывалі паншчыну. Як вынік, вельмі часта дзяржаўныя сяляне эксплуатаваліся часовымі арандатарамі больш жорстка, чым памешчыцкія.
Яшчэ адным падатковым саслоўем былі мяшчане. Гэта – асабіста свабоднае насельніцтва гарадоў (у канцы XVIII ст. яны складалі 80 % насельніцтва беларускіх гарадоў), якое павінна было плаціць падушны падатак, адбываць рэкрутчыну і іншыя грашовыя і натуральныя павіннасці. Аднак прадстаўнікі мяшчанскага саслоўя жылі не толькі ў гарадах. Заможныя сяляне, што сталі вольнымі і перайшлі ў саслоўе мяшчан, звычайна “прыпісваліся” да таго ці іншага горада, але жылі ў сваёй вёсцы, дзе ў іх была наладжана прадпрымальніцкая справа. Насельніцтва гарадоў і мястэчак Беларусі было шматэтнічным і шматканфесійным. Напрыклад, у канцы XVIII – пачатку ХІХ ст. у гарадах Мінскай губерні іудзеі складалі 50,5 %, праваслаўныя – 38,4 %, уніяты – 5,4 %, католікі – 4,8 %.
У першай палове ХІХ ст. у Беларусі аформілася асобая непадатковая, але і не прывілеяваная група насельніцтва – разначынцы (выхадцы з “розных чыноў і званняў”). Яны ўяўлялі сабой свабодную, служылую катэгорыю насельніцтва, даволі аднастайную па сваім становішчы ў грамадстве. У гэтую катэгорыю ўваходзілі адукаваныя інтэлігенты, выхадцы з сялянства, мяшчанства, купецтва, духавенства, збяднелага дваранства. Як правіла, разначынцы – гэта ніжэйшыя чыноўнікі, настаўнікі гімназій, работнікі навукі, літаратуры і мастацтва Агульны іх лік і ўдзельная вага сярод насельніцтва Беларусі не вызначаны.
Саслоўная палітыка расійскага ўрада. Саслоўная палітыка, якая праводзілася на тэрыторыі Беларусі, была скіравана на ўмацаванне пазіцый Расіі. Першым крокам у гэтым напрамку стала ўвядзенне ў Беларусі землеўладання рускага дваранства за кошт дзяржаўнага фонду. Яшчэ Кацярынай ІІ асноўная частка дзяржаўных зямель разам з сялянамі (звыш 180 тыс. чалавек мужчынскага полу) была раздадзена рускім дваранам і чыноўнікам. Павел І аддаў рускім памешчыкам яшчэ каля 28 тыс. сялян-мужчын. Пасля 1801 г. раздача маёнткаў у Беларусі была спынена ўрадам Аляксандра І з-за супраціўлення дзяржаўных сялян пераводу іх у разрад памешчыцкіх.
У адносінах да беларускага дваранства ўрад ўлічваў гістарычныя асаблівасці, якія склаліся на працягу стагоддзяў.
У Расіі не існавала такой сацыяльнай групы як дробная шляхта. Яе эканамічнае становішча часам набліжалася да становішча селяніна-аднадворца. Аднак збяднелая шляхта фармальна не адрознівалася ад магнатаў і юрыдычна мела з імі аднолькавыя правы. Таму ўдзельная вага дваранства ў беларускіх губернях была самай высокай у імперыі – 5 – 6 % (у сярэднім 1,5 % па Еўрапейскай Расіі).
Палітыка расійскага ўрада ў адносінах да дваранства Беларусі вызначалася надзвычайнай асцярожнасцю. Мясцовым дваранам надаваліся ўсе правы і прывілеі, якімі валодала расійскае дваранства, але дазвалялася карыстацца “мясцовымі законамі”, калі яны не супярэчылі расійскім. Так, да 1831 г. Статут Вялікага княства Літоўскага дзейнічаў ва ўсіх беларускіх губернях, а ў Мінскай, Гродзенскай і Віленскай – да 1840 г.
Новым ва ўрадавай палітыцы быў дыферэнцыраваны падыход да розных груп беларускага дваранства. У адносінах да дробнай шляхты, якая складала абсалютную большасць мясцовага прывілеяванага саслоўя, праводзіўся так званы “разбор шляхты”: шляхціцы, якія не змаглі дакументальна пацвердзіць сваё дваранскае паходжанне, прыпісваліся да розных груп падатковага саслоўя. Хоць “разбор” шляхты быў дэклараваны яшчэ ў 1772 г., яго рэалізацыя праводзілася марудна, непаслядоўна, у асноўным з за складанай юрыдычнай сістэмы доказаў дваранскага паходжання.
З пачатку новага стагоддзя адным са шляхоў паслаблення пазіцый дробнага дваранства была змена заканадаўства ў сістэме выбарных судовых органаў. Змяненні ажыццяўляліся ў напрамку скарачэння органаў дваранскага самакіравання.
Важным крокам, які павінен быў умацаваць пазіцыі расійскага ўрада на беларускіх землях, была канфіскацыя маёнткаў за ўдзел у антыўрадавай дзейнасці. Канфіскацыі праводзіліся ў некалькі этапаў. З 1773 па 1775 г. яны былі накіраваны супраць той часткі магнатаў і шляхты, якія не захацелі прынесці прысягу новаму гаспадару, а пазней – супраць удзельнікаў паўстання Тадэвуша Касцюшкі. У 1812 – 1813 гг. пачалася новая хваля канфіскацый, яна была звязана з вайной 1812 г. У выніку становішча магнатаў і шляхты пагоршылася, а іх імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай узмацнілася.
Частка буйных землеўласнікаў звязвала надзеі на аднаўленне Рэчы Паспалітай з аўтаноміяй у складзе Расіі. У канцы 1811 – пачатку 1812 г. М. Агінскі па прапанове Аляксандра І падрыхтаваў праект аб адраджэнні Вялікага княства Літоўскага пад пратэктаратам Расіі (па прыкладу Фінляндыі). План не быў рэалізаваны, але разам з тым адыграў пэўную ролю ў фарміраванні ўрадавай палітыкі на тэрыторыі заходніх губерняў імперыі.
Пры Аляксандры І урад лічыўся толькі з дваранствам. Мерапрыемствы расійскага ўрада па сялянскаму пытанню не маглі не зацікавіць беларускіх памешчыкаў. “Вызваленне сялян” у Остзейскім краі (частка Латвіі) ў 1816 – 1819 гг., дзе сяляне атрымлівалі асабістую свабоду, а памешчык заставаўся ўласнікам усіх зямельных угоддзяў, умацавала памешчыкаў памежных раёнаў у жаданні беззямельнага вызвалення сялян. Так, дваранства Віцебскай губерні стварыла камітэт для выпрацоўкі адпаведнага палажэння, але яго распрацоўка зацягнулася і не была даведзена да канца.
Адным са сродкаў рашэння сялянскага пытання было ўвядзенне з 1810 г. ваенных пасяленняў (ініцыятарам гэтай палітыкі быў А. Аракчэеў). Мэтай іх арганізацыі было стварэнне з сялян ізаляванай ваеннай касты, якая б забяспечвала сябе харчаваннем і фуражом і з’яўлялася б апорай ураду. Аднак вопыт іх стварэння ў Магілёўскай і Віцебскай губернях быў няўдалы. Яны не здзейснілі ніводнай з пастаўленых задач.
“ Польскае пытанне” ва ўрадавай палітыцы Расіі. Падзелы Рэчы Паспалітай абумовілі ўзнікненне “польскага пытання”, сутнасць якога заключалася ў пастаянным імкненні пераважнай большасці польскага грамадства да аднаўлення страчанай дзяржаўнасці. У шматнацыянальных заходніх губернях Расійскай імперыі “польскае пытанне” было амаль што самым вострым і аказвала ўплыў на ўсе сферы ўрадавай палітыкі на тэрыторыі Беларусі.
У пачатку ХІХ ст. па ініцыятыве Аляксандра І пачала абмяркоўвацца магчымасць аднаўлення дзяржаўнасці Польшчы. Гэта дапамагло прыцягнуць да супрацоўніцтва з імперскімі ўладамі польскіх дзеячаў, у тым ліку А. Чартарыйскага і М. Агінскага. У 1815 г. Каралеўству Польскаму, створанаму паводле пастановы Венскага кангрэсу, была падаравана Канстытуцыя, у адпаведнасць з якой у Польшчы стваралася мясцовая адміністрацыя.
Канстытуцыйныя імкненні Аляксандра І (ёсць звесткі, што ён нават планаваў перадаць у склад будучай Польшчы заходнія губерні Беларусі) выклікалі ў польскім грамадстве хвалю паланафільскіх настрояў і падагравалі надзею на хуткае аднаўленне дзяржаўнай самастойнасці. Узмацненню польскага ўплыву ў галіне культуры і мовы, умацаванню пазіцый каталіцызму ў беларускіх губернях спрыяла і тое, што ўся тэрыторыя Беларусі была ўключана ў склад Віленскай навучальнай акругі, польскай па характару сваёй дзейнасці.
Аднак выкрыццё ў пачатку 1820-х гадоў у Віленскім універсітэце тайных студэнцкіх гурткоў польскай моладзі выклікала змены ва ўрадавай палітыцы ў Беларусі. З гэтага часу асноўным яе кірункам стала паслабленне польскага палітычнага і культурнага ўплыву. Менавіта гэтай мэце адпавядала перадача ў 1824 г. з Віленскай навучальнай акругі ў Пецярбургскую дзвюх беларускіх губерняў – Віцебскай і Магілёўскай, а таксама замена А. Чартарыйскага М. Навасільцавым на пасадзе папячыцеля Віленскай навучальнай акругі.
Курс на аслабленне польскага ўплыву на беларускіх землях яшчэ больш узмацніўся ў канцы 20-х гадоў і асабліва ў сувязі з польскім нацыянальным паўстаннем 1830 – 1831 гг.