Раздзел I. Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей
Вид материала | Документы |
Содержание§ 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі § 2. Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі, яго балцкі і славянскі этапы |
- План Засяленне сучасных беларускіх зямель. Фарміраванне этнічных супольнасцей на тэрыторыі, 216.17kb.
- Актуальнасць І неабходнасць вывучэння гісторыі Беларусі. Перыядызацыя гісторыі Беларусі, 36.86kb.
- Тэма Балцкае I славянскае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. Паходжанне беларусаў, 229.03kb.
- 1. Засяленне беларускіх зямель. Фарміраванне этнічных супольнасцей. Галоўныя перыяды, 893.1kb.
- «гісторыя беларусі», 56.29kb.
- Роль І месца гісторыі Беларусі ў працэсах грамадска-гістарычнага развіцця, 288.08kb.
- Нацыянальная акадэмія навук Беларусі інстытут гісторыі праграм а міжнароднай навукова-практычнай, 296.57kb.
- Раздзел I. Асновы канстытуцыйнага ладу (артыкулы 1 20) раздзел, 554.42kb.
- Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося ў прамежку часу 100 40 тыс, 1264.19kb.
- Планы- канспекты творчых урокаў І прадметных тыдняў Гісторыя Беларусі, 1850.94kb.
§ 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі
Чалавек вылучыўся з жывёльнага свету прыблізна два мільёны гадоў таму назад. Гэта адбылося ў Афрыцы. Прыкладна мільён гадоў назад людзі засялілі Міжземнамор’е, а затым Каўказ і поўдзень Украіны. Чалавек з’явіўся на планеце Зямля ў перыяд старажытна-каменнага веку, які ў археалогіі называецца палеалітам. У ніжнім і сярэднім палеаліце жылі людзі, якіх вучоныя назвалі піцекантрапамі і неандэртальцамі, а ў верхнім палеаліце (прыкладна 40 тыс. гг. назад) сфарміраваўся чалавек сучаснага фізічнага тыпу, якога называюць краманьёнцам.
Калі на Зямлі з’явіліся першыя людзі, на тэрыторыі сучаснай Беларусі чалавек яшчэ доўгі час не пражываў. Першае пранікненне людзей на гэтую тэрыторыю адбылося толькі ў верхнім палеаліце, прыкладна 40 тыс. гадоў таму назад. Пачаўся даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі. Яго храналагічныя рамкі: 40 тыс. гг. да н.э. – 3 – 2 тыс. гг. да н.э.
З верхнім палеалітам звязана ледніковая эпоха (16 – 8 тыс. гг. да н.э.), калі адбылося некалькі абледзяненняў тэрыторыі сучаснай Беларусі. Магчыма, у час, які папярэднічаў ледніку, магчыма, у межледніковую эпоху, калі адбываліся кароткія пацяпленні, на гэтай тэрыторыі пасяліліся і жылі першыя людзі.
Вядомы дзве самыя старажытныя верхнепалеалітычныя стаянкі чалавека на тэрыторыі Беларусі. Адна з іх – на Прыпяці, каля в. Юравічы, недалёка ад Мазыра, другая – на Сожы, ля в. Бердыж, недалёка ад Чачэрска. На гэтых стаянках пражывала прыблізна 50 чалавек.
Існавала раннеродавая абшчына. Некалькі абшчын аб’ядноўваліся ў род, спачатку мацярынскі. Род быў уласнікам пэўнай тэрыторыі, вёў калектыўную гаспадарку, меў агульную маёмасць. У вельмі цяжкіх умовах жыцця чалавек вымушаны быў навучыцца здабываць агонь, будаваць прымітыўнае жыллё, удасканальваць спосабы палявання на буйных жывёл.
Па меры таяння і адступлення ледніка ў сярэднім каменным веку, мезаліце (8 – 5 тыс. гг. да н.э.) адбылося поўнае засяленне чалавекам тэрыторыі Беларусі. Засяленне ажыццяўлялася з розных месц і накірункаў рознымі групамі насельніцтва. У далінах буйных рэк з’явілася першая сталае (аўтахтоннае) насельніцтва. На Беларусі вядома 120 мезалітычных стаянак людзей, агульная колькасць насельніцтва складала прыкладна 4,5 – 6 тыс. чалавек.
Для жыцця і побыту людзей была характэрна радавая арганізацыя. Радавыя абшчыны аб’ядноўваліся ў плямёны. Асноўныя прылады працы вырабляліся з крэмню (крэмніевыя пласціны, сякеры, цяслы, разцы, скрабкі, скоблі), дрэва або касці. Быў вынайдзены лук, які змяніў характар палявання. Памочнікам чалавека на паляванні стаў сабака. Значнае месца займала рыбалоўства.
Каменны век завяршыўся эпохай новага каменнага веку – неаліту (4 – 3 тыс. гг. да н.э.). На тэрыторыі сучаснай Беларусі выяўлена больш за 500 паселішчаў эпохі неаліту, агульная колькасць насельніцтва складала 27 – 36 тыс. чалавек. Вытворчая гаспадарка яшчэ адсутнічала. Насельніцтва па ранейшаму займалася збіральніцтвам, паляваннем і рыбнай лоўляй. Акрамя лука на паляванні сталі прымяняць лоўчыя ямы і пасткі. Вынаходніцтва сетак зрабіла рыбалоўства больш надзейнай крыніцай забеспячэння людзей харчаваннем. З’явіліся гліняны посуд, прадзенне і ткацтва. Удасканальваліся прылады працы: сякера, цясла, долата.
Прыкладна ў ІІІ тысячагоддзі да н.э. у Падзвінні і Падняпроўі з’явілася фіна-угорскае насельніцтва, а на крайнім паўднёвым захадзе Папрыпяцця – невялікія групы індаеўрапейскага насельніцтва. Пачаўся паступовы пераход да вытворчай гаспадаркі – земляробства і жывёлагадоўлі. Гэты вялікі ў гісторыі чалавецтва гаспадарчы пераварот атрымаў назву неалітычнай рэвалюцыі, або першай цывілізацыйнай рэвалюцыі1.
Вызначыць этнічную прыналежнасць старажытнага насельніцтва Беларусі ў палеаліце, мезаліце і на працягу большай часткі неаліту няма магчымасці. Мовы гэтага насельніцтва невядомы. Сляды іх не знойдзены. Узнікае пытанне: “Што такое этнас, якія яго прыкметы?”.
Этнас (ад грэч. ethnos – племя, народ) – устойлівая супольнасць людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі, мае агульную мову, культуру, побыт, псіхалагічныя рысы і самасвядомасць. Асноўныя гістарычныя формы этнасу – род, племя, народнасць, нацыя. Паняцце “этнас” блізкае да паняцця “народ” у этнаграфічным сэнсе. Галоўнымі прыкметамі этнасу з’яўляюцца этнічная тэрыторыя, мова, культура, побыт, псіхалагічны склад, самасвядомасць і інш. На паняцці “этнас” грунтуецца значная частка навуковай тэрміналогіі – этнагенез (паходжанне этнасаў), этнонім (назва этнасу) і інш. Навука, якая вывучае бытавыя і культурныя асаблівасці этнасаў, праблемы іх паходжання (этнагенезу), рассялення (этнагеаграфіі) і культурна-гістарычнага ўзаемадзеяння, называецца этнаграфіяй (этналогіяй, народазнаўствам).
§ 2. Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі, яго балцкі і славянскі этапы
Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў бронзавым веку з часу рассялення на яе тэрыторыі індаеўрапейскіх плямён. Яго храналагічныя рамкі: 3 – 2 тыс. гг. да н.э. – да нашага часу.
Прыкладна 3 – 2 тыс. гг. да н.э. адбыўся дэмаграфічны выбух, пачалося “вялікае перасяленне народаў”. На прасторах Еўропы – ад Рэйна на захадзе да Волгі на ўсходзе, ад Прычарнамор’я на поўдні да Скандынавіі на поўначы – рассяліліся плямёны індаеўрапейскай моўнай групы. Узнікае пытанне: “Дзе знаходзілася прарадзіма індаеўрапейцаў, калі, у выніку якіх прычын пачалася іх міграцыя на прасторы Еўропы і Азіі?”.
Інснуе некалькі канцэпцый прарадзімы індаеўрапейцаў. Адна з іх – канцэпцыя еўрапейскай лакалізацыі. Згодна з ёю, прарадзімай індаеўрапейцаў з’яўлялася тэрыторыя Паўночнай Германіі і Паўднёвай Скандынавіі. Гэта канцэпцыя сфарміравана нямецкімі вучонымі пад уздзеяннем іх пангерманскіх настрояў. У больш позні час яна атрымала расісцкую афарбоўку і была ўзята на ўзбраенне кіраўнікамі фашысцкай Германіі. Адзінымі сапраўднымі патомкамі індаеўрапейцаў, без аніякіх прымесяў, “чыстымі” арыйцамі (арыямі называла сябе ў старажытнасці адна з усходніх індаеўрапейскіх груповак, якая жыла на тэрыторыі сучаснай Індыі) былі аб’яўлены германскія народы. Аднак вучонымі-археолагамі даказана, што ў Еўропе насельніцтва мігрыравала з поўдня на поўнач, а не наадварот, як бяздоказна сцвярджаюць вучоныя пангерманскага накірунку. Акрамя таго, у Паўночнай Еўропе жывёлагадоўля распаўсюдзілася пазней, чым, напрыклад, на Балканах.
Пагэтаму ўзнікла ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. так званая балканская канцэпцыя прарадзімы індаеўрапейцаў. Яна ў многім давала адказы на тыя пытанні, на якія не адказвала канцэпцыя паўночнаеўрапейскай лакалізацыі індаеўрапейцаў (шляхі міграцыі насельніцтва і распаўсюджвання жывёлагадоўлі ў Еўропе). Але Балканы не з’яўляліся прарадзімай індаеўрапейцаў, а былі толькі адным з накірункаў іх міграцыі на прасторах Еўропы. Але аб гэтым будзе напісана ніжэй.
У якасці прарадзімы індаеўрапейцаў некаторымі даследчыкамі разглядаюцца таксама паўднёвыя стэпы Усходняй Еўропы і значныя раёны Сібіры. Але гэта супярэчыць прынятым у навуцы ўяўленням аб тым, што пачатковая вобласць прарадзімы этнасаў не павінна быць вялікай.
Найбольш навукова абгрунтаванай з’яўляецца канцэпцыя пярэднеазіяцкай прарадзімы індаеўрапейцаў. У адпаведнасці з ёй праіндаеўрапейцы да міграцыі жылі ў Пярэдняй Азіі, там, дзе цяпер знаходзяцца Іран, Ірак, Афганістан. Даныя археалогіі, этнаграфіі, тапанімікі і іншых навук сведчаць аб тым, што праіндаеўрапейцы жылі на поўдні сярод гор. Яны ведалі горныя леднікі, хуткія горныя рэчкі і горную расліннасць. Іх суседзямі былі семіцкія плямёны і картвельскія народы (продкі грузін). Сярод вядомых ім звяроў былі леў і слон.
У 4 – 3 тысячагоддзі да н.э. пачалася міграцыя праіндаеўрапейцаў са сваёй прарадзімы. Гэта было абумоўлена бурным развіццём земляробства і жывёлагадоўлі, павелічэннем працягласці жыцця, шчыльнасці і колькасці насельніцтва, перанаселенасцю праіндаеўрапейскімі плямёнамі іх прарадзімы і неабходнасцю асваення новых тэрыторый. Міграцыя індаеўрапейцаў адбывалася на працягу тысячагоддзяў.
Рухаючыся на захад, праіндаеўрапейцы прайшлі Малую Азію, выйшлі да Эгейскага мора, засялілі Балканы, якія з’явіліся адным з накірункаў іх міграцыі. Частка праіндаеўрапейцаў абагнула Чорнае мора, прайшла праз тэрыторыю сучасных Балгарыі, Румыніі і Малдавіі, пасялілася на Правабярэжнай Украіне. Пазней праіндаеўрапейцы праніклі на Каўказ.
Частка праіндаеўрапейцаў рухалася на ўсход на тэрыторыю сучасных Кітая і Індыі. Асобная іх група павярнула на поўнач, у Сярэднюю Азію, прайшла паміж Каспійскім і Аральскім морамі, апынулася ў прыволжскіх стэпах і працягвала рух на захад, у Паўночнае Прычарнамор’е. Гэты магутны міграцыйны паток стаў крыніцай рассялення праіндаеўрапейцаў у Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі.
Пры сустрэчы з мясцовым насельніцтвам індаеўрапейцы, якія знаходзіліся на больш высокай ступені сацыяльна-эканамічнага развіцця (прынеслі з сабой земляробства і жывёлагадоўлю, кола і калёсны транспарт, пахаванне ў курганах, патрыярхат і інш.), перамагалі яго і асімілявалі. Выключэннем было насельніцтва Індыі і Кітая, якое асімілявала індаеўрапейцаў, за выключэннем невялікай групы арыяў на тэрыторыі Індыі.
З Паўднёва-Усходняй Еўропы і Паўночнага Прычарнамор’я індаеўрапейцы працягвалі міграцыю ў двух накірунках: першы – на захад і паўночны захад, у Заходнюю Еўропу, другі – на поўнач, у Сярэднюю і Паўночную Еўропу. На вялікай тэрыторыі, якая ахоплівала басейны Віслы, Нёмана, Заходняй Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, у выніку асіміляцыі мясцовага неалітычнага насельніцтва індаеўрапейцамі сфарміраваўся новы этнас – балты (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы і інш.). Пачаўся балцкі этап індаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі, які храналагічна супадае з эпохай металу (3 – 2 тыс. гадоў да н.э. – ІV – V стст. н.э.). Балты жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі да прыходу сюды славян.
З рассяленнем індаеўрапейцаў змяніўся не толькі этнічны склад насельніцтва Беларусі, але змянілася і эпоха. Каменны век уступіў месца бронзаваму веку (3 – 2 тыс. гг. да н.э. – 1 тыс. гг. да н.э.). Старажытная эканоміка, заснаваная на паляванні, збіральніцтве і рыбнай лоўлі, паступова замянялася земляробствам і жывёлагадоўляй. Індаеўрапейцы пакланяліся агню і сонцу, прычым агонь атаясамліваўся з ачышчальнай сілай, з ім асацыіраваўся чырвоны колер. Асноўным тыпам пасяленняў былі ўмацаваныя гарадзішчы, якіх на тэрыторыі Беларусі налічвалася каля 1 тыс. Агульная колькасць насельніцтва ў бронзавым веку магла быць ад 50 да 75 тыс. чалавек.
Бронзавы век уступіў месца жалезнаму веку (1 тыс. гг. да н.э. –
ІV – V стст. н.э.). Мясцовыя плямёны асвоілі жалезаапрацоўку, вырабы з жалеза былі дастаткова разнастайнымі: сякеры, нажы, сярпы, зброя, упрыгажэнні і г. д.
Новы, славянскі этап этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў раннім сярэднявеччы. Яго храналагічныя рамкі: ІV – V стст. н.э. – да нашага часу.
Калі і адкуль з’явіліся славяне на беларускай зямлі? Дзе іх прарадзіма? Як адбываліся працэсы славянскай міграцыі?
Ёсць некалькі канцэпцый прарадзімы славян. Адны даследчыкі сцвярджалі аб лакалізацыі славян у Прыпяцка-Сярэднедняпроўскім рэгіёне (дзе сёння Беларусь і Украіна), другія вучоныя змяшчалі іх прарадзіму ў Вісла-Одэрскім міжрэччы (дзе сёння Польшча), трэція – на шырокіх прасторах ад Одэра да Дняпра (дзе сёння Беларусь, Польшча і Украіна). Вучоныя пангерманскага накірунку з’яўляюцца аўтарамі так званай канцэпцыі “усходняй лакалізацыі славян”, згодна з якой славяне прыйшлі на нашу тэрыторыю з Азіі і паўднёвых стэпаў Усходняй Еўропы, а таму яны – азіяты, дзікія людзі.
Найбольш навукова абгрунтаванай і распаўсюджанай з’яўляецца канцэпцыя цэнтральнаеўрапейскай лакалізацыі славян, паводле якой прарадзімай славян трэба лічыць тэрыторыю паміж Эльбай, Віслай і Нёманам, дзе сёння знаходзяцца Германія, Чэхія, Славакія, Польшча, самыя заходнія раёны Беларусі. У выніку асіміляцыі мясцовага насельніцтва прышлымі індаеўрапейцамі ў ІІІ тысячагоддзі да н.э. на гэтай тэрыторыі ўтварылася яшчэ адна галіна індаеўрапейскай мазаікі народаў – славянская (усяго ж налічваецца больш за 40 індаеўрапейскіх народаў).
Да першых стагоддзяў нашай эры славяне ўяўлялі сабой адзінае цэлае. Гісторыкі і пісьменнікі VІ ст. ведалі славянскі свет ужо падзеленым на тры часткі – венедаў, склавін і антаў. Готскі гісторык Іордан пісаў: “Яны (венеды)… паходзяць ад аднаго племені, маюць цяпер тры імёны, г. зн. венеды, анты і склавіны”. “І некалі нават імя ў славян і антаў было адно і тое ж”, – падкрэсліваў візантыйскі гісторык Пракопій Кесарыйскі. Першапачаткова склавіны жылі на захад ад Днястра і ў Прыкарпацці (заходнія славяне), анты – паміж Днястром і Дняпром, а таксама на поўнач ад Азоўскага мора (усходнія славяне), венеды, па Іардану, знаходзіліся на паўночны ўсход ад Карпат, у вярхоўі Віслы (паўднёвыя славяне).
У ІV – VІІ стст. адбылося другое “вялікае перасяленне народаў”. Аднак яго храналагічныя рамкі можна было б пашырыць у абодва бакі. Маштабныя перамяшчэнні плямён (пераважна з усходу) пачаліся яшчэ да н.э. Гэта – рух скіфаў і сарматаў з за Дона (з тэрыторыі сучасных Казахстана і Сярэдняй Азіі) у Паўночнае Прычарнамор’е, заняцце імі вялікіх прастораў ад Алтая да Дуная. Перамяшчэнні працягваліся пазней. Гэта – міграцыя ў ІІ – пачатку ІІІ ст. готаў, аднаго з усходнегерманскіх плямён, з тэрыторыі сучаснай Польшчы (на ўзбярэжжы Балтыйскага мора) праз балоты сучаснай Беларусі на поўдзень сучаснай Украіны (ад Балтыкі да Чорнага мора). Гэта – перамяшчэнне гунаў з тэрыторыі Манголіі праз сучасны Казахстан і Сярэднюю Азію і выхад да ІІ ст. н.э. да Волгі, паражэнне, нанесенае імі аланам і готам, далейшы рух у Еўропу, заснаванне на тэрыторыі сучаснай Венгрыі Гунскай дзяржавы ў ІV – V стст., яе паражэнне ў час паходу супраць Рымскай імперыі, вяртанне гунаў у прычарнаморскія стэпы. Гэта – перамяшчэнні германскіх плямён на поўдзень і захад, а ўслед за імі славян ад Эльбы на захадзе і па Усходне-Еўрапейскай раўніне на ўсходзе.
Галоўнымі прычынамі міграцыі славян са сваёй прарадзімы былі наступныя: 1) дэмаграфічная перанаселенасць і вялікая шчыльнасць насельніцтва прывялі славян у рух для пошукаў новых зямель; 2) пагалоўнае ўзбраенне мужчын, іх рэгулярныя грабежніцкія паходы, якія з’яўляліся адным з найбольш лёгкіх, эфектыўных і распаўсюджаных спосабаў узбагачэння: Рымская імперыя – багатая і казачная краіна для грабяжоў; 3) прывабнасць новых зямель для земляробства, якое ў славян дасягнула дастаткова высокага ўзроўню; 4) ціск на славян з боку іншых народаў (германцаў, кельтаў, авараў і інш.).
Са сваёй прарадзімы частка славян пачала масавы рух на поўдзень і ў VІІ – VІІІ стст. засяліла Балканы, землі сучаснай Югаславіі, Балгарыі, часткова Грэцыі. Некаторыя групы славян дайшлі да Малой Азіі, Іспаніі, Сіцыліі, Паўночнай Афрыкі. У працэсе асіміляцыі смуглатварага фракійскага насельніцтва ўтварылася галіна славян, якіх называюць паўднёвымі славянамі (былыя венеды). Сёння гэта – балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы і інш.
Другая частка славян са сваёй прарадзімы рухалася на ўсход, дайшла да Дняпра і ў VІ – VІІ стст. на тэрыторыі сучаснай украінскай Валыні і Паўднёвай Беларусі (на поўдзень ад Прыпяці) сфарміравалася новая галіна славян – усходнія славяне (былыя анты). У VІ – VІІІ стст. усходнія славяне праніклі на паўднёварускія стэпы, каланізавалі міжрэчча Волгі і Акі, выйшлі да Дона, Ладажскага возера, Невы і Нарвы. Яны асімілявалі мясцовае балцкае, фіна-угорскае і цюркскае насельніцтва. Усходнія славяне сёння – гэта беларусы, рускія і ўкраінцы.
Што датычыць заходніх славян (сёння гэта – палякі, чэхі, славакі і сербы-лужычане), то яны засталіся на сваёй прарадзіме, нікуды не мігрыравалі і ні з кім не змешваліся. Гэта – былыя склавіны.
Паводле даных заходнееўрапейскіх, арабскіх і візантыйскіх крыніц, славяне адрозніваліся высокім ростам, моцным складам цела, вялікай вынослівасцю, цёмна-русым (рыжаватым) колерам валасоў. Прастадушныя, прыветлівыя і гасцінныя ў дамашняй абстаноўцы, славяне на вайне непрымірымыя і бязлітасныя да ворага: воінаў і жыхароў-мужчын забівалі зброяй (коп’ямі, мячамі і інш.), секлі голавы, садзілі на кол, распіналі на крыжы, білі батогамі па галаве, “иных, запёрши вместе с быками и овцами, … безжалостно сжигали”.
У VІ – VІІ стст. славяне пачынаюць пранікаць у балцкі арэал. У VІІІ – ІХ стст. пачынаецца масавае рассяленне славян на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Спачатку славяне рассяліліся на правым беразе Дняпра і на Бярэзіне, затым праніклі ў Падзвінне і Падняпроўе, а ў Х ст. рассяліліся ў Верхнім Панямонні. Большая частка балцкага насельніцтва была асімілявана, другая – знішчана ці выціснута на паўночны захад, у Прыбалтыку, дзе прыняла ўдзел у фарміраванні этнічных латышоў і літоўцаў. Трэцяя частка балцкага насельніцтва працягвала жыць на сваіх былых месцах, іх асіміляцыя славянамі працягвалася да ХІІ – ХІІІ стст. і нават пазней.
У выніку славяна-балцкага ўзаемадзеяння ўзніклі новыя этнічныя супольнасці, якія ўпамінаюцца ў сярэдневяковых крыніцах. Да ліку такіх супольнасцей на тэрыторыі сучаснай Беларусі адносіліся крывічы, дрыгавічы, радзімічы. У іх асяроддзі не было сацыяльнай роўнасці, з’явілася палітычнае кіраванне і свае князі. Крывічы, дрыгавічы і радзімічы ўяўлялі сабой не плямёны ці саюзы плямён, як сцвярджалася ў літаратуры раней, а протанароднасці (народнасці, якія пачыналі фарміравацца). Іх дзяржаўныя ўтварэнні называюць протадзяржавамі (дзяржавы, якія пачыналі стварацца).
Вялікая патрыярхальная радавая абшчына, якая стваралася па роднаснаму прынцыпу, саступае месца суседскай (тэрытарыяльнай) абшчыне, што складалася з асобных малых сем’яў усяго паселішча, гарадзішча (цяпер, сказалі б, вёскі). Апошняя станавілася асноўнай сацыяльнай арганізацыяй усходніх славян і пазней стала называцца сялянскай абшчынай. Крывічы, дрыгавічы, радзімічы – не непасрэдныя продкі беларусаў, а этнічныя супольнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў ІХ – першай палове ХІІ ст.