Раздзел I.  Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей

Вид материалаДокументы

Содержание


ГЛАВА 3.  ЗНЕШНЯЯ ПАЛІТЫКА.ВОЙНЫ ДРУГОЙ ПАЛОВЫ ХVІ – ХVШ стст.
Подобный материал:
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   50

ГЛАВА 3.  ЗНЕШНЯЯ ПАЛІТЫКА.
ВОЙНЫ ДРУГОЙ ПАЛОВЫ ХVІ – ХVШ стст.


Першай вайной Рэчы Паспалітай, атрыманай ёй у спадчыну ад ВКЛ, была Лівонская. У падзеле Лівонскай спадчыны пачалі праяўляць зацікаўленасць яе суседзі: Швецыя, Польшча, ВКЛ, Данія і Расія. Згодна з пагадненнем паміж Расіяй і Лівонскім ордэнам (1554), апошні абавязваўся не заключаць дагавораў з ВКЛ. Пазней Лівонскі ордэн парушыў гэта абяцанне і заключыў абаронча-наступальны саюз з ВКЛ супраць Масквы. Гэта стала повадам для ўрада Івана Грознага пачаць у 1558 г. ваенныя дзеянні супраць Лівоніі. У 1559 г. Віленскі сейм прыняў уладанні Лівонскага ордэна пад пратэктарат. Аднак пасля таго як у лівонскую праблему ўмяшаліся Данія і Швецыя, 28 лістапада 1561 г. у Вільні было падпісана пагадненне, згодна з якім землі Лівонскага ордэна пераходзілі ў сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ. ВКЛ у Лівонскай вайне мела на ўвазе дзве мэты: 1) далучыць да сваіх уладанняў тэрыторыю Лівонскага ордэна; 2) не дапусціць Расію да Балтыйскага мора, г.зн. на заходнееўрапейскі рынак. У 1562 г. Расія перанесла ваенныя дзеянні на тэрытррыю Беларусі і ў 1563 г. захапіла Полацк, які адкрываў рускай арміі шлях на Вільню і Рыгу. Абраны каралём Стэфан Баторый (1576 – 1586) пачаў з наёмным войскам контрнаступленне супраць Расійскай арміі ў Лівоніі і на Беларусі. У 1579 г. быў адваяваны Полацк, пазней вызвалена Лівонія, а ваенныя дзеянні перанесены на рускую тэрыторыю. Знясіленыя 25 гадовай барацьбой дзяржавы вымушаны былі пачаць мірныя перагаворы. У 1582 г. было падпісана Ям 3апольскае перамір’е, згодна з якім Рэчы Паспалітай вярталіся ўсе землі, страчаныя падчас вайны, а таксама тэрыторыі ў раёне г. Веліжа, дзе адраджалаея мяжа, што існавала да 1514 г. Да Рэчы Паспалітай таксама адыходзіла большая частка Лівоніі.

У выніку Лівонскай вайны аказалася спустошанай і зруйнаванай паўночна-ўсходняя частка Беларусі, загінула шмат насельніцтва, знішчаны культурныя каштоўнасці.

На мяжы XVІ – ХVІІ стст. да актыўнан рускай палітыкі польскіх і літоўскіх феадалаў падштурхнула “смута” ў Расіі – барацьба працоўных мас супраць феадалаў. Таксама спрыяльныя ўмовы для правядзення актыўнай рускай палітыкі склаліся і ў тым, што 15 мая 1591 г. памёр брат цара – васьмігадовы царэвіч Дзмітрый – фактычны спадчыннік рускага прастола. У 1600 г. пачалі распаўсюджвацца чуткі, быццам царэвіч Дзмітрый выратаваўся. У ролі самазванца выступіў Грыгорый Атрэп’еў, беглы манах, які перабраўся пасля блуканняў па Расіі ў Рэч Паспалітую.

Арганізатарам пахода Лжэдзмітрыя ў Расію стаў другарадны чыноўнік Рэчы Паспалітай сенатар Юрый Мнішак. Абяцанне Лжэдзмітрыя перадаць частку рускіх зямель каралю Жыгімонту Вазе (1587 – 1632) і Мнішаку прымусіла караля, магнатаў і касцёл фінансаваць паход. Войска самазванца несла паражэнні, але Лжэдзмітрый заўсёды знаходзіў падтрымку насельніцтва, якое верыла ў “сапраўднасць” цара. 20 чэрвеня 1605 г. самазванец уступіў у Маскву і ў ліпені 1605 г. вянчаўся на царства. Праз год падман пачаў выкрывацца і масквічы зверглі Лжэдзмітрыя з прастолу.

Праз некаторы час з’віўся новы Лжэдзмітрый, які нібыта ў другі раз цудам выратаваўся ад смерці. Гэта быў паплечнік першага самазванца – дваранін Міхаіл Малчанаў. На дапамогу яму прыйшлі атрады польскіх магнатаў Лісоўскага і Ражынскага, а таксама Льва Сапегі. Але ж і ён пацярпеў паражэнне.

У 1609 г. польскі кароль Жыгімонт Ваза распачаў адкрытую інтэрвенцыю супраць Расіі. Рускае войска пацярпела паражэнне і рускім царом у жніўні 1610 г. быў абраны польскі каралевіч Уладзіслаў, сын Жыгімонта Вазы. Сам кароль узначаліў армію і, размясціўшыся на Дняпры, узяў Смаленск у аблогу. 3 чэрвеня 1611 г., калі ў Смаленску засталося 200 абаронцаў, горад капітуліраваў. Жыгімонт III абвясціў сябе рускім царом.

У 1611 г. у Ніжнім Ноўгарадзе было створана народнае апалчэнне супраць інтэрвентаў на чале з Кузьмой Мініным і князем Дзмітрыем Пажарскім. У кастрычніку 1612 г. апалчэнцы вызвалілі Маскву. У 1613 г. на расійскі прастол быў абраны Міхаіл Раманаў, які быў сваяком Івана Грознага па жаночай лініі.

У снежні 1618 г. было заключана перамір’е на 14,5 гадоў у в. Дэуліна, паводле якога да Рэчы Паспалітай адышлі Ноўгарад-Северская, Чарнігаўская і Смаленская землі.

У 1632 – 1634 гг. Расія зрабіла спробу вярнуць сабе Смаленск. Гэта вайна ўвайшла ў гісторыю пад назвай Смаленскай. Яна была паспяховай для Рэчы Паспалітай і закончылася Паляноўскім мірным дагаворам, падпісаным у в. Семлеве на р. Паляноўцы. Рэч Паспалітая захавала за сабой усе землі, атрыманыя па Дэулінскаму дагавору, акрамя г. Сярпейска з невялікім пагранічным раёнам Севершчыны, якія адышлі да Расіі. Акрамя таго Уладзіслаў канчаткова адмаўляўся ад тытула маскоўскага цара.

Вясной 1654 г. пачалася чарговая вайна Рэчы Паспалітай з Рускай дзяржавай. Амаль адразу былі заняты 33 гарады. Шэраг з іх здаваліся без бою, бо сярод праваслаўнага насельніцтва ВКЛ былі моцныя прарасійскія настроі, а сярод мясцовай шляхты і духавенства вялася прапаганда, што за імі будуць захаваны іх правы і прывілеі, а тым, хто пяройдзе на царскую службу, гарантаваліся новыя ўладанні. Летам 1655 г. амаль уся Беларусь была занята рускімі войскамі. 31 ліпеня была захоплена Вільня.

Цяжкае становішча для Рэчы Паспалітай вырашыла выкарыстаць Швецыя. Летам 1655 г. шведскія войскі напалі на Польшчу і даволі хутка занялі большую частку Польшчы і Жамойць. У жніўні 1655 г. частка магнатаў ВКЛ на чале з канцлерам Янушам Радзівілам падпісалі ў Кейданах унію са Швецыяй, якая разрывала унію з Польшчай. У гэты час рускі цар Аляксей Міхайлавіч заключыў з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е (24 кастрычніка 1656 г.), у адпаведнасці з якім Польшча і Расія спынялі ваенныя дзеянні паміж сабою і аб’ядноўваліся для барацбы са шведамі. У маі 1657 г. супраць Швецыі выступілі Аўстрыя і Расія, у чэрвені – Данія. Шведы паступова выціскаліся з захопленых зямель.

Віленскае перамір’е прыпыніла рух расійскіх войск на яшчэ не занятыя тэрыторыі Беларусі. Разам з гэтым на акупіраваных землях расла незадаволенасць царскай адміністрацыяй. Узмацніліся антымаскоўскія тэндэнцыі і сярод дзеючых у Беларусі казакоў. На гэта паўплывала смерць Б.Хмяльніцкага ў 1657 г., на замену якому прыйшлі гетманы, што прытрымліваліся прапольскай палітыкі.

У 1658 г. баявыя дзеянні паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй узнавіліся. Адначасова працягваліся ваенныя дзеянні супраць Швецыі. У 1660 г. паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй быў падпісаны Оліўскі мірны дагавор. Амаль уся Лівонія адыходзіла да Швецыі. Толькі невялікая яе частка – Латгалія – засталася за Рэччу Паспалітай.

Пасля гэтага ўсё польскае войска было накіравана на Беларусь, дзе яно атрымала шэраг перамог. Ужо ў 1661 г. рускія войскі пакідаюць Мінск, Барысаў, Магілёў.

У далейшым вайна вялася з пераменным поспехам і пасля працяглых перамоў скончылася падпісаннем у 1667 г. Андрусаўскага перамір’я тэрмінам на 13,5 гадоў. У адпаведнасці з яго ўмовамі да Расіі адыходзілі Смаленскае ваяводства з усімі паветамі і гарадамі, Старадубскі павет, Чарнігаўскае ваяводства і Левабярэжная Украіна. Кіеў з акругай у адну мілю быў перададзены Расіі на два гады. У 1686 г. у Маскве быў падпісаны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай “вечны мір”, у адпаведнасці з якім Польшча канчаткова адмовілася ад Кіева, атрымаўшы грашовую кампенсацыю.

Не абмінула Беларусь і Паўночная вайна (1700–1721). Данія, Расія, Саксонія і Рэч Паспалітая (саксонскі курфюрст Аўгуст II быў адначасова і каралём Рэчы Паспалітай – з 1697 г.) заключылі саюз супраць Швецыі. Кожная з саюзных дзяржаў мела свой уласны тэрытарыяльны інтарэс. Аўгуст II быў зацікаўлены ў тым, каб далучыць да Саксоніі ці да Рэчы Паспалітай тэрыторыю Ліфляндыі і Эстляндыі, стаць цвёрдай нагой на берагах Фінскага заліва.

Ваенныя дзеянні распачаў Аўгуст II. Праз некаторы час Данія пацярпела паражэнне ад Карла XII у Гальштыніі і выйшла з вайны. Засталіся Аўгуст II і Пётр I. У 1702 г. Карл ХІІ перанёс асноўныя баявыя дзеянні на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, спадзеючыся бліскучай перамогай хутка скончыць усю вайну. Удала выкарыстаўшы сепаратысцкія настроі шляхты на чале з вялікім гетманам літоўскім Казімірам Янам Сапегам, усяго за некалькі месяцаў Карл ХІІ здолеў захапіць Вільню, Гродна і Варшаву. У 1704 г. шведы дамагліся ад Варшаўскай канфедэрацыі абрання новага караля, якім стаў познанскі ваявода Станіслаў Ляшчынскі. У сваю чаргу Аўгуст ІІ звярнуўся за дапамогай да Расіі і восенню 1704 г. у ВКЛ увайшла буйная армія Пятра І, да якой далучыліся атрады Радзівілаў, Агінскіх і Вішнявецкіх, што надало баявым дзеянням характар грамадзянскай вайны.

На працягу 1705 – 1706 гг. шведская армія заваявала большую частку Цэнтральнай і Заходняй Беларусі. У 1707 – 1708 гг. баявыя дзеянні перанесліся на ўсходнебеларускія землі . Расійскія войскі вымушаны былі паступова адыходзіць на поўдзень. Менавіта на ўсходзе Беларусі адбылося і першае значнае паражэнне шведскай арміі – 28 верасня (9 кастрычніка) 1708 г. пад в. Лясная (Слаўгарадскі раён) быў разбіты 16 тысячны корпус генерала А. Левенгаўпта і захоплены вялікі абоз. Гэта перамога шмат у чым паспрыяла разгрому войска Карла ХІІ 27 чэрвеня (8 ліпеня) 1709 г. у час славутай Палтаўскай бітвы.

У далейшым Рэч Паспалітая практычна не прымала ўдзелу ў ходзе Паўночнай вайны, якая і так паглыбіла яе гаспадарчы заняпад. На Беларусі за яе гады на трэць скарацілася колькасць насельніцтва.

Такім чынам, амаль бесперапынныя войны, якія вяла Рэч Паспалітая ў другой палове ХVІ – XVIII ст. прывялі да страты ёю ранейшага становішча на міжнароднай арэне. Яны спрычыніліся і да эканамічнага крызісу дзяржавы, а таксама прывялі да велізарных дэмаграфічных страт.