Раздзел I.  Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей

Вид материалаДокументы

Содержание


ГЛАВА 4.  ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАСЦІ. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХІІІ – ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХVІ стст.
§ 2. Культура Беларусі ў другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ стст.
Развіццё старабеларускай мовы, літаратуры, летапісання.
Пачатак Адраджэння на Беларусі. Узнікненне кнігадрукавання. Ф. Скарына і М. Гусоўскі.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва.
Раздзел iii.  беларусь у складзе рэчы паспалітай. культура беларусі (1569 – 1795)
Подобный материал:
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   50

ГЛАВА 4.  ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАСЦІ. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХІІІ – ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХVІ стст.

§ 1. Фарміраванне беларускай народнасці


Народнасць – форма моўнай, тэрытарыяльнай, эканамічнай і культурнай супольнасці людзей, якая ўтвараецца гістарычна ў выніку кансалідацыі, зліцця плямён і папярэднічае ўтварэнню нацыі. Яна ўласціва рабаўладальніцкаму і феадальнаму ладу. Асноўнымі прыкметамі народнасці з’яўляюцца: адносная агульнасць мовы, агульнасць тэрыторыі, культуры, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Працэс фарміравання беларускай народнасці заняў дастаткова працяглы перыяд і адбываўся пад уздзеяннем геаграфічна-кліматычных, сацыяльна-эканамічных, палітычных, царкоўна-рэлігійных фактараў, а таксама агульнаеўрапейскіх этнічных тэндэнцый.

Вядома, што на мяжы ІІІ – ІІ тыс. да н.э. сучасную тэрыторыю беларусі засялялі плямёны фіна-уграў, якіх з пачаткам веку металаў змянілі балты. У час “Вялікага перасялення народаў” сюды з поўдня і захаду прыйшлі славяне, якія на працягу V – VІІІ стст. здолелі асіміляваць мясцовае балцкае насельніцтва і ўтварыць новыя раннефеадальныя этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. У далейшым у перыяд існавання старажытнабеларускіх княстваў адбывалася актыўнае ўзаемадзеянне гэтых супольнасцей, што было выклікана дзяржаўна-палітычнай і канфесійнай інтэграцыяй у межах Кіеўскай Русі. Менавіта ў гэты перыяд завяршылася складванне тыповых для славян рыс культуры, мовы і самасвядомасці. Разам з тым прысутнасць у рэгіёне моцных цэнтрабежных тэндэнцый абумовіла адасабленне гэтых тэрыторый. Таму з сярэдзіны ХІІІ ст. і актывізаваўся працэс складвання беларускай народнасці.

Стымулюючым фактарам паскарэння кансалідацыі беларускага этнасу было ўтварэнне ВКЛ, у межах якога былі створаны неабходныя палітычныя ўмовы ўтварэння беларускай народнасці. У межах ВКЛ была створана адзіная сістэма дзяржаўнага кіравання, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складванні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі ў краіне, узмацненні палітычных сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі.

Аднак палітычнае аб’яднанне не знішчыла цалкам лакальнай аўтаномнасці асобных зямель. Наяўнасць жа ў грамадска-палітычным жыцці ВКЛ як аб’яднальных, так і сепаратысцкіх тэндэнцый ускладняла працэс фарміравання беларускай народнасці.

Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў стала далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, удасканаленне рамяства. Узрастала роля буйных гарадоў Беларусі як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязей беларускіх зямель. Паступова ў ВКЛ усталявалася адзіная грашовая сістэма, ішоў працэс усталявання гандлёва-вымяральных стандартаў. Развіццё таварна-грашовых адносін і ўнутраных гаспадарчых сувязей садзейнічала інтэнсіфікацыі інтэграцыйных этнічных працэсаў у межах дзяржавы. Аднак працэсы гэтыя на ўзроўні дзяржавы стрымліваліся існаваннем склаўшыхся рэгіянальных, лакальных рынкаў.

Што датычыць сацыяльных фактараў, то далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае ўсталяванне прыгоннага права садзейнічалі кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх. Сфарміраваліся чатыры асноўных саслоўі: шляхта, духавенства, мешчанства і сялянства. Гэты працэс садзейнічаў усталяванню больш шырокіх сувязей у межах кожнага саслоўя і паміж імі.

Пэўную этнакансалідуючую ролю адыгрываў канфесійны фактар. Канфесійныя антагантзмы актывізавалі складанне і ўмацаванне розных форм самасвядомасці насельніцтва. Прыкмета веры станавілася своеасаблівай прыкметай народа, а барацьба за веру з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць.

Сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла фарміраванню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет, як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, своеасаблівая матэрыяльная і духоўная культура, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам рассялення яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Тут адбыліся значныя змены ў мове ўсходнеславянскага насельніцтва. На працягу ХІV – ХV стст. у ёй развіваліся такія спецыфічныя рысы беларускай гаворкі, як цвёрдае “р”, “дзеканне” і “цеканне”, “аканне” і “яканне”, прыстаўныя гукі на пачатку слова. Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі. Матэрыяльная і духоўная культура беларускага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну са старажытнарускага часу. Другой яе складовай часткай былі новаўводзіны, якія закранулі сямейны і абшчынны побыт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя ў суседніх народаў.

У ХV – ХVІ стст. на тэрыторыі Беларусі з’явіўся шэраг новых тыпаў пасяленняў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка вёсак ў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі. Гэтаму спрыяла правядзенне аграрнай рэформы 1557 г., калі ў гэтых раёнах было ўведзена падворнае землекарыстанне і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзін рад. У Паўночнай і Усходняй Беларусі ўсталяваўся пераважна вяночны тып двара з размяшчэннем пабудоў па перыметры.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі склаўся цэлы комплекс сельскагаспадарчых прылад працы (літоўская саха, драўляная частаплеценая барана, матыка, серп, цэп і інш.), дапаможных гаспадарчых пабудоў, ветраных і вадзяных млыноў.

У гэты час зацвердзіліся характэрныя для нашай тэрыторыі строі народнага адзення. На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчатай ці паласатай тканіны, стракатыя безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі.

У ХV – ХVІ стст. склалася і своеасаблівая духоўная культура новага этнасу. Былі выпрацаваны асноўныя віды і жанры беларускага фальклору: чарадзейныя казкі, абрадавая паэзія, песні (хрэсьбінныя, калыханкі, хаўтурныя, песні-плачы, валачобныя, вясельныя, жніўныя, жартоўныя). Узнік і новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні. Жыццёвы і гаспадарчы вопыт народа знайшоў свай ўвасабленне ў шматлікіх прыказках, прымаўках і загадках.

Першымі тэатральнымі відовішчамі былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохоў. Паступова ў карагодзе зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнік таксама народны лялечны тэатр – батлейка. У ХVІ ст. з’явіліся і новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, дудка.

Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць. У ВКЛ жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў. Значны час насельніцтва беларускай тэрыторыі ВКЛ называла сябе рускім і сваю мову рускай. Гэта ў значнай ступені было абумоўлена тым, што насельніцтва гэтых зямель у пераважнай большасці прытрымлівалася праваслаўя, або рускай веры. У выніку склалася так, што самасвядомасць і саманазва ў беларусаў фарміравалася пазней за іншыя этнічныя прыкметы. Але трэба адзначыць, што “рускае” насельніцтва ВКЛ ужо ў той час адрознівала сябе ад жыхароў Маскоўскай дзяржавы.

Такім чынам, у ХV – ХVІ стст. завяршыўся працэс фарміравання беларускага этнасу пад уздзеяннем розных этнаўтвараючых фактараў.

§ 2. Культура Беларусі ў другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ стст.


Беларусь у складзе ВКЛ уяўляла сабой рэгіён, адкрыты для знешняга культурнага ўздзеяння. Аднак адной з асноўных крыніц фарміравання самабытнай беларускай культуры быў фальклор, які служыў сродкам захавання нацыянальных традыцый і адыграў вырашальную ролю ў станаўленні беларускай мовы. Гістарычны шлях развіцця культуры Беларусі ішоў праз засваенне і развіццё каштоўнага народнага мастацкага вопыту.

Беларуская культура мела ў асноўных рысах сярэдневяковы характар, развівалася на феадальна-прыгоннай аснове. Культурныя здабыткі з’яўляліся прывілеяй вышэйшых саслоўяў. Значны ўклад у развіццё асветы, грамадска-палітычнай думкі, літаратуры, дойлідства, жывапісу, музыкі ўнесла царква. Калі праваслаўная царква з’яўлялася носьбітам візантыйска-старажытнарускіх традыцый, то каталіцкая прыўносіла элементы польскай і пераважна заходнееўрапейскай культуры. Геапалітычнае становішча Беларусі абумовіла яе ролю культурнага пасрэдніка паміж праваслаўным Усходам і каталіцкім Захадам. Гэта вяло да ўзаемаўзбагачэння розных культур здабыткамі іншых культурных асяродкаў.

Развіццё старабеларускай мовы, літаратуры, летапісання. У другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ стст. паралельна з працэсам стварэння беларускай арыгінальнай літаратуры ішло развіццё старабеларускай літаратурнай мовы, якая замацоўвала характэрныя асаблівасці гаворкі насельніцтва Беларусі.

Пісьмовыя помнікі з беларускамоўнай асновай умоўна можна падзяліць на тры групы: юрыдычна-дзелавыя, свецка-мастацкія і канфесійныя. З часоў Старажытнай Русі на беларускіх землях захавалася сістэма пісьмовага двухмоўя, калі старажытная славянская літаратурная мова задавальняла духоўныя інтарэсы і дзелавыя патрэбы насельніцтва, а царкоўнаславянская выкарыстоўвалася ў набажэнстве і рэлігійнай літаратуры. Паступова царкоўнаславянская мова страчвала на Беларусі свае пазіцыі. З’явілася так званая беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы. Аб гэтым сведчыць мова такіх твораў канфесійнай літаратуры ХV ст. як “Жыціе Аляксея, чалавека Божага”, “Пакуты Хрыста” і інш.

Найбольш адчувальна на гаворку народа рэагавала юрыдычна-дзелавая пісьменнасць. Асноўнымі цэнтармі яе былі дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія і магістрацкія канцылярыі. Велікакняжацкая канцылярыя мела свой архіў, які называўся “Метрыкай Вялікага княства Літоўскага”. Большасць актаў і грамат ВКЛ у ХІV – ХVІ стст. былі напісаны кірыліцай на старабеларускай мове. Старабеларуская мова – афіцыйная мова дзяржаўных дакументаў і заканадаўства – канчаткова сфарміравалася ў ХVІ ст.

Прамежкавае становішча паміж юрыдычна-дзелавой пісьменнасцю і канфесійнай займала мова свецкіх мастацка-літаратурных твораў. У ХІІІ – ХVІ стст. на Беларусі па ранейшаму была шырока распаўсюджана царкоўна-рэлігійная літаратура: кнігі Бібліі, жыціі святых, апокрыфы. Творы былі перакладныя ці арыгінальныя. Сярод свецкіх літаратурных твораў асаблівай папулярнасцю карысталіся такія перакладныя рэчы, як “Александрыя”, “Троя”, “Трыстан і Ізольда” і г.д.

З усіх жанраў беларускай літаратуры перыяду яе станаўлення найбольш дынамічна развіваліся летапісы – гістарычна-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах.

Беларуска-літоўскія летапісы падзяляюцца на 4 групы: “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.”, “Хроніка Вялікага княства Літоўскга і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”.

“Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” – адзін з першых твораў уласнабеларускай гістарычна-дакументальнай літаратуры. Ён быў напісаны невядомым аўтарам каля 1430 г. у Смаленску ў форме суцэльнага апавядання без выкарыстання дат. Тут выкладаецца гісторыя ВКЛ з 1341 г. (ад смерці Гедыміна) да канца ХІV ст. Асноўную ўвагу храніст надаў апісанню барацьбы за ўладу паміж Кейстутам і Ягайлам, шмат расказваў пра дзейнасць Вітаўта. Галоўная ідэя “Летапісца …” – абгрунтаванне цэнтралізатарскай палітыкі літоўскіх вялікіх князёў.

“Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.” – помнік першага беларускага летапіснага звода. Храналагічна ён ахоплівае перыяд ад сярэдзіны ХІ ст. да 1446 г. У ім змешчаны як рускія летапісы, так і творы мясцовага паходжання: “Смаленская хроніка”, “Пахвала Вітаўту”, “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”.

У пачатку ХVІ ст адбыліся некаторыя змены ў летапісным жанры: аўтары сваю ўвагу амаль цалкам сканцэнтравалі на гісторыі ВКЛ. У 20 я гг. ХVІ ст. была сворана “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, дзе выкладалася гісторыя ВКЛ ад легендарнага князя Палемона да Гедыміна. У гэтым творы, напісаным у жанры гістарычнай аповесці, сцвярджалася паходжанне літоўскіх князёў ад рымскіх арыстакратаў.

“Хроніка Быхаўца” – яшчэ адзін найбольш поўны агульнадзяржаўны летапісны звод. Сваю назву яна атрымала ад прозвішча пана А. Быхаўца, якому належаў адзіны вядомы рукапісны экземпляр. “Хроніка” апісвае падзеі палітычнай гісторыі ВКЛ ад легендарных часоў да пачатку ХVІ ст. У ім упершыню была створана найбольш поўная сістэматызаваная палітычная гісторыя ВКЛ на працягу значнага прамежку часу. Цэнтральная тэма твора – ваенна-патрыятычная. Храніст шмат увагі надаў апісанню паходаў і бітваў, ратных подзвігаў суайчыннікаў.

У другой палове ХVІ ст. летапісы пачалі паволі адміраць, саступаючы месца іншым гістарычным творам.

Пачатак Адраджэння на Беларусі. Узнікненне кнігадрукавання. Ф. Скарына і М. Гусоўскі.

Беларускую культуру не абмінула такая з’ява як Адраджэнне, або Рэнесанс – эпоха станаўлення і росквіту ранняй буржуазнай культуры. Адраджэнне было абумоўлена якаснымі зменамі ў эканамічным і палітычным жыцці краін: зараджэннем капіталістычных адносін, фарміраваннем нацыянальных дзяржаў і абсалютных манархій, узмацненнем антыфеадальнай і рэлігійнай барацьбы. Вялікія геаграфічныя адкрыцці, з’яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі прывялі да ўзнікнення новай, пераважна свецкай культуры. На гэтай аснове сфарміраваўся новы, гуманістычны светапогляд. Гуманізм – філасофска-светапоглядная пазіцыя, яка сцвярджае высокую годнасць чалавека – творцы зямнога шчасця, прызнае права на свабоднае развіццё яго здольнасцей, абараняе ідэалы справядлівасці, чалавекалюбства, свабоды і дасканаласці асобы.

У канцы ХV – пачатку ХVІ ст. склаліся перадумовы Рэнесанса на Беларусі: рост гарадоў, фарміраванне беларускай народнасці, ажыўленне грамадска-палітычнай дзейнасці і г.д.

Прадстаўніком рэнесансавай культуры на Беларусі быў першадрукар, гуманіст і асветнік Францыск Скарына (каля 1490 – каля 1551 гг.)

У Празе Ф. Скарына пры дапамозе заможных віленскіх і полацкіх мяшчан заснаваў друкарню. Тут 6 жніўня 1516 г. выйшла з друку першая кніга “Псалтыр”. Першадрукар выдаў пераважную частку Старога Запавету Бібліі, прычым выбраў найбольш важныя кнігі.

У 1520 г. Ф. Скарына пераехаў у Вільню, дзе ў 1522 г. выйшла ў свет “Малая падарожная кніжка” – зборнік рэлігійных і свецкіх твораў. Як і апошняе выданне Ф. Скарыны “Апостал” (1525 г.), “Малая падарожная кніжка” была больш таннай, а значыць і больш даступнай шырокаму колу насельніцтва.

Ф. Скарына выступіў стваральнікам навога літаратурнага жанру – прадмоў. Яны змяшчалі ў сабе кароткі змест твора. Ф. Скарына ўнёс значны ўклад у распрацоўку беларускай літаратурнай мовы.

Выдатным дзеячам беларускай культуры быў паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай літаратурнай школы М. Гусоўскі. Нарадзіўся ён у сям’і велікакняжацкага лоўчага і атрымаў адукацыю ў ВКЛ, Польшчы, Італіі.

У 1518 г. М. Гусоўскі трапіў у Рым у складзе польскай дыпламатычнай місіі. Па заказу папы рымскага Льва Х у 1522 г. М. Гусоўскі стварыў свой лепшы твор “Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго”. Напісаная на класічнай латыні, паэма не засталася толькі апавяданнем пра паляванне на зубра, яна стала творам, дзе адлюстравана жыццё народа і лёс краіны ў пераломны момант гісторыі. Праз усе часткі паэмы праходзіць тэма Радзімы, а зубр выступае як алегарычны вобраз роднага краю.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва.

На працэс станаўлення і развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага мастацтва значна паўплывалі старажытнарускія традыцыі, а таксама лепшыя дасягненні архітэктуры і мастацтва заходнееўрапейскіх краін. Шырокае распаўсюджанне на Беларусі набыла готыка – мастацкі стыль, запазычаны з Заходняй Еўропы. Найбольш тыповыя гатычныя пабудовы вылучаліся вялікай вышынёй, стромкім сілуэтам і вертыкальнымі лініямі, вузкімі стрэльчатымі парталамі і вокнамі з каляровымі вітражамі, высокімі вежамі.

Готыка на Беларусі была прадстаўлена шматлікімі абарончымі збудаваннямі – замкамі, якія адначасова з’яўляліся адміністрацыйнымі, палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі. Мураваныя замкі пачалі будавацца ў першай палове ХІV ст. Узнікла абарончая сістэма замкаў у Лідзе, Новагародку, Крэве, Вільні і Троках.

Абарончая сістэма складалася з замкаў розных тыпаў. Адны з іх будаваліся на ўзвышшах, другія размяшчаліся ў нізіннай балоцістай мясцовасці на штучным насыпе. Гэта быў новы тып замкаў – кастэлі. Да тыпу кастэляў належалі, напрыклад, Лідскі замак, пабудаваны ў 30 я гг. ХІV ст., замак у Крэве, які спалучаў рысы абарончага збудавання і велікакняжацкай рэзідэнцыі.

Акрамя будаўніцтва кастэляў, перабудоўваліся і старыя драўляныя замкі. Да іх адносіўся і Новагародскі замак, які існаваў у Х – ХVІІ стст. Ён пэўны час з’яўляўся рэзідэнцыяй вялікіх князёў лістоўскіх, шмат разоў перабудоўваўся.

У пачатку ХVІ ст. з’явіўся Мірскі замак, пабудаваны магнацкім родам Ільінічаў па тыпу кастэляў. Аднак у першых гаспадароў замка не хапіла грошай на яго дабудову, а пазней гэты род вымер. У1568 г. замак перайшоў да Радзівілаў, якія і завяршылі замак у стылі рэнесанса.

Разам з замкамі другім пануючым архітэктурна-кампазіцыйным цэнтрам гарадскіх пасяленняў былі гандлёвыя плошчы, дзе размяшчаліся будынкі магістратаў, купецкія лаўкі, крамы.

Значнае месца ў архітэктуры азначанага перыяду займала культавае дойлідства. У сувязі з пашырэннем каталіцызму на ўсёй тэрыторыі Беларусі пачалося будаўніцтва касцёлаў. У гатычным стылі быў пабудаваны Троіцкі касцёл у вёсцы Ішкалдзь (Баранавіцкі раён), захаваўшыяся да нашых дзён касцёлы ў вёсцы Усялюб (Навагрудскі раён) і ў Іўі. У культувай архітэктуры канца ХV – першай паловы ХVІ ст. з’яўляецца новы тып пабудоў – інкастэляваныя храмы, прыстасаваныя да абароны. На Беларусі да нашых дзён захаваўся шэраг абарончых храмаў: Сынкавіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўскай (Маламажэйкаўская) царква, Барысаглебская царква ў Новагародку, Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі.

У выяўленчым мастацтве Беларусі другой паловы ХІІІ – першай паловы ХVІ стст. вылучаюцца іканапіс, фрэскі, кніжная мініяцюра, гравюра, арнамент, драўляная разьбяная скульптура.

Творы манументальнага жывапісу гэтага перыяду амаль не захаваліся (дайшлі толькі фрагменты фрэсак).

Найбольш актыўна развіваўся іканапіс. Абразы захоўвалі традыцыі старажытнарускага і візантыйскага мастацтва, напрыклад, абразы “Маці боская Замілаванне” (канец ХІV – пачатак ХV ст.), “Маці боская Ерусалімская” (першая палова ХV ст.), “Маці боская Смаленская” (мяжа ХV – ХVІ стст.) і інш. З пачаткам ХVІ ст. пад уплывам рэнесансавых павеваў у абразах персанажы пачалі надзяляцца індывідыальнымі рысамі, у сюжэце з’яўляюцца элементы пабытовага, этнаграфічнага характару (абраз “Пакланенне вешчуноў” (каля 1514 г.) з в. Дрысвяты і г.д.).

З распаўсюджаннем ідэй Адраджэння звязана і развіццё свецкага жывапісу, пераважна партрэтнага па жанры. Захаваліся выявы партрэта Ягайлы ў касцёле ў Сандаміры. У Трокскім замку знаходзіцца шэраг фрэсак, прысвечаных Вітаўту. У ХV ст. партрэт ужо перастае належаць да твораў манументальнага жывапісу і паступова набывае самастойнае значэнне. Шырокае распаўсюджанне партрэта прыходзіцца на ХVІ ст. Тады сярод вярхоў грамадства з’яўляецца мода на зборы карцін і ствараюцца цэлыя партрэтныя галерэі (Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў і інш.).

У рамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на Беларусі ў другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ ст. развівалася размалёўка па дрэву, чаканка па металу, выраб керамікі. Беларускія майстры добра ведалі тэхналогію металаапрацоўкі, выраблялі металічныя ўпрыгожванні і посуд. Развівалася касцярэзная вытворчасць. Беларускія рамеснікі таксама стваралі розныя рэчы з каменю: надмагільныя крыжы і бюсты, статуі, рэльефы.

Разнавіднасцю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з’яўлялася кафлярства. У пачатку ХVІ ст. беларускія кафляры авалодалі тэхнікай стварэння шматколернай паліхромнай кафлі.

Побач з іншымі відамі выяўленчага мастацтва на Беларусі развівалася скульптура. Скульптурныя творы ўпрыгожвалі каталіцкія манастыры, касцёлы, палацы феадалаў.

Такім чынам, другая палова ХІІІ – першая палова ХVІ стст. – яркі і самабытны перыяд у развіцці беларускай культуры, час росту палітычнай і патрыятычнай свядомасці беларусаў, сінтэзу рэнесансава-гуманістычных павеваў і сярэдневяковых рэлігійных традыцый ў духоўным жыцці, пашырэння культурных сувязей паміж беларускім і іншымі народамі.

РАЗДЗЕЛ III.  БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ (1569 – 1795)