Пераклад кнігі праект БелPotter

Вид материалаДокументы

Содержание


Раздзел x —
Дарагі Мягкалап!
Не ўваходзіць!
Подобный материал:
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   31
РАЗДЗЕЛ X —


Аповед Крычара


Гары прачнуўся раніцаю, у спальным мяшку на падлозе ў гасцёўні. Маленькі кавалачак неба выглядаў з-за цяжкіх палатняных заслонаў. Неба было насычана-сінім, колеру разлітых чарнілаў, такое бывае незадоўга да золку. Абсалютную цішыню ў пакоі парушала толькі ціхае дыханне спячых Рона і Герміёны. Гары сеў у спальным меху і паглядзеў на сяброў. У цемры фігуры былі ледзь бачнымі. Учора Рон праявіў галантнасть і настаяў, каб Герміёна спала на падушках ад канапы, таму яе сілуэт вылучаўся над сілуэтам Рона. Рука Герміёны звісала на падлогу, а пальцы замёрлі зусім побач з рукой Рона. Гары падумаў, што яны заснулі, трымаючыся за рукі. Дзіўна, але гэтая думка напоўніла яго журбой, Гары адчуў сябе, вельмі адзінокім.

Ён паглядзеў уверх. Нічога. Толькі столь з мудрагелістымі ценямі, ды пакрытая павуціннем люстра. Яшчэ ўчора ён стаяў пад яркім летнім сонцам і паказваў месцы гасцям на вяселлі. Здаецца, гэта было вельмі даўно, можа быць, цэлае жыццё назад. Што будзе далей? Гары ізноў лёг, не звяртаючы ўвагі на жорсткія дошкі. Ён ляжаў, гледзячы ў столь, і думкі праносіліся ў яго галаве, нібы стайка клапатлівых рыб. Гары думаў пра Хоркруксы, пра цяжкую місію, што Дамблдор усклаў на яго… Дамблдор…

Нуда, што не адпускала яго з той самай пары, як вялікі чараўнік быў забіты, зараз стала зусім іншай. Абвінавачванні, што ён пачуў ад Мюрыэль на вяселлі, нібы клубок атрутных змеяў звілі сабе гняздо ў Гарынай галаве, атручваючы светлыя ўспаміны аб Дамблдоры, чараўніку, якім ён заўсёды захапляўся. Ці мог Дамблдор сапраўды дапусціць, каб нешта падобнае здарылася ў яго ў сям’і? Няўжо ён калісьці быў такім жа, як Дадлі, гатовы абыякава наглядаць, ігнараваць і нават здзекавацца датуль, пакуль гэта не кранецца яго самога? Няўжо ён мог проста сыйсці, пакінуўшы сваю маленькую сястрычку зачыненай на ўсё жыццё толькі за тое, што тая не магла вядзьмарыць.

Гары думаў аб Годрыкавай Лагчыне, аб долах, якія яго настаўнік ніколі не называў, аб дзіўным запавеце Дамблдора, і яго абурэнне расло. Чаму стары чараўнік нічога яму не расказаў? Чаму не растлумачыў? Ці сапраўды Дамблдор так клапаціўся аб ім або Гары быў толькі прыладай, якую клапатліва шліфуюць і точаць, але адкладваюць прэч, калі ў ім знікае неабходнасць? Прыладам няма патрэбы ведаць старыя сямейныя таямніцы, яны проста павінны добра выконваць сваю работу.

Гары больш не мог ляжаць у кампаніі ўласных панурых думак. Спрабуючы хоць неяк адцягнуцца, ён вылез з спальнага меха, узяў палачку і ціха выйшаў з пакоя. У карыдоры Гары прамовіў Lumus і пачаў узбірацца па лесвіцы, асветленай толькі святлом чароўнай палачкі. На другім паверсе была спальня, дзе яны з Ронам спалі, калі жылі тут у мінулы раз. Ён заглянуў у пакой. Дзверы шафы былі адчыненыя, а пасцельная бялізна раскідана паўсюль. Гары прыпомніў пра перавернутую нагу троля на першым паверсе. Хтосьці грунтоўна пакапаўся ў доме пасля таго, як яго пакінулі члены Ордэна. Снэйп, або можа Мундунгус, ён шмат чаго сцягнуў з гэтага дому да і пасля смерці Сірыюса. Гары зацікаўлена паглядзеў на партрэт, дзе часам з’яўляўся Фінеас Нігелус Блэк, прадзед Сірыюса, але карціна была пустая, толькі шэры фон на тым месцы, дзе павінен быў знаходзіцца яе жыхар. Відавочна, Фінеас Нігелус праводзіў ноч на партрэце ў кабінеце дырэктара Хогвартса. Гары падняўся яшчэ на некалькі пралётаў, пакуль не дайшоў да самага апошняга паверху. Тут было толькі двое дзвярэй. Да дзвярэй насупраць яго была прыбіта імянная таблічка, на якой было напісана "Сірыюс".

Раней Гары ні разу не заходзіў у спальню хроснага. Ён пхнуў дзверы, трымаючы палачку над галавой, каб асвятліць як мага больш месца. Пакой быў прасторны і калісьці павінен быў быць вельмі прыгожым. Вялікі ложак з прыгожай, разной драўлянай спінкай. Высокае акно, прыкрытае доўгімі вельветавымі заслонамі і люстра, пакрытая пылам. У пазах люстры дагэтуль стаялі недагаркі свечак, застылы воск звісаў накшталт лядзяшоў. Тоўсты пласт пылу пакрываў фатаргафіі на сценах і спінку ложка. Павуцінне працягнулася ад люстры да вялікай драўлянай шафы. Калі Гары рушыў у глыбыню пакоя, ён заўважыў імклівыя рухі патурбаваных мышэй. Калі Сірыюс быў равеснікам Гары, ён абляпіў сцены сваёй спальні мноствам плакатаў і фатаграфій. Плакаты віселі так густа, што толькі сям-там з-пад іх праглядваў серабрыста-шэры шоўк шпалераў. Тое, што фатаграфіі дагэтуль віселі на сценах, магло тлумачыцца толькі тым, што бацькі Сірыюса не змаглі разбурыць заклён, якім ён іх прыляпіў. Наўрад ці яны маглі па годнасці адзначыць густы іх старэйшага сына. Здаецца, Сірыюс зайшоў даволі далёка ў імкненні падкрэсліць сваё адрозненне ад астатніх Блэкаў. Некалькі вялікіх гербаў Грыфіндора, цьмяна зіхацеўшыя атласам і золатам, мноства фотаздымкаў матацыклаў. А таксама некалькі плакатаў (Гары адзначыў смеласць Сірыюса) з ледзь апранутымі маглаўскімі прыгажунямі ў бікіні. Гары здагадаўся, што гэта маглаўскія дзяўчаты, таму што яны не рухаліся. Назаўжды застылыя на паперы ўсмешкі, пакрытыя пылам твары. Адзінай чарадзейнай фатаграфіяй, лёгка прыкметнай у кантрасце з астатнімі, была выява чацвярых вучняў Хогвартса, якія стаялі поплеч і смяяліся перад камерай. Гары адразу пазнаў бацьку: раскіданыя валасы тырчалі ва ўсе бакі, зусім як у Гары, і ён таксама насіў акуляры.

На фотаздымках, якія былі даволі прыкметнымі сярод астатніх чарадзейных плакатаў, каля яго стаяў Сірыюс, бесклапотны, прыгожы, яго малады ледзь пагардлівы твар свяціўся шчасцем. Такім Гары ніколі не бачыў хроснага пры жыцці. Справа ад Сірыюса стаяў Пэцігру, амаль на галаву ніжэйшы за астатніх, пульхны з маленькімі ззяючымі вочкамі. Нават на фотаздымку было бачна, як ён рады, што яго прынялі ў самую лепшую кампанію ў школе, разам з Сірыюсам і Джэймсам, знакамітымі вісусамі, прадметам захаплення і зайздрасці ўсіх іншых вучняў. Злева ад Джэймса стаяў Люпін ужо тады з крыху пацёртым выглядам, але і яго агортвала такая ж атмасфера радасці, што і астатніх, і, можа быць, лёгкай нечаканасці, што яго прынялі ў кампанію, а можа Гары проста ведаў аб гэтым і дадумаў дэталі.

Ён паспрабаваў адляпіць фотаздымак, урэшце рэшт, зараз гэты дом належыў яму, але куды там, Сірыюс падбаў аб тым, каб ніхто не меў магчымасці змяніць інтэр’ер яго спальні. Неба за акном стала трохі святлейшым, палоска свету з-пад заслонаў асвятліла кнігі, зрыўкі паперы і мноства іншых дробных прадметаў, раскінутых па дывану. Гары нахіліўся і падняў некалькі кавалачкаў паперы. Адзін апынуўся старонкай з старога выдання Гісторыі магіі, аўтарства Бацільды Багшот, другі быў абрыўкам інструкцыі па тэхзабеспячэнню матацыклаў. Трэці быў напісаны ад рукі і дужа змяты. Гары асцярожна выпрастаў яго.

Дарагі Мягкалап!

Велізарны дзякуй табе за гасцінец Гары на дзень нараджэння! Пакуль гэта яго найлюбая цацка. Усяго адзін год, а ўжо ўваўсю лётае па кватэры на цацачнай мятле, яму гэта так падабаецца. Да пісьма я прыклала фотаздымак, так што зможаш паглядзець. Мятла ўзнімаецца ўсяго на паўметры, але Гары ўжо ледзь не забіў ката і разбіў вазу, якую Пятуння паслала мне ў гасцінец. (Ваза была жудасная, так што шкадаваць няма аб чым).

Джэймсу таксама вельмі спадабалася, ён ужо вырашыў, што Гары стане вялікім іграком у Квідытч, але нам прыходзіцца прыймаць усе крохкія прадметы і не спускаць з Гары вачэй, пакуль ён бавіцца з мятлой.

Дзень нараджэння выйшаў вельмі сціплы, мы выпілі гарбаты з Бацільдай, яна заўсёды добрая да нас і па-вар’яцку кахае Гары. Так шкада, што ты не змог прыйсці, але справы Ордэна, вядома, важней, а Гары ўсё роўна яшчэ такі малы, што не разумее што гэта яго дзень нараджэння. Джэймс апошнім часам крыху журботны -ён злуецца, што вымушаны сядзець тут пад замком. Да таго ж Дамблдор усё яшчэ не вярнуў яму плашч, так што нават не атрымліваецца выйсці трохі прагуляцца. Калі б ты мог заглянуць хоць ненадоўга, гэта несумненна яго вельмі б узбадзёрыла. Нядаўна заходзіў Пітэр. Мне здалося, ён чымсьці засмучаны, але гэта мусіць з-за таго, што здарылася з сям’ёй Макінан. Я плакала ўсю ноч, калі даведалася аб іх. Бацільда праводзіць з намі амаль кожны дзень, яна чароўная жанчына, часта распавядае дзіўна цікавыя гісторыі аб Дамблдоры…

Рукі Гары нібы знямелі. Ён стаяў нерухома, па-ранейшаму сціскаючы ў руках кавалак ліста, які цудоўным чынам дайшоў да яго праз гэтулькі гадоў, але ўсярэдзіне яго нібы нешта выбухнула і расцяклося па жылах. Пахіснуўшыся, ён сеў на ложак. Гары ізноў прачытаў ліст, але не змог ухапіць больш сэнсу, чым у першы раз. Зараз ён проста глядзеў на рукапісны тэкст. Мама пісала літару "Г" сапраўды гэтак жа, як ён сам. Ён шукаў усе гэтыя літары ў тэксце, і кожная адклікалася кароткім усплескам радасці, нібы на нейкую кароткую секунду ён мог апынуцца побач з мамай. Гэты ліст быў велізарным скарбам, доказам таго, што Лілі Потэр жыла на гэтым свеце і яе цёплыя далікатныя рукі некалі рухаліся па гэтаму аркушыку, выводзячы літары чарніламі. Літары складаліся ў словы, у словы аб ім, аб Гары, яе сыне.

Няўрымсліва змахнуўшы з вока няпрошаныя слёзы, Гары яшчэ раз перачытаў ліст, на гэты раз, сканцэнтраваўшыся на дэталях. Гэта было ўсё роўна, што слухаць напаўзабыты голас.

У іх быў кот… мусіць ён загінуў, як і бацькі ў Годрыкавай Лагчыне… або можа быць проста збег, калі не стала каму яго карміць… Сірыюс падараваў яму яго першую мятлу… Яго бацькі ведалі Бацільду Багшот, можа быць іх пазнаёміў Дамблдор? Дамблдор усё яшчэ не вярнуў Джэймсу яго плашч-нябачнік… пэўна ў гэтым радку нешта было…

Гары спыніўся, абмяркоўваючы словы маці. Навошта Дамблдору спатрэбіўся плашч-нябачнік? Гары выразна прыпомніў яго словы: "Мне не патрэбны плашч, каб быць нябачным". Можа быць, камусьці не гэтак здольнаму з членаў Ордэна запатрабавалася дапамога?

Гары працягнуў…

Пітэр быў тут… Пэцігру, здраднік! Мабыць, ён чымсьці "засмучаны". Ды няўжо! Можа быць, ён ужо ведаў, што бачыць Джэймса і Лілі ў апошні раз?

І нарэшце ізноў Бацільда, яна распавядала дзіўныя гісторыі пра Дамблдора, здаецца неверагодным, што ён…Дамблдор што? Але ў лісце было мноства ўсяго, што датычылася Дамблдора і магло мець эпітэт "неверагодны". Напрыклад, тое што ён атрымаў горшыя ў класе адзнакі на іспыце па ператварэннях, або начараваў чароўнага асла, так падобнага на Аберфорта...

Гары падхапіўся і ўважліва абшукаў падлогу кабінета. Можа быць, другі кавалак ліста ляжыць дзесьці тут. Ён схапіў паперы з ірвеннем ані не меншым чым у таго, хто раней тут усё перавярнуў. Ён высунуў скрыні стала, ператрахнуў кнігі, устаў на крэсла, каб праверыць, ці не ляжыць што-небудзь у пыле на шафе, зазірнуў пад фатэль, і нават, абквэцаўшыся ў пылу, залез пад ложак. Нарэшце, лежачы на падлозе, Гары, заўважыў абрывак паперы пад тумбачкай. Калі ён выцягнуў яго, гэта апынулася вялікая частка фотаздымка, які Лілі апісала ў лісце. Чарнавалосае дзіця пралятае на маленькай мятле, весела смеючыся, і пара ног, відавочна прыналежных Джэймсу, ішла ўслед за ім. Гары саўгануў фатаграфію ў кішэню, да пісьма Лілі і працягнуў пошукі адсутнічаючай часткі. Пасля чвэрці гадзіны пошукаў Гары прыйшлося прызнаць, што абрыўка з заканчэннем ліста ў пакоі няма. Можа быць, ён проста згубіўся за тыя шаснаццаць гадоў, мінулых з моманту яго напісання, або яго забраў той, хто абшукваў пакой?

Гары прачытаў першую частку яшчэ раз, на гэты раз адшукваючы намёкі на тое, што ў другой частцы ліста магло быць такім каштоўным для Пажыральнікаў Смерці. Наўрад ці гэта была яго цацачная мятла. Адзінае, што ён мог выказаць - здагадку: гэта інфармацыя аб Дамблдоры, якую магла расказаць Бацільда. "Здаецца неверагодным, што Дамблдор…". Што?

- Гары? Гары! Дзе ты? - пачуліся ўсхвалёваныя галасы знізу.

- Я тут, што здарылася?

Звонку пачуўся гук крокаў, і Герміёна літаральна заляцела ў пакой.

- Мы прачнуліся, а цябе няма, і не ведалі, дзе ты! - сказала Герміёна, спрабуючы адсапціся. Яна адвярнулася да адчыненых дзвярэй і гучна крыкнула. - Рон! Я знайшла яго!

Злосны голас Рона, разнёсся рэхам з першага паверху.

- Добра, перадай яму ад мяне, што ён вырадак.

- Гары, больш ніколі так не знікай. Калі ласка, - сказала яна скрозь слёзы, - мы так спужаліся!

Герміёна агледзела перавернуты пакой і папытала ўжо нашмат спакайней.

- А што ты тут рабіў?

- Паглядзі, што я знайшоў, - Гары працягнуў ёй ліст, Герміёна ўзяла яго і хутка прабеглася вачамі. Калі яна дачытала да канца, яна паглядзела на Гары і прошаптала:

- О… Гары…

- Ёсць яшчэ вось гэта, - Гары працягнуў абрывак фатаграфіі, і Герміёна ўсміхнулася, гледзячы на малога на мятле.

- Я шукаў адсутную частку ліста, -журботна сказаў Гары,- але яе тут няма.

Герміёна абгледзелася.

- Гэта ты так усё перавярнуў або так было да цябе?

- Хтосьці ўжо абшукваў гэтае месца, - уздыхнуўшы, сказаў Гары.

- Як ты думаеш, што яны шукалі?

Гары задумаўся, што можа быць каштоўнага ў старым доме Блэкаў.

- Мусіць, інфармацыю пра Ордэн, калі гэта быў Снэйп.

- А ты не думаеш, што ў іх і так было ўсё, што трэба. Я маю на ўвазе тое, што Снэйп быў членам Ордэна.

- Ну тады… - Гары захацелася абгаварыць свае здагадкі, - А што калі яны шукалі інфармацыю аб Дамблдоры? Што-небудзь накшталт другой часткі гэтага ліста? Ты ведаеш Бацільду? Мама называла яе ў лісце, ты ведаеш, хто яна?

- Хто?

- Бацільда Багшот, аўтар…

- Гісторыі магіі,- скончыла фразу Герміёна, ёй стала цікаўна, - так значыць, твае бацькі ведалі яе? Яна была выдатным магічным гісторыкам.

- Яна жывая і зараз,- сказаў Гары, -і жыве ў Годрыкавай Лагчыне. Цётка Рона, Мюрыэль гаварыла аб ёй на вяселлі. Яна ведала і сям’ю Дамблдора. З ёй было б вельмі цікава паразмаўляць, праўда?

Ва ўсмешцы Герміёны, якой яна ўзнагародзіла Гары, мабыць, было занадта шмат цеплыні і разумення. Ён забраў у яе ліст і фатаграфію, і паклаў іх у мяшочак, які вісеў на шыі, пільна гледзячы ў падлогу, каб не глядзець на Герміёну і не выдаць сваіх пачуццяў.

- Я разумею, чаму ты жадаеш паразмаўляць з Бацільдай аб сваёй сям’і і Дамблдоры. Але гэта нам нічым не дапаможа ў пошуках Хоркруксаў, праўда?

Гары не адказаў, і Герміёна працягнула, яшчэ больш настойліва.

- Ведаю, ты жадаеш пайсці ў Годрыкаву Лагчыну, але падумай пра мяне, пра Рона. Мне страшна ад таго, як лёгка Пажыральнікі Смерці знайшлі нас учора. Я упэўнена, што зараз нам трэба сцерагчыся месца, дзе пахаваныя твае бацькі. Яны чакаюць, што мы пойдзем туды!

- Справа не толькі ў гэтым,- сказаў Гары, па-ранейшаму асцерагаючыся глядзець на Герміёну…- Мюрыэль распавядала аб Дамблдоры шмат брыдкіх рэчаў тады на вяселлі… мне проста трэба ведаць праўду. Я павінен…

Гары расказаў ёй усё, што пачуў ад Мюрыэль. Калі ён скончыў, Герміёна кіўнула.

- Вядома, я разумею, чаму гэта цябе так хвалюе, Гары…

- Нічога мяне не хвалюе, - зманіў ён. - Я проста жадаю ведаць, што здарылася насамрэч…

- Гары, ты праўда думаеш, што можаш пачуць праўду ад шкадлівай старой каргі накшталт Мюрыэль, або можа ад Рыты Скітар? Як ты можаш верыць хоць нейкім з іх бязглуздых сплетняў? Бо ты добра ведаў Дамблдора.

- Я думаў, што добра яго ведаў!- Гары жадаў сказаць гэта гучна і упэўнена, але выйшла нейкае мармытанне.

- Гары, памятаеш артыкул Рыты, у якім яна пісала пра цябе? Шмат там было праўды? Додж мае рацыю, чаму ты дазваляеш, чыімсьці бязглуздым размовам памрачаць твае ўспаміны аб Дамблдоры? Лепш выкінь гэта ўсе з галавы, табе зараз гэтыя думкі нічым не дапамогуць.

Гары адвярнуўся, спрабуючы не выдаць кіпеўшае ў ім раздражненне. Ізноў яму паказваюць, у што верыць, а ў што не. Ён усяго толькі жадае ведаць праўду. Чаму ўсе так упэўнены, што яму лепш пра ўсё забыцца?

- Можа, пойдзем на кухню, - прапанавала Герміёна пасля нядоўгай паўзы, - перакусім што-небудзь.

Гары неахвотна пагадзіўся, і рушыў услед за ёй. Калі ён праходзіў міма дзвярэй што вялі ў іншы пакой, ён заўважыў невялікі надпіс белай фарбай. Па-над надпісам прайшлі глыбокія драпіны да таго ж літары былі маленькія, таму Гары не заўважыў яе, калі ішоў у пакой Сірыюса. Надпіс быў гратэскны, акуратна выведзеныя словы казалі:




Не ўваходзіць!

Без адмысловага дазволу

Рэгулуса Арктуруса Блэка


Нешта ў такім духу Персі Уізлі мог напісаць на дзвярах сваёй спальні, але было нешта, некалькі секундаў ён спрабаваў зразумець што, а потым прачытаў надпіс яшчэ раз. І у сярэдзіне ў яго ўсё закалаціла.

- Герміёна? - Дзіўна, але яго голас быў абсалютна спакойны.

- Так? Гары?

Герміёна ўжо паспела спусціцца па лесвіцы на паверх ніжэй.

- Падніміся, калі ласка, ізноў.

- А што здарылася?

- Гэты Р.А.Б. Здаецца я знайшоў яго.

Герміёна здаўлена войкнула і тут жа ўзбегла наверх.

- У лісце тваёй мамы? Але дзе? Я не заўважыла…

Гары пакачаў галавой, а потым проста паказаў на надпіс на дзвярах пакоя Рэгулуса. Яна прачытала, а затым схапіла руку Гары з такой сілай, што ён уздрыгнуў.

- Брат Сірыюса, - прашаптала яна.

- Ён быў адным з Пажыральнікаў Смерці, - сказал Гары, - Сірыюс гаварыў мне аб ім. Ён далучыўся да Вальдэморта калі быў зусім хлапчуком, не старэйшым за нас. Сірыюс сказаў, што ён спужаўся і спрабаваў пакінуць таварыства, таму яны і забілі яго.

- Так, усё сходзіцца,- Герміёна шумна ўздыхнула, - Калі ён быў Пажыральнікам Смерці, то меў зносіны з Вальдэмортам, і калі ён разупэўніўся ў ім, ён мог захацець калі не забіць Волдэморта, то хаця б пазбавіць яго часткі моцы.

Гары толькі зараз зразумеў, што Герміёна дагэтуль крэпка трымае яго за руку. Яна трохі адышла і расціснула пальцы, потым выйшла з пакоя, перахілілася праз пярылы і закрычала.

- Гэй, Рон! РОН! Узнімайся сюды хутчэй!

Рон з’явіўся праз хвіліну, цяжка дыхаючы, з палачкай напагатове.

- Што здарылася? Калі гэта ізноў гіганцкія павукі, я жадаю спачатку паснедаць, перш чым…

Ён насупіўся і прыгледзеўся да надпісу, на які яму паказвала Герміёна.

- Ну што? Гэта брат Сірыюса, так? Рэгулус Арктурус… Рэгулус… Рэгулус… Р.А.Б.? Ты ж не думаеш?

- А вось гэта мы зараз і даведаемся, - сказаў Гары і пхнуў цяжкія дзверы. Яны не паварушыліся, зачынена.

Герміёна паднесла палачку да дзвярной ручкі і вымавіла "Алохамора." У дзвярах нешта пстрыкнула, і яны адчыніліся. Усё трое пераступілі парог, аглядаючыся па баках.

Спальня Рэгулуса была толькі трохі меншая, чым пакой Сірыюса, і дакладна гэтак жа старыя сцены захоўвалі дух гаспадара. Але калі Сірыюс усімі сіламі імкнуўся падкрэсліць сваё адрозненне ад сям’і Блэкаў, Рэгулус быў яго поўнай процілегласцю. Колеры Слізэрына, ізумрудны і срэбны, панавалі паўсюль: у драпіроўцы мэблі, у колеры шпалераў і аконных рамаў. Герб Блэкаў быў крапатліва выведзены над ложкам разам з сямейным дэвізам TOUJOURS PUR16.

Крыху ніжэй на сцяне віселі выразкі з газет, пажоўклыя ад часу, утвараючы своеасаблівы калаж з крыва обрэзанымі бакамі. Герміёна перасекла пакой і падышла да выразак.

- Ого! Яны ўсё аб Вальдэморце. Рэгулус, мабыць, быў яго вялікім фанатам за некалькі гадоў да таго, як сам стаў адным з Пажыральнікаў…

Невялікая аблачына пылу паднялася ад покрыўкі, калі яна села на ложак, каб уважліва іх разгледзець. Тым часам Гары заўважыў фотаздымак. Каманда Хогвартса па Квідытчу ўсміхалася Гары з рамкі. Ён падышоў бліжэй і ўбачыў змей, вышытых у іх на грудзях - слізэрынцы. Рэгулуса можна было лёгка пазнаць на фота, ён сядзеў у сярэдзіне ў другім радзе, ён быў трохі падобны на свайго брата, чорныя валасы і такі ж ганарысты твар, але Рэгулус быў меншы, ніжэйшы ростам і не такі прыгожы.

- Ён быў Лаўцом, - сказаў Гары, - як я.

- Што? - крыху рассеяна папытала Герміёна- яна ўсё яшчэ была пагружаная ў чытанне падшыўкі артыкулаў аб Вальдэморце.

- Ён сядзіць у сярэдзіне другога рада, гэта месца Лаўца… добра ўсё роўна… - Гары зразумеў, што яго ўсё роўна не слухаюць.

Рон стаяў на каленах, адшукваючы што-небудзь пад шафай. Гары абгледзеў пакой на прадмет магчымых сакрэтаў і падышоў да стала, але ізноў, хтосьці ўжо як след тут усё абшукаў- змесціва скрыні стала было перавернута. Судзячы па слядах на парушаным пласце пылу, адбылося гэта зусім нядаўна. Паўсюль валяліся старыя пёры, старыя запісаныя ад рукі сшыткі і нядаўна разбітая чарнільніца. Яе ледзь падсохлае змесціва пакрывала тыя рэчы, якія засталіся ляжаць у скрыні.

- Ёсць больш просты спосаб, - вырашыла Герміёна, пакуль Гары выціраў аб джынсы выпэцканыя ў чарнілах пальцы. Яна падняла палачку і выгукнула заклён:

- Aкцыё, медальён!

Аднак нічога не адбылося.

Рон, які перабіраў складкі апушчаных заслонаў, выглядаў разачараваным.

- Вось і ўсё? Яго тут няма?

- Можа і ёсць, але ён прыкрыты контр-заклёнамі, якія не даюць заклікаць рэч з дапамогай магіі.

- Накшталт тых, што Вальдэморт налажыў на каменны басейн у пячоры, - сказаў Гары, прыпомніўшы, як ён не змог заклікаць фальшывы медальён.

- Ну і як нам тады шукаць?

- Уручную, як звычайныя людзі.

- Якая выдатная ідэя,- сказаў Рон і, прыжмурыўшыся ад пылу, працягнуў пошукі ў заслонах. На працягу наступнай гадзіны яны аблазілі кожны куток пакоя, але, урэшце рэшт, прыйшлі да высновы, што яго там няма.

Сонца ўстала. Яго прамяні сляпілі скрозь панура-зялёную тканіну заслонаў.

- Ён можа быць схаваны дзе-небудзь ў доме, - сказала Герміёна абнадзейлівым голасам, пакуль яны спускаліся па лесвіцы. Чым мацней падалі духам Гары і Рон, тым больш рашучай ставала Герміёна.

- Ці атрымалася ў Рэгулуса знішчыць Хоркрукс ці не, ён жадаў, каб гэтая рэч была надзейна схаваная ад Вальдэморта. Памятаеце ўсе гэтыя жудасныя рэчы, ад якіх нам прыйшлося пазбавіцца, калі мы былі тут у мінулы раз. Гадзіннік, які страляў арбалетнымі стрэламі, старая мантыя, што накінулася на Рона і ледзь яго не задушыла. Можа быць, Рэгулус зрабіў гэта ўсе для таго, каб абараніць тайнік з медальёнам, хоць мы тады гэтага не разуме… ме…

Гары і Рон са здзіўленнем паглядзелі на Герміёну, яна стаяла з бязглуздым выглядам, нагой замерла ў паветры, нібы яе стукнула маланка, зрэнкі расфакусаваліся і глядзелі кудысьці ўдалечыню.

- …мелі, - скончыла яна шэптам.

- Што такое?- папытаў Рон.

- Медальён! Ён быў у сакратэры ў гасцёўні і ніхто не мог яго адчыніць, і мы… мы…

Гары адчуў, нібы ў яго ўсярэдзіне звалілася цагліна, ён таксама прыпомніў, як яны гулялі з бліскучай цацкай, кожны па чарзе спрабуючы адчыніць. Урэшце рэшт, медальён выкінулі ў кучу смецця разам з табакеркай, поўнай бародавачнага парашку і музычнай скрыначкай, імгненна прыводзячай слухаЦёў да сна.

- Крычар мноства выкінутых рэчаў прыцягнуў назад, - сказаў Гары. Гэта быў іх апошні шанс, тонкая нітачка спадзявання. - Ён цэлую гару смецця схаваў у буфеце на кухні. Хадзем!

Яны збеглі ўніз, перапрыгваючы адразу праз дзве прыступкі. Яны так гучна шумелі, што абудзілі партрэт маці Сірыюса, калі праходзілі праз хол.

- Брыдкія бруднакроўкі!

Крыкі пераследвалі іх увесь час пакуль яны спускаліся, датуль пакуль за імі не зачыніліся масіўныя дзверы кухні. Гары праслізнуў да дзвярэй у каморку Крычара і адчыніў яе. За дзвярыма ляжалі старыя брудныя коўдры, на якіх хатні эльф калісьці спаў, але яны больш не бліскацелі ад барахла, якое Крычар калісьці сюды нацягнуў. Адзінае што нагадвала аб той пары, было старое выданне кнігі "Высакароддзе прыроды: Генеалогія чараўнікоў". Адмаўляючыся верыць уласным вачам, Гары абшукаў і ператрахнуў коўдры, адзінае, што ён знайшоў, было цела дохлай мышы. Удубелы трупік выпаў з коўдры і панура пакаціўся па падлозе. Рон зароў і ўзлез на кухонны табурэт. Герміёна закаціла вочы.

- Яшчэ не ўсё! - Упарта сказаў Гары, затым гучна закрычаў, - Крычар!

З гучным трэскам дамавы эльф-ён быў той часткай спадчыны Сірыюсу, якую Гары прыняў з найбольшай неахвотай- з’явіўся з ніадкуль перад пустым і халодным камінам. Эльф быў вельмі худы, праз палову людскага роста, яго бледная скура збіралася ў складкі, белыя валаскі густа раслі з яго вушэй, якія нагадвалі крылы кажана. Ён па-ранейшаму кутаўся ў брудныя лахманы, у якіх Гары ўпершыню яго ўбачыў. Пагардлівы погляд эльфа паказваў, што яго адносіны да Гары, змяніліся не больш, чым густ у адзенні.

- Гаспадар, - пракаркаў Крычар і нізка пакланіўся, бармочачы кудысьці сабе пад ногі, - вярнуўся ў дом маёй спадарыні разам са здраднікам Уізлі і бруднакроўкай…

Голас дамавіка эльфа дзіўна нагадваў кваканне жабы.

- Я забараняю табе зваць каго-небудзь здраднікам або бруднакроўкай, - прарычаў Гары. Нават калі не ўлічваць тое, што Крычар здрадзіў Сірыюсу, ён і сам па сабе быў крайне агідным суб’ектам з яго кручкаватым носам і сеткай патрэскаўшыхся сасудаў у вачах.

- У мяне ёсць пытанне да цябе,- сэрца Гары забілася часта-часта, - я загадваю гаварыць табе праўду. Ты зразумеў?

- Так, Гаспадар, - адказаў Крычар, і зноў нізка пакланіўся. Гары заўважыў, што яго губы варушацца, бязгучна прамаўляючы словы, якія зараз яму было забаронена гаварыць.

- Два гады таму, - сэрца ўжо не білася, яно гучна барабанілася аб рэбры, - у гасцёўні ляжаў вялікі залаты медальён, мы выкінулі яго, ты прыцягнуў яго назад?

Адказу Крычара папярэднічалі імгненні цішыні, пакуль дамавы эльф выпраміўся, каб паглядзець у твар Гары. Затым ён хутка адказаў:

- Так.

- Дзе ён зараз?- папытаў Гары ўрачыста, а Рон і Герміёна весяліліся.

Крычар зачыніў вочы, нібы ён не мог вынесці выгляду іх твараў, калі даў свой адказ. Зрэшты, так яно і было.

- Знік.

- Знік? - рэхам паўтарыў Гары, усмешка марудна спаўзала з яго твару, - што значыць знік?

Эльф закалаціўся як асінавы ліст. Ён вагаўся.

- Крычар! Я загадваю! - Гары быў раз’юшаны.

- Мундунгус Флетчэр, - праенчыў эльф, яго вочы былі па-ранейшаму зачыненыя.

- Мундунгус Флетчэр забраў усё: партрэты міс Бэлы і місіс Цысі, пальчаткі спадарыні, Ордэн Мэрліна першай ступені, кубкі з фамільным гербам і… і…

Крычар часта глытаў паветра, як рыба выкінутая на бераг, яго грудзі то ўзнімаліся, то апускаліся, затым яго вочы адчыніліся і Крычар выдаў ледзянячы душу ёкат.

-…І медальён! Медальён гаспадара Рэгулуса! Крычар дрэнны! Ён не справіўся! Не выканаў загад!

Гары адрэагаваў інстыктыўна, пакуль Крычар цягнуўся да качаргі, якая стаяла на каміннай рашотцы, ён накінуўся на эльфа і прыціснуў лядашчае цела да падлогі. Крык Герміёны змяшаўся з ёкатам Крычара, але гучней усіх было чутна голас Гары.

-Крычар! Я загадваю табе не рухацца!

Ён адчуў, што эльф замёр, і адпусціў яго. Крычар ляжаў, расцягнуўшыся на халоднай каменнай падлозе, і слёзы цяклі з яго журботных бездапаможных вачэй.

- Гары адпусці яго, калі ласка, - прашаптала Герміёна.

- Каб ён мог забіць сябе да смерці гэтай вось качаргой? - Хмыкнуў Гары, кленчачы ззаду эльфа.

- Я так не думаю, праўда, Крычар? Я жадаю ведаць праўду! Адкуль ты ведаеш, што Мундунгус Флетчэр украў медальён?

- Крычар бачыў яго, - усхліпнуў эльф, і слёзы пацяклі па твары прама ў рот, поўны шэрых зубоў.- Крычар бачыў, як ён выходзіў з жылля Крычара, з поўнымі рукамі скарбаў Крычара! Крычар закрычаў, каб злодзей спыніўся, але ён толькі пасмяяўся і ўцёк.

- Ты сказаў медальён Рэгулуса? Чаму? Як ён да цябе патрапіў? Што з ім зрабіў Рэгулус? Зараз Крычар сядзе і спакойна мне ўсё раскажа.

Эльф сеў, згарнуўся ў клубок, заціснуўшы свой заплаканы твар між ступняў і пачаў разгойдвацца ўзад і наперад. Калі ён гаварыў, яго голас гучаў глуха, але быў выразна адрозніваемы ў цішыні пустой кухні.

- Гаспадар Сірыюс збёг з хаты, так яму і трэба. Ён быў дрэнным чалавекам, разбіў сэрца маёй спадарыні сваёй непаслухмянасцю. Але гаспадар Рэгулус быў не такі, ён ведаў, што трэба рабіць у імя сям’і Блэкаў, у імя чысціні крыві гэтай сям’і. Гадамі ён гаварыў аб Цёмным Лордзе, аб тым што збіраўся навесці ў свеце парадак. Чараўнікам больш не трэба было б хавацца ад маглаў, наадварот сапраўдныя чараўнікі сталі б кіраваць светам людзей і бруднакроўкамі…

Калі яму было шаснаццаць, гаспадар Рэгулус далучыўся да Цёмнага Лорда. Быў такім гордым… такім гордым… такім шчаслівым, служыць… я яго разумею…

А аднойчы, праз год пасля таго як гаспадар Рэгулус далучыўся да Цёмнага Лорда, гаспадар Рэгулус спусціўся сюды, на кухню, каб паразмаўляць з Крычарам. Гаспадар Рэгулус заўсёды любіў Крычара і гаспадар Рэгулус сказаў… да ён сказаў.

Стары эльф стаў гаварыць хутка як ніколі, скарагаворкай выплёўваючы словы.

- …сказаў, што Цёмнаму Лорду патрэбны эльф.

- Вальдэморту спатрэбіўся эльф?-паўтарыў Гары, гледзячы на Рона з Герміёнай, якія былі здзіўлены не менш за яго.

- Так! - праенчыў Крычар, - і гаспадар Рэгулус прапанаваў мяне. Ён сказаў гэта вялікі гонар, для яго і для Крычара. Крычар павінен быў пайсці з Цёмным Лордам і выконваць усе, што ён загадае… а потым… потым вярнуцца д-дадому.

Крычар па-ранейшаму хутка вагаўся, а яго дыханне ператварылася ва ўсхліпы.

- Таму Крычар пайшоў да Цёмнага Лорда, але Цёмны Лорд не сказаў Крычару, што той будзе рабіць, а ўзяў Крычара з сабой у пячору на беразе мора. А ў той пячоры была падземная зала, а ў той зале вялікае падземнае возера… чорнае возера…

Валасы на патыліцы Гары ўсталі дуба. Скрыпучы голас Крычара, здавалася, даносіўся з цёмных водаў. Ён убачыў, што тады адбылося так выразна і ясна, як быццам сам быў там.

- …там была лодка…

Вядома, там была лодка, Гары памятаў яе, зманліва зялёнага колеру, пакрытая цінай. Зачарованая так, што можа несці толькі дваіх, чараўніка і яго ахвяру насустрач крошачнаму востраву ў цэнтры возера. Значыць, вось як Вальдэморт тэставаў ахоўную сістэму заклёнаў, абкружаючых хоркрукс. Ён узяў безахоўнае стварэнне, дамавога эльфа, здольнага выканаць любы загад, усяго толькі расходны матэрыял для Вальдэморта.

- Там быў басейн і пасудзіна… Цёмны Лорд прымусіў Крычара піць…

Эльф ўздрыгнуў усім целам.

- Крычар піў і пакуль піў ён бачыў жудасныя рэчы… усярэдзіне Крычара ўсё паліла… Крычар клікаў на дапамогу гаспадара Рэгулуса, спадарыню Блэк… але Цёмны Лорд толькі смяяўся… ён прымусіў Крычара выпіць усе… і кінуў медальён у парожні басейн… ён напоўніў яго ізноў… з іншага флакона… а потым Цёмны Лорд паплыў на лодцы і пакінуў Крычара на выспе…

Гары стаяў на зімным камні вострава ў падземным возеры і глядзеў на бледны змеепадобны твар Вальдэморта, знікаючы ў цемры, чырвоныя вочы абыякава глядзелі на пакуты асуджанай ахвяры. Якая дажывала свае апошнія хвіліны. Як толькі эльф паддасца адчайнай смазе, што выклікае агністы яд, усё будзе скончана…

На гэтым малюнак абрываўся, Гары проста не мог уявіць, як Крычару атрымалася ўцалець.

- Крычар жадаў піць, ён пыдпоўз да ўскрайка і стаў піць ваду з чорнага возера… і рукі! Сотні мёртвых рук вылезлі з вады і пацягнулі Крычара на глыбіню…

- Як жа ты змог вылучыцца?- Папытаў Гары, не здзівіўшыся, што гаворыць шэптам.

Крычар падняў выродлівую галаву і паглядзеў на Гары сваімі вялікімі чырвонымі вачамі.

- Гаспадар Рэгулус загадаў Крычару вярнуцца дадому.

- Я ведаю, але як ты збёг ад Інферы?

Крычар мабыць не разумеў, ён толькі паўтараў:

- Гаспадар Рэгулус загадаў Крычару вярнуцца.

- Я ведаю, але як…

- Няўжо гэта не відавочна,- сказал Рон, - Ён апарыраваў!

- Але гэта несусветна, у той пячоры нельга апарыраваць, інакш Дамблдор…

- Магія эльфаў, яна ж іншая,- працягнуў гнуць сваё Рон,- напрыклад яны могуць апарыраваць у Хогвартсу, а мы так не можам.

Пасля слоў Рона была доўгая паўза, пакуль Гары спрабаваў зразумець, як мог Вальдэморт дапусціць такую памылку? Герміёна апярэдзіла яго:

- Ну адкуль Вальдэморту ведаць магію дамавых эльфаў? Гэтыя істоты куды ніжэй яго цікавасці. Да таго ж, мне здаецца, яму ніколі нават думка ў галаву не прыходзіла, што эльфы могуць валодаць чараўніцтвам, недаступным яму.

У голасе Герміёны гучалі ледзяныя ноткі.

- Для дамавога эльфа вышэйшы закон - воля гаспадара. - З выражэннем сказаў Крычар. - Гаспадар сказаў Крычару вярнуцца дадому, Крычар вярнуўся…

- І ты вярнуўся, пасля таго як зрабіў усе што табе сказалі, - мякка вымавіла Герміёна, - ты не парушыў загадаў.

Крычар закалаціў галавой, разгойдваючыся яшчэ хутчэй.

- Так што адбылося, калі ты вярнуўся? - папытаў Гары, - Што сказаў Рэгулус, калі ўбачыў цябе? Ты расказаў яму, што адбылося?

- Гаспадар Рэгулус вельмі хваляваўся. Вельмі, вельмі. - Прашыпеў Крычар, - Гаспадар Рэгулус сказаў Крычару сядзець ціха і не выходзіць з дому… Але потым… прайшло зусім трохі часу… Аднойчы ўначы Гаспадар Рэгулус прыйшоў да Крычара ў яго каморку… Гаспадар Рэгулус вельмі дзіўна сябе вёў… быў не ў сабе… Крычар адразу зразумеў… і ён папрасіў Крычара адвесці яго да той пячоры, куды Крычар хадзіў з Цёмным Лордам.

Гары ізноў выразна прадставіў сабе, як гэта было: напалоханы стары эльф і худы чарнавалосы Паляўнічы, які нагадваў Сірыюса…

- Крычар ведаў, як адчыніць запячатаны ўваход у падземную пячору… ведаў, як падняць са дна вузкую заклятую лодку… на гэты раз яго любы гаспадар плыў з ім да вострава з выбітым у скале паглыбленнем, поўным атруты.

- І ён прымусіў цябе ізноў піць гэтую атруту?- З агідай папытаў Гары.

Але Крычар паківаў галавой і заплакаў. Герміёна прыгарнула руку да рота, жэстам заклікаючы Гары маўчаць. Здаецца яна ўжо нешта зразумела.

- Г-гаспадар Рэгулус дастаў з кішэні медальён, такі ж як быў у Цёмнага Лорда. - Слёзы цяклі ў Крычара па крывым носе.

- Ён сказаў Крычару ўзяць яго, а калі келіх спустошыцца, памяняць медальёны…

Прамова Крычара ставала ўсе больш няскладнай, да таго ж яна заўсёды перарывалася гаротнымі ўсхліпамі. Гары прыходзілася напружвацца, каб зразумець аб чым ён гаворыць.

- Загад… Крычару… сыходзіць… адному… але… ён сказаў… каб Крычар ніколі… нікаму, нават спадарыні… не гаварыў што ён зрабіў… Крычар не гаварыў… але ў што б ні стала Крычар павінен быў разбурыць медальён… медальён Цёмнага Лорда... а потым ён выпіў… усе выпіў… Крычар падмяніў медальёны і глядзеў, як рукі зацягваюць гаспадара Рэгулуса ўніз… і…

- Крычар… мой бедны, - Герміёна плакала наўзрыд. Яна звалілася на калены побач эльфа і паспрабавала яго абняць. У тую ж секунду эльф падхапіўся на ногі, адпаўзаючы ад яе, нібы яго хтосьці адапхнуў.

- Бруднакроўка дакранулася да Крычара, ён не дазволіць! Што скажа яго спадарыня!

- Я сказаў табе не зваць яе бруднакроўкай! - раўнуў Гары, але эльф ужо пачаў караць сябе. Ён зваліўся і стаў біцца галавой аб падлогу.

- Спыні яго! Калі ласка! Спыні! - Крычала Герміёна, - Няўжо ты не бачыш, наколькі далёка заходзіць іх паслухмянасць?

- Крычар! Стой! Годзе! - гучна сказаў Гары.

Эльф ляжаў на падлозе, цяжка дыхаючы і ўздрыгваючы. Зялёныя соплі цягнуліся з носу, на бледным ілбе брыняў сіняк, вочы яго запалі, наліліся крывёй і былі поўныя слёз. Гары ніколі не бачыў больш жаласнай карціны.

- Такім чынам ты прынёс медальён дадому, - няўхільна працягнуў допыт Гары, ён быў рашуча настроены пачуць гісторыю да канца, - ты спрабаваў знішчыць яго?

- Крычар не змог пакінуць на ім нават драпіны, - выў эльф, - Крычар выкарыстаў усё, усё што ён ведаў… але нічога не дзейнічала… так шмат магутных закленаў і ўсё ўпустую… Крычар быў упэўнены, каб знішчыць медальён, яго трэба адчыніць. Але ён не адчыняўся! Крычар караў сябе, ізноў спрабаваў адчыніць, ізноў караў… і зноў… і зноў… Крычар не выканаў загад, Крычар не змог знішчыць медальён! А спадарыня была такая злая і засмучаная, таму што Гаспадар Рэгулус знік, а Крычар не мог сказаць ёй, што здарылася, не, не мог… - эльф пачаў заікацца - таму што гаспадар Рэгулус за-за-забараніў яму гаварыць каму-небудзь ў ся-ся-сям’і аб тым, што здарылася ў пя-пя-пячоры…

Крычар так цяжка уздыхаў, што разабраць штосьці яшчэ было немагчыма. Па шчоках Герміёны цяклі слёзы, калі яна глядзела на душэўныя пакуты эльфа, але яна больш не асмелілася ізноў паспрабаваць да яго дакрануцца. Нават Рон, хто ўжо сапраўды не выпрабоўваў пяшчоты да Крычара, выглядаў усхваляваным. Гары ўстаў і патрос галавой:

- Я не разумею цябе, Крычар, - сказаў Гары нарэшце, - Вальдэморт спрабаваў забіць цябе, Рэгулус памёр, спрабуючы паслабіць Вальдэморта, і ўсё ж ты без гайданняў здрадзіў Сірыюсу. Ты быў так рады пайсці да Нарцысы і Белатрыкс і ўсё ім расказаць, расказаць Вальдэморту праз іх.

- Гары, ты памыляешся, Крычар не думае падобным чынам,- Герміёна трохі супакоілася і выцерла слёзы тыльным бокам далоні.- Крычар нявольнік, дамавыя эльфы звычныя да кепскага, нават жудаснага звароту. Нават тое, што з ім зрабіў Вальдэморт не так ужо адрозніваецца ад іх паўсядзённага жыцця. На эльфах часта выпрабоўваюць заклёны. Што для Крычара войны чараўнікоў? Ён верны тым людзям, каму належыць, сваёй сям’і, тым, хто добрыя да яго. Як магчыма была добрай місіс Блэк, і Рэгулус несумненна добра абыходзіўся з ім. Таму ён служыў ім неўсвядомленна і паўтараў іх ідэі.

- Я ведаю, што ты жадаеш сказаць, Гары, - сказала Герміёна, перш чым Гары нават паспрабаваў нешта адказаць. - Я ведаю, ты скажаш, што "Рэгулус стаў супраць Цёмнага Лорда…“але, мабыць, ён так нічога не растлумачыў Крычару. І я, здаецца, ведаю чаму: Крычар і сям’я Рэгулуса былі ў бяспецы ад Вальдэморта і яго служкаў, пакуль прытрымліваліся гэтай пазіцыі - чыстай крыві. Рэгулус спрабаваў абараніць іх усіх.

- Але Сірыюс…

- Сірыюс жудасна абыходзіўся з Крычарам, Гары, і няма чаго на мяне так глядзець, ты і сам ведаеш, што гэта праўда. Крычар так доўга быў адзін, а потым Сірыюс пераехаў сюды жыць, яму было вельмі патрэбна хоць трохі клопату, хоць трохі цеплыні. Я ўпэўнена, што міс Цысі і місіс Бэла былі куды прыемней Крычару, чым Сірыюс, і, калі яны з’явіліся, ён аказаў ім паслугу -расказаў, што яны жадалі ведаць. Я б сказала, усе чараўнікі, хто дрэнна звяртаюцца з хатнімі эльфамі, калі небудзь паплацяцца за гэта, вось Вальдэморт паплаціўся і… Сірыюс таксама.

Гары не было, чаго адказаць. Ён глядзеў на Крычара, усхліпваючага на падлозе, і прыпомніў, што Дамблдор сказаў яму ўсяго праз некалькі гадзін пасля смерці Сірыюса."Не думаю, што Сірыюс калі –небудзь лічыў Крычара, як істоту са здольнасцю адчуваць, як чалавек."

- Крычар, - сказаў Гары праз некаторы час, - калі табе стане э… лепей, сядзь, калі ласка…

За некалькі хвілінаў да гэтага Крычар нарэшце замоўк. Зараз ён сеў і, нібы дзіця, цёр вочы кулачкамі.

- Крычар я хачу папрасіць цябе сёе-тое зрабіць, - Гары паглядзеў на Герміёну, ён хацеў аддаць загад Крычару мякка, але ў той жа час так, каб той не вырашыў, быццам яго словы можна праігнараваць. Усёткі падобнай пераменай у тоне свайго голасу ён дабіўся адабрэння ў Герміёны. Яна усміхнулася, і гэтая ўсмешка надала Гары ўпэўненасці.

- Крычар я хачу, каб ты пайшоў і знайшоў Мундунгуса Флетчэра, нам трэба высветліць, дзе медальён… дзе медальён гаспадара Рэгулуса. Гэта вельмі важна. Мы жадаем скончыць тое, што пачаў гаспадар Рэгулус. Мы жадаем э… пераканацца, што яго смерць не была марнай.

Крычар выцягнуўся, трымаючы рукі па швах са сціснутымі кулачкамі.

- Знайсці Мундунгуса Флетчэра, - праскрыпеў ён.

- Так, і прывядзі яго сюды да Плошчы Грыма. Як думаеш, ты зможаш зрабіць гэта для нас?

Крычар пакланіўся і ўстаў на ногі, раптам Гары ахінула. Ён дастаў з кашалька Хагрыда фальшывы медальён, у які Рэгулус уклаў сваю занатоўку Вальдэморту.

- Крычар, я жадаю, каб гэта было ў цябе, - Гары ўклаў медальён у руку эльфа, - гэта належыла Рэгулусу. Хай медальён будзе ў цябе ў знак нашай падзякі за тое, што ты…

- Шах і Мат, Гары, ты перастараўся.

Ледзь убачыўшы медальён, эльф выдаў працяглы вый і зноў паваліўся на падлогу. Сыйшло амаль паўгадзіны на тое, каб супакоіць Крычара, які быў такі шчаслівы ад таго, што яму вырашылі ўручыць сямейную рэліквію. Калі ж ён нарэшце змог стаяць на нагах, уся кампанія адвяла Крычара да яго каморкі, дзе ён схаваў медальён у складках сваіх брудных коўдраў і запэўнілі яго, што клопат аб медальёне будзе для іх галоўным прыарытэтам, пакуль Крычара няма.

Затым ён двойчы пакланіўся Гары і Рону. За секунду да апарыравання Крычар выканаў нейкі кароткі жэст у бок Герміёны. Мусіць, гэта быў жэст павагі або хаця б яго спроба. Потым ён знік з характэрным гукам.