Мэта: паглыбіць веды вучняў пра жыццё І творчасць Уладзіміра Дубоўкі, прасачыць на прыкладзе паэтычных твораў за патрыятычнай адданасцю паэта, выхоўваць любоў да сваёй Радзімы

Вид материалаДокументы

Содержание


2-і вядучы
Вучаніца чытае верш
1-ы вядучы.
2-і вядучы
Вучаніца чытае верш.
1-ы вядучы.
Вучань чытае верш
2-і вядучы.
Вучаніца чытае верш “Ля Мядзела ёсць возера адно”.
1-ы вядучы
Вучань чытае верш.
2-і вядучы
1-ы вядучы
2-і вядучы.
1-ы вядучы.
Вучань чытае верш.
2-і вядучы.
1-ы вядучы.
2-і вядучы.
Подобный материал:
УА «Курапольская дзяржаўная агульнаадукацыйная базавая школа Пастаўскага раёна “


Паэтычныя чытанні

А колькі б дзе ні вандраваў


Падрыхтавала

Захарэвіч Н.К.,настаўніца

беларускай мовы і літаратуры


2009 г.

Мэта: паглыбіць веды вучняў пра жыццё і творчасць Уладзіміра Дубоўкі, прасачыць на прыкладзе паэтычных твораў за патрыятычнай адданасцю паэта, выхоўваць любоў да сваёй Радзімы.


1-ы вядучы.

Паважаныя сябры! Запрашаем на паэтычныя чытанні “А колькі б дзе ні вандраваў”, прысвечаныя творчасці Уладзіміра Дубоўкі. Вы паслухаеце вершы нашага паэта-земляка , панаёміцеся з яго жыццёвым шляхам.

2-і вядучы.

Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка—наш зямляк, чалавек вялікага паэтычнага дару і нялёгкага драматычнага лёсу. Паэт—пяюн рэвалюцыі і яе ахвяра. Любіў Беларусь,

а амаль усё жыццё пражыў за яе межамі. Ён увесь час у думках пра Беларусь.Паслухайце верш У.Дубоўкі “Жыццё нас вабіць”.

Вучаніца чытае верш.

Не трэба нам спяваць на Беларусі?

Жыццё нас вабіць, кліча нас жыццё.

І за Радзіму песнямі малюся,

як па-над возерам лясным трысцё.


Не зараслі трыпутнікам дарогі

на родных, любых сэрцу берагоў.

Мінаюць дні, а з імі і трывогі

з павольным рокатам пакоцяцца далоў.


Далёка я… А ты ў даляглядзе

з’яўляешся, як непазбыўны сон.

Спакой жаданы, ціхае суладдзе

дае на сэрца і на думкі ён.


І ў гэты час, урочысты, узняты,

якіх даўно не адчуваў, не меў,

пад ціхі гоман пушчавае шаты

ў сэрцы шчыры выспеліўся спеў.


Краіна працы, вечнага змагання,

надзеі нашы здзейсняцца ўсе.

Мы дачакаем светлае Світанне:

Яно лагоду і спакой нясе.


1-ы вядучы.

Нарадзіўся паэт 15 ліпеня 1900 года ў вёсцы Агароднікі Пастаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Яго бацька рана падаўся ў рабочыя. Працаваў у Манькавічах на бровары, дзе пакалечыў руку ( машына адарвала ўсе пальцы). Пасля гэтага змяніў некалькі прафесій. Характар меў лагодны.

Маці будучага паэта з Язяў, што ля возера Доўжа. “Мая маці была непісьменнай,--пісаў У.Дубоўка,--але мела ясны прыродны розум, любіла беларускую мову, якой і навучыла мяне. Была вялікай працаўніцай”.


2-і вядучы.

Маленства паэта прайшло ў Агародніках і каля Доўжы, на радзіме маці. Родныя краявіды, начлег у полі, музыка азёрных хваль, пошум бору, мелодыі мясцовых гаворак і песень сталі для хлопчыка тымі крыніцамі, якія жывілі душу паэзіяй.Родныя краявіды назаўсёды запаланілі душу паэта. Свае пачуцці аўтар выказаў у вершы “А колькі б дзе ні вандраваў”.


Вучаніца чытае верш.

А колькі б дзе ні вандраваў,

хоць добра ўсюды і прыгожа,--

мяне цягнула да Пастаў,

хацелася пабыць ля Доўжа.


Ў айчыне многа гарадоў

І вёсак—незлічоны шэраг.

А ўсё ж адсюль у свет пайшоў,

І тут ён, гэты самы бераг.


Матуля тут сваёй рукой

мне на кашулі прала кужаль.

Закрыта ўсё сырой зямлёй,

і аб сынах яна не тужыць.


На гэтай, на сырой зямлі

расло і спела тое збожжа,

з якога самі мы раслі

для працы ўпартай, пераможнай.


На гэтай, роднай мне зямлі

бывала гора больш, чым сніцца.

Цераз яе не раз ішлі

праклятых войнаў калясніцы.


За разам раз—цяжэй, цяжэй

яна здрыгалася ад болю.

А ўсё ж прыйшла да ўсіх людзей,

шчаслівая настала доля.


Спаткаўся з роднаю зямлёй,

жадаю шчырым сэрцам роднай:

каб больш не знацца нам з вайной,

каб больш не знаць вайны ніводнай!


1-ы вядучы.

У шэсць гадоў бацькі аддалі Уладзіміра ў Манькавіцкую пачатковую школу. Наогул, Манькавічы адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні светаўспрымання паэта. На той час гэта было мястэчка з княскім палацам, вялікім паркам, броварам, млынам, вадасховішчам, царквой, вядомымі на ўсю акругу кірмашамі. Ёсць у яго верш, які так і называецца “Манькавічы”.


Вучань чытае верш.

І тут паноў было нямала,

як толькі іх зямля трымала!

Дык не хапіла церплівосці:

дала ўсім месца на пагосце.

Прыйшлі рабочыя, сяляне—

змянілі ўсё да непазнання:

такія хаты і прасторы,

што і не снілася ўчора.


2-і вядучы.

Вілейшчына, азёрная Мядзельшчына, наваколлі Нарачы і Мястры ўвайшлі сваім хараством у душу з самага маленства. У 1912-1914 гадах паэт вучыўся ў Мядзельскім двухкласным вучылішчы. У 1914 годзе У.Дубоўка паступае ў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю.Ад гэтых мясцін паэт застаўся ў захапленні.Пагэтаму і свой вершаў паэт прысвяціў аднаму з азёр Мядзельшчыны.


Вучаніца чытае верш “Ля Мядзела ёсць возера адно”.

Ля Мядзела ёсць возера адно.

Над ім дубы шумяць, гамоняць сосны.

У ім, як у празрыстай кроплі роснай,

Для воч ніколі не закрыта дно:


Заўсёды светлае і чыстае яно.

Каля яго спыняюцца і вёсны

здзіўлёныя, у захапленні млосным,

а кветы—завіваюцца ў вянок.


Пра возера я ўспамінаю гэта,

чытаючы любімага паэта:

ад сэрца шчырага глыбокі твор.


Я думаю, ты не аднойчы бачыў

лясное гэта возера, зямляча:

ты ж пахадзіў нямала ля азёр.


1-ы вядучы.

Паэт упершыню спазнаў ростань з родным светам прыроды і людзей, пагнаны на ўсход імперыялістычнай вайной, як і многія тысячы бежанцаў.У 1918 годзе пашчасціла патупіць на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, ды прыйшлося, на жаль, неўзабаве пакінуць вучобу і пайсці настаўнічаць на Тульшчыну, каб ратаваць ад голаду бацькоў. Ростань з роднай зямлёй ішла ў пары з непазбкжным сумам, ад якога не проста адхінуцца. Але тужлівасць ростані—гэта і ўзбуджальнік лірыкі. Прыкладам з’яўляецца яго верш “О Беларусь, мая шыпшына”. Паслухайце гэты верш.


Вучань чытае верш.

О Беларусь, мая шыпшына,

зялёны ліст, чырвоны цвет!

У ветры дзікім не загінеш,

чарнобылем не зарасцеш.


Пялёсткамі тваімі стану,

на дзіды сэрца накалю,

тваіх вачэй—пад колер сталі—

праменне яснае люблю.


Ніколі пройме з дзікім ветрам

не развіваць дзявочых кос.

Імкнешся да Камуны Свету,

каб радасць красавала скрозь.


Варожасць шляху не зачыніць:

у перашкодах дух расце.

О Беларусь, мая шыпшына,

зялёны ліст,чырвоны цвет!

2-і вядучы.

У вобразе Беларусі- шыпшыны з яе зялёным лістом, чырвоным цветам паэтам быў прадугаданы наш сучасны нацыянальны сцяг.Магчыма, і так. Хоць сёння ўжо трывожна і няўцешна прачытваюцца, выступаючы на першы план, два наступныя радкі—пра дзікі вецер ды пра чарнобыль. Яны балюча асацыіруюцца з Чарнобылем, што пішацца з вялікай літары.


1-ы вядучы.

У 1930 годзе паэт быў беспадстаўна абвінавачаны ў нацдэмаўшчыне, арыштаваны і высланы на пяць гадоў у Яранск, а ў 1937 годзе асуджаны на дзесяць гадоў пазбаўлення волі. Шмат прыйшлося перажыць:ён цудам уцалеў у каменаломнях, у тайзе без дапамогі дактароў памёр дванаццацігадовы сын Уладзіміра Дубоўкі. І толькі ў 1957 годзе паэт зноў вярнуўся ў Маскву і ўключыўся ў літаратурнае жыццё.Паэту, колішняму лідэру суполкі “Узвышша”, нават і пасля рэабілітацыі ў Мінску жыць не дазволілі.

2-і вядучы.

Наведванне сваёй малой радзімы адгукнуліся радкамі ў вершы “На самой радзіме”. Паслухайце гэты верш.


Вучань чытае верш.

Стаяў вось тут калісьці дом,

вайна каля яго хадзіла.

Сваім мячом, сваім агнём

яго пасекла і спаліла.


Бярозы дзве каля яго,

бярозы дзве над ім шумелі.

Не мог іх спапяліць агонь,

мячы дапамаглі не вельмі.


Сябровак прывітаў старых,

мяне сяброўкі прывіталі.

--Ваш гоман так і не заціх?

--Цябе не ўкалыхалі хвалі?


Жывіце век, жывіце два,

Мае зялёныя сяброўкі!

Адна панікне галава—

узрастуць мацнейшыя галоўкі.


І каля вас, у добры час,

пад засень гоману і вецця,

пасядуць так, як мы не раз,

шчаслівыя пасядуць дзеці.


Яны і дачытаюць там

недачытаныя старонкі.

Я песні ім свае аддам,

а вы дасцё свае гамонкі…


1-ы вядучы.

У паэтычным слове творцы гучыць любоў да роднай зямлі, да беларускай мовы, пра якую паэт гаварыў: “Як жа яе не ведаць, калі яна родная! Як жа яе не любіць, калі яе стваралі на працягу вякоў твае продкі, гаварылі на ёй, перадалі табе ў спадчыну, як самы вялікі скарб твой”… Адзін са сваіх вершаў паэт прысвяціў роднай мове. Паслухайце яго верш “Родная мова”.


Вучань чытае верш.

Родная мова,цудоўная мова!

Ты нашых думак уток і аснова!


Матчын дарунак ад самай калыскі,

ты самацветаў яскравая нізка.


Кожны з іх барвы дзівосныя мае,

вечным агнём зіхаціць—не згарае.


Ты мне заўсёды была дапамогай,

дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.


Чую ў табе перазвоны крыніцы,

чую ў табе і раскат навальніцы,

чую павевы зялёнага бору,

водгулле працы ў родным прасторы.


Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,

кожнае слова вякамі стварана.


І на вякі яно жыць застаецца,

вечнае так, як народнае сэрца.


2-і вядучы.

Паэт нястомна паднімаў культуру роднага слова на вышыню прафесійнай дасканаласці.Уладзімір Дубоўка выступаў з крытычнымі, публіцыстычнымі і навуковымі артыкуламі па праблемах беларускай мовы і літаратуры.


1-ы вядучы.

Жыццё і творчасць Уладзіміра Дубоўкі—балючая старонка ў кнізе гісторыіі Беларусі, дзе ўціск і надзея, роспач і нясхібнасць, іржышча і рунь, малацьба і сяўба… Праз усе выпрабаванні пранёс паэт любоў да свайго роднага, беларускага—ад гуку матчынай мовы да птушкі і зёлкі.


2-і вядучы.

Уладзімір Дубоўка—лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1962) за зборнік вершаў “Палеская рапсодыя”.


1-вядучы.

Паважаныя сябры,спадзяёмся, што сённяшніяя паэтычныя чытанні пакінулі незабыўныя старонкі з жыцця і творчасці нашага знакамітага земляка, узбагацілі духоўна. Любіце сваю Радзіму, вучыцеся дабрыні і чалавечнасці.


Выкарыстаная літаратура:
  1. У.Дубоўка. О Беларусь, мая шыпшына. Мн.2002.
  2. У.Дубоўка. Выбраныя творы ў 2т.,Мн.1995.
  3. Бібліятэка прапануе. №4, 2005.