Пакінуць след на зямлі

Вид материалаДокументы

Содержание


Чалавечае шчасце
Подобный материал:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

Чалавечае шчасце


Вольга Кісялёва (Астрэйка) з’явілася на свет у той год, калі закончылася Вялікая Айчынная вайна. За два месяцы да нараджэння дочкі памёр яе бацька Міхаіл Іванавіч.

Ад дзяцінства ў памяці засталіся толькі асобныя малюнкі: маленькая хатка з бусліным гняздом на страсе, куст бэзу ля брамкі … ды ўспаміны дарослых пра страшэнны пажар лета 1948 года, які знішчыў 50 дамоў аднавяскоўцаў.

Маці – маленькая, добрая, працавітая і вельмі ціхая жанчына. Яна не мела адукацыі. Яна была звычайнай беларускай жанчынай “ад зямлі”. Яе нарадзіла зямля. Яна ж любіла, разумела зямлю, а яе адарвалі ад зямлі. Быў у сям’і нейкі конік, кароўка, з дзесятак авечак і два парсючкі… У 1952 годзе ўсё ў яе забралі і сказалі: “Віншуем! Вы цяпер калгасніца!”

У кожнага чалавека ёсць паляна дзяцінства. Вялікая, прыгожая. Яна дае пачуццё еднасці. На ёй немагчыма згубіцца. Чалавек маленькі, а на паляне ён сам па сабе, ён адчувае сябе.

У Вольгі ў Князікоўцах была такая паляна – загадкавая, з галасамі невядомых птушак, са звілістаю рэчкаю, што носіць назву Жыжма. Па вечарах там кракталі жабы. З аднаго боку паляны – сенажаць і балотца, парослае алешнікам, а з другога – узвышша, на якім стаяла цудоўная царква…

Мабыць, калі і ёсць вытокі духоўнасці – яны ўсе там, на яе дзявочай паляне.

Складаным і цяжкім было сялянскае жыццё ў тыя гады. Уся праца ў сельскай гаспадарцы выконвалася галоўным чынам жанчынамі, старымі і падлеткамі. Працавалі не пакладаючы рук. Ужо з дзесяці гадоў Вольга разам з маці хадзіла ў калгас на работу. Даводзілася і жаць, і рэзаць торф, і палоць буракі, лён, кукурузу, сушыць сена, нарыхтоўваць дровы.

Пасля восьмага класа Вольга зарабіла ў калгасе ажно 60 працадзён.

Ды і да вучобы падыходзіла з усёй сур’ёзнасцю. Вучылася прагна, шмат чытала мастацкай літаратуры, актыўна займалася грамадскай дзейнасцю. Князікоўскую васьмігодку закончыла з пахвальнай граматай. Затым вучылася ў Бердаўскай сярэдняй школе.

Маці ва ўсіх памкненнях і планах падтрымлівала Вольгу, радавалася яе поспехам, марыла бачыць дачку адукаваным спецыялістам. Заахвочвала добрым словам і парадай.

Для сябе яна ўжо даўно вырашыла – атрымае сярэднюю адукацыю і будзе паступаць у педагагічны інстытут.

Яшчэ ў Бердаўскай школе яна была лідэрам, завадатарам усіх школьных спраў. Не думалася ў тыя гады, што большасць яе жыцця будзе звязана з Бердаўкай. Але калі пасля заканчэння дзесяцігодкі дырэктар школы І.А. Якубоўскі прапанаваў ёй пайсці працаваць школьнай піянерважатай у родную школу, без ваганняў згадзілася.

Так пачалася яе педагагічная дзейнасць. А ўжо праз год піянерская дружына Бердаўскай сярэдняй школы была прызнана лепшай у раёне.

У 1963 годзе Вольга стала студэнткай-завочніцай факультэта методыкі і педагогікі пачатковага навучання Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы.

А затым было замужжа, нараджэнне першынца Сашы. Абарона дыплома. Потым нарадзілася дачушка Волечка, а праз некалькі гадоў – блізняты: Юра і Сяргей.

Дзяцей выхоўвалі ў строгасці. У першую чаргу прывівалі любоў да працы. У кожнага з дзяцей былі свае абавязкі. Каб праца не надакучвала – абавязкі чаргаваліся.

Напэўна, сям’я ўяўляе першую і найбольш важную школу, у якой ствараецца характар чалавека. Менавіта ў сям’і чалавек атрымае сваё лепшае або горшае маральнае выхаванне, таму што тут ён пачарпне правілы паводзінаў, якія набывае на ўсё жыццё. Таму і імкнуліся Вольга Міхайлаўна з мужам прывіць дзецям лепшыя чалавечыя якасці.

Працавала ў розных школах Іўеўскага і Лідскага раёнаў, бо мужа Сцяпана Рыгоравіча, галоўнага інжынера, пераводзілі з аднаго калгаса ў другі. Дырэктарствавала ў Князікоўскай васьмігодцы, настаўнічала ў Дварышчанскай, затым у Тарноўскай сярэдніх школах, а ў 1978 годзе лёс прывёў ізноў у Бердаўку. На гэты раз Вольгу Міхайлаўну прызначылі загадчыцай дзіцячага садка. Энергічна ўзялася яна за справу. Дасканала авалодала метадамі навучання і выхавання. Яна любіла сваю прафесію і дзяцей. Працавала з поўнай аддачай і пастаянна адчувала адказнасць за тое, якімі людзьмі стануць яе дзеці, шмат увагі надавала ўмацаванню матэрыяльнай базы дзіцячага садка. А яе былыя вучні і выхаванцы заўсёды ўспамінаюць, як цікава, захапляльна вяла ўрокі і выхаваўчыя мерапрыемствы, даступна тлумачыла вучэбны матэрыял, старанна рыхтавалася да заняткаў, дзе панавала атмасфера бадзёрасці, абуджала разумовыя сілы, мацавала іх волю, фарміравала характар.

Лепшыя чалавечыя якасцi – працавітасць, прыстойнасць, духоўнае багацце, дабрыня – заўсёды вылучалі Вольгу Міхайлаўну і дапамагалі заваяваць любоў і павагу вучняў і выхаванцаў, калег, сяброў, родных і блізкіх.

Вольга Міхайлаўна выхавала вялікую колькасць сваіх паслядоўнікаў. Праца яе адзначана Ганаровымі граматамі, медалём “Ветэран працы”, яе імя занесена ў Кнігу гонару Бердаўскага сельсавета. Але самая галоўная ўзнагарода – любоў і павага сваіх вучняў і выхаванцаў.

Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Вольга Міхайлаўна па-ранейшаму ўся ў клопатах, але цяпер ужо па гаспадарцы. Дзверы яе дома заўсёды гасцінна адчынены для людзей. Часта завітваюць да яе і колішнія вучні і выхаванцы. Былых педагогаў не бывае, і Вольга Міхайлаўна шчыра хварэе за сучасную адукацыю, за дашкольнае выхаванне, верыць, што лепшыя напрацоўкі будуць захаваныя. Яна цікавы і непаўторны чалавек, рамантык па натуры.

Мабыць, і праўда, што шчасце дастаецца таму, хто шмат працуе.

Вольга Міхайлаўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, шчаслівай маці. З гонарам падкрэслівае, што яна маці чацвярых дзяцей і бабуля васьмярых унукаў, і з вялікай цеплынёй і мацярынскай пяшчотаю расказвае пра іх.

Дзеці ў Кісялевых выраслі добрыя, чулыя, працавітыя. Знайшлі сваё месца ў жыцці, стварылі ўласныя сем’і, жывуць дружна. Старэйшы сын Аляксандр – буйны бізнесовец, узначальвае фірму “Уралмэбля”. Яе аддзяленні знаходзяцца ў гарадах Беразнякі і Салікамск, што ў Расіі. Валодае сеткай магазінаў па продажы офіснай і кухоннай мэблі. Шчодры, займаецца дабрачыннасцю. Матэрыяльна падтрымлівае сям’ю свайго школьнага сябра, які трагічна загінуў у Тарнова. Выступіў фундатарам выдання кнігі пра Бердаўку і яе людзей.

Падаліся да Аляксандра на Урал пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага інстытута браты Юра і Сяргей. Дачка Вольга з сям’ёю жыве ў Мастах, у яе таксама свой бізнес.

На чужой старонцы сыны вельмі сумуюць па бацькаўшчыне, дзе самая цудоўная прырода са змешанымі лясамі, з лугамі, з блакітнымі азёрамі, са звілістымі рэчкамі, дзе інакшае неба, дзе зусім па-іншаму спяваюць салаўі, жаўрукі, кнігаўкі, дзе жывуць працавітыя і гасцінныя людзі, дзе бацькоўскі дом і мілая, добрая, пяшчотная, самая лепшая ў свеце матуля. Абдыме, моцна прыцісне да сэрца і ласкавым голасам скажа : “Як я рада вам, мае любыя дзеткі!”

Дзеці і ўнукі амаль штодня тэлефануюць маці і бабулі. Яны часта прыязджаюць у Бердаўку, і тады прасторны дом Кісялёвых напаўняецца звонкім смехам і шчаслівымі радаснымі галасамі.

Мабыць, гэта і ёсць чалавечае шчасце.