Пытанні да ккр па прадмеце "Гісторыя Беларусі"

Вид материалаДокументы

Содержание


7. Статуты ВКЛ і іх значэнне
1529 гг. на Віленскім сойме быў прыняты Першы Статут ВКЛ
1569 г. у выніку Люблінскай уніі
Сталыпінская аграрная рэформа
Рэформа, ініцыятарам якой быў П.А. Сталыпін, была спробай перавеці аграрныя адносіны ў Расійскай імперыі на рэйкі капіталізму.
Культура ІХ — ХІІІ стст. на беларускіх землях
Кірыла Тураўскі
Даты: 1558-1582 – Лівонская вайна
Рэч Паспалітую
11. Беларускае адраджэнне і дзейнасць Ф. Скарыны
12. рэфармацыя на Беларусі ў XVI ст.
Асобы: М. Радзівіл Чорны
Сымон Будны
Подобный материал:
1   2   3   4   5

7. Статуты ВКЛ і іх значэнне

Першым вопытам увядзення пісьмовага права ў межах усёй літоўска-беларускай дзяржавы стаў Судзебнік вялікага князя Казіміра, уведзены ў 1468 г.

У 1528- 1529 гг. на Віленскім сойме быў прыняты Першы Статут ВКЛ. Гэта быў агульны пісаны закон для тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Яго прававая моц распаўсюджвалася на ўсіх жыхароў Вялікага Княства (за выключэнне мяшчан, якія кіраваліся нормамі магдэбургскага права).

Утрымліваючы добра распрацаваныя нормы дзяржаўнага, грамадскага, сямейнага, крымінальнага і працэсуальнага права, першы Статут замацоўваў палітычны і сацыяльны лад, дасягнуты на той час у развіцці ВКЛ. Ён уводзіў шэраг перадавых па тым часе прававых нормаў (прынцып персанальнай адказнасці за правапарушэнне, роўнасць усіх перад законам, прысягу службовых асобаў і абарону правоў жанчыны). Статут замацаваў прыярытэт князеў і паноў у палітычнай сістэме дзяржавы, і толькі ў наступнай яго рэдакцыі шляхце ўдалося сцвердзіць ролю свайго сойма

Статут 1529 г. з'яўляецца не толькі выдатным творам юрыдычнай думкі, але і найважнейшым помнікам старабеларускай мовы.

К сярэдзіне XVI ст. шляхта з'ініцыіравала надаць аднолькавы прававы статус усяму шляхецкаму стану. Новы кодэкс законаў, быў прыняты на Віленскім сойме 1565—1566 г., стаў важнай заваёвай шляхты ў яе барацьбе за дэмакратыю. Другі Статут умацаваў палітычна—прававую суб'ектнасць Вялікага Княства як дзяржавы, дэклараваўшы прынцып яго тэрытарыяльнай цэласнасці і абавязаўшы гаспадара вяртаць землі, страчаныя хоць калі на карысць Кароны, Мазовіі, Прусіі ці Інфлянтаў. Спецыяльным запісам прэрагатыва ўвядзення і змянення законаў перадавалася толькі вальнаму сойму. Новы Статут замацаваў поспехі шляхецкага руху супраць неабмежаванага панавання алігархаў. Менавіта ў гэтым кодэксе сцвердзілася як ідэя шляхецкага «народа» — рыцарства, высакародных землеўладальнікаў, якія служаць дзяржаве, а сродкі на жыццё маюць ад земляробства, так і прынцыпы станавай дзяржаўнасці. Статут унёс карэнныя змены ў аснову дзяржаўна-палітычнага жьцця. Вальны сойм цяпер стаў двухпалатны: да гаспадарскай рады (сената) дадалася палата паслоў, і прадстаўнікі павятовай шляхты займелі настолькі ж важны для прыняцця законаў голас, як і паны.

У 1569 г. у выніку Люблінскай уніі Карона Польская і ВКЛ утварылі канфедэрацыю дзяржаў пад назвай Рэч Паспалітая.

Трэці Статут ВКЛ (1588 г.) стаў значнай перашкодай на шляху уніфікацыі палітычных сістэм Кароны і ВКЛ. У Вільні новы кодэкс законаў разглядаўся як прававая гарантыя адасобленасці Вялікага Княства ад Кароны, аснова яго самастойнасці і паўнавартасці як дзяржавы. Не скасоўваючы Люблінскага акта, новы Статут фактычна пазбаўляў яго юрыдычнай сілы, паколькі не змяшчаў ніводнай пастановы аб уніі, якая згадвалася толькі ў самым агульным плане.

Не паўтараючы ніводнага пункта Люблінскага акта аб дзяржаўным адзінстве, Статут адназначна сцвярджаў, што найважнейшыя знешнепалітычныя пытанні (вайна і мір, скліканне паспалітага рушання і г.д.) меў вырашаць толькі вальны сойм Вялікага Княства Літоўскага. Новы звод адмяніў дэклараванае ў Любліне раўнапраўе кароннай шляхты з падданымі Княства на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Палякі ў ім трактаваліся як чужаземцы (як і ў Статутах 1529 і 1566 г.). Яны больш не маглі набываць у ВКЛ зямлю і дзяржаўныя, а на нованабытых тэрыторыях можна было асядаць толькі пры ўмове служэння ВКЛ. Новы звод законаў не прызнаваў і ранейшых тэрытарыяльных стратаў на карысць польскай ці якой іншай дзяржавы.

Шэраг артыкулаў новага Статута, у прыватнасці — смяротнае пакаранне за забойства простага чалавека, прынцып індывідуальнай адказнасці і прэзумпцыі бязвіннасці, абмежаванне нявольніцтва (у якасці нявольнікаў разглядаліся толькі ваеннапалонныя), дэкларацыя рэлігійнай талерантнасці, першая рэгламентацыя прыродакарыстання і інш., — усё гэта ставіла яго на адно з першых месц у практыцы еўрапейскай законатворчасці і прававой культуры.

На беларускіх землях Статут 1588 г. заставаўся асноўным законам да канца існавання Вялікага Княства Літоўскага. У Беларусі III Статут адмяніла толькі імператрыца Кацярына II пасля інкарпарацьгі тэрыторыі ВКЛ у склад Расійскай імперыі, але Павел І вярнуў Трэцяму Статуту сілу закону, і ў 1811 г. ён быў надрукаваны яшчэ па-расійску. Канчаткова звод 1588 г. скасаваў толькі Мікалай І (у 1831 г. — ва ўсходніх губернях Беларусі, а ў 1840 г. — у Менскай, Гарадзенскай і Віленскай).


8. Сталыпінская аграрная рэформа


Асноўныя даты:

1906 — 1915 гг. — правядзенне сталыпінскай аграрнай рэформы

Тэрміны і імёны:

Сталыпін П.А. — прэм'ер-міністр Расійскай імперыі, міністр унутранніх спраў, ініцыятар правядзення аграрнай рэформы

Абшчына — устойлівая форма сацыяльнай арганізацыі, якая характарызуецца пэўнай ступенню калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, асаблівасцямі працэсу вытворчасці і сацыяльна-грамадскага жыцця. Узнікла як арганізацыя крэўных родзічаў (родавая, сямейная абшчына) у першабытнаабшчынную эпоху.

Хутар — аднадворнае сельскае паселішча, размешчанае на адасобленым участку зямлі, дзе знаходзіцца ўся сядзіба або частка пабудоў і інвентару.

Водруб — адасоблены надзел, вылучаны з сельскага абшчыннага землекарыстання ў асабістую ўласнасць сялянскай сям'і. Селянін не пераносіў сядзібу на свой участак (гл. хутар), а заставаўся ў вёсцы.

Земства — установа, якая выбіраецца для кіравання мясцовай гаспадаркай, народнай адукацыяй, медыцнскім абслугоўваннем насельніцтва інш. Ствараліся ў паветах і губерніях з мясцовых памешчыкаў.


Рэформа, ініцыятарам якой быў П.А. Сталыпін, была спробай перавеці аграрныя адносіны ў Расійскай імперыі на рэйкі капіталізму.

Сутнасцю сталыпінскай аграрнай рэформы было разбурэнне сялянскай абшчыны і ўкараненне сялянскай зямельнай уласнасці, што было абумоўлена неабходнасцю паскарэння развіцця капіталізму на вёсцы і канчатковай ліквідацыі астаткаў прыгонніцтва ў аграрнай сферы. Сталыпінская праграма капіталістычнага рэфармавання вёскі прадугледжвала:

1). кожны селянін мог аб'явіць прыватнай уласнасцю надзел зямлі, які знаходзіўся ў яго карыстанні;

2). кожны селянін мог свабодна выйсці з абшчыны, свабодна выбраць месца жыхарства і род заняткаў;

3). кожны селянін, які замацаваў зямлю ў прыватную ўласнасць, мог патрабаваць аб'яднання ўсіх яго раскіданых палосак у адзіны надзел (калі на гэты надзел пераносілася сядзіба, то ўзнікаў хутар);

4). сялянам дазвалялася перасяляцца на свабодныя землі у Сібір, Сярэднюю Азію і на Паўночны Каўказ, дзе яны атрымлівалі "пад'ёмныя" і пазыкі на ўладкаванне.

З мэтай інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, павышэння культуры земляробства і жывёлагадоўлі землеўпарадкавальнымі камісіямі і земствамі прымаліся меры па ўзмацненню агранамічнай, заатэхнічнай, ветэрынарнай службаў, арганізацыі пунктаў продажу і пракату сельскагаспадарчых машын і прылад, супрацьпажарнай бяспекі.

За 1906-1915 гг. на Беларусі было створана 12,8 тыс. хутароў (12% ад агульнай колькасці гаспадарак). Паскорыўся працэс распаду феадальнай і рост буржуазнай зямельнай уласнасці. Дваране, чыноўнікі, афіцэры прадавалі сваю зямлю. Пераважная большасць гэтых зямель пераходзіла ў рукі сялян-прадпрымальнікаў, якія стваралі гаспадаркі фермерскага тыпу. У той жа час больш за 40 тыс. двароў сялян-беднякоў і сераднякоў не змаглі наладзіць гаспадарку і былі вымушаны прадаць сваю зямлю.

Істотна ўзрасла тэхнічная ўзброенасць памешчыцкіх і пэўнай часткі заможных сялянскіх гаспадарак. Назіраўся рост сельскагаспадарчай вытворчасці, пасяўныя плошчы пашыраліся за кошт пасеваў тэхнічных і кармавых культур.

За 1904 — 1914 гг. з пяці беларускіх губерняў выехала 356378 чал. Назад на Беларусь вярнуліся 36 544 чал. (10,9 % усіх выехаўшых). Палітыка перасялення паскорыла працэс сацыяльнага расслаення сялян.

Пад час правядзення рэформы ў сакавіку 1911 г. у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях былі створаны земствы.

Сталыпінская рэформа насіла ярка акрэслены буржуазны характар. Галоўным яе вынікам стала канцэнтрацыя зямельнай уласнасці ў руках сялян-заможнікаў, што з’яўлялася неабходнай умовай буржуазнай перабудовы сельскай гаспадаркі, а з другога – рост колькасці беззямельных і незаможных сялян.

9. Культура ІХ — ХІІІ стст. на беларускіх землях


Развіццё культуры ў ІХ-ХІІІ стст. ішло ў цеснай сувязі з працэсам фарміравання дзяржаўнасці на Беларусі. Першапачаткова духоўнае і культурнае жыццё цесна перапляталася з старадаўнімі вераваннямі і культамі. Нашыя продкі спавядалі язычніцтва і пакланяліся Перуну, Вялесу, Даждьбогу, Сварогу і інш. Магутны штуршок для з'яўлення культуры новага тыпу на беларускіх зямлях дало прыняцце паводле візантыйскага (усходняга) абраду ў 988 г хрысціянства. У духоўным жыцці насельніцтва Беларусі дзіўным чынам спалучаліся і перапляталіся язычніцкія і хрысціянскія традыцыі.

Ускладненне грамадскай і гаспадарчай дзейнасці разам з прыняццем хрысціянства абумовілі развіццё з канца Х ст. пісьменства. У аснову беларускай азбукі пакладзены алфавіт, створаны ў 60-я гг. ІХ ст. знакамітым балгарскім асветнікам Кірылам і адаптаваны яго вучнямі пад славянскую фанетыку. Самым старажытным помнікам пісьменства на Беларусі з'яўляецца надпіс на пячатцы полацкага князя Ізяслава (канец Х ст.). Пісьменства ХІІ-ХІІІ стст. прадстаўлена надпісамі на "Барысавых" і "Рагвалодавых" камянях (ХІІ ст.), берасцянымі граматамі (ХІІІ - першая палова ХІV ст.), на крыжы Ефрасінні Полацкай (ХІІ ст.), на цаглінах полацкага Сафійскага сабора і г.д.

У ХІ-ХІІ стст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачалася перапіска кніг. Самая першая бібліятэка была створана пры Сафійскім саборы ў Полацку. Самая старажытная рукапісная кніга - Тураўскае Евангелле (ХІ ст.). Шмат якія падзеі беларускай гісторыі адлюстраваны ў "Аповесці мінулых гадоў", створанай у пачатку ХІІ ст. кіеўскім манахам Нестарам.

Літаратура ХІІ-ХІІІ стст. прадстаўлена царкоўна-павучальнымі творамі і жыціямі святых. Выдатныя кніжнікі, высокаадукаваныя людзі і царкоўныя прапаведнікі тых часоў - Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч і Аўрамій Смаленскі.

Кірыла Тураўскі (каля 1130 - каля 1182) - пісьменнік, прамоўца, аўтар шэрагу "слоў", малітваў-споведзяў, аповесцей-прытчаў. Творы Кірылы Тураўскага набылі вялікую папулярнасць на Русі. Летапісец назваў Кірылу "рускім Златавустам".

Выдатнейшай асобай ХІІ ст. з'яўлялася Ефрасіння (Прадслава) Полацкая (каля 1101-1167). Знаходзячыся ў манастыры, яна займалася перапіскай твораў рэлігійна-маральнага зместу. Па яе замове вядомы дойлід Іаан пабудаваў мураваны храм святога Спаса, а жывапісцы распісалі яго фрэскамі. Па заказе Ефрасінні ў 1161 г. майстар-ювелір Лазар Богша зрабіў крыж для Спаскай царквы. Ён з'яўляецца шэдэўрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХII ст. і па тэхніцы выканання і мастацкаму афармленню быў роўным аналагічным лепшым тагачасным візантыйскім узорам. Заснаваныя Ефрасінняй Полацкай манастыры сталі асяродкамі асветы ў Полацкім княстве.

З прыняццем хрысціянства звязаны пачатак мураванага дойлідства на Беларусі. Самым старажытным з'яўляецца Сафійскі сабор у Полацку. У ХІІ ст. адбываецца росквіт мураванага будаўніцтва, ствараюцца мясцовыя архітэктурныя школы - полацкая і гарадзенская з самабытнымі архітэктурнымі стылямі. У ХІІ ст. узводзяцца манументальныя культавыя будынкі ў Віцебску (Блашавешчанская царква), Гародні (Каложская царква), Наваградку, Ваўкавыску, Мінску, Тураве, Пінску. У апошняй чвэрці ХІІІ ст. у Камянцы (каля Брэста) была ўзведзена 3-метровая вежа — Белая вежа.


10. Люблінская унія 1569 г.


Даты:

1558-1582 – Лівонская вайна

1569 – заключэнне Люблінскай уніі

1581 – стварэнне Галоўнага Трыбуналу

1588 – прыняцце трэцяга Статуту ВКЛ


У XVI ст. у ВКЛ паўсталі новыя супярэчнасці — паміж магнатамі (найбагацейшымі феадаламі), у руках якіх сканцэнтравалася неабмежаваная ўлада, і шматлікай шляхтай (дробнымі і сярэднімі феадаламі), да голасу якіх на пасяджэннях сойма ВКЛ ніхто не прыслухоўваўся. Падобнага не было ў суседняй Польшчы, дзе шляхецкія правы (вольнасці) дазвалялі шляхце актыўна ўдзельнічаць у палітыцы. Шляхта ВКЛ, якую прываблівалі польскія шляхецкія вольнасці, дамагалася заключэння уніі (саюза) з Польшчай, каб заняць такое ж вызначальнае становішча ў дзяржаве.

Прычыны, што прымусілі кіруючыя вярхі ВКЛ пайсці на заключэнне дзяржаўнай уніі з Польшчай, заключаліся ў наступным:
  • цяжкае знешнепалітычнае становішча ВКЛ у сувязі з Лівонскай вайной;
  • імкненне пануючага саслоўя — шляхты ВКЛ да набыцця «шляхецкіх вольнасцей», якімі валодала шляхецкае саслоўе ў самой Польшчы;
  • жаданне польскай шляхты падпарадкаваць ВКЛ у якасці багатага прыдатку да Польшчы і атрымаць для сябе новыя землі і пасады;

ВКЛ вымушана была прымаць шмат якія польскія ўмовы аб'яднання дзвюх дзяржаў, якое адбылося 1 ліпеня 1569 г. Вышэйшым агульным органам улады станавіўся сойм, які мог збірацца толькі на тэрыторыі Польшчы (асобных соймаў як для Польшчы, так і для ВКЛ не прадугледжвалася). Кіраўнік саюза дзяржаў, якога маглі выбіраць феадалы Польшчы і ВКЛ, таксама быў агульным.

Асобнымі ў ВКЛ і Польшчы захоўваліся:
  • адміністрацыйны апарат (дзяржаўныя пасады);
  • заканадаўства (у ВКЛ яно было прадстаўлена Статутам 1566 г.);
  • судовая арганізацыя (вышэйшым судовым органам у ВКЛ з'яўляўся з 1581 г. Галоўны трыбунал);
  • войска;
  • тытул (захоўваліся афіцыйныя назвы дзяржаў пры існаванні агульнай назвы Рэч Паспалітая);
  • пячатка з сімвалам дзяржавы (у ВКЛ — выявы Пагоні, у Польшчы — выявы Арла);
  • мова афіцыйнага справаводства (старабеларуская — у ВКЛ, польская і лацінская — у Польшчы).

Вынікі Люблінскай уніі заключаліся ў тым, што ВКЛ разам з Польшчай утварылі агульную Рэч Паспалітую. Такое аб'яднанне дзвюх суседніх краін называецца федэрацыяй — дзяржавай, што складаецца з самастойных дзяржаўных утварэнняў, аб'яднаных на пэўных умовах у адзіную краіну. У складзе гэтай шляхецкай, шматнацыянальнай дзяржавы ВКЛ існавала да канца XVIII ст.

Вынікамі Люблінскай уніі засталася незадаволена большая частка магнатаў ВКЛ, якой цяпер трэба было дзяліць палітычную ўладу з польскімі кіраўнікамі. Антыпольскія настроі ўвасобіліся ў барацьбе за захаванне самастойнасці ВКЛ. У 1581 г. быў створаны Галоўны трыбунал — вышэйшы судовы орган для ВКЛ. У 1588 г. з дапамогай канцлера ВКЛ Льва Сапегі быў падрыхтаваны і выдадзены Статут ВКЛ 1588 г. Па зместу Статута займаць дзяржаўныя пасады і атрымліваць землі ў Вялікім княстве маглі толькі грамадзяне ВКЛ.


11. Беларускае адраджэнне і дзейнасць Ф. Скарыны


Даты:

1517 – выданне першай кнігі Ф. Скарыны

1522 – выданне Ф. Скарынам першай кнігі на тэрыторыі ВКЛ (у Вільні)


Развіццё культуры Беларусі ў XVI — пачатку XVII ст. атрымала назву «Беларускае Адраджэнне». Яно было цесным чынам звязана з Рэнесансам — развіццём заходнееўрапейскай культуры ў перыяд зараджэння буржуазнага грамадства ў XIV—XVI стст. Культура Беларусі арганічна ўспрыняла гуманізм (у перакладзе з лацінскага — «чалавечы») — сістэму поглядаў, якія найвышэйшай каштоўнасцю абвяшчалі самога чалавека і яго права на свабоднае развіццё, лічылі яго не «рабом божым», а творцам.

Сярод шэрага такіх прадстаўнікоў еўрапейскага Адраджэння, як Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Томас Мор, Мікалай Капернік і іншых варта назваць імя беларускага і ўсходнеславянскага гуманіста, першадрукара і асветніка, вучонага і пісьменніка, ураджэнца старажытнага Полацка Францыска Скарыны (каля 1490 г.— 1551 г.). Першапачатковую адукацыю ён набыў, як мяркуюць гісторыкі, у Полацку і Вільні, затым у 16 гадоў скончыў філасофскі факультэт Кракаўскага універсітэта. У Кракаве ён атрымаў ступень бакалаўра — першую вучоную ступень у сярэдневяковых еўрапейскіх універсітэтах. Затым ён паспяхова здаў экстэрнам (без навучання) экзамен на званне доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце ў 1512 г.

Кнігавыдавецкая дзейнасць Ф. Скарыны спалучала ў сабе вопыт еўрапейскага кнігадрукавання і традыцыі беларускага мастацтва. 6 жніўня 1517 г. Ф. Скарына першым сярод усходніх славян выдаў у чэшскім горадзе Празе (бо на роднай зямлі не было яшчэ неабходных умоў для пачатку друкарскай справы) друкаваную кнігу — «Біблію». Ён зрабіў пераклад Бібліі на мову, набліжаную да беларускага пісьменства і зразумелую простаму люду — царкоўнаславянскую мову беларускай рэдакцыі.

Значнасць той справы, што зрабіў Ф. Скарына, заключаецца ў надрукаваных ім 20 кнігах Бібліі, яго асабістых прадмовах і пасляслоўях, змешчаных ў тэксце гравюрах — іпюстрацыях, выкананых адпаведным чынам (іх налічваецца 51). Ф. Скарына тройчы дае ў выдадзеных ім кнігах уласны партрэт. Гэта адзіны выпадак за ўсю гісторыю выданняў Бібліі ва Усходняй Еўропе. На тытульным аркушы Бібліі адлюстравана, як лічаць даследчыкі, выява пячаткі (герба) Скарыны як доктара медыцыны.

Друкарская дзейнасць Ф. Скарыны працягвалася таксама на тэрыторыі ВКЛ. У наладжанай ім у сталіцы ВКЛ Вільні друкарні ў 1522, 1525 гг. ён выдаў дзве кніжкі: «Малую падарожную кніжку» і «Апостал».

Выдавецкая дзейнасць Ф. Скарыны лічыцца грамадзянскім (жыццёвым) подзвігам, бо не ўсе, у тым ліку і царква, разумелі яго асветніцкую працу. Друкаваная Ф. Скарынай Біблія нарушала каноны (правілы), што існавалі пры перапісванні царкоўных кніг, змяшчала ў сабе тэксты ад самога выдаўца і нават гравюры з яго выявай. Галоўным злачынствам царква лічыла самастойны пераклад Бібліі, за што Скарыну маглі пакараць.

Погляды Ф. Скарыны сведчаць аб ім як асветніку, патрыёце, гуманісту. У тэкстах Бібліі асветнік Ф. Скарына паўстае чалавекам, які садзейнічае распаўсюджванню пісьменнасці, ведаў. Аб гэтым сведчаць такія радкі: «Усялякаму чалавеку трэба чытаць, бо чытанне — люстра нашага жыцця, лекі для душы». Наш першадрукар — пачынальнік новага разумения патрыятызму — любові і павагі да сваей Бацькаўшчыны. Усе прадмовы і пасляслоўі ў Бібліі Ф. Скарыны, дзе ён раскрывае глыбокі сэнс біблейскіх паданняў, прасякнуты клопатам аб разумным упарадкаванні грамадства, выхаванні чалавека, усталяванні дастойнага жыцця на зямлі.


12. рэфармацыя на Беларусі ў XVI ст.


Даты:

30-40-я гг. ХVI ст. – паяўленне ў ВКЛ першых пратэстантаў

1562 – выданне С. Будным першай кнігі на тэрыторыі Беларусі

1570 – запрашэнне ў ВКЛ езуітаў. Пачатак Контррэфармацыі


Асобы:

М. Радзівіл Чорны

С. Будны

М. Лютэр

Ж. Кальвін


Рэфармацыя — шырокі грамадска-палітычны рух, накіраваны супраць усеўладдзя каталіцкай царквы. Прыхільнікі Рэфармацыі выступалі за рэформу каталіцкай царквы, каб яна стала таннай для прыхажан, за богаслужэнне на роднай мове, выказвалі пратэст супраць царквы як буйнога землеўласніка і пышных каталіцкіх набажэнстваў (адсюль назва аднаго з кірункаў унутры хрысціянства — пратэстантызм), адмаўлялі неабходнасць царквы як пасрэдніка паміж Богам і людзьмі.

У адрозненне ад Заходняй Еўропы рэфармацыйны рух не стаў у ВКЛ народным, а ахапіў толькі вышэйшыя колы грамадства — у першую чаргу магнатаў. Такія магнацкія роды, як Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы і іншыя, далучыліся да Рэфармацыі з палітычным разлікам. У перыяд да заключэння Люблінскай уніі яны жадалі адасобіцца ад каталіцкай Польшчы і замацаваць сваю самастойнасць у кіраванні ВКЛ. Шляхта і гараджане, якія падтрымалі Рэфармацыю, выступалі з патрабаваннямі таннай царквы (памяншэння платы за правядзенне царкоўных абрадаў і т. п.).

Найбольш адметным прадстаўніком рэфармацыйнага руху на Беларусі, якога вобразна называюць «бацькам Рэфармацыі ў ВКЛ», стаў адзін з самых знакамітых прадстаўнікоў вядомага магнацкага роду Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565 гг.). Мікалай Радзівіл Чорны, займаючы пасаду канцлера ВКЛ, імкнуўся яшчэ да падпісання Люблінскай уніі, якую лічыў адмоўнай з'явай, узмацніць палітычную ролю ВКЛ. Аўтарытэт Мікалая Радзівіла Чорнага спрыяў масаваму пераходу шляхты ў пратэстантызм. Свае творы яму прысвяціў адзін з заснавальнікаў рэфармацыйнага руху ў Заходняй Еўропе — Жан Кальвін. У ВКЛ у XVI ст. з усіх пратэстанцкіх плыняў наибольшие распаўсюджанне атрымаў кальвінізм. Яго прыхільнікі ўзялі за аснову ідэю пачынальніка Рэфармацыі ў Заходняй Еўропе Марціна Лютэра аб тым, што чалавека нельга прымусіць верыць у што-небудзь, што кожны чалавек валодае правам на свабоду сумлення (свабоду веры). Кальвіністы лічылі, што ва ўзаемаадносінах паміж Богам і чалавекам апошні выратуе сябе ад пекла толькі праз веру, а не праз царкву. Упершыню за ўвесь час існавання хрысціянства кальвіністы разглядалі працу як доўг чалавека перад Богам і пад-трымлівалі прынцып «Хто не працуе, той не есць».

Мікалай Радзівіл Чорны садзейнічаў заснаванню друкарні ў Нясвіжы. Тут царкоўны дзеяч і вучоны-асветнік Сымон Будны (каля 1530-1593 гг.) выдаў у 1562 г. кнігу «Катэхізіс» (сімвал веры), якая з'явілася першай друкаванай беларускамоўнай кнігай на землях сучаснай Беларусі. Сымон Будны лічыў, што ў адносінах паміж вернікам і Богам не павінна стаяць царква, а галоўным для прыхаджан з'яўляецца вера ў Бога, а не пакланенне яму ў касцёле. Ён адмаўляў агульнапрынятае ў тыя часы ўяўленне людзей аб жыцці душы пасля смерці, не прызнаваў бязгрэшнага зачацця дзевы Марыі, ад якога нарадзіўся сын Божы — Ісус Хрыстос.

Ва ўсіх краінах Еўропы, дзе пратэстанты займелі ўплыў, у другой палове XVI ст. разгарнуўся рэлігійна-палітычны рух супраць Рэфармацыі — контррэфармацыя. Галоўнымі яго ўдзельнікамі сталі езуіты. Іх дзейнасць не была значнай пры гаспадаранні Жыгімонта II Аўгуста і набыла моц пры наступных кіраўніках Рэчы Паспалітай, асабліва ў час праўлення Жыгімонта III Вазы (1587—1632 гг.). Пачалі зачыняцца пратэстанцкія друкарні і пачатковыя школы, што існавалі пры зборах— пратэстанцкіх абшчынах, а пратэстантаў рознымі шляхамі вярталі ў каталіцтва. Аднак контррэфармацыя ў ВКЛ адбывалася не такімі жорсткімі сродкамі, як, напрыклад, у Францыі.