Сімвалізм у літаратурна-крытычнай рэцэпцыі
Вид материала | Документы |
Содержание«але застаюцца рэчы…» Паэзія не хлеб надзённы, але – наддзённы |
- Развіццё літаратурна-творчых здольнасцей вучняў сродкамі ўрокаў беларускай мовы І літаратуры, 540.77kb.
- Сэрцам да зямлі сваёй літаратурна-музычная кампазіцыя да 150-годдзя янкі лучыны, 216.14kb.
- План выпуску літаратуры на 2010 год мінск, 3160.87kb.
Гукатворчасць Алеся Разанава і еўрапейская літаратурная традыцыя
Адна з найважнейшых сфер, у якой А. Разанаў актуалізуе свае ўяўленні пра чалавека і свет і якая лучыць паэта з еўрапейскім кантэкстам, – гэта сфера гукатворчасці. На слыхавое ўспрыманне разлічаны вельмі многія – калі не ўсе – яго творы. Тут мы звяртаемся да тых еўрапейскіх аўтараў, якія гуку, гучанню надавалі першаснае значэнне.
Звычайна мову, як паветра, не заўважаеш. Здаецца, толькі японцы ды французы да ўласнай мовы ставяцца інакш. У астатніх жа звычайна няма часу, каб спыніцца, паспрабаваць слова «на смак», «пагуляць» з ім, задумацца над яго лёсам, звязаць лёс слова, аблічча слова з лёсам рэчы, з’явы, чалавека, народа, усвядоміць, у рэшце рэшт, што слова – гэта форма нашай прысутнасці ў свеце, і такі элемент, як гук, можа расказаць розуму і душы пра нешта нябачанае, нязнанае. Нездарма Эліят гаварыў пра неабходнасць як для паэта, так і для чытача так званага слыхавога ўяўлення. «Тое, што я называю „слыхавым уяўленнем“, – пісаў Эліят, – гэта пачуццё стылю і рытму, якое пранікае значна глыбей за свядомыя ўзроўні мыслення і пачуцця, надае сілу кожнаму слову; яно апускаецца да самага прымітыўнага і забытага, вяртаецца да вытокаў, штосьці набываючы там; шукае пачатак у канцы. Яно праяўляецца, вядома, праз значэнні, або не адасабляецца ад значэнняў у звыклым сэнсе, і сплаўляе старое і сцёртае ў памяці з банальным, цякучым і новым, дзіўным, самае старажытнае мысленне з самым цывілізаваным» (13, 24).
Вядома, напрыклад, што М. В. Ламаносаў звязваў з адпаведнымі гукамі свае эстэтычныя і прасторавыя ўяўленні, а Гегель быў перакананы, што кожны гук з’яўляецца знакам пэўнай канкрэтнай ідэі і спрыяе ўзнікненню ў чалавека паэтычнага ўспрымання свету.
Вялікую ўвагу гуку надаюць філолагі. У 70–80-я гг. ХХ ст., напрыклад, у філалогіі вылучылася нават новая галіна – фонасемантыка, інакш кажучы – тэорыя зместавасці гукавой формы ў мове. Фарміраванне гэтай навуковай галіны наўрад ці адбылося б без удзелу кібернетыкі: менавіта з дапамогай камп’ютэраў вучоныя атрымалі магчымасць апрацоўваць безліч слоў і гукавых камбінацый. Асноўнае пытанне, на якое імкнуліся знайсці адказ даследчыкі, заключалася ў наступным: толькі семантыка слоў нясе ў сабе пэўную інфармацыю ці іх гукавыя выявы таксама з’яўляюцца сэнсаносьбітамі? Працяглая праца ў гэтым накірунку прывяла да высновы: мова ўзнікае менавіта са спалучэння ў слове гучання і значэння.
Каго, як не мастакоў слова, у розныя эпохі і ў розных нацыянальных літаратурах маглі ў найбольшай ступені хваляваць таямніцы гука? Вялікае значэнне гучанню верша надавалі рускія паэты У. Маякоўскі, Г. Ахматава, яшчэ раней – М. Някрасаў. А маючы на ўвазе паэзію А. С. Пушкіна, звычайна згадваюць знакамітае яго: «союз звуков, чувств и дум». Цудадзейнай сіле «гукаў крэўнай мовы» (Р. Барадулін) прысвяцілі свае творы і беларускія пісьменнікі – і старажытныя, і сучасныя.
Прыкладна з сярэдзіны ХІХ ст. у еўрапейскай паэзіі назіраецца не толькі міжвольнае ўсведамленне значнасці гука, але і ўласна гукатворчасць. Аўтары імкнуцца максімальна выкарыстаць усе фанетычныя, танальна-меладычныя магчымасці верша, шукаюць пэўныя адпаведнасці паміж гукамі, колерамі, пахамі, вобразамі. Асабліва яскрава гэта тэндэнцыя дала пра сябе знаць у творчасці Бадлера. Адзін верш з яго «Кветак зла» (1857) пазней будзе надзвычай імпанаваць французскім сімвалістам. Гэта верш «Адпаведнасці», пад уплывам якога А. Рэмбо напісаў свой вядомы санет «Галосныя», пабудаваны на адпаведнасцях паміж гукамі і колерамі. У ХХ ст. вельмі цікавыя паэтычныя эксперыменты з гукам прапанавалі чытачу Г. Апалінэр, К. Бальмонт, В. Хлебнікаў і многія іншыя. У беларускай паэзіі традыцыю гукатворчасці паспяхова працягнуў А. Разанаў.
Да гука А. Разанаў ставіцца з падкрэсленай і свядомай увагай. Чытач успрымае вербальную арганізацыю, рытм, мелодыку твора – усё, што можна аб’яднаць паняццем «гукапіс», – не як простую абалонку для зместу, а менавіта як сэнсаносьбіты. Цікавасць да эстэтычных і філасофскіх магчымасцей гука дапамагала А. Разанаву ствараць і ‹‹аўтарскія›› жанры – разнастайныя варыяцыі паэтычнай мініяцюры: версэты, пункціры, вершаказы, зномы. «У мініяцюр свая паэтыка, свае асаблівасці і свае задачы, якіх не вырашыць буйной форме, – сцвярджае паэт. – У мікрасвеце мініяцюр не менш таямніц і магчымасцей, чым у макрасвеце іншых жанраў. У мініяцюры пачынае істотнець не толькі асобнае слова, але і асобная літара, гук. Гук – “электрон” верша» (7, 223). «Менавіта з увагі да гуку, з патрэбы гуку стаць сэнсам… і ўзніклі такія мае аўтарскія жанры, як квантэмы і вершаказы» (14), – заўважае паэт.
У значнай меры гэтыя жанры і створаны праз гук, праз своеасаблівую хвалю, праз якую толькі і можа , на думку А. Разанава, агучвацца той, а не іншы жанр. У кожнага жанру свая такая хваля, свой дыяпазон, свае перыяды і частоты, свая рытміка-інтанацыйная структура. І толькі гэтай, а не іншай хвалі або ноце пэўны жанр захоча «адгукнуцца». Мова, ці «гукавая прастора», лічыць паэт, змяшчае ў сабе жыццё ва ўсёй яго разнастайнасці, побытавых і быційных, камічных і трагічных праявах і падзеях. У гэтую «гукавую прастору» ўкладаюцца «ўся зямля і ўсё неба», «укладаецца космас», зацікаўлены, як кажа мастак, і ў беларускай мове.
«Якраз у падаснове прыгожага пісьменства і знаходзіцца гук. Гэта, як, скажам, карані ў дрэва. Гук – гэта карані» (14), – даводзіць Разанаў. Як для каранёў натуральны стан – нябачнасць, так і жыццядзейнасць гукаў ахутана таямнічым арэолам. Гэтай загадкавасці гук не пазбаўляецца, але ў пэўнай ступені нібы размяркоўвае яе ў творы. Карані сведчаць пра сябе праз лісце, галіны, ствол, кветкі. Кветкі гукаў, плён гукавых узаемасувязей – мастацкі твор. Тут гук сябе знаходзіць, раскрывае сваю прыгажосць і моц.
Менавіта так адбываецца з гукам у творах А. Разанава. Здольны пранікнуць у магію гука паэт у маленькім па аб’ёме творы з трох – шасці радкоў увасабляе вельмі ёмісты змест. У адным вершаказе або пункціры ўзнікае ва ўсёй паўнаце нейкая адна з’ява або рэч, у другім – іншая, разам жа яны ствараюць свайго роду «мазаіку эпасу».
Надзвычай важную функцыю выконвае гук у вершаказах. Па сутнасці, мы маем тут справу з гукаадлюстраваннем той або іншай рэчы, калі вобразы ствараюцца праз гукі і іх камбінацыі:
«Павуцінне як ціна…» (7, 90).
«Бор – збор, сабор самых адборных дрэў, абрэвіятура, якая да ўсіх мае дачыненне…
У бары бруіцца крынічка.
Бор пахне жывіцаю і чаборам,
З борам бораецца барэй і братаецца бура» (7, 92).
«…Сярод астатніх распазнаных раслін верас нібы версэт сярод вершаў: у параўнанні з дрэвамі ён – трава, у параўнанні з травою – дрэва, і ў параўнанні з іхнімі “веравызнаннямі” яго “веравызнанне” – ерась…» (7, 93).
На перагукванні будуюцца, па сутнасці, усе вершаказы. Гук у іх становіцца першаэлементам паэтычнай музыкі. Перафразаваўшы разанаўскія радкі: «У музыцы адзення гузік усяго адзін гук, але гук ключавы, гук мужны» (7, 89), – скажам: у паэтычнай мове гук – усяго адзін элемент, але элемент ключавы, элемент мужны. Тое ж датычыцца і пункціраў; напрыклад, паўтарэнне, нанізванне гука «р» дае своеасаблівы слыхавы эфект:
«Гром загрымеў –
І адразу
аціхлі ўсе галасы:
нябёсы гавораць! » (7, 63)
У іншых пункцірах той жа мастацкі прыём актыўна ўдзельнічае ў стварэнні візуальнага, зрокавага эфекту:
«Першыя кроплі дажджу:
на плітах
азбука кропак» (7, 63).
Апроч таго, гукавая аранжыроўка, алітэрацыя ствараюць пэўную эмацыянальную атмасферу – напружаную, светла-радасную або драматычную, трывожную.
Чытач робіцца сведкам таго, як А. Разанаў выходзіць за межы звыклых рытмаў і рыфм, акунае нас у плынь зусім новых, тонкіх інтанацый, нават інтанацыйных колераў, што змушаюць паэта гаварыць іх галасамі, уваходзіць у стан, калі цяжка размежаваць пачуццё і думку.
Многія мініяцюры А. Разанава, найперш вершаказы, маюць у сабе пэўнае ключавое слова, якое і задае адпаведную інтанацыю, вызначае гучанне твора ў цэлым. Такое ключавое слова сам аўтар называе «дамінантнай рыфмай», бо менавіта яно валадарыць, пануе, сцягвае, збірае вакол сябе ўсе астатнія словы. У залежнасці ад твора такімі ключавымі словамі-дамінантамі могуць быць «збан», «грыб», «гузік››, «верас», «бор» і інш.
Надзвычай вялікую ролю гук іграе ў тых творах А. Разанава, дзе па-мастацку даследуецца слова ў іншамоўным кантэксце (дакладней – кантэкстах), у судакрананні з іншамоўнымі словамі; як правіла, аўтар прыцягвае для кантэксту словы з моў блізкіх, роднасных. У гэтым выпадку з’яўляецца выключная магчымасць прасачыць, як у адных і тых жа словах, але з розных моў праяўляюцца назапашаныя гэтымі словамі клопаты народа, яго лёс, гісторыя і перспектывы, яго, нарэшце, нацыянальны менталітэт. Але падабенства паміж гэтымі словамі ёсць, і не толькі гукавое, але і сэнсавае. Паводле А. Разанава, «гэта пэўным чынам як родзічы, як сваякі, якія апынуліся ў розных краінах, ужыліся ў свае абставіны, краявіды, у сваё наваколле, але, аднак жа, яны адзін аднаго пазнаюць здалёк» (14). Можна спаслацца на такія вершаказы, як «Венік», «Варона», «Госць» і іншыя. У вершаказе «Месяц» асэнсоўваюцца, напрыклад, украінскі, польскі, чэшскі, літоўскі, беларускі, праславянскі, старажытнаіндыйскі варыянты слова «месяц» (7, 98). Гэтыя творы А. Разанава выклікаюць асацыяцыі са знакамітымі дыскусіямі старажытных грэкаў пра вытокі слоў, найменняў розных рэчаў. Паэт перакананы, што і канкрэтнаму чалавеку пасуе пэўнае імя, у гучанні якога раскрываюцца характар і нават наканаваны носьбіту гэтага імя лёс.
Як бачым, шматмернасць разанаўскіх твораў не ў апошнюю чаргу ўзнікае дзякуючы гуку. У іх, кажучы яго словамі, «жывуць, пакутуюць, кахаюць і шукаюць ісціну» такія незвычайныя героі, як сэнсы, словы, гукі, якія тояць у сабе цэлыя драмы, абяцаюць новыя адкрыцці і спраўджваюць нашы на іх надзеі.