Вольф Рубінчык " на яўрэйскія тэмы"



СодержаниеАдкрыты ліст
Хаджэнне ў Зембін
Нат не магло прысніцца гэта Ізю
Шанс уратаваць сінагогу
Патрэбен Дзень Праведнікаў
Пешкі ў чужой гульні
Асцярожна, «Неман»!
Не пісаць
Брудныя правакацыі з выкарыстаннем Левіна
Быць антысемітам не ганебна?
Любань-2009. Кірмаш самалюбства па-яўрэйску
Чаму Беларусі варта ўвекавечыць памяць Міхоэлса
У 1948 годзе С. Міхоэлс прыехаў у Мінск ад камітэта па Сталінскіх прэміях для прагляду прапанаваных на прэмію спектакляў, загіну
Вывучэнне гісторыі яўрэяў Беларусі на пачатку XXI ст.: праблемы і выклікі
Ці ёсць у Беларусі «яўрэйская абшчына»?
Яўрэйская прэса ў Рэспубліцы Беларусь
Прывал у вулкана: сітуацыя яўрэяў Беларусі на рубяжы тысячагоддзяў (1999–2001)
Агульныя звесткі
Яўрэі і палітычная сістэма Беларусі
Антысемітызм і барацьба з ім
...
Полное содержаниеПодобный материал:

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
Вольф Рубінчык


НА ЯЎРЭЙСКІЯ ТЭМЫ”


Мінск, 2011


==================================================


НАВУКОВА-ПАПУЛЯРНАЕ ВЫДАННЕ


Рубінчык, Вольф. На яўрэйскія тэмы. Мінск: Шах-плюс, 2011. – 84 с.


Рэцэнзентка – І. В. Соркіна, кандыдатка гістарычных навук, дацэнтка (г. Гродна).


Што такое беларускае яўрэйства ў пачатку XXI стагоддзя і куды яно ідзе (коціцца)? На аснове багатага фактычнага матэрыялу аўтар прапануе сваё бачанне гэтых ды сумежных праблем.

Для шырокага кола аматараў іудаікі і гісторыі Беларусі.


==================================================


УСТУП


Ідэя гэтага зборніка выспявала даўно. У 2005 г. Сяргей Ігаравіч Панькоўскі – экс-дарадца старшыні Вярхоўнага савета, кандыдат філасофіі, цяпер ужо нябожчык – падчас нейкага квадратнага стала ўзяўся разважаць пра стан яўрэяў Беларусі, амаль нічога пра іх не ведаючы, «апрача спеваў і танцаў». Яшчэ раней граф Аляксандр М. Талстой, які выкладаў быў антрапалогію і судэканстваваў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, у «Нашай Ніве» бурчэў, што «вось і яўрэяў у Беларусі не засталося», а Якаў Трашчанок вяшчаў студэнтам, што ідыш – «скажоны дыялект нямецкай мовы». Закарцела высунуць альтэрнатыву несамавітым заявам, і не ў газетна-часопісна-інтэрнэтных публікацыях, а ў кніжцы… Пагатоў праблемы сямі-васьмі-дзесяцігадовай даўніны шмат у чым актуальныя.

У іншых выданнях «пра яўрэяў» чытачам раз-пораз унушалася, што Беларусь – «вялізныя яўрэйскія могілкі», чаго няма тутака. Насупор вынікам перапісаў 1999 і 2009 гг. я спадзяюся на тое, што беларускае яўрэйства мае будучыню. Спадзевы – крохкі фундамент, адылі ж...

Падштурхнулі да складання зборніка дзве сімпатычныя даследчыцы, Ліза Вапнэ і Клер Ле Фоль. Колькі год таму спатыкаўся з гэтымі францужанкамі ў Мінску; крыўдна было, што яны, як умелі, аглядалі нашае жыццё, «расплюшчвалі вочы» сваім суайчыннікам, а ў Беларусі лёс яўрэйства мала каго хваляваў, у тым ліку і большасць тутэйшых яўрэяў.

Тэксты першай часткі («Біццё ў званы») я суправадзіў больш-менш падрабязнымі каментарамі, бо падзеі, пра якія распавядаецца, трэ было ўлучыць у гістарычны кантэкст. Артыкулы з другой часткі («Навуковая публіцыстыка») належаць свайму часу; іх я амаль не каментаваў і, за рэдкімі выняткамі, не спасылаўся на новыя факты, хіба што дзе-нідзе выкінуў састарэлыя звесткі, паправіў стыль. Я маю хуцпу меркаваць, што ў сукупнасці нават гэтыя недасканалыя артыкулы, напісаныя адным аўтарам, створаць пэўнае ўяўленне пра ўзровень іудаікі ў Беларусі на пачатку 2000-х гг. і паспрыяюць развою нашай гістарыяграфіі. Частка трэцяя – водгукі на чужую творчасць; выбраў тыя, што здаліся мне важнымі для разумення нядаўніх падзей. Потым ідуць дадаткі – для самых цярплівых.

Упэўнены, калі яўрэям стане бліжэйшая беларушчына, а беларусам – яўрэйшчына, рэчы будуць называцца сваімі імёнамі і ўсе мы – беларусы, яўрэі, татары, французы… – годна сустрэнем эру Машыяха. Заранёў прашу дараваць моўныя шурпатасці: я не філолаг і не літаратар. Як пісаў Эля Савікоўскі ў сваім іўрыцкім вершы: «Не багаты, не вяльможа, / Чыя душа толькі ў золаце, – / Я просты яўрэй, / І ў гэтым мая сіла ды веліч». Усведамляю і нутраную супярэчлівасць канцэпту «навуковая публіцыстыка». Аднак калі дырэктару расійскага інстытута этнаграфіі Цішкову можна выдаць кнігу пад гэткім цэтлікам, чаму нельга мінскаму паштару?

Шчыры дзякуй рэцэнзентцы, Іне Соркінай з Гродзенскага ўніверсітэта, за добрыя словы пра змест гэтай кніжкі. Буду рады атрымаць ад іншых чытачак і чытачоў любыя змястоўныя лісты на адрас электроннай пошты (rubinczyk@yahoo.com).


Аўтар


І. БІЦЦЁ Ў ЗВАНЫ


Бібліятэка павінна жыць!

Адкрыты ліст



У Дзяржаўны камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь

У Саюз беларускіх яўрэйскіх арганізацый і абшчын

У прадстаўніцтва арганізацыі «Джойнт» у Рэспубліцы Беларусь

У рэдакцыю газеты «Авив»

У рэдакцыю газеты «Берега»


Мы, чытачы бібліятэкі Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка (МАЯК), выказваем скрайнюю занепакоенасць яе лёсам. Заснаваная ў 1989 г. удавой паэта Дзінай Харык, пад яе нязменным кіраўніцтвам бібліятэка стала сапраўдным ачагом яўрэйскай культуры. Яна налічвае больш за 5000 кніг, у т.л. унікальных. Яе паслугамі карыстаюцца дзесяткі людзей розных узростаў, яўрэяў і неяўрэяў, мінчан і жыхароў іншых гарадоў краіны. На жаль, з-за адсутнасці фінансавання дзейнасці МАЯКа бібліятэка зачынена ўжо больш як два месяцы. Яе знішчэнне недапушчальнае! Заклікаем усіх зацікаўленых грамадзян Беларусі і замежжа ўзяць удзел у лёсе бібліятэкі.

Подпісы: Блушчынская, Бурштэйн, Галубчык, Гельфанд, Грынёва, Давыдава, Злоціна, Звераў, Каган, Казлова, Крывашэева, Лаўрухін, Ліякумовіч, Лейтэс, Маеўскі, Маргенштэрн, Міцуль, Немік, Палонская, Раксіна, Рубін, Рубінчык, Рэлес, Слабодэр, Трэмаскіна, Фрыдман, Элентух А., Элентух Л.


Подпісы збіраліся ў канцы мая – пачатку чэрвеня 2001 г. Усяго чытачоў было каля сотні, ды многія наведвалі бібліятэку «гады ў рады» (працавала яна калі тры, а калі і два дні на тыдзень, усяго па 2-3 гадзіны) і падпісвацца не спяшаліся. Не так мне было шкада той бібліятэкі, як яе загадчыцы, якой у 2001 г. споўнілася амаль 90. Сэнс звароту заключаўся перадусім у прыцягненні ўвагі да (бяз)дзеянняў кіраўніцтва МАЯКа; у красавіку 2001 г. яно зачыніла памяшканне на Інтэрнацыянальнай, 6 і не палічыла патрэбным штосьці патлумачыць не толькі наведвальнікам, але і супрацоўнікам. Тая ж загадчыца непакоілася і траціла здароўе, не ходзячы звыклым маршрутам ад свайго дома на вул. Гарадскі Вал да бібліятэкі па вул. Інтэрнацыянальнай.

М
- 5 -
еўшы на той час сямігадовы вопыт кантактаў з Данцыгам & Co., я ўжо ведаў, што ўступаць у перамовы з «вярхушкай» МАЯКа (старшыня праўлення Данцыг, намеснікі – Басін і Левіна) – сабе даражэй, таму апеляваў да «народу» ды «знешніх структур». Падпісалі пісьмо і некаторыя члены праўлення МАЯКа. Скора «вярхушка» дазналася пра «правакацыю» (Данцыгаў выраз) і паспрабавала вырашыць праблему па-свойму. У разгар збору подпісаў намесніца старшыні забрала ключ у Дзіны Харык і разам са старшынёй пачала рыхтаваць кнігі да эвакуацыі – ці то ў Нацыянальную бібліятэку, ці то ў майстэрню народнага мастака, які і раней «браў пачытаць» каштоўныя кнігі, ды не спяшаўся іх вяртаць. Адбыўся сход, на якім многія з падпісантаў пісьма выказалі абурэнне тым, што лёс бібліятэкі вырашаецца за іх спінамі, і адкрытым галасаваннем утварылі грамадскую камісію па вырашэнні гэтага лёсу… Ключ быў вернуты загадчыцы. Далейшая гісторыя інтрыг супраць грамадскай камісіі і канчатковага высялення МАЯКа з Інтэрнацыянальнай, 6 у жніўні 2001 г., якое прывяло да адстаўкі Данцыга і Левінай, наўрад ці зацікавіць шырокую публіку. Больш цікавая рэакцыя адрасатаў на адкрытае пісьмо: намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей 4 ліпеня 2001 г. прыслаў адпіску, маўляў, праблемай займаюцца Саюз беларускіх яўрэйскіх арганізацый і абшчын і Міністэрства культуры; названы Саюз, як і «Джойнт», не даў адказу; газета Саюза «Авив» апублікавала не зварот 28 чалавек, а слязлівы артыкул намесніка старшыні МАЯКа, у якім уся адказнасць звальвалася на гарадскія ўлады; карэспандэнтка газеты «Берега» Алена Кагалоўская паспрабавала зарыентавацца ў сітуацыі, ды абмежавалася здымкам Дзіны Харык на фоне кніг і скрушнымі развагамі аб тым, што ўсе «біліся паасобку» і не ўтрымалі таварыства яўрэйскай культуры на ранейшым месцы.


Дзіна Харык засталася без занятку, мадзела і па закрыцці бібліятэкі амаль не выходзіла з дому. Увосень 2002 г. яна трапіла ў бальніцу, увесну 2003 г. памерла. Чытачы прыходзілі яе наведваць; «прафесійных яўрэяў» сярод іх не заўважалася. Кнігі з бібліятэкі былі перавезены спярша ў падвал сінагогі на Даўмана, 13б, а пасля адкрыцця ўвесну 2002 г. Мінскага яўрэйскага абшчыннага дома – на склад. Некаторыя з іх экспануюцца ў «Эмуне» ды ў музеі гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі, аднак бібліятэка МАЯКа, нягледзячы на шматлікія абяцанкі дзеячаў «прагрэсіўнага іудаізму» ды Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, пасля красавіка 2001 г. ужо не запрацавала. Мушу сказаць запозненае дзякуй усім адрасатам за гуманізм і дбанне пра яўрэйскасць.


Хаджэнне ў Зембін1


На досвітку я ўвайшоў у вёску Зембін з захаду. Цялушка вітала мыканнем. Забляяла каза, прывязаная да слупа з дарожным знакам, дзе белым па сінім было напісана «28» – іменна столькі кіламетраў ад Зембіна да Барысава. Прыкладна столькі ж і да горада Лагойска, і да пасёлка Плешчаніцы. Вёска Зембін Барысаўскага раёна Мінскай вобласці знаходзіцца на скрыжаванні многіх шляхоў.

Я пакрочыў хутчэй і неўзабаве апынуўся ў цэнтры вёскі. Калісьці яна была мястэчкам Барысаўскага павета, дзе сяліліся пераважна яўрэі. Паводле 1897 г. іх налічвалася 1037 (з 1186 жыхароў). Дарэвалюцыйны слоўнік Бракгаўза і Эфрона паведамляе пра Зембін наступнае: «Адно з найстаражытнейшых паселішчаў у губерні... Праваслаўная царква, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом»2. Зембін быў заснаваны яшчэ ў XVI стагоддзі; тадысама на Барысаўшчыне, паводле звестак «Еврейской энциклопедии», пачалі ўладкоўвацца яўрэі, якія займаліся земляробствам, вырабам адзення, гандлем хлебам і лесам...

У пачатку XXI стагоддзя колькасць жыхароў Зембіна засталася амаль той самай, што і сто гадоў таму – каля тысячы чалавек. Я не раз чуў, што яўрэяў сярод іх няма. Але ж не маглі яўрэі знікнуць без следу – нешта павінна было захавацца? І мне хацелася знайсці сляды яўрэйскага жыцця.

У цэнтры Зембіна, аднак, нішто не нагадвала пра існаванне яўрэяў. Вёска жыла звычайнай нядзельнай мітуснёю: хтосьці рабіў у гародзе, некаторыя зембінцы гуртаваліся ля аўтастанцыі і харчовай крамы, падлеткі абмяркоўвалі дэталі выпускнога экзамена. З чыіхсьці прыадчыненых вокан мармытаў тэлевізар.

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Зембіне жылі больш як 900 яўрэяў. Нацысты арганізавалі ў мястэчку гета. Як і ў іншых невялікіх паселішчах, праіснавала яно нядоўга – крыху больш за месяц. Пра тое, што было далей, у кнізе «Памяць» (1997) расказаў Аляксандр Розенблюм, барысаўскі краязнавец і актывіст яўрэйскай абшчыны, які цяпер жыве ў ізраільскім горадзе Арыэль: «Насельнікаў гета сабралі на рынкавай плошчы нібыта для праверкі дакументаў. Калі ўсе сабраліся, карнікі павялі людзей у бок ямы. Першымі ў лясок адвялі каля 20 самых дужых мужчын. Неўзабаве адтуль прагучэлі стрэлы, што выклікала шок у астатніх ахвяр... К тром гадзінам дня ўсё было скончана. Яму, дзе ляжалі 927 яўрэяў, закапалі»3.

Да масакры прыклалі рукі не толькі немцы-гестапаўцы, але і здраднікі з мясцовых жыхароў. У кнізе Марата Батвінніка «Памятники геноцида евреев Беларуси», выпушчанай выдавецтвам «Беларуская навука» (Мінск, 2000), ёсць звесткі пра брацкую магілу яўрэяў у 800 метрах на поўнач ад Зембіна. Праўда, паводле версіі М. Батвінніка, забойства адбылося не 18 жніўня (як паведамляе А. Розенблюм), а 17 ліпеня 1941 г., і закатаваных яўрэяў магло быць не 927, а 760. Аўтар піша: «Карнікі на чале з жыхаром мястэчка немцам Эгофам па-зверску знішчылі ўсіх яўрэяў Зембіна. Іх прымусілі выкапаць яму 46Х3 м, у якой закатавалі і забілі 927 (760) чалавек, у большасці старых, жанчын і дзяцей. У 1967 г. устаноўлена агароджа, на якой прымацавана мемарыяльная шыльда».

М. Батвіннік не зусім дакладна сцвярджаў, што загінулі ўсе яўрэі. Паводле відавочцаў, кат Эгоф праявіў літасць да дзяўчынкі Рэмы Хадасевіч, якая нарадзілася ў мяшаным шлюбе. А. Розенблюм пісаў: «...пашкадавалі толькі двух дзетак Хасі Хадасевіч...»4

Месца расстрэлу памагла мне знайсцi сям’я Бахтавых. Як я даведаўся ад зембінцаў, шыльда на агароджы была некалькі год таму разбітая нейкімі вандаламі. Новую дошку вырабіла і ўсталявала барысаўскае яўрэйскае таварыства «Святло меноры» – у той час, калі да праўлення таварыства належаў нястомны А. Розенблюм.

Пакуль я набліжаўся да лесу, сонца пачало прыпякаць напоўніцу. Пасля нядоўгага блукання знайшоў тое жалобнае месца. Сосны. Шэрая агароджа. Жвір. Пакінутыя кімсьці ля ўвахода кветкі. Строгая мармуровая шыльда ля брамы. Унутры шасцікутнай зоркі – лік «927», а побач надпіс: «18 жніўня 1941 г. Памяць на крыві». Падумаў, што, пакуль мы помнім пра ахвяры, падтрымліваем ніці, якія звязваюць нас з тымі, даваеннымі яўрэямі, такое не паўторыцца. Не павінна паўтарыцца.

…Пасля вайны яўрэйскае жыццё ў Зембіне не адрадзілася. Няма ўжо і знаку таго «яўрэйскага малітоўнага дома», які згадвае энцыклапедыя. Ён размяшчаўся ў самым цэнтры Зембіна. Некалі тут было шумна і весела. Збіраўся на кірмашы местачковы люд. Любілі, сварыліся, маліліся, гандлявалі – жылі. І грошы ў людзей вадзіліся. Як сведчанне – артыкул невядомага аўтара ў віленскай газеце «Наша Ніва», № 5 за 1912 г. У ёй расказваецца пра зембінскае крэдытнае таварыства («хаўрусны банчок»), куды ўваходзілі і яўрэі. Асноўнага капіталу было 2940 рублёў, унёскаў – 26559 рублёў. Аднак яўрэйскія члены таварыства – рамеснікі і прамыслоўцы – паддаваліся дыскрымінацыі: калі ад хрысціян, каб узяць крэдыт, патрабаваўся адзін паручыцель, то ад іудзеяў – два, прычым адзін з іх павінен быў быць хрысціянінам. Даю слова «Супольніку», аўтару артыкула: «сёлета на агульным сабраньні супольнік Файн падняў гэту справу і прасіў, каб і для жыдоў супольнікаў быў так сама адзін паручыцель; сам прэдседацель сабрання, інспэктар Батура, усе супольнікі жыды, а такжэ супольнікі хрысціяне падтрымалі гэту справу, але член рады земскі начальнік Шаўман, даводзіў у сваёй мове, што жыд супольнік найчасьцей узяўшы грошы або дасць цягу ў Амэрыку, або зробіць круцельства і перапішэць сваё меньне на жонку і дзяцей і трэба будзе паісківаць». Што ж, так было, так будзе яшчэ доўга: за ўчынак аднаго яўрэя нашы недобразычліўцы жадаюць прыцягнуць да адказнасці ўсіх... Чым жа справа скончылася? «Пры галасаваньні выказалося, што і ў гэтым гаду жыдам супольнікам трэба будзе шукаць другога паручыцеля, гэта не справядліва... », – заключыў аўтар «НН».

Ды далёка не ўсе яўрэі маглі ўносіць грошы ў «банчок». Гартаючы «Нашу Ніву», раптам сустракаеш і такую карэспандэнцыю пра Зембін: «...малады хлопец-жыдок Ш-н хацеў павесіцца. У хлеві за бэльку зачапіў вяроўку, зрабіў пятлю і ўжо быў павіс. Але наткнуліся людзі і, убачыўшы вісельніка, схапілі нож і адрэзалі вяроўку. Жыдка чуць адхапілі. Прычына – беднасьць». (Янка з-пад Зембіна, № 17 за 1912 г.).

Беднасць... Ад яе мусіў уцякаць і Ізі Харык, сын зембінскага шаўца Давіда: «Маленства маё не хадзіла ў шаўках, / Не песцілася пад ласкавай рукой: / У беднай хаціне, / Ў мясціне глухой / Мой пачынаўся шлях» (пераклад з ідыша К. Кірыенкі). У Зембіне Ізі Харык жыў у дзяцінстве і юнацтве. У 1920–30-я гг., да свайго арышту і гібелі ад рук сталінскіх катаў у 1937 г., Харык быў адным з найбольш любімых у СССР ідышных паэтаў.

У 1998 г. адзначалася стагоддзе з дня народзінаў Ізі Харыка – у мінскім Доме літаратара зладзілі вечарыну, перавыдалі кнігу вершаў Харыка ў перакладзе на рускую. Ды нямногія ведаюць, што дзед І. Харыка, Лейзер Шэйнман, быў у сярэдзіне XIX стагоддзя знакамітым ва ўсёй акрузе бадхенам (вясельным маршалкам), а таксама шамесам у сінагозе, пазней – мяшчанскім старастам Зембіна. У некаторых вершах Харыка і асабліва ў яго паэме «На чужым вяселлі» прысутнічаюць намёкі на дзедава пакліканне, але найбольш поўна жыццёвы шлях бадхена апісаны ўнукам у нарысе «Лейзер Шэйнман – бадхен з Зембіна». Харык рэдка пісаў прозу, аднак гэты нарыс аддаў у альманах «Цайтшрыфт» («Часапіс»). У 1920-я гг. гэты альманах выходзіў пад эгідай Інстытута беларускай культуры. Пераклад нарыса на рускую – у зборніку «Евреи Беларуси» № 3-4 (Мінск, 1998)5.

Захаваўся дом, дзе нарадзіўся Ізі Харык, – тая самая «бедная хаціна». Мне той дом быў знаёмы паводле фотаздымка, паказанага ўдавою Харыка Дзінай Звулаўнай. Ён стаіць на вул. Савецкай, зусім побач з цэнтрам. Што сказаць? З’ява для Беларусі ўнікальная: хто ведае, дзе дамы іншых яўрэйскіх пісьменнікаў – Кульбака, Аксэльрода, дый нараджэнца Капыля Мендэле Мойхер-Сфорыма? Наш сучаснік Рыгор Рэлес прысвяціў дому Ізі Харыка цэлы верш, з якога працытую адну страфу ў перакладзе Ф. Баторына:


Нат не магло прысніцца гэта Ізю:

Дзе мілаваны быў ён і люляны

Глядзяць чужыя людзі тэлевізар,

І верш, ягоны верш гучыць з экрана.


Паэт даў волю фантазіі – яму можна... Праўда ж у тым, што ў доме доўгі час мясцілася хлебная лаўка, а к пачатку 1990-х ён быў закінуты. Калі я прыязджаў у Зембін у 1997 г., будыніна выглядала яшчэ даволі трывалай. У чэрвені 2001 г. дом зеўраў разбітымі вокнамі, падлога была пакрытая будаўнічым смеццем, дах пагражаў вось-вось праваліцца.

У
- 6 -
пачатку 1990-х мясцовыя ўлады замовілі мемарыяльную дошку з тэкстам: «у гэтым доме нарадзіўся класік савецкай яўрэйскай літаратуры…» Аднак начальства не рызыкнула даць дазвол на ўсталяванне дошкі, бо відавочна было, што пабудова разбуралася. У выніку дошка дагэтуль пыліцца ў сельскім Доме культуры. Пра лёс дома Ізі Харыка Аляксандр Розенблюм у свой час пісаў у Саюз пісьменнікаў Беларусі, турбаваў мастака Мая Данцыга, старшыню таварыства яўрэйскай культуры імя Харыка, – безвынікова. Аднойчы ў газеце «Культура» (4 красавіка 1998 г.) з’явіўся трывожны артыкул пад назвай «Домік Ізі Харыка». Ды мала што змянілася.

Лілія Іосіфаўна Бахтава – адна з тых жыхарак Зембіна, каму лёс дома і спадчыны Ізі Харыка неабыякавы. У сельскай бібліятэцы яна сабрала калекцыю матэрыялаў пра Харыка, у юбілейны год правяла «Літаратурны калейдаскоп», прысвечаны творчасці славутага земляка, часта згадвае яго на іншых літаратурных вечарынах. У 2001 г. яна загадвала домам культуры. На маё пытанне-пажаданне «Ці не стварыць у доме Харыка музей?» яна толькі разводзіць рукамі: «У нас няма грошай нават на рамонт даху дома культуры…» Так, вельмі падобна на тое, што зембінскі сельсавет сам не зможа агораць рамонт дома Ізі Харыка і падтрыманне яго ў належным стане. Можа быць, знойдуцца мецэнаты сярод нас, беларускіх яўрэяў?6

У 1998 г. мясцовы выканкам прыняў рашэнне пра перайменаванне адной з вуліц Зембіна ў гонар паэта. Была Рабоча-Сялянская, стала – Харыка. Як паставіліся да гэтага зембінцы? «У нас гэта мала каго хвалюе», – зазначае Лілія Іосіфаўна. Я спытаўся ў некалькіх мінакоў, сустрэтых на вул. Ізі Харыка: хто гэта? Падлеткі адно пасмяяліся, але колькі адказаў я атрымаў.

Пажылая жанчына: «Ізі Харык? Быў такі яўрэйскі паэт калісьці».

Дама бальзакаўскага ўзросту: «Хто такі Ізі Харык? Яўрэй! Нядаўна ў яго гонар вуліцу перайменавалі. А чаму – не ведаю».

Мужчына сярэдніх гадоў на выхадзе з крамы: «Ізі Харык? Паэт. Яўрэйскі паэт. Ён да вайны жыў. Ці добры паэт? Я яго вершаў не чытаў. Але ведаю, што ў нашай бібліятэцы (паказвае ў бок дома культуры) яго кнігі ёсць».

Напрошваецца выснова: пра Харыка зембінцы чулі, аднак, бадай, не больш за тое.

Вуліца Харыка вядзе да старых, закінутых могілак. Яны – справа ад дарогі, на ўзгорку, недалёка ад цагельні. Агароджы няма. Вакол кумкаюць жабы. Даўно ўжо тут нікога не хаваюць. Магілы спрэс зараслі травой, але «мацэйвес» яшчэ відаць: іх я налічыў каля сотні. На некаторых можна разабраць старажытнаяўрэйскія надпісы: вось магільны камень рабі Іосефа, сына рабі Цві; вось – Якава Файтэльсона, Давідава сына.

Няцяжка было высвятліць перыяд пахаванняў: канец XIX – пачатак XX стагоддзяў. Рэдка, але сустракаюцца і надпісы на рускай мове – «Зархин Гершун Залман, 1873–1914». Як расказвала Галіна Чарняўская, з якой мы наведалі гэтае месца ў 1997 г., часам у Зембін наведваюцца госці з Амерыкі, Ізраіля, іншых краін. Шукаюць магілы сваіх продкаў. Выходзіць, што жывога яўрэя ў Зембіна ўбачыць цяпер можна хіба што на могілках. Праўда, сёй-той з мясцовых жыхароў спрабуе знайсці ў сябе «яўрэйскія карані». Гэта не толькі зембінская з’ява. Як пісаў рэдактар адроджанай «Нашай Нівы» Андрэй Дынько, «беларусам хочацца, каб габрэяў было болей... Беларусы заўзята вышукваюць семіцкія рысы ў тварах сваіх супляменнікаў. Адчуваюць культурную пустку» (часопіс «ARCHE», «габрэйскі нумар», 2000 г.).

Аднекуль з усходу набеглі хмары. Я вярнуўся да аўтастанцыі і сеў у аўтобус, які ехаў да Барысава. Бывай, Зембін. Магчыма, мы вернемся.


Шанс уратаваць сінагогу7


Шансаў на ўратаванне будынку на Дзімітрава, 3, пра планы разбурэння якога «Наша Ніва» пісала яшчэ два гады таму, застаецца ўсё менш. Другога верасня Аляксандр Элентух і я пачалі збіраць подпісы за вяртанне будынку (да 1920-х гг. там была сінагога, пасля – славутыя мастакоўскія майстэрні) яўрэйскай абшчыне Беларусі. Мы склалі зварот да кіраўнікоў трох найбольш аўтарытэтных яўрэйскіх арганізацый Беларусі з прапановай уратаваць будынак. Супольны, адначасовы, рашучы пратэст усіх яўрэйскіх арганізацый, з якімі лічыцца ўрад, застаецца адзіным шанцам спыніць разбурэнне помніка. Але пакуль што ўсе зацікаўленыя бакі цягнуць коўдру на сябе, дзейнічаюць бессістэмна…

Дом на Дзімітрава, 3 – якраз тая кропка, дзе супадаюць яўрэйскія і беларускія памяць і інтарэсы. Калі і зараз функцыянеры яўрэйскіх арганізацый не забудуцца на свае рознагалоссі, гэта будзе знявагай людзей, якія хочуць, каб старасвецкі будынак вярнуўся сапраўдным гаспадарам. У Мінску іудзеям не вернуты ніводзін з будынкаў былых сінагог. Хто-ніхто з яўрэяў наракае на адсутнасць «Закона аб рэстытуцыі», але ж каталікі вярнулі сабе Чырвоны касцёл! Зразумела, іудзейскіх вернікаў менш, але мы лічым, што дом у цэнтры горада патрэбны ўсім яўрэям – і рэлігійным, і нерэлігійным. Можна было б адкрыць тамака музей яўрэйскай гісторыі і культуры.

14-17 верасня ўсе адрасаты атрымалі наш зварот, падпісаны дзеячамі яўрэйскай і беларускай інтэлігенцыі.

На 22 верасня сітуацыя не палепшылася: адрасаты не сустрэліся, не прынялі супольных і рашучых захадаў, дом абнесены плотам і разбураецца будаўнікамі. Шмат з якіх вокнаў вынутыя шыбы, дах амаль зняты. Пару дзён таму Я. Гутман, прэзідэнт Сусветнага згуртавання беларускіх яўрэяў, атрымаў ліст з камітэта архітэктуры, датаваны 18.09.2001. Там ёсць спасылка на рашэнне Мінгарвыканкама (12.09.2001, № 1203, п. 2) пра распрацоўку дакументацыі «шматкватэрнага дома з падземнай аўтастаянкай, мастацкай галерэяй і памяшканнямі для працы з дзецьмі па вул. Дзімітрава, 3».


Зварот

Прэзідэнту Саюза яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын

Левіну Леаніду Мендэлевічу

Прэзідэнту Іудзейскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь

Дорну Юрыю Міхайлавічу

Старшыні Савета Аб'яднання іудзейскіх рэлігійных абшчын у Рэспубліцы Беларусь

Парыжу Эдуарду Фёдаравічу


Мы, жыхары горада Мінска, звяртаемся да кіраўнікоў яўрэйскіх арганізацый з прапановай супольна абмеркаваць пытанне аб будынку былой сінагогі на вуліцы Дзімітрава, 3 з тым, каб у далейшым аб'яднаць намаганні па вяртанні гэтага будынка яўрэйскай абшчыне Беларусі.


Рубінчык У., аспірант РІВШ БДУ; Кобец-Філімонава А., пісьменніца; Рэлес Р., паэт; Варановіч А., член Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі; Сініла Г., дацэнтка БДУ; Абрамаў Д., выканаўчы дырэктар Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі; Казлоў Л., генеральны дырэктар фірмы «Арты-фекс»; Гурэвіч Л., музыкант, заслужаны артыст Беларусі; Шухман А., артыстка; Лейзераў А., прафесар БДУ; Харык Д., загадчыца бібліятэкі МАЯК імя Ізі Харыка; Барадулін Р., паэт; Конан У., пісьменнік; Бушлякоў Ю., лінгвіст; Баршчэўскі Л., педагог; Улан Н., журналістка ды іншыя. Усяго 116 подпісаў.


З n