Максім Багдановіч яркая зорка на небасхіле беларускай паэзіі

Вид материалаДокументы
Подобный материал:
Максім Багдановіч - яркая зорка на небасхіле беларускай паэзіі

Даўно ўжо целам я хварэю,

І хвор душой,-

І толькі на цябе надзея,

Край родны мой!

У родным краі ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца

Сваёй нуды.

М.Багдановіч

“ Максім Багдановіч- класік нацыянальнай літаратуры, які моцна і трывала

стаіць на нашай беларускай зямлі. Яго не ссунеш з дарогі. Яго не абмінеш

абыякава. Каля яго не пройдзеш напышліва і пагардліва. Хочаш ці не, а мусіш

азірацца на яго вопыт, на яго паэтычны край,” –так сказаў пра Багдановіча

Янка Сіпакоў.

9 снежня 1891 года ў Мінску нарадзіўся чалавек незвычайнага таленту і незвычайнага лёсу. Талент пісьма быў яму дадзены ад прыроды, таму ён мог і цяпер стварыць сваю чарадзейную беларускую паэзію. Але вось лёс яму выпаў надзвычай жорсткі…

Да нядаўняга часу я зусім не цікавілася творчасцю Максіма Багдановіча. Але,прачытаўшы яго вершы, апавяданні, такія глыбокія, пра часовае і вечнае, захацелася адкрыць для сябе яго як чалавека, чалавека са сваімі поглядамі на свет, на жыццё, на праблемы самавызначэння беларускага народа.

Напэўна, нікому з беларускіх паэтаў не выпаў такі незайздросны лёс, як Максіму Багдановічу.

З маленства ён хварэе на сухоты. Рана страчвае маці. А затым і родныя мясціны, па якіх будзе сумаваць далёка на Волзе. Ён гадамі будзе ірвацца сэрцам да роднага краю, да мілагучнай мовы, без якой яму не мысліцца далейшае жыццё.

Не лепшым чынам здзяйсняюцца і яго мары. Ён усёю душой імкнуўся стаць літаратарам або вучоным, але бацька быў супраць гэтых мараў сына, таму Максім змушаны вучыцца на юрыста. Ён вельмі добра здаваў залікі, але на лекцыях амаль не быў. Ды і потым ні дня не працаваў па гэтай спецыяльнасці. Ніколі не загоіцца і яго боль па Радзіме. Ён, хто лічыў, што толькі Беларусь у сілах вылечыць яго, памірае на чужыне. Нават смерць не з’яднала цела Максіма з роднай зямлёй.

Крыўдай сціскаецца сэрца, калі згадваеш пра гэтыя нягоды.

Але, каб лепш зразумець тое, якім быў Максім Багдановіч, звернемся да ўспамінаў пра яго Паўла Адамавіча, брата Максіма. Паводле характарыстыкі, дадзенай Паўлам Адамавічам, Максім быў чалавекам страсным, поўным душэўнага парыву. Калі ён адстойваў сваю правату і пры гэтым спрачаўся, то ў запале мог грукнуць кулаком па стале. Але пасля спрэчкі хутка астываў, рабіўся замкнёным і негаваркім.

Ён вельмі рэдка дзяліўся сваімі замысламі з другімі, бо дзяліцца замысламі не было і з кім. Шчырым дарадчыкам сыну мог стаць яго бацька, бо ён ведаў беларускую мову і народную творчасць. Але бацька Максіма Багдановіча абыякава ставіўся да памкненняў паэта. Адам Ягоравіч больш захапляўся малодшым братам Максіма, Лёвам. І ў гэтым перажыванні “другараднасці” Максім замыкаўся ў сабе і ўвесь свабодны час праседжваў за кнігамі.

Кола інтарэсаў Максіма Багдановіча было шырокім. Ён пісаў артыкулы па гісторыі славянства, аглядавыя артыкулы па беларускай літаратуры, рэцэнзіі на кнігі, рабіў празаічны пераклад.

Таксама М.Багдановіч склаў беларускі буквар. Ён лічыў, што беларускія дзеці павінны мець свой арыгінальны буквар. Пры гэтым Максім пісаў лежачы, таму што такая была звычка ў сям’і. Сам бацька пісаў таксама лежачы.

Па характары Максім быў незласлівы, меў схільнасць да гумару лёгкага, з усмешкай. Пра гэта сведчыць, напрыклад, твор “Мушка – зелянушка…”

Захапляўся Максім і музыкай. Яго любімымі творамі былі: раманс “ Я адзін выходжу на дарогу” на словы М.Ю.Лермантава, “Элегія” Маснэ, паланэз “Развітанне з Радзімай” М.Агінскага, дзявочы хор з “Аскольдавай магілы” А.М.Вярстоўскага, творы Дастаеўскага, М.І. Глінкі, народныя песні.

Пакой бацькавай кватэры заўсёды ўпрыгожвалі рэпрадукцыі з розных карцін, у свой час падараваны Максімам Горкім. Адной з іх з’яўляецца “Мадонна” Рафаэля. Да вобраза рафаэлеўскай “Мадонны” паэт звяртаўся часта ў сваіх вершах. Напрыклад, верш “У вёсцы”:

А можа не краса ў дзяўчынцы той,-

Дзяўчынцы ўпэцканай, і хілай, і худой, -

А штось вышэйшая, што Рафаэль вялікі

Стараўся выявіць праз маці божай лікі.


У гэтым вершы дзяўчынка – нянька паэту здаецца маці з воблікам дзяўчыны, поўнай да краёў “радзімаю красой”.

Да вобраза рафаэлеўскай мадонны вяртаецца паэт і ў вершы “Вераніка”, малюючы партрэт каханай:

У той, што з постаццю дзяўчыны

Злівала мацеры чэрты,

О, як прыгожы – дзіўны ты,

Двайной красы аблік ядыны!

Ажыў у ім твой вечны цель;

Мадонн тварыцель, Рафаэль!


Эпіграф да гэтага верша “Яна – выдумка маёй галавы”. Але, магчыма, за вобразам дзяўчыны стаіць канкрэтны прататып.

Улетку 1915 года ў Старым Крыме Максім Багдановіч сустрэў Клаву. Хутчэй за ўсё захапленне было невыпадковым, бо пазней ён перапісваўся з ёю. І Максім нават піша верш, у якім сур’ёзна прызнаецца ў сваіх пачуццях, у пачуццях сталага юнака, які адчуў і перажыў атруту кахання, і сум, і нават сорам. Сустрэча з Клавай прынясе паэту шмат розных душэўных перажыванняў. Па тых радках, што паэт прысвячае Клаве, можна зразумець характар Максіма – яго дабрату, мяккасць і разам з тым – парывістасць і настойлівасць. У іх будуць і дні светлых радасных узлётаў, і дні пакутлівага разладу. І ізноў яны да позняй ночы будуць бавіць час, не адважваючыся сказаць адзін аднаму “да спаткання”.

Ужо пара мне дадому збірацца,-

Вечар позні, а час не стаіць,

Ах, калі б ты магла здагадацца,

Як не хочацца ухадзіць.


Клава не была адзіным захапленнем Максіма Багдановіча. Яшчэ у 1909 годзе паэт рамантычна закахаўся ў М.А.Кіціцыну – дзяўчыну настроеную містычна. Ёй Максім прысвяціў трыялет “Я, бальны, бесскрыдлаты паэт”, Ён быў напісаны на адвароце фотакарткі, так і застаўся неадасланым. Магчыма, к гэтаму часу адрасата не было ў жывых? Максім Багдановіч таксама Кіціцынай прысвяціў адзін з лепшых лірычных вершаў “Цемень”, пад якім паэтам у дужках напісана: “Ахвярую М.А.Кіціцынай”. Гэты верш – крык паэтавай душы, вялікі боль сэрца. Такім болем хутчэй за ўсё магла быць смерць блізкага чалавека. У гэтым вершы выражаныя пачуцці, поўныя безвыходнай тугі і жалю, душэўнай пакуты:

Я сяджу без агню. Я стаміўся, прамок.

Над зямлёю імгла, у душы маёй змрок.

О, як пуста ў ёй! О, як холадна жыць!

Кожны раз, калі глыбокае пачуцце трывожыла паэта, яно абавязкова вылівалася ў вершы. Ён маркоціцца і нудзіцца кахаючы. Нуда прасветлена ў “Рамансе” згадкамі пра ранейшыя сустрэчы з каханай, з зоркамі:

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Шчырыя згадкі з сабой прынясла.

Помніш, калі я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла.

Лірыка кахання Максіма Багдановіча заўсёды прасякнута чысцінёй і светласцю пачуццяў, павагай да жаночага пачатку, да маці, да Мадонны, а таксама пылкасць пачуццяў да роднай, любімай істоты. Сваю родную маці Максім вельмі моцна любіў.

Павага да маці, Мадонны паказана ў вершы “У вёсцы”. Тады за паспяховае заканчэнне гімназіі бацька дазваляе Максіму ўлетку 1911 года з’ездзіць у Беларусь. І вось Вільня! Ракуцёўшчына – маляўнічы куток каля Маладзечна. Там паэт сустрэў сваю мадонну – год васьмі дзяўчынку, - якая, выціраючы слёзы хлопчыку, нешта яму казала, каб заспакоіць плач. У гэтым вобразе зліліся ў адно рысы дзяўчынкі і маці:


… І ў гэты час яна,

Здавалася , была аж да краёў паўна

Якойсь шырокаю, радзімаю красою,

І, помню, я на міг пахарашэў душою.


У той час Максім у Вільні ўпершыню ўбачыў слуцкія паясы, якія натхнілі яго на стварэнне цудоўнага верша “ Слуцкія ткачыхі”.

Цямнее край зубчаты бора…

І тчэ, забыўшыся, рука,

Заміж персідскага ўзора

Цвяток радзімы васілька.


Гэты верш прасякнуты сумам, журбой. Усеахопнай страсцю Багдановіча была любоў да роднай Беларусі і яе шматпакутнага народа,мова, якой ён з маленства навучыўся самастойна - у асноўным па зборніках беларускага фальклору і беларускіх старадруках. Бацька Максіма дзівіўся яго цярплівасці, вынослівасці і настойлівасці.

Максім Багдановіч заўсёды перажываў за лёс Бацькаўшчыны, лічыў яго несправядлівым, горача жадаў перайначыць бяспраўнае і прыніжанае становішча беларускага народа. І ўвесь гэты боль паклаў пачатак многім творчым памкненням яго душы.

Народ, Беларускі Народ!

Ты - цёмны, сляпы, быццам крот.

Табою ўсягды пагарджалі,

Цябе не пушчалі з ярма

І душу тваю абакралі

У ёй нават мовы няма.


У вершы:

Маці родная, Маці – Краіна!

Не усцішыцца гэтакі боль…

Ты прабач, Ты прымі свайго сына,

За цябе яму умерці дазволь!


Максім Багдановіч узяў на сябе віну ўсіх вінаватых дзяцей Бацькаўшчыны. І ён гатоў гэты цяжар несці да канца і выкупіць уласнай смерцю.

Багдановіч вельмі драматычна адкрыў для сябе і ўспрыняў лёс беларускага народа. Ён лічыў , што ганебна не перажываць, не спачуваць, не пакутаваць,а самае галоўнае – ганебна не змагацца за лепшае жыццё.

З дапамогай сваёй праніклівасці і мудрасці Багдановіч зразумеў свой час, зразумеў важнасць падзей гэтага часу, зразумеў, што прамень лепшай долі ўжо прабіваецца. І ў рэвалюцыйнай справе Максім дапамагаў сваім словам, падтрымліваў людзей і іх надзею ў светлае будучае.

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.

Паглядзі, як заход разгараецца,

Колькі ў ў хмарах залётных агня!..


Здзіўляе гармонія пачуццяў, пластыкі, думкі і музыкі ў лірыцы Багдановіча.

Багдановіч быў не толькі надзелены рысамі геніяльнасці. Паэт- аўтар пейзажнай, любоўнай, сацыяльна-філасофскай лірыкі і вытрыманых у фальклорна-эпічным духу паэм. Ён быў, як вядома, апавядальнік і эсэіст, майстар паэтычнага перакладу і тонкі, бліскучы літаратурны крытык, вучоны, даследчык-заснавальнік навуковай гісторыі беларускай літаратуры і мастацтва, чуйны да часу дасведчаны публіцыст, выдатны мысліцель.

Багдановіч у публіцыстыцы, крытыцы, гісторыі літаратуры, мысленні роўны як у паэзіі. Яго работы ў гэтых галінах уражваюць глыбінёй пранікнення ў сутнасць праблемы, смеласцю і самастойнасцю мыслення, трапнасцю і дакладнасцю характарыстык.

Максім Багдановіч быў таксама і перакананы палымяны інтэрнацыяналіст. Ён перакладаў розныя творы з розных моў свету і выдаў артыкулы пра паэтаў іншых народаў.

Уплыў Багдановіча на беларускую паэзію і на ўсю мастацкую культуру Беларусі агромністы. І чым бліжэй да нашага часу , тым ён мацнейшы і больш відавочны. Цікавасць людзей да творчасці Багдановіча пастаянна ўзрастае. Напэўна, таму што гэта быў вялікі, шматгранны, самабытны, праніклівы і глыбокі талент.

За свой кароткі век Багдановіч спазнаў нямала горычы і засмучэння, цяжкіх душэўных пакут. Напэўна, цяжэй за ўсё яму было ведаць, што яго чакае. У яго было столькі планаў, а ён ведаў,што большая з іх частка не здзейсніцца. Але пра блізкую смерць ён гаворыць спакойна, гэтак жа проста , як гаворыць пра каханне, пра жыццё. Ён гаворыць пра блізкую смерць зусім без страху, без роспачы.

У краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты.


Напэўна, цікава ўспомніць 1917 год. Цяжка хворы Максім у канцы лютага вымушаны выехаць у Ялту на лячэнне. Ён перапісваецца з бацькам. Яны дамаўляюцца сустрэцца ў Сімферопалі, але сустрэча не адбываецца. Бацька ўспамінае потым, што ад Максіма прыйшлі спакойныя пісьмы ,таму Адам Ягоравіч застаецца ў Сімферопалі . Іншы б усё кінуў, толькі б дапамагчы сыну, а ён… Пасля Лютаўскай рэвалюцыі пачаліся моцныя хваляванні. Адам Ягоравіч два месяцы не мог прыехаць да сына. І толькі ў канцы мая , калі не атрымаў ад Максіма адказу на два лісты, Адам Ягоравіч захваляваўся. І… зноў не выехаць у Ялту, бо прыехаў Лёва .

А Максім у гэты час дажываў свае апошнія дні ў адзіноце і закінутасці. Бацька не палічыць патрэбным раскаяцца…

А паэта пахаваюць чужыя людзі. Знойдуць адрас Адама Ягоравіча і перададуць рэчы Максіма Багдановіча…

Так і разышліся бацька і сын, не развітаўшыся….

Максім Багдановіч паміраў гэтак жа высакародна і мужна, як жыў – без нараканняў і скарг. На стале ў яго застаўся неадпраўлены ліст бацьку. Максім не адправіў гэты ліст, каб не прычыняць родным лішняга клопату.

“….ён быў ідэалістам – фанатыкам, чалавекам надзвычайна добрым і ўважлівым да людзей, хаця на першы погляд ён здаваўся суровым і замкнутым. Невялікую казённую пенсію сваю раздаваў направа і налева, а для самога сябе быў бездапаможным, як малое дзіця,” – так успамінаў пра Багдановіча З.Бядуля.

“Багдановіч быў асобай легендарнай высакароднасці, чалавекам рэдкай душэўнай далікатнасці і прыроднай інтэлігентнасці, чалавекам з неймаверна развітым пачуццём маральнага абавязку і асабістай годнасці,” – пісаў Ніл Гілевіч.

Перад намі паэт, у якога, апрача таленту, апрача балючага сумлення, невымернай любові да людзей, да сваёй Радзімы, нічога няма.

Хто аднойчы адкрые для сябе Багдановіча – той адкрые яго назаўсёды.

Знаёмства з паэтычнай спадчынай Багдановіча пераконвае , што ён сапраўды спяваў усім сэрцам, аддаючы народу свой талент і энергію да кроплі. Творам яго выпаў зайздросны лёс: да яго неўміручых радкоў усё з большай сілай цягнуцца шчырыя вочы і сэрцы людскія. Імя паэта стала адным з самых дарагіх імёнаў у памяці ўдзячных нашчадкаў. Мы павінны павучыцца ў паэта любіць сваю Радзіму.